epub
 
падключыць
слоўнікі

Праспэр Мерымэ

Матэа Фальконэ

Ідучы з Порта-Век'я на паўночны захад ад цэнтра выспы, адразу заўважыш, што мясцовасць крута ўздымаецца, а пасля трох гадзін хадзьбы пакручастымі сцяжынкамі, заваленымі вялікімі скальнымі зломкамі, а часам і перарэзанымі ярамі, выйдзеш на ўскрай вялікага макі. Макі - гэта краіна карсіканскіх пастухоў і ўсіх, хто не ў згодзе з законам. Трэба ведаць, што карсіканскі ратай, каб пазбыцца клопату ўгнойваць поле, падпальвае дзялянку лесу: такое бяды, калі полымя захопіць больш, чым трэба; як там ні ёсць, ён упэўнены, што возьме добры ўраджай з гэтае зямлі, угноенае попелам дрэваў, што на ёй раслі. Каласы зрэзваюць, салому пакідаюць, бо жаць яе цяжка, а карэнне дрэваў, што засталося ў зямлі нячэпанае, выпускае наступнаю вясною вельмі густыя парасткі, што праз некалькі год вырастаюць на сем-восем футаў. Гэты густы хмызняк і завецца макі. Ён складаецца з самых розных дрэваў і кустоў, перамяшаных і пераблытаных з волі божае. Адно з сякераю ў руцэ чалавек можа прадзерціся праз іх, а трапляюцца макі такія густыя і непралазныя, што нават муфлоны сюды не праб'юцца.

Калі вы забілі чалавека, - ідзіце ў макі Порта-Век'я, і вы будзеце жыць тут бяспечна, маючы стрэльбу, порах і кулі; не забудзьцеся пра карычневую бурку з капюшонам, што служыць і посцілкаю, і коўдрай. Пастухі дадуць вам малака, сыру і каштанаў, і вам няма чаго баяцца судоўцаў ці сваякоў забітага, хіба што, калі мусіце спусціцца ў горад на прыпас.

Калі я быў на Корсіцы ў 18... Матэа Фальконэ меў хату за палову лье ад гэтага макі. Ён быў досыць багаты як на гэту краіну, жыў высакародна, то ж бо нічога не робячы, з даходаў ад сваіх статкаў, якія пастухі, жывучы качэўнікамі, пасвілі то тут, то там у гарах. Калі я ўбачыў яго праз два гады пасля падзеяў, якія я збіраюся вам распавесці, яму было сама больш пяцьдзесят год. Уявіце сабе чалавека невысокага, але дужага, з валасамі кучаравымі і чорнымі, як сажа, з арліным носам, тонкімі вуснамі, вялікімі рухавымі вачыма і скураю, што колерам удавала выварат ботаў. Ягоная трапнасць лічылася за надзвычайную нават у гэтым краі, дзе так багата добрых стралкоў. Матэа, напрыклад, ніколі не страляў па муфлонах шротам, але за сто дваццаць крокаў пацэльваў па іх куляю ў галаву альбо ў лапатку, адпаведна са сваім выбарам. Уночы ён страляў таксама спрытна, як і ўдзень. Мне расказвалі пра выпадак, што мог бы падацца неверагодным тому, хто не бываў на Корсіцы. Запаленую свечку ставілі за восемдзесят крокаў ад яго за лістом празрыстае паперы, не большым за талерку. Матэа падымаў стрэльбу, свечку тушылі, і ён страляў у поўнай цемры і пападаў тры разы з чатырох.

Такое дасканальства прынесла Матэа Фальконэ вялікую славу. Лічылася, што ён такі самы добры сябра, як і небяспечны вораг; праўда, спагадлівы і добры, ён жыў у міры з усёю камунаю Порта-Век'я. Праўда, казалі, што ў Корце, адкуль ён узяў сабе жонку, ён жорстка расправіўся са сваім супернікам, што лічыўся за чалавека небяспечнага і ў бойцы, і ў каханні: прынамсі, Матэа прыпісвалі адзін такі стрэл, што прынёс смерць гэтаму малойцу, калі ён галіўся перад люстэркам, падвешаным на акне. Справу замялі, і Матэа ажаніўся. Жонка ягоная, Джузэпа, нарадзіла яму спачатку трох дачок (ад чаго ён шалеў) і нарэшце сына, якога ён назваў Фартуната - надзея сям'і, носьбіт імя. Дачок удала аддалі замуж, і бацька іхні мог пры нагодзе спадзявацца на кінжалы і карабіны зяцёў. Сыну было ўсяго дзесяць год, але ён выяўляў ужо немалыя свае здольнасці.

Аднаго восеньскага дня Матэа з жонкаю выйшлі на досвітку пераведаць адзін статак, што пасвіўся на паляне ў макі. Малы Фартуната хацеў пайсці з імі, але паляна была далёка, дый некаму трэба было пільнаваць дома. Бацька не ўзяў яго, і мы ўбачым далей, ці не давядзецца яму за гэта каяцца.

Мінула ўжо некалькі гадзін па адыходзе бацькоў. Фартуната спакойна ляжаў на сонейку, паглядаючы на блакітныя горы і думаючы, што ў нядзелю ён пойдзе ў горад, на абед да свайго дзядзькі капрала* калі раптам ягоныя разважанні перапыніў стрэл. Ён падняўся і паглядзеў у бок даліны, адкуль данёсся шум. Распачалася бязладная страляніна, яна чулася ўсё бліжэй, нарэшце на сцяжынцы, што вяла з даліны да хаты Матэа, выйшаў чалавек у вастраверхім каптуры, якія носяць горцы, барадаты, увесь у лахманах. Ён пасоўваўся з цяжкасцю, абапіраючыся на стрэльбу. Ён быў паранены ў нагу. Гэта быў бандыт**, што ўночы хадзіў у горад, каб купіць пораху, дарогаю ён трапіў у засаду карсіканскіх вальтыжораў***. Пасля зацятае абароны ён мусіў адступаць, перабягаючы ад скалы да скалы і адстрэльваючыся. Але ён не нашмат выперадзіў вальтыжораў, а з-за сваёй раны ніяк бы не здолеў дабрацца да макі раней за іх. Ён падышоў да Фартуната і спытаўся:

* Капралы былі калісьці правадыры, якіх абіралі сабе карсіканскія камуны падчас паўстанняў супраць феадалаў. Сёння гэты тытул даюць чалавеку, які праз сваю заможнасць, сувязі і кліентаў мае ўплыў і нешта накшталт судовае ўлады ў pieve, г.зн. кантоне. (Заўвагі без паметак аўт. - ад перакладчыкаў.)

** Тут слова ёсць сінонім «выгнанца». (Аўт.)

*** Служба, з нядаўняга часу ўтвораная ўрадам; разам з жандармерыяю яна дапамагае паліцыі. (Аўт.)

- Ты сын Матэа Фальконэ?

- Так.

- Я Джанэта Санп'ера. За мною гоняцца жоўтыя каўняры*. Схавай мяне, я не магу ісці далей.

* На той час вальтыжоры насілі карычневую форму з жоўтымі каўнярамі.

- А што скажа бацька, калі я схаваю цябе без ягонага дазволу?

- Ён скажа, што ты зрабіў добра.

- А хто яго ведае?

- Схавай мяне хутчэй, яны ідуць.

- Пачакай, пакуль вернецца бацька.

- Чакаць! О ліха! Яны будуць тут праз пяць хвілін. Ану хавай мяне, бо заб'ю.

Фартуната адказаў з найвялікшым спакоем:

- У цябе няма больш набояў ні ў стрэльбе, ні ў carchera*.

* Скураны пас, што служыць ладаніцаю і калітою.

- У мяне ёсць кінжал.

- То дагані мяне! - і ён адскочыў, каб бандыт не дастаў яго.

- Ты не сын Матэа Фальконэ! Дык ты дасі мяне арыштаваць ля твайго дома?

Гэта, здавалася, уразіла хлопца.

- А што ты мне дасі, калі я цябе схаваю? - спытаўся ён, падыходзячы.

Бандыт пакалупаўся ў скураной кішэні, што вісела на ягоным поясе, і выцягнуў пяціфранкавую манету, якую ён напэўна пакідаў, каб купіць пораху. Убачыўшы манету, Фартуната ўсміхнуўся, схапіў яе і сказаў Джанэта: «Нічога не бойся».

Ён хутка зрабіў вялізную пячору ў стозе сена каля дома Джанэта залез туды, а хлопчык закрыў пячору так, каб бандыту хапала паветра, але каб ніхто не мог здагадацца, што ў сене нехта хаваецца. Апроч таго, ён прыдумаў яшчэ адзін хітрык, варты досціпу дзікуна. Ён прынёс кошку з кацянятамі і ўладкаваў яе на сене, каб здавалася, што яна ляжыць тут ужо даўно. Пасля, заўважыўшы кроў на сцяжынцы каля хаты, ён старанна замёў яе пылам і спакойна ўлёгся на сонейку.

Праз некалькі хвілін да хаты Матэа падышлі шасцёра мужчын на чале з сяржантам, яны былі ў карычневай форме з жоўтымі каўнярамі. Сяржант быў нейкі сваяк Фальконэ. (Вядома, што на Корсіцы сваяцтва шануюць больш чым дзе.) Зваўся ён Тэадора Гамба і быў чалавекам дзейсным, страшным для бандытаў, якіх ён пералавіў ужо нямала.

- Здароў, пляменнічак, - сказаў ён, падыходзячы. - Але ж й вырас! Ці не праходзіў тут хто нядаўна?

- О, я яшчэ не такі вялікі, як вы, дзядзечка, - адказаў малы праставата.

- Паспееш яшчэ вырасці. Можа, ты бачыў, ці праходзіў тут мужчына, га?

- Ці праходзіў тут мужчына?

- Так, мужчына ў вастраверхім каптуры з чорнага вельвету і ў куртцы, вышыванай чырвонымі і жоўтымі ніткамі.

- Мужчына ў вастраверхім каптуры і ў куртцы, вышыванай чырвонымі і жоўтымі ніткамі?

- Так, кажы хутчэй, я не люблю паўтараць пытанні.

- Сёння ўранку пан кюрэ праехаў ля нашага дома на сваім коніку П'еро. Ён спытаўся, як маецца тата, а я адказаў...

- О, малы круцель, ты мне дурыш галаву! Ану кажы, дзе прайшоў Джанэта, бо мы шукаем яго, а ён не мог мінуць гэтае сцежкі.

- Хто яго ведае?

- Хто ведае? Я ведаю, што ты яго бачыў.

- Хіба бачыш падарожных, калі спіш?

- Ты не спаў, нягоднік, стрэлы разбудзілі цябе.

- Вы лічыце, дзядзечка, што вашы стрэльбы робяць столькі шуму? Але карабін майго бацькі б'е мацней.

- Каб цябе чорт звалок! Бэйбус кляты! Я ўпэўнены, што ты бачыў Джанэта. Можа, ты нават схаваў яго. Гэй, хлопцы, скочце ў хату, зірніце, ці не там наш дружбак. Ён скакаў на адной лапе, а ён, халера, не такі дурны, каб спрабаваць дабегчы да макі кульгаючы. Вось і крыві далей няма.

- А што скажа тата? - спытаўся Фартуната, усміхаючыся. - Што ён скажа, калі даведаецца, што нехта заходзіў у хату, калі яго не было?

- Нягоднік! - сказаў сяржант Гамба, хапаючы хлопца за вуха. - Хочаш, каб я прымусіў цябе заспяваць на іншы лад? Відаць, трэба пляснуць табе разоў са дваццаць шабляю, то загаворыш.

Але Фартуната ўвесь час усміхаўся.

- Мой бацька - Матэа Фальконэ, - сказаў ён напышліва.

- А ведаеш ты, круцель малы, што я магу завезці цябе ў Корту альбо і ў Бастыю. Будзеш там спаць у астрозе на саломе з жалезамі на нагах, а я ўжо пастараюся, каб табе адсеклі галаву, калі не скажаш, дзе Джанэта Санп'ера.

Хлопец зарагатаў з гэтае смеху вартае пагрозы і паўтарыў:

- Мой бацька - Матэа Фальконэ!

- Сяржант, - ціхенька сказаў адзін вальтыжор, - давайце не будзем сварыцца з Матэа.

Гамба быў відавочна заклапочаны. Ён ціха гутарыў з салдатам, што ўжо агледзелі хату Матэа. Гэта была нядоўгая справа, бо карсіканская халупа складаецца з аднаго квадратнага пакоя. З мэблі ў ёй ёсць стол, лавы, скрыні, паляўнічыя прылады і кухонны посуд. Тым часам Фартуната гладзіў кошку і, здавалася, хітра цешыўся з канфузіі вальтыжораў і свайго дзядзькі.

Адзін салдат падышоў да стога. Ён убачыў кошку, абы-як пырнуў штыхом сена і паціснуў плячыма, нібы адчуваючы, што гэтая перасцярога выглядае смешна. Нічога не зварухнулася, а ў хлопчыка на твары не выявілася аніякага пачуцця.

Сяржанту і ягонаму атраду пачала надакучваць гэтая справа, яны ўжо сур'ёзна пазіралі ў бок даліны, нібы намерваючыся вярнуцца туды, адкуль прыйшлі. І тут сяржант, пераканаўшыся, што пагрозамі сына Фальконэ не напалохаеш, вырашыў зрабіць апошняе намаганне і паспытаць сілу ўгавораў і дарункаў.

- Пляменнічак, ты, відаць, спрытны малец. Ты далёка пойдзеш. Але ты выкінуў са мною кепскую штучку, каб я не баяўся засмуціць майго кузэна Матэа, дальбог, я забраў бы цябе.

- Ого!

- Але, калі ён вернецца, я яму ўсё раскажу, і ён табе добра ўваліць за хлусню.

- Тады й пабачым!

- Пабачыш... але слухай... ты ж добры хлопец, а я табе нешта дам.

- А я, дзядзечка, дам вам параду: калі вы яшчэ тут забавіцеся, Джанэта ўцячэ ў макі, і спатрэбіцца нямала такіх малойцаў, як вы, каб яго там знайсці.

Сяржант выцягнуў з кішэні срэбны гадзіннік, што каштаваў добрых дзесяць экю, і, убачыўшы, як заззялі Фартунатавы вочы, сказаў, трымаючы гадзіннік за канец сталёвага ланцужка:

- О, бэйбус, ты б хацеў пачапіць такі гадзіннік на камізэльку, ты б гуляў па вуліцах Порта-Век'я ганарліва, бы паўлін, а людзі б пыталіся: «Каторая гадзіна?». А ты б адказваў: «Паглядзіце на маім гадзінніку».

- Калі я вырасту, мой дзядзька капрал падаруе мне гадзіннік.

- Так, але сын твайго дзядзькі ўжо мае гадзіннік... праўда, не такі прыгожы... А ён жа малодшы за цябе.

Хлопчык уздыхнуў.

- Ну што, пляменнічак, хочаш мець гэты гадзіннік?

Фартуната, які крадком зірнуў на гадзіннік, нагадваў ката, якому прапануюць цэлую куру. Адчуваючы, што з яго насміхаюцца, ён не наважваецца варухнуць лапаю і раз-пораз адводзіць вочы, каб не паддацца спакусе, штохвіліны аблізваецца і ўсім сваім выглядам нібы кажа гаспадару: «Які ж ваш жарт жорсткі!»

Але, здавалася, сяржант Гамба шчыра прапаноўваў гадзіннік. Фартуната не варухнуўся, але сказаў, горка ўсміхаючыся:

- Чаму вы насміхаецеся з мяне?

- Дальбог, не насміхаюся. Скажы мне, дзе Джанэта, - і гэты гадзіннік твой.

Фартуната не ўтрымаў недаверлівае ўсмешкі і, пільна гледзячы сваімі чорнымі вачыма ў вочы сяржанту, намагаўся расчытаць у іх, ці варта верыць ягоным словам.

- Каб з мяне пагоны сарвалі, - закрычаў сяржант, - калі гадзіннік не будзе твой! Сябры засведчаць, я ад сваіх словаў не адступлюся.

Гаворачы гэта, ён падносіў гадзіннік так, што нарэшце ён амаль крануўся збялелае шчакі Фартуната. На хлопчыкавым твары выразна вымалёўвалася барацьба паміж прагаю і законамі гасціннасці, што ішла ў ягонай душы. Аголеныя грудзі яго рэзка ўздымаліся, здавалася, ён ледзь не задыхаецца. А гадзіннік пагойдваўся, круціўся, часам дакранаючыся да кончыка ягонага носа. Нарэшце правая Фартунатава рука паволі пацягнулася да гадзінніка, датыкнулася да яго; ён ужо адчуў цяжар гадзінніка ў руцэ, але сяржант не адпускаў ланцужка... Колца было блакітнае... вечка нядаўна вычышчанае... на сонцы яно ззяла агнём... Спакуса была занадта моцная.

Фартуната падняў левую руку і вялікім пальцам паказаў цераз плячук на стог, да якога ён прытуліўся. Сяржант зразумеў адразу. Ён пусціў ланцужок, і Фартуната адчуў сябе адзіным уладаром гадзінніка. Спрытна, як лань, ён адскочыў крокаў на дзесяць ад стога, які вальтыжоры адразу ж узяліся раскідваць. І тут усе ўбачылі, што сена заварушылася і вылез скрываўлены чалавек з кінжалам у руцэ. Ён спрабаваў стаць на ногі, але запечаная рана не давала яму падняцца. Ён упаў. Сяржант скочыў на яго і вырваў кінжал. Нягледзячы на супраціўленне, бандыта моцна звязалі.

Джанэта, што ляжаў на зямлі, звязаны, нібы бярэмак галля, павярнуў галаву да Фартуната, які падышоў да яго.

- С... сын! - сказаў ён больш з пагардаю, чым з гневам.

Хлопчык кінуў яму манету, адчуваючы, што больш не мае на яе права, але бандыт нібыта й не заўважыў гэтага. Ён спакойна сказаў сяржанту:

- Дарагі Гамба, я не магу ісці, вы мусіце несці мяне да горада.

- Ты нядаўна скакаў спрытней за казу, - запярэчыў жорсткі пераможца. - Але будзь спакойны: я так рады, што злавіў цябе, што пранёс бы цябе на сваіх плячах цэлы лье і не стаміўся б. Аднак, дружа, мы зробім табе насілы з галля і тваёй буркі, а на ферме Крэсполі знойдзем коней.

- Добра, - сказаў вязень. - Але падкладзіце трохі саломы ў вашы насілы, каб мне было ямчэй.

Пакуль вальтыжоры займаліся, хто вязаннем насілаў з галля каштанаў, хто перавязкаю Джанэтавай раны, на павароце сцяжынкі, што вяла ў макі, раптоўна з'явіліся Матэа Фальконэ з жонкаю. Жанчына ішла, сагнуўшыся пад цяжарам вялізнага меха з каштанамі, а яе муж крочыў лёгка, несучы адну стрэльбу ў руках, а другую за плячыма, бо нягожа мужчыне насіць іншы цяжар, апроч зброі.

Убачыўшы салдатаў, Матэа адразу падумаў, што яны прыйшлі яго арыштаваць. Але адкуль такая думка? Хіба Матэа меў калі справы з судоўцамі? Не. Ён меў добрую рэпутацыю. Ён быў, як кажуць, прыстойны грамадзянін; але ён быў карсіканец і горац, а мала хто з карсіканскіх горцаў, добра пакалупаўшыся ў памяці, не знойдзе там якога грашка накшталт стрэлу, удару кінжалам ці іншае драбніцы. Сумленне Матэа было чысцейшае за чыё, бо апошнія дзесяць год ён не падымаў стрэльбы на чалавека, але, ва ўсялякім разе, ён быў асцярожны і стаў так, каб пры нагодзе было зручна абараніцца.

- Жонка, - сказаў ён Джузэпе, - скінь мех і будзь напагатове.

Яна адразу ж паслухалася. Ён аддаў ёй стрэльбу, што вісела за плячыма і магла яму замінаць, узвёў тую, што была ў яго ў руках, і павольна рушыў да хаты, хаваючыся за дрэвамі, што раслі абапал сцежкі, гатовы на любы варожы рух схавацца за таўсцейшы камень і страляць. Жонка ішла за ім, несучы другую стрэльбу і торбу з набоямі. Падчас бою абавязак добрае жонкі - набіваць стрэльбу свайму мужу.

Сяржант таксама моцна збянтэжыўся, убачыўшы, што Матэа падыходзіць з перасцярогаю, гатовы да бою. «А калі раптам акажацца, - падумаў ён, - што Матэа сваяк альбо сябра Джанэта калі ён захоча яго адбараніць, дык дзве кулі з яго стрэльбаў даляцяць да нас гэтаксама, як лісты па пошце. А калі ён стрэліць па мне, нягледзячы на сваяцтва!..»

І ў такім няпэўным стане ён прыняў адважнае рашэнне: выйсці самому насустрач Матэа і распавесці як старому знаёмаму, што тут здарылася. Але кароткая адлегласць паміж ім і Матэа здалася яму жахліва доўгаю.

- Гэй, дружа! - закрычаў ён. - Як маешся, даражэнькі? Гэта я, Гамба, твой сваяк.

Матэа моўчкі падымаў рулю стрэльбы ўгару, так што, калі той падышоў да яго, яна глядзела ў неба.

- Дзень добры, браце*, - сказаў сяржант, падаючы яму руку. - Даўно я цябе не бачыў.

* Buen giorno, fratello! - звычайнае прывітанне карсіканцаў (аўт.)

- Дзень добры, браце.

- Зайшоў павітацца з табою і маёй кузінаю Пэпай. Сягоння мы добра папабегалі, але няма чаго скардзіцца, здабыча ў нас слаўная. Мы ўзялі Джанэта Санп'ера.

- Дзякуй богу, - сказала Джузэпа. - На тым тыдні ён украў у нас дойную казу.

Гэтыя словы ўсцешылі Гамбу.

- Бедны, - сказаў Матэа. - Ён, відаць, галодны.

- Гэты лайдак абараняўся, як леў, - гаварыў сяржант трохі збянтэжаны. - Ён забіў аднаго майго вальтыжора, апрача таго, ён перабіў руку кардыналу Шардону. Але такое бяды, гэта ўсяго толькі француз... А пасля ён так удала схаваўся, што сам д'ябал не змог бы яго знайсці. Каб пляменнічак Фартуната не дапамог, я б век яго не знайшоў.

- Фартуната! - ускрыкнуў Матэа.

- Фартуната! - паўтарыла Джузэпа.

- Так, Джанэта схаваўся вунь там, у сене. Але пляменнік выкрыў ягоныя хітрыкі. Я раскажу пра гэта яго дзядзьку капралу, няхай дашле яму дарунак за клопат. І я адзначу ваша прозвішча ў рапарце, які дашлю пану генеральнаму адвакату.

- О ліха! - ціха сказаў Матэа.

Яны падышлі да вальтыжораў. Джанэта ўжо ляжаў на насілах, гатовы ў дарогу. Убачыўшы Матэа ў кампаніі з Гамбам, ён дзіўна ўсміхнуўся і, павярнуўшы галаву да дома, плюнуў на ганак і сказаў:

- Хата здрадніка!

Адно чалавек, асуджаны на смерць, наважыўся б назваць Фальконэ здраднікам. Адзін удар кінжалам, другога б і не спатрэбілася, адразу ж адплаціў бы за абразу. Аднак зараз Матэа, нібы спакутаваны, толькі паднёс руку да лба.

Убачыўшы бацьку, Фартуната пайшоў у хату. Хутка ён вярнуўся з міскаю малака і, апусціўшы вочы, падаў яе Джанэта... «Прэч ад мяне!» - грымотна крыкнуў бандыт. Потым павярнуўся да аднаго з вальтыжораў і папрасіў:

- Таварыш, дай мне напіцца.

Салдат паднёс баклагу, і бандыт напіўся вады, пададзенае чалавекам, з якім ён толькі што перастрэльваўся. Пасля ён папрасіў звязаць яму рукі так, каб яны былі не за спінаю, а крыжам ляжалі на грудзях.

- Люблю ляжаць з выгодаю, - сказаў ён.

Просьбу ягоную задаволілі. Пасля сяржант даў знак рушыць, развітаўся з Матэа, які не адказаў яму, і вальтыжоры хутка пайшлі да даліны.

Мінула ўжо хвілін дзесяць, а Матэа ўсё маўчаў. Хлопчык занепакоена пазіраў то на маці, то на бацьку, які стаяў, абапершыся на стрэльбу, і глядзеў на яго са стрыманым гневам.

- Добра ж ты пачынаеш! - нарэшце сказаў Матэа голасам спакойным, але страшным таму, хто ведаў гэтага чалавека.

- Татка! - крыкнуў хлопчык са слязьмі на вачах, падаўшыся наперад, нібы хацеў укленчыць.

- Прэч ад мяне! - злосна адказаў Матэа, і хлопчык, загаласіўшы, знерухомеў.

Падышла Джузэпа. Яна заўважыла ланцужок ад гадзінніка, што звісаў з-пад Фартунатавае кашулі.

- Хто табе даў гэты гадзіннік? - спыталася яна сурова.

- Дзядзечка сяржант.

Фальконэ схапіў гадзіннік і, ляснуўшы яго аб камень, разбіў ушчэнт.

- Жонка, ці маё гэта дзіця? - спытаўся ён.

Загарэлыя шчокі Джузэпы колерам зрабіліся як цэгла.

- Што ты кажаш, Матэа? Каму ты гэта кажаш?

- Тады гэты хлопец першы з нашага роду, што стаў здраднікам.

Фартуната загаласіў яшчэ мацней, а Матэа не адводзіў ад яго сваіх рысіных вачэй. Потым ён стукнуў прыкладам аб зямлю, закінуў стрэльбу за плячук і рушыў у макі, крыкнуўшы Фартуната, каб ішоў за ім. Джузэпа пабегла за Матэа і схапіла яго за руку.

- Гэта ж твой сын, - сказала яна дрыготкім голасам, упіўшыся чорнымі вачыма ў вочы мужу, нібы імкнучыся расчытаць у іх тое, што адбывалася ў ягонай душы.

- Адыдзі, - сказаў Матэа. - Я ягоны бацька!

Джузэпа пацалавала сына і з плачам пайшла да хаты. Яна ўкленчыла перад абразом Багародзіцы і пачала горача маліцца. Тым часам Фальконэ прайшоў крокаў дзвесце сцежкаю і спусціўся ў неглыбокі яр. Памацаўшы зямлю прыкладам, ён пераканаўся, што яна досыць мяккая і капаць яе не будзе цяжка. І месца падалося яму адпаведным.

- Фартуната, ідзі да таго вялікага каменя.

Хлопчык зрабіў загаданае і ўпаў на калені.

- Кажы малітвы.

- Татка, татка, не забівайце мяне!

- Кажы малітвы, - паўтарыў ён страшным голасам.

З плачам і перапынкамі хлопчык прачытаў «Патэр» і «Крэда». На заканчэнне кожнае малітвы бацька цвёрда казаў: «Аман!»

- Гэта ўсё, што ты ведаеш?

- Я ведаю яшчэ «Авэ Марыю» і літанію, што навучыла мяне цёця.

- Яна трохі задоўгая, але давай.

Хлопчык дагаварыў літанію амаль бязгучна.

- Ты скончыў?

- Ой, тата, даруйце! Прабачце мяне! Я больш так не буду! Я папрашу дзядзьку, каб з Джанэта злітаваліся!

Ён яшчэ гаварыў, а Матэа ўзняў стрэльбу, склаўся і сказаў: «Божа, даруй яму!» У роспачы хлопчык хацеў падняцца і кінуцца да бацькавых каленяў, але не паспеў. Матэа стрэліў, і Фартуната ўпаў нежывы.

Не зірнуўшы на сына, Матэа пайшоў па рыдлёўку, каб пахаваць цела. Ён ступіў усяго некалькі крокаў, калі ўбачыў Джузэпу, што з лямантам бегла на стрэл.

- Што ты ўчыніў? - закрычала яна.

- Справядлівасць.

- Дзе ён?

- У яры, я яго пахаваю. Ён памёр хрысціянінам. Я закажу па ім паніхіду. Трэба сказаць зяцю Тэадора Б'янкі, каб пераходзіў жыць да нас.



Пераклад: Алесь Істомін