epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Кватарантка

І
ІІ
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
Х
XI
XII


 

І

Успамінаецца цёплы ліпеньскі вечар, калі я ўпершыню пабачыла Алёну. Адзначалі дзень нараджэння Ігара Тышкевіча, майго даўняга сябра. Хтосьці прапанаваў расказаць які-небудзь цікавы выпадак з жыцця, але ахвотнікаў не знаходзілася, хацелася танцаваць...

— Ды кіньце вы з гэтымі танцамі, яшчэ натанцуемся. Няўжо наша жыццё такое беднае на гісторыі? Ну, жывей, жывей... Хто пачне першы? — запытаўся Ігар.

— Я! Давайце я! — пачулася з балкона, і ў пакой увайшла дзяўчына. Гэта і была Алёна. Зграбная, хударлявая, з бялявымі густымі валасамі. Пасміхнулася, падышла бліжэй да стала, сесці адмовілася. Некалькі хвілін памаўчала, нібыта аднаўляла ў памяці аднойчы перажытае, пасля загаварыла хутка-хутка:

— Вы толькі не смейцеся, бо я буду бянтэжыцца. А ўсё гэта не выдумка. Так яно і было. Мой бацька — лётчык, праўда, вось ужо з год, як выйшаў у адстаўку, але тады быў камандзірам палка. Неяк вечарам прачытаў у газеце аб’яву: абласное тэлебачанне аб’яўляла конкурс на рэцэпт прыгатавання торта. Пераможца павінен быў прыняць удзел у святочнай перадачы «Для вас — жанчыны». Памятаю, бацька нават абурыўся. Сказаў, што гэта самы несур'ёзны конкурс з усіх конкурсаў, таму што прасцей простага спячы торт. Маці запярэчыла. Тады бацька сказаў: «Цудоўна! Вось табе рэцэпт самага незвычайнага торта, на прыгатаванне якога патрабуецца дзесяць хвілін, не больш. Падрыхтуй крэм, купі ў магазіне дзесятак смачных булак, пакладзі іх адна на другую пірамідкай, залі крэмам, зверху пасып цукровай пудрай і на пяць хвілін устаў у духоўку. Вось табе і торт! Да прыкладу, «Сняжынка». Што, арыгінальна?!»

Бацька засмяяўся, а маці махнула рукой, маўляў, што ты разумееш у гэтай справе? На тым усё і скончылася. А недзе праз месяц, якраз напярэдадні 8 Сакавіка бацька сказаў, што яму трэба выехаць у абласны цэнтр. І выехаў...

Свята адзначалі без бацькі. Было сумна. У нас у доме тры жанчыны: маці, я і старэйшая сястра.

Мы ўпершыню не атрымалі ад бацькі святочных падарункаў. Ды раптам пад вечар пазваніла суседка: «Глядзіцё тэлевізар? Не-е! Ну і дарэмна! Хутчэй уключайце».

Я падбегла да тэлевізара, уключыла. Экран засвяціўся, і, перш чым што ўбачыць, мы пачулі голас бацькі: «Рэцэпт прыгатавання гэтага торта я прысвячаю сваёй жонцы Клары Мікалаеўне Феафанавай і дочкам Алёне і Валянціне...»

Пасля гэтага на экране мы ўбачылі бацьку. Ён стаяў за сталом, на якім узвышалася штосьці белае і бясформеннае, бездапаможна пасміхаўся, выціраючы рукі аб фартушок, прымацаваны да яго параднага гарнітура. На галаве ў бацькі зухавата ўзвышаўся заломлены высокі каўпак. Можна было памерці са смеху, мы з сястрой так і схапіліся за жываты. А маці... Маці ў роспачы выключыла тэлевізар: «Дзякуем! Дзякуем і за падарунак, і за параду, як спячы торт! Божачкі, дурнем быў, дурнем і застаўся. Смейцеся, смейцеся, дачушкі!.. — і маці пачала нервова хадзіць па пакоі, прыгаворваючы: — Палкоўнік у фартушку і каўпаку кухара! Радуйся, жоначка, цешся! А што яшчэ скажуць у палку?» І, сапраўды, пасля гэтай перадачы афіцэры адразу пачалі зваць бацьку «шэф-кухарам», а маці больш тыдня не размаўляла з ім.

— Адзін — нуль у нашу карысць, — сур’ёзна сказаў Алік Стажкоў, малады мастак, сусед Ігара па лесвічнай пляцоўцы.

— Я вас не разумею, — сказала Алёна.

— Разумееш ці не разумееш, а гісторыя твая нікудышняя! Нясмешна! Фіфа твая маці, вось хто яна. Местачковая «madamе», а бацька малайчына. Вышэйшы пілатаж! Хочаце торт, калі ласка, будзе вам і торт! Мастак!

Алёна пакрыўдзілася і не хавала гэтага. Капрызна надзьмула губы і прысела на пуфік, у баку ад застолля.

— Адкуль узялася ў цябе гэтая дзяўчына? — запыталася я ў Тышкевіча. — Хто яна?

Мне было цікава, таму што раней я ніколі яе тут не бачыла. У Ігара не было сакрэтаў ад мяне, усіх яго знаёмых я ведала. Справа ў тым, што з Ігарам я сябравала, можна сказаць, з дзяцінства. Мы нарадзіліся ў адным райцэнтры, жылі на аднон вуліцы, нават у школу хадзілі ў адзін і той жа клас...

— А хіба ты з ёю не знаёма? — здзівіўся Ігар. — Гэта ж — Алёна, сястра Валі Феафанавай, той самай, што разам з намі вучылася.

— Як жа... Валю Феафанаву я памятаю добра. Стась Шульгановіч з-за яе з Пецькам Засінцом біўся. Значыцца, гэта яе сястра...

А Стажкоў тым часам уключыў магнітафон. За сталом загаварылі больш ажыўлена. Нехта ўжо расказваў дзяжурны анекдот, падмацоўваючы яго густым смехам.

— Сціхніце! Зараз жа сціхніце! — зусім нечакана закрычала Ліза Петранкова.

Вось ужо некалькі гадоў яна разам з Ігарам працуе на «Хуткай дапамозе». Ігар — урач, Ліза — медсястра. Жанчына надзвычай экзальтаваная, яна не цярпела, калі ёй пярэчылі, і Лізе саступалі. Вось і цяпер усе змоўклі, і яшчэ больш упэўнена Петранкова папрасіла:

— Выключце магнітафон! Хай не вые!

І, калі ў пакоі ўсталявалася: цішыня, Ліза загаварыла зноў:

— Цяпер, міленькія, я раскажу гісторыю. Праўда, яна пакуль што наперадзе. Я толькі магу ўявіць яе. О-о, якая гэта будзе гісторыя, і галоўны яе герой — ён! — Ліза тыцнула пальцам перад сабою. Там, насупраць яе, сядзеў Гоша Петранкоў, муж Лізы. Асоба «гістарычная», і не толькі таму, што выкладаў гісторыю ў школе. Ён, са слоў Лізы, заўжды трапляў у нейкія недарэчныя гісторыі...

— Ліза, не трэба, я прашу цябе. Алік, уключай магнітафон, — папрасіў Стажкова Петранкоў.

— А ў чым справа? Што ў вас? — запытаўся ў Лізы Ігар, не звяртаючы ўвагі на просьбу Петранкова.

— А я зараз, Ігарочак, растлумачу. Мы ўсе свае, людзі не староннія. Я разлічваю на падтрымку, у рэшце

рэшт, на нейкую параду. — Ліза вытрымала паўзу, прыцішыла голас. — Заўтра мы з Петранковым падаём на развод. І цяпер ужо назаўжды. Гэты нумізмат усё, што ашчадна збіралася на мэблю, не маргнуўшы вокам, аддаў на нейкі круглячок, капейчыну часоў Аляксандра Македонскага.

Першым засмяяўся Ігар. І было з чаго. Ужо не першы раз Петранковы разводзяцца, пасля зноў сыходзяцца... Ліза ўсхліпнула.

— Кінь, Ліза, — пачаў супакойваць яе Стажкоў. — Я тут нядаўна вычытаў у адной кнізе, што жыццё чалавечае ўсё роўна як зіхоткая кропка, якая пракрэслівае ў прасторы і часе агністую лінію — і затым раптоўна знікае: «Смерць тушыць свечкі...» Дык ці варта рызыкаваць уласнай біяграфіяй і заклапочваць супрацоўнікаў загса такой дробяззю?

— Волечка, прапусці, — папрасіў мяне Ігар. Я пасунулася. — Даволі «гісторый», — катэгарычна сказаў ён. — Як толькі ў жанчыны з’яўляецца думка аб разводзе, яна адразу ж пачынае лічыць сябе «свабоднай». А калі так, дык дазвольце, «свабодная жанчына», запрасіць вас на танга. Алік, уключай радыёлу, стаў Вярцінскага... «Мадам, уже падают лнстья...»

Ліза паслухмяна выйшла з-за стала. Петранкоў закурыў. А з пласцінкі ўжо лілася музыка... Ігар і Ліза танцавалі. Алік спрабаваў адсунуць стол да сцяны.

— Выйдзем на балкон, — я падышла да Алёны. Яна пагадзілася. «Якія зіхоткія ў яе вочы, на дзіва адкрыты твар».

— Мне пра вас расказваў Ігар, вы для яго ўвасабленне дабрыні, прыгажосці, таленту, — зашчабятала Алёна, як толькі выйшлі на балкон. — Я вас добра памятаю, вы амаль не змяніліся, і я адразу ж пазнала вас, а падысці чамусьці саромелася.

— Гэта дарэмна, а вось тое, што памятлівая — добра, — я чамусьці ўзяла тон настаўніцы. Магчыма, таму, што з выгляду ёй можна было даць гадоў шаснаццаць, не болей.

— А ты даўно з дому? — запыталася я.

— Не. Сёння раніцой прыехала.

— Як Валя? Здаецца, яна скончыла інстытут замежных моў.

— Ёй не пашанцавала ў жыцці.

— Чаму?

— Яна вучылася завочна.

— Якая розніца?

Алёна паглядзела на мяне доўгім здзіўленым позіркам.

— Вы ж ведаеце, Валя ў нас вельмі прыгожая. Аднойчы нават нейкі рэжысёр прапаноўваў ёй у фільме здымацца. Калі б яна вучылася на стацыянары, магла б у Мінску замуж выйсці ды і застацца тут.

— А хіба ў Затонні замуж выходзіць забаронена? — пажартавала я.

— Валя замужам, але ж Затонне не Мінск. Ведаеце, я не веру ў тое, што з мілым добра жыць і ў будане. Адна справа — сталіца, другая — правінцыя.

— Я гэтага не разумею.

— Гэта таму, што вы ў Мінску. Кожны дзень бачыце гэтыя агні. — Алёна павяла позіркам па асветленых вокнах. — У вас цікавыя сябры, мне Ігар расказваў, што сярод вашых знаёмых нават артысты ёсць. Ведама, працуеце ў рэдакцыі, вакол вас бурліць жыццё, і вы ў цэнтры яго... А вось пажылі б вы ў Затонні, дзе адны і тыя ж твары, адны і тыя ж размовы, інтарэсы...

— Жыла! І не адзін год. У Затонні я вырасла... — мне не падабалася гэтая гаворка, хацелася перавесці яе на штосьці іншае, і не атрымалася, бо праз хвіліну я зноў запыталася: — Ну, а ў сямейным жыцці Валя шчаслівая?

— Так сабе. Хіба можна быць шчаслівай, калі выходзіш па неабходнасці? Калі ўжо трыццаць тры? Замуж трэба было. Але Косцік неблагі. Адно — негаваркі. Бацькі ў яго вясковыя. Выхавання, можна сказаць, ніякага. Але з цягам часу мы яго разгаворым.

— Як сказаць... «Разгаварыць» чалавека няцяжка, гледзячы толькі як!

Разгараліся зоркі ў небе. Поўня была так нізка над зямлёю, што здавалася, зачэпіцца за галіны дрэў. Такімі вечарамі трэба гаварыць шэптам, і, канечне ж, не пра будзённае. Мне чамусьці ўспомнілася Клара Мікалаеўна, маці Алёны, яе некалькі разоў даводзілася бачыць у школе ў той час, калі наша сям’я жыла ў Затонні. Вядомы ў гарадку ўрач-неўрапатолаг, яна была жанчынай эфектнай. Яе паважалі, з ёю лічыліся.

— А дзе жыве Валя з мужам? — зноў запыталася я ў Алёны.

— У нас. Месца хапае. Косцік, можна сказаць, замест мяне.

— А ты дзе?

Мы гаварылі, а ў пакоі, здавалася, і не заўважалі, што нас няма.

— Ты супакойся, Ліза. Няма чаго надта хвалявацца,— чуўся з пакоя голас Гошы Петранкова. — Вось убачыш, неўзабаве атрымаем двухпакаёвую кватэру. Я гавару пры ўсіх: мінімум праз паўгода будзем мець ордэр. А пасля будзе і мэбля, самая шыкоўная.

— А грошы! Які ты! Мы не можам, як іншыя, паехаць на поўдзень, — з роспаччу адазвалася Ліза.

— Лізанька! — з пафасам ускрыкнуў Гоша. — Адпачываць мы паедзем у вёску да маіх бацькоў!

Я з палёгкай уздыхнула. Здаецца, у сямействе Петранковых зноў усталёўвалася згода. Алёна падхапіла апошнія словы Петранкова.

— Я таксама еду ў вёску.

— Адпачываць?

— Не. Працаваць. Я — біёлаг. Месяц таму назад скончыла Брэсцкі педінстытут. Атрымала дыплом настаўніцы, а да яго накіраванне ў Варэніцкае рана. Адтуль мяне паслалі ў Падлескую васьмігодку. Вось так! — і яна засмяялася.

Падалося, нечаму свайму, патаемнаму.

Я ўважліва паглядзела на Алёну. Дзіўна! Толькі што яна расказвала пра сястру, пра яе няўдалы лёс, і, бясспрэчна, шкадавала Валю. І вось на табе: сама едзе ў невядомае Падлессе, супраць якога Затонне — сапраўдны горад! Алёна нібыта падслухала мае думкі.

— Дома — трагедыя! — сказала яна.— Маці катэгарычна супраць Падлесся. Валя раіць ехаць сюды, у Мінск. Тут у нас ёсць знаёмыя, ды і Ігар таксама дапамог бы ўладкавацца. Яшчэ калі быў студэнтам, ён адно лета праходзіў практыку ў маці, ёй бы ён не адмовіў у дапамозе, але навошта?! Мне падабаецца мая прафесія, я люблю дзяцей, дык якая розніца: Мінск ці Падлессе? Дзеці ўсюды аднолькавыя. А мне як біёлагу ў Падлессі нават цікавей, — бліжэй да прыроды. Я, ведаеце, да гэтага часу не люблю парасона, у самы вялікі дождж абыходжуся без яго. Некалі ў нас была маленькая кватэра, маці сварылася на нас — мяне і Валю, калі мы траплялі пад дождж: не было дзе сушыць вопратку. Як жа я радавалася ў інстытуце, калі вымакала да ніткі і на мяне ніхто не сварыўся! А яшчэ, ведаеце, — Алёна перайшла на шэпт,— калі я прачынаюся ноччу, мне часамі хочацца выбегчы з пакоя на вуліцу і па чарзе слухаць дрэвы. Яны моцныя. А чалавек павінен быць мацнейшы, у чалавека ёсць духоўны свет. Колькі розных пачуццяў, натхнення, страсці! І бывае, што чалавек гэты згарае, як ні дзіўна, на ўласным агні... — Алёна паглядзела на мяне тужліва, нібыта шкадавала ў гэтую хвіліну ўсё чалавецтва.

— Ты, Алёна, рамантык, — сказала я ёй. — І гэта добра. У твае гады нельга без гэтага. Толькі не забывай галоўнага: ты цяпер настаўнік. У тваіх дзяцей будзе дастаткова рамантыкі. Гэтаму іх вучыць не трэба. На маю думку, у дзіцяці перш за ўсё трэба выхоўваць Чалавека, якому трэба ісці па жыцці — і не сярод дрэў, а сярод людзей.

— Правільна! — побач пачуўся голас Стажкова.

Мы не заўважылі, як ён далучыўся да нас. — Чалавек — гэта гучыць горда! Аднак, кіньце вы гэтыя сур’ёзныя размовы, трэба танцаваць!..

— А што? Пойдзем! — пагадзілася я. І, як толькі ўвайшлі ў пакой, Алік адразу ж прапанаваў Алёне:

— Станцуем!

Я прысела на канапу. Насценны гадзіннік насупраць паказваў палову дванаццатай. Падумалася аб часе... Аб тым, як няўмольна хвіліны збіраюцца ў гадзіны, складваюцца ў дні, пераходзяць у гады. І вось ужо юнае дзяўчо танцуе, схіліўшы галоўку да пляча партнёра, а ты сядзіш і думаеш, што ўжо час позні, што трэба збірацца дахаты, што заўтра цябе чакае дзень, падобны на ўсе астатнія, і што з гэтых дзён складаецца тваё жыццё. Нядаўна вось гэтая дзяўчына, якая цяпер пасміхаецца Аліку, гаварыла, што чалавек згарае на ўласным агні. А цікава, хто-небудзь у самую апошнюю хвіліну свайго жыцця мог бы сказаць, што ўсяму віной уласнае пачуццё, неспатольны агонь жыцця, якога не змагла вытрымаць душа і.... сатлела?

— Волечка, — побач прысеў Ігар. — Можна падумаць, што ты вырашаеш лёс чалавецтва.

— Не чалавецтва, — паправіла я, — а свой. Табе таксама варта было б падумаць пра суседзяў. Хоць бы прыцішыў музыку.

— Нічога. Хутка разбяжымся.

— А як Алёна? — запыталася я. — Можа, хай пад’едзе да мяне? Не заставацца ж ёй у цябе?

Ігар не паспеў адказаць, яго апярэдзіла Алёна:

— Аб адсутных не гавораць. Пра мяне клапаціцца не трэба.

— Танцуй, танцуй! — Ігар падміргнуў ёй.

Але Алёна ўжо цягнула Аліка за руку да нас.

— Я ад’язджаю праз тры гадзіны. У мяне білет у кішэні. Я толькі на дзень прыехала ў Мінск, лічы, прагуляцца...

— Ну, глядзі! А не, дык заставайся, пабудзеш яшчэ некалькі дзён, — прапанаваў Ігар.

— Не магу. — Алёна адмоўна крутнула галавой. — Трэба ехаць. Заўтра я павінна быць у Падлессі.

— Чаму менавіта заўтра? — запыталася я. — Да заняткаў у школе цэлы месяц.

— Я хачу пад’ехаць раней, трэба асвойтацца. Каб адразу знайсці агульную мову з дзецьмі, трэба ведаць, як яны жывуць, чым жывуць. Я хачу прыйсці першага верасня ў клас не новай настаўніцай, выпускніцай інстытута, а чалавекам, якога тут ведаюць, магчыма, нават паспелі палюбіць. Толькі тады я магу разлічваць на давер сваіх вучняў. А напачатку для настаўніка гэта самае галоўнае.

— Няпраўда, Алёна, — запярэчыла я. — Пройдзе месяц, другі, і ты пераканаешся, што ў тваёй працы аднаго даверу мала. Вучні табе могуць давяраць, а сэрцам, душою сваёй і думкамі хінуцца да некага іншага.

— Больш аўтарытэтнага, вы гэта маеце на ўвазе? — Алёна запытальна паглядзела на мяне.

— Магчыма, і гэта, але горнуцца не да аўтарытэту, а да чалавека...

— Дык таму я і еду ў Падлессе, каб яшчэ да заняткаў склалася пра мяне пэўная думка і ў школе, і сярод людзей, каб змаглі ўбачыць ува мне таго самага, як вы кажаце, чалавека...

— Вось так, — сказаў Алік. — Зайздросная самаўпэўненасць.

— І рацыяналізм, — дадаў Ігар. — Напачатку падрыхтую глебу, а пасля ўжо буду кідаць у яе зерне добрага і разумнага. Так больш надзейна.

— А як інакш? — бойка адпарыравала Алёна, але было відаць, што яна абурылася, бо праз нейкае імгненне, як мне падалося, з выклікам дадала: — Я не апошні раз у Мінску, мы паглядзім. Як-ніяк, ураджай збіраць мне!

— Ну вось, так заўжды! — да нас падышла Ліза. — Ігар збярэ вакол сябе некалькі чалавек, а астатнія — як хочаце. Карацей кажучы, мы з Петранковым збіраемся дахаты. Волечка, ты з намі? Здаецца, нам у адзін бок?

Я згодна кіўнула галавой і спахапілася:

— Алёна, цябе, відаць, трэба правесці? Як жа ты адна поначы на вакзал?

— Чаму адна? Яна паедзе са мной, — жыва абазваўся Алік.

— А ты спрытны, Стажкоў! — заўважыў Ігар. — Мы правядзём яе ўдвух. Табе аднаму давяраць Алёну небяспечна. Што ж, давайце апошняе танга на развітанне.— Ігар нахіліўся да мяне: — Ты сёння, Вольга, здаецца, не танцавала? Пойдзем...

 

ІІ

Першую палову верасня дажджыла, а хацелася сонца. Мінулае лета не было асабліва шчодрым на яго. З рэдакцыі пайшла раней звычайнага. Выбрала самы кароткі шлях дадому — праз парк. Церушлівы дождж, які распачаўся яшчэ з раніцы, аціхаў, і набрынялае лісце дрэў ледзь чутна шапацела. Падумалася, што сёння вечарам абавязкова трэба дапісаць нарыс, распачаты яшчэ ў жніўні. Пасля гаманкіх летніх дзён у парку было нязвыкла ціха, і ад гэтай цішыні маркоцілася. Было шкада лета. Гэта толькі напачатку здаецца, што яно будзе доўгім-доўгім, а на самой справе пралятае імгненна....

Калі выходзіла з парку, спынілася ля латка. Угледзела памідоры... «Глядзі ты, — падумалася, — нібыта і лета было не надта сонечнае, а гародніна ўрадлівая». Падышла бліжэй і, папярэдзіўшы даўганогае хлапчо, што буду за ім, дастала з сумачкі апошні нумар літаратурнага штотыднёвіка...

Праз нейкія паўгадзіны была дома. Яшчэ з лесвіцы пачула тэлефонны званок, але спяшацца не стала: нічога, калі некаму трэба, то пазвоніць яшчэ. І, сапраўды, ледзь толькі пераступіла парог кватэры, зноў зазваніў тэлефон. Падняла трубку і пачула голас Ігара:

— Сіманец, я паўгадзіны спрабую дазваніцца да цябе!

— Дазваніўся ўсё ж такі...

— Не перабівай, ёсць неадкладная справа. Мне на дзяжурства, а тут Алёна прыехала. Што ёй рабіць адной у кватэры? Калі ты не супраць, яна пад’едзе да цябе і заначуе.

— Чакай, спачатку скажы, якая Алёна?

— Феафанава. Памятаеш, адзначалі мой дзень нараджэння.

— Як жа, памятаю. А што здарылася? У школе ж цяпер заняткі.

— Пра гэта яна табе сама раскажа. Я спяшаюся. Адным словам, хутка будзе ў цябе. Заўтра пазваню ў рэдакцыю. Бывай...

Прымаць гасцей сёння ў мае планы не ўваходзіла. Трэба было заканчваць нарыс. А ці абавязкова Алёне ехаць да мяне? Магла б што-небудзь пачытаць у Ігара або паглядзела б тэлевізар, у рэшце рэшт, пайшла б у кіно... І адразу ж адагнала гэтыя думкі. Цяпер пра гэта думаць позна, яна, відаць, ужо ў дарозе. Цікава, што ж здарылася, чаму яна прыехала ў Мінск? І адразу ж падумалася: «Відаць, нейкі семінар». Ледзь толькі атрымае чалавек дыплом, тыдзень-два папрацуе — і яго пачынаюць выклікаць на семінары, нарады, павышэнне кваліфікацыі. А калі работу рабіць? Абвяла позіркам свой невялікі пакой — раскіданыя аркушы паперы на стале, скамечаная сукенка ў крэсле, стос кніжак на падлозе... Трэба прыбраць.

Толькі паспела паставіць на пліту чайнік, як у прахожай пачуўся званок...

— Вось Ія! — Алёна падала руку для прывітання, яшчэ не паспеўшы прычыніць дзверы. — Значыцца, вы не супраць? Я доўга ў вас не затрымаюся. Тыдзень, ад сілы два, пакуль агледжуся, — голас быў звонкі і бадзёры.

— Хоць месяц, — жартаўліва адказала я, а сама падумала: «Пра што гэта яна гаворыць? Чаму тыдзень, два? Ігар сказаў, што ёй трэба толькі пераначаваць...»

— Я распрануся, добра? — сказала Алёна.

— Прабач, канечне! Калі ласка. Чамадан давай сюды. Ого-о, які цяжкі! — адзначыла я, падумаўшы, што на семінар з такім багажом не едуць, і ў той жа момант нагадала ранейшае: — У цябе парасон? А хто гэта мне казаў, што абыходзіцца без яго?

— Гэта я так, проста ён пасуе да плашча.

— І да сукенкі, — дадала я, заўважыўшы, што і сукенка была падабрана з густам. Зялёная, у белыя гарохі, яна падкрэслівала свежасць яе твару.— Аднак, што ж мы тут стаім, — сказала я. — Пройдзем у пакой. Зараз прынясу чай, а пасля разам згатуем вячэру. Запячэм качку з блінцамі!

— Дзякую. Я пасля сямі гадзін нічога не ем і вам не раю.

— Чаму гэта?

— Па дыэце, каб захаваць форму. Можа разнесці так, што і ў дзверы не ўлезеш.

— Па-мойму, табе гэта не пагражае. Як мураша, перашчыкнуць можна.

— Угу-у, а вось вам не шкодзіла б трошачкі скінуць. Ёсць лішкі. І гэта ў маладой жанчыны. Сорам, Волечка! Павярніцеся... Трэба патанець у таліі.

— Можна падумаць, што ты толькі за тым і прыехала ў Мінск, каб даць мне параду? — я не хавала нервовасці ў голасе.

— Я вас пакрыўдзіла?

— Не. Значыцца, ад чаю адмаўляешся? Добра! У такім выпадку ўключай тэлевізар, а я выйду на кухню што-небудзь перахаплю.

Алёна згодна кіўнула галавой...

Калі я вярнулася ў пакой, яна стаяла ля акна.

— Ну, а цяпер вы будзеце чытаць мне натацыі? — сказала яна і дадала: — Папракаць у несамастойнасці, у маладушшы?

Яна пачынала мяне раздражняць. Недзе ў глыбіні душы расло незразумелае абурэнне на гэтае дзяўчо, на яе спакойны тон, на тое, што яна так нечакана ўварвалася ў маё жыццё. На нейкае імгненне мільганула думка, што не трэба было згаджацца з Ігарам. Цяпер сядзела б спакойна і працавала. Але ж трэба быць гасціннай, трэба штосьці гаварыць, і я перапытала:

— А чаму я павінна чытаць табе натацыі?

— А таму, што я прыехала ў Мінск назусім. — Алёна адышлася ад акна, затрымалася ля стала, пачала перабіраць часопісы, якія ляжалі на ім. Можна было падумаць, што яны цікавілі яе ў гэты момант больш за ўсё на свеце.

— Ты дарослы чалавек, — сказала я ёй. — Але ж у цябе было накіраванне ў Падлескую васьмігодку...

— Я і паехала туды ў канцы ліпеня.

— Што ж здарылася? — я пытала не з-за цікаўнасці, а хутчэй для таго, каб не маўчаць. — Ты сядай, — прапанавала ёй, — у нагах праўды няма.

— Дзякую. — Алёна прысела побач на канапу. — Усё атрымалася нечакана, хоць напачатку складвалася і няблага. Мяне гасцінна сустрэлі ў школе. Дырэктар, Іван Мікалаевіч, на першы погляд здаваўся чалавекам разумным і абаяльным. Ён памог мне знайсці кватэру. У сярэдзіне жніўня васьмікласнікі сабраліся на тыдзень у паход па месцах баявой славы. Я з ахвотай пайшла разам з імі. Па дарозе шукалі рэдкія расліны для школьных гербарыяў. Калі надарылася трапіць на дзівасіл, я расказала дзецям паданне, быццам расліна вырасла са слёз дачкі Зеўса і Леды, Елены, якую выкраў Парыс. Жніво канчалася, але яшчэ квітнелі ля дарог у полі васількі. І я расказала, як багіня жніва Цэрэра, гуляючы па палях, пачула скаргу васількоў, маўляў, нас не любяць жнеі, аддзялі нас ад жыта і ты ўбачыш — станем яшчэ больш прыгожымі. На што Цэрэра адказала ім, што нездарма васількам дадзены колер ранішняга неба: «Квітнейце сярод жыта і не хіліцеся, як хіліць яно да зямлі сваё цяжкое калоссе. Раз у год і вас пойдуць шукаць жнеі, каб упрыгожыць вянкамі свае галовы». А вечарамі ля вогнішча я чытала ім «Займальную біялогію» Акімушкіна і начамі думала, што абавязкова на ўроках трэба будзе праводзіць біялагічныя віктарыны, каб яшчэ больш наблізіць дзяцей да прыроды... Я нават не думала пра сябе, пра тое, што застацца ў Падлессі — гэта значыць забыць пра асабістае жыццё, пра свае маладыя гады... Я адзін раз пайшла там на танцы, вы б толькі зірнулі... адны падлеткі, можна сказаць, твае будучыя вучні, як жа табе з імі танцаваць, калі неўзабаве, магчыма, давядзецца ставіць двойку... Неяк разгаварылася з маладой настаўніцай, выкладчыцай літаратуры, на той час яна была закаханая. І ў каго б вы думалі?.. У студэнта, трэцякурсніка, які прыехаў у Падлессе з будаўнічым атрадам. Праз месяц ён памахаў ёй ручкай... Я гэта так, да слова, але жыццё ёсць жыццё...

Алёну перапыніў тэлефонны званок. Я адразу вызначыла — міжгорад!

— Можа, мяне? — Алёна прыўзнялася з канапы. — Мама абяцала пазваніць вечарам.

— Па маім тэлефоне?

Хіба яна ведае, што дачка ў мяне? Я здзіўлена паглядзела на Алёну і выбегла ў прахожую...

— Кватэра Сіманец? Вас выклікае Затонне. Гаварыце! — пачуўся ў трубцы голас тэлефаністкі і праз нейкае імгненне больш лагодны: — Вольга Барысаўна! Добры вечар! Вас турбуе Клара Мікалаеўна, мама Алёнкі. Яна ў вас?

— У мяне!

— Вы па-ранейшаму адна?

— Адна.

— Вось і цудоўна! Цяпер будзеце ўдзвюх. Алёнка ў нас добрая, паслухмяная. Яна і посуд памые, і падлогу падатрэ. З цягам часу яблык, бульбы падкінем. Яна вашага нічога не з’есць. Мы далі ёй даволі грошай. За кватэру таксама заплоцім. Ёй абы толькі зачапіцца. А там як-небудзь да нас у госці выберацеся...

— Дзякую, Клара Мікалаеўна. Але, пэўна, вам хацелася б пагаварыць з Алёнай? — мне была непрыемная гэтая размова, і зусім сапсаваўся настрой.

— Усяго некалькі слоў, калі Алёнка недалёка.

Алёна выйшла з пакоя і цяпер стаяла побач. Я вярнулася ў пакой, шчыльна прычыніла дзверы, нібыта жадаючы раз і назаўсёды адгарадзіцца ад Алёны, ад не ў меру гаваркой Клары Мікалаеўны. Нахлынула злосць. Нават не запыталіся згоды, былі ўпэўнены, што я не адмоўлю. Зрэшты, хай жыве, месца хопіць, але адкуль у людзей такая самаўпэўненасць? Няўжо нельга было пазваніць, растлумачыць сітуацыю? Павінна ж быць звычайная чалавечая далікатнасць. А тут нейкая беспардоннасць! А што, калі б мяне наогул на гэты час не было ў Мінску або гасцявала мама? Пасля смерці бацькі яна прадала хату ў Затонні і цяпер жыла ў Маскве ў старэйшай маёй сястры, час ад часу прыязджала і да мяне.

— Вольга, хадзіце на хвілінку сюды,— паклікала з прахожай Алёна. — У мяне сюрпрыз!

— Што там яшчэ? Толькі сюрпрызаў і не хапае.

— Ну, на хвілінку! Вы не крыўдуеце, што я заву вас Вольгай? Паміж намі невялікая розніца ва ўзросце, усяго адзінаццаць гадоў.

— Не крыўдую, Алёна. Можаш наогул зваць мяне на «ты», — я расчыніла дзверы. — Так будзе лепш, а то гаворым пры зачыненых дзвярах.

— Ну, што ж, не ідзе Магамет да гары, дык гара ідзе да Магамета! — з гэтымі словамі Алёна ўвайшла ў пакой, несучы ў руках штосьці лёгкае і празрыстае. — Гэта вам падарунак ад мамы. Гэты пеньюар яна купіла ў Вільнюсе.

Я не ведала, што ёй адказаць. Нават падумалі пра падарунак. Нарэшце папрасіла:

— Ты прысядзь, Алёна. Пеньюар адкладзі ўбок. Гэта рэч спатрэбіцца табе самой. Давай, пагаворым па-шчыраму. Ты прыехала ў Мінск, табе недзе патрэбна на пэўны час спыніцца, ты спыняешся ў мяне, як у сваёй знаёмай. Я не здаю пакой, разумееш, ён у мяне адзін, я магу падзяліць з табою дах па-сяброўску, калі ўжо так атрымалася, і плаціць за гэта мне не трэба, падарункаў рабіць таксама, інакш агульнага жыцця ў нас не атрымаецца. Заўтра я дам табе запасны ключ, і ты можаш адчуваць сябе тут, як дома. А цяпер растлумач мне, чаму ты пакінула Падлессе? Няўжо ў гэтым цябе пераканала маці?

Я ўспомніла нашу размову на дні нараджэння ў Ігара. Тады Алёна казала, што маці катэгарычна супраць Падлесся.

Алёна ўзяла пуфік, прысела насупраць. Нейкі час маўчала, прыкідваючы, як лепш павесці размову.

— Мама тут ні пры чым,— сказала яна.— Справа ў іншым... Я не ўсё сказала вам...

І яна пачала расказваць, як натхнёна спяшалася першага верасня ў школу, як ветліва з ёю віталіся дзеці. Настрой быў прыўзняты, усхваляваны. Хацелася хутчэй увайсці ў клас, правесці першы самастойны ўрок. У школьным двары сустрэлася з дырэктарам. Ён павіншаваў яе з пачаткам навучальнага года і папрасіў зайсці да яго ў кабінет. І, калі Алёна зайшла, сказаў, што атрымалася накладка: пасля цяжкой хваробы ў школу вярнуўся былы выкладчык біялогіі. Меркавалася, што пойдзе на пенсію, аж не... Чалавек паважаны, заслужаны, дзяліць стаўку паміж ёю і ім няма сэнсу, і дырэктар прапанаваў Алёне групу падоўжанага дня. Яна не згадзілася, дырэктар настойваў... Яна пераконвала яго, што для яе галоўнае ў жыцці — біялогія, ён толькі адмахваўся, маўляў, размовы для гімназістак! Урэшце сказаў, што ў школе яе ніхто не трымае, не падабаецца — можа ехаць у рана і прасіць, каб накіравалі ў іншае месца. На тым яны і развіталіся. Алёна не схацела саступіць дырэктару, гэта значыла б саступіць сабе самой, сваім прынцыпам і ідэалам. Паехала ў рана, там таксама нічога не вырашылася. Адзінае, што ёй маглі прапанаваць, дык гэта месца выкладчыка спеваў і фізкультуры ў трох школах на выбар. Пазваніла дадому, растлумачыла сітуацыю і... У той жа дзень выехала ў Затонне. Фізкультуру можна было выкладаць і ў мясцовай школе. А недзе праз тыдзень атрымала ліст ад аднакурсніцы. Яна тут, у Мінску. Выйшла сюды замуж. Тая пісала, што нібыта ёсць вольнае месца біёлага ў Батанічным садзе. Пайшла б сама, ды чакае дзіця. Алёна спакусілася і вось заўтра пойдзе ў Батанічны...

Я верыла і не верыла ёй. У канфлікт з дырэктарам магло б умяшацца рана, але цяпер пра гэта гаварыць позна, таму я запыталася пра больш істотнае:

— А ў цябе ёсць адмацаванне? На якой падставе цябе возьмуць у Батанічны сад? Як малады спецыяліст ты была накіравана ў Варэніцкае рана.

Алёна ўздыхнула.

— У тым і бяда, што адмацавання няма. Я прасіла загадчыка рана, але ён адмовіў. Калі б аднекуль было запытанне, тады б, магчыма, і даў... Што ж, паспрабую без яго, неяк жа ўладкоўваюцца людзі!

— Паспрабуй, можа, табе і пашанцуе, — канкрэтнай парады ў той момант я не магла ёй даць. У галаве круцілася адно: трэба брацца за нарыс, заўтра здаваць у сакратарыят. І, каб закончыць гаворку, я запыталася ў Алёны: — Ты ў колькі кладзешся спаць? Час позні.

— Як калі. Бывае, магу праседзець усю ноч.

— Цяпер не трэба. Я табе раскладу крэсла, а сама яшчэ трошкі папрацую. Ёсць пільная справа.

— Ні ў якім разе! Волечка, падумайце, колькі з’явіцца маршчын?! Працаваць трэба на службе. Як я пагляджу, у вас ніякага рэжыму, а для жанчыны гэта галоўнае. Ну, нічога, я за вас вазьмуся!

— Я цябе не разумею.

— А што разумець? З раніцы некалькі практыкаванняў па сістэме ёгаў, шклянку кефіру і кавалачак сыру, хлеба ні-ні...

— Добра, Алёна, да раніцы яшчэ далёка, — сказала я рэзка і, устаўшы з канапы, падышла да стала, дзе ляжалі аркушы недапісанага нарыса.

— Вольга, вы на самой справе думаеце працаваць? Я вам не дазволю! — Алёна стала паміж мною і сталом.— Вечарам трэба адпачываць. — Яна абняла мяне за плечы. — А давайце запросім у госці Стажкова. Вы ж яго ведаеце, і час яшчэ не позні. А ён вясёлы, нейкі такі непасрэдны...

Я маўчала. Хацелася сказаць ёй штосьці злоснае —

і не знаходзілася патрэбных слоў.

— Дык вы не супраць? Я зараз яму пазваню. Ведаеце, я трошачкі, трошачкі яму падабаюся, — і, не чакаючы майго адказу, яна выйшла ў прахожую...

Я падышла да акна. Нібыта бралася на пагоду. Там-сям у небе паблісквалі зоркі, і ў фортку дзьмуў свежы вераснёвы вецер. «Мы тут удзвюх з Вольгай. Нам сумна. Хочацца бачыць цябе. Дык ты прыедзеш?» — чуўся з прахожай голас Алёны.

«Нічога, гэта нічога, — сказала сама сабе. — Мацуйся, Сіманец! Трэба прывыкаць да абставін, ты цяпер не адна, у цябе з’явілася кватарантка!»

 

III

А палове другой наступнага дня ў рэдакцыю пазваніў Ігар.

— Прывітанне! Ну, што там у вас? Пасябравалі з Алёнай? Я тут затрымаўся на прафсаюзным сходзе, калі ты не супраць, пойдзем куды-небудзь паабедаем разам?

Яго прапанова была, як ніколі, дарэчы. Мне адразу ж успомнілася раніца, калі, намазаўшы твар цёртай бульбай (гэта, аказваецца, была маска для твару), Алёна з паўгадзіны прастаяла на галаве ў поўным сэнсе гэтага слова, па так званай сістэме ёгаў, тым самым адбіўшы ў мяне ўсялякую ахвоту да сняданка.

— Добра, — адказала я. — Дзе сустрэнемся?

— Давай ля кафэ «Верасок», там звычайна небагата народу.

— Да сустрэчы...

Я здала на машынку матэрыял і, апрануўшы плашч, выйшла з рэдакцыі... Яшчэ здаля заўважыла Ігара. Ён стаяў ля тэлефоннай будкі, відаць, яшчэ раз званіў мне, таму што я затрымалася на добрую паўгадзіну, чакаючы аўтобуса. Побач з Ігарам стаяла Петранкова. Ветліва памахала ім рукой, паскорыла хаду...

— Ты добра выглядаеш! Падзяліся сакрэтам, як табе ўдаецца захоўваць прыстойную форму? — сказала Ліза.

— Напрошваешся на камплімент? — адказала я ёй і пацалавала Ігара ў шчаку.

— Штосьці ты сёння лагодная, Сіманец. — Ігару была прыемнай мая ўвага.

— Божачкі, зноў туфлі новыя, — ускрыкнула Ліза, зірнуўшы на мае ногі. — Недзе ж дастаюць людзі. У цябе, відаць, Волечка, капітальны блат.

— Неабавязкова. Пераплаціла дзясятку і перакупіла з рук.

— Ну, вось, — Ігар развёў рукамі. — Адразу пачынаюцца жаночыя размовы. Замест таго каб запытацца, як здароўе.

— О-о, гэта ты слушна, Тышкевіч! Я сёння ўсю ноч не спала.

— Небяспечна! Калі ў маладой жанчыны бяссонніца....

— Можаш не дагаворваць. Усё дзякуючы табе. А больш дакладна табе магла б растлумачыць Алёна або Стажкоў.

Мы ўваходзілі ў кафэ. Ля гардэроба стаяла даволі многа народу, у асноўным апраналіся.

— Давайце сюды свае плашчы, — сказаў Ігар, — і займайце столік. Мне давядзецца трошкі пастаяць.

— Пройдзем да акна, — прапанавала Ліза, як толькі ўвайшлі ў залу. — Хутчэй бы сесці. Сёння, як ніколі, была неспакойная ноч, стамілася страшэнна, а тут яшчэ гэты сход...

— Гледзячы на цябе, не скажаш, што ператамілася.

— Таму што прывыкла, — адказала Петранкова.

Селі за столік. Праз лёгкую фіранку праглядалася вуліца...

— Сёння на дзяжурстве заснула на хвілінку, і зноў сабака... Што рабіць, Волечка, амаль штоночы сабакі сняцца? Можа, разгадаеш...

— Вось ужо чаго не ведаю, таго не ведаю... Проста так сняцца, і ўсё тут.

— Э-э, не, Волечка, не проста. Я веру снам. Адзенне новае бачыць — абавязкова да навіны нейкай, рыбу або гарбузы — да цяжарнасці...

— Табе і рыба сніцца?

— Бывае, Волечка, бывае...

— У такім выпадку, дзе ж твае дзеці, калі ты ўжо так верыш у сны?

— Нельга, міленькая. Цяпер нельга. Мы з Гошам дзяцей плануем на той час, калі кватэру атрымаем. — Ліза зірнула ў акно, пазяхнула. — Спяшаюцца людзі. Куды? Я вось на свайго Гошу крычу: хай бы яшчэ на паўстаўкі ў вячэрнюю ўладкаваўся. А што з таго? Ну, будзе яшчэ восемдзесят рублёў, ну, куплю я сабе лішнюю пару абутку або нейкі там шыкоўны плед...

— Вось цяпер, Лізачка, я сапраўды бачу, што ты стамілася.

— Гэта не ад стомы. Быў у нас апошні выклік, старога сэрца схапіла. Ігар адразу вызначыў: інфаркт! Старая плача, слёзы хусцінкай выцірае і гэтак ціхенька кажа мне: «Можа б, перахапіла што, галубка? Можа, чай з бутэрбродам? Усю ноч на нагах...» Блізкі чалавек, можна сказаць, адной нагою на тым свеце, а яна пра мяне дбае. Дык ці варта крычаць мне на Гошу, якая розніца: болей ці меней на дзясятку?!

— Не варта, Ліза.

Падышоў Ігар.

— Заказ узялі?

— Не. Мы чакалі цябе.

— Што-небудзь выбралі?

— Глядзі сам, — сказала я. — Мне ўсё роўна.

— А я хачу кавалак мяса. — Ліза разгарнула меню, пачала ўважліва вывучаць яго...

— Ну, дык што там у вас з Алёнай? — запытаўся Ігар, як толькі афіцыянтка ўзяла заказ.

— Ты лепш запытайся, што ў Алёны.

— Нічога. — Ігар пасміхнуўся. — Паехала, адчула першыя цяжкасці жыцця і... рукі ўгору! Звычайная гісторыя, цяпер гэта не навіна.

— І ты верыш у тое, што яна ўладкуецца ў Мінску? Дзе яна прыпішацца? Як?

— Ведаеш, — Ігар нахіліўся да мяне. — Некалі мая маці казала, што пры жаданні можна стаць нават англійскай каралевай, хаця гэта надзвычай цяжка.

— Лагічна, калі зыходзіць з таго, што я ўжо цяпер хаджу ў яе пажах. Яна мне дыктуе, калі можна працаваць, калі піць кефір, а калі каву. Дарэчы, ці не ты ёй параіў, што яна можа на нейкі час спыніцца ў мяне?

— Не, з ёю мы пра гэта не гаварылі. Проста прапанаваў пераначаваць у цябе. Ну, а там паглядзім...

— Значыцца, яна сама так вырашыла. Дакладней, не сама, а разам з маці. У выніку я займела кватарантку.

— Сіманец, я цябе не пазнаю. — Ігар не падзяляў майго настрою, таму што спакойна і разважліва сказаў : — Не бачу асаблівай прычыны для абурэння. Хай пажыве... Блізкіх знаёмых у Мінску ў яе няма, трэба ж неяк памагчы чалавеку. Не атрымалася там, магчыма, атрымаецца тут: кожны круціць сваё жыццё, як яму хочацца.

— Што значыць «пажыве»! — Ліза зразумела сітуацыю і далучылася да размовы. — Вольга яшчэ маладая жанчына. У яе аднапакаёвая кватэра, сваё жыццё — яно ўсяляк можа павярнуцца. Яна ж нават каханага чалавека запрасіць да сябе не зможа.

— А што, у Вольгі ёсць каханы чалавек? Гэта ўжо нейкая навіна.

Ён уважліва паглядзеў на мяне.

— А пра гэта ты запытайся ў Волечкі. Я сказала да слова, да таго, што чужы чалавек у хаце заўжды не да месца.

Ігар паціснуў плячыма.

— Я гэтага не разумею, Лізачка. Мы жывём сярод людзей... А зрэшты, будзем абедаць, здаецца, нам нясуць. Я забягу вечарам да вас, — паабяцаў ён мне...

Нічога асаблівага не гаварылася, а настрой быў сапсаваны. Паспешліва развіталася з Ігарам і Лізай, трэба было вяртацца ў рэдакцыю вычытаць карэктуру. Схапіла таксі, чакаць аўтобуса не ставала часу.

Ледзь толькі пераступіла парог кабінета, пачуўся тэлефонны званок. Званіла суседка, нашы кватэры былі на адной пляцоўцы.

— Вольга Барысаўна, у мяне да вас просьба. Можа, змаглі б пазычыць пяцьдзесят рублёў? Валодзік хоча джынсы, адны нашы знаёмыя прадаюць, не хапае паўсотні.

— А колькі ж каштуюць джынсы?

— Сто семдзесят. Сапраўдныя, каўбойскія, даўнішняя мара Валодзіка. Дык вы пазычыце? Я магу падбегчы ў рэдакцыю. Што вы маўчыце?

— Не, проста з сабою няма такіх грошай. Пачакайце да вечара.

— Могуць перахапіць.

Я ўспомніла, што дома засталася Алёна.

— Ведаеце што, Ніна Іванаўна, зайдзіце да мяне цяпер. Там павінна быць дзяўчына, мая знаёмая, яна вам дасць, я ёй зараз пазваню.

— Ой, дзякую, у канцы месяца я аддам.

Набрала свой хатні тэлефон. Алёна доўга не падыходзіла, нарэшце падняла трубку:

— Кватэра Сіманец...

Я не магла не ўсміхнуцца, надта ж прагучала афіцыйна.

— Алёна, гэта я! Зараз да цябе прыйдзе суседка, дастань з сіняй сумкі кашалёк, там павінны быць грошы, дай ёй пяцьдзесят рублёў, яна прасіла пазычыць.

Сумка ляжыць у шафе.

— Добра.

— Чым ты займаешся?

— Спала.

— Дасыпай. Пасля шасці буду дома.

«Нішто сабе! Прыехала ў Мінск, каб адаспацца. Цікава, а ці была яна ў Батанічным садзе? — падумалася адразу, як толькі паклала трубку. — Трэба было запытацца. Але чаму я павінна клапаціцца, хай думае сама. Не маленькая, тым больш што я для яе чалавек старонні... А Ніна Іванаўна таксама добранькая: Валодзіку джынсы за сто семдзесят, а гэты лайдак невядома ці скончыць дзясяты. Песціць на сваю галаву! Ды што ж гэта я? — раптам спахапілася. — Кожная маці клапоціцца пра сваё дзіця, якім бы яно ні было. Відаць, усё таму, што свайго ў мяне няма. І да Алёны трэба быць ласкавейшай». Чамусьці ўспомнілася, як хуценька раніцой прыбірала яна за сабою пасцель, доўга не магла скласці крэсла і неяк вінавата глядзела на мяне. І прычоску мне папраўляла: «Я хачу, Волечка, каб вы былі самай прыгожай у рэдакцыі». Трэба будзе абавязкова купіць торт, а то і не прыняла як след, не пачаставала, цэлы вечар бурчэла, як Мядуза-Гаргона...

Дадому ішла ў прыўзнятым настроі. Торта не купіла, затое несла ў руках букет кветак і шыкоўную каробку цукерак.

— Алёна, ты дома? — запыталася, ледзь толькі ўвайшла ў кватэру. — Вазьмі кветкі...

Прычыніла дзверы ў пакой, адразу заўважыла, што тут прайшлася рука клапатлівай гаспадыні, адно не было Алёны. Зазірнула на кухню, у ванную — таксама няма.

Я паставіла кветкі ў вазу, каробку з цукеркамі паклала на стол, затрымала на ім позірк... Тут жа ляжалі «Дарожныя нататкі» Ткачука, які летам праходзіў практыку ў рэдакцыі. Дзе яны? А таксама чарнавікі нарыса? Нішто сабе пагаспадарыла! Куды яна магла іх пакласці? І наогул, хто яе прасіў прыбіраць стол! Пачала распранацца... Але гэтая хвілінная незадаволенасць Алёнай аціхала. Ніколі нічога не трэба загадваць наперад: думала ўзрадаваць Алёну, і вось на табе! Сядзі адна і любуйся кветкамі. А што, можа, яно і няблага, што прыехала гэтае дзяўчо. Чакай, Сіманец, ты, здаецца, упершыню вымавіла слова «адна». Раней гэтага не было! А як жа твой прынцып: чалавеку блага аднаму толькі ў тым выпадку, калі ў яго нічога няма за душою. Ліза сказала, што чужы чалавек заўжды не да месца. А што такое чужы чалавек? Быць не можа, каб Алёна прыйшла да мяне толькі таму, што ёй патрэбен дах над галавою. Штосьці ж дало ёй падставу думаць, што яна можа спыніцца ў мяне?.. З гэтымі думкамі прылегла на канапу. Чаму я павінна думаць пра яе блага? Толькі таму, што яна адмовілася ад групы падоўжанага дня, не паладзіла з дырэктарам школы, пакінула Падлессе і прыехала ў Мінск, каб тут працаваць па спецыяльнасці? Ігар сказаў: сутыкнулася з цяжкасцямі і — рукі ў гору! А можа, гэта звычайная юначая ўпартасць, прынцыповасць, сваё я! Сама ж некалі паступіла ў медінстытут разам з Ігарам, правучылася год і кінула. Як ні ўгаворвалі, не пагадзілася нізавошта, паехала ў раённую газету працаваць карэктарам. А хоць бы той жа самы Ігар. Прапаноўвалі застацца ў інстытуце, раілі паступаць у аспірантуру, а ён выбраў «Хуткую дапамогу», — што можа быць лепш для ўрача-практыка? Недзе сустракала ў Гарацыя, што моцныя і лепшыя нараджаюцца ад моцных і лепшых. Я ніколі не бачыла бацькі Алёны, але ж ведаю, што чалавек прайшоў вайну, усё жыццё аддаў небу. Ён з пакалення майго бацькі. А што мы ведаем пра гэтае пакаленне, чыё юнацтва было апалена вайною, на чые плечы лёг цяжар пасляваенных гадоў?! Яны адваявалі для нас жыццё, мы лічым іх самымі моцнымі, самымі лепшымі, значыцца, самі павінны быць моцнымі і лепшымі. Дык трэба адкрыць у Алёны гэтае лепшае, трэба знайсці яго!

Пачынала змяркацца. У вокнах дома насупраць запальваліся агні, іх водбліскі клаліся на сцены пакоя. Незаўважна для сябе задрамала. Прачнулася ад таго, што званілі ў дзверы. Адразу падумалася: Алёна, але гэта быў Ігар. Разам з ім прыйшоў Стажкоў.

— Ну вось і цудоўна! Вольга вырашыць, хто з нас больш валачэ ў гэтай справе. — Ігар быў нечым незадаволены.

— Яна не паэт, ёй гэтага не зразумець, — адказаў Алік, расшпільваючы гузікі плашча.

Я не ведала, пра што была гаворка, але на словы Аліка пакрыўдзілася.

— Ты, Стажкоў, не паспееш пераступіць парог, як адразу пасоліш душу. Можна не пісаць вершаў і быць паэтам.

— Згодзен. Таму і канстатую факт: ты не з тых.

— Кінь, лепш давай сюды плашч і прасі ў гаспадыні кавы, — параіў Аліку Ігар. — Ты разумееш, Вольга, — сказаў ён мне. — Гэты суб’ект лічыць, што большасць людзей успрымае твор выяўленчага мастацтва з пазіцыі «хто ёсць хто». Калі ты акцёр тэатра, дык перш за ўсё ў той або іншай карціне бачыш частку дэкарацыі і прымерваеш сябе да яе. Калі ты рэжысёр кіно, у такім выпадку ўяўляеш яе нейкім асобным кадрам. Такое глупства можна пачуць толькі ад мастака. Ты хоць раз у сваім жыцці, гледзячы на карціну, уяўляла пры гэтым сваю газету? — Ігар засмяяўся.

— А ты не блытай божы дар з яечняй,— сказаў Алік. — У такім выглядзе, як ты працытаваў мяне, сапраўды атрымоўваецца глупства. Я меў на ўвазе ўяўленне... Недастаткова бачыць тое, што на карціне, трэба яшчэ ўмець уявіць, што за карцінай. Улезці на нейкі момант у скуру мастака. А такім абвостраным уяўленнем можа валодаць толькі паэт. Возьмем, да прыкладу, умоўны эцюд «Далеч». Кожны другі, улічваючы колер, манеру выканання, скажа: «Ах, як цудоўна! Як непаўторна!» А паэт можа і не глядзець на колер, на манеру, ён працягне думку мастака за гэтую «Далеч» і там убачыць сонечны бераг або шквал дажджу, каханы твар або варожы позірк. Ён нібыта падслухае душу, якая вадзіла пэндзлем...

Ігар з’едліва засмяяўся.

— Волечка, у цябе часам няма трыбуны, за ёю Аліку было б больш зручна. Гэта ж прамова!

— Хопіць вам! Ды яшчэ дзе? У прахожай... — я жартаўліва падштурхнула іх да дзвярэй.

— А дзе Алёна? — запытаўся Ігар, як толькі зайшлі ў пакой.

— Знікла, — я развяла рукамі. — Прыйшла з рэдакцыі — яе няма. Думала, выскачыла ў магазін, але ўжо дзевятая гадзіна, — я адчувала, што не на жарт хвалююся. Як хутка прывыкае чалавек да чалавека!

— Можа, паехала да мяне або да Аліка?

— Да мяне яна паехаць не магла. Мы дамаўляліся, што я прыеду сюды, — сказаў Алік.

— У такім выпадку, пайшла ў кіно! — хутка вырашыў Ігар.

— Відаць, так яно і ёсць ,— я пагадзілася з ім і папрасіла: — Прыгатаваў бы ты каву, я баюся, не дагаджу. Заўжды бурчыш: то надта моцная, то наадварот... А ты, Алік, сядай.

— Згода! — сказаў Ігар. — Расстаўляй посуд.

Тышкевіч выйшаў на кухню. Алік сеў у крэсла, зірнуў на каробку з цукеркамі.

— Жыццё падсалоджваеш?

— Угу, для Алёны купіла.

— А ты ведаеш, Сіманец, гэта яна навяла мяне на думку, што карціну па-сапраўднаму можа зразумець толькі паэт. Учора выйшлі ад цябе, напачатку хацелі трошкі прагуляцца, а пасля вырашылі пад’ехаць у майстэрню...

— Як? — запыталася я.— Алёна ўчора была ў цябе ў майстэрні?

— А што тут дзіўнага?

— Нічога. Мне яна сказала, што вы трошкі прайшліся, вось і ўсё.

Зрабілася прыкра. Чаму Алёна не сказала, што яна заходзіла ў майстэрню? Недавер да мяне ці дзявочая сарамлівасць перад другой жанчынай? А што тут дзіўнага? Алёна можа штосьці пакідаць для сябе. У чалавека павінна быць нейкая свая таямніца, інакш чалавек робіцца нецікавы. Чаму яна павінна ва ўсім раскрывацца перада мной? Хіба я сама жыву адкрыта? Хутчэй за ўсё нешта прыдумваю, каб адвесці любога, хто б там ні быў, ад сваёй таямніцы. Чалавек жыве для сябе, ён можа жыць «міфам» і насіць сваю гісторыю пры сабе. Магчыма, у Алёны нейкія асаблівыя адносіны да Аліка, магчыма, ён спадабаўся ёй, і яна ўтойвае гэта ад мяне. Калі ласка...

— Я паказаў ёй свой «Вечар», — Алік запытальна паглядзеў на мяне, нібыта пераконваўся, ці помню я карціну. — Ты глядзела: поўня над лугам. Алёна адразу расказала мне выпадак, які адбыўся з нейкім паэтам. Ён убачыў ноччу ў рацэ адбітак поўні і не задумваючыся кінуўся ў ваду, каб злавіць поўню, настолькі гэта было жывое відовішча. Алёна пашкадавала, што яна не паэт.

— І не кінулася на тваю карціну? — я засмяялася, а пасля сказала: — Паслухай, Алік, а мо тут нешта другое? У Алёны паэтычная натура. Магчыма, яна не адчула жывога відовішча?

— Што ты хочаш гэтым сказаць?

— Толькі тое, што карціна не ўдалася!

Я недалюблівала Стажкова, ён з тых людзей, якія заўсёды могуць паказаць сябе з выгаднага боку. Гэта своеасаблівы талент падыграць субяседніку або нават сабе. У патрэбны момант удала казырнуць эрудыцыяй або развесці такую філасофію, у якой разабрацца цяжка, але нават самы разумны пачынае лічыць яго чалавекам незвычайным, а ў любой незвычайнасці ўжо штосьці ёсць. Так вось і ходзіць Стажкоў чалавекам, у якога «штосьці ёсць». А калі капнуць глыбей...

— Ну, ведаеш, — Алік ускочыў з крэсла, пачаў нервова хадзіць па пакоі. — «Вечар» быў на трох выстаўках.

— А цяпер стаіць у цябе ў майстэрні? Гэта таксама пра нешта гаворыць.

Алік маўчаў. З кухні вярнуўся Ігар.

— Я не бачу на стале кубкаў. Кава гатова.

— Зараз пастаўлю, — я падышла да серванта.

На стол паставіла чатыры кубачкі: чацвёрты для Алёны.

Алік зірнуў на гадзіннік:

— Дзесятая гадзіна. Штосьці затрымліваецца твая кватарантка.

— Табе стала сумна?

— Мы з ёю дамовіліся спаткацца, як бачыш, не трымае слова...

— Ты б лепш падумаў, куды і як можна ёй уладкавацца, — а сама сабе падумала: «Так, Сіманец, твая кватэра ператвараецца ў «дом спатканняў».

— Зноў пра Алёну? — запытаўся Ігар, уваходзячы ў пакой. — Сапраўды, доўга штосьці няма. Магла б пазваніць.

— Іменна! — я паглядзела на Ігара. — Ёсць жа тэлефон. Гэта нявыхаванасць. Паколькі ты жывеш у мяне, дык я адказваю за цябе, хіба не так? У такім разе хоць трошкі думай пра мяне, каб я не хвалявалася.

Ігар разліваў каву.

— Правільна, Волечка. Толькі ты спакайней. Нікуды яна не дзенецца. Колькі табе лыжачак цукру?

— Дзве.

— Мне чамусьці ўспомніўся выпадак, — сказаў Алік. — Адзін мой знаёмы з чатырохгадовай дачкою паехаў на дачу да сябра. Калі яны вярнуліся, маці запыталася ў дзяўчынкі, ці былі там цёці? «Скажы, дачушка, маме, што толькі адны дзядзі», — сказаў бацька, а дзяўчынка сказала па-свойму: «І дзядзі таксама былі»... Магчыма, Алёна наша там, дзе і «дзядзі таксама». Жыла сабе Вольга Барысаўна ціха, спакойна, а тут на табе: хочаш песні спявай, хочаш спаць кладзіся з думкаю пра Алёну...

— Ты дрэнна жартуеш, Алік.

— Яна была ў Батанічным садзе? — запытаўся Ігар.

— А чаму абавязкова Батанічны сад? Калі Варэніцкае рана не змагло адшукаць ёй месца біёлага ў раёне, хіба не магла б яна падысці ў Міністэрства асветы? Там ёй знайшлі б месца. Будзем гаварыць адкрыта: Алёне захацелася ў Мінск. А чым яна лепшая за іншых? — сказала я.

— Не крыві душою, Сіманец. — Алік неяк з’едліва ўсміхнуўся. — Чаму ты сама пасля ўніверсітэта не вярнулася ў сваю раённую газету?

— Тут іншая рэч. Ты Вольгу не чапай, — запярэчыў Ігар. — Яе запрасілі ў рэдакцыю.

— Якая розніца? Можна было адмовіцца і ад месца, і ад кватэры, ад усяго, калі мы такія харошыя. Аднак не! А цяпер рады ўпікнуць чалавека за тое, што ён хоча ўладкаваць сябе ў гэтым жыцці так, як яму хочацца. — Алік закурыў.

— А ніхто яе не ўпікае, хай уладкоўваецца, — я паціснула плячыма. — Што мне?..

— Тады навошта гэтая нервознасць, нібыта некаму з вас яна перабегла дарогу. На самой справе, што ёй рабіць у вёсцы? Прыгожая, маладая, разумная...

— Ах, Стажкоў, ты гаворыш так, нібыта ў вёсцы няма прыгожых, маладых і разумных.

— Волечка, мы гаворым пра канкрэтнага чалавека, які нейкім чынам і да цябе звярнуўся за дапамогай, таму што яна ў цябе жыве. Ты ж усё гэта хочаш абагуліць, падагнаць пад штамп, пад свае меркі. Ну, хочацца, хочацца Алёне ў Мінск, дык хай паспрабуе...

Пачуўся званок.

— Вось і яна, — сказаў Ігар. — Лёгкая на ўспамін.

Я выйшла ў прахожую...

— Вольга Барысаўна, вы яшчэ не спіце? — пачуўся жаночы голас: гэта была суседка, Ніна Іванаўна. — Я толькі што вярнулася дадому... з джынсамі. А для вас у мяне пісьмо.

— Пісьмо? — перапытала я. — Ды што ж мы разгаварыліся цераз парог? Праходзьце...

— Не-не, я на хвілінку. Позна. Трымайце, — яна падала мне канверт. — Дзяўчына гэтая, што ў вас, у якой брала грошы, прасіла перадаць мяне. Спакойнай ночы. — Ніна Іванаўна далікатна прычыніла дзверы.

З пакоя выйшаў Ігар.

— Што, не Алёна?

— Як бачыш. Перадала праз суседку пісьмо.

— А сама паехала, не развітаўшыся?

— Рэчы тут, — я позіркам паказала на чамадан, які стаяў ля сцяны.

— А што ў канверце?

— А гэта мы зараз убачым, — з гэтымі словамі я разарвала канверт.

«Мілая мая Волечка! Прабачце за гэты зварот, — пісала Алёна. — Я вельмі Вам удзячна за Вашу гасціннасць, я пераканана, што мы з Вамі пасябруем. З Батанічным нічога не выходзіць. Усё ўпіраецца ў прапіску. Але, здаецца, ёсць выйсце. Дзеля гэтага я на некалькі дзён еду ў Зарачанскі Гарадок. Больш падрабязна раскажу пасля. Шчасліва Вам заставацца. Алёна».

— Ну вось, — сказала я Ігару, перадаючы яму запіску. — З Батанічным нічога не выходзіць. Але ў яе ёсць у запасе выйсце...

 

IV

Алёна стаяла ля ганка вялікага белага будынка пад ліхтаром. Калі ўзысці на прыступкі, можна было прачытаць на шыльдзе: «Дом культуры чыгуначнікаў». Толькі ў адным акне другога паверха гарэла святло. Алёна час ад часу пазірала на гэтае акно.

За плотам, які падступаў да будынка, пачуўся нейкі шоргат, магчыма, вецер варушыў апалае лісце. Алёна схамянулася, падняла каўнерык плашча, узышла на ганак. «Што ж яны не ідуць? Каця абяцала вярнуцца хутка. Колькі цяпер часу? Дарма не аддала гадзіннік у майстэрню, без яго кепска». Яна паглядзела на прыцішаную вуліцу: адзін за другім гаслі агні ў дамах. «Людзі кладуцца спаць, няйнакш дванаццатая гадзіна, калі пайсці агародамі напрасткі, можна паспець на апошнюю электрычку. Цікава, як там Вольга? Можа, нават хвалюецца? Звалілася ёй, як снег на голаў. А куды было дзецца? Ігар, можа, і не пагадзіўся б. Добра, што тады, пасля дня нараджэння, узяла ў яго яе тэлефон і параілася дома. Мама як у ваду глядзела, што яна не адмовіць. Вольга дзіўная.

Цэлы ранак хадзіла надзьмутая, завіхалася ля пліты, аказваецца, гатавала мне абед. І жыве дзіўна. Хоць бы хто адзін пазваніў учора вечарам, няўжо ў яе няма сяброў? Здаецца, сімпатычная, а жыве без кахання. У твары няма радасці жанчыны, якую кахаюць. Трэба будзе яе разварушыць. Але гэта ўсё пасля. А цяпер... цяпер: чаму ж яны не ідуць?..»

Алёна зноў адышлася да ліхтара.

У акне на другім паверсе з’явілася нечая постаць, і адразу ж бразнулі дзверы. З прыступак збегла хударлявая дзяўчына ў модным кепі і кароткай куртачцы са штучнай футры. Трэба будзе і мне прыдбаць такую ж, падумала Алёна і рушыла насустрач... Гэта і была Каця.

— Змерзла? — запыталася Каця. — Трэба было зайсці ў вестыбюль.

— А чаму ты адна?

— Разумееш... Віця яшчэ затрымаецца. Пойдзем, я па дарозе табе растлумачу.

Яны звярнулі на тратуар. Каця ішла шпарка. Алёна ледзь паспявала за ёю.

— Дык вось, Віця, канечне, узрадаваўся: вы ж так доўга сябравалі... — Каця ўзяла Алёну пад руку. — Хацеў адразу ж выйсці на вуліцу, але яго паклікалі да тэлефона. Званіў кіраўнік ансамбля, ён цяпер якраз хварэе, а дырэкцыя зацвярджае праграму. Трэба было параіцца. А пасля... пасля Міша Завадзіч, іх ударнік, сказаў, што яму тэрмінова трэба выехаць у Магілёў: маці захварэла. А праз некалькі дзён справаздачны канцэрт, без ударніка нельга. Трэба было неяк затрымаць Мішу або тэрмінова шукаць замену... — Каця ўздыхнула. — Адным словам, Віця ніяк не мог выйсці. Сама бачыш, колькі розных клопатаў.

Алёна не паверыла словам Каці, надта ж доўга яна тлумачыла. Ударнік мог з раніцы ведаць, што ў яго захварэла маці. Каця гаварыла раней, што да Віці дазваніцца немагчыма. Тлумачыла, што ў малой зале, дзе звычайна праходзіць рэпетыцыя, няма тэлефона. І раптам Віктару звоніць кіраўнік ансамбля... Чаму ж тады ён не схацеў выйсці да яе? Збянтэжыўся? Не схацеў пры Каці? Але ж Каця ведае пра іх адносіны. Тады што ж здарылася? Нібыта знарок хаваецца. Але ж дахаты прыйсці ён павінен, абнадзеіла сябе Алёна і запыталася ў Каці:

— Нам яшчэ далёка? Я першы раз у Зарачанскім.

— Ты стамілася? Давай пачакаем аўтобуса, яшчэ павінен быць адзін рэйс. Вунь прыпынак!

— А-а, не варта! Пойдзем...

Ад густых прысадаў патыхала змакрэлай карою. «Зусім як у вёсцы, — падумала Алёна. — Усяго дваццаць кіламетраў ад Мінска, а які спакой! Нібыта не кранула гэтыя прысады цывілізацыя. Адно людзі... Вось і Віктар, днём ён у Мінску, на заводзе, вечарам тут... Таксама бацька, маці. Ды што, яны людзі прыезджыя, не сёння, дык заўтра ім дадуць у горадзе кватэру. А карэнныя, зарачанскія, так і будуць жыць напалову ў горадзе, напалову ў вёсцы: не гараджане і не вяскоўцы. Тут іх трымае зямля, у Мінску — заробак!»

— Ты, значыцца, назусім у Мінск? — запыталася Каця. — Хутка і мы перабярэмся. Павінны даць чатырохпакаёвую кватэру, калі Віця цяпер жэніцца.

— Жэніцца? — міжвольна вырвалася ў Алёны.

— А мне адкуль ведаць! Справа асабістая. Дваццаць пяць адстукала, павінен думаць і пра гэта.

Алёна недаверліва паглядзела на Кацю: яна штосьці ведае і не дагаворвае.

— Віця паступіў завочна ў політэхнічны. Ты чула?

— Угу-у, ён мне пісаў. Слухай, Каця, — раптам успомніла Алёна. — А чаму ты не пазваніла мне ўчора? Я ж табе ў пісьме напісала нумар тэлефона.

— Прабач, я забылася. Бачыш дом, абсаджаны ліпамі?

— Хіба прыйшлі?

— Так, — пацвердзіла Каця. — Чакай, я першая зайду ў двор, — сказала яна. — Магчыма, адвязаны сабака.

Алёна прыпынілася ля брамкі. «Тузік, Тузік!» — гукала ў двары Каця, але вось крокі яе сціхлі, рыпнулі дзверы... «Дом вялікі... Гаварылі, што брат Ігната Сямёнавіча не згаджаўся, каб яны прыязджалі сюды, — думала Алёна, — а цяпер вось жывуць, на дзве палавіны, і, відаць, ёсць лішняя жыллёвая плошча, толькі б пагадзіліся прапісаць». Зноў рыпнулі дзверы...

— Алёна, — пачулася з-за брамкі. — Хадзі. У нас ужо ўсе спяць, — гаварыла Каця ў цёмных сенцах. — Мы ціхенька...

Пакой, у які яны ўвайшлі, быў вялікі і вельмі няўтульны. На табурэтцы ляжала шытво. Алёна перш за ўсё заўважыла гэта.

— Тут мама шые, — растлумачыла Каця. — Можаш і ты стаць яе заказчыцай, яна бярэ танна.

— Я звычайна купляю гатовае.

Алёна агледзелася... Акрамя канапы, швейнай машыны і звычайнага нікеляванага ложка, у пакоі нічога не было.

— Мы не куплялі мэблі, увесь час чакалі кватэру, таму жывём, як на дачы. Ты не звяртай увагі. Адно: холадна. Тут звычайна спіць Віця.

— А дзе ён будзе цяпер?

— Не хвалюйся. Ён можа наогул не прыйсці.

— Як? — перапытала Алёна. Яна спадзявалася сёння ж пабачыць Віктара.

— Заначуе ў каго-небудзь з сяброў. Ты есці хочаш?

— Не.

— Тады разбірай ложак. Я выйду на кухню, тое-сёе перахаплю, а пасля пасцялю сабе на канапе.

Каця выйшла з пакоя. Алёна прысела на ложак. Гэты свой прыезд у Зарачанскі Гарадок яна ўяўляла інакш. «Перад тым як запрасіць мяне, Каця чамусьці заходзіла ў хату, — думала яна. — Сказала: пагляджу, магчыма, адвязаны сабака, а той нават не забрахаў. Пэўна, хацела папярэдзіць сваіх, што яна не адна. Тады чаму не выйшла Тацяна Пятроўна, Каціна маці? Толькі таму, што позна? Сапраўды, жывуць, як на дачы, а ў нас дык і на дачы больш утульна, а прайшло ж тры гады, як Ігнат Сямёнавіч дэмабілізаваўся. Яны, пэўна, не чакалі мяне, а я ж папярэдне напісала Каці. Добра, што адразу не прыйшла сюды. Віця — адно, а з Кацяй мы сябравалі. Я магла прыехаць толькі да яе, да сваёй сяброўкі. Так яно і атрымалася, напачатку забегла на тэлефонную станцыю, дзе працуе Каця. Яна магла запрасіць мяне дадому, прапанаваць заначаваць, каб не вяртацца познім часам у Мінск. Магла! Але ж не запрасіла, я сама сказала, што давядзецца пераначаваць у іх...»

— Ты яшчэ не ў ложку?

Каця прынесла падушку, коўдру, пачала слаць сабе на канапе. Яна паспела пераапрануцца ў пушысты махровы халацік.

— Ты прабач, я не прапанавала табе прыняць душ, баюся, пабудзім нашых. Што ж ты сядзіш, сцяліся...

Алёна хуценька разаслала ложак. «А што, калі Віця ўсё ж прыйдзе? Пэўна, здзівіцца, — думалася ёй. — Дарма аддала запіску суседцы. Раптам забудзецца перадаць Вользе? Тая будзе хвалявацца. Трэба было пакласці на столік, але там яна не магла не заўважыць. Вольга не надта ўважлівая...»

— Можна тушыць святло? — запыталася Каця.

— Угу, я ўжо кладуся.

Шчоўкнуў выключальнік. Алёна пачала распранацца, адчуўшы, як ад нечага сціснулася сэрца. «Чаму ў Каці такі халодны, абыякавы тон голасу? Хай нават я чужы чалавек, хай яны незадаволены маім прыездам, хай не рады мне, але ж я з адкрытай душой да іх, як да сваіх, я спадзяюся на іх дапамогу, а Тацяна Пятроўна нават не выйшла, нават не абазвалася...» Яна зарылася тварам у падушку, каб не даць волі слязам, адганяючы ад сябе ўсялякія думкі. Так і задрамала... Ноччу часта прачыналася, сон быў неспакойны, усё прыслухоўвалася і чакала... Думала, вось-вось пачуецца стук у дзверы, вось-вось прыйдзе Віктар... Але ён не ішоў, і яна зноў засынала.

Раніцай прыўзнялася з ложка, агледзелася і схамянулася. Пэўна, заспала. Канапа прыбрана, не чула, калі выходзіла з пакоя Каця...

Рыпнулі дзверы...

— Алёна, час уставаць.

Яна адразу ж пазнала голас Тацяны Пятроўны і нібы ўзрадавалася яму. Ён нагадаў штосьці далёкаедалёкае, што ўжо ніколі не вернецца. Чамусьці адразу ж успомнілася Затонне... Вось гэтак жа некалі гаварыла Тацяна Пятроўна: «Алёна, а ў нас на абед варэнікі. Мы чакаем цябе...»

— Добрай раніцы, — Алёна прысела на ложку. — Хай бы пабудзілі мяне раней.

— А куды табе спяшацца?

Тацяна Пятроўна раздабрэла, гэта адразу ж заўважыла Алёна. Твар пакруглеў, адно захавалася тая ж абыякавасць у вачах, нібыта не жыла Тацяна Пятроўна, а адбывала дзень за днём.

— Так, спяшацца няма куды. А Каця ўжо на рабоце?

— Зразумела. Адзінаццатая гадзіна. Да мяне хутка павінна прыйсці заказчыца, дык ты ўставай. Я пайду, прыгатую табе сняданак.

— А хіба вы не працуеце? — запыталася Алёна, саскокваючы з ложка.

— Працую, у атэлье. Трошкі занядужала. Падскочыў ціск. Ну, давай, апранайся.

«Пра мае адносіны з Віктарам ведала і яна, і Ігнат Сямёнавіч, — падумала Алёна, калі Тацяна Пятроўна выйшла з пакоя. — Няўжо не пагодзяцца прапісаць? Праўда, дом не іхні, але якая розніца, тым больш што яны хутка атрымоўваюць кватэру. Толькі як пачаць гаворку?»

— Алёна, ты хутка? — Тацяна Пятроўна зазірнула ў пакой.

— Зараз, толькі засцялю ложак.

— Давай я сама, а ты ідзі ў сенцы памыйся. Там умывальнік... Мы тут без выгод, кватэра не гарадская.

У сенцах было сцюдзёна, па шкле невялічкага акенца сцякалі празрыстыя дажджынкі. Ну і надвор’е! Зноў дождж. Міжвольна затрымала позірк на паліцы для абутку. Побач з яе «лодачкамі» стаялі мужчынскія на высокім тоўстым абцасе. «Віцевы туфлі, — адразу ж мільганула думка. — А ўчора іх тут не было. Значыцца, Віктар быў дома. Ігнат Сямёнавіч не можа насіць такі абутак. Чаму ж тады яна не чула, калі прыйшоў Віктар?.. Праспала, усё праспала... І Каця не пабудзіла раніцой. Няўжо Віця не хацеў яе бачыць? Што ж магло здарыцца, чаму такія перамены з ім?» Гэтыя думкі засмуцілі...

— Вазьмі ручнік, — сказала Тацяна Пятроўна ў прачыненыя дзверы.

— Дзякую! А хіба Віця быў дома? — Алёна хацела пераканацца ў сваёй здагадцы.

Тацяна Пятроўна затрымалася ў парозе.

— А чаму ты так вырашыла? Ён званіў раніцой, позна затрымаўся на рэпетыцыі і заначаваў у сябра. Дома яго не было.

«Быў! Быў!» — хацелася крыкнуць Алёне, але яна прамаўчала і запыталася аб іншым:

— А як званіць Віктару на работу? З ім я магу сустрэцца ў Мінску. Я не ведала, што ён працуе ў горадзе.

— Ты магла б пазваніць, але ён цяпер у кавальскім цэху. Там няма тэлефона, а ў падсобку да майстра наўрад ці паклічуць. У іх з гэтым строга.

— Шкада. — Але Алёна была пераканана, што яна адшукае Віктара на заводзе. Дзесьці яна чытала, што каханне — гэта барацьба за каханага чалавека. А ці гэта каханне?

 

...Алёна не ўмела танцаваць. А ў восьмым класе ўжо наладжваліся вечары. Можна было нават пайсці на агульнашкольны вечар. Колькі разоў запрашала яе Люда, самая блізкая сяброўка. І ўсё не адважвалася, саромелася. Як жа гэта здарылася? У той святочны першамайскі вечар ёй даручылі весці канцэртную праграму. Увесь час трэба было быць на вачах у настаўнікаў і вучняў. Алёна сціпла апранулася, нават завязала банты. Першае аддзяленне вечара прайшло ўдала, настрой быў гарэзлівы. Аб’явілі танцы...

— Ты куды? — Люда спыніла яе на лесвіцы.

— Стамілася. Пайду дадому.

— Кінь, Алёнка! Сёння апошні раз іграе аркестр. У дзесяцікласнікаў праз месяц выпускныя, большасць з іх іграе ў аркестры, на апошніх вечарах ім будзе не да музыкі, — і Люда пацягнула яе наверх, у актавую залу.

Там ужо адставілі да сцен крэслы, і хлопцы з аркестра настройвалі інструменты. Алёна спыніла свой позірк на самым прыгожым сярод аркестрантаў. Яна ведала, што ён вучыцца ў 10 «Б», ведала, што яго завуць Віктарам, не ведала толькі прозвішча. І цяпер, схіліўшыся да Люды, запыталася:

— Па-мойму, ён з дзясятага?

— Хто? Раманоўскі?

Алёна кіўнула. Яна інтуітыўна зразумела, што Люда мела на ўвазе яго. І адразу ж прыгадала, што ў бацькі ў палку ёсць маёр Раманоўскі, нават некалькі разоў званіў ім і аднойчы ездзіў з бацькам на паляванне. Магчыма, гэта яго сын...

— На Віктара можаш не глядзець, — папярэдзіла Люда. — Ён «забіты». Таська Кудрэйка з дзявятага табе не даруе нават позірку.

— Я і не гляджу. — Алёна сумелася і адышлася да акна.

— Ты пастой тут, — сказала Люда. — Я сыду ўніз да люстэрка...

Аркестр заіграў шчымлівае танга. Гэта быў самы модны ў той час танец. Алёна не ведала гэтага. А ў зале ўжо танцавалі. Алёна абыякава сачыла за парамі і толькі тады, калі засталася амаль адна ля акна, уздыхнула — і не без зайздрасці. Сярод танцораў на нейкі момант выхапіла твар Люды, тая гарэзліва падміргнула ёй.

— Чаго стаіш?

Алёна падняла вочы. Перад ёю стаяў Валерка Юдчыц, яе аднакласнік.

— Патанцуем?

— Ты ж ведаеш...

— А-а, думаў, вывучылася! Дзеўка, і не танцуе! Эх, ты-ы! — ён, як падалося ёй, іранічна пасміхнуўся і пайшоў да другога акна, там таксама стаяла некалькі дзяўчынак.

— Алёна, хадзі сюды! — гукнула яе Наталля Мікалаеўна, маладая выкладчыца геаграфіі, яна спрабавала адсунуць тумбу, якая замінала выхаду з залы. — Памажы.

Алёна ўзялася за другі бок тумбы, і яны пацягнулі яе ўсцяж сцяны да аркестра.

— Ну, вось і добра, тут яна якраз да месца,— сказала Наталля Мікалаеўна.

— Падтрымай ноты, — нехта шапнуў Алёне на вуха. Гэта быў Віктар. Яна збянтэжана нахілілася да нотнага сшытка, не ведаючы, як падтрымаць, пасунула яго ўбок, і сшытак упаў. Старонкі загарнуліся...

— Дай сюды!

— Прабач, — Алёна падала Віктару ноты, але ён іграў, і яна асцярожна паклала сшытак на падстаўку да нот, адышлася ўбок.

Алёна бачыла, як Наталля Мікалаеўна спрабавала адчапіць гірлянду, якая вісела праз усю залу, і пайшла да яе. Пасля яны здымалі са сцен шаржы, якія намаляваў спецыяльна да вечара Славік Касевіч. А аркестр іграў танец за танцам. Час ад часу Алёна пазірала на Віктара, і ўсякі раз чырванела, і заракалася не глядзець у яго бок. Чамусьці ўспаміналіся словы Люды: «Таська Кудрэйка з дзявятага табе не даруе нават позірку», але ён, позірк, якраз і падводзіў, не слухаў. Аркестр перастаў іграць...

— Стаміліся хлопцы, — сказала Наталля Мікалаеўна. — Трэба падысці ў радыёрубку і папрасіць, каб паставілі Адамо, я люблю яго песні.

— Ой, а мне б паслухаць Бічэўскую.

— Паслухаць? — здзівілася Наталля Мікалаеўна. — Танцаваць трэба!

І, нібыта ў адказ на яе словы, з рэпрадуктара палілася музыка. Пад пласцінку танцавалі менш ахвотна, разыходзіліся хто куды...

— Ну, усё! Мы няблага папрацавалі. — Наталля Мікалаеўна падняла каробку, у якую яны збіралі гірлянды. — Я пайду ў настаўніцкую, а ты танцуй.

Алёна зноў адышлася да акна. Спрабавала адшукаць Люду і раптам:

— Пойдзем, патанцуем?!

Гэта быў Віктар.

— Я... я не танцую.

— Чаму?

— Не ўмею.

— Сапраўды? Вось дзівачка, я цябе навучу.

Алёна бачыла, з якой цікавасцю пазіралі на іх дзяўчынкі з тых, што танцавалі, і, відаць, у гэты момант не адна з іх зайздросціла Алёне.

— Ну, вось бачыш, як усё добра! — праз нейкі час гаварыў Віктар, лёгка кружачы яе па цэнтры залы. — Трэба толькі адважыцца.

«Адважыцца, адважыцца...» — гучала ў вушах, але гэты голас перабіў іншы:

— Значыцца, ты вырашыла ўладкавацца ў Мінску? — пыталася Тацяна Пятроўна, падсоўваючы бліжэй да Алёны талерку з запяканкай. — Дзе ж ты думаеш працаваць?

— У гэтым сэнсе пакуль не ведаю, ну, а спынілася ў Валінай аднакласніцы. Вы ж памятаеце маю сястру.

— А што ў цябе з прапіскай?

— Цяжка. — «Вось цяпер, — падумала Алёна, я і скажу ёй, што, магчыма, можна было б прапісацца ў іх, я б і грошы заплаціла за прапіску», але Тацяна Пятроўна апярэдзіла яе, нібыта падслухаўшы думкі Алёны.

— А як жа ты думала? Канечне, цяжка, — сказала яна.— Нас ледзьве прапісалі. У гэтай хаце Ігнат нарадзіўся, тут вырас, адсюль пайшоў на службу... Як быццам усё законна, і ўсё-ткі, каб не знаёмыя «зверху», нічога не атрымалася б. Ты дарэмна прыехала, некалькі гадоў трэба было папрацаваць на сяле. А там было б відаць... Можа, і не схацелася б у Мінск. Чалавек вельмі хутка прывыкае да месца. Абвыклася б, прыжылася б.

— У мяне абставіны так склаліся, што трэба было некуды ехаць. Чым у які-небудзь райцэнтр, лепш у Мінск. — А сама сабе падумала: «Ну, вось і ўсё! Значыцца, цяпер толькі Віця. Ён мог бы ўпрасіць маці, яна паслухала б яго. Нарэшце, мог бы ажаніцца са мной. Толькі без дзяцей спачатку...»

— Ну, глядзі, ты ўжо дарослая... — Тацяна Пятроўна махнула рукой. — Яшчэ ў пялюшках ляжала, а маці твая, напэўна, бачыла цябе ў Мінску. Канечне ж, раілі ехаць сюды. Дарэчы, як яны? Павел Уладзіміравіч па-ранейшаму палюе?

— Яшчэ няма сезону.

— А ўвогуле, як жыццё? Пастарэлі? Маці яшчэ на пенсію не збіраецца?

— Пакуль не. У мінулым годзе мы купілі хату ў Барках пад Затоннем, атрымалася неблагая дача.

— Ну, правільна! У Затонні цяпер таксама лета не выседзіш. Ад некага чула, што Валя выйшла замуж. Дзяцей няма?

— Не. Хочуць трошкі пажыць для сябе.

— Доўга ж яна выбірала. Пераборлівай была дзеўкай. Каго ж выбрала?

— Інжынер. У «Сельгастэхніцы» працуе.

— З прыезджых?

— Мясцовы. З-пад Затоння.

— Маці пагадзілася? Штосьці на яе не падобна. Наколькі памятаю, марыла пра зайздросную «партыю» для Валі.

— Для Затоння і інжынер «партыя».

— Адным словам, галава пры добрай шыі.

— Навошта вы так? Муж у Валі харошы.

— Чай піць будзеш? Нешта ж мая заказчыца затрымліваецца. — Тацяна Пятроўна зірнула на гадзіннік, пазяхнула, пайшла да пліты па чайнік...

Да шыбкі дажджом прыбіла апалы рабінавы ліст. «Стажкоў — дзівак, — раптам падумала Алёна, — што яго поўня ў параўнанні з гэтым лістком? Вольга, напэўна, даўно ў рэдакцыі. А што, калі пазваніць ёй адсюль? А навошта? Я для яе пакуль што вось гэты лісток, выпадкова прыбіты да шыбкі. Выпадкова! А што, калі ўсё чалавечае жыццё складаецца з выпадковасцей? Запраграміраванай можа быць толькі вылічальная машына...»

— Я нясу табе чай.

Тацяна Пятроўна паставіла на стол шклянку з чаем.

— Ты вось што, падышла б у якое-небудзь рана, у дашкольны аддзел. Там, часам, патрабуюцца выхавацелькі для дзіцячых садоў.

— Я сама думала, але гэта адпадае. Мне патрэбна што-небудзь з інтэрнатам. Каб на месцы прапісалі, дзе ж я так прапішуся?

— Тады застаецца завод.

Заляскатала аканіца. Рабінавы лісток падхапіў вецер. Добра, калі прыб’е яго да сцяны, а можа шпурнуць на зямлю. І нечы бот, можа, нават яе, Алёнін, туфель утопча яго ў гразь.

Зрабілася сумна...

— Дзякую вам, Тацяна Пятроўна, мне трэба ісці. На хвілінку-другую забягу да Каці і пашыбую на электрычку.

— Глядзі... Мне таксама час брацца за сваё шытво, дзе ж мая заказчыца?..

У сенцах Алёна няспешна зашпільвала гузікі свайго плашча. Раманоўская стаяла побач і, здавалася, вось-вось гатова была сказаць: дай памагу, надта ж ты марудна! Алёна ж не спяшалася наўмысна, ёй хацелася загаварыць пра Віктара, і штосьці стрымлівала. Нарэшце, сказала:

— Што ж, я пайду, бывайце. Перадавайце прывітанне Віцю. Шкада, што не пабачылася з ім.

— Ён вельмі заняты, ні хвіліны вольнай. На заводзе работа не з лёгкіх, а вечарам рэпетыцыя або канцэрт. З ансамблем развітвацца не хоча. А прывітанне я перадам.

Тацяна Пятроўна правяла Алёну да брамкі. Паказала, дзе прыпынак аўтобуса, на тым і развіта ліся.

На прыпынку стаяла некалькі чалавек. Алёна было таксама прыпынілася, але пасля вырашыла прайсціся пешшу, толькі запыталася ў пажылой жанчыны, як карацей трапіць да пошты.

— Тут недалёка. Пройдзеш да канца гэтай вулкі і павярні налева. А там у некага запытаешся, і табе пакажуць, — жыва растлумачыла старая.

Дождж мацнеў. Алёна падняла каўнер плашча і падумала, што трэба ёй сур’ёзна пагаварыць з Вольгай, быць не можа, каб у яе не было знаёмстваў. Як-ніяк працуе ў рэдакцыі. Яна, канечне, да сябе прапісаць не можа, але ёсць жа людзі з лішняй плошчай. Віктар, як рыбіна ў моры, з ім усё вельмі цьмяна. А была б у яе прапіска, узялі б у Батанічны. Якая ім розніца, ёсць адмацаванне ці няма, ім патрэбен работнік... А пра Батанічны біёлаг можа толькі марыць, а там, глядзі, і ў аспірантуру падалася б...

Алёна ішла шпарка, інтуітыўна прыгадваючы свой учарашні маршрут. Міма прамчаў аўтобус, і яна ўжо пашкадавала, што не стала чакаць яго. Недзе тут павінен быць завулак, вунь ужо бачыцца дах Дома культуры. Можа, яшчэ ў каго запытацца? Алёна прыпынілася, зірнула на супрацьлеглы бок і... адчула, як кроў прыліла да твару. Сумнення быць не магло: на супрацьлеглым баку вуліцы стаяў Віктар. Было падобна — ён некага чакаў, зірнуў на гадзіннік, адышоўся да шыльды з аб’явамі. Гулка-гулка забілася сэрца. Алёна зрабіла крок, яшчэ адзін і... кінулася праз вуліцу, нават не абмінаючы лужыны.

Віктар не адразу заўважыў яе, азірнуўся толькі на голас.

— А хіба ты не на заводзе? Я думала, ты ў Мінску?

Алёна была так блізка, што не магла не заўважыць

разгубленасці ў вачах Віктара. Гэтая сустрэча была для яго нечаканасцю.

— Па-першае, добры дзень, — ён ужо саўладаў з сабой, у голасе чулася гуллівая бадзёрасць. — А я таксама думаў, што ты ўжо ў Мінску.

Ён чамусьці засмяяўся, і Алёна адчула, як напружанне саступае месца ціхай радасці.

— Віця... Мне здаецца, што мы толькі ўчора развіталіся. Памятаеш твой апошні прыезд у Затонне? Тады таксама ішоў дождж. Ты зусім не змяніўся, той жа самы твар, тыя ж вусны...

— Прабач, я ўчора быў вельмі заняты. — Віктар дакрануўся рукою да бялявай пасмачкі яе валасоў. У гэтым дотыку ёй пачулася пяшчота. — Змокла? — пытаўся ён. — Трэба было завязаць хусцінку, што ж ты ходзіш з непакрытай галавой?

— Гэта нічога... Гэта ўсё нічога... Чаму не пабудзілі мяне раніцой? Ты ж быў дома?

— Быў! Але я вельмі спяшаўся. Забег пераапрануцца.

— А Тацяна Пятроўна казала, што цябе не было, — у голасе Алёны чуўся папрок. — Што ты не мог забегчы дадому, таму, што табе рана на работу і што ты начаваў у сябра...

— Яна, як заўжды, усё зблытала. Сёння мне на другую змену, спяшаўся я ў Дом культуры.

— Значыцца, цяпер ты ў Мінск? Мы паедзем разам, так? Я ж дзеля цябе прыехала ў Зарачанскі, ты мне зараз як ніколі патрэбен.

— А навошта дзеля мяне? Дзеля мяне не варта! Трэба дзеля сябе...

— І дзеля сябе таксама, — сказала Алёна і адчула, што радасць ад сустрэчы аціхае, штосьці ёй не спадабалася ў яго апошніх словах, насцярожыла.

Віктар азірнуўся, і, калі зноў паглядзеў на Алёну, вочы яго блішчалі. Ён весела падміргнуў ёй. «Што ж яго магло так узрадаваць, нават некалькі хвілін таму назад, калі толькі ўбачыў мяне, вочы яго так не свяціліся», — падумала Алёна. Віктар паклаў руку ёй на плячо, нібыта нават прыцягнуў да сябе.

— Вось што, малая, ты цяпер дзеля сябе паедзеш у Мінск. А палове трэцяй электрычка, час яшчэ ёсць, паспееш.

— А ты? — Алёна не хавала крыўды, на вочы восьвось гатовы былі навярнуцца слёзы.

— Я... я павінен забегчы да Каці. Ёсць адна справа.

— Дык і я збіралася да яе. Пайшлі! — твар Алёны прасвятлеў ранейшай радасцю. Віктар, наадварот, спахмурнеў. Прапанова Алёны яго раззлавала.

— Што ж гэта робіцца?! Ты адразу пачынаеш навязваць свае ідэі. Пакінь сваю ініцыятыву пры сабе. Мне трэба пайсці да Каці, і я хачу пайсці адзін. У цябе таксама ёсць да яе справа, у такім выпадку ідзі цяпер ты, я забягу пасля, урэшце, перагавару дома.

Алёна адвярнулася, не гледзячы, расшпіліла сумачку, навобмацак дастала адтуль хусцінку, паднесла да вачэй...

— Кінь, Алёна. Ну, не крыўдуй! У мяне тэрміновая справа. — І ён лёгенька паціснуў ёй руку. — Ну, не трэба, малая. Электрычка а палове трэцяй, табе трэба спяшацца. Я таксама пабег, бывай, да сустрэчы...

Звычайна гэтак адрываецца лодка ад берага. Алёна не глядзела яму ўслед, ведала: нізавошта не вернецца. Значыцца, да наступнай сустрэчы? А якую сустрэчу ён меў на ўвазе? Дзе? Калі? З гэтай думкай Алёна перайшла вуліцу і шпарка пайшла да Дома культуры. Адтуль праз гароды, праз стары запушчаны парк бегла сцяжынка да чыгуначнага вакзала.

«Дзіўна, — думала Алёна, ідучы па гразкай, яшчэ добра не ўбітай сцежцы. — Чаму Віктар не схацеў пайсці да Каці разам? І Тацяна Пятроўна катэгарычна заяўляла, што яго не было дома, а ён жа сам сказаў, што быў! Відаць, яны не хочуць, наўмысна імкнуцца адарваць Віктара ад мяне, забараняюць яму сустракацца са мной. Прайшоў нейкі час, паміж намі не было ніякан сувязі. Чаму?» Алёна не магла даць дакладнага адказу. Сапраўды: чаму? Віктар не пісаў, і яна таксама маўчала. Але ж паміж імі не было сваркі. Іх не адзін год звязвала першае юначае каханне, а цяпер штосьці незразумелае, быццам нечага баіцца Віктар...

Абмінаючы лужыны, яна саступала са сцяжыны і адразу адчувала, як цяжэлі ногі, гразь камякамі абліпала «лодачкі». Дождж не цішэў, дробны і густы, імжыстай навіссю ахутаў поле, па якім цяпер ішла Алёна. Зводдаль чуўся перазвон рэек, але трэба было яшчэ перайсці парк, каб трапіць на электрычку. «Недзе каля чатырох буду дома, — падумала яна і сама сабе пасміхнулася: — Відаць, праўду сказала Тацяна Пятроўна, што чалавек хутка прывыкае да новага месца. Лічы, дзень перабыла ў Вольгі, а ўжо называю гэты прытулак домам. — І нейкая трывога агарнула яе... — Ну, прыеду да Вольгі, і што далей? У Батанічным адмовілі, на працу бяруць толькі мінчан... Хто ж яна? Маладая дзяўчына без месца жыхарства, якая адмовілася ад працы не па спецыяльнасці? Сапраўды, што рабіць далей». Яна спадзявалася, што нешта параіць або прапануе Віктар, а ён нават не запытаўся пра яе справы, пра яе жыццё, пра тое — дзе? што? як?.. Віктар лёгка вырашаў жыццёвыя пытанні. Алёна ўспомніла, як адразу пасля школы ён праваліў уступны экзамен у інстытут. Як жа хацела Тацяна Пятроўна, каб ён застаўся дома, каб папрацаваў год у Затонні, засеў за кніжкі, каб у наступным годзе зноў трымаць экзамен! Віктар нібыта пагадзіўся з ёю, уладкаваўся на прамкамбінат памочнікам майстра, вечарамі хадзіў у бібліятэку, а пасля зусім нечакана па вярбоўцы паехаў на Далёкі Усход. Не лёс, а чалавек кіруе лёсам...

Алёна і не прыкмеціла, як увайшла ў парк. Тут, як нідзе, адчувалася восень, не ранняя, залатая, а сырая, золкая. Нібыта спяшаліся дажджы змыць яркія фарбы дрэў. Алёна чула, як шапацела пад нагамі лісце, на нейкую хвіліну прыпынілася і звярнула са сцяжыны, пайшла наўскос па роўнаму квадрату парку...

Да вакзала яна выйшла з вялікім лісцвяным букетам у руках, адразу ж пашыбавала да дзвярэй і там, у вялікай вакзальнай зале, адшукала акенца прыгараднай касы.

— Мне да Мінска... адзін білет.

Касірка сумавала за столікам і цяпер была рада пакпіць з Алёны, сталічныя дзяўчаты часта прыязджалі ў Зарачанскі Гарадок на танцы.

— Загуляла? Забавілася? Празявала электрычку, цяпер чакай наступнай да паловы сёмай.

— Няўжо спазнілася?

— Канечне, электрычка ж цябе чакаць не будзе. Хвілін дваццаць, як адышла.

Да акенца падбегла жанчына, далікатна адштурхнула Алёну.

— Мне на гомельскі, да Мінска.

— А хіба ёсць цягнік, акрамя электрычкі? — запыталася Алёна.

— Ёсць, — паспешліва адказала жанчына. — Паспеем, яшчэ хвілін пяць маем у запасе.

— Тады мне таксама дайце на гомельскі.

...Яны выбеглі на бязлюдную платформу. Шукаць свой вагон не сталі, ускочылі ў бліжэйшы. Алёна на момант азірнулася і вочы ў вочы сустрэлася позіркам з дзяўчынай, якая прабягала ўздоўж платформы. Дзяўчына трымалася за нечую руку, Алёна паспела заўважыць толькі край скураной курткі. Зусім як у Віктара, адзначыла сама сабе. Калі б яна азірнулася на нейкае імгненне раней, яна б пераканалася, што па платформе на самай справе бег Віктар...

 

V

Гэта была самая шумная лятучка за ўвесь час маён працы ў рэдакцыі. У газеце прайшла памылка, пераблыталі прозвішча вядомага ўсёй рэспубліцы кампазітара. З карэктарскай прывезлі арыгінал здадзенага ў нумар матэрыялу. Высветлілася, што памылка пайшла ад яго.

Мікалай Шыцько, аўтар матэрыялу, пачаў заўзята даказваць, што яго віны ў гэтым няма, што вінаваты машыністкі, што пасля пры вычытцы ён мог і не заўважыць памылкі. А калі ўжо ўсе такія разумныя, дык пасля яго чыталі і загадчык аддзела, і адказны сакратар, ды, зрэшты, і сам рэдактар. Ён толькі не сказаў аднаго: што карэктуру папрасіў вычытаць мяне, таму што сам у той момант некуды спяшаўся. Я таксама не заўважыла гэтай недакладнасці і вось цяпер адчувала, што ў нейкай меры адказнасць ляжыць і на мне.

Рэдактар спакойна выслухаў Шыцько, пасля махнуў рукою, маўляў, сядзь! Пачалі планаваць новы нумар. Аднак Шыцько гэта не супакоіла, ён палічыў патрэбным запытацца:

— Значыцца, вымоў не будзе?

— А хіба вымовай выправіш памылку? Хай застаецца на тваім сумленні, а астатнія прымуць да ведама.

Я адчула, як чырванее твар. Было прыкра, і разам з тым, не магла не злаваць і на Шыцько, і на Рагулю, маладую супрацоўніцу, якая дзяжурыла па нумары, а больш за ўсё на Алёну. Затлуміла галаву сваімі прыездамі, ад’ездамі, нібыта і няма ў мяне іншых клопатаў, акрамя як жыць яе справамі. Хай шукае сабе кватэру, я не выратавальны карабель, тым больш не параход для прагулак. А ў тым, што гэты яе прыезд абернецца не чым іншым, як «прагулкай», я была больш чым упэўнена.

Палова дня прайшла ў размовах пра памылку. Ціхан Міканоравіч, самы старэйшы супрацоўнік рэдакцыі, загадчык аддзела інфармацыі, наогул выказаўся, што лепш за ўсё быць на «вольным хлебе». Пішы толькі тое, да чаго ляжыць душа, супрацоўнічай з любой газетай. «І сядзі на мелі, — падвёў вынік Шыцько, — перабівайся з капейкі на капейку. Бяда ў тым, што ў нас у кабінетах вельмі тлумна...»

Ён меў рацыю. На стале ляжаў вялікі матэрыял, які трэба было дапрацаваць, я вырашыла адпрасіцца Ў рэдактара і закончыць гэтую работу дома. Так і зрабіла. Па дарозе дамоў завярнула ў парк, на хвіліну прысела на лаўку. Бываюць такія хвіліны, калі на дзіва супакойвае сцюдзёнае, імжыстае надвор’е. Супакойвае і разам з тым нараджае ў душы сум. Пачынаеш слухаць уласную душу, спасцігаць яе, таму што толькі спасцігнуўшы, можна ачышчаць сябе ад дробязей, ад той непатрэбшчыны, якою з гадамі абрастае чалавек, і тады ўжо не тое што душу, — немагчыма распазнаць чалавека...

Вось ідзе дзяўчо, я спыніла позірк на адзінокай постаці, якая набліжалася да мяне. Ёй, відаць, таксама зрабілася сумна, ледзь толькі яна ўвайшла пад змакрэлыя кроны дрэў. Але гэты сум, напэўна, светлы. Гэта не шкадаванне па страчаным, па незваротным, гэта загадкавая мройлівасць надзей, спадзяванняў. Я ўзіралася ў постаць, штосьці знаёмае знаходзіла ў ёй, і неўзабаве не было ніякага сумнення: чым бліжэй яна набліжалася, тым больш я пазнавала ў постаці Алёну. Магчыма, яна і не заўважыла б мяне, калі б я не абазвалася.

— Ой, гэта вы! А я толькі прыехала.

Выраз яе твару пераканаў мяне, што я не памылілася. У сініх вачах яе сапраўды прытаіўся сум, але не светлы. У гэтым суме была трывога.

— Я вам, Волечка, прывезла букет.

І Алёна паклала мне на калені з дзесятак каляных кляновых лісткоў.

— Было больш, частку раздала ў электрычцы.

— Хлопцам?

— Але...

Мы засмяяліся, Алёна прысела побач.

— Ну, раскажы, як тваё падарожжа ў Зарачанскі?

Што за справы там у цябе?

І я прызналася сабе, што зараз была неспадзявана рада бачыць яе. Гавораць, што тым даражэй чалавек, чым больш укладваеш у яго душы, нерваў... Так настаўнік можа быць абыякавы да дысцыплінаванага вучня і нейкай невытлумачальнай любоўю любіць неслуха і гарэзу.

— Табе не холадна? Плашчык твой надта лёгкі.

— Вольга, а ў вас ёсць штосьці сваё, патаемнае, надта асабістае? — задуменна запыталася Алёна.

— У якім сэнсе?

— Няўжо вы мяне не зразумелі? Я не паверу, ніяк не веру, што ў вашым сэрцы нікога няма.

— А-а!.. Маеш на ўвазе сардэчныя гісторыі?

— Так, штосьці накшталт гэтага.

— Гм... Цяжка сказаць.

У такіх выпадках заўжды пачынаюцца згадкі, нават не для субяседніка, хутчэй для сябе. Час, які аддзяляе нас ад мінулага, скарачаецца да хвіліны. Ужо мроіліся нейкія далёкія прывіды, як Алёна запыталася :

— А хочаце, я раскажу вам сваю гісторыю?

Мне не вельмі хацелася варушыць сваю памяць.

Гавораць, што з гадамі чалавек усё часцей вяртаецца ў перажытае. Няпраўда! Такая ўжо чалавечая істота: не задавальняцца зробленым, што б там ні было ў мінулым, а чалавек прагне большага, таму хутчэй зазірае ў будучы дзень, чым у перажыты. Хіба што толькі няўдачнік пералічвае няшчасці, якія выпалі на яго долю, і то не для таго, каб прыгадаць іх, а проста каб выклікаць да сябе спагаду, якая на нейкі час можа абнадзеіць, што ўсё не так блага, што яшчэ ёсць час усё паправіць, перамяніць...

— Ты хацела расказаць сваю гісторыю? Добра, я паслухаю.

— Вольга, а вы не ведалі Раманоўскіх у Затонні?

Яны з нашага гарадка.

— Першы раз чую.

— А-а, я ж забылася, вы не жылі ў вайсковым гарадку, а гісторыя якраз пра мяне і Віктара Раманоўскага. Мы вучыліся ў адной школе. Ну, а блізка пазнаёміліся на адным са школьных вечароў. Віця прыгожы, ён мне, відаць, і спадабаўся таму, што на яго заглядаліся іншыя дзяўчаты. Усе лічылі, што ў нас каханне. І я так лічыла, і ён лічыў... Былі паміж намі сваркі, але яны забываліся, мы нават не ўмелі крыўдзіцца. Віця гаварыў, што са мною ён можа гаварыць, як ні з кім з самых блізкіх сяброў. І сапраўды, тыя па адным неўзабаве адышліся ад яго. Была толькі я, на ўсё Затонне адна для яго. Бывала, што часамі я не разумела яго, але падыгрывала, рабіла выгляд, што разумею. І ён быў удзячны мне за гэтае разуменне, хаця цяпер я вельмі добра ведаю, што разумення не было. Я не разумела яго, калі пасля правалу ў інстытут ён паехаў на Далёкі Усход; мне рабілася страшна ад адной думкі, што ён на нейкай там Індзігірцы сплаўляе лес. Гэта дзякуючы яму я палюбіла біялогію. Амаль у кожным пісьме ён прысылаў мне то нейкі лісток, то засушаную галінку. А аднойчы ў пасылцы прыслаў расліну, якая нібыта магла жыць без паветра. Я, канечне, не напісала яму, што расліна за час свайго падарожжа ў фанернай скрыначцы засохла. Навошта разбіваць ілюзіі! Яго адтуль і ў армію прызвалі. Служыў ён блізка, у Маскве. Вам не цікава?

Я разумела Алёну: бываюць моманты, калі хочацца раскрыцца перад некім, і пакруціла галавой, што цікава, нават удзячная за гэты давер. Такое звычайна бывае з людзьмі надзвычай эмацыянальнымі. Ім не пад сілу насіць які б там ні было цяжар на душы. Празмерную радасць яны выплёскваюць толькі дзеля таго, каб усё навакол радавалася і тым самым замацоўвала яго ўласную радасць, а гора... З горам дзеляцца, каб аблегчыць збалелую душу, выслабаніць месца для новых эмоцый. Вось і Алёна выплёсквала з сябе — я толькі не магла пакуль зразумець — радасць ці нейкую сваю бяду?

— З арміі Віця прыязджаў у адпачынак. Я тады ўжо скончыла дзясяты клас і рыхтавалася паступаць у інстытут. Ведаеце, у той свой прыезд Віця прасіў мяне выйсці за яго замуж. Магчыма, так яно і было б, ды перашкодзіла яго маці. Канечне, яму трэба было адслужыць, а мне паступіць у інстытут, скончыць хаця б некалькі курсаў. Як бачыце, у інстытут я паступіла. Ад Віці амаль штодня атрымоўвала лісты. Перад самым канцом яго службы на некалькі дзён вырвалася да яго, у Маскву. Тады ўжо Віцевы бацькі пераехалі пад Мінск. І пасля службы ён некалькі разоў прыязджаў гасцяваць да нас, у Затонне. І зноў пасля гэтага былі лісты. А потым перапіска абарвалася. Я ўжо нават добра і не памятаю, хто з нас не адказаў на ліст першым. Але для мяне гэта не мела значэння. Я вельмі моцна зжылася з думкай, што ў мяне ёсць Віця. Я не магу сказаць, што мне хацелася яго бачыць, што я сумавала па ім, што мне не ставала яго, але мне было добра ведаць, што недзе жыве чалавек, які ў любы момант адгукнецца на мой голас. І вось учора я паехала да яго, яны жывуць у Зарачанскім...

— Ну і што?

— Сёння перад маім ад’ездам у Мінск мы пабачыліся. Ён працуе тут, у Мінску, на аўтамабільным. Неўзабаве яны атрымаюць у горадзе кватэру. А скажыце, Вольга, — раптам запыталася Алёна, — Віця мог бы прыняць мой прыезд як спробу ўладкавацца?..

«Дык вось яно што, — адразу ж падумалася мне, — значыцца, гэта і ёсць тое «выйсце», пра якое пісала Алёна ў запісцы».

— А ты сама як думаеш? — я адказала ёй пытаннем на пытанне.

— Я думаю, што бацькі Віці маглі б мяне прапісаць да сябе. Іх мог бы схіліць да гэтага Віця. Больш таго, калі ён аднойчы рабіў мне прапанову, дык чаму б яму цяпер не зрабіць мяне сваёй жонкай?..

Божа, які рацыяналізм! І гэта ў яе гады... Няўжо яна гаворыць сур’ёзна? Я не зусім разумела іх адносіны, але мне падалося, што кахання між імі не было. Расказ мяне не ўсхваляваў. Алёна расказвала суха, як бы сцвярджала факты. Звычайнае юначае сяброўства.

— Канечне, Алёна, пытанне з прапіскай вырашылася б, але ж ты не кахаеш яго, і ён, відаць, таксама. А як можна звязваць свой лёс з чалавекам без кахання? Ахвяраваць сваім жыццём, сваім яшчэ не знойдзеным шчасцем...

— А вы перакананы ў тым, што я не кахаю?! Першае каханне самае моцнае. Я ж не забылася на яго, я ж помню. Значыцца, засталося пачуццё.

Я не паверыла ёй, таму сказала:

— Алёна, людзі часта прымаюць тое, што б ім хацелася мець, за наяўнае і памыляюцца. Я сама памылялася не раз, таму і гавару пра гэта. Табе хацелася б цяпер кахаць Віктара і каб ён цябе кахаў таксама, таму што табе гэта цяпер патрэбна. А наперадзе яшчэ ж жыццё...

— Значыцца, і ў вас былі гісторыі? — запыталася Алёна і папрасіла: — Раскажыце, мне цікава.

— Я іх не помню.

Алёна не паверыла, гэта я бачыла па выразу яе твару, але настойваць не стала, і толькі позна вечарам, калі ўжо збіраліся класціся спаць, Алёна ўтульна ўладкавалася ў крэсле, прыкрыла ногі пледам і зноў папрасіла :

— І ўсё-ткі, Волечка, раскажыце сваю гісторыю, хоць самую нязначную для вас.

— Навошта? Часам і ад нязначнай можа быць балюча.

— Але ж гэта толькі ўспамін...

Сапраўды, гэта быў толькі ўспамін. Была першая зіма маёй працы ў рэдакцыі. Кватэры сваёй тады яшчэ не мела і жыла ў сяброўкі па курсе. Цяпер яна вядомы крытык, і яе ўжо не назавеш Галачкай, а ў той час вакол яе круцілася безліч знаёмых і амаль незнаёмых людзей. Яна ўмела суцешыць, прылашчыць, безадказна памагала любому нават тады, калі здавалася, што гэта не ў яе сілах. Мяне яна таксама прытуліла да сябе. Аднойчы былі ў нас госці, і я ўпершыню заўважыла, што Галачка можа быць злоснай.

Гаворка зайшла пра Алеся Рудога, моднага на той час паэта. А ведаеце, сказала яна, Цішко ў закрытай рэцэнзіі на апошнюю кнігу яго вершаў напісаў пра інтымную лірыку, што яна нагадвае дванаццаты подзвіг Геракла. Вакол засмяяліся. Падобна, вельмі падобна, сказаў хтосьці з гасцей, нездарма ж Ліна Верас прысвяціла яму радкі. «Якія?» — запыталася Галачка. «А ты хіба не ведаеш?»

 

— Мой чарнавокі цуд, што мне рабіць з табою?

Ты, нібы цень мой, нібы мой двайнік,

пакорліва да рук маіх прынік

і лашчыш вераснёваю жальбою...

 

Якое глупства! Галачка ненатуральна засмяялася. «Руды прынік да рук?! Руды яе цень?! Яе двайнік?! Цяжка паверыць... Я, канечне, супраць Верас нічога не маю, але ж не з яе фігурай і тварам! Ды, зрэшты, што мне, я чалавек далёкі ад паэзіі».

Больш пра Рудога і Ліну Верас у той вечар не гаварылі.

А праз тыдні два Галачка, як на крылах, уляцела ў кватэру, не распранаючыся, выцягнула з сумачкі з дзесятак свежых нумароў «Вячоркі».

— На, чытай! Мая першая рэцэнзія на кнігу лірыкі Рудога. Ты б толькі бачыла, як ён віншаваў мяне, — і яна заскакала па пакоі.

Дні праз тры пасля гэтага да нас у госці завітаў Алесь Руды.

Ёсць людзі, якім пачынаеш верыць з першага позірку. Яны толькі прывітаюцца з табою, толькі пасміхнуцца аднымі вачыма, і ўжо пачынае здавацца, што недзе ты чуў гэты голас, сустракаўся з позіркам, бачыў усмешку. Відаць, такім чалавекам быў Алесь Руды. Ён толькі прысеў на канапу, запытаўся, дзе я працую, а мне ўжо здалося, што ён быў у гэтым пакоі вечна, толькі я не разгледзела яго. Паэт заўжды паўстае ў нашым уяўленні чалавекам незвычайным, а ў Алеся ўсё было вельмі звычайна. Роўны ціхі голас, чорныя без бляску вочы, спакойны позірк. Ён не зрабіў на мяне ў той вечар асаблівага ўражання, ён адмовіўся чытаць свае вершы і наогул субяседнікам выдаўся нецікавым, але ж калі я прачнулася наступнай раніцай, першая мая думка была пра яго.

Галка ніколі не гаварыла пра Рудога, і калі я заводзіла гаворку, звычайна адмоўчвалася. Тады я пачала шукаць у бібліятэках яго кніжкі. Аднойчы адну з іх у мяне пабачыла Галка, толькі пасміхнулася і зноў прамаўчала. Праходзілі тыдні... Час многае змывае з нашага жыцця, непрыкметна прайшло і маё захапленне Рудым. А пасля неяк пад вясну Галка на тыдзень выехала ў тэрміновую камандзіроўку. Я засталася за гаспадыню. У кватэры адразу пацішэла, і вечары здаваліся доўгімі. Аднаго вечара адчула нязвыклую стомленасць, нібыта нават узнялася гарачка. Сагрэла малако, на ўсялякі выпадак праглынула таблетку аспірыну, рана легла спаць. Ужо зусім позна разбудзіў тэлефонны званок. Гэта быў Руды. Ён пытаўся, калі будзе Галка. Я сагрэлася ў ложку, у прахожай было сцюдзёна, голас мой дрыжаў...

«Чаму вы такая разгубленая?» — запытаўся Руды. На што я адказала, што кепска сябе адчуваю. І сапраўды, пад раніцу пагоршала. Я не сумнявалася, што застудзілася. Урача не выклікала, вырашыла пайсці ў паліклініку. Толькі я сабралася ісці, як зазваніў званок. Я адчыніла — гэта быў Руды.

Ён забараніў мне ісці да ўрача, выклікаў «хуткую дапамогу»... Я не памылілася, з тыдзень трэба было паляжаць у ложку, каб не пачалося запаленне...

Неяк вечарам, чытаючы мне Багдановіча, Руды адклаў томік убок.

— Ведаеце, Вольга, у мяне ёсць цікавая прапанова. Так выйшла, што сёлета я не сустракаў Новы год. Хочаце верце, хочаце не: працаваў! Давайце, сустрэнем яго цяпер. Да прыкладу, заўтра.

— Але ж Новы год ёсць Новы год! Заўтра дваццаць пятага лютага, — запярэчыла я. — Мы амаль два месяцы жывём у новым годзе.

Руды пацёр лоб, пасміхаючыся нейкім сваім думкам.

— Вы, Вольга, жывеце сумна. Хто вам сказаў, што Новы год можна сустракаць толькі трыццаць першага снежня? Традыцыя?! А вы хоць раз у сваім жыцці парушце яе. Ну, згаджайцеся! Я лічу да трох: раз. два...

— Згода! — крыкнула я.

І мы пачалі весела абмяркоўваць, як лепш наладзіць наш заўтрашні «навагодні вечар». Было вырашана, што Руды пад’едзе пад Мінск, у Дом творчасці, і прывязе адтуль ёлку, я ж займуся прыгатаваннем вячэры. Назаўтра, амаль паўдня, я не адыходзілася ад пліты: варыла, смажыла... Пад вечар прыехаў Руды з ёлкай. З’явілася праблема цацак...

— Не бяда! Бярыце нажніцы і паперу. Зараз я пакажу вам, як лёгка выразаюцца самыя неверагодныя сняжынкі, а сам пабягу ў магазін па фарбы...

І якая атрымалася ёлка! Цяпер, калі з таго вечара прайшоў не адзін год, я разумею, што «ёлку» Руды рабіў для сябе, яму так схацелася, пад настрой. З гутарак аб ім я чула і не такое. Як правіла, вакол знакамітых людзей пляцецца шмат розных пагудак. Але ж для мяне тая «ёлка», той «Новы год» быў нечым большым. Думалася, што Руды зрабіў гэта спецыяльна, каб даць магчымасць зразумець мне, што з таго вечара для яго пачалося новае жыццё і я ў гэтым жыцці займу не апошняе месца, можа, нават галоўнае. Безумоўна, мне думалася пра каханне, мне хацелася яго, а чалавек, калі яму гэтага вельмі хочацца, можа пайсці нават на самападман. Што ж было пасля? Прыехала Галка, і пачалося ранейшае жыццё. Руды не заходзіў да нас, нават не званіў. А я сумавала. Прыгадвала яго позірк, асобныя словы, надаючы ім асаблівы змест, і маё ўяўленне пачынала маляваць перашкоды, якія заміналі Рудому дазваніцца да мяне. Тады я сама пачынала шукаць сустрэчы. Галку я не ўводзіла ў сваю таямніцу, не дзялілася з ёй сваімі думкамі, баялася, што яна пасмяецца з мяне, як з Ліны Верас. Праз самы кароткі час я ведала амаль усё пра Рудога: і хто яго сябры, і дзе ён звычайна абедае, і нават яго хатні адрас... Колькі разоў я наўмысна выбірала для прагулак месца пад яго вокнамі. Мне шанцавала: некалькі разоў я зводдаль бачыла ў акне яго постаць. А аднойчы твар у твар сустрэлася з ім ля рэдакцыі. Ён быў не адзін, але прывітаўся са мной ветліва, як са старой знаёмай, прыпыніўся на хвіліну, і яго вочы бліснулі, як мне падалося, пяшчотаю, сумам, жаданнем. Але мне, майму сэрцу, гэтага позірку было мала. Хутчэй за ўсё толькі ў кніжках пішуць, што каханне не вымагае ні сустрэч, ні слоў, што добра ад адной думкі: чалавек недзе жыве, магчыма, нават шчаслівы, і што табе трэба толькі радавацца за гэтае яго шчасце. Але ж на такое каханне мала хто пагодзіцца ў жыцці. Чалавечая натура не пазбаўлена эгаізму. Неяк я прыгадала словы Рудога, што ён адчувае сябе вольна толькі з малазнаёмымі людзьмі, тады ён на дзіва гаваркі, незалежны ад уласных пачуццяў. З блізкімі ж наадварот, — замыкаецца ў сабе, нібыта баіцца расшчыравацца душою. Гэтую рысу яго характару блізкія людзі звычайна прымалі за няўважлівасць, маўляў, свае павінны зразумець і так, нават з позірку. Нездарма ж ён сказаў мне пра гэта, думалася мне, значыцца, ініцыятыва павінна сыходзіць ад мяне...

Аднойчы, калі ўжо няспынна білі па тратуарах капяжы, мяне зноў пацягнула да дома, у якім жыў Руды. Некалькі разоў прайшлася па тратуары, раз-пораз пазіраючы на яго акно, у якім гарэў цьмяны агеньчык. На імгненне мільганула за тонкай фіранкай постаць Рудога, магчыма, браў з паліцы нейкую кніжку. «Але, што ж гэта я хаджу тут? — падумалася. — Навошта хаваю свае пачуцці ў сабе, выношваю спадзяванні на выпадковую сустрэчу? Ён так блізка, варта абмінуць рог дома і ўвайсці ў пад’езд. Магчыма, ён таксама не знаходзіць сабе месца, думае пра мяне, хоча бачыць». Бываюць такія хвіліны ў жыцці, калі самы нерашучы чалавек здольны на самы смелы ўчынак. Быццам нехта падштурхнуў мяне. Яшчэ раз зірнула на цьмяны агеньчык у акне і... праз некалькі хвілін убегла ў пад’езд. На мой званок дзверы доўга не адчынялі. Гаварылі, што Руды жыў разам з маці, і больш за ўсё я баялася, што выйдзе яна. Пазваніла яшчэ раз: я ж бачыла постаць Рудога ў акне, ён жа дома. Але вось за дзвярыма пачуліся крокі, шчоўкнуў замок, і я пабачыла Рудога. Спрабавала пасміхнуцца, а вусны не слухалі, нібыта зліпліся ад смагі.

— Ты шукаеш Галю? — ён рукою запрашаў зайсці.

— Я кахаю вас, кахаю шчыра, пакутна, — выпаліла я на адным дыханні, ды так гучна, што, здалося, рэха адгукнулася на першым паверсе. І адразу ж на мой голас у прахожай застукалі абцасікі...

— Алесь, хто там? Прычыні дзверы, у пакоі скразняк.

Чужым і незнаёмым здаўся мне ў той момант голас Галкі. На нейкае імгненне я затрымала позірк на Рудым і з усіх ног кінулася ўніз, пераскокваючы праз ступенькі. У той жа вечар я пакінула кватэру Галі Галушка. Вось такая, Алёна, гісторыя, і расказала я табе яе толькі таму, каб ты зразумела, што чалавечая істота здольная на ўсплёск пачуцця, на нейкі імгненны выбух, але гэта яшчэ не каханне. У цябе з Віктарам быў юначы парыў, які не перарос у сапраўднае пачуццё, таму ніколі больш не едзь у Зарачанскі, бывае між людзьмі прывычка, чалавечая прыязнасць, а пачуццё — рэдкае, яно як нечаканы падарунак лёсу, жыцця...

Я паглядзела на яе — яна не адвяла позірку, толькі сказала ціха:

— Я з вамі не згодна.

А пасля нечакана кінулася мне на шыю, моцна прыціснулася шчакою да маёй шчакі і прашаптала:

— Я не згодна! І вам, і мне, і любой другой жанчыне хочацца шчасця, хай сабе кароткага, але без яго нельга...

І гэты яе жэст крануў мяне. Некалькі хвілін я маўчала, а пасля запыталася, каб не вяртацца да ранейшай гаворкі:

— Слухай, Алёна, а што было б, калі б аднакурсніца не напісала табе, што ёсць месца ў Батанічным садзе? Ці засталася б ты ў Затонні?

— Безумоўна, не! — яна не думала, гэты адказ даўно выспеў у ёй. — Усё роўна прыехала б у Мінск.

— Ну, а чаму?

— Як вы не разумееце, Вольга? Я хачу жыць, жыць прыгожым, багатым жыццём, у мяне ж зямля пад нагамі гарыць, я хачу дзейнічаць... І ў вялікім горадзе больш магчымасцей.

— Якіх магчымасцей?

— Розных!

І Алёна пачала мне даказваць, што гарадскі настаўнік не вясковы. Калі б тое, што здарылася з ёю ў Падлессі, адбылося тут, у Мінску, для яе не існавала б ніякай праблемы. Яна проста пайшла б у другую школу. Не было б месца ў другой, паспрабавала б уладкавацца ў трэцюю. А вясковы настаўнік, у якое б становішча ён ні трапіў, абмежаваны адной школай, адным месцам жыхарства, дзе, магчыма, паспеў ён ужо абзавесціся такою-сякою гаспадаркай. А тут, тут у горшым выпадку можна перакваліфікавацца і пайсці працаваць на той жа самы завод, да прыкладу, хімікам. Для біёлага гэта прасцей простага. Яна гаварыла так, нібыта за плячыма ў яе жыццё, і гэта мяне палохала. Чалавек яшчэ не працаваў, а ўжо думае пра канфліктныя сітуацыі, пра пераход з адной школы ў другую... Гэта значыць, не верыць у сябе, у свае сілы, — распісваецца ва ўласнай слабасці. А ў горадзе так лёгка чалавеку разгубіцца... Горад, асабліва вялікі, дае чалавеку столькі ўсебаковай інфармацыі, што яна «забівае» яго, ён стамляецца і, урэшце, абмяжоўваецца самім сабою. А паспрабуй слабага чалавека пакінуць сам-насам з сабою, ад яго можна чакаць самага неверагоднага ўчынку, ці не таму ў горадзе больш крыміналу? Вось і Алёна... Пакідаецца з боку ў бок, а што далей? Трэба штосьці рабіць, паспрабаваць нейкім чынам дапамагчы ёй, калі ўжо так атрымалася, калі апынулася яна побач са мною.

І адразу ж прыгадала Петранкова. Ён жа працуе ў школе. Месца біёлага, канечне, пуставаць не будзе, але для пачатку, часова, можна ўладкавацца лабаранткай. Узялі б на працу, а метры для прапіскі недзе знайшлі б. Ігар працуе праз дзень, у іх цяпер якраз дзяжурства. Трэба пазваніць Лізе і папярэдзіць, што заўтра раніцою зайду да іх, каб перагаварыць з Гошам.

— Добра, — сказала Алёне, — спі, штосьці будзем думаць.

І праз нейкі час, не адкладваючы, пазваніла Лізе. Яе не аказалася на месцы. «На вызаве», — адказаў жаночы голас. Я сказала свой тэлефон і папрасіла, каб пазваніла, як толькі з’явіцца ў прыёмным пакоі. Алёна ўжо спала, відаць, натамілася за дзень, і, каб не будзіць яе, пайшла на кухню дапрацоўваць матэрыял.

Ліза пазваніла позна. «Прыязджай, — сказала яна.— Гоша з раніцы будзе дома. Толькі я ў гэту справу веру слаба. Добра ведаю іх дырэктара, ён на кампраміс не пойдзе».

І ўсё-ткі я вырашыла пагаварыць з Петранковым...

 

VI

Прачнулася рана. Алёну будзіць не стала. У свае планы не хацелася яе ўводзіць. Навошта дарма хваляваць? Добра, калі знойдзецца месца, а не, дык хай і не ведае пра гэта. Похапкам перакусіла і выйшла з кватэры.

Петранковы жылі ў новым мікрараёне, па дагавору наймалі аднапакаёвую кватэру. Але дабірацца да іх было зручна, з вуліцы, на якой я жыла, ішоў прамы аўтобус. Хвілін пяць пастаяла на прыпынку, аўтобус не падыходзіў. Што ж траціць час марна, трэба браць таксі... На маё шчасце, побач спынілася «Волга», шафёр пагадзіўся адвезці мяне па адрасу.

...Дзверы адчыніла Ліза.

— Ну, праходзь, я толькі што вярнулася з дзяжурства. Яшчэ не пераапраналася.

— А вы добра ўладкаваліся. Дакупілі мэблі? — сказала я, агледзеўшыся ў пакоі.

Я даўно не была ў іх. За гэты час прыбавілася шафа і мяккая прыгожая сафа.

— Збольшага... Ты ж ведаеш, частка мэблі не наша, а гаспадароў. Ты сядай, Волечка. Гоша зараз мыецца ў ванне, дык мы пакуль пагамонім, пап’ём чаю.

Ліза, напэўна, з хвіліны на хвіліну чакала мяне, таму што з кухні вярнулася хутка.

— Табе што-небудзь памагчы?

— Не, дзякую. Цукар і кубачкі тут. Учора ў Готы былі госці, яшчэ не паспела прыбраць.

— Ты так спакойна пра гэта гаворыш. Не баішся, калі госці прыходзяць без цябе?

— А чаго баяцца?

— А раптам жанчына? — пажартавала я.

— Э-э, — Ліза махнула рукой. — Яго я даўно не цікаўлю, не тое што яшчэ чужыя жанчыны.

Яна хутка разлівала чай.

— Значыцца, ты ўся ў клопатах? — пыталася ў мяне. — Ігар таксама часта ўспамінае пра гэтую вашу Алёну. Ну, што, сядзем за стол? — І ўжо, калі селі, спытала: — Куды гэта яна ездзіла?

— У Зарачанскі Гарадок, да знаёмых.

— А я, Волечка, гэтае пакаленне зусім не разумею, мы былі іншыя, ва ўсякім выпадку ведалі, чаго дамагаліся. А яны збяруцца статкам і пайшлі па вуліцах. Шчыра кажучы, я адна пасля адзінаццаці з дому не выходжу. Страшна...

— Ты сёння, Ліза, не ў настроі. Алёна не з тых, хто ходзіць «статкам», — сказала я. — Яна дарослы, самастойны чалавек і добра ведае, чаго хоча ў жыцці.

— Пры чым тут настрой? Давай, возьмем майго бацьку: чаго ён хацеў, да чаго імкнуўся? Да лепшага жыцця! А мы? У канкрэтным выпадку — я? Хацела быць падобнай да яго? Наогул, быў такі час, калі хацелася быць да некага падобным. Хіба не так? Ты ж, відаць, сама сачыненні ў школе пісала. А яны? Яны хочуць быць падобнымі самі на сябе...

— Дык хіба гэта блага? З гэтага пачынаецца асоба.

— Тады навошта ты клапоцішся пра гэтую «асобу»? Дай магчымасць ёй самой выявіцца. Але ў тым і бяда, што раскрыцца яна яшчэ не можа. Скончыла інстытут і тпр-р-р! Далей не едзе! Абы дыплом у кішэні, а ў жыцці можна ўладкавацца куды больш зручна.

— Калі на тое пайшло, дык ты сама нават да дыплома не імкнулася. Скончыла вучылішча і таксама: тпр-р-р! А чаму б табе не паступіць у інстытут?

— А тут, Волечка, ёсць свой прынцып: вышэй сябе не скочыш. Што каму выпадзе. Адзін рэцэпт выпісвае, другі хлеб пячэ, а трэці... Чай пі, прахалоне. — Ліза на імгненне задумалася, пасля сказала: — Добра, а цяпер паслухай, што ты сказала б наконт такой «асобы». У мяне знаёмая адна працуе ў стаматалагічнай клініцы. Аднаго разу прыйшла да іх прасіцца на работу дзяўчына звычайнай санітаркай. Расплакалася: маці памерла, бацька другую ў хату прывёў, ну, няма куды дзецца! Прыгрэлі, аблашчылі... Сама разумееш, у стаматалагічнай клініцы санітаркі не дужа перагружаны. Месяц, другі працуе, а пасля кажа, што збіраецца замуж выходзіць. І зноў слёзы: ні сукенкі, ні абутку добрага няма. Уся клініка скінулася, хто пяць, хто дзесяць рублёў... Недзе каля трохсот назбіралі на падарунак. Ёй пра гэта сказалі, дык яна ў адказ: «Можа б, вы цяпер грошы далі, тое-сёе прыкупіла б, каб як у людзей было». Аддалі грошы, і знікла дзяўчына: ні яе, ні вяселля. А праз тыдзень жанчына старэнькая прыходзіць: тут недзе дачка ў вас працуе, другі тыдзень дома не бачу. Вось табе і «асоба»... Ты таксама прылашчыла, і яшчэ невядома, чым гэтая Алёна табе аддзячыць.

— Па-першае, я нікога не прылашчвала, па-другое, калі стукаюцца ў дзверы, трэба адчыняць, а па-трэцяе, што ты супраць Алёны маеш? Маладая, разумная...

— Разумныя самі сябе ўладкоўваюць. За іх не трэба прасіць.

— Значыцца, па-твоему, трэба памагаць неразумным? А навошта, калі яны неразумныя?

— Ну, добра-добра, зараз пагаворыш з Гошам. Хай сабе будзе яна разумнай. — Ліза ўздыхнула: маўляў, што я табе даказваю прапісныя ісціны? Хвіліну-другую памаўчала.

Я таксама не абзывалася.

— Слухай,— Ліза ўсё-ткі не ўмела доўга маўчаць.— А якія адносіны ў цябе з Ігарам? Я ніяк не магу даўмецца.

— Самыя добрыя, Лізачка. Мы даўнія сябры, ты ж ведаеш.

— Дальбог, як дзіця! Няўжо ніколі не заўважала, што ў яго да цябе штосьці большае, як сяброўства? А можа, не хочаш гэтага заўважаць?

— Не заўважала, Ліза, і не хачу. Ты ўсё добра разважыла. Цябе Гоша гукае, чуеш?..

— Я ж забылася...— Ліза ўскочыла з крэсла. — Яму патрэбен ручнік.

Яна жыва падбегла да шафы.

— Ты пасядзі, — сказала мне. — Я хутка. Трэба ж

яму выцерціся. Можаш паглядзець у шафе сукенку, новую...

Сукенку глядзець я не стала. Успомніла Ігара. Навошта Ліза загаварыла пра яго? Калі б давялося некуды з’ехаць на год, на два, на тры... я шчыра, ад сэрца была б рада гэтаму твару, я пляскала б у ладкі, як дзіця, калі б зноў пабачыла яго, я смяялася б, і радасць была б непадробнай. Але цяпер тут, у Мінску, калі амаль кожны дзень чую яго голас па тэлефоне і праз дзень бачуся, ён для мяне толькі сябар, добры, верны, якому ні ў чым ніколі не змагла б адмовіць, акрамя як раскрыць перад ім сваё сэрца...

— Волечка, — у пакой вярнулася Ліза. — Спадзяюся, ты прабачыш Гошу за халат. Яму яшчэ рана апранацца ў школу.

Ліза несла ў руках вялікі паднос, загружаны вінаградам, асцярожна паставіла яго на стол.

— Аказваецца, я дрэнная гаспадыня, не ведаю, што робіцца ў хаце. Атрымалі ўчора пасылку, нейкі даўні Гошаў сябра даслаў з Кішынёва, а я дазналася толькі сёння. Каштуй, — запрасіла яна.

— Добра, дзякую, але я хачу вярнуцца да «халата». Як-ніяк, я — жанчына! — і сама сабе падумала, як смешна яна сказала, што Гошу яшчэ рана апранацца ў школу. Хіба ён дзіця? — Мы ж людзі, Лізачка, дык чаму нават самыя нязначныя сустрэчы між намі не пераўтвараюцца ў свята? Маленькае, але ж свята! Чаму калі мы ў сябе дома, дык павінны быць абавязкова «хатнімі».

— Можна падумаць, што ты абыходзішся без халата? — Лізе яўна не спадабалася гэтая заўвага. — Ну, дзе ён? Го-оша, ты хутка?!

Петранкоў увайшоў у пакой у джынсах і добра адпрасаванай кашулі, магчыма, чуў нашу размову. Я весела падміргнула Лізе, маўляў, вось табе і халат! Паднялася яму насустрач.

— Ты, Гоша, прабач за ранні прыход.

— Што ты, гэта я павінен прасіць прабачэння, доўга прымусіў чакаць. Але ж Ліза не паспела папярэдзіць.

— Ты павінен памагчы Вользе, — сказала Ліза.

— Не мне, а Алёне, — удакладніла я.

— Якая розніца, — яна паціснула плячыма. — Што ж ты стаў у дзвярах, вазьмі чайнік, трэба падагрэць ваду.

— Абыдземся без чаю, — сказала я. — Колькі можна. — Мне не падабаўся гэты яе тон. І Гоша таксама разгублена пазіраў то на мяне, то на Лізу, не ведаючы, што ж яму рабіць: ці ісці з чайнікам на кухню, ці садзіцца за стол побач з намі.

— Добра, у такім выпадку сядай на маё месца, — Ліза пагадзілася з маімі словамі. — Вы тут гаварыце, а мне трэба тое-сёе зрабіць, пайду замачу бялізну.

Яна выйшла. Гоша ўсміхнуўся мне. Без Лізы ён адчуваў сябе больш вольна.

— Ты, Волечка, як пасля адпачынку. Усё маладзееш!

— Угу-у, ведаеш, калі мне было васямнаццаць, мне ўсе давалі дваццаць пяць. Калі ж стукнула дваццаць пяць, пачалі даваць васямнаццаць. Ну, а цяпер прыкінь, калі па ўбываючай...

— А дакладна?

— Які ж ты, Гоша, дапытлівы! Жанчыне столькі год, на колькі яна выглядае.

— Значыцца, васямнаццаць! Слухай, Вольга Барысаўна, а давай я табе, нарэшце, пакажу сваю калекцыю. У мяне папаўненне. Удалося зрабіць удалы абмен. У выніку маю дзве «барацінкі» брэсцкай вытворчасці за 1666 год.

— Ты мне спачатку растлумач, што такое «барацінка».

— Ад Бараціні, буйнейшага на той час арандатара Кракаўскага манетнага двара. Але ж гэта ўжо гісторыя, калі табе цікава, магу расказаць падрабязней.

— Мне цікава, Гоша, але давай іншым разам. Калінебудзь зайду спецыяльна. Цяпер чакае работа, я і так заседзелася. Ты лепш скажы такую рэч, ці нельга было б да вас у школу ўладкаваць дзяўчыну, маю кватарантку, ты ж, пэўна, ведаеш.

— Тая самая, што была ў Ігара на дні нараджэння?

— Яна.

— Я трошкі ў курсе. А што ў яе з прапіскай?

— Пра тое і гаворка, што прапіскі пакуль няма. Наогул нейкае замкнёнае кола: на работу не бяруць, таму што няма прапіскі, а калі б і адшукаліся нейкія метры, не прапішуць, таму што няма работы.

Гоша развёў рукамі, маўляў, у гэтай справе ён не дарадца.

— Наўрад ці што атрымаецца ў школе,— сказаў, нібыта між іншым, і прапанаваў: — А ўсё-ткі, давай я табе пакажу свае «скарбы».

— Гоша, у мяне сур’ёзная справа. Мы, здаецца, гаворым пра Алёну.

— Мне ты можаш не расказваць, я ўсё разумею,

але ж я не дырэктар школы.

— Я і хачу пагаварыць з дырэктарам.

— Калі ласка, хіба я забараняю!

— Разумееш, калі я пайду сама па сабе, чалавекам «з вуліцы», трэба будзе прадставіцца, сказаць хто такая, дзе працую, а мне не хацелася б гэтага. Навошта лішнія, неабавязковыя размовы, хочацца проста, як чалавек з чалавекам. Ты зайдзі да яго, скажы, што ў цябе ёсць добрая знаёмая і што ў гэтай знаёмай ёсць да яго справа. А там я пагавару сама.

— Дарма, наадварот, сказала б, што з газеты. Магла б нават зрабіць нейкі матэрыял для таго ж радыё. Наш дырэктар гэта любіць, а тады і пра дзяўчыну сваю загаварыла б.

— Ты ж педагог, Гоша.

— Пры чым тут педагог? Жыццё ёсць жыццё!

Мне адразу ж успомнілася нядаўняя размова з Лізай, яе расказ пра дзяўчыну, якая ўладкавалася санітаркай, а пасля знікла з грашыма...

— Слухай, — сказала я. — Вось тут Ліза мне адзін выпадак расказала. Ну, канечне, ёсць розныя людзі і сярод моладзі, і сярод пажылых. Але чаму трэба прыкмячаць толькі горшае, тое, што не адпавядае чалавечаму жыццю, і вось па такіх «асобах» раўняць астатніх? Колькі вакол цудоўных людзей, ці гэта толькі мне адной усё выдаецца ў ружовых адценнях? Не разумею... Вось і ты таксама! Якая розніца: хто прыйдзе да дырэктара: супрацоўнік рэдакцыі ці проста твая знаёмая? Яны ж абое прыдуць па адной і той жа справе. Але ты перакананы, што тваёй знаёмай дырэктар адмовіць, а калі супрацоўнік газеты, дык у цябе яшчэ ёсць сумненне: можа, і атрымаецца. Хіба не так? А гэта ж голы практыцызм! Дык давай у такім выпадку прывесім ярлыкі і будзем хадзіць з гатункамі: хто першы, хто другі, сыходзячы з адукацыі, з пасады...

Гоша пачырванеў, магчыма, адчуў, што сапраўды сказаў штосьці не тое, а можа, проста не ўспрыняў мой тон — я гаварыла рэзка. Відаць, яму не спадабалася гэтая размова, і, каб скончыць яе, прапанаваў:

— Што ж ты сядзіш, еш вінаград. А можа, падагрэць чай? Пайду, пастаўлю чайнік.

— Не трэба, Гоша. Мне час ісці. З табою дамовіцца цяжка. Я табе пра справу, ты мне пра свае «скарбы». Замест таго каб штосьці параіць, ты мне — еш вінаград!

— А што табе параіць? Я не бачу асаблівай прычыны для тваіх клопатаў. Ну, не возьме яе дырэктар без прапіскі. Ёсць узаконеная пашпартная сістэма, а супраць закона ніхто не пойдзе. І наогул, ці патрэбна ёй гэта? Мне што, я скажу дырэктару. Прыходзь каля трох у школу...

І пасля ўжо, едучы ў аўтобусе, я яшчэ раз прыгадала гэтыя словы Гошы: ці патрэбна ёй гэта? І сапраўды — чаму абавязкова Мінск? Ну, была б нейкая прычына, асаблівыя абставіны. Яшчэ можна было б зразумець простую вясковую жанчыну, якой абрыдла цягаць чыгуны, праводзіць і сустракаць карову з поля, даглядаць немалы гарод ці таго ж самага трактарыста, які мардуецца ў полі, а тут, калі ласка, завод! Або зноўтакі, колькі дзяўчат і хлопцаў з мінскай прапіскай пакідаюць горад і едуць на тую ж самую перыферыю, а тут застаюцца ў іх бацькі, сябры, тут іх дом, а яны едуць абжываць незнаёмы кут. Можа, так і сказаць ёй, што ў чалавека перш за ўсё павінна быць мэта, і не абы-якая, а мэта ўсяго яго жыцця, у рэшце рэшт, звычайнае прызванне, а не «напісала аднакурсніца», што ёсць месца біёлага ў Батанічным садзе, і паехала

стрымгалоў! А ты ж па прызванню — педагог! Дык значыцца, не было прызвання? Значыцца, справядліва вырашыла Ліза: абы дыплом, маўляў, без паперкі цяпер нельга. І ўсё-ткі, нягледзячы на ўсе гэтыя разважанні, да дырэктара я вырашыла пад’ехаць, дзеля прынцыпу: калі ёсць у цябе нейкая магчымасць памагчы, — памагай! З гэтай думкай і прыйшла ў рэдакцыю...

Яшчэ ў калідоры сустрэла Рагулю. «Дзе ты затрымліваешся, — сказала яна, — цябе з раніцы шукае рэдактар».

Заходзіць у аддзел не стала, адразу ж пайшла да рэдактара. Аказваецца, прыйшло пісьмо ад маладой вясковай настаўніцы, недзе з-пад Гомеля, у якім яна скардзілася на зняважлівыя адносіны з боку асобных настаўнікаў.

— Трэба паглядзець, што там такое, — сказаў рэдактар. — Настаўнік на сяле заўжды навідавоку. Пра які ж аўтарытэт можна гаварыць, калі між сабою не ладзяць? Адным словам, азнаёмцеся. Думаю, дні тры будзе дастаткова...

«Значыцца, камандзіроўка! І там таксама настаўнікі: як насланнё якое!» — падумала, выйшаўшы з кабінета. Але ж загад ёсць загад.

Прыйшоўшы да сябе ў аддзел, прачытала пісьмо. Аказваецца, матэматыку ў школе выкладала жонка дырэктара, год назад у школу прыехала гэтая маладая настаўніца, таксама матэматык. Не падзялілі гадзіны, і распачалася вялікая сварка, якая перакінулася і на гэты год. Што ж, пабачым! Быў час абеду, а з Гошам мы дамовіліся сустрэцца недзе каля трох. Дамовіліся! Прымусіла пагаварыць яго з дырэктарам. А ці варта было наогул ехаць да Петранковых? Упікала Гошу, а сама... Разлічвала на больш лагодны прыём з боку дырэктара. Усё-ткі знаёмая настаўніка падначаленай яму школы!

Школа, дзе працаваў Гоша, была недалёка, пайшла пешшу, час яшчэ быў. Што ж эта Ліза пыталася, якія ў мяне адносіны з Ігарам? Няўжо ён надае нашым сустрэчам нейкі асаблівы сэнс? Я для яго не чужы чалавек, ён сам часта гаварыў мне пра гэта, але ж пачуццё, якое завём мы каханнем, гэта штосьці іншае,— тая самая вялікая таямніца, якую ніхто не можа разгадаць. Ігар часамі быў няўважлівы да мяне. Ён мог гадзінамі гаварыць са Стажковым, з той жа Лізай, а са мною звычайна адмоўчваўся, не знаходзіў тэмы... Колькі разоў прызнавалася я сабе, што той хлопчык, якога я ведала яшчэ ў школе, падабаўся мне больш, як цяперашні. У таго я была амаль закаханая, з гэтым магла падзяліць толькі сяброўства.

Трэба будзе пазваніць Ігару ці нават зайсці да яго. Навошта? Каб пабачыцца перад ад’ездам у камандзіроўку? Не. Трэба ж на некага пакінуць Алёну, а магчыма, ён прапануе свой варыянт, калі нічога не атрымаецца ў школе. Ёсць жа ў яго знаёмыя, акрамя службы.

А вось і школа... Гошу, пэўна, трэба шукаць у настаўніцкай, а можа, якраз будзе на ўроку. Тады зайду да дырэктара сама.

Гравійная сцяжынка, густа абсаджаная бэзам, вяла да ганка. Пасля шумнай вуліцы ў школьным калідоры было нязвыкла ціха. Запыталася ў дзяжурнай, на якім паверсе настаўніцкая. Тая пацікавілася, хто мне патрэбен.

— Петранкоў? Ён толькі што сыходзіў уніз. Прайдзіце на другі паверх, настаўніцкая там.

Значыцца, Гоша чакае. Хуценька паднялася на другі паверх і тварам у твар сутыкнулася з ім.

— Спазняешся? — сказаў ён. — Я ўжо другі раз сыходжу ўніз.

— Ведаю. Сказала дзяжурная. Ты бачыў дырэктара?

— Ён у сябе, гаварыў з ім...

Ля кабінета дырэктара я спынілася. Дастала з сумачкі люстэрка, паправіла прычоску.

— Ты таксама зойдзеш? — запыталася ў Гошы.

— Зайду, пазнаёмлю... Гаварыць будзеш сама, У мяне праз дваццаць хвілін пачнецца ўрок.

І Гоша адчыніў дзверы, прапускаючы мяне...

Дырэктар сустрэў нас ветліва, падняўся насустрач, далікатна паціснуў руку, запрасіў сесці. У яго была абаяльная ўсмешка і прыемны твар.

— Значыцца, знаёмая Георгія Маркавіча? Та-аак! — позірк у яго быў мяккі і ўважлівы.

— Я пайду, Павел Сямёнавіч.

Гоша відавочна не хацеў прымаць удзелу ў гаворцы.

— Калі ласка, — дырэктар згодна кіўнуў.

Называецца — пазнаёміў, падумала я. Толькі і сказаў: «Вось тая самая жанчына, пра якую я гаварыў». Добра, што хоць звярнуўся да дырэктара, цяпер буду ведаць, што ён Павел Сямёнавіч.

— Ну дык што там у нас за справа? — запытаўся дырэктар, ледзь толькі зачыніліся за Гошам дзверы.

Я не ведала, з чаго пачаць, і ўпікнула сябе за тое, што нават не абдумала, як лепш павесці гаворку. Усёткі, як цяжка прасіць менавіта аб дапамозе. Лягчэй дапамагчы. А што такое дапамога? Хутчэй за ўсё сцвярджэнне самога сябе, адчуванне сваёй перавагі перад тым, хто просіць. Але ж яшчэ ёсць душа, ёсць паняцце «ад душы». Немагчыма адмовіць, таму што не дазваляе душа. А ці заўжды так? Я ніколі не паважала «прасільшчыкаў», аматараў скардзіцца на жыццё. Калі ўжо дзелішся нечым сваім, дык дзяліся радасцю. Навошта ж засмучаць сваім горам іншых? Але як жа тады дапамога? Выходзіць, яна непатрэбна, Калі ўсе будуць сваю бяду трымаць пры сабе? Толькі як бы там ні было: сёння я сама выступала ў ролі «прасільшчыка». Дык прасі...

— Павел Сямёнавіч, — сказала я. — У Мінск прыехала дзяўчына, харошая і разумная. У гэтым годзе яна скончыла Брэсцкі педінстытут, біёлаг, і вось цяпер ёй трэба недзе ўладкавацца на працу.

— У яе свабодны дыплом?

— Не, было накіраванне ў раён.

— Дык навошта ёй уладкоўвацца, калі яна ўладкавана?

— Вы не зразумелі мяне. Яна хоча ўладкавацца на працу ў Мінск. Магчыма, у вас ёсць месца?

— А вы не звярнулі ўвагі на шыльду, якая прымацавана да сцяны будынка.

— Не.

— Дарэмна, там напісана, што ў гэтым будынку знаходзіцца школа, а не кантора па ўладкаванню на працу. Вы ўяўляеце, колькі ў нас у рэспубліцы раёнаў, і калі з усіх іх пачнуць з'язджацца ў Мінск учарашнія студэнты, ім не хопіць вучняў, давядзецца вучыць саміх сябе. А дарэчы, на якой падставе далі ёй адмацаванне?

— У тым і справа, што адмацавання не далі.

Дырэктар захадзіў па пакоі, пасля спыніўся каля мяне:

— І вам не сорамна? — ён пазіраў насмешліва.— Вы ж дарослы чалавек, ходзіце, шукаеце месца. Вы што, наняліся да яе адвакатам? Шкада, што не прыйшла яна сама, я пагаварыў бы з ёю! Вы прабачце, учора прыходзіла да мяне маці з дачкою, падобная сітуацыя, але тая мінчанка, баіцца ад’ехацца ад бацькоў, з-за чаго ж ваша сарвалася? Мінск! Сталіца!.. Усё гэта несур'ёзныя выбрыкі. З’ехала... Кінула сваё месца... А вы ўяўляеце на фронце... на перадавой... Што было б, калі б нейкі артылерыст кінуў сваю пушку... Прабачце, можа, я параўнаў няўдала, але ж...

— Яна біёлаг, а ёй прапанавалі групу падоўжанага дня. Адмовілася, таму што не па спецыяльнасці.

— Не веру! — катэгарычна сказаў Павел Сямёнавіч. — Тым больш Брэсцкі педінстытут... У вобласць дакладна паступаюць запытанні з раёнаў. Калі б не было вольнага месца, яе б ніхто не накіраваў бы туды. Пра што мы з вамі гаворым! Яна настаўнік, якая розніца, што выкладаць, галоўнае вучыць.

— Я не згодна. Тут ужо прынцыповасць, уласнае «я»!

— Якая прынцыповасць, дарагая вы мая, — адразу ж запярэчыў дырэктар. — У тым і бяда, што біёлагу прапаноўваюць групу падоўжанага дня, а недзе ў другім раёне біялогію выкладае, да прыкладу, гісторык. А ўсё чаму? Таму што знаходзяцца вось такія асобы, якім напляваць на выпрацаваныя законы. Схацела — паехала, схацела — не! Як-небудзь абыдзецца! Выключная беспрынцыповасць! У такіх выпадках трэба пазбаўляць дыплому!

— Гэта занадта. А як жа тады выхаванне маладога пакалення?

— Вы сур’ёзна? — дырэктар паглядзеў на мяне доўгім позіркам. — Выхаваць можна дзіця. А калі ты выйшаў з узросту дзіцяці, дык будзь ласкавы выхоўвай самога сябе. І свае ідэалы, і свае прынцыпы! Мы занадта многа выхоўваем.

— Будзем лічыць, што ў нечым я з вамі згодна. Але, скажыце, што ёй цяпер рабіць? Становішча яе не з лепшых.

— Што ра-а-абіць? Працаваць! Я зараз жа, пры вас, магу пазваніць у Міністэрства асветы, і праз гадзіну пытанне вырашыцца.

Я маўчала. Дырэктар адышоўся да акна. Падвойныя рамы яшчэ не ўстаўлялі, і на падаконніках стаялі вазоны. Ён крануў рукою кактус...

— Вось вам расліна, сухая, калючая. Ніякай асаблівай глебы не патрабуе, вільгаці таксама. Хоць у жвір пасадзі і не палівай месяц, а яна ўсё роўна расшчыруецца кожныя два гады такою квеценню, такім хараством! А тут, чорт ведае што! Інстытуты, турбазы, пуцёўкі, ого-о, які догляд! І ўсё роўна можа стацца так, што замест квецені адны калючкі. Адным словам,— ён вярнуўся на сваё ранейшае месца за стол, — у мяне калектыў укамплектаваны. Не крыўдуйце, але я дапамагчы не магу. І вам не раю. Яна кім вам даводзіцца? Сваячка?

— Знаёмая.

— Цудоўна! Скажыце сваёй знаёмай, хай вяртаецца на ранейшае месца, у раён. Сёння другое кастрычніка, месяц, як пачаліся заняткі ў школе.

...Я выйшла ў калідор, здаецца, не чула званка, а быў час перапынку. Значыцца, Гоша яшчэ ў настаўніцкай. Трэба развітацца з ім і заадно пазваніць Ігару.

— Дзе тут у вас настаўніцкая? — запыталася ў хлопцаў, якія стаялі ля акна і штосьці шумна абмяркоўвалі.

— Прайдзіце ў канец калідора. Апошнія дзверы направа.

Але дайсці да настаўніцкай не паспела: залівіста зазвінеў званок. Яшчэ зводдаль заўважыла Петранкопа, паскорыла крок і не паспела: ён увайшоў у бліжэйшы да настаўніцкай класны пакой. Калідор хутка пусцеў. Ну, што ж, відаць, заходзіць у настаўніцкую не варта, пазваню Ігару з аўтамата...

Ён быў дома. Дамовіліся, што зайду да яго праз гадзіну. Пакуль ішла да аўтобуснага прыпынку, зноў думала пра яго. Дзіўная рэч, часам жыве чалавек побач, ты сустракаешся з ім штодня, абменьваешся нязначнымі словамі і, развітаўшыся, ніколі не вяртаешся да яго ў думках. А пасля выпадкова дазнаешся пра нейкую яго таямніцу, якая так ці інакш выдзяляе яго між іншымі, робіць загадкавым, адным словам, чалавекам адметным. І ты ўжо пачынаеш па-інакшаму ставіцца да яго, пры сустрэчы больш уважліва ўзіраешся ў твар і вітаешся па-інакшаму, і не скажаш у адказ, калі ён загаворыць з табою, першае, што прыйшло на язык. Штосьці падобнае адбылося і са мною. Не запытайся Ліза пра адносіны з Ігарам, я, магчыма, і не думала б цяпер пра яго. Чамусьці параўнала сябе з маладой дзяўчынай, якая, абмінаючы мяне, звярнула да пераходу на супрацьлеглы бок вуліцы. Параўнала і пасміхнулася ад раптоўнай думкі: чалавек ніколі не ўступае ў спрэчку з часам. Здаецца, нават ёсць карціна ў нейкага іспанскага мастака: гадзіннік, які плавіцца. Час нельга абмежаваць формай. Але гэты працэс натуральны: праходзяць гады, а ты бачыш сябе такім, якім жадаеш бачыць, не прыкмячаеш ні маршчын, ні змененай з гадамі паходкі... У такім выпадку трэба верыць толькі духу, унутранаму стану. У той момант прызналася сабе, што не хацелася саступаць дзяўчыне, дакладней, саступаць яе маладосці.

Да Ігара прыехала раней дамоўленага. Ён нават не паспеў прыбраць канапу, пэўна, адпачываў пасля начнога дзяжурства. Гэтым я вытлумачыла незадаволенасць у яго голасе. Чалавек павінен заўжды быць дакладным. А што гэта: умоўнасць ці патрэбная рыса? Канечне ж, Ігару не хацелася, каб я бачыла, як прыбірае ён канапу, наводзіць такі-сякі парадак у пакоі. Трэба было затрымацца на хвілін дваццаць. А можа, з гэтага пачынаецца сухая педантычнасць?!

— Ты пасядзі, Оля, — сказаў Ігар. — Чым-небудзь займі сябе, а я схаджу ў магазін. Пэўна, хочаш есці?

— Не трэба. Думаю, ёсць у цябе бульба? Давай зробім дранікі.

Ён пагадзіўся. І неўзабаве, апрануўшы яго халат, я цалкам узяла клопаты па кухні на сябе. Ігар не замінаў, але ж і не пакідаў мяне адну. Прысеў да стала і моўчкі назіраў за мною.

Гаворыцца, што часам маўчанне выразней за ўсякае слова. Я ніколі не згаджалася з гэтым. У розных жыццёвых сітуацыях чалавек заўжды чакае слова: разумнага, шчырага, спагадлівага і ласкавага ці наадварот. Колькі разоў даводзілася чуць: лепш накрычаў бы, выказаў усё, што набалела, толькі б не маўчаў.

— Алёна вярнулася з Зарачанскага, — сказала я.

— Ну, і што там у яе?

— Не «што», а «хто»? Знаёмы адзін, яны сябравалі ў школе.

— Значыцца, ездзіла да яго? Гэта таксама трэба. А ўсё астатняе ў яе па-ранейшаму? — запытаўся Ігар.

— Ці не думаеш ты, што мы жывём у казцы: дзень, два, і Алёна працуе ў Мінску. Я была ў школе ў Петранкова. Гаварыла з дырэктарам наконт Алёны, і нічога не выйшла. Дарма ездзіла.

Ігар іранічна пасміхнуўся.

— Наіўны чалавек, хто ж яе возьме ў школу без прапіскі. Калі б яшчэ на завод...

— Куды? На які завод? У яе дыплом настаўніцы.

— А-ай, — Ігар махнуў рукою. — Кінем гэтую гаворку. Пры чым тут Алёна? Мы з табою цяпер адны...

— Ну і што? — сказала я насцярожана.

Такая ўжо істота жанчына, яна заўжды імкнецца да канкрэтнасці. Мы з Ігарам былі толькі сябры, але гэтае яго «мы з табою цяпер адны...» сведчыла, што Ліза сапраўды ў нечым мела рацыю. Але адкрый мне Ігар цяпер сваё сэрца — і я ніколі не змагла б не тое што зайсці да яго, — пазваніць яму. І толькі таму, што не змагла б адказаць узаемнасцю, а ў таемных адносінах недамоўленасці быць не можа.

— Вольга, — Ігар звярнуўся да мяне нязвыкла ціха. — А ты ніколі не задумвалася, чаму я да гэтага часу адзін?

І я разгубілася. Сказаць яму «не» — значыцца навесці на наступнае пытанне. А запытацца «чаму» — прыйсці да ўсё той жа канкрэтнасці. Трэба неяк вельмі тонка перавесці гаворку на штосьці іншае. І, як выратаванне, быў званок у дзверы...

Прыйшоў Стажкоў. Колькі я ведаю яго, ён амаль заўжды быў у прыўзнятым настроі.

— Тышкевіч, а я да цябе завярнуў на «пах», — сказаў весела, ледзь не з парога.

— Нічога асаблівага! Дранікі...

І па голасе Ігара я здагадалася, што ён асабліва не ўзрадаваўся прыходу Аліка.

— А хіба ў цябе да ўсяго яшчэ і дранікі? Я ішоў на пах духоў. І не памыліўся, здаецца, бачу паліто Вольгі?..

І неўзабаве мы ўтраіх распачалі даволі сціплую вячэру. У асноўным гаварыў Алік, у яго з’явілася задума новай карціны, і цяпер ён днямі карпеў у майстэрні.

— Гэта будзе «Каханне», — ледзь не крычаў Стажкоў. — Не тое, да якога прывыклі ў палотнах, дзе абавязкова двое: на вуліцы, у скверы, на лузе. Гэта будзе «Каханне», калі ўсё рушыцца. Будынкі ўзрываюцца феерверкамі цэглы, горы расколваюцца, як арэхі, зямля расхінаецца безданню. І над усім гэтым знішчальны чырвоны смерч, ён паліць усё датла...

— Ці застанецца тады твая карціна, калі ўсё «датла»? Яна ж ператворыцца ў попел, — Ігар смяяўся вачыма: засмяяцца ўслых, значыцца, выклікаць Аліка на спрэчку. Але Стажкоў і без таго быў гатовы спрачацца.

— Смяешся, Тышкевіч?! А я хацеў бы, разумееш, хацеў бы, каб у нейкі момант палатно ўсхапілася ад пэндзля, зашугала полымем. У той момант можна было б і памерці з думкаю, што ты ўсё ж мастак.

Зазваніў тэлефон. Ігар зняў трубку.

— Не будзем яму замінаць, — сказаў Стажкоў. — Выйдзем на кухню, я табе раскажу, як узнікла ідэя карціны, што дало штуршок. — Алік ледзь не цягнуў мяне за руку, яму карцела раскрыцца. Ігар рукою супыняў нас. Па асобных словах я зразумела, што званіла Ліза.

— Пачакай, Алік. Не абавязкова выходзіць на кухню, можна гаварыць і тут. Што кажуць вашы мастакі пра нядаўнюю выстаўку скульптуры?

— Самае рознае, — Алік гатоў быў пераключыцца на новую тэму. — Ёсць работы выдатныя, ёсць нецікавыя. А чаму ты пытаешся?

— Дзеля адной цікаўнасці. Для мяне скульптура заўжды была таямніцай. Не разумела, як можна з таго ж самага гіпсу, з кавалка бясформеннай матэрыі вылепіць чалавечы твар і да ўсяго надаць яму падабенства канкрэтнай асобы.

— О-о! Падобна, у вас ужо дыскусія!

Ігар далучыўся да нас. Яго штосьці непакоіла, я заўважыла гэта адразу, таму запыталася:

— Нейкая непрыемнасць?

— А-а, — Ігар сеў за стол. — Ліза ў сваім амплуа. Ёй з Петранковым падалося, што пасля тваёй размовы з дырэктарам, той пачаў глядзець на Гошу коса. Нават узлаваўся з-за дробязі і не паслаў на абласную канферэнцыю, як меркавалася.

Я не магла стрымаць смеху. Якое глупства! Цяпер, што б там ні здарылася з Гошам, усё будзе валіць на маю галаву. Чаму гэта так? Хутчэй за ўсё ад дурасці. А можа, празмерная чалавечая асцярожнасць ці баязлівасць? «Навошта ўмяшаўся? А што, калі дырэктар падумаў, што я і сам патураю гэтай самай Алёне, а яшчэ больш хачу памагчы ёй?» І Гошу пачынае здавацца, што дырэктар на самой справе так думае, і ў кожным позірку, у кожным слове дырэктара яму чуецца: «А я ведаю, Петранкоў, што ты не такі ўжо і правільны, ты здольны пайсці супроць закону».

— А пра што ты гаварыла з дырэктарам? — запытаўся Ігар.

— Вось дзівак, цікавілася, ці ёсць вольнае месца біёлага.

— Для Алёны? — запытаўся Алік.

— Для каго ж яшчэ!

— Ну і як?

— Як бачыш, на Гошу глядзяць коса!

Стажкоў засмяяўся.

— Па ўсяму відаць, што за гэтую справу трэба ўзяцца мне і пачаць яе з прапановы.

— Якой? — абазваўся Ігар.

— Стаць маёй жонкай. Кватэра ў мяне двухпакаёвая, маці жыве ў сястры, як-небудзь размясціліся б. Алёна ў адным пакоі, я — у другім!

— Дык, можа, ты без сваёй прапановы прапішаш яе? — запыталася я.

— А на якой падставе? — пытаннем на пытанне адказаў Алік.— А так аформім фіктыўны шлюб... Ну, а з цягам часу можа стацца, з’явіцца тое адзінае, што завём мы каханнем, тады наогул усё будзе законна.

— Ну-ну, а раптам назаўтра ж пасля твайго «шлюбу» Алёна закахаецца або ты сустрэнеш жанчыну, без якой не ўявіш свайго жыцця. Разыграць пачуццё дзеля выгоды! Ну, ведаеш... Давай-ка лепш будзем есці дранікі.

Алік падсунуў бліжэй талерку.

— Па-першае, выгода для Алёны, — сказаў ён .— Я наадварот — звязваю сабе рукі ў імя цудоўнага — Чалавека!

Пакуль я гаварыла са Стажковым, Ігар аднёс сваю талерку на кухню. Здавалася, ён абдумваў нейкае сваё рашэнне і, сапраўды, ледзь толькі зноў увайшоў у пакой, адразу ж уключыўся ў размову.

— Кіньце вы! Калі ўжо зайшла такая гаворка, дык давайце па-сур’ёзнаму.

— Што ж, гаварыце сур’ёзна, я — пас! — і Алік адышоўся да акна, маўляў, разбірайцеся самі, калі такія сур’ёзныя і разумныя, а я лепш пагляджу на вечаровы горад.

— Ты нешта хочаш прапанаваць? — запыталася я ў Ігара.

— Я нечакана ўспомніў, што месяцы тры назад у мяне быў выклік да дырэктара камвольнага камбіната. Мужчына гаваркі, вясёлы, слова за слова — і амаль сябры! Пасля некалькі разоў я даставаў яму адно хадавое лякарства. Недзе запісаны яго тэлефон.

— А пры чым тут камвольны? — я не разумела Ігара. — З вышэйшай адукацыяй туды не возьмуць, гэта па-першае, а па-другое, яна сама не пагодзіцца. Навошта казе баян, яна педагог, а не ткачыха.

— Ты спачатку выслухай мяне. На камвольным ёсць інтэрнаты, ім бывае патрэбны выхавацелі, кадры там няўстойлівыя. Гэта, канечне, не тое, што хацелася б, але затое Алёна будзе мець прапіску. Яе прапішуць у інтэрнат. Калі што будзе, дырэктар мне не адмовіць, я ўпэўнены.

Я пагаджалася з Ігарам. Колькі жанчын з дыпломам настаўніка працуе выхавацелькамі ў дзіцячых садах і яслях! Нічога страшнага, калі і Алёна папрацуе выхавацелькай у рабочым інтэрнаце. Без цяжкасцей там не абысціся, але гэта ўжо школа жыцця, побач не дзеці, а дарослыя людзі.

— Добра, — сказала я Ігару. — Пагавару сёння з ёй, і, калі Алёна будзе згодна, пазвонім табе. Тады бяры на абардаж свайго дырэктара...

І пасля ўжо, едучы дамоў, я яшчэ раз вярнулася да гэтай яго прапановы. Некалькі гадоў назад мне даводзілася быць у такім рабочым інтэрнаце, размаўляць з той жа самай выхавацелькай. Але што такое яна пры інтэрнаце? Арганізатар адпачынку, чалавек, які сочыць за парадкам. Памятаю, тая выхавацелька скардзілася на святочныя дзяжурствы, калі ў інтэрнаце асабліва тлумна. Ты запрашаеш дзецюка на лекцыю а ў яго свае планы: хочацца паспаць ці пасядзець за сталом з сябрамі, і пасылае ён цябе з тваёй лекцыяй у далёкую-далёкую даль... Але ж камбінатаўскі інтэрнат у асноўным дзявочы. Алёна з дзяўчатамі недзе ў адным узросце, гэта з аднаго боку добра: лягчэй будзе гаварыць з імі, а з другога: як паставяцца да яе дзяўчаты, без павагі ў калектыве нельга. Ці будзе яна для іх аўтарытэтам? А хіба ў той жа самай школе няма цяжкасцей? І думкі завірыліся вакол маёй камандзіроўкі. Калі журналіст выязджае «па скарзе», ён робіцца падобным на следчага. Перш за ўсё трэба будзе завітаць да старшыні калгаса, чалавека нейтральнага, каб атрымаць ад яго нейкую інфармацыю аб школе, аб калектыве настаўнікаў. Чамусьці ўспомнілася адна даўняя размова з Гошам Петранковым, ён абураўся на журналіста, які напісаў для «Вячоркі» фельетон пра настаўніка. Маўляў, фельетон маглі прачытаць і дзеці, і бацькі, якія даверылі яму сваіх дзяцей, а ён жа, настаўнік, павінен быць для іх ва ўсіх адносінах святым чалавекам, дык навошта пляжыць яго на вачах усяго Мінска? Ці не лепш цішком прыняць адміністрацыйныя меры? Памятаю, тады я запыталася ў Гошы, а ці мае права такі чалавек быць настаўнікам?

З гэтымі думкамі пад’ехала да свайго прыпынку. На супрацьлеглым баку вуліцы быў мой дом. Адшукала свае вокны на трэцім паверсе. У адным з іх гарэла святло, значыцца, Алёна была дома...

 

VII

На вакзал мяне праводзіла Алёна. Раніца была сонечная і халодная, але дзень абяцаўся цёплы. Пачыналася бабіна лета. Білет загадзя я не брала, восенню, калі мінае пара адпачынку і студэнцкіх канікул, гэта ўжо не праблема. Сапраўды, білет купілі хутка і цяпер прагульваліся з Алёнай па пероне.

— Я буду без вас сумаваць, — Алёна гаварыла словы, якія ўжо сталі шаблонам, іх часцей за ўсё чуеш пры развітанні. Гэта яшчэ раз сведчыць аб чалавечым эгаізме. Чалавек перш за ўсё думае пра сябе, пра тое, што яму будзе сумна. Адна толькі маці звычайна гаворыць: «Сцеражыся. Не лезь абы-куды. У халады апранайся».

— У цябе часу не будзе сумаваць,— сказала я Алёне. — Ігар абяцаў схадзіць на камвольны заўтра. Добра было б, каб і ты падышла разам з ім. Калі ў інтэрнаце будзе месца, адразу пачынай афармляцца.

— Можа, там змогуць даць мне пакой. Тады я перабяруся ад вас.

— А цябе ніхто не гоніць, хіба што самой не падабаецца?!

Алёна адразу ж пачала шчыра пераконваць мяне ў адваротным. Стала дзякаваць за прытулак, адзінае, ёй хацелася б, каб я правільна зразумела, чаму яна пагадзілася на працу ў інтэрнаце. Гэта, канечне, не для яе, пройдзе год, два, і яна вернецца ў школу. Цяпер жа трэба недзе часова ўладкавацца. «А ў школу я вярнуся, вось пабачыце, абавязкова вярнуся», — імпэтна гаварыла мне Алёна. Мне хацелася верыць ёй, але ж я добра ведала, што варта толькі хоць раз у жыцці пайсці на кампраміс, — і ты пойдзеш на яго яшчэ.

Пачыналася пасадка.

— Я нядаўна набыла цікавыя кніжкі па мастацтву, яны ў кніжнай шафе на другой паліцы, можаш паглядзець.

— Пагляджу вечарам, — адказала Алёна. — Зараз хачу пад’ехаць на аўтамабільны.

— Навошта?

— Там працуе Віця, трэба адшукаць яго.

І, калі ўжо праплывала за вокнамі вагона ўскраіна Мінска, мяне павяло на роздум: што ж цягне Алёну да гэтага хлопца? Ён не кахае яе, а яна? Цяпер, калі лёс яе амаль вырашыўся — я чамусьці была ўпэўнена, што на камвольны яна ўладкуецца — яго дапамога ёй не патрэбна. Навошта тады сустракацца: па нейкай ранейшай звычцы? А можа, усё надзвычай проста: маладосць патрабуе свайго. Алёне хацелася б пайсці ў кіно, гадзіну-другую пасядзець у кафэ, прагуляцца вечарам па парку і, вядома, не адной! А тут даўнішняе знаёмства, якое можна аднавіць. А можа, самалюбства?! Жанчыны любяць падпарадкоўваць сабе не на дзень, не на два, а на вечнасць! Губляць цяжка, асабліва мінулае, у якім магло быць тваё будучае. Як многа значыць у нашым жыцці прывычка. Успомніўся адзін выпадак. Адзінокі чалавек, палову жыцця пражыўшы на прыватнай кватэры, дзе ён наймаў маленькі пакойчык, нарэшце атрымаў свой уласны кут. Пераехаў, тыдзень-другі пажыў і адмовіўся, вярнуўся да ранейшых гаспадароў, у свой маленькі пакойчык. Што гэта: боязь адзіноты ці ўсё тая ж прывычка? І адразу ж адагнала ад сябе ўсякія думкі. На душы быў сум. На некалькі дзён ад’язджала з Мінска, але ўсё ж развітвалася...

Камандзіроўка была на чатыры дні, а вярнулася я на дзень раней, у нядзелю. Усё аказалася значна прасцей таго, што малявала маё ўяўленне. На пачатку сваёй працы маладая настаўніца сама папрасіла, каб далі ёй меней гадзін, маўляў, пакуль назапашу вопыту. А пасля дырэктар школы вырашыў асесці ў вёсцы трывала, распачаў будаўніцтва сваёй хаты, гэта вымагала грошай... Ён і пакінуў гэтай настаўніцы яе ранейшыя гадзіны, замацаваўшы астатнія за сваёй жонкай. Цяпер, здаецца, разабраліся, гадзіны падзялілі пароўну. Маладая настаўніца задаволена. А дырэктар? Ён сказаў мне на развітанне: «Маладыя цяпер нахрапістыя, свайго нідзе не ўпусцяць». Пра што ж пісаць артыкул? Пра становішча маладога настаўніка на сяле? Не, відавочна, пра культуру ўзаемаадносін, пра тую ўнутраную чалавечую культуру, якая б ніколі не дазволіла дырэктару падумаць, што нехта можа быць нахрапістым. Любы чалавечы ўчынак мы перш за ўсё прымерваем да сябе: як я павёў бы сябе на яго месцы? Чалавек ніколі не скажа дрэннага слова пра іншага чалавека, калі сам не будзе здатны на дрэнны ўчынак, пры чыстым сумленні і думкі чыстыя.

...Яшчэ на лесвіцы сустрэлася з суседкай, Нінай Іванаўнай. Прыпынілася. Ніна Іванаўна адразу ж пачала хваліць Алёну. «Разумееце, яна сама прапанавала памагчы Валодзіку. З матэматыкай ён, як і раней, не ладзіць. Меркавала наняць рэпетытара, а тут гэтая дзяўчына... Я вам вельмі ўдзячна, Вольга Барысаўна».

— За што мне дзякаваць? Вы дзякуйце ёй.

Я была рада за Алёну, і адразу ж прайшло хваляванне: значыцца, усё ў парадку. А хвалявалася я з-за таго, што ні ўчора, ні пазаўчора не магла дазваніцца дадому. Нумар не адказваў нават пасля першай гадзіны ночы. І, каб канчаткова разагнаць сваё хваляванне, запыталася ў Ніны Іванаўны, калі яна размаўляла з Алёнай.

— Ды ў той жа вечар, пасля вашага ад’езду.

Значыцца, учора Алёны не было дома. Я паспешліва развіталася з суседкай: карцела хутчэй зайсці ў кватэру.

Алёны дома не было. Што ж, трэба званіць Ігару. Тэлефон яго не адказваў. У такім выпадку трэба разбіраць чамадан і чакаць. Ну, канечне, Алёну. Магчыма, яна ўжо працуе і ўчарашняй ноччу магла быць на дзяжурстве ў інтэрнаце. Гэтая думка крыху супакоіла. Пачала даводзіць да ладу свае дарожныя нататкі, дзе-нідзе дапісваць па свежай памяці. Адарваў ад гэтага занятку міжгорад. Званіла маці Алёны. Там таксама хваляваліся. З інстытута на хатні Алёнін адрас прыйшло пісьмо, відаць, нехта з выкладчыкаў бачыў яе ў Мінску, цікавіліся, чаму не паехала яна ў Падлескую школу. Бацькі ўстрывожыліся, пыталіся, ці ўладкавалася яна на працу. Што я магла ім адказаць? Аднак абнадзеіла, што днямі павінна штосьці вырашыцца. Я нічога не сказала пра сваю камандзіроўку і пра тое, што цяпер сама не ведала, як павярнуліся яе справы і, наогул, дзе зараз Алёна?

Зноў пазваніла Ігару, але тэлефон маўчаў. Чулася стомленасць пасля дарогі, прылегла, каб гадзіну-другую адпачыць, не драмалася. Вырашыла: лепш прыбяру ў кватэры. Так, час ад часу пазвоньваючы Ігару, пачала прыводзіць да парадку сваю невялікую хатнюю гаспадарку.

Да Ігара дазванілася толькі позна вечарам.

— Ты прыехала? Мы з Алёнай чакалі цябе заўтра.

— А дзе яна?

— У бальніцы.

— Што ты кажаш? У якой бальніцы?

І адразу ж Ігар пачаў тлумачыць, што ў Алёны было спатканне. Яна развіталася з хлопцам, пачала перабягаць вуліцу, не паглядзеўшы, ці ёсць у тым месцы «пераход». Спахапілася толькі тады, калі пабачыла перад сабой машыну. Шафёр паспеў затармазіць, аднак Алёна ўпала і, відаць, моцна стукнулася аб асфальт, таму што страціла прытомнасць. Думалі, зрушэнне мазгоў, але абышлося, у бальніцы яе затрымліваць не будуць, яшчэ дні чатыры, і выпішуць.

— Не хвалюйся, магло быць і горш, — супакоіў Ігар.

— Ты быў у яе?

— Быў, і ўчора, і сёння.

— Як яна сябе адчувае? — а ў галаве круцілася думка: «А што, калі б шафёр не затармазіў? Падобны выпадак адзін са ста. Відаць, ёсць нейкі лёс, яшчэ трэба жыць».

— Нармалёва, — адказаў Ігар. — Гаворыць, што цяпер будзе жыць сто гадоў,— ён нібыта падслухаў мае думкі.

— У якой яна бальніцы? Я зараз падыду.

— Цяпер позна, заўтра зойдзеш.

Я адчувала, як спадае хваляванне, узнятае гэтай горкаю навіною. Трывога саступала шкадаванню: мала аднаго, дык яшчэ другое. А ці ўладкавалася? І я запыталася ў Ігара:

— Што ў яе з працай? Ты хадзіў на камвольны?

— Быў, і, здаецца, ёй пашанцавала. Ёсць месца.

— Яна хадзіла разам з табою?

— Не. Я ж табе кажу, у яе на той час было спатканне.

Мне няцяжка было здагадацца, што Алёна сустракалася з Віктарам. Значыцца, гэта для яе было больш важным. Такое можна дазволіць сабе толькі ў адносінах да каханага. Перш за ўсё ён, а пасля ўжо ўсё астатняе, нават свой уласны лёс. Ігар назваў мне бальніцу, у якой ляжала Алёна, і на гэтым мы развіталіся.

Я шкадавала Алёну і цяпер з болем думала пра яе. Прыгадвала першую сустрэчу, пасля яе прыезд да мяне, нават пеньюар, які купіла Клара Мікалаеўна, цяпер здаваўся звычайнай чалавечай удзячнасцю, відаць, ёй шчыра хацелася зрабіць і мне штосьці прыемнае.

Успомніўся адзін выпадак. Неяк дзяжурыла па газеце, затрымаліся з выпускам і дамоў вярталася позна.

У завулку, які выводзіў да цэнтральнай вуліцы, ля сцяны дома тоўпіліся людзі. Падышла бліжэй — аказваецца, толькі што была бойка: трое на аднаго. Адкуль ні вазьміся — міліцыянер. Тыя трое кінуліся наўцёкі, міліцыянер за імі, а гэты, адзін, даволі моцна пабіты, застаўся ляжаць.

— Што ж вы ляжыце? — крыкнула я. — Уставайце! Мала таго, што пабілі, дык вернецца міліцыя, і вас У аддзяленне забяруць.

Відаць, людзі спачувалі яму, таму што адразу ж нехта нахіліўся над ім, каб дапамагчы. Але чалавек сам пачаў уставаць з зямлі. Натоўп разыходзіўся, я таксама пайшла. Пасля адчула, як хтосьці таропка ідзе следам. Азірнулася: гэта быў той самы чалавек. Моўчкі дайшлі да майго дома, я паперадзе, ён на некалькі крокаў ззаду. Я ўжо звярнула да пад’езда, як ён абазваўся:

— Мне трэба на аўтобус, не хацелася б у такім выглядзе паказвацца на людзі.

Адзежа яго была ў гразі, і я прапанавала:

— Што ж, хадземце далей...

У кватэры ён хутка прывёў сябе ў парадак і, падзякаваўшы, развітаўся. Гэта было ў канцы восені. А праз якіх тры месяцы, раніцай, якраз на 8 Сакавіка, я адчыніла дзверы на званок і ўбачыла перад сабою незнаёмага чалавека. Віншуючы са святам, ён працягнуў мне карабок з духамі. «Відавочна, вы памыліліся», — сказала я. Такое са мною было ўпершыню: незнаёмы чалавек і раптам... Тады ён мне і нагадаў той даўні восеньскі вечар. Гэта толькі ўдзячнасць. У той момант я вельмі ўзрадавалася... Чаму ж тады абурылася на Алёну, ёй таксама хацелася зрабіць мне прыемнае.

Хіліла да сну. На душы паспакайнела. Няяснасць заўжды прыгнятае, а вось нешта высветлілася, дазналася пра ўсё, што мяне хвалявала — і палягчэла...

Назаўтра з самай раніцы пайшла ў бальніцу. У прыёмным пакоі было яшчэ некалькі чалавек, якія «атакавалі» маладзенькую медсястру. Тая паўтарала адно і тое ж:

— Нікога выклікаць не буду. Не дазваляецца. Цяпер абход хворых.— І пагаджалася толькі ўзяць перадачу.

Пры такой сітуацыі няма сэнсу спрачацца, таму я адразу ж папрасіла медсястру:

— Калі можна, занясіце гэта ў восьмую палату Феафанавай, — дзяўчына ўпершыню ўсміхнулася, твар яе палагоднеў.

— Вы маглі б падысці да акна, — сказала яна. — Восьмая палата на першым паверсе, ды, зрэшты, пачакайце. — І яна знікла за дзвярыма.

Вярнулася яна хутка і нечакана для мяне сказала, што зараз выйдзе Алёна. Напачатку я не зразумела гэтай прывілеі, але пасля даўмелася: відаць, прычына ў Ігары. Ён прыходзіў да Алёны. У бальніцы, пэўна, яго ведалі, адным словам, атрымоўвалася — пабачуся з Алёнай «па знаёмству».

Алёну не давялося доўга чакаць. Ледзь толькі ўвайшла ў прыёмны пакой, адразу ж кінулася да мяне, абшчапіла шыю рукамі.

— Волечка, я вельмі чакала вас. Толькі вы можаце пад’ехаць у Зарачанскі і сказаць Віктару, што я ў бальніцы.

У мяне міжвольна зашчымела сэрца ад крыўды: мне хацелася бачыць яе, яна ж — чакала мяне для таго, каб я паведаміла Віктару...

— Мы будзем скардзіцца галоўнаму ўрачу, — пачулася побач. — Чаму адным дазваляецца спатканне, а другім не? — словы адрасаваліся медсястры, але жанчына, якая сказала іх, злосна глядзела на мяне і Алёну.

— Схуднела ты і з твару асунулася, — я пільна паглядзела на Алёну. — Трэба больш есці і спаць.

— Сплю якраз мала, — сказала Алёна.— Ніяк не магу звыкнуцца з думкай, што амаль мінчанка. Ігар вам казаў?

— Казаў, бачыш, усё добра. Трэба радавацца...

— Пакуль што няма чаго. Гэта ж толькі пачатак, так сказаць, прэлюдыя да жыцця, а само жыццё наперадзе,— яна ўздыхнула.

— Што табе заўтра прынесці?

— Смятаны. На сняданак прыносяць блінцы з маслам, а я люблю са смятанай.

Я ўсміхнулася гэтаму дзіцячаму жаданню.

— Паклічце галоўнага ўрача, — жанчына ніяк не магла супакоіцца.

— Яго няма, — суха адказала медсястра.

— Тады дзяжурнага.

— А калі лепш за ўсё прыходзіць да цябе? — запыталася я ў Алёны. — Каб не было гэтага тлуму.

— Пасля чатырох. І што яны так шумяць? Пэўна, трэба мне ісці.

— Пачакай, ты ж не сказала адрас Віктара.

Я дастала з сумачкі аловак і блакнот, перадала Алёне:

— Запішы.

— Вы пад’едзеце сёння?

— Пастараюся.

На развітанне бадзёра падміргнула ёй, маўляў, мацуйся! Наўмысна не распытвала, як жа здарылася, што яна ледзь не трапіла пад машыну. Гаворыцца, што ніколі не трэба азірацца назад. Хай лепш думае пра жыццё, якое наперадзе.

 

VIII

У Зарачанскі Гарадок, як і абяцала Алёне, паехала без адкладу, у той жа вечар. Каб не блукаць па цёмных вуліцах незнаёмага прыгарада, на вакзале ўзяла таксі, сказала адрас шафёру і пачала прыкідваць, як лепш завесці размову ў сям’і Раманоўскіх. Відаць, пра тое, што Алёна ў бальніцы, трэба сказаць толькі Віктару, каб не выклікаць лішніх размоў. Але навошта тады прыехала? Сапраўды, чым растлумачыць мой прыезд да іх? З’яўляецца незнаёмая жанчына, маўляў, я ад Алёны. І што далей? «Мне трэба пагаварыць з Віктарам» — гэта значыць насцярожыць усю сям’ю.

— Едзеце ў госці? — запытаўся шафёр.

Не, хутчэй за ўсё па справе,— адказала машынальна, і раптам з’явілася думка: трэба папрасіць шафёра, каб выклікаў Віктара на вуліцу. Прасцей простага: хоча бачыць адзін знаёмы, і пасля ўжо без сведкаў перадаць просьбу Алёны. Канечне ж, ёй хочацца, каб ён прыйшоў да яе.

Шафёр чамусьці адразу не пагадзіўся, з непрытоенай падазронасцю зірнуў на мяне. Безумоўна, гэта боязь: а раптам стане ўдзельнікам нейкай афёры? Я супакоіла яго, сказала, што еду да каханага і не хацелася б, каб мяне бачылі яго бацькі. Адразу ж папрасіла, каб пачакаў, маўляў, размова будзе кароткай, падкінеце назад, на вакзал. Вочы шафёра бліснулі цікавасцю. Ён запаволіў хуткасць, пільна ўзіраўся ў нумары будынкаў — мы ўжо ехалі па Чырвонаармейскай вуліцы, на якой жыў Віктар.

Шафёр вярнуўся хутка і адзін.

— Ваш каханы ў клубе, — сказаў не без усмешкі. Відаць, яго ўяўленне малявала нейкі займальны «сюжэт», сведкам якога ён можа апынуцца.

— Што ж, паедзем у клуб.

І, як толькі пад’ехалі да Дома культуры, я адпусціла шафёра. Тут яго дапамога была не патрэбна.

— У клубе сёння выхадны, — пачуўся са змроку тоненькі дзявочы голас, як толькі я ўзышла на другі паверх, адкуль чулася музыка.

Міжвольна адступілася назад.

— Мяне цікавіць не клуб, а чалавек.

— Цяпер вы нікога не знойдзеце, — сказала дзяўчына.

— А музыка! Яна што, сама па сабе?

— Там рэпетыцыя.

— Якраз туды мне і трэба.

— Я правяду вас.

І гэтая яе прапанова выклікала ўсмешку: колькі трэба сказаць непатрэбных слоў, каб дайсці да сутнасці.

Дзяўчына вяла мяне па цёмным калідоры.

— Вы да Сашы Рунца? — запыталася яна.

— Не, мне патрэбен Раманоўскі.

Мы падышлі да дзвярэй, за якімі чулася музыка.

— Пачакайце, — сказала дзяўчына. — Я зараз яго паклічу.

Віктар выйшаў хутка.

— Хто тут пытаецца мяне? — сказаў ён, прычыняючы дзверы, і цемра ў калідоры стала яшчэ больш густой. Мне хацелася бачыць яго твар не з-за цікаўнасці, а таму, што гаварыць у цемры з незнаёмым чалавекам цяжка. Я запыталася:

— А святло ўключыць у калідоры нельга?

— Толькі ў тым выпадку, калі ў вас твар Сафі Ларэн.

— Значыцца, гаварыць будзем у цемры? Я ад Алёны Феафанавай. Яна жыве ў мяне.

— Я не ведаю, дзе тут уключальнікі. Давайце падыдзем да акна.

Ён не запытаўся, чаго я прыехала да яго, чакаў, што я скажу. Таму, як толькі падышла да акна, я сказала:

— Алёна ляжыць у бальніцы. З гэтым яна і паслала мяне да вас.

— Захварэла? — спакойна запытаўся Віктар, і я адчула, што гэта яго не ўстрывожыла. Пачала расказваць, што здарылася з Алёнай, і зноў ён спакойна перапытаў:

— Значыцца, нічога страшнага? Колькі яшчэ яна праляжыць у бальніцы.

— Дні тры.

— Добра, я скажу сястры, яна да яе пад’едзе.

— Але ж ёй хацелася б, каб прыехалі вы.

— Я разумею, — ён азіраўся па баках, быццам нешта шукаючы, у голасе з’явілася раздражнёнасць: — Чорт ведае што! Хто тут мог выключыць святло, звечара яно гарэла!

Цяпер ужо Віктар хацеў бачыць мой твар.

— Што вам гаварыла Алёна пра мяне? — нечакана запытаўся ён. На гэтае пытанне яго, безумоўна, навялі мае словы «ёй хацелася б, каб прыехалі вы». Ён зразумеў, што Алёна расказала мне пра іх адносіны.

— Толькі добрае, — адказала я.

Музыка даўно сціхла. З пакоя, дзе ішла рэпетыцыя, чуліся галасы і смех.

— Тое ж самае пра яе магу сказаць і я, — задумліва прамовіў Віктар. — Апошнім разам нават накрычаў: гэта ж несур’ёзна — ісці працаваць выхавацелькай. Для яе несур’ёзна, — удакладніў ён. — Ну, была б жанчына пры сям’і, пры дзецях. А так, абы ўладкавацца! Што ёй дасць Мінск? У мяне нядаўна знаёмы прыехаў з перыферыі. Аграном! Дысертацыю ў інстытуце механізацыі будзе абараняць.

— А вы не дапускаеце думкі, што яна прыехала дзеля вас?

Ён засмяяўся.

— Вы гаворыце глупства. Мы больш года не перапісваліся.

— Дык чаму вы самі, адкрыта, не скажаце ёй, што сустракацца вам не трэба?

— А калі б да вас прыехаў чалавек, якога вы ведаеце яшчэ са школы, з кім звязваюць вас добрыя ўспаміны, вы б маглі пакрыўдзіць яго?

І я міжвольна прыгадала Ігара, сваё жаданне замацаваць за намі толькі сяброўскія адносіны.

— Віця, ты хутка?

З пакоя выглянула ўжо знаёмая мне дзяўчына.

— Хадзі сюды, — паклікаў яе Віктар і, як толькі яна падышла, сказаў ёй: — Гэта жанчына, у якой жыве Алёна.

— Значыцца, вы прыехалі прасіць Віцю наконт

прапіскі? — запыталася дзяўчына.

— Не, — тут жа азваўся Віктар. — Алёна папала ў бальніцу,— і загаварыў да мяне: — Вера ўчора чула, як я прасіў дзядзьку, каб прапісалі Алёну. Ёй трэба працаваць у школе. Мы ж хутка пераязджаем у горад. Спачатку думалі, што пераедуць толькі бацькі, а мы з Верай застанёмся тут, у Зарачанскім. Але цяпер Веры нібыта даюць кватэру ад камбіната.

Я не зразумела, кім яму даводзіцца Вера, але ўспомніла, што ў яго ёсць сястра, таму запыталася, ці не яна гэта?

— Не, — Віктар паклаў руку на плячо дзяўчыны. — Мы з Верай на днях збіраемся падаваць заяву ў загс...

І ў думках я асудзіла Віктара за празмерную «далікатнасць» да Алёны. Ён жа, напэўна, не сказаў ёй пра гэта. Значыцца, сказаць давядзецца мне, трэба ж будзе нечым вытлумачыць, чаму ён не прыйшоў у бальніцу, а ў тым, што ён не пойдзе да яе, я была пераканана. На развітанне запыталася, як трапіць на вакзал. Параілі сесці на аўтобус, маўляў, прыпынак недалёка ад Дома культуры. З гэтым і пайшла...

Час быў позні. «Хоць бы паспець на электрычку»,— падумала на прыпынку. «А цікава, ці гаварыў Віктар Алёне пра тое, што будзе гаварыць з дзядзькам, каб той прапісаў яе? Калі гаварыў, значыцца, яна не пагадзілася на яго прапанову, вырашыла ўсё-такі ўладкавацца ў інтэрнат. Так яно і лепш, магчыма, гэта разумее і сама Алёна: не будзе ні бачыць, ні чуць пра яго, цяпер галоўнае, забыць...» На прыпынку стаяла адна. Нейкі мужчына быў прыпыніўся, пасля рушыў далей, а цяпер, здаецца, зноў вяртаецца. Стала ніякавата. Дом культуры быў недалёка, у акне другога паверха гарэла святло, там яшчэ не разыходзіліся. Гэта падбадзёрыла...

— Вы, пэўна, на вакзал? — запытаўся мужчына.

— Але, чакаю аўтобуса.

— Не варта, — параіў ён. — Аўтобусы познім часам ходзяць рэдка, ёсць шлях карацейшы, напрасткі. Хочаце, пойдзем разам.

Я засумнявалася, ён гэта адчуў.

— Баіцеся? Па мне стойце, толькі навошта траціць час, можаце спазніцца на электрычку. Я таму падышоў, што сам з мясцовых. Былі б тутэйшая, аўтобуса не чакалі б, гарадок невялікі.

— Добра, хадземце.

Мужчына ішоў нетаропка і, відаць, добра ведаў гэтую дарогу, таму што адразу ж трапіў на сцяжынку, якая пачыналася ў прысадах за Домам культуры. І як толькі выйшлі ў голае поле, шчыльна ахутанае цемрай, мяне ахапіла ранейшая боязь. «Хто ведае, што ў галаве ў гэтага чалавека?» Я міжвольна паскорыла крок, нібыта жадаючы адарвацца ад яго.

— Не спяшайцеся. Паспеем. Падыхайце на поўныя грудзі, — сказаў мужчына. — Я мог паехаць на машыне разам з нашымі. Дзеля гэтай дарогі і застаўся. Я, ведаеце, учора пахаваў брата. Колькі разоў таптаў ён гэтую сцежку, магчыма, іду па яго слядах. Праўда, брат не слядзіў, як хадзіў. А бывае, так можна наслядзіць на зямлі, што пасля ніякія дажджы не змыюць. Я, ведаеце, пераехаў у Мінск даўно. Прыедзе, бывала, брат, а тут то палучкі яшчэ не атрымоўвалі, то надта позна: магазін зачынены, часцей ад яго ласункаў чакалі, маўляў, на гаспадарцы жыве! І прывозіў! Гаспадар быў! А то надараліся госці, дык спачатку чужых людзей частуеш, а свой як-небудзь у куточку. Свой жа не пакрыўдзіцца...

Дзіўныя думкі з’явіліся ў мяне. На самой справе, можна хадзіць па зямлі, а можна і слядзіць. І паходка бывае розная, можна подбегам, а можна нетаропка. Можна адкрыта, а можна крадком. Колькі разоў даводзілася чуць: «Я жыву на зямлі, я яе гаспадар». А ці кожны мае права назваць сябе гаспадаром? А калі чалавек подбегам праз усё жыццё?..

— Што ж вас прывяло ў Зарачанскі? — зноў абазваўся мужчына. — Бацькі тут?

— Не, прыязджала па справах. Дакладней, па справах сваёй кватаранткі.

— А чаму — кватаранткі? — чалавек незразумела засмяяўся.

— Папрасіла.

— Я не пра тое. Не люблю слова кватарант. Давайці прыкінем: кожны ж чалавек мае права на месца і пад дахам, і пад небам. Дык якая розніца, хто ў каго жыве, усё роўна жывём на адной плошчы: на зямлі. Дык ці патрэбна дзяліцца на гаспадароў і кватарантаў?

І ў думках я з ім пагаджалася.

 

IX

Так званы «мёртвы час» скончыўся, і цяпер хворыя нецярпліва пазіралі на дзверы палаты, і кожнаму здавалася, што вось-вось зойдзе медсястра і некага з іх выкліча на спатканне. Гэтыя нядоўгія хвіліны сустрэчы з блізкімі тым і даражэй, што яны кароткія. Колькі розных пачуццяў і слоў народзіцца за час, пакуль ляжыш на бальнічным ложку ў чаканні вось гэтых хвілін, за якія не выкажаш і паловы таго, што вірылася ў думках. Алёна таксама думала пра спатканне, яна спадзявалася сёння ўбачыць Віктара. І цяпер, яшчэ лежачы ў ложку, з цікавасцю пазірала ў бок акна, ля якога была жанчына з пераломам рукі, самая гаваркая і вясёлая ў іх палаце. Там, за акном, быў муж жанчыны. Калі б у палаце не ведалі, што ён працуе ў даследчым інстытуце і што яго праца вымагае выседжваць на рабочым месцы «ад» і «да», можна было б падумаць, што ён не адыходзіцца ад акна. Ён прыходзіў на сустрэчу з жонкай раніцай, пасля абеду і, нарэшце, гэтым часам. Яны паглядзяць адно на другое ў акно, пасля жанчына выйдзе ў прыёмны пакой, а пасля зноў будзе стаяць ля акна. Алёна ў думках зайздросціла жанчыне і суцяшала сябе тым, што няхай толькі прыйдзе Віця...

Жанчына адышлася ад акна, падышла да тумбачкі.

Цяпер яна збярэ ў цэлафанавы мяшэчак парожнія слоікі, каб перадаць іх мужу. Алёна адвярнулася да сцяны...

Трывога, якую абудзіла ў душы Алёны халаднаватасць Віктара пры першай сустрэчы, аціхла. «Гэта ў яго была крыўда за маё доўгае маўчанне, — думала цяпер Алёна, — інакш не сказаў бы мне, што возьме на сябе клопаты з прапіскай. Дзядзька наўрад ці пагодзіцца прапісаць чужога чалавека, тым больш што іх саміх прапісаў без вялікай ахвоты. Тады Віктару застанецца адно: зрабіць ёй прапанову стаць яго жонкай. Вось тут яна і адмовіць яму, карацей кажучы, адпомсціць яму за тую яго халаднаватасць. Ну, канечне, навошта ёй цяпер гэтае замужжа, калі ўжо дамоўлена, што яна будзе працаваць у інтэрнаце? Але ж, безумоўна, «пахадзіць» з ім трошкі можна, і Алёна ўявіла, як будзе яна сядзець на падаконніку і з якой цікавасцю жанчыны ў палаце будуць пазіраць на яе і Віктара, больш на Віктара — ён прыгожы. І пасля, канечне, яны будуць распытваць яе, хто ён, кім працуе, у якіх адносінах з ёю? Каваль аўтамабільнага завода іх не вельмі ўразіць. І яна пачала думаць, хто ж больш за ўсё ўразіў бы жанчын? «Трэба сказаць, што ён мастак. Запытаюцца, чаму не прыходзіў раней — скажу: быў у творчай камандзіроўцы дзе-небудзь на Курылах або наогул за мяжою». Гэтая нечаканая вынаходлівасць навяла яе на новую думку. Алёна нават задаволена пасміхнулася, перавярнулася на спіну і, узяўшы з тумбачкі люстэрка, пачала ўважліва разглядаць свой твар... «Яшчэ павінны ў магазінах прадавацца гуркі. Трэба будзе хоць тыдзень парабіць з іх маскі, а пасля... Пасля... Я зусім няўважлівая да Стажкова. Ён жа, напэўна, круціцца ў нейкім вышэйшым асяроддзі, сувязей, канечне, у яго вялікіх няма, але ў жо тое, што ён мастак, узвышае яго над астатнімі. Для мужчыны галоўнае — талент! І калі побач з ім разумная жанчына, яна, толькі ёй адной вядомымі шляхамі, можа ўзвесці гэты талент на вяршыню славы. Стажкоў яшчэ гэтага не адчуў у ёй, але адчуе і тады не адчэпіцца ад яе. Мужчынам падабаецца, калі жанчыны цэняць іх і ўсё сваё жыццё аддаюць ім, іх планам і задумам».

Невядома, колькі б яшчэ разважала Алёна і якімі б былі гэтыя яе думкі, калі б у палату не зайшла медсястра і не сказала, што да яе прыйшлі.

— Хто? — хуценька запыталася Алёна.

Медсястра паціснула плячыма, маўляў, адкуль я ведаю, мая справа сказаць...

 

Я з хвіліны на хвіліну чакала Алёну ў цесным прыёмным пакоі. Яшчэ па дарозе ў бальніцу вырашыла нічога не ўтойваць пра размову з Віктарам. Чым хутчэй Алёна даведаецца, што ён збіраецца да шлюбу з другой дзяўчынай, тым хутчэй забудзе. Пачнуцца працоўныя дні ў інтэрнаце, праца будзе вымагаць нямала клопатаў, у гэтым я не сумнявалася, і паступова асабістае адыдзе на апошні план. А там знойдзе сабе нейкага хлопца, маладыя цяпер лёгкія на знаёмствы, і ўсё, што звязана з Віктарам, стане толькі ўспамінам. Так думалася мне, хаця ў глыбіні душы я па-жаночы шкадавала яе. Калі ў прыёмны пакой увайшла Алёна, я не магла не заўважыць, што яна старанна падрыхтавалася да гэтага свайго «выхаду», напэўна, спадзявалася ўбачыць Віктара. Акуратна прычэсаныя валасы, у меру і з густам ужытая касметыка міжвольна выдзялялі яе сярод хворых, якія былі ў пакоі. Быццам знаходзілася яна не ў бальніцы, куды давялося ёй трапіць, а на здымачнай пляцоўцы фільма, дзе ёй давядзецца сыграць адведзеную ролю. Нават мне ўсміхнулася ненатуральна і павяла позіркам далей... «Шукае Віктара», — падумала я, паспеўшы заўважыць, што позірк яе засмуціўся. Пра Віктара яна не запыталася, а мне здавалася, што першым яе пытаннем будзе менавіта гэта.

— Сёння так сонечна, — сказала Алёна голасам даволі не сонечным.

— Цёплы дзень, — пагадзілася я. — Ты, можа, адразу возьмеш сумку і занясеш яе ў палату, таго-сяго прынесла табе.

— Пасля, — яна перасмыкнула плячыма, але не ад холаду, хутчэй за ўсё ад шуму, які быў у прыёмным пакоі. Гаварыць было цяжка, міжвольна даводзілася чуць размовы суседзяў, мне ж хацелася адасобіцца ад іх, відаць, гэтага жадала і Алёна, таму што сказала:

— Дык гаворыце, сёння цёпла? Можа, выйдзем на вуліцу? Недалёка ад ганка ёсць лаўкі.

— А дазволяць? — я не пярэчыла ёй.

— Павінны, толькі папрашу цяплейшы халат. Пачакайце хвілінку...

Вярнулася яна хутка, здавалася, нават павесялела. І я здагадалася, што дазволілі выйсці. Адразу ж прапанавала ёй сваё паліто, маўляў, халат накіну сабе на плечы, як-ніяк, за гэтыя дні Алёна прывыкла да хатняга цяпла. Якім бы цёплым ні было надвор’е, а на дварэ — кастрычнік. Ведама, цяпло яго падманлівае. Алёна пагадзілася, пераапранулася ў паліто. Мы хутка знайшлі лаўку ў зацішку, нібыта нехта спецыяльна для нас адсунуў яе глыбей у зараснікі шыпшыны.

— Табе цёпла?

— Мы з вамі пераліваем з пустога ў парожняе. Хіба я дзіця? Вы ездзілі ў Зарачанскі? — толькі цяпер Алёна запыталася пра тое, што хвалявала яе.

Расказаць ёй адразу пра сустрэчу з Віктарам і перадаць размову з ім? Не, відаць, трэба ўсё ж дазнацца пра яе адносіны да яго, і я запыталася:

— Алёна, давай усё ж пагаворым адкрыта. Ты кахаеш Віктара?

У яе вачах бліснула хітрынка.

— А вы змаглі б мне адказаць: кахаеце вы Ігара ці не?

— Не кахаю.

— Няпраўда! Інакш у вас быў бы яшчэ нехта.

— А можа, гэты «нехта» ёсць?

Алёна адмоўна пакруціла галавой.

— Вы ў такім узросце, калі жанчына не разменьваецца. Магчыма, у сваіх патаемных думках вы і спадзяецеся на некага іншага, але, пакуль яго няма, бавіцеся з Ігарам.

Яе словы былі як абраза. Відаць, у падтэксце я павінна была зразумець, што жыву з надзеяй на каханне. Гэта яшчэ можна прыняць. Але як вытлумачыць яе словы: бавіцеся з Ігарам. Хіба можна бавіцца? Можна кахаць або не кахаць! Значыцца, яна сама здольна з некім сустракацца, іншымі словамі — праводзіць час і выношваць спадзяванне, што сапраўднае каханне яшчэ наперадзе. Гэта, відаць, і ёсць у яе разуменні «разменьвацца». Для чаго? Каб не быць адной? Нават заядлы лавелас пры знаёмстве з дзяўчынай спадзяецца, што гэта будзе самае моцнае пачуццё, якога хопіць на ўсё жыццё. А тут чорт ведае што! Ёсць жа ў яе душа.

— Алёна, ты не адказала на маё пытанне.

— Толькі ў тым выпадку, калі адкажаце на маё: вы былі ў Зарачанскім?

І гэтая яе ўпартасць навяла на думку: а навошта я дамагаюся ад яе адказу? Якая розніца — кахае яна яго ці не кахае? Ён сам вырашыў свой лёс, у якім не пакінуў месца для Алёны, дык трэба ёй і сказаць пра гэта. І я сказала, што ў Віктара ёсць дзяўчына, якую я бачыла на свае вочы, што ён шчаслівы з ёю, і яны неўзабаве адсвяткуюць сваё вяселле. Яна ж, Алёна, не павінна крыўдаваць на яго, трэба знайсці ў сабе высакародства пажадаць ім шчасця і чакаць свайго.

— Жэніцца па разліку? — спакойна запыталася Алёна. — Відаць, падказала маці, ён заўжды слухаў яе. Што я? Ад мяне ніякай карысці. А там, можа быць, кватэра, машына, уплывовы бацька.

Яна разважала, а не здзіўлялася, яе гэта не ўсхвалявала. У думках я чакала іншай рэакцыі.

— Не трэба так, Алёна, — у маім голасе была раздражнёнасць. — Наколькі я зразумела, дзяўчына пакуль што жыве ў інтэрнаце. Ты не павінна думаць пра яго блага, хаця б дзеля таго добрага, што было паміж вамі.

І раптам Алёна заплакала, схіліла галаву мне на калені.

— Я... Я самая нешчаслівая на гэтым свеце, — прамовіла яна, усхліпваючы.

Мне хацелася пераканаць яе ў тым, што слёзы тут лішнія, і я пачала яе супакойваць:

— Ты ж не кахаеш яго, вось гэта я і хацела пачуць ад цябе. А ў вас маглі б нарадзіцца дзеці, і магло б стацца, што праз нейкі час ты спаткала б чалавека, без якога не магла б уявіць свайго жыцця. Што тады? Каго рабіць няшчасным: яго, сябе ці дзяцей? Таму супакойся. Памятаеш, я расказала табе сваю «гісторыю». Вось і ты жаданае прымаеш за рэальнасць!

Алёна перастала плакаць, але галавы з каленяў не паднімала. Толькі цяпер я пачула, як звонка шапацела над намі лісце, якое яшчэ засталося на дрэвах. Яны, гэтыя лісткі, чамусьці нагадалі гарэзлівых дзяцей. Як лёгка ім забаўляцца з ветрам, не думаючы, што той жа вецер заўтра матне іх, наколькі ў яго стане сілы, і будзе стаяць дрэва, голае і трапяткое, гатовае прыняць любую сцюжу, каб з вясною апрануцца ў новую лістоту.

— Вольга, — сцішана сказала Алёна. — У вас няма якой-небудзь хусцінкі? Мне трэба выцерці твар.

 

Х

Трэці дзень я ляжала ў ложку. «Грып!» — паставіў дыягназ урач. З яго, з грыпу, пачаўся лістапад. Што ж, трэба мірыцца і з гэтым невясёлым пачаткам. З раніцы званілі з рэдакцыі, пасля работы паабяцалі прыйсці ў адведкі, і цяпер Алёна клапатліва прыбірала ў кватэры. І яшчэ быў адзін званок, званіў Ігар. Сказаў, што сёння зайсці да мяне не зможа. Я і не ведала, што летам у яго былі практыканты, і цяпер прыгадвала яго словы: «Іду, Волечка, у кіно, запрасіла дзяўчына, якая практыкавалася ў мяне летам». Што ж, так яно і лепш, не сядзець жа яму ля ложка хворай.

Хвароба, нават самая нязначная, нясе з сабою разам з фізічнай слабасцю духоўную сілу. Чалавек застаецца перад сабой і светам у сваёй першароднасці. На задні план адыходзяць клопаты, звычкі, выпрацаваныя часам, чалавек адчувае ў душы пачуцці, дадзеныя прыродай, якіх мог і не прыкмячаць у сабе раней: гэта і дабрата, і жаданне дараваць свайму нядобразычліўцу, гэта і любоў да кожнай жывой істоты, да кожнай расліны, нават да рэчаў, якія акружаюць цябе.

Здавалася, толькі цяпер я заўважыла, што ў маім пакойчыку вельмі ўтульна, ён нечым нагадвае зацішак У ветраны дзень. За гэтыя некалькі дзён я асабліва прывыкла да Алёны, відаць, таму, што за час хваробы ўпершыню адчула патрэбу ў ёй. Яна ўжо некалькі тыдняў працавала ў інтэрнаце камвольнага камбіната. Збольшага абвыклася, не скардзілася, нават з начных дзяжурстваў вярталася бадзёрай і ніколі не клалася спаць удзень. Абавязкова знаходзіла сабе занятак: ці то займалася з суседскім Валодзькам матэматыкай, ці бегла да Стажкова ў майстэрню. Яны нібыта пасябравалі. Важна адкрыць для сябе чалавека. Алёна вельмі хацела пераканаць мяне, што Стажкоў зусім не такі якім я яго ўяўляю. Ён сціплы і працавіты, ён сарамлівы і бездапаможны. Але ж галоўнае — у яго ёсць талент. І ў гэты талент трэба паверыць, тады ён раскрыецца ў поўную сілу. Магчыма, гэта і так. У некага трэба верыць, хай верыць яна ў Стажкова.

На кухні Алёна мыла посуд, адтуль чуўся звон талерак. «Хай бы трошкі пасядзела, адпачыла, — падумала я. — Сёння ў яе начное дзяжурства», — і гукнула Алёну. Яна адразу заспяшалася да мяне.

— Я думала, вы спіцё.

— Не, Алёна. Пасядзі, адпачні трошкі.

Яна схуднела, стала яшчэ больш танклявай, але гэта пасавала ёй. Ёсць тып людзей, якія не паддаюцца часу. Колькі б ён ні адлічваў дзён, месяцаў, гадоў а яны ўсё такія ж, нібыта маладосць расхінула перад імі сваю вечнасць. Але ж Алёне толькі крыху за дваццаць, і тоненькія зморшчынкі пад вачыма яшчэ больш падкрэслівалі яе маладосць.

— У цябе такія мілыя зморшчынкі пад вачыма.

— Гэта ад смеху, смяюся многа.

— Зразумела. Нешта ж ты масак даўно не рабіла?

Алёна засмяялася.

— Добра, што нагадалі, заўтра ж аднаўлю гэтую справу. А можа, нават цяпер. У халадзільніку, здаецца, ёсць у нас лімоны?

— Ты лепш ліст дадому напішы.

— Не, сёння вечарам пазваню з інтэрната, — адказала Алёна. — Думала, на Кастрычніцкія святы пад’еду ў Затонне, трэба было б узяць дома зімовую вопратку, але Алік запрашае да сябра на дачу. Скажу, каб выслалі паліто пасылкай.

— Якая ж можа быць цяпер дача?

Не хвалюйцеся, у гэтага сябра бацька з высокага начальства, там ёсць ацяпленне. Можа, закрыць фортку? — Алёна падсунула коўдру мне пад плячо. — Сцюдзёна, нават не хочацца выходзіць з хаты, а неўзабаве трэба ісці.

— Ты ж заступаеш вечарам? Да вечара яшчэ далёка.

— У мяне ёсць справы перад дзяжурствам. На сёння запрасілі чытальніка з філармоніі. У праграме Ясенін, Блок, Еўтушэнка. Трэба сабраць аўдыторыю, хай паслухаюць дзяўчаты. А ў будзённы дзень не надта збярэш, частка людзей на другой змене. Ды яшчэ і чытальніку трэба перазваніць.

— Фортку сапраўды прыкрый, штосьці зябка, — папрасіла я. І, калі яна зноў прысела побач, сказала: — Твая куртка халодная, апрані маё паліто.

— Яно ж вялікае на мяне.

— Ніколькі! Да яго ёсць пояс. Падпярэжашся, атрымаецца якраз па модзе.

— Ой, дык я зараз прымераю!

Алёне спадабалася мая прапанова. І неўзабаве яна весела прахаджвалася ў маім паліто па пакоі, гаворачы: «Вось што значыць адзежа. У куртцы я — падлетак, у паліто — ну, зусім Вольга Барысаўна. Яшчэ хто прыме мяне за вас. Ігар, напэўна, прыняў бы».

— Ён добра ведае маю паходку.

— А я падраблюся пад вас.

Як любяць жанчыны красавацца, какетнічаць... Алёна ўжо хвілін пяць круцілася перад люстэркам, то гарэзліва ўсміхаючыся, то робячы сур’ёзны выгляд. Што дзіця, якому далі новую цацку.

— Можа, ты схадзіла б у магазін? — сказала я. — Абяцалі прыйсці з рэдакцыі, тое-сёе прыкупі.

— Што ўзяць?

Мяне падкупляла гэтая яе паслухмянасць. І, застаўшыся адна, я міжвольна падумала, ну, а што будзе з ёю праз год, праз два? Памятаецца, некалі гаварыла яна пра тое, што ў вялікім горадзе шмат цікавага, разнастайнага... А хіба цікава яна жыве? Лічы, два месяцы ў Мінску і да гэтага часу не завяла сяброўку. Інтэрнат, мая хата і майстэрня Стажкова! Здаецца, нават не ходзіць у кіно, не гаворачы пра тэатр, пра выстаўкі... Нібыта прапала ў яе цікавасць да жыцця. Ад чаго гэта? Можа, пазнаёміць яе з нашай Рагуляй? Яна б увяла Алёну ў кола сваіх знаёмых, сяброў. Ёй трэба быць сярод моладзі.

Нехта пазваніў у дзверы. У Алёны свой ключ, ды і не павінна яна так хутка вярнуцца. Можа, суседка? Зноў пачуўся званок. Што ж я ляжу? Трэба ісці адчыняць...

З холадам і пахам духоў у прахожую ўвайшла Петранкова.

— Мяне ты, канечне, не чакала? — гучна запыталася ледзь не з парога. — Што ж ты стаіш у дзвярах? Мала прастудзілася? Зачыняй... Хутчэй зачыняй. Я сама распрануся...

Прыход Лізы на самой справе быў нечаканы. Але вось прыйшла, і гэта прыемна. Прыемна ад звычайнай чалавечай увагі. Ліза распранулася хутка, зайшоўшы ў пакой, хвіліну затрымалася ля мяне.

— Нейкі хваравіты народ пайшоў, мой таксама чмыхае носам. Няўжо такая моцная прастуда, што нават ляжыш?

Я рукою запрасіла яе прысесці побач.

— Сяду... Пасля... Трохі расхаджуся па пакоі, сагрэюся.

Яна падышла да кніжнае шафы, зірнула на кнігі...

— Хоць бы нам якую дастала па знаёмству.

— Я не дастаю, Лізачка, я купляю! Таму, бачыш, не паліцы на ўсю сцяну, а толькі шафа.

— Трэба мне за гэтую справу ўзяцца. А ты як думаеш, Волечка?

— Пра што ты?

— Кніжкі. Пачну збіраць, як мой Гоша манеты. Ён нумізмат, а я... — Ліза задумалася. — Во, я буду кніжыст.

— Ты спазнілася са сваім вынаходніцтвам. Цяпер у хаду: кнігалюб!

— Якая розніца, хай сабе і так! — Лізу ўжо не цікавілі кніжкі. — Чуеш, міленькая, — яна прысела побач на канапу, — а наш Тышкевіч, здаецца, закахаўся. Вось табе і Ігарок...

Ліза ўважліва ўзіралася ў мой твар, чакаючы, якой жа будзе мая рэакцыя. Я шчыльней прыкрылася коўдрай і, нібыта між іншым, сказала:

— І адкуль ты ўсё гэта ведаеш?

— І не толькі я,— адразу ж абазвалася Петранкова. — Усе ведаюць, акрамя цябе.

Сапраўды, я нічога не ведала, але няцяжка было здагадацца. Успомніўся званок Ігара, таму я адказала Лізе:

— Ты памыляешся наконт мяне. Я нават магу табе сказаць, дзе цяпер Ігар. Ён пайшоў у кіно з практыканткай.

— Вось табе й на-а! — Ліза была расчаравана. Яна хацела падзяліцца навіной, а навіны для мяне ў яе словах не было. — Значыцца, Ігар усё табе расказаў? Ну, дык што ж там у іх на самой справе?

— А гэтага, Лізачка, я не ведаю і не хачу ведаць!

Відавочна, апошнія мае словы Ліза вытлумачыла па-свойму, таму што глядзела на мяне жаласліва.

— Ты не надта нервуйся. Паходзіць, паходзіць, дый, можа, кіне. А не, дык проста свет сёння такі. Не прывязала да сябе як след, ён і адвязаўся. Слабы ланцужок быў. А дзяўчаты цяперашнія ні перад чым не спыняюцца, абы толькі зачапіла якога.

Я слухала Лізу і не слухала. Злавіла сябе на думцы, што ўсё-такі хацелася бачыць тую практыкантку... Памятаецца, Ігар некалі жартам гаварыў, што яму можа спадабацца толькі лепшая з лепшых. А што такое лепшая з лепшых? Хіба можна што-небудзь зразумець у пачуцці? Гэта адна з тых загадак, на якую няма адгадкі. Харошы любіць злую, прыгожы непрыгожую, сардэчны бессардэчную... А практыкантку хацелася бачыць не з-за таго, каб параўнаць яе з сабою, хутчэй за ўсё, каб пераканацца, што Ігар знайшоў сваё.

— З ёю ён цябе яшчэ не знаёміў? — запыталася Ліза.

— Не.

— Будзем спадзявацца, што хутка пазнаёміць, калі сур’ёзна ў іх там. Мне яна не надта. Высокая, худая, хоць з твару і нішто. Але сама ведаеш: касметыка. Змый з яе ўсё, дык, можа, не будзе на што і глянуць. Дзеўка, відаць, не промах, — разважала Ліза. — А чаму б і не... Апошні курс, трэба думаць, як і што далей? На перыферыю не надта хочацца ехаць. Усе прагнуць сталічнага жыцця, а тут Ігар! Асобная кватэра, ды і заробак прыстойны. Ваўкаваты трошкі, але яно і добра, хай лепш сабе пад ногі глядзіць, чым на нейкія іншыя ногі зазірацца будзе...

Лізу перапыніў прыход Алёны. Не распранаючыся, яна спынілася ў парозе.

— Волечка, у нас госці? Вось і добра, а то я баялася вас пакідаць адну. Цяпер пайду на дзяжурства са спакойнай душою.

— Я думала, толькі мы, медыкі, дзяжурым. Аказваецца, ёсць яшчэ людзі, якія на пасту стаяць,— сказала Ліза.

— Вельмі адказным! — Алёна пасміхнулася ёй. — Я на самым, так сказаць, рабочым фронце.

Ліза з цікавасцю сачыла за Алёнай.

— Вы, Леначка, пасталелі, — сказала яна. — Яшчэ не надакучыў вам гэты інтэрнат? Напачатку ўсё цяжка. У школе таксама пакруціліся б. Цяпер якраз канец чвэрці, аднаму трэба падцягваць «хвасты», другога выводзіць у выдатнікі. Гоша днюе і начуе ў школе.

Алёна ніяк не адрэагавала на яе словы, нібыта знарок звярнулася да мяне:

— Я зараз сагрэю вам, Вольга Барысаўна, малако і падам з мёдам.

— Добра, Алёна. Дзякую, — а сама сабе падумала, што не варта было Лізе заводзіць гаворку пра школу. Якая розніца, што там цяпер: канец чвэрці ці пачатак? Алёна працуе ў інтэрнаце, і ёй трэба жыць яго справамі.

— Сімпатычная дзяўчына гэтая Алёна, вельмі міленькая, — сказала Ліза, як толькі мы засталіся ўдзвюх. — Я тады на дні нараджэння і не прыгледзелася да яе як след. Можа, яшчэ давядзецца табе замуж яе выдаваць, такі «тавар» доўга не залежыцца.

— Як сама хоча. Пайдзі на кухню, зрабі які-небудзь бутэрброд, сагрэй чаю... Цяпер у мяне ўсё па сістэме самаабслугоўвання.

— Не клапаціся! Во, ледзь не забылася! Я ж прынесла табе духі. Напачатку хацела купіць торт, а пасля разважыла... Духі больш патрэбная рэч...

Ліза дастала з сумачкі карабок з духамі. Алёна тым часам прынесла малако. Я папрасіла яе паставіць духі на туалетны столік і прыгатаваць што-небудзь для Лізы. На гэты раз Ліза не адмаўлялася ад пачастунку, сказала, што дапаможа Алёне.

Вярнулася Ліза з бутэрбродамі і адразу ж пачала мяне ўшчуваць:

— Табе, даражэнькая, трэба выклікаць майстра. Краны цякуць, у пліце малы напор газу, не гарыць, а тлее. Да гэтага часу не ўскіпела вада ў чайніку.

Я спрабавала адгаварыцца жартам:

— У маёй кватэры, Лізачка, усё па мне. Гаспадыня хварэе — кран плача, пліта таксама маркоціцца.

— Я да цябе прышлю свайго Гошу. А цяпер апраніся і пасядзі трошкі. Хвароба адступае перад моцнымі. Песціць цябе Алёна, не было б яе, можа, і не ляжала б.

— Што яна робіць на кухні?

— Вейкі фарбуе. Мабыць, на спатканне збіраецца.

— У яе сёння дзяжурства, — сказала я Лізе і вырашыла ўстаць. Гукнула Алёну, каб пасядзела з намі трошкі. Яна адмовілася, паспешліва, амаль на хаду, развіталася з Лізай, а мне паабяцала пазваніць з інтэрната, каб не сумавалася адной.

— Добра, што пайшла, — сказала Ліза, ледзь толькі за Алёнай зачыніліся дзверы. — Хоць пасядзім спакойна ўдзвюх. Штосьці ёсць у яе твары непрыемнае, хоць і прыгожая. Вочы халодныя, як ледзяшы.

— Кінь, Ліза. Усё роўна як абгаворваеш. Проста прыгожыя яны ў яе, зіхоткія.

— Ты так і думаеш жыць разам?

— Мне яна не перашкаджае.

— Гэта часова, невядома, што будзе пасля, але чакай, я прынясу чайнік.

Ліза хутка абвыклася ў кватэры, разам з чайнікам прынесла цукар, увішліва расставіла на стале кубачкі для чаю і пасля ўжо, паспытаўшы бутэрброд са смажаным сялянскім сырам, сказала:

— Яно, канечне, Алёне ў цябе няблага, усё роўна як дома, пры маці. А табе як? Яна што? Год, два і выскачыць замуж... А ў нашым з табой узросце і месяц многа што значыць. Я ж не паверу, што ты думаеш усё жыццё пражыць адна. Бачыш, як яно атрымоўваецца: быў Ігар, і няма. Табе таксама трэба некага шукаць. А не, дык можа стацца, што і вады не будзе каму падаць.

— А як жа каханне, Ліза? Напачатку трэба пакахаць!

— Э-э, — Ліза махнула рукой. — Каханне — у васямнаццаць гадоў. Былі б толькі прыязнасць ды павага. З адным каханнем жыцця не пражывеш. Паглядзі на мяне і Гошу. Хіба благая сям’я? А ты спытайся, ці ёсць паміж намі каханне, і я табе адкажу: няма!

— Я на тваім месцы пра гэта не гаварыла б. Ці варта тады разам жыць?

— Яшчэ як варта, Волечка! Нас не мучыць падазронасць, рэўнасць, мы ствараем агульны дабрабыт і жывём паасобку, кожны сваім жыццём.

— Чаму ж тады паміж вамі не-не ды і сварка?

Я ўспомніла звычайнае Лізіна: «Мы з Гошам падаём на развод», і мне зрабілася смешна.

— А паміж кім іх няма? Але ж мы як пасварымся, так і памірымся. А ці ведаеш ты, Волечка, пра тое, што чым мацней каханне, тым мацней крыўда? Хочаш, я табе раскажу, як мы пажаніліся з Гошам?

І, не чакаючы майго адказу, Ліза ахвотліва і лёгка прыгадала мінулае:

— Мы з Гошам жылі па-суседску. Ён для мяне быў «свой» хлопец, і не больш. Я прымала яго ўважлівасць да сябе, а начамі марыла пра вялікае незямное каханне, якое расхіне не толькі далячыні жыцця, але і ўсе яго выгоды. Кожную раніцу перазвоньвалася з Ларыскай, маёй лепшай сяброўкай, і мы расказвалі адна другой сны, дзе праз адзін была надзея на знаёмства. Неяк вечарам сумавалі з ёй ля тэлевізара ў нашай невялікай кватэры, бацькі на той час некуды ад’ехаліся, і Ларыска прапанавала пазваніць свайму новаму супрацоўніку. Яна тады працавала лабаранткай у політэхнічным. Я пагадзілася. І неўзабаве мы сядзелі ля тэлевізара ўтраіх. Хлопец быў цікавы, высокі, з бліскучымі чорнымі вачыма і да ўсяго разумны. Кватэра ў яго была свая, аднапакаёвая, але свая. Ён адразу ж «паклаў» на мяне вока. Калі б на цяперашні розум, ён быў бы маім, але на той час была неразумнай. У мяне, Волечка, характар з бзыкамі, ён усё і сапсаваў.

— А што такое «бзыкі»?

— Ты паслухай, пасля сама зразумееш. Як толькі я адчула, што хлопец не на жарт зацікавіўся мною, мне схацелася яшчэ большай увагі ад яго. Пачала выклікаць у яго рэўнасць. Ён запрашае мяне на вечар у інстытут, я гавару ў адказ, што іду з Гошам, суседскім хлопцам, на каток. А пасля сяджу цэлы вечар ля тэлевізара і ўяўляю, як ён раўнуе. Наступным днём званю яму сама, сустракаемся, і, нібыта між іншым, гавару, што былы аднакласнік запрасіў мяне ў тэатр, і дадаю, што аднакласнік вельмі сімпатычны. Гэтак цягнулася доўга, пакуль аднойчы зноў не сабраліся з Ларыскай у мяне дома і зноў пазванілі яму. Ён паабяцаў прыехаць і не прыехаў. Вырашылі, што Ларыска скажа яму ў інстытуце, нібыта я і не чакала яго, а адразу ж пасля званка паехала на спатканне з некім іншым. Праз дзень пазваніла Ларысцы дазнацца, ці перадала яна яму ўсё, як было дамоўлена, і пачула ў адказ: «Перадала!» — «Што ён?» — «Нічога... Запрасіў мяне на спатканне», — сказала Ларыса. Так і разышліся мы з ім... Ён не вярнуўся да мяне. І тады, каб адпомсціць яму, як за выратавальны круг схапілася я за Гошу. Ну, а ён рады старацца, адразу ж мне прапанову ў загс... Пагадзілася і, як бачыце, не шкадую...

— Цудоўна, Ліза. Зайздросна ўсё проста ў цябе. А можа, так і трэба ў жыцці?.. Хочаш яшчэ чаю?

— Які можа быць чай? — спахапілася Ліза. — Зірні на гадзіннік, сёмая гадзіна! А я ж абяцала Гошу засмажыць курку, у яго сёння дзень нараджэння. Выбачай, Волечка, але мне трэба бегчы...

Я не затрымлівала Лізу, прычына сапраўды важкая, каб спяшацца дадому. Мяне нават здзівіла, што ў такі дзень яна яшчэ магла заходзіць — хай сабе і да хворага чалавека.

З адыходам Лізы ў пакоі зрабілася змрочліва і ціха. З хвіліны на хвіліну павінны былі прыйсці з рэдакцыі. Чамусьці да гэтага часу не было тэлефоннага званка. Відаць, вырашылі завітаць нечакана. «Што ж купіла Алёна? Трэба зазірнуць на кухню». У халадзільніку ляжалі каўбаса, сыр, кансервы... Звычайны «сухі паёк». А што, калі цёпла апрануцца і выбегчы ў магазін, гэта ж побач. Можна было б купіць курыцу, засмажыць у духоўцы, не перашкодзіла б і віно... Не так часта прыходзяць саслужыўцы... Вырашыла ў дзвярах пакінуць для іх запіску, калі раптам прыйдуць раней, як упраўлюся я, і пачала апранацца...

Пасля шукала кашалёк і нідзе не знаходзіла, тады набрала нумар інтэрната, у якім працавала Алёна, каб запытацца ў яе, куды паклала яна грошы. На маё запытанне паклікаць да тэлефона Феафанаву сказалі, што яе ў інтэрнаце яшчэ не было. «Пазваніце праз гадзінку», — параіла дзяжурная вахцёрка. «Дзе ж яна магла забавіцца, з дому паехала як не дзве гадзіны назад?» А ў дзверы ўжо званілі, пэўна, з рэдакцыі...

Адчыніла і... адхінулася.

— Ты?

— Я.

У прачыненыя дзверы поўз холад. Там, на лесвічнай пляцоўцы, у трох кроках ад мяне, стаяў чалавек, адзіны чалавек на гэтым свеце, якому я ніколі не дазволю пераступіць парог сваёй хаты.

— Не запрашаеш? — у вачах бліснулі злыя агеньчыкі. — Я не напрошваюся надта...

Яму хацелася, каб я запрасіла, хацелася даўно, я гэта ведала. Апошні раз ён прыходзіў вясною.

— Значыцца, усё-такі ворагі?

Ён не быў маім ворагам. З ворагам трэба змагацца: абараняцца або наступаць. Ён проста быў чалавекам, якога я аднойчы выкрасліла са свайго жыцця.

Паўза зацягвалася. Ён вытлумачыў яе па-свойму.

— Чытаў твой апошні артыкул. Моцная рука. Крута замешваеш...

Я не адношуся да тых людзей, якіх можна крануць кампліментам, а ён якраз разлічваў на гэта.

Навошта? Навошта ён шукае і хоча майго сяброўства?

— Косця... Мне сцюдзёна. Я чакаю гасцей... з рэдакцыі. Прабач.

Хутка зачыніла дзверы. Ён стаяў, яшчэ спадзяваўся. Мне ж хацелася хутчэй пачуць яго крокі.

Можна выкрасліць чалавека са свайго жыцця, ніяк не прывязваць яго да сябе, не разлічваць на яго, можна не адчуваць ні нянавісці, ні прыязнасці, але калі чалавек аднойчы быў у тваім жыцці, ён міжвольна ёсць, прысутнічае, ён ужо нейкая часцінка твайго ўнутранага свету, нават тады, калі ад гэтай часцінкі хацелася б адмовіцца.

Я не адыходзіла ад дзвярэй. Слухала крокі. Пайшоў...

Вярнулася ў пакой, села ў крэсла, і не сядзелася. Гэта было не хваляванне. У Косці засталася недаказанасць, а ў мяне?..

Я добра помню той чэрвень на трэцім курсе універсітэта. Якраз быў час летняй сесіі. Вечарам, пасля здачы чарговага экзамена, сядзелі ў адным з інтэрнацкіх пакояў. Адпачывалі. Сабраліся самыя блізкія сябры. Вось тады і прыйшоў Косця Мурашка, дакладней, яго прывёў Толя Барынец. Маўклівы, насцярожаны, але з жывым вострым позіркам, ён нечым прыцягваў да сябе. У такіх людзей звычайна хочацца запытацца: «Слухай, чалавеча, што ты носіш там, за душою... Нешта ж непакоіць цябе? Вунь як загарэліся вочы і адразу ж пагаслі. Штосьці стрымлівае гэты агонь, не дае яму вырвацца з душы».

Слухалі музыку і многа смяяліся тым юначым смехам, які можа выклікаць самая нязначная дробязь.

Маня Шаранговіч выдатна адказала выкладчыку, у апошні момант махнула рукою, і на стол з рукава сукенкі выпала паперка, іншым словам «шпаргалка». Маня зніякавела.

— Што гэта? — запытаўся прафесар.

— Запіска... — густа пачырванеўшы, адказала Маня.

— Гм-м, — Валодзя Прыгодзіч, які расказваў гэтае здарэнне з Маняй, прыўзняў брыво, якраз як прафесар.— Чыя запіска?

Прыгодзіч адшукаў позіркам Маню, яна была тут жа, у пакоі, перавёў яго на Паўла Кавальца, той сядзеў побач з Маняй, і тоненькім галаском, падрабляючыся пад Манін, бойка выпаліў на адным дыханні:

— А на гэтае пытанне няхай вам адкажа Кавалец...

Зноў смех. Нечакана, на вачах ва ўсіх, побач са мною сеў Косця. Гэта была непрыкрытая ўвага, тым больш што адразу ж ён паспяшаўся пацвердзіць яе словамі:

— Мне казалі, што ў вашым інтэрнаце самыя прыгожыя дзяўчаты.

— Сказалі няпраўду?

— Не... — ён узяў мяне за локаць, нахіліўся: — Сапраўды самыя прыгожыя. Але пераканаўся ў гэтым толькі зараз, калі заўважыў вас.

З таго вечара я часта сустракалася з Косцем. Стаматалагічная клініка, у якой ён працаваў урачом-пратэзістам, была непадалёк ад нашага інтэрната, і гэта спрыяла нашым сустрэчам. Кожны новы дзень уліваў у маю душу струмень, якога хапала да наступнага спаткання, каб там выліцца ў словы радасці і пяшчоты. Я закахалася. Чэрвень праляцеў хутка. Пачаліся студэнцкія канікулы. Трэба было ехаць да мамы, у Затонне. У той апошні вечар перад маім ад’ездам Косця запрасіў мяне да сябе.

Ён жыў адзін, у аднапакаёвай кватэры. Добра помніцца дворык з двума сталамі, за якімі мужчыны гулялі ў даміно...

— Пойдзем паасобку, — сказаў Косця. — Каб не было лішніх размоў.

Тады я не надала гэтым словам асаблівай увагі пагадзілася з ім і толькі пасля шкадавала; трэба было павярнуць назад...

Кватэра была вельмі ўтульнай, не па-мужчынску прыбранай. На стале стаяла шампанскае, ляжалі цукеркі. Але не адразу селі за стол.

— Пачакай, сядзь у крэсла...

Косця выйшаў на кухню, вярнуўся ў пакой з анучкай. Пачаў змахваць пыл з серванта, з прыёмніка...

— Фортку я не зачыняю, за дзень набіраецца пылу.

Потым была музыка... Позна вечарам выйшлі на балкон.

— Табе падабаецца ў мяне? — запытаўся Косця.

— Вельмі.

— Трэба будзе купіць пісьмовы стол.

— Навошта? — здзівілася я.

— Думаю шторы таксама памяняць, — адказаў ён, шукаючы маю руку.

— У цябе зараз моцна б’ецца сэрца? — запыталася я і прытулілася шчакой да яго пляча.

— Я ж жывы... Канечне, б’ецца.

— А калі ў цябе адпачынак? Можа, ты прыехаў бы да мяне ў Затонне?

— Я гэтым летам не бяру адпачынак. Грошы на адну рэч патрэбны.

Косця абняў мяне, прытуліў да сябе.

— Тады, можа, на суботу і нядзелю як-небудзь прыедзеш? Я не змагу перажыць лета без цябе. Я хачу, каб ты быў кожны дзень побач, хачу бачыць твой твар, вочы, вусны, лашчыць тваю руку...

Ён сціснуў маё плячо...

— Ты думаеш гэта так проста... Сеў і паехаў. Я часта працую і ў суботу, і ў нядзелю.

Мне хацелася, каб ён аднойчы прыехаў, але ў думках я апраўдвала яго, што зробіш, калі такая работа. А ён не лайдак, ён старанны.

— Ты правядзеш мяне заўтра?

— А ў колькі цягнік?

Косця зірнуў на гадзіннік.

— О-о, мы з табою забавіліся...

— Цягнік у дзесяць.

— Я ж працую. Папрасі каго-небудзь з сябровак, ды, зрэшты, і сама... Не маленькая. Будзеш вяртацца ў Мінск, я цябе сустрэну. Толькі абавязкова напішы. Напішаш?

Я не адказала, толькі згодна паціснула яго руку.

— Я цябе правяду зараз на трамвай.

— А можа, яшчэ пастаім трошкі? Ой, вунь там, здаецца, Венера... Бачыш? Мы потым зловім таксі.

— Глядзі якая?! Таксі ёй... А ў цябе ёсць грошы? Зарплата ў мяне толькі паслязаўтра.

— Пра што ты гаворыш, Косця... Канечне, ёсць. Мне мама выслала на дарогу.

...Дні ў Затонні здаваліся доўгімі-доўгімі. Каб хутчэй прабег час, у сярэдзіне ліпеня на месяц пайшла працаваць на цагельню, у сушыльны цэх. У адказ на свае лісты ад Косці атрымала дзве паштоўкі. «Цалую. Абдымаю» — стаяла ў канцы на кожнай. Перад сном штодня перачытвала іх. Даходзячы да гэтых двух слоў, адкладвала... хацелася салодка марыць.

У жніўні атрымала разлік на цагельні і адразу ж пайшла ў магазін. У аддзеле цацак даўно аблюбавала прыгожага плюшавага мядзведзя. Карцела хутчэй купіць. З дзяцінства люблю дарыць падарункі. Мядзведзь адрасаваўся Косцю. На пошце напісала кароценькую запіску: «Няхай ён ахоўвае цябе ад злых людзей, ад злых вачэй. Прыручы і чакай мяне. Прыеду праз два тыдні» — і адаслала разам з мядзведзем.

За дзень да свайго ад’езду з Затоння адбіла Косцю тэлеграму, паведаміла час прыезду...

У Мінск прыехала вечарам. Косці на платформе не было. Ён не прыйшоў да цягніка. «Мог не атрымаць тэлеграму, — думалася мне. — Яшчэ ў чэрвені сказаў, што сустрэне. І час якраз той, калі тэлеграф можа быць перагружаны...»

У Косці не было хатняга тэлефона, пазваніць яму не магла ў той жа вечар, пазваніла раніцай, у клініку.

— Ты?.. Гэтак хутка?

Мне прыдалося, што ён разгубіўся, пачуўшы мой

голас.

— Чаму ты не сустрэў мяне?

— Я ж не ведаў, калі ты прыязджаеш.

— А тэлеграма?

— Якая?

Ён спяшаўся, яго чакалі справы. На маё пытанне: «Калі сустрэнемся?» папрасіў пазваніць пазней. Званіла некалькі разоў, Косця быў заняты. Нарэшце зноў пачула яго голас:

— Сумуеш?.. Вечарам буду вольны, прыязджай да мяне.

Збірацца пачала задоўга да прызначанага часу. Прымерала не адну сукенку, пакуль не спынілася на цёмна-сінім касцюме. Ён пасаваў да вачэй, пашыты быў строга і тым самым падкрэсліваў танклявасць постаці. Хацелася вельмі спадабацца Косцю, быць вясёлай, гарэзлівай.

Але як толькі пераступіла парог кватэры, зірнула ў вочы, радасць, выкліканая чаканнем сустрэчы, пакінула мяне.

У пакоі нічога не змянілася, адно дадаўся пісьмовы стол. На ім стаяў вялікі букет позніх палявых кветак. Гэтыя кветкі чамусьці прыцягнулі ўвагу.

— Купіў на Камароўцы? — паказала позіркам на букет.

— А-а, рамонкі? Ды не... з поля, — адказаў Косця.— Я ж тут машыну сабе купіў. Учора выязджаў за горад...

І нейкім пакуль яшчэ не зразумелым прадчуваннем зашчымела сэрца. «Выязджаў за горад... Канечне, ж, не адзін. Сам бы не збіраў кветкі...»

Косця прынёс каву, запрасіў да стала. Я засталася сядзець на канапе. Было нешта непрыемнае ў яго гасціннасці, саладжавае.

— Чуеш, Косця, а ў цябе ёсць каханая?

Пытанне было правакацыйнае.

— Канечне, ёсць.

Мне хацелася, каб ён дадаў: «Ты мая каханая», але ён маўчаў.

— А хто яна?

— Дзяўчына.

— А як яе завуць?

— Ты хочаш ведаць? — ён здзіўлена паглядзеў на мяне. — Яе завуць Валя...

Я ўскочыла з канапы.

— Ты гаворыш праўду? Не, ты жартуеш!..

Косця падышоў да мяне, абняў.

— Сядзь... і паслухай. Мне патрэбна жонка, мне надакучыла жыць аднаму, гаспадарка расце... Але трэба такая, якая ходзіць па зямлі. Ты лётаеш у небе. Ты для мары, а мне патрэбна жонка для жыцця. — І ён пацалаваў мяне ў шчаку... яшчэ раз, пасля яшчэ больш горача.

Я адштурхнула яго, зноў ускочыла... Ён спакойна падышоў да шафы, расчыніў.

— Вось, паглядзі, колькі бялізны. І якой!.. З крухмалам, з сінькай... Валя працуе ў быткамбінаце, у пральні, прыёмшчыцай. Вясковая... Без адукацыі, але затое гаспадыня. Зірні, які парадак у пакоі...

Я бяздумна пераводзіла позірк з рэчы на рэч. Побач, на тумбачцы, заўважыла паперку... Гэта была тэлеграма, я не сумнявалася — мая.

Нейкая сіла падхапіла і панесла прэч. Прэч ад яго, з гэтага да бляску прыбранага пакоя...

Навошта прыйшоў гэты ўспамін? Для чаго ён жыве ўва мне? Адчувалася стома. Што ж такое, чаму не ідуць з рэдакцыі? Хацелася некага бачыць, хацелася гаварыць...

Зноў набрала нумар інтэрната. Не, Алёна яшчэ не з’яўлялася...

 

XI

Стажкоў і Алёна сядзелі ў кафэ за асобным столікам для дваіх. Стажкоў гукнуў афіцыянтку, паказваючы пальцам на стол, маўляў, прынясі разлік.

— Алічак, я ўпэўнена, ён зноў запросіць мяне, — Алёна ўзяла Стажкова за руку і зірнула ў бок суседняга століка, за якім сядзела вясёлая кампанія. Там таксама не-не ды і паглядалі на Алёну, асабліва хлопцы, іх было чацвёра. Побач з імі сядзелі дзве дзяўчыны, і можна было падумаць, што пазнаёміліся яны толькі сённяшнім вечарам. Хлопцы ажыўлена гаварылі між сабою, відаць, яны добра ведалі адзін аднаго. Дзяўчаты маўчалі і падключаліся ў размову толькі тады, калі ў іх пра нешта пыталіся. Яны здаваліся сарамлівымі і не вельмі прыгожымі на першы погляд, на Алёну пазіралі зайздросліва...

Як толькі заіграў аркестр на невялічкай эстрадзе ў кутку вялікай ярка асветленай залы, Алёна хуценька дастала з сумачкі люстэрка і раскрыла карабок з пудрай, які стаяў побач на стале. Спрытна прыпудрыла носік і какетліва зірнула ў бок суседняга століка. Высокі чарнявы хлопец у моднай скураной куртцы адказаў на яе позірк ваблівай усмешкай і, штосьці сказаўшы суседу на вуха, устаў...

— Алічак, апошні раз. Ты мне дазволіш?

Стажкоў не паспеў адказаць, хлопец ужо схіліўся

над Алёнай, запрашаючы яе на танец.

— Малады чалавек, варта было б запытацца згоды ў мяне, гэтага патрабуе звычайны этыкет. — Стажкову

не хацелася, каб Алёна танцавала з гэтым хлопцам.

— Алік, перастань! Я ж сказала, апошні танец. — Алёна пазірала на Стажкова насмешліва, нібыта нават са злосцю.

— Прабачце, — хлопец з напускной далікатнасцю схіліў голаў перад Стажковым і, абдымаючы Алёну за плечы, павёў яе ў круг.

Пакуль Алёна танцавала, Стажкоў разлічыўся з афіцыянткай і цяпер нецярпліва чакаў, калі ж, нарэшце, скончыцца гэты танец. Таму, як толькі Алёна падышла да стала, Алік устаў і, не гледзячы на яе, сказаў:

— Ты, міленькая, спазняешся на работу.

— Алічак, яшчэ пяць хвілін...

— Што такое?

— Я спушчуся ўніз, у гардэроб. Там тэлефон, пазваню Вользе.

І, не чакаючы яго адказу, Алёна шпарка пайшла да выхада. Алік зноў сеў за стол. Ён бачыў, як з-за суседняга століка падняўся хлопец, які толькі што танцаваў з Алёнай, і пайшоў за ёю следам... Вярнуліся з гардэроба яны разам.

— Ну вось, Алічак, цяпер мы можам ісці! — сказала Алёна Стажкову.

Калі выйшлі на вуліцу, Алік даў волю свайму абурэнню. Ён папракаў Алёну за несур’ёзнасць, нават непавагу да яго, Стажкова, і таксама сказаў пра тое, што Вользе яна магла пазваніць цяпер, з любога аўтамата, неабавязкова было ёй спускацца ўніз. Але ж справа, відаць, у тым, што яна не паспела дамовіцца з хлопцам аб спатканні ў час танца, таму і пайшла ў гардэроб.

Так яно і было на самой справе. Алёна была пераканана, што хлопец у скураной куртцы пойдзе за ёю. Аб спатканні яны не дамовіліся, але ён даў Алёне свой тэлефон, і цяпер усё залежала ад яе самой: спаткаюцца яны ці не. А чаму б і не спаткацца? Стажкоў толькі і заняты сваімі карцінамі. А гэты... Гэты — музыказнаўца, выкладае ў кансерваторыі. І тварам Стажкову да яго далёка... Вользе Алёна не званіла, з залы чулася б музыка, а яна ж сказала ёй, што едзе ў інтэрнат. Не магла пазваніць цяпер, калі побач быў Стажкоў. З ім хацелася хутчэй развітацца, таму, як толькі падышлі да аўтобуснага прыпынку, Алёна папрасіла далей яе не праводзіць. Стажкоў развітаўся холадна. Гэта яе не трывожыла, хвалявала іншае: а што, калі Стажкоў возьме і пазвоніць Вользе? А пазваніць ён можа: папершае, каб даведацца, як сябе адчувае Вольга, па-другое, каб выказаць сваё абурэнне Алёнай. Вось гэтага ёй і не хацелася. Але за што ж яму крыўдзіцца? Толькі за тое, што яна спадабалася гэтаму хлопцу? Дык, калі на тое пайшло, яна не прывязана да Стажкова і мае поўнае права на новае знаёмства. Гэтыя разважанні надалі ёй упэўненасці ў тым, што нічога благога яна не зрабіла. З гэтаю думкай яна і прыехала ў інтэрнат.

Апынуўшыся ў вестыбюлі, зірнула на вялікі гадзіннік, які вісеў на сцяне побач са сталом дзяжурнай вахцёркі, і міжвольна схамянулася: яна спазнілася на перазменку на добрых паўгадзіны. А як жа сустрэча з чытальнікам? Значыцца, і на яе спазнілася: цяпер палова дзевятай, а сустрэча прызначана на восем. Вось і аб’ява побач з гадзіннікам. Чым вытлумачыць спазненне? Але хто будзе ведаць пра гэта: хіба што яе напарніца, якую яна павінна была змяніць, але тая ўжо магла пайсці дадому. Толькі цяпер Алёна заўважыла дзяжурную вахцёрку, якая палівала вялікі фікус, што стаяў ля акна.

— Добры вечар, цёця Валя, — Алёна падышла да дзяжурнай. — Што тут у нас? Усё ціха? Я трошкі спазнілася...

— Ведаю, — адказала дзяжурная. — Верынея Сямёнаўна дачакацца не магла. Хвілін дзесяць, як паехала. Дзіця ў яе дома адно.

— А я затрымалася... Мая гаспадыня хварэе. Толькі гэта я сабралася ехаць, а ў яе сэрца схапіла і не адпускае. Давялося «хуткую дапамогу» выклікаць. Усю дарогу думала, што тут з гэтай сустрэчай? — Алёна паказала позіркам на аб’яву. — Ці прыйшоў чытальнік?

— Артыст? — перапытала дзяжурная і адказала: — Прыйшоў. Верынея Сямёнаўна сустракала. У Чырвоным кутку ён цяпер, на другім паверсе. Таму тут і пуста — усе туды пабеглі.

І Алёна з палёгкай уздыхнула: значыцца, усё ў парадку.

— Дайце ключ ад нашага пако — папрасіла дзяжурную. — Распрануся і — хуценька на другі паверх!

Узяўшы ключ, Алёна пайшла ў канец доўгага калідора. Там быў пакой, адведзены выхавацелям. Уключыўшы святло, распранулася, паглядзела ў люстэрка, якое вісела на сцяне, была пайшла да дзвярэй, пасля вярнулася, дастала з сумачкі туш і старанна падфарбавала павекі...

На другім паверсе, таксама як і на першым, было ціха. «Малайцы, — падумала Алёна. — Трэба часцей праводзіць такія сустрэчы. Звычайна бадзяюцца дзяўчаты па калідоры, вандруючы з пакоя ў пакой, а цяпер вось ні душы...» З гэтаю думкай падышла да Чырвонага кутка, прачыніла дзверы...

У невялікі пакой дзяўчат набілася многа. У цэнтры ля стала стаяў чытальнік, штосьці тлумачыў. Тыя, што сядзелі бліжэй да дзвярэй, азірнуліся... Алёна адразу заўважыла Люсю Пракопчык, сакратара камсамольскай арганізацыі камбіната. Ціхенька гукнула яе, каб тая на хвілінку выйшла. І, калі Люся падышла, запыталася:

— Цікава тут у вас?

— Вельмі, — адказала Люся.

— Сабраліся хутка?

— У момант. Дзяўчат многа. Усе, хто быў на гэты час у інтэрнаце, прыйшлі. Толькі Вера Іваніцкая не

пайшла.

— Чаму?

— Яна ж хварэе...

— А-а? — працягнула Алёна. — Ну, добра, ты, Люся, вяртайся. Глядзі, каб было ціха, а я зазірну да Веры. Яна, здаецца, у сто трыццаць пятым?

— Угу!

— Ну, ідзі! — Алёна падштурхнула Люсю да дзвярэй і рушыла па доўгім калідоры, пазіраючы на нумары пакояў. «Затрымаюся трошкі ў Веры, — думала яна. — Сюды падыду ў канцы сустрэчы. Навошта, каб дзяўчаты звярталі ўвагу, каб ведалі, што выхавацелька спазнілася».

Вось і сто трыццаць пяты. Пастукала. Ніхто не адказваў. Тады націснула на ручку дзвярэй і ўвайшла. Відавочна, Вера спала, таму што толькі цяпер, калі рыпнулі дзверы, прыўзняла галаву і, пазнаўшы Алёну, шчыльней нацягнула коўдру, запрасіла прайсці, нават паспрабавала рукою адсунуць ад стала крэсла, маўляў, сядайце...

— Ты, Вера, не клапаціся. Я знайду, дзе сесці. — І Алёна прысела на ложак, побач. Абвяла позіркам цьмяны пакой, верхняе святло не ўключалі, гарэла толькі настольная лямпа, але і пры такім святле было відаць, што дзяўчаты клапаціліся аб сваім дабрабыце. Ложкі, а іх у пакоі чатыры, былі акуратна засланы. Белыя хрызантэмы, якія стаялі ў вазе на стале, надавалі ўтульнасць.

— Даўно хварэеш? — запыталася Алёна і падумала, што ўсякі раз, калі яна бачыла Веру, у яе было адчуванне, што недзе раней, яшчэ да працы ў інтэрнаце, яна бачыла гэты твар.

— Пяты дзень ужо, — сказала Вера. — Хацелі нават у бальніцу пакласці, штосьці з печанню, гавораць...

— Бацькам паведаміла? Ці, можа, няма бацькоў?

— Як жа няма! Ёсць!.. Яны жывуць на раёне. Але навошта іх хваляваць, папраўлюся, тады напішу, што хварэла.

— І то праўда! Ну, а хто-небудзь адведвае, прыходзіць?

Вера пасміхнулася, падсунула падушку вышэй да спінкі ложка і прысела.

— У інтэрнаце хварэць добра. Была б дзе-небудзь на кватэры, чакай, пакуль хто прыйдзе, а тут... дзяўчаты на месцы, лічы, за вечар усе наведаюць.

— Яно так, — пагадзілася Алёна. — Але лепш зусім не хварэць. Хутка свята, на камбінаце будзе вялікі вечар, а ты ў ложку.

Вера ўздыхнула:

— Вечар што? Пасля Кастрычніцкіх свят у мяне вяселле, а тут гэтая хвароба... Хоць бы прайшла.

— За нашага, камбінатаўскага, выходзіш? — запыталася Алёна.

— Не, працуе на аўтамабільным. Дарэчы, можа б, вы папярэдзілі дзяжурную... Дзяўчат яна можа не паслухаць. У Віці, майго хлопца, сёння другая змена, дык ён позна зойдзе праведаць мяне, хай бы яго прапусцілі.

І Алёне тое, што Вера папрасіла яе аб гэтым, спадабалася. Значыцца, яна глядзіць на яе як на чалавека старэйшага, ад якога ў нечым залежыць, таму адразу ж ахвотна пагадзілася:

— Ну, канечне, папярэджу дзяжурную. Мала таго, абавязкова папрашу, каб прапусціла твайго Віцю.

— Дзякую.

У калідоры пачуліся галасы...

— Нашы вяртаюцца, — сказала Вера. — Вы таксама не пайшлі на сустрэчу?

— Як бачыш, зайшла да цябе. Ну, прабач, я пайду, а ты глядзі... папраўляйся хутчэй, — і Алёна хуценька выйшла з пакоя, амаль подбегам рушыла праз калідор да Чырвонага кутка. Дзяўчаты разыходзіліся вясёлыя і ўсхваляваныя. Яшчэ зводдаль Алёна заўважыла чытальніка, ён стаяў ля дзвярэй, быццам чакаў некага. Яна рушыла да яго.

— Добры вечар, я — выхавацелька, ад душы дзякую вам, дзяўчатам вельмі спадабалася ваша выступленне. Прыходзьце яшчэ...

— Я таксама дзякую за добрае слова, але ж куды мне тут ісці, дзе ў вас выхад, я спяшаюся...

— Не хвалюйцеся, я вас правяду. Хадземце...

І яны рушылі праз доўгі калідор да лесвіцы, якая вяла на першы паверх...

Развітаўшыся з чытальнікам, Алёна папрасіла дзяжурную, каб тая замкнула Чырвоны куток, і, пажадаўшы ёй добрай ночы, пайшла да сябе ў пакой...

«Ну, вось і ўсё, вечара як і не было, — думала, распранаючыся. — Трэба было б прайсціся па паверхах, але што там можа здарыцца? Дзяўчаты, напэўна, разышліся па пакоях і цяпер абменьваюцца думкамі. Таму можна спакойна легчы спаць». Яна ўключыла радыё — перадавалі апошнія паведамленні, гэта было нецікава, таму, выключыўшы рэпрадуктар, хутка разабрала ложак і нырнула пад цёплую коўдру. Заснула хутка, але сон быў нямоцны, таму што, калі падхапілася з ложка, пачуўшы, што нехта гукае яе за дзвярыма, здавалася, як і не спала. Гэта была дзяжурная. Алёна не апранаючыся адчыніла дзверы, прапускаючы вахцёрку ў пакой.

— Я па вас, Алёна Паўлаўна, — сказала тая. — Проста не ведаю, што і рабіць. Там хлопец просіцца да Іваніцкай, яна хварэе, раней не мог ён прыйсці. Але ж надта позна, спяць усе.

— Нічога страшнага, упусціце. — Алёна ўспомніла, што менавіта аб гэтым прасіла яе Вера Іваніцкая і што яна забылася папярэдзіць дзяжурную. І тут нешта як падштурхнула Алёну: а што там за хлопец? Вера казала, што хутка ў іх вяселле. Цікава паглядзець...

— Чакайце, цёця Валя. Я сама пагавару з ім, — і Алёна пачала хуценька апранацца...

— Ну, дзе ж ваш хлопец? — запыталася ў дзяжурнай, як толькі апынулася ў вестыбюлі.

— Ён там, за дзвярыма. Я ж не ўпусціла яго, перш пайшла параіцца з вамі.

У дзверы застукалі. Хлопец пачуў іх размову і абазваўся.

— Ну, дык што? Адкрыць? — запыталася дзяжурная.

— Ды адчыніце вы, чорт вазьмі! Колькі можна ўпрошваць! Гавару, што з другой змены, раней не мог! — пачулася з-за дзвярэй.

У Алёны пахаладзела ў грудзях, часта-часта забілася сэрца. Яна пазнала гэты голас. Безумоўна, там, за дзвярыма, стаяў Віктар Раманоўскі, яшчэ зусім нядаўна яе Віця. У адно імгненне ў памяці пранеслася сустрэча з ім у Зарачанскім Гарадку, кароткае спатканне, пасля якога яна ледзь не трапіла пад машыну, памяць вярнула нават думкі аб ім у бальніцы і размову з Вольгай. Дык, значыцца, яе замяніла Іваніцкая? Ах, дурніца, тая ж гаварыла, што яе хлопца завуць Віцем, Як жа яна раней не ўцяміла, чаму не распытала больш падрабязна, а Вера ж сказала, што і працуе ён на аўтамабільным. Так, безумоўна, тады на платформе, калі ад’язджала з Зарачанскага, перад ёю прамільгнуў Верын твар. Вось чаму ёй увесь час здавалася, што недзе бачыла яе. Значыцца, на той час і Вера была ў Зарачанскім. Цяпер зразумела, чаму Віктар не схацеў выйсці да яе з Дома культуры і пасля паводзіў сябе так, нібыта хаваўся ад яе.

А ў дзверы стукалі.

— Ды што вы там, паглухлі? Адчыніце?

— Адкрыць? — зноў спытала дзяжурная.

Алёна не адказала, пайшла да дзвярэй. Па-гаспадарску ўпэўнена і гучна сказала:

— Малады чалавек, а вам вядома, што візіты ў такі позні час у інтэрнаты забаронены?!

А сама падумала: пазнае ці не пазнае?

— Вядома! — абазваўся з-за дзвярэй Віктар. — Але бываюць выключэнні. Больш як паўгадзіны я не затрымаюся.

Не пазнаў ці не схацеў пазнаць?! І нейкая злосць агарнула Алёну. «Глядзі ты, які настойлівы, а калі я нядаўна ляжала ў бальніцы, спецыяльна пасылала Вольгу... І не падумаў прыехаць. Не пушчу!» — вырашыла Алёна і крыкнула ў дзверы:

— Ідзіце дамоў, ніхто вас цяпер не ўпусціць!

— Я буду скардзіцца, — пачулася ў адказ. — Я не на пагулянку. Мне трэба пабачыць хворага чалавека. — І ён зноў моцна застукаў у дзверы.

— Трэба ўпусціць, — сказала дзяжурная. — Шкада хлопца, вы ж гаварылі, што адкрыеце самі.

— Я перадумала, — сказала Алёна. — Па інструкцыі забаронена, будзем прытрымлівацца правілаў.

— Што?! — Віктар пачуў яе словы. — Ды вы бервяно, а не жанчына.

— А можа, адкрыем?! Ён жа ненадоўга, хай пабачыцца з Верай, — не супакойвалася дзяжурная.

— Хай стукае! — злосна адказала Алёна. — Ніхто яму адчыняць не будзе. Адкрыеце — я паведамлю дырэкцыі. Будзе хуліганіць — выклікайце міліцыю, — і ледзь не бягом кінулася да сябе ў пакой, адразу ж упала на ложак. Душылі слёзы: гэта была крыўда. «Мала таго, што не пазнаў, дык яшчэ абазваў бервяном. А колькі сустрэч было ў Затонні, колькі слоў гаварылася! Было юнацтва, былі шчаслівыя хвіліны, дык чаму такі канец! А можа, трэба было ўпусціць? Як бы ён павёў сябе, пабачыўшы мяне? Што б гаварыў? З майго боку гэта было б высакародна. Магла б нават правесці яго да Іваніцкай, нібыта мне ўсё роўна: хочаш — ідзі? Абыякавасць звычайна выклікае адваротную рэакцыю. Нездарма ж гавораць: не згубіш — не знойдзеш. А можа, і цяпер пашкадуе, калі ўбачыць? Трэба ўпусціць і павесці сябе так, нібыта не маю да яго ніякага дачынення, нібыта і незнаёма з ім. Няўжо не зашчыміць душа?»

Алёна паднялася з ложка, уключыла святло, падышла да люстра, прычасала валасы. Выйшла ў вестыбюль. Там было ціха. Дзяжурная ўключыла электраплітку, на стале стаяў чайнік. Пабачыўшы Алёну, здзівілася:

— І вам не спіцца? Перакалаціў ноч.

Алёна была расчаравана. Значыцца, Віктар пайшоў, не стаў настойваць, а ў дзяжурнай запыталася:

— Ці не ўпусцілі вы яго?

— Як жа я ўпушчу, калі забаронена? Дзякуй богу, пайшоў! Хіба яму дня не будзе? Сядайце, пап’яце са мной чаю.

Алёна прысела да стала і адразу ж ускочыла. У дзверы зноў стукалі.

— Адчыніце! Чуеце, адчыніце! — але гэта быў другі голас.

— Вярнуўся!

— Гэта не ён, — сказала Алёна і пайшла да дзвярэй. Дзяжурная рушыла за ёю.

— Хто там? — запыталася Алёна, спадзеючыся, што яна памылілася і што за дзвярыма стаіць Віктар.

— Адчыняйце! Чалавек з пажарнай лесвіцы сарваўся. Чорт ведае што ў вас тут робіцца!

— Ой, божачкі! — ускрыкнула дзяжурная. — Няўжо ён палез па пажарнай? Што ж гэта цяпер будзе?

Алёна імкліва павярнула ключ у дзвярах, і адразу ж яны расчыніліся. У вестыбюль увайшоў незнаёмы мужчына.

— Выклікайце «хуткую дапамогу» і пабудзіце каго-небудзь з мужчын. Трэба яго перанесці сюды, яшчэ дыхае. Што ж вы стаіцё? — звярнуўся да дзяжурнай. — Дзе тэлефон?

— Ой, там, на стале! — дзяжурная прыціснула рукі да грудзей і павярнулася да Алёны: — Бяжы, даражэнькая, на паверх. Недзе ж тут быў электрык!

І Алёна пабегла... у расчыненыя дзверы. Ноч была месячная, яна адразу ж убачыла пажарную лесвіцу, прымацаваную да сцяны, недалёка ад ганка. Саскочыла са сходаў, паслізнулася і ўпала, імгненна паднялася і пайшла паўз клумбу... Першае, што яна пабачыла, была куртка, тая самая, у якую быў апрануты Віктар у час іх сустрэчы ў Зарачанскім Гарадку...

 

XII

Пра тое, што здарылася ў інтэрнаце, я даведалася праз два дні, і не ад Алёны, а ад Ігара.

Якраз напярэдадні свята раніцой пазваніла мая маці, сказала, што перадае праз знаёмых, якія едуць з Масквы ў Варшаву, невялікую пасылачку. Трэба было падысці да цягніка. Адчувала сябе значна лепш, але на працу яшчэ не выходзіла. Упрыгожаны Мінск глядзеўся па-святочнаму, карцела выйсці з дому, таму ад душы была рада гэтай нагодзе і з нецярплівасцю чакала вечара: экспрэс «Масква — Варшава» прыбываў а дзесятай гадзіне.

Алёна не начавала дома. Учора звечара пазваніла, каб папярэдзіць, што яна забавіцца ў былой аднакурсніцы, маўляў, тая нарадзіла дзіця і трэба памагчы. Па маіх падліках, сёння ў яе быў рабочы дзень: дзяжурыла яна пазамінулай ноччу, учора быў вольны дзень, ну, а сёння зноў інтэрнат... Меркавала, што дадому прыедзе пасля дзяжурства, недзе каля дзевяці гадзін, думалася, што, магчыма, і яе вазьму з сабой на вакзал.

Звечара пачаў ісці снег. Напачатку толькі церушыў, а пасля разгулялася сапраўдная завіруха. «Няўжо прыйшла зіма, ці гэта толькі часовы капрыз прыроды?» Але гэтая імклівая перамена надвор’я цешыла, настрой быў прыўзняты. Алёны не дачакалася, таму, як толькі гадзіннік паказаў палову дзевятай, пачала збірацца на вакзал адна.

Дадому вярталася позна, на вакзале выпадкова сустрэла даўнюю знаёмую, жылі побач, калі працавала ў раёнцы. Тая чакала цягніка, у Мінску была па нейкіх сваіх справах, з ёю і забавілася.

І першы снег, і матчына пасылка, і вось гэтая нечаканая сустрэча з былой знаёмай напоўнілі душу бадзёрасцю. Час быў позні, а горад яшчэ не спаў, ведама, перад святам, і мне думалася: «Занясу пасылку дадому і прапаную Алёне выйсці на вуліцу. Пройдземся перад сном...» У тым, што Алёна будзе дома, я не сумнявалася, яна ж не папярэджвала, што сёння недзе затрымаецца. І я не памылілася, застала яе дома. Але як была здзіўлена, калі яшчэ з парога пабачыла, што Алёна стаіць у прахожай перад раскрытым чамаданам, складаючы ў яго свае рэчы.

— Што такое, Алёна, ты нібыта некуды збіраешся? Наколькі памятаю, ты на свята дамаўлялася са Стажковым паехаць на дачу.

— Дамаўлялася, — суха адказала Алёна.

— Дык навошта табе чамадан?

— Я еду ў Затонне.

— Перадумала?

Алёна адмоўна пакруціла галавой.

— Я еду назусім.

— Як назусім? Што здарылася? — я адставіла ўбок пасылку, падышла да яе, узяла за плечы. — Алёна, зараз жа раскажы... Можа, цябе хто пакрыўдзіў? Хадзі, сядзем, я хачу ведаць, чаму? Як? Што?..

Алёна спакойна адвяла мае рукі, зноў схілілася над чамаданам. Шчоўкнулі замкі...

— Прабачце, Вольга, але я не магу вам сказаць. Не магу! Пра ўсё раскажа Ігар. Ён ведае...

— Алёна, гэта нейкае непаразуменне. Усё было так добра!

Я не ведала, што ёй гаварыць, у чым пераконваць, але хацелася яе затрымаць, і Алёна гэта адчула...

— Не трэба! — сказала яна. — Я павінна ехаць. У мяне праз гадзіну цягнік. Калі-небудзь напішу ліст, — і яна пачала апранацца.

Я зусім разгубілася.

— Чакай, Алёна, мне тут маці пераслала пасылку, давай распакуем. А пасля... пасля я цябе правяду.

— Самі распакуеце, і праводзіць мяне не трэба. Я прашу вас...

Алёна хутка падхапіла свой чамадан, на хвіліну прыціснула мяне да сябе:

— Дзякую, Вольга. Ключ я пакінула на стале, ён мне ўжо не патрэбен. — І, не чакаючы адказу, моцна стукнуўшы дзвярыма, выбегла з кватэры. Я адразу ж кінулася да тэлефона, набрала нумар Ігара. У трубцы чуліся доўгія гудкі. Яго не было дома. Тады кінулася ў пакой, падбегла да акна. На сцежцы, якая вяла да пад’езда, ляжаў бялюткі снег. Слядоў на ім не было, відаць, Алёна яшчэ не выйшла з пад’езда.

 

З той восені прайшло пяць гадоў. Неяк вечарам, пакупаўшы Пецьку, трохгадовага сына, і паклаўшы яго спаць, глядзелі з Ігарам тэлевізійную праграму.

Ігар абараніў дысертацыю і цяпер працаваў у клініцы. Сёння днём ён аперыраваў цяжкога хворага. Аперацыя прайшла ўдала, але хваляванне не праходзіла, хворы быў у цяжкім стане...

— Ну, што ж, — сказаў Ігар. — Дванаццатая гадзіна. З клінікі не звоняць, значыцца, там усё ў парадку. Я пачынаю супакойвацца. Ты, Волечка, ідзі спаць, а я яшчэ прагляджу тое-сёе са сваіх запісаў...

У гэты момант і пачуўся тэлефонны званок.

— Пэўна, з клінікі... Вось табе і супакоіўся. — Ігар падняў трубку, і па выразу яго твару я адчула, што званілі не з клінікі.

— Волечка, — сказаў ён мне. — Просяць цябе да тэлефона.

— Хто? Так позна...

— Не ведаю! Нейкая жанчына...

Я ўзяла трубку...

— Вольга Барысаўна, гэта вы? Страшэнна рада вас чуць! Я праездам у Мінску, шкада, што не змагу заехаць! — І я адразу ж пазнала гэты голас. Званіла Алёна.

— Дзе ты? Адкуль звоніш?

— З вакзала! Мы едзем у адпачынак, у Затонне, з Поўначы! Муж у мяне вайсковец. Ён там служыць. У нас — сын! Вадзік... Цягнік у нас адыходзіць праз гадзіну... У даведачнай дазналася, які ў вас нумар тэлефона... Вырашыла пазваніць...

— Гэта была Алёна, — сказала Ігару праз хвілін дзесяць пасля размовы з ёй.

— Якая Алёна? — запытаўся ён.

— Феафанава! Памятаеш, з Затоння, мая колішняя кватарантка?! Колькі было пошуку, жаданняў... А пасля ўсё аказалася вельмі проста: Поўнач... Сын... Каханы муж... Школа... Яна настаўнічае, выкладае там біялогію...

— Ну і цудоўна! Усё цудоўна! — сказаў Ігар.— Я думаў, званок з клінікі, аж не... Значыцца, там усё добра!.. Чалавек жыве!.. Жыве, Волечка!..


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р. Кватарантка: Аповесць. [Для ст. школ. узросту / Мастак В.Бароўка].- Мн.: Маст. літ. - 1980. - с. 3-142
Крыніца: скан