Поль Верлен

У месяцавым ззянні

Твая душа - шыкоўных свят пейзаж,

На ім пад лютняў залатое гранне

Прыгожых масак сунецца кірмаш,

Спанылены ад пераапранання.

 

Яны ўслаўляюць на сумотны лад

Жыццё, непераможнае каханне,

Ды шчасцем не праменіць іх пагляд,

Зліваючыся з месяцавым ззяннем.

 

Яго святло і сумная краса

Трывожаць дрэвы, птушак летуценні.

Халодная аплача іх раса,

На мармуры фантанных пырскаў цені.



Пераклад: Алег Лойка

Беларуская Палічка: http://knihi.com