epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Лён-Лянок, альбо Кампакт-Дыск ад зялёнага Дрэйка

Пастка для зямлян
Абласакар у невядомасць
Катастрофа на планеце Гусляр
Сустрэча з зялёным Дрэйкам
SМSка для Арцёма
Планета чарапах
Арцём вяртаецца
Пра Лянка, Кудлу і іншых
Цудоўны, амаль зямны хлопчык
Насенне лёну для Лянка
Чыставуст каралеўскі
Замест эпілога


Пастка для зямлян

Доктар Савіч затрымліваўся, і я пачаў нервавацца. Ён павінен быў заехаць па мяне хвілін дваццаць таму назад. Можа, здарылася штосьці непрадбачанае. А што магло здарыцца? Даўно ўжо мог звязацца са мной па мабільнай сувязі. Я сам спрабаваў гэта зрабіць, але яго тэлефон быў адключаны. І мне заставалася толькі чакаць. Да старту ў нас яшчэ было гадзін шэсць, у любым выпадку мы не спазняліся. А ляцець мы павінны былі на Месяц, куды тэрмінова быў адпраўлены ўжо не адзін зоркалёт з Зямлі. Туды спяшаліся французы, рускія, амерыканцы...

Справа ў тым, што некалькі дзён таму назад на Месяцы пацярпеў катастрофу невядомы касмічны аб’ект. І, калі верыць інфармацыі, якую мы атрымалі ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў, гэта быў своеасаблівы міні-горад. Праўда, як гэта ні дзіўна, без гуманоідаў. Там былі толькі прадстаўнікі незямной фауны і флоры. І хоць яшчэ не прайшло і тыдня, як мы вярнуліся з даволі працяглага падарожжа ў сузор’е Рака, на Месяц вырашылі ляцець неадкладна. Я яшчэ раз паспрабаваў звязацца з доктарам Савічам, і ў гэты момант пазванілі ў дзверы. Пайшоў адчыняць, думаючы, што, нарэшце, з’явіўся доктар. Але гэта быў Арцём, той самы падлетак, які аднойчы разам з намі наведаў Зямлю-2 у сузор’і Дзевы. З ім былі яго сябры: Алік і Натка, з якімі я ўжо меў магчымасць пазнаёміцца раней. І хоць іх прыход быў нечаканым, я быў шчыра ўзрадаваны.

— Ну вось бачыце, дзядзька Сымон ужо вярнуўся, — сказаў Арцём сябрам і тут жа звярнуўся да мяне. — Раскажыце пра палёт, як там у вас усё было? Я лічыў дні і вось вылічыў... Вы — дома!

— Я ўжо амаль тыдзень на Зямлі, — адказаў я. — Праходзьце...

І трэба сказаць, што міжволі адчуваў сябе вінаватым. Перад адлётам у сузор’е Рака я запрашаў Арцёма да сябе, маўляў, як толькі вярнуся, абавязкова прыходзь з сябрамі, каб пачуць, якую ж інфармацыю мы адтуль прывезлі, на якой планеце былі і што бачылі? І вось Арцём прыйшоў, а я ўжо гатовы адправіцца ў новае падарожжа.

— Вы зноў некуды сабраліся ляцець? — запытала Ната, як толькі мы прайшлі ў гасцёўню. — У вас напагатове рэчы.

— На жаль, адлятаю, — вымушаны быў сказаць я. — Непрадбачаны палёт на Месяц. Вы ўжо, напэўна, ведаеце, там пацярпеў катастрофу касмічны карабель незямнога паходжання. Вось-вось заедзе па мяне доктар Савіч.

Я бачыў, што мае словы засмуцілі Арцёма.

— Што нам тая катастрофа?! У мяне мама на некалькі дзён з’ехала пад Гомель, — сказаў ён. — На касмадроме за Раўбічамі мне ўжо стала нецікава. Думаў, пабуду тут з вамі.

Я лёгенька паляпаў яго па плячы.

— У нас яшчэ будзе шмат часу, Арцём, а цяпер ведаеш што? Я прывёз з сузор’я Рака цікавую рэч. Мяркую, там павінна быць штосьці нязвыклае для нас, зямлян!

Той рэччу, пра якую я ўспомніў, быў кампакт-дыск. У мяне не было часу расказваць, пры якіх абставінах ён да мяне трапіў, таму, як толькі я знайшоў яго на паліцы, заваленай касмічным хламам, абмежаваўся некалькімі фразамі:

— Вось, трымай! Яго мне даў самотны жыхар незвычайна змрочнай планеты. Наўкол быў толькі адзін шэры колер. Бясконца шэрая прастора. Праўда, дзе-нідзе горы яшчэ былі там, і чалавек... Усяго адзін! На ўсёй гэтай прасторы.

— Чалавек? — перапытаў Алік.

— Не ведаю, — і я на момант задумаўся. — Для мяне ён быў чалавекам. Увогуле, надта сумным было тое наша падарожжа.

— Дык раскажыце, — папрасіла Натка.

— Не-не, у двух словах пра яго не раскажаш. З хвіліны на хвіліну павінен з’явіцца доктар Савіч.

Я бачыў, як уважліва Арцём разглядвае з усіх бакоў дыск, і дадаў:

— Яго мне пасля вернеце, а калі на ім штосьці надзвычай цікавае, пакажыце яшчэ каму-небудзь з сяброў. І як толькі я вярнуся з Месяца, абавязкова заходзьце.

Падлеткі ўспрынялі мае словы як знак, што ім ужо трэба ісці. А, можа, карцела хутчэй паглядзець, што ж на тым дыску? Яны пачалі развітвацца, і я іх не затрымліваў. Зачыніў за імі дзверы і яшчэ раз паспрабаваў набраць нумар доктара Савіча. На гэты раз ён адгукнуўся:

— Вінаваты, Сымон. Затрымалі ў Асацыяцыі. Табе хіба не патэлефанавалі? Камандзір у трансе. Наш палёт адмяняецца! І не толькі наш. Усе рэйсы на Месяц адменены.

І далей доктар Савіч паведаміў мне, што над тым караблём на Месяцы з’явілася талерачка, якая, напэўна, радыёпультам падняла карабель. І калі ён завіс дзесьці за кіламетр ад паверхні, пайшла на стыкоўку з ім.

— Ты разумееш, што адбылося? — усхвалявана пытаўся ў мяне доктар Савіч. — Гэта пастка! Там жа паспелі папрацаваць дэзінфектары. Службы кантролю разбілі карабель на сектары, запусцілі туды астрафізікаў і іншых даследчыкаў. Там і механікі, і інжынеры, і батанікі... Хто адважыцца цяпер збіваць карабель з такою колькасцю зямлян?!

Я стаяў, як аглушаны. У глыбокім космасе здаралася сустракацца з караблямі незямнога паходжання. Але тыя, хто знаходзіўся ў іх, як быццам і не бачылі нас. На нашы караблі не звярталі аніякай увагі. Мы тлумачылі гэта па-свойму, маўляў, няма ніякіх прычын дзяліць Галактыку. Пры яе памерах месца хопіць усім. І раптам такі гвалтоўны захоп зямлян на паверхні нашага ўласнага спадарожніка! Цяпер ужо відавочна, што гэта не катастрофа. Іншапланецяне пасадзілі свой карабель на Месяцы, пачакалі, пакуль запоўняць яго зямляне, і паднялі. Потым стыкаваліся. Там ужо, напэўна, поўна гуманоідаў. Самая сапраўдная пастка, праўду сказаў Савіч. Але доктару я адказаў зусім іншае:

— Не будзем думаць пра горшае, калі застаецца толькі адно, чакаць, як там будуць разгортвацца падзеі.

— Ніякіх новых звестак адтуль няма. Уключай тэлевізар, — сказаў Савіч. — Па ім праз кожныя пятнаццаць хвілін ідзе трансляцыя з Месяца. Пазней сазвонімся. У мяне даўно на сёння быў запланаваны сеанс з Мымам. І калі мы ўжо не ляцім, давядзецца папрацаваць. Потым, можа, заеду да цябе.

Доктар Савіч развітаўся, і я пазайздросціў яго цярплівасці. Ён усё яшчэ працаваў з Мымам, іншымі словамі, праводзіў сеансы псіхатэрапіі, і я не верыў у станоўчы вынік гэтай яго працы. Справа ў тым, што Мыма падабраў на нейкім далёкім астэроідзе падчас аднаго са сваіх палётаў у космас саксонец Ганс Мюлер, які, здаралася, вылятаў разам з намі. «Спецыяльны экземпляр незямнога жыцця для доктара Савіча», — помніцца, сказаў тады саксонец. І калі мы пазнаёміліся з тым экземплярам, дык проста жахнуліся. Гэта было чалавекападобнае стварэнне, якое прамаўляла толькі два гукі: «М-ы, м-ы»... Давялося адразу ж і назваць яго Мымам. Але, пазнаёміўшыся аднойчы, сустракацца больш з Мымам не хацелася. Ён меў два абліччы. З аднаго боку галавы ў яго быў мілы, сімпатычны твар, з якога не сыходзіла прыязная ўсмешка. І немагчыма было гэтак жа прыязна не пасміхнуцца ў адказ. Але варта было толькі Мыму павярнуцца, як тут жа даводзілася сустрэцца з позіркам, у якім было столькі агрэсіі і нянавісці, што міжволі дрыжыкі прабягалі па скуры. Гэта было другое Мымава аблічча, на якім нічога, акрамя звярынай раз’юшанасці, не было, інакш і не скажаш. Павернуты гэтым сваім бокам, Мым спрабаваў кідацца на людзей, таму яго і трымалі за кратамі. І праз краты доктар Савіч праводзіў свае сеансы, сэнс якіх зводзіўся да аднаго: зняць агрэсію з другога аблічча Мыма. І зрабіць гэта пакуль яму ніяк не ўдавалася.

Я ўключыў тэлевізар. Адразу зразумеў, што ідзе трансляцыя з Месяца. Карцінка на тэлеэкране мяне не ўразіла. У глыбокім космасе даводзілася сустракаць падобныя чужыя караблі, а што да талерачкі, дык такія праляталі міма нашага зоркалёта даволі часта. І навін асаблівых не было. Дыктарка паўтарыла тое, што я ўжо чуў ад доктара Савіча. Выключыў тэлевізар і хацеў было звязацца з Асацыяцыяй міжзоркавых палётаў, раптам у іх ёсць нейкая дадатковая інфармацыя, як тут званком азваўся мой хатні тэлефон. Зняў трубку і пачуў незнаёмы хлапечы голас:

— Дзядзька Сымон?! Як добра, што вы яшчэ дома! Гэта Алік, Арцёмаў сябра! У нас!.. У нас!.. — ён хваляваўся незвычайна і нарэшце вымавіў. — Адбылося штосьці страшнае, самы сапраўдны кашмар! Той, хто вам даў гэты кампакт-дыск у сузор’і Рака... Ён... Ён...

— Што ён? Я ж сказаў вам... Для мяне ён быў чалавекам. Мы яго звалі зялёным Дрэйкам. Скура ў яго была зялёная.

— І шланг!.. Шланг таксама быў зялёны!

— Які шланг? — запытаўся я, нічога не разумеючы.

І толькі калі даслухаў Аліка да канца, я зразумеў, што сапраўды здарылася страшная бяда, якая, не выключана, можа стаць непапраўнай.

— Чакайце мяне, я хутка буду ў вас, — сказаў я Аліку, паклаў трубку і адразу ж выйшаў з кватэры. Мяне гняла думка: «Як жа я мог?! Як мог, не праверыўшы, не паглядзеўшы, што там, аддаць Арцёму кампакт-дыск ад зялёнага Д рэйка?» Я быў не ў сабе. Не хацелася верыць у пачутае. Праз хвілін дваццаць я падыходзіў ужо да дома, у якім жыў Арцём.

 

Абласакар* у невядомасць

 

Дзверы ў кватэру мне адчыніў Алік і адразу ж правёў у Арцёмаў пакой, дзе, прытуліўшыся да сцяны, стаяла перапуджаная Ната. Пабачыўшы мяне, кінулася насустрач:

— Дзядзечка Сымон, я баялася паварухнуцца! А раптам гэта зноў паўторыцца?! Бедны Арцём! Усё было так страшна! Шланг намерваўся схапіць мяне. Я і цяпер баюся, — позіркам паказала на стол, дзе стаяў камп’ютар. — Ён сам адключыўся.

— Нічога не трэба баяцца, паспрабуем разабрацца, што да чаго, — сказаў я, азіраючы пакой, і ў нейкі момант нават пасміхнуўся. На падваконні пабачыў гаршчок, у якім рос Ням-Ням, — дзівосная расліна, якую я падарыў Арцёму пасля нашага падарожжа на Зямлю-2. Лісце Ням-Няма трапятала. Ён, відаць, таксама быў перапуджаны.

Ната і Алік тым часам селі на канапу. Да іх падсеў і я. У мяне ўсё яшчэ не было поўнай карціны таго, што адбылося ў гэтым пакоі, і я папрасіў:

— Ну, што ж? Давайце, расказвайце, толькі ўсё падрабязна, з самага пачатку... Я вам даў кампакт-дыск, вы прыйшлі з ім сюды.

— Я спачатку зайшла на кухню, — удакладніла Ната. — Там у халадзільніку былі бутэрброды. Потым мяне гукнуў Арцём, — яна паглядзела на Аліка.

— Ага-а, — пацвердзіў Алік. — Ён крыкнуў табе: «Ідзі глядзець, кіно пачалося!» А я засмяяўся... Арцём ужо ўключыў камп’ютар, паставіў дыск, і на экране замільгалі кадры...

— Якія? Згадайце ўсё да драбніц. Любая дэталь можа быць важнай.

— Нічога там асаблівага не было, — адказаў Алік. — Пячора была, самая сапраўдная, з вялікаю дзіркаю ў столі. Праз дзірку пранікала святло. Нейкі хлопец стаяў ля ўваходу ў пячору. Прыблізна наш аднагодак. Каля яго, размахваючы рукамі, бегала дзіўная жанчына.

— Яна была такая ваяўнічая, што як толькі я ўвайшла ў пакой і зірнула на экран камп’ютара, — перапыніла Аліка Ната, — я адразу ж ускрыкнула: «Амазонка!» А Арцём засмяяўся: «Ну, якая ж гэта амазонка! Яна хутчэй нагадвае ведзьму!»

— Скура ў іх была зялёная? — запытаўся я.

— Не, такая, як і ў нас, белая.

— Чакай, Алік, чакай! Мы забыліся пра галоўнае. На іх было не адзенне, а матляліся нейкія шкуркі. Хлопец увогуле да пояса быў голы. І валасы ў яго былі вельмі доўгія.

— А ў жанчыны шкура была перакінута цераз плячо і падперазаная нейкім матузом, — дадаў Алік. Паглядзеў на мяне і працягнуў. — Потым у пячоры з’явіліся дзяўчына і барадаты дзядзька. Яны таксама былі ў шкурах. Дзяўчына ўкленчыла перад жанчынай.

— Тут і пачуўся нейкі трэск, — сказала Ната — І ўсё на экране знікла. «Кіно скончылася!» — весела выгукнуў Арцём. І ў гэты момант на экране з’явіўся скручаны зялёны шланг.

— Як ён выглядаў?

— Звычайна! — адказаў Алік. — Як ад пыласоса.

— Вось-вось, я тады падумала пра пыласос, — сказала Ната. — Але тут усё і пачалося. Шланг вытыркнуўся з дысплэя і пачаў хутка раскручвацца, як рулетка. Я закрычала...

— Не-е, ты дзіка заверашчала, — пасміхнуўся Алік. — А я ўскочыў з канапы. Шланг хістаўся з боку ў бок, бы гадзюка. Ён паімкнуўся да Наткі, але яна замахала рукамі і шпурнула ў яго бутэрброд, які не паспела даесці. Шланг праглынуў яго і павярнуўся да Арцёма...

— Ён уцягнуў яго ў сябе, як уцягвае пыласос штосьці дробнае, — прамовіла Ната. — Усё адбылося імгненна. Арцём не паспеў нават крыкнуць. І адразу ж шланг знік, быццам нехта хутка ўцягнуў яго назад у дысплей, — яна запытальна паглядзела на мяне. — Паміж тым зялёным Дрэйкам, пра якога вы нам расказалі, і гэтым дыскам, напэўна, існуе нейкая сувязь.

Я маўчаў, добра разумеючы, што адбылося. Арцём перамясціўся з адной прасторы ў другую. Аказваецца, зялёны Дрэйк меў тое, над вынаходніцтвам чаго чалавецтва ўжо б’ецца не адно стагоддзе, і ніяк не можа вынайсці. І я міжволі згадаў высокую худую постаць у чорным плашчы сярод шэрай бясконцай маўклівасці. Мы ўжо збіраліся пакінуць непрыветлівую, нікім не абжытую, змрочную планету, мяркуючы, што больш не пабачым яе адзінага жыхара, але ён спусціўся з гары і шпарка ішоў да нашага зоркалёта. «Сыдзі на паверхню, развітайся з ім, — сказаў мне Антон, камандзір нашага карабля. — Прапануй, можа, ён пагодзіцца ляцець з намі». Але Дрэйк ад гэтай прапановы адмовіўся, і я не настойваў. Ён абраў для сябе адзіноту, а, магчыма, у ім усё яшчэ жыло спадзяванне, што ён сустрэнецца з кімсьці са сваіх блізкіх. У апошнім я памыляўся, таму што Дрэйк, як толькі падышоў да мяне, адразу ж дастаў з кішэні дыск, і я пачуў ад яго словы, якія толькі цяпер сталі мне зразумелымі. Тады ж, я не ўдаваўся ў іх сэнс, палічыў іх нейкай бязглуздзіцай.

— Хм-м, Ната, сувязь... — я паглядзеў на яе, потым перавёў позірк на Аліка. Яны напружана чакалі, каб я растлумачыў ім

тое, што адбылося. І я паўтарыў словы Дрэйка. — Ведаеце, я дакладна ўсё зараз успомніў: «Мне гэтая рэч ужо непатрэбная, вазьмі сабе. Але калі здарыцца абласакар, толькі з таго месца, куды прыбудзеш, вернешся назад». Гэтак мне сказаў зялёны Дрэйк, калі аддаваў дыск. Цяпер я разумею, што абласакар па- нашаму — тэлепартацыя. Значыцца, каб вярнуцца назад, Арцёму трэба быць абавязкова на тым самым месцы, дзе ён апынуўся, калі перамясціўся ў іншую прастору.

— Як гэта на тым самым месцы? — перапытала Ната. — Мне не зусім зразумела.

І я патлумачыў:

— Тут, у гэтым пакоі, як я здагадаўся, Арцём сядзеў на канапе. А ў той нейкай іншай прасторы, дзе ён цяпер знаходзіцца, тое, што вы назвалі шлангам, магло выштурхнуць яго з сябе на падлогу ў доме, ці, скажам, на дах нейкай будыніны, альбо на дрэва. Ён можа пакінуць тое месца і, канечне ж, пакіне, але, каб мы яго выцягнулі, павінен вярнуцца менавіта туды, у тую першапачатковую кропку свайго перамяшчэння.

— Што значыць, каб мы яго выцягнулі?

— Вярнулі яго назад. Як я разумею, зрабіць гэта мы зможам з дапамогай дыска, — адказаў я.

— Гэта немагчыма! — У Натчыных вачах была трывога. — Як жа Арцём дазнаецца, дзе яму трэба быць?

— Зразумела, што ніяк! — Алік быў катэгарычным. — Можа, Арцём цяпер на той планеце, дзе застаўся зялёны Дрэйк?

— Якая розніца, — прамовіла з адчаем Ната. — Дзе б цяпер ён ні быў, мы нічога не зможам зрабіць, — і яна паглядзела на мяне з недаверам. — А як вы зразумелі, што вам сказаў той зялёны чалавек, перадаючы дыск? Хіба вы ведаеце яго мову?

— Не, не ведаю, але ён збольшага валодаў нашай, беларускай мовай. Паўтараю, збольшага. Мы не заўсёды добра яго разумелі, таму я і не надаў ніякага значэння тым яго словам.

— Я вам не веру! — тут жа выгукнуў Алік. — З-за вас здарыўся з Арцёмам гэты... Ну, як вы сказалі, «абласакар»! І вы цяпер, каб неяк апраўдацца, прыдумляеце неверагодныя рэчы. Зялёны Дрэйк не мог ведаць нашай мовы.

— Чаму? — запытаўся я, і мне давялося ім расказаць, што даволі даўно да зоркі Паўночны Асёл, якая знаходзіцца ў суседстве з сузор’ем Рака была паслана экспедыцыя. Той карабель да гэтага часу не вярнуўся на Зямлю. Але, як высветлілася падчас нашага падарожжа, на ім здарылася аварыя. І члены той экспедыцыі мусілі яго пасадзіць на бліжэйшую ад іх планету, на якой ім давялося затрымацца вельмі і вельмі доўга, пакуль яны не адрамантавалі свой карабель. Гэта ўсё мы пачулі ад зялёнага Дрэйка. Ён жыў на той планеце і разам са сваімі сынамі дапамагаў рабіць рамонт карабля. Там былі сур’ёзныя непаладкі з рухавікамі, і, вядома ж, кантактуючы з беларусамі, Дрэйк меў магчымасць авалодаць нашай мовай. Мне хацелася сказаць, што адным з членаў той экспедыцыі быў якраз і Арцёмаў бацька, але я не стаў гэтага рабіць. Цяпер трэба было нейкім чынам вяртаць з поўнай невядомасці Арцёма.

— А куды падзеліся сыны зялёнага Дрэйка, і як там можна было ліквідаваць аварыю на караблі, калі вы самі сказалі, што планета была не абжытая? — запыталася Ната.

— А што потым сталася з тым караблём? — у Аліка ўзнікла сваё пытанне.

— Як толькі яго адрамантавалі, члены экспедыцыі паляцелі далей, да Паўночнага Асла, — адказаў я. — І што з імі там здарылася, ніхто не ведае. Ніякай сувязі з імі няма да гэтага часу. А на планеце зялёнага Дрэйка адбылася глабальная катастрофа. Мы сустрэліся з ім на іншай планеце, дзе я і атрымаў ад яго гэты кампакт-дыск.

— А можа, ён вам яшчэ нешта сказаў, — задумліва прамовіў Алік, — калі перадаваў яго? Можа, вы забыліся і вам яшчэ раз трэба ўсё вельмі добра ўспомніць, каб знайсці падказку, як мы цяпер можам звязацца з Арцёмам?

— Вы сказалі пра глабальную катастрофу, а ці давялося вам пабыць на той планеце, дзе раней жыў зялёны Дрэйк? — і Ната дадала прыцішаным голасам. — Разумееце, вельмі многа ў нас узнікла пытанняў, дык, можа, вы раскажаце пра той свой палёт у сузор’е Рака? Паспрабуйце аднавіць у памяці, як усё адбывалася і, магчыма, сапраўды, як кажа Алік, мы разам зможам знайсці адказ, дзе цяпер Арцём і як з ім звязацца?

Я быў няўпэўнены, што адказ знойдзецца, бо паспеў ужо аднавіць у памяці многае і многае з таго свайго палёту, але не стаў адмаўляцца і, можна сказаць, яшчэ раз перажыў тое наша няпростае падарожжа.

 

* З мовы зялёнага Дрэйка на бел. — тэлепартацыя.

Катастрофа на планеце Гусляр

Мы ляцелі ў сузор’е Рака, але само сузор’е нас мала цікавіла. У ім, як вядома, няма вялікіх яркіх зорак. Але, калі глядзець у зямныя тэлескопы, дык можна заўважыць у ім ледзь бачную зіхатлівую пляму, якая складаецца з агромністай колькасці самых розных зорак, і якую даўно, у глыбокай старажытнасці назвалі адным словам: Яслі. Туды, да гэтых Ясляў мы і ляцелі са спадзяваннем, што адкрыем там шмат новых планет, дзе мы, беларусы, будзем першапраходцамі.

У мяне быў прыгнечаны настрой, я баяўся, што пачынаю хварэць на касмічную дэпрэсію, таму запрасіў да сябе ў адсек доктара Савіча, каб ён зрабіў запіс маіх пачуццяў і адключыў небяспечныя. Гэтую электронную прыладу, якую заўсёды доктар Савіч насіў з сабою, мы называлі дэтэктарам адчуванняў.

— Ніякай касмічнай дэпрэсіі ў цябе няма, — сказаў доктар. — Я гэта бачу і без расшыфроўкі тваіх пачуццяў. Проста мы ўсе стаміліся ад гэтага доўгага падарожжа. Чаму ты не ўключаеш экран знешняга назірання? Камандзір мяркуе зрабіць кароткую пасадку на планеце, дзе ёсць вада. Яе ўжо можна пабачыць на экране. Антон занёс яе ў нашы карты і пазначыў пад назвай Гусляр.

— Чаму Гусляр?

— А ты ўключы экран і паглядзі. Там два мацерыкі, абкружаныя, трэба думаць, акіянам. Адзін з гэтых мацерыкоў мае форму чалавечага цела, а другі, значна меншы, нагадвае самыя сапраўдныя гуслі. Нават нейкія каналы праходзяць праз яго, бы струны. Антон, як толькі пабачыў усё гэта, адразу ж выгукнуў: «Глядзіце, усё роўна бы гусляр, схілены над гуслямі!» Тут я і падказаў яму, маўляў, дык давай і назавём гэтую планету Гусляр. Ён пагадзіўся. Ты ж помніш, як мы аднойчы адзін астэроід у сузор’і Валапаса назвалі Дранікам?

Я кіўнуў галавой і міжволі пасміхнуўся. Назва Дранік так і замацавалася за тым астэроідам. Успомнілася, як неяк на нашым касмадроме за Раўбічамі прызямліліся англічане. «Адкуль вы вярнуліся?» — запытаўся ў іх наш бортмеханік, і англічане адказалі: «З Драніка!» Магчыма, і назва Гусляр прыжывецца, калі ўжо Антон занёс гэтую планету ў свае карты.

Тым часам я ўключыў экран знешняга назірання, доктар Савіч папрасіў павялічыць відарыс нейкай пэўнай мацерыковай часткі. І, як толькі я гэта зрабіў, мы міжволі затаілі дыханне, уважліва ўзіраючыся ў карцінку на экране. Калі б не ведалі, што знаходзімся ў глыбокім космасе, на адлегласці мільёнаў і мільёнаў кіламетраў ад Зямлі, можна было б падумаць, што перад намі густанаселены квартал зямнога горада. Адно, дамы мелі форму незвычайна высокіх вежаў. Я нават не стаў лічыць паверхі, каб не збіцца з ліку.

— Вельмі развітая цывілізацыя, — нарэшце першым парушыў маўчанне доктар Савіч. — Але чаму такія непамерна шырокія вуліцы? На іх жа няма ніводнага аўтамабіля!

— Затое ёсць талерачкі, — я ўжо здагадаўся, што гэтыя шырокія вуліцы, нішто іншае, як аэрадромы ці нават касмадромы. — Глядзі, ледзь не ля кожнай вежы стаіць нейкі лятальны апарат.

— Павяліч відарыс яшчэ трошкі, — і доктар Савіч незвычайна ажывіўся, як толькі я гэта зрабіў. — Ну вось, нарэшце мы можам бачыць і тых, хто насяляе гэтыя мацерыкі. Чалавецтва памылялася, калі ў сваім уяўленні малявала гуманоідаў, прышэльцаў з іншых светаў у выглядзе пачвар.

— Дазволю сабе зазначыць, пачвар разумных, — сказаў я.

— І ўсё ж мы, зямляне, уяўлялі іх страшыдламі, а яны ў сва ёй большасці, у чым мы пераконваліся неаднойчы, маюць з намі аднолькавую прыроду. Мы з невялікімі адхіленнямі — аднатыповыя. Ну вось яны, перад намі — ходзяць ля сваіх дамоў-ве- жаў, сядзяць за столікамі пад парасонамі ў адкрытых кавярнях, маці шпацыруюць з дзіцячымі каляскамі. І наўкол адзін бетон: ні газонаў, ні кветнікаў, ні фантанаў. Рэкламныя шчыты, стракатасць самых розных шыльдаў на сценах вежаў. Глядзі, ледзь не перад кожнаю з іх — скульптуры. Калі ў такой колькасці ёсць каго ўшаноўваць, гэта надзвычай высокаразвітая цывілізацыя. І — У іх дзве расы, ты заўважыў? Беласкурая пераважае.

— Ага-а, зялёнаскурых значна менш, — і доктар Савіч паглядзеў на мяне. — Сымон, табе не здаецца, што там нешта пачало адбывацца? Штосьці накшталт панікі.

Я не паспеў адказаць доктару, таму што ў гэты момант пачуўся голас Антона, камандзіра нашага карабля: «Увага! Уключаем абарончыя сістэмы і ўваходзім у атмасферу аб’екта пад умоўнай назвай Гусляр. Жадаючых запрашаю да галоўнага ілюмінатара!»

Мы бачылі, як на экране ў тым далёкім і чужым для нас свеце ўсё прыйшло ў неймаверны рух. Беласкурыя і зялёнаскурыя насельнікі квартала, відарыс якога застыў на нашым экране, то забягалі, то выбягалі са сваіх дамоў-вежаў, утвараючы натоўп на непамерна шырокіх вуліцах, адкуль у паветра адзін за адным паднімаліся лятальныя апараты самай рознай геаметрычнай формы.

— Можа, яны рыхтуюцца атакаваць нас? Нездарма ж Антон сказаў, што ўключаюцца абарончыя сістэмы? — цяпер ужо я запытальна паглядзеў на доктара Савіча.

— Не думаю. Наш карабель не мог выклікаць у іх такі перапуд. Мы яшчэ дастаткова далёка ад іх, нават не ўвайшлі ў атмасферу планеты. Ты паглядзі, яны ўсе ахопленыя самым сапраўдным жахам. Так паводзяць сябе толькі перад вялікай бядой, не ведаючы, як уратавацца. Лятальныя апараты не могуць умясціць усіх жадаючых. Хм-м, цікава! Яны паднімаюцца, як і мы, без разгону. Збаў павелічэнне, давай зірнём на панараму ўсёй паверхні.

І як толькі гэтая панарама адкрылася нам, мы міжволі жахнуліся, прыўзняліся са сваіх месцаў, падаліся бліжэй да экрана, быццам не верылі таму, што бачылі. Было ўражанне, што ўся мацерыковая паверхня ўсмоктваецца, укручваецца ў агромністы вір, утвораны высозным валам вады, што бушаваў наўкол. Акіян, які акружаў мацерыкі, уздыбіўся, стаяў вакол іх сцяною і мацерыкі павольна асядалі ў яго глыбіні, аддаючы сваю паверхню раз’ятраным хвалям. На экране вымалевалася невялікае паселішча, на якое імкліва накатвалася вада, — пяць-шэсць жалезабетонных вежаў і натоўп, які ў літаральным сэнсе штурмаваў тры лятальныя апараты ў выглядзе талерак.

— Пераключы, — змрочна сказаў доктар Савіч. — А лепш выключы зусім. На нашых вачах гіне жыццё, — ён павярнуўся да мяне, і ў яго позірку я ўбачыў боль. Разам з тым доктар запытаўся. — А ты заўважыў, што нідзе наўкол не было відно ніякай жыўнасці? Як вядома з нашай зямной, вельмі і вельмі даўняй гісторыі, Ной у свой каўчэг падчас сусветнага патопу браў і хатнюю жывёлу, і птушак... А-а? Цікава, чым жа яны харчуюцца?

— Харчаваліся! З сабою яны і скарбу ніякага ў свае талерачкі не бяруць, ратуюць толькі самае каштоўнае — сваё жыццё, — з гэтымі словамі я выключыў экран.

Яшчэ ніколі нічога падобнага нам не даводзілася бачыць падчас нашых падарожжаў, і мы з доктарам Савічам не знаходзілі слоў, каб выказаць сваё шкадаванне. Лепш бы ўсяго гэтага не бачылі. Але вось доктар запытальна паглядзеў на мяне:

— Ты не супраць, калі я зноў уключу экран? Не хочацца верыць, што хвалі, гэты раз’юшаны вал вады накрыў усю паверхню.

Я не паспеў адказаць, як пачуўся голас Антона, і тое, што ён сказаў, было міжвольным адказам доктару Савічу.

— Увага! Няма ніякага сэнсу вісець над гэтай планетай. Там, унізе, паўсюдна адна вада і цяпер ужо напэўна спатрэбяцца мільёны гадоў, каб на Гусляры зноў адрадзілася жыццё. Будзем шукаць паверхню для пасадкі ў іншым месцы. Пры такой колькасці зорак, як у Яслях, наўкол павінна быць шмат планет.

— Слухай, доктар, а чаму спатрэбяцца мільёны гадоў, каб на Гусляры адрадзілася жыццё? — Я не пагаджаўся з Антонам. — Вада можа адхлынуць і тыя, хто паспеў уратавацца, зноў вернуцца сюды.

— Не думаю, — запярэчыў доктар Савіч. — Штосьці адбылося ў нетрах гэтай планеты. Яе паверхня бы правалілася, — і ён уключыў экран. Я зірнуў на бясконцы акіян, што распасціраўся далёка ўнізе, і адвярнуўся з адной думкай, ці не прымроілася ўсё тое, што мы бачылі на паверхні планеты з гадзіну таму назад? А доктар Савіч ускрыкнуў:

— Глядзі, Сымон! Вунь там, бачыш, мільгаюць дзве талерачкі.

Я зноў павярнуўся да экрана і пабачыў два лятальныя апараты, не падобныя на нашы караблі. Надта ўжо былі яны пляскатыя, самыя сапраўдныя талеркі, зялёныя па краях.

— Вярнуліся, каб развітацца са сваёю планетай назаўсёды, — зазначыў доктар. — Не пазайздросціш тым, хто знаходзіцца ў іх. Куды цяпер паляцяць, дзе знойдуць новы прытулак?

Нашы позіркі сачылі за талеркамі. Я думаў, што яны вось-вось завіснуць, як і мы, над планетай. Але талеркі не завіснулі. Яны пачалі імкліва зніжацца і на ўсёй сваёй неверагоднай хуткасці ўрэзаліся ў паверхню ўжо супакоенага, сцішанага акіяна, які імгненна выбухнуў двума вадзянымі слупамі такой вышыні, што, здалося, на нейкі час засланілі Свяціла, вакол якога абарачаўся Гусляр. Пырскі разляталіся, мяркую, на дзесяткі кіламетраў. І на нашым экране былі толькі яны адны.

— Што ты на гэта скажаш? — губы доктара Савіча ледзь варухнуліся.

Я маўчаў, аднак у думках быў упэўнены, што тыя, хто знаходзіўся ў тых талерачках, пажадалі вярнуцца да сваіх родных, каго пахаваў пад сабою акіян, каб назаўсёды застацца разам з імі ў яго глыбінях. І я не памыляўся.

 

Сустрэча з зялёным Дрэйкам

Мае думкі блыталіся. Было адчуванне душэўнай спустошанасці ад усяго, што давялося пабачыць. Відаць, тое ж самае адчуваў доктар Савіч, таму што паспяшаўся мяне пакінуць. І як толькі я застаўся адзін, адразу ж схацелася забыцца, праваліцца ў глыбокі сон, каб распаволіцца, зняць гнятлівае напружанне, якое быццам скавала мяне. Але перад тым, як гэта зрабіць, я падключыўся да шматсерыйнага дакументальнага фільма «Мая Радзіма — Беларусь», каб у сне зноў і зноў палюбавацца роднымі краявідамі, усім тым, што на працягу многіх стагоддзяў здзяйснялася ў мілай майму сэрцу частцы зямнога свету. Як ніколі раней я хацеў думаць, што на Зямлі ўсё добра, і кадры гэтага фільма маглі толькі ўмацаваць мае думкі.

Сон быў вельмі доўгім, але некалькі апошніх серый я ўсё ж не паспеў дагледзець, падхапіўся, як толькі пачуў Антонаў голас. Камандзір паведамляў, што мы зніжаемся. Пад намі была паверхня невялікай планеты, якую мы неўзабаве, калі на яе апусціўся карабель, назвалі Шэрай Непрыветлівасцю. Там мы і сустрэліся з зялёным Дрэйкам, але не адразу.

Тая планета амаль нічым не ўражвала. Мы ўсе ўжо некалькі разоў выходзілі з карабля, і цешыла толькі адно: на планеце было паветра і была вада. Але гэта была не рака, і не возера, а хутчэй за ўсё штучны канал, невядома кім пракапаны. Ён падзяляў планету на дзве роўныя часткі, гэта мы бачылі са сваіх ілюмінатараў, калі набліжаліся да паверхні.

— Безумоўна, тут хтосьці быў да нас, — казаў мне доктар Савіч, калі мы з ім, як заўсёды ў пары, што стала ўжо традыцыяй, крочылі па пульхнай, быццам перасохлы торф, глебе. — Ты спаў, а я сядзеў ля свайго экрана і добра бачыў гэты канал. Ён роўненькі-роўненькі, вада ў ім блакітная...

— Ну, а дзе ж расліны, дзе дрэвы? — пытаўся я ў яго. — Дзе ёсць вада, там заўсёды ўсё зелянее. Такі ўжо закон прыроды.

— Э-э, дазволь удакладніць. Зелянее на Зямлі і ў пэўную пару года, а тут не Зямля, — і чамусьці са ўздыхам доктар дадаў. — Я стаміўся ад гэтага шэрага колеру. Дойдзем вунь да той адзінокай невялікай гары і вернемся.

— Я гатовы хоць зараз вярнуцца на карабель.

У мяне сапраўды было такое жаданне, але Савіч адмоўна пахітаў галавой, і да гары мы ўсё-такі дайшлі.

Не хаваючы расчаравання, глядзелі на яе: гара як гара — панурая шэрая каменная глыба. Мы селі на невялікі выступ у ёй.

— У мяне ёсць ідэя, Сымон, — адазваўся доктар. — У тваіх лабараторных прабірках захоўваецца самае рознае насенне. Давай засеем лапінку тутэйшай глебы, і ажывіцца гэтая планета. Толькі шкада, што ўжо больш ніколі не давядзецца сюды прыляцець. Квітнення на ёй мы так і не пабачым.

Якраз у гэты момант і пачуўся за нашымі спінамі голас:

— Тутэйшую глебу не трэба засейваць. Яна ажывае, але цяпер тут лівар*.

Мы баяліся азірнуцца. Больш за ўсё ўразіла, што ўсё, што мы пачулі, было прамоўлена па-беларуску. І ўсё ж мы азірнуліся...

Гара бы расступілася за нашымі спінамі, і ў чорнай адтуліне стаяў ён — зялёны Дрэйк. Скура на ягоным твары была колеру ранняй веснавой лістоты. Вялікія выразныя вочы нагадвалі дзве масліны, толькі зрэнкі былі ярка-жоўтымі. Доўгі чорны плашч падкрэсліваў стройнасць ягонай постаці, і ва ўсім абліччы адчувалася нейкая ўрачыстасць. Мы міжволі падняліся, але Дрэйк павёў рукою, гэта быў ледзь заўважны рух, і мы зноў апусціліся на выступ у гары. Ён сеў побач з намі. Маіх каленяў краналася крысо яго чорнага плашча. Тонкія губы Дрэйка варухнуліся:

— Крыснар з Зямлі?**

Мы яго не зразумелі. Але гэтая наша першая сустрэча зацягнулася, і, паколькі ў ягонай гаворцы пракідвалася шмат беларускіх слоў, многае з таго, пра што ён нам расказваў, мы маглі зразумець, як і тое, што яго завуць Дрэйк. Тады ж мы пачулі ад яго і пра аварыю на караблі, які ляцеў да Паўночнага Асла, чым Дрэйк і патлумачыў веданне нашай мовы. І калі нарэшце ён прамовіў: «Жыццё на Пурнасе стала небяспечным. На дне акіяна ўтварылася расселіна. Яна пашыралася і пашыралася. Узнікла пагроза, што некалі расселіна ўцягне ў сябе мацерыкі, зрушыўшы іх нетры», — мы ўжо не сумняваліся, што ён з Гусляра.

— Значыцца, твая планета называлася Пурнас? — запытаўся ў Дрэйка доктар Савіч. — А мы далі ёй назву Гусляр.

— Вы наведвалі Пурнас? — і зялёны Дрэйк надзвычай ажывіўся. — Туды цяпер паляцелі мае сыны. Мы атрымалі сігнал небяспекі. Яны павінны вярнуцца сюды са сваімі жонкамі і дзецьмі, таму што рана ці позна на Пурнасе здарыцца баўмік***, і для свайго новага жытла мы абралі гэтую планету.

— З такім невясёлым пейзажам? — мне падумалася, што ў Яслях можна было адшукаць нешта больш прывабнае.

— Пейзаж піварны****, — адказаў Дрэйк. — Але пройдзе дзевяць міёраў***** і тут усё ажыве. З’явяцца трава, кветкі, карлікавыя дрэвы, праўда, на вельмі кароткі тэрмін. Мы даўно назіралі за гэтай планетай. Я разам з сынамі прылятаў сюды шмат разоў, пакуль, нарэшце, не вырашылі абраць яе для жыцця. Праўда, перад гэтым доўга вагаліся. Ёсць яшчэ адзін варыянт.

Я да гэтага часу не магу растлумачыць, чаму менавіта ў гэты момант запытаўся ў Дрэйка:

— А ў тваіх сыноў лятальныя талерачкі былі з зялёнымі краямі?

— Ты іх бачыў? — І ў голасе Дрэйка пачулася непрыхаваная трывога.

— Мы шмат чаго бачылі, — адказаў за мяне доктар Савіч і падняўся з выступу. — Калі шаноўны Дрэйк жадае, дык мы запрашаем на свой карабель, дзе можна будзе пазнаёміцца з астатнімі членамі нашага экіпажа.

— Дзякуй, — адказаў ён. — Вы ж не заўтра адсюль адлятаеце? Я яшчэ паспею з усімі пазнаёміцца. Цяпер жа мне трэба выходзіць на сувязь з сынамі. Раблю гэта штодня і ўсё безвынікова. Сувязі няма. Ад трывожных прадчуванняў у мяне халаднее дыханне.

У гэты момант мне здалося, што ён сапраўды дыхнуў холадам. Відаць, тое ж самае адчуў і доктар Савіч, ён пачаў развітвацца.

— Тады бывай... Будзем чакаць цябе на сваім караблі.

І замест слоў развітання Дрэйк прамовіў:

— Калі на Пурнасе здарылася бяда, сыны сюды не вернуцца. Яны застануцца там, дзе іх жонкі і дзеці.

З гэтымі словамі ён і пакінуў нас. Мы рушылі назад, у напрамку, дзе знаходзіўся наш зоркалёт, і калі ў нейкі момант азірнуліся, доктар Савіч сказаў:

— Глядзі, адтуліна ў гары знікла, але ў ёй з’явілася акно. Відаць, Дрэйк назірае за намі. Я ўпэўнены, што ў тых талерачках з зялёнымі краямі былі яго сыны.

— І цяпер яны на дне акіяна, там, на Гусляры, дакладней, на Пурнасе, але хіба яму раскажаш пра такое?

— Можам і расказаць, калі прыйдзе да нас на карабель. Думаю, заўтра ён з’явіцца.

Але зялёны Дрэйк не з’явіўся ні заўтра, ні паслязаўтра. І нават калі ў адзін з тых дзён, якія мы правялі на Шэрай Непрыветлівасці, мы яшчэ раз падышлі да яго гары, ён не выйшаў да нас. Мы ўжо сабраліся пакінуць тую планету і якраз у дзень нашага адлёту пабачылі ў нізкім небе талерачку з зялёнаю палоскаю па краях. Яна апусцілася на паверхню планеты дзесьці за гарою, той самай, дзе мы і сустрэліся з зялёным Дрэйкам.

— А сюды прыляцелі госці, нам трэба рыхтавацца да сустрэчы, — занепакоена сказаў тады нехта з членаў нашага экіпажа. А доктар Савіч запрасіў мяне ў свой адсек, дзе я і пачуў ад яго:

— Што ты думаеш, Сымон, пра гэтую талерачку? Асабіста я мяркую, што гэта Дрэйк злётаў да Пурнаса і вось цяпер вярнуўся назад сюды.

І я пагадзіўся з доктарам, хоць ніхто з нас не бачыў, як і калі ён пакідаў Шэрую Непрыветлівасць. А праз некалькі гадзін, калі ў нас ужо ўсё было гатова да адлёту, мы пабачылі зялёнага Дрэйка, які спяшаўся да нашага карабля. Тады і сказаў мне камандзір: «Сыдзі на паверхню, развітайся з ім...», што я і зрабіў.

 

* З мовы зялёнага Дрэйка на бел. — зіма.

** З мовы зялёнага Дрэйка на бел. — даўно з Зямлі?

*** З мовы зялёнага Дрэйка на бел. — катастрофа.

**** З мовы зялёнага Дрэйка на бел. — зімовы.

***** З мовы зялёнага Дрэйка на бел. — дзевяць месяцаў.

SМSка для Арцёма

Пакуль я гэта ўсё расказваў, а таксама яшчэ раз пераказваў усё тое, што пачуў ад зялёнага Дрэйка, калі атрымліваў ад яго кампакт-дыск, Алік і Ната слухалі мяне моўчкі, і ў нейкі момант я падумаў: «Ну вось, яны ўсё пачулі ад мяне і цяпер у іх, напэўна, з’явіцца шмат пытанняў». Але, як ні дзіўна, яны ні пра што не запыталіся, толькі Ната, уздыхнуўшы, сказала:

— Нешта вельмі сумнае вы нам расказалі. Але яшчэ больш сумна ад таго, што ў пачутым няма ніякай падказкі, як нам звязацца з Арцёмам. Гэты зялёны Дрэйк сказаў вам пра «абласакар»...

Ната не паспела дагаварыць. Якраз у гэты момант званком адазваўся мой мабільнік. Тэлефанаваў доктар Савіч, і я не мог не адгукнуцца, раптам ёсць нейкая інфармацыя з Месяца?

Інфармацыя, сапраўды, была. Я слухаў доктара і не верыў таму, што чую.

— Ты разумееш, гуманоіды забралі выключна ўсё з таго вялікага карабля на сваю талерачку: усе расліны, усіх звяроў і зноў пасадзілі карабель на паверхню Месяца. Па нейкіх прычынах ён ім стаў непатрэбным. А можа, гэта і не іхні карабель? Яны проста зрабілі пірацкі налёт і, што называецца, разжыліся такім незвычайным грузам. Можа, яны жывуць на планеце, дзе няма ніякай фауны і флоры. — Доктар зрабіў кароткую паўзу і, як мне здалося, нават неяк весела працягнуў. — Талерачка, зразумела, адляцела, а нашы зямляне ўсе ў поўным недаўменні. Яны і тых гуманоідаў як след не пабачылі. Адно і было, што мільганне нейкіх стракатых ценяў. Выпадак выключны! Гэта ўсё я пачуў у Асацыяцыі. Дарэчы, там мне сказалі, што для цябе ёсць паведамленне ад саксонца. Ганс, аказваецца, там, на Месяцы. І ён просіць, каб ты тэрмінова з ім звязаўся. У яго для цябе падарунак ад бортмеханіка. Ну, памятаеш, таго самага, якога мы падабралі ўсё на тым жа Месяцы, калі ляцелі да Крабападобнай туманнасці, і які на зваротным шляху, калі мы зноў прыпыняліся на Месяцы, там і застаўся. Ты сам у парадку?! Тады ўсё, звязвайся з Мюлерам! — і доктар Савіч адключыўся.

Я нават не паспеў у яго запытацца, як даўно Ганс Мюлер на Месяцы і ці быў ён на тым караблі, які паднялі гуманоіды? Але доктар гэтага мог і не ведаць, таму лепш за ўсё мне трэба звязацца з саксонцам і ўсё пачуць ад яго самога. Тым больш, што надта ж карцела пачуць, пры якіх абставінах ён сустрэўся з бортмеханікам, таму я і сказаў Аліку і Натцы:

— Хвіліну пачакайце, я зараз патэлефаную на Месяц аднаму добраму знаёмаму, з кім даводзілася даволі часта вылятаць у Космас. Ды вы ж пра яго неаднойчы чулі. На Месяцы — саксонец Ганс. Гэта зойме не шмат часу. А потым мы нешта прыдумаем. Я ўпэўнены, што Арцёма мы выцягнем, дзе б ён цяпер ні быў.

— Вы зараз будзеце тэлефанаваць на Месяц? — здзівіўся Алік. — Як вы гэта зробіце?

— Звычайна! Набяру патрэбны нумар, у мяне ж мабільнік класны. Яго падарыў мне адзін рускі вынаходнік, астранаўт з Варонежа. Па ім я магу звязацца нават з чужой Галактыкай, — і я пачаў набіраць нумар саксонца.

— Хвілінку, не набірайце пакуль! — папрасіла Натка. — Калі ў вас сапраўды такі незвычайны мабільнік, што сігнал ад яго можа пранікнуць нават у нейкую іншую Галактыку, дык трэба паспрабаваць паслаць SМSку Арцёму. Раптам ён яе атрымае?! А ваш знаёмы на Месяцы пачакае.

— Ну-у... Ты малайчына, Ната! — толькі гэта і засталося мне сказаць дзяўчынцы. — Вось бачыце, штосьці ўжо намацваецца. Як я сам пра гэта не падумаў? Сапраўды, чаму б і не паспрабаваць адаслаць SМSку Арцёму! Помню, мы былі немагчыма далёка, у чужой Галактыцы, і ў нас адмовіла сувязь. Мы не маглі звязацца з Зямлёю. А тут на шляху малюсенькая-малюсенькая планета. Наблізіліся да яе паверхні, а яна ўся пакрыта пагоркамі, — пагорак за пагоркам, нідзе ніякай роўнай пляцоўкі. Толькі ў адным месцы пабачылі больш-менш прыдатную нізінку, куды можна было пасадзіць зоркалёт. Але там ужо стаяў нечы карабель і ля яго былі людзі. Самыя сапраўдныя людзі ў скафандрах, якія вырабляліся толькі на Зямлі. Калі мы апусціліся зусім нізка, пабачылі сцяжок на борце карабля. Аказваецца, гэта быў рускі карабель. Мы, вядома, і селі на тую планету. Паспрабавалі пасадзіць зоркалёт на адзін з пагоркаў. Вось там Павел, так звалі вынаходніка, і падарыў мне гэты мабільнік.

— А што было на той планеце, яна была незаселенай? Вы там не сустракаліся з абарыгенамі? — запытаўся Алік.

— Я раскажу пра яе, але трошкі пазней, — адказаў я. — Спачатку пашлём SМSку Арцёму. Давайце, думаць, што паведамім, вельмі коратка, але каб ён зразумеў нас.

— А тут і прыдумляць няма чаго, — адазвалася Ната. — Пашлём тое, што вам сказаў зялёны Дрэйк: «Стань на тое ж самае месца, куды ты перамясціўся, у першапачатковую кропку, і мы цябе выцягнем». — Натка паглядзела на мяне і дадала. — З дапамогай дзядзькі Сымона.

— Толькі дапішыце: «У цябе на гэта ёсць гадзіна часу», — сказаў Алік. — Праз гадзіну і паставім кампакт.

— Правільна, Алік! Гэтую тваю фразу трэба дадаць абавязкова, — І я пачаў хутка набіраць тэкст SМSкі.

— А калі раптам Арцём не атрымае наша паведамленне, — засумнявалася Ната. — Што будзем рабіць тады?

— Не панікуй загадзя, — і Алік звярнуўся да мяне. — Дзядзька Сымон, у нас ёсць ажно цэлая гадзіна. Вы абяцалі расказаць пра планету, дзе сустрэліся з рускімі астранаўтамі.

— Зараз раскажу, толькі спачатку звяжуся з саксонцам.

Але звязацца з Гансам мне не ўдалося. Яго мабільнік быў чамусьці адключаны. Я цяжка ўздыхнуў, але не адсутнасць магчымасці звязацца з саксонцам мяне трывожыла. Прызнацца, я не надта верыў у тое, што Арцём атрымае SМSку. Адна справа паслаць электронны сігнал, хай сабе на неверагодна далёкую адлегласць, і зусім іншая — у часавую прастору. Гэта штосьці зусім іншае. Я чамусьці быў перакананы, што перамяшчэнне Арцёма было перамяшчэннем менавата ў часе. Аднак спадзявацца заўсёды трэба, калі нават здаецца, што справа марная. І, каб прыглушыць сваё трывожнае хваляванне, я пачаў расказваць Аліку і Натцы пра тое, ужо амаль забытае, падарожжа ў чужую Галактыку.

 

Планета чарапах

На Зямлі даўно было вядома, што ў той Галактыцы сотні гадоў таму назад адбыўся грандыёзны выбух. Узарвалася адна з самых яркіх зорак, якая знаходзілася найбліжэй да нашай Галактыкі. Зразумела, што нам, зямлянам, было цікава даведацца, як жа паўплываў гэты выбух на развіццё планет, якія маглі быць недалёка ад той зоркі. Час ад часу ў тым накірунку адпраўляліся з Зямлі зоркалёты. Паляцелі аднойчы і мы, беларусы. Мы ж былі шукальнікамі сенсацыйнай інфармацыі, і нас маглі там чакаць самыя неверагодныя адкрыцці.

Тое наша падарожжа, вядома ж, было вельмі доўгім. Мы не адрываліся ад сваіх экранаў: на шляху было шмат яшчэ нікім неадкрытых планет, асабліва на самым краі нашай Галактыкі. На некаторых з іх, відавочна, было жыццё. Але ў большасці гэтыя планеты высвечваліся ў сваёй некранутай нічыйным розумам першароднасці. На іх шумелі магутныя лясы, дзе праглядваліся дзівосныя дрэвы, бурлілі рэкі, ішлі дажджы, а здаралася, усё засцілася снегам. Снег падаў і падаў, і не было ніякіх прыкмет жыцця на бясконцай снежнай раўніне. Сусвет — агромністы, і многае, многае ў ім паўтараецца. Мы ж шукалі загадак і, магчыма, для некага, хто пазіраў на нас з паверхняў сваіх планет у тэлескопы, ці бачыў наш зоркалёт няўзброеным вокам, мы таксама былі загадкай. Але кантактаў ні з кім у нас не здаралася. Мы не апускаліся на паверхні планет. А тым часам пакідалі ўжо межы нашай Галактыкі. Вось тут і перапынілася сувязь з Зямлёю, і наладзіць яе не ўдавалася.

Мы ўжо блукалі па чужой Галактыцы, калі трапілі пад моцны метэарытны дождж. Тут Антон, наш камандзір, і вырашыў пасадзіць карабель на адну з бліжэйшых планет. Але, калі наблізіліся да яе паверхні, пабачылі, што гэта зрабіць цяжка: пагорак за пагоркам. Яшчэ ніколі нідзе не даводзілася бачыць такой бугрыстай паверхні. І, напэўна, мы не селі б на тую планету, каб наш астрафізік не звярнуў увагу на нізінку, дзе мы і заўважылі касмічны карабель рускіх.

І, калі ўжо селі на адзін з пагоркаў, пераканаліся, што выйсці з карабля адразу не зможам. На планеце быў моцны радыяцыйны фон. Трэба было зрабіць замеры радыяцыі, а да таго, паміж пагоркамі былі такія яміны, што ні прайсці, ні пераскочыць, а мы ж, калі выйдзем, будзем абцяжараныя скафандрамі і герметычным адзеннем. Заставалася адно: скарыстаць для выхаду паветраныя шлюпкі. Але рускія нас апярэдзілі. Мы яшчэ не вырашылі, хто застанецца на караблі, а хто паляціць да іх, як іхні невялікі лятальны апарат ужо закружыў над намі. І неўзабаве, даволі ўдала стыкаваўшыся з нашым зоркалётам, яны ўвайшлі ў наш утульны хол, дзе і адбылося наша знаёмства.

Іх было трое: Павел, Андрэй і Васіль — два пілоты-астранаўты і навуковец-даследчык, які, як аказалася, быў яшчэ і выдатным вынаходнікам. Маю на ўвазе Паўла, ад якога я і атрымаў у падарунак мабільнік. Ён чамусьці падарыў яго менавіта мне.

— Цяпер у вас адновіцца сувязь з Зямлёю, — сказаў Павел, перадаючы мабільны тэлефон. — Адрамантаваць свае сігнальныя сістэмы вы наўрад ці зможаце. У вас на гэтай планеце не шмат часу. Па-першае, тут усё засыпана солямі уранавай кіслаты, а па-другое, навошта прымушаць пакутаваць жывую істоту?! Невядома, як доўга вытрымае зоркалёт яе панцыр.

Пасля гэтых яго слоў увесь наш экіпаж быў у шоку: якая жывая істота?! Які панцыр?! І рускія астранаўты нам патлумачылі, што гэта — планета чарапах. Але з-за моцнага радыяцыйнага фону адбылася мутацыя, і ўсе тыя пагоркі, якія мы пабачылі на паверхні, не што іншае, як агромністыя чарапахі, такіх памераў, што і ўявіць цяжка. На адну з іх мы і пасадзілі свой зоркалёт. Пачуўшы такое, нам усім стала зразумела, што трэба рыхтавацца да адлёту, каб як мага хутчэй выслабаніць чарапаху ад шматтоннай вагі нашага зоркалёта. Але адкуль тут радыяцыя? Вынік выбуху зоркі, ці штось іншае?

— Вось гэта мы і высвятляем, — сказаў адзін з рускіх пілотаў-астранаўтаў. — Сюды, на гэтую планету, мы прылятаем ужо другі раз. Першы раз толькі даследавалі, а цяпер прыляцелі з грузапад’ёмнікамі.

— Для чаго? — не адразу скеміў я.

І другі рускі пілот патлумачыў:

— У гэтай планеты ёсць спадарожнік, вы маглі яго бачыць на сваім шляху. Паспрабуем хаця б палову чарапах перавезці туды.

— Дык мы вам дапаможам, — жыва адгукнуўся наш камандзір.

— Не, — запярэчыў Павел і на момант задумаўся. — У нас тут спецдоследы. Калі першы раз прыляталі сюды, тое-сёе знайшлі цікавае. Магчыма, часткова прыадкрыем загадку Вялікага сусветнага выбуху, але для гэтага тут давядзецца правесці дзесяткі і дзесяткі гадоў.

У яго голасе мы чулі сум. І пачувалі сябе не лепшым чынам: дзесяткі гадоў на планеце, засыпанай солямі уранавай кіслаты! Гэта не жартачкі. А Павел праз невялікую паўзу яшчэ раз паўтарыў сваё катэгарычнае «не» і дадаў:

— Вам трэба ляцець адсюль.

Мы сапраўды неўзабаве пакінулі тую планету. Таму што, як толькі звязаліся з Зямлёю, адразу атрымалі прапанову ад Асацыяцыі міжзоркавых палётаў даследаваць планету, спрэс усланую снежным покрывам. Перад намі стаяла пытанне: што пад снегам? І, як ні дзіўна, пад снегам не было нічога. Гэта быў гіганцкі снежны камяк, які абарачаўся вакол свайго Свяціла і нават меў спадарожніка. А тым часам у нас на зоркалёце здарылася дзіва. У адсеку, дзе жыў камандзір, з’явілася шэсць маленькіх чарапашак. Яны вылупіліся з яец, адкладзеных у адсеку, безумоўна ж, на планеце чарапах. Але як гэта ўдалося зрабіць, мяркую, той агромністай чарапасе, на якую мы там пасадзілі свой зоркалёт?! Ніхто з нас на гэтае пытанне не мог даць пэўнага адказу, і доктар Савіч у рэшце рэшт сказаў:

— А якая розніца, як гэта ёй удалося? Галоўнае: зрабіла! І цяпер чарапашкі разам з намі ляцяць на Зямлю. Калі вы ўсе не супраць, я іх забяру з сабою. Ля маёй сядзібы ёсць балотца...

Хай там жывуць.

Па нашым вяртанні на Зямлю ўсё так і адбылося. Да гэтага часу пераважна ў паўднёвай частцы Беларусі ля сажалак ды завадзяў рэчак, дзе пераважае спакойная вада, жывуць чарапахі. І называюць іх балотнымі.

 

Арцём вяртаецца

— Мне вельмі шкада чарапах, што засталіся на той планеце, — сказала Натка, як толькі я скончыў свой расповед, і запытальна паглядзела на мяне. — А можа ўсё-ткі не палову, а ўсіх іх вывезлі на спадарожнік той планеты?

— Не ведаю, Ната, — я развёў рукамі, і тут жа адгукнуўся Алік:

— Мне таксама шкада чарапах, але, напэўна, час падумаць і пра Арцёма. Думаю, ужо гадзіна прайшла.

Я зірнуў на гадзіннік, у нас яшчэ было хвілін восем, але я падышоў да камп’ютэра. Чамусьці выцягнуў з СD-RОМа дыск, пакруціў яго ў руках... І міжволі перад вачамі ўсплыла самотная высокая постаць у доўгім чорным плашчы. І згадаліся словы зялёнага Дрэйка, якія ён прамовіў на Шэрай Непрыветлівасці, калі мы сядзелі разам на каменным выступе: «Я разам з сынамі прылятаў сюды шмат разоў, пакуль, нарэшце, не вырашылі абраць яе для жыцця. Праўда, перад гэтым доўга вагаліся. Ёсць яшчэ адзін варыянт». Цяпер стала зразумелым, што пад гэтым варыянтам ён меў на ўвазе. Безумоўна, тэлепартацыю, як ён сказаў, абласакар! У іншы свет. У тую самую пячору, што з’явілася тут на дысплэі, да тых людзей, апранутых у шкуры дзікіх звяроў. І што ж іх стрымала? Зялёны колер скуры, ці штось іншае?! Гэта ж было не толькі перамяшчэнне ў часе, а, можна сказаць, касмічны палёт з адной планеты ў глыбокае мінулае другой, у яе пячорнае стагоддзе. І тут я ўвесь скалануўся, як жа я раней не дадумаўся?! Арцём, безумоўна, перамясціўся ў тую пячору. Тое, што здалося кадрамі нейкага фільма, было ні чым іншым, як месцам, куды адбылося перамяшчэнне. Ён у мінулым! Але чаму я думаю, што гэта мінулае менавіта зямной цывілізацыі? А можа, гэтая пячора калісьці знаходзілася там, на Пурнасе, які мы назвалі Гусляром? Можа, гэта адзін з самых ранніх перыядаў жыцця на той планеце? Мне стала горача. Не хацелася разважаць далей і я адкінуў ад сябе ўсе думкі. Хутка ўставіў дыск у СD-RОМ і ўключыў камп’ютaр.

І ў той жа момант на дысплеі паплылі кадры...

— Глядзіце! Глядзіце, там Арцём! — закрычала Натка.

Мы сапраўды пабачылі Арцёма. Ён стаяў ля грувасткага драўлянага стала, за якім сядзела надзвычай расхваляваная жанчына ў шкуры, перакінутай цераз плячо, і штосьці здымаў з рукі той жанчыны.

— Што ён робіць? — Алік запытальна паглядзеў на мяне.

— Ды свой гадзіннік з яе рукі здымае, хіба не бачыш? — адказала Ната і працягнула. — У пячоры толькі Арцём, жанчына і барадаты дзядзька. А дзе ж дзяўчынка і хлопец з доўгімі валасамі? Куды падзеліся яны?

— Ты ў Арцёма потым пра гэта запытаешся, — падаў голас Алік.

А на экране тым часам Арцём зашпільваў бранзалетку гадзінніка на сваёй руцэ. І барадаты мужчына, сагнуўшыся, тыцкаў пальцам у земляную падлогу пячоры недалёка ад выхаду з яе.

— Глядзіце, глядзіце! Дзядзька, напэўна, паказвае Арцёму тое месца, куды ён апусціўся, як толькі адбылося перамяшчэнне. Арцём атрымаў нашу 8М8ку! — І Натка радасна запляскала ў ладкі. — Вунь, вунь Арцём ідзе туды!

Я глядзеў, як Арцём ішоў да таго месца, на якое паказваў яму барадаты мужчына, і думаў, дзе ж гэта ўсё адбываецца? Зямля гэта ці ўсё ж Пурнас? Там жа была не толькі зялёная, а і белая раса. Я адвёў позірк ад Арцёма, пачаў уважліва разглядваць пячору і пабачыў ступу. Самую сапраўдную ступу — старажытную прыладу для апрацоўкі зерня на крупы. Амаль такую ж калісьці, даўно-даўно, у сваім дзяцінстве я бачыў у этнаграфічным музеі ў Мінску. Ступа, трошкі больш за метр вышынёю, зробленая з кавалка тоўстага ствала дуба ці граба, стаяла ў зацемненым кутку пячоры. У яе было ўваткнута два таўкачы.

Мне згадаўся Пурнас. На імгненне ў памяці аднавілася паверхня тых двух мацерыкоў, дзе мы бачылі жалезабетонныя высокія дамы-вежы, пляцоўкі для пасадкі лятальных апаратаў ля іх, і мноства-мноства скульптур... Згадаліся і пурнасцы, так нечакана для сябе ў думках я назваў жыхароў Пурнаса, але хоць бы дзе мы пабачылі жытнёвае поле! Там не было палёў. Значыцца не магло быць і ступы. «Не, гэта, мабыць, усё-ткі Зямля, — зрабіў я выснову. Значыцца, ужо тады, калі нашы далёкія прашчуры яшчэ былі апрануты ў шкуры, у іх ужо была ступа. Вялікае вынаходніцтва таго часу! А вунь, каля ступы і саж — плеценая з лазы ёмістасць для захоўвання мяса. У ім у старажытнасці нярэдка прасушвалі сыры, трымалі грыбы, зёлкі. Саж я таксама бачыў у этнаграфічным музеі, а цяпер бачу яго вунь там, у пячоры. Ён, запоўнены, нейкімі сухімі раслінамі. Мае думкі перапыніў Натчын крык:

— Не спрацавала! Глядзіце, не спрацавала! Вас падмануў зялёны Дрэйк! Арцём стаіць на тым месцы, якое паказаў яму барадаты дзядзька, і нічога не адбываецца!

Я міжволі ўздыхнуў. Арцём сапраўды стаяў на тым месцы, куды з хвіліну таму назад тыцкаў пальцам барадач. А Ната ледзь не плакала:

— Мы яго не выцягнем! Арцём застанецца там назаўсёды!

— Цішэй, цішэй, не хвалюйся, — пачаў супакойваць я дзяўчынку, а сам напружана глядзеў на экран камп’ютaра. Вось з-за стала паднялася жанчына, кінулася да барадача і замахала перад ім рукамі. Было падобна, што яны спрачаюцца. Потым яна скіравалася ледзь не да самага выхаду з пячоры і там падняла з земляной падлогі нейкую трэску, пачала размахваць ёю, звяртаючыся, відавочна да Арцёма і, паказваючы на тое месца, дзе ляжала трэска. Арцём кіўнуў галавою, маўляў, я ўсё зразумеў, і пайшоў да таго месца, куды цяпер ужо рукою паказвала жанчына. І, як толькі ён стаў туды, вакол яго адразу ж з’явілася зіхатлівае зялёнае кола. Барадач і жанчына адбегліся ў кут, да ступы, а з зіхоткага кола пачаў вытыркацца зялёны прамень. Спачатку замаруджана, быццам штосьці намацваў, да нечага прымерваўся, а потым вытыркнуўся імкліва, як джала, і ўваткнуўся ў Арцёма. У тое ж імгненне дысплей пагас...

— Вось і тады рыхтык гэтак усё было, мільгалі кадры, усё роўна як фільм які, — нібыта нечага баючыся, ледзь не шэптам прамовіў Алік, які да гэтага моманту ўвесь час маўчаў, не адрываючы позірку ад экрана. — Вось... Вось, глядзіце!.. З’яўляецца шланг!

На дысплеі сапраўды з’явіўся скручаны зялёны шланг. Адзін з яго канцоў варухнуўся, ён нагадваў жывую істоту, і тут жа вытыркнуўся з дысплея. Да мяне данеслася перапуджанае Натчына: «Ах!» А шланг пачаў хутка раскручвацца, нібыта рулетка. І вось ужо ён захістаўся ў пакоі на ўсю сваю даўжыню ад сцяны да сцяны. Потым у нейкі момант знерухомеў і... выштурхнуў, бы выплюнуў, з сябе Арцёма. Проста на падлогу, да маіх ног. У тое ж імгненне ён пачаў скручвацца, быццам хтосьці хутка ўцягваў яго назад у дысплей. І вось ужо толькі зялёная кропачка, згасаючы, замільгала на дысплеі. І, як толькі яна зусім згасла, камп’ютэр адключыўся.

Натка, Алік і я, як зачараваныя, глядзелі на экран камп’ютэра, а тым часам Арцём падняўся з падлогі. Ён пазіраў то на мяне, то на Аліка, то на Натку, нарэшце, пасміхнуўся, быццам з ім нічога такога і не здаралася, і сказаў:

— А вы здорава прыдумалі з SМSкай!

Тут Ната і Алік кінуліся да Арцёма, сціснулі яго ў сваіх абдымках. Дзяўчынка, наогул, павіснула ў яго на шыі, а я, як толькі сустрэўся з ім позіркам, адчуваючы, як спадае нервовае напружанне, папрасіў:

— Ну, цяпер, Арцём, сядай і расказвай...

 

Пра Лянка, Кудлу і іншых

(Са слоў Арцёма )

Ён пачаў свой расповед з таго моманту, калі зялёны шланг паімкнуўся да яго, і ён адчуў, як да рукі даткнулася штосьці прыемна цёплае...

— Было такое ўражанне, што я на імгненне заснуў, — сказаў Арцём. — А калі прачнуўся і расплюшчыў вочы, дык замест свайго пакоя, Наткі і Аліка пабачыў пячору, тую самую, што з’явілася на дысплеі, калі я ўставіў у СD-RОМ дыск і ўключыў камп’ютap. І людзі ў ёй былі тыя ж самыя, апранутыя ў шкуры, хоць адзеннем гэта было назваць цяжка. Нейкія акраўкі матляліся. Я бачыў, што ўсе яны вельмі перапуджаныя. Баяліся зірнуць у мой бок, а жанчына ўвогуле стаяла, адвернутая да сцяны, і хутка-хутка прамаўляла: «У цябе, лячэ, воўчая галава, аклочаная барада, саламянае чэрава, канапляныя ногі. Згінь! Згінь! Згінь!» І праз невялікую паўзу яна ціха запыталася:

— Ён згінуў, Янук?

Арцём зразумеў, што словы адрасаваліся барадатаму мужчыну, які стаяў і ўвесь тросся.

— Я ў цябе пытаюся, Янук, ён згінуў?

— Мяне Карачун скандрычыў, — адказаў Янук. — А ён не-а, не згінуў. Ён сядзіць. На чалавека вельмі падобны.

— Я сапраўды сядзеў на халоднай земляной падлозе, — працягваў Арцём. — Хацеў было падняцца, ды не ведаў, што будзе далей, і проста разглядваў людзей у шкурах. Дзіўна, але я зусім не баяўся, нават хацелася засмяяцца. Сапраўды, было вельмі смешна, калі жанчына падышла да мяне і, утаропіўшыся, спачатку з бояззю, а потым нават ваяўніча, запыталася:

— Ты — хлеўнік?* Малако ў маёй каровы ссеш, а я думала, яго вужака высмоктвае.

— Не, Кудлачка, гэта не хлеўнік, — адазваўся мужчына. — Ён не з хлява. Гэта, напэўна, пячурнік**. З коміна вываліўся.

— З ко-оміна?! Яшчэ што напрыдумляйце, — запярэчыў хлопец з доўгімі валасамі, які трымаў за руку дзяўчынку. — Ён з зялёнага промня зваліўся, вы ж самі гэта добра бачылі. Да чаго комін? Тут яшчэ вакол яго пляма зялёная свяцілася.

— Значыцца, паветрык!*** У-у, — гнеўна паглядзела на Арцёма жанчына. — Ты навошта ўчора, калі навальніца была, снапы на нашым палетку параскідаў?! Не Пярун жа гэта зрабіў. А цяпер, во-о, і ў хату ўлез, шкоду тут ужо чыніць будзеш! — Жанчына заплюшчыла вочы і хутка-хутка пачала зноў шаптаць замову. — У цябе, лячэ, воўчая галава, аклочаная барада, саламянае чэрава, канапляныя ногі. Згінь! Згінь! Згінь.

Арцём слухаў жанчыну і думаў, як яму быць? Пачаць ім усім расказваць, што з ім адбылася вялікая неверагоднасць? Што ён не хлеўнік, не пячурнік і не паветрык, а звычайны падлетак, які трапіў да іх, у гэтую пячору з далёкай будучыні? Праўда, сам не ведае, як гэта атрымалася?! Але, напэўна, яны не зразумеюць яго. Застаецца проста сядзець і назіраць за ўсім, што адбываецца, а калі раптам спатрэбіцца, — дзейнічаць, сыходзячы з абставін. У пячоры было душна і ён зняў сваю куртачку. І ў тое ж імгненне жанчына адскочыла ад яго, закрычала:

— Янук! Янук! Хадзі, сюды, хутчэй... Глядзі, вунь на руцэ ў яго вока Люцыпара****.

Янук падышоў да жанчыны, яго вочы акругліліся, як толькі ён зірнуў на Арцёмаў наручны гадзіннік.

— В-вока! Ага-а... вока! — пацвердзіў ён.

І тут да жанчыны кінулася дзяўчынка, прыціснулася да яе, зашаптала:

— Мамачка, у мяне ногі трасуцца. Пойдзем, да старой Паланеі, хай з воскам ляк вылье.

— Я табе сама яго мякішам хлебным выкачаю, ды не цяпер жа! — Жанчына адштурхнула ад сябе дзяўчынку, на імгненне задумалася, зірнула на Арцёма і павярнулася да Янука. — Ён сам адсюль не сыдзе, для нечага ж Люцыпар сваё вока сюды прыслаў?! Трэба ісці да Паланеі.

— Ага-а, да ведзьмы пойдзеш, дык можаш і не вярнуцца! Сурокаў нашле, — адгукнуўся Янук.

— Я залашчу яе, зёлак занясу, а яна няхай нячысціка ад нас выведзе, — жанчына зноў паглядзела на Арцёма. — У-у, чурылка*****, — замахнулася на яго. — Ведзьма з табою разбярэцца!

— Гэта, напэўна, кладнік******, — адазваўся хлопец. — Калі кветку папараці на Купалле хто знаходзіць, дык зямля ў тым месцы пачынае свяціцца, скарбы ў сваіх нетрах паказвае. І нячысцікі вакол скачуць, каб першымі скарб ухапіць. Вакол яго таксама ўсё свяцілася, пляма зялёная была, ага-а? Пад тваім долам скарб, цётка Кудла.

— Для каго Кудла, а для цябе — Агата! Стой тут! — і жанчына тут жа загадала. — Янук, вынось саж у двор, зёлак для Паланеі адбяру. Там у мяне разрыў-трава ёсць, і баркун, і расакіля, і блёкат. Бяры саж, а я ў стойла да жывёлы зайду, гляну, ці шкоды не нарабілася. Гэты, — кіўнула на Арцёма, — псоту на яе мог наслаць, — і жанчына выйшла. За ёю рушыла і дзяўчынка. Янук падаўся ўглыб пячоры да ступы, туды, дзе стаяў саж з зёлкамі. У гэты момант Арцём падняўся з долу і падышоў да хлопца, які адразу ж закрычаў:

— Не падыходзь да мяне! Не падыходзь, нячысцік!

Янук, які ўжо было падхапіў саж, каб несці, прысеў за ступаю, а Арцём сказаў хлопцу:

— Ну які ж я нячысцік! Ці ж ты не бачыш? На мне проста адзенне іншае, таму што я не адсюль. Выгляд інакшы. Я з другога часу. Паміж гэтаю пячораю і горадам, дзе я жыў дасюль, безумоўна, тысячы і тысячы гадоў, але табе гэтага не зразумець, як бы я не тлумачыў. Мяне не трэба баяцца, я такі ж самы, як і ты, — і тут Арцёму стала вельмі самотна. Ён паспеў ужо добра ўсвядоміць сваё становішча і не бачыў ніякага выйсця, як яму вярнуцца назад, у сваю мінскую кватэру, пра што і сказаў. — Я ніколі не змагу вярнуцца ў свой час, давядзецца застацца тут назаўсёды. Я хацеў бы з табою пасябраваць. А каб мне не быць белаю варонаю сярод вас, знайдзі мне такую ж шкуру. Гэта ўсё, што на мне, я скіну.

— Дзе я табе шкуру знайду, звера трэба забіць, — і хлопец абвёў позіркам сцены пячоры, потым зірнуў на Арцёма. — Для мяне ты ўсё роўна нячысцік, а гэта — не пячора. Жытло з бярвення складзена. У пячорах прадзеды нашы жылі.

Арцём ужо і сам бачыў, што сцены складзены з бярвення, праўда, гэта нічога не мяняла. Пабудова ўсё роўна нагадвала пячору, але не гэта хвалявала яго цяпер.

— Ты бачыў, як я апынуўся тут? — запытаўся ён у хлопца.

— Бачыў. З промня зялёнага злез, людзі на такое няздатныя.

«Хм-м, зялёны прамень, — падумаў Арцём. — А там жа, дома, у маім пакоі з дысплея вытыркнуўся зялёны шланг... Ніякага промня не было», — і тут жа адагнаў ад сябе гэтыя думкі, сказаў хлопцу:

— Ну чым я табе магу даказаць, што я не дух, не нячысцік! Мова ў нас з табою аднолькавая. Мы разумеем адно аднаго. Ты... Ты — мой далёкі прашчур. Я самы сапраўдны чалавек.

— Кудла! Кудлачка! — пачулася з дальняга кутка, з-за ступы. І адтуль выбег Янук. Ён падскочыў да Арцёма і схапіў яго за руку. — Дык ты чалавечай пароды? Ты проста нетутэйшы, не з нашага краю! — і адразу ж звярнуўся да Кудлы, якая ўжо з’явілася на крык у пячоры. — Кудлачка, ён — не паветрык! Ён- - чужаніца. Шкуру для сябе прасіў.

— Сказаў адкуль?

— Не, яшчэ не сказаў, але скажа. Кудлачка, скажа.

Кудла падышла да Арцёма, уважліва паглядзела на гадзіннік на яго руцэ, запыталася:

— Вока гэтае, а лепш сказаць, бяльмо, чаго на руцэ яно?

— Гэта не вока, а звычайны гадзіннік, чалавецтва ішло шляхам прагрэсу, — і тут жа спахапіўся, трэба патлумачыць неяк прасцей, але як? І ён не знайшоў нічога іншага, як паўтарыць па складах. — Га-дзін-нік... Га-дзін-нік... Ён час адмервае. — Потым нечакана для самога сябе зняў гадзіннік з рукі, працягнуў яго Кудле. — Прыгожая рэч, можаце пачапіць яго сабе на руку. Будзе, як упрыгажэнне.

Кудла запытальна паглядзела на Янука, трошкі павагалася і нясмела працягнула руку:

— Сам пачапі.

І калі Арцём пачапіў ёй на руку гадзіннік, яна пачала хутка абмацваць Арцёма ўсяго — ад пятак да галавы. Намацала ў кішэні лёгкай Арцёмавай курткі мабільнік і запытальна паглядзела на яго, маўляў, што гэта там у цябе? Арцём хутка засунуў руку ў кішэню. Яму не хацелася паказваць мабільнік, каб зноў не напалохаць іх.

Пакуль Кудла абмацвала Арцёма, Янук хадзіў вакол яго, уважліва разглядваючы, нарэшце спыніўся:

— Ён зубтэльны******* надта, малалетні яшчэ. Да працы не здатны будзе. На ловы******** хадзіць не зможа, звер задзярэ яго.

— Галдоўнікам********* сваім ужо яго палічылі, — адазваўся хлопец, які ўсё стаяў і стаяў на адным і тым жа месцы, — быццам і не бачылі, як ён тут з’явіўся. Не пешшу ж прыйшоў, ляк выганялі.

І Кудла, і Янук на некалькі крокаў адышлі ад Арцёма. Ён бачыў, што яны зноў пазіраюць на яго з недаверам і сказаў:

— Я таксама спалохаўся, калі нада мною завіс зялёны шланг, — і тут жа зразумеў, што сказаў нешта не тое.

Невядома, як бы далей павялі сябе Кудла і Янук, калі б не з’явілася дзяўчынка, якую Арцём ужо бачыў у пячоры. Яна спынілася ля ўваходу, кіўнула галавой:

— Там дзядзька з селішча, што за лесам, прыйшоў. Нехта мусіць да яго выйсці. Ён двух зайцоў прынёс, памяняць іх на крупы хоча.

— Мала ў нас крупаў, — буркнуў Янук. — Не памяняем.

Слабы, далікатны. — Пераклад са старабеларускай мовы. Паляванне. — Пераклад са старабеларускай мовы. Падданым. — Пераклад са старабеларускай мовы.

— І ўсё ж два зайцы, падумай, не абы-што, а мяса! — разважыла Кудла. — Хай заходзіць. Мо на штось іншае памяняць пагодзіцца.

— А гэтыя? Яны не для чужога вока, — Янук кіўнуў на Арцёма і хлопца з доўгімі валасамі. — Што з імі рабіць? Так тут і будуць стаяць?!

— Не, не будуць. Вядома, не будуць, — Кудла на імгненне задумалася і загадала Януку. — Ты іх у камору завядзі, а я да чалавека выйду...

І потым, калі яны ўжо сядзелі ў цёмнай каморы, Арцём з роспаччу думаў пра безвыходнасць свайго становішча. З ім ужо аднойчы здаралася штосьці падобнае. Калі разам з Алікам яны паехалі на касмадром за Раўбічы, каб паглядзець на Вуха, прывезенае з сузор’я Шаляў. Тады яны ўзялі ды і ўлезлі ў тое Вуха, і нечакана для сябе апынуліся ў старажытным Вавілоне — цудоўным горадзе Бабілу! І ўсё ж там у іх была надзея, што яны вернуцца назад, у свой час, таму што за гарадскімі сценамі ў гарачых пясках ляжала тое самае Вуха, праз якое яны і насамрэч вярнуліся ў Мінск, на касмадром за Раўбічамі. А тут выключна іншы выпадак. Ніякага спадзявання на вяртанне ў яго не было. Заставалася адно: сядзець у гэтай цёмнай каморы, дзе цяжка было што-небудзь разгледзець. Але ён чуў, як хлопец, якога Янук прывёў сюды разам з ім, штосьці, відавочна, перацягвае з месца на месца. Відаць, адгароджваецца ад яго, і ён запытаўся ў хлопца:

— Ты ўсё яшчэ не верыш, што я не нячысцік? Добра, не вер, гэта твая справа. Але хаця б скажы, як цябе завуць? Я — Арцём, а якое ў цябе імя?

Хлопец перастаў цягнуць штосьці цяжкое і праз невялікую паўзу адказаў:

— Каб ты быў нячысцікам, дык імя маё ведаў бы. Відаць, усё ж не нячысцік. Лён я, але найчасцей мяне называюць Лянком.

— Ну і імя ж табе далі, — здзівіўся Арцём. — Там, у тым часе, адкуль я тут з’явіўся, лён расце на палетках. Расліна такая, з якой тканіну вырабляюць. Потым з гэтай тканіны шыюць адзенне.

— Што ты сказаў?! Ты ведаеш расліну, з якой можна вырабіць адзенне?!

І штосьці загрукацела, пападала долу. Гэта Лянок пераскочыў праз сваю барыкаду і ўмомант апынуўся ля Арцёма.

— Скажы яшчэ раз! Там, у тваім часе ёсць такая расліна?!

— Чаго ты так расхваляваўся? Я ж сказаў, з лёну вырабляюць тканіну... А ў цябе імя — Лён. У нас там такіх імёнаў няма, але ёсць такая расліна.

Хлопец хутка сеў побач з Арцёмам, пагладзіў калматую поўсць шкуры, якою быў абкручаны, потым сказаў:

— Гэта ваўчыная шкура, новая зусім. А ў Дамінічкі, ты ж бачыў яе, яна — дачка Кудлы, шкура старая, дзіравая. Я пасмяяўся з гэтага, і Кудла разгневалася. Паабяцала, што галдоўнікам мяне сваім зробіць, калі я расліны такой не знайду, з якой можна было б адзенне вырабіць. У нашым селішчы Кудле ніхто не пярэчыць. Я сапраўды стану галдоўнікам. Няма тут у нас такой расліны, а Кудла кажа, што павінна быць. Жыта — корміць, зёлкі — лечаць, значыцца, і апранацца з расліны павінны, каб не хадзіць у шкурах.

Арцём слухаў Лянка і са шкадаваннем думаў: каб жа ён ведаў, што з ім здарыцца такое, што аднойчы ён апынецца ў гэтай цёмнай каморы ў немаведама якім стагоддзі, ён бы там, у Мінску, насіў бы ў сваіх кішэнях насенне лёну і цяпер бы аддаў яго Лянку. І якраз у гэты момант Арцём міжволі ўздрыгнуў: ён пачуў, што мабільнік прыняў сігнал. І гэта не прымроілася, хоць у такое і цяжка было паверыць. Як? Якім чынам з будучыні ў глыбіню стагоддзяў магло прабіцца чыёсьці паведамленне?! Ён выхапіў мабільнік з кішэні і прачытаў SМSку, і ўжо не мог стрымаць сваёй радасці.

— Мяне адсюль выцягнуць! Мяне выцягнуць! — крычаў Арцём.

А Лянок надзвычай спалохаўся. Разам з тым з цікавасцю пазіраў на мабільнік. І Арцём патлумачыў яму:

— Гэта мабільны тэлефон. Прылада для сувязі. Тут, у вас, калі трэба звязацца з кімсьці з суседняга селішча, ганца туды пасылаюць, праўда? Ці самі ідуць. А ў нас там па тэлефоне звязваюцца. Вось бачыш, са мною звязаліся сябры. SМSку мне прыслалі, іншымі словамі, паведамленне, — і тут жа задумаўся, а ці вызначыць дакладна ён сам тое месца, куды перамясціўся? Здаецца, сядзеў пасярэдзіне пячоры? Але ён можа і памыляцца, тое памяшканне было даволі вялікім і цемнаватым. І Арцём запытаўся ў Лянка:

— Ты добра памятаеш месца, куды я злез, як ты сказаў, з зялёнага промня? Толькі адтуль я змагу вярнуцца назад. Пакажаш мне яго?

І Лянок адказаў адразу:

— Паказаў бы! Усё адбылося недалёка ад уваходу ў жытло. Але ж мы тут можам праседзець немаведама колькі часу. Можа, пра нас і забыліся ўжо.

— Дык мы зараз пастукаем у сцяну, тут жа дошкі. Нас пачуюць, — сказаў Арцём і падняўся. Яму хацелася як мага хутчэй выйсці з каморы.

— Чакай, сядзь, — папрасіў Лянок. — Спачатку раскажы мне пра тую расліну, з якой вырабляецца адзенне. Можа, яна і ў нас тут ёсць, толькі ніхто пра гэта не ведае, што яна расліна не простая.

Арцём сеў, задумаўся і міжволі пашкадаваў, што сам ніколі не бачыў ільну на палетках, ён — дзіця горада, асфальту і бетону. Толькі ў кніжках даводзілася чытаць пра лён. І ён расказаў Лянку тое, што ведаў.

— Расліна высакаватая, думаю, мне па лытку будзе. Лісце дробненькае. Кветкі таксама дробныя, блакітнага колеру. Калі лён зацвітае, у нас там кажуць, што нібыта мора наўкол разліваецца.

— Раслін з блакітнымі кветкамі ў нас тут многа, — уздыхнуў Лянок. — Як дазнаюся, што гэта менавіта тая расліна?

У гэты момант за невялікімі дзверцамі пачуліся крокі. Арцём і Лянок міжволі сцішыліся. Дзверцы расчыніліся, і ў камору зазірнуў Янук.

— Гэ-эй, чужаніца, выходзь хутчэй! — гучна загадаў ён. — А ты, Лён, заставайся ў каморы. З табою Кудла пасля разбірацца будзе.

— Ідзі, — падштурхнуў Арцёма Лянок. — Помні пра месца, яно недалёка ад уваходу.

І Арцём у адказ дакрануўся да яго пляча. Гэта было знакам развітання.

— Ты нас падмануў, — сказаў Янук, як толькі Арцём выйшаў з каморы. — Кудла думала, што чапляеш ёй на руку ўпрыгажэнне. А гэта штось іншае, яно жывое. Зараз сам усё пабачыш.

Яны прайшлі праз нейкі, завалены розным рыззём закуток і выйшлі ў тое прасторнае памяшканне, куды перамясціўся Арцём са сваёй мінскай кватэры. Кудла сядзела за сталом, руку з гадзіннікам трымала на адлегласці і, як толькі пабачыла Арцёма, ускочыла, затрэсла рукою, закрычала:

— Здымай хутчэй! Здымай! Яно жывое, там нешта рухаецца!

«Стрэлак спалохалася», — здагадаўся Арцём, і яму адразу падумалася, што ён можа скарыстаць гэтую сітуацыю, таму і сказаў Кудле:

— Я здыму, але спачатку хай ён, — паглядзеў на Янука, — пакажа мне тое месца, куды я апусціўся з зялёнага промня.

— Ён пакажа, — запэўніла Кудла і тут жа загадала. — Янук, пакажы! А ты здымай, хутчэй здымай! Яно рухаецца, і рухаецца ў сярэдзіне бяльма гэтага!

Кудла з бояззю пазірала на гадзіннік. Янук адышоў бліжэй да выхаду з пячоры, паўглядаўся ў падлогу, потым сказаў:

— Ты спачатку непрытомны ляжаў, потым сеў, — і зараз жа запытаўся з хітрынкаю ў позірку. — А для чаго табе трэба гэтае месца ведаць?

Арцём ужо зняў гадзіннік з рукі Кудлы, пачапіў яго на сваю руку і цяпер уважліва сачыў за Януком. Гэтае пытанне міжволі насцярожыла яго: «А раптам возьме і не пакажа тое месца?» І тут прыйшла нечаканая думка, якую Арцём і выказаў услых:

— Мне хочацца расказаць вам, адкуль я з’явіўся і, увогуле, хто я такі. Ды пакуль быў непрытомны, штосьці здарылася з маёй памяццю. Я пра ўсё забыўся. Але, як толькі стану на тое месца, дзе страціў прытомнасць, адразу ўсё ўспомню.

— Хадзі сюды, — сказаў Янук. — Вось тут ты ляжаў.

І Арцём пайшоў, але як толькі стаў туды, куды паказваў Янук, зразумеў, што гэта не тое месца. Гэта пацвердзіла і Кудла. Яна замахала рукамі, закрычала:

— Не туды! Не туды паказаў! Вочы табе засляпіла. Ён ляжаў вунь там, каля трэскі!

Арцём назіраў, як яна кінулася да выхаду з пячоры і недалёка ад яго спынілася, падхапіла трэску, паказала ёю:

— Ідзі сюды, станавіся тут, дзе яна ляжала. Мо і праўда прыйдзеш да памяці.

Арцём зрабіў крок, другі, трэці і адчуў, як яго ахутвае цяпло. Потым ён пабачыў зіхоткае зялёнае кола вакол сябе, якое пачало звужацца. Яму здалося, што ён трапіў у паветраны вір, штосьці ўцягвала, бы ўсмоктвала яго ў сябе. І тут імкліва з кола вытыркнуўся зялёны прамень. Арцём адчуў, як да яго даткнулася штосьці прыемна-цёплае — і ўсё... Больш ён нічога не памятаў.

У пакоі ўсталявалася цішыня. Арцём зірнуў на мяне і ў яго вачах я прачытаў пытанне: «Што ж такое са мною адбылося? Патлумачце мне гэтую неверагодна-фантастычную з’яву».

— Усё добра, Арцём, — сказаў я. — Цікавыя рэчы ты тут нам расказаў, але галоўнае, што ты — дома! Табе трэба цяпер як след адпачыць, а пазней мы пагаворым пра гэтае тваё падарожжа ў часе. Я сёе-тое ў цябе яшчэ ўдакладню, перапытаю і мы разам усё асэнсуем.

— А што асэнсоўваць? Я быў у нашым далёкім мінулым, — і ў голасе Арцёма чулася расчараванасць. Ён, напэўна, чакаў ад мяне іншых слоў.

— Ага-а, з табою здарыўся абласакар, — сказаў Алік і яго вочы ззялі вялікай цікаўнасцю. Яму, відавочна, пра нешта хацелася распытаць у Арцёма. А той у сваю чаргу запытаўся:

— Як ты сказаў? Абласакар?

— З мовы зялёнага Дрэйка — тэлепартацыя, — патлумачыла Натка. — Ты перамясціўся з адной прасторы ў іншую.

— Хіба я сам пра гэта не ведаю?! Лепш скажы, хто такі зялёны Дрэйк?

І ўсе трое паглядзелі на мяне. Я адчуў, што быў ужо сярод іх лішнім. Не расказваць жа цяпер яшчэ раз пра зялёнага Дрэйка? Хай пра яго ён пачуе ад сяброў. Таму я і сказаў Арцёму:

— Табе пра зялёнага Дрэйка раскажуць Алік і Ната. Яны шмат пачулі ад мяне пра яго. А я зараз звяжуся з доктарам Савічам. Ён ужо з гадзіну шле мне SМSку за SМsкай. Мне ж хацелася даслухаць цябе да канца, не перапыняючы.

І я набраў нумар доктара Савіча, які імгненна адгукнуўся, і голас яго быў надзвычай узрушаны.

— Тэрмінова прыязджай да мяне! Не паверыш, у мяне ўсё атрымалася з Мымам. Яго другое аблічча сцерлася, знікла! Ён цяпер амаль зямны хлопчык.

Мне сапраўды ў гэта не паверылася. На нейкі момант я ўявіў тое, другое, жахлівае Мымава аблічча, поўнае агрэсіі. Хм-м, сцерлася? Не намаляванае ж яно было! І, даслухаўшы доктара да канца, паабяцаў яму сёння ж быць у яго.

Арцём, Алік і Натка ўжо пра нешта шапталіся паміж сабою і я паспяшаўся развітацца. Мне карцела хутчэй сустрэцца з доктарам Савічам, але не пра Мыма я думаў. Хацелася як мага хутчэй расказаць яму пра ўсё, што адбылося з Арцёмам. І, магчыма, нават заўтра ж пра гэтае яго падарожжа ў мінулае паведаміць у нашу Асацыяцыю міжзоркавых палётаў. Гэта ж грандыёзная сенсацыя!

Быў ужо позні вечар, але як толькі я апынуўся ў сваёй кватэры, адразу ж выклікаў паветранае таксі, каб ужо праз нейкую гадзіну сустрэцца з доктарам Савічам на яго сядзібе пад Мінскам.

Праўда, паспеў яшчэ звязацца з саксонцам. Ганс ужо збіраўся пакінуць Месяц. З’явіліся на Зямлі нейкія тэрміновыя справы, і яго пагадзіліся ўзяць на свой зоркалёт шведы, якія адляталі на Зямлю. У нейкі момант саксонец спахапіўся:

— Ты, напэўна, хочаш пачуць пра бортмеханіка? Загадкавая асоба! Яму аднаму ўдалося скантактавацца з эльфамі. Гэта быў іхні карабель, як і тая талерачка, што падняла яго. Пра эльфаў я пачуў ад бортмеханіка. Яны перадалі яму ў знак прыязнасці напаўдрэвападобную папараць. Ён у сваю чаргу перадаў яе табе. Атрымаеш у падарунак чыставуста каралеўскага.

Эльфы!? Чыставуст каралеўскі!? Як гэта ўсё разумець? У мяне ўзнікла шмат пытанняў. І калі Ганс коратка адказаў на іх, я быў у вялікім недаўменні. Усё пачутае здавалася самаю сапраўднаю казкаю, а саксонец сказаў на развітанне:

— Шкада, што на Зямлі ў тое, пра што ты пачуў, ніхто не паверыць. Гэтага не пацвердзяць нават тыя з зямлян, хто, як і я, апынуўся тут, на Месяцы на гэтым чужым касмічным аб’екце. Але адраўнелую папараць я вязу, ты яе атрымаеш!..

І я сапраўды праз некаторы час атрымаў яе, але цяпер распавяду пра іншае.

 

* Міфалагічныя істоты.

** Міфалагічныя істоты.

*** Міфалагічныя істоты.

**** Люцыпар — галоўны нячысцік.

***** Міфалагічныя істоты.

****** Міфалагічныя істоты.

******* Слабы, далікатны. — Пераклад са старабеларускай мовы.

******** Паляванне. — Пераклад са старабеларускай мовы.

********* Падданым. — Пераклад са старабеларускай мовы.

Цудоўны, амаль зямны хлопчык

Доктар Савіч ужо чакаў мяне. Я яшчэ не паспеў разлічыцца з таксістам, як ён ужо падхапіў маю дарожную сумку і зашаптаў мне на вуха:

— Абавязкова скажы Мыму, што ён цудоўны! Дарэчы, гэта мы назвалі яго Мымам. А ён на самой справе не Мым, а Мыквік.

І вось ужо мы ідзём з доктарам па амаль начной лугавіне. Ногі ахутвае лёгкі туман, а вочы цешаць ярка-асветленыя вокны доктаравай двухпавярховай будыніны, настолькі старой, што яна ўжо даўно глядзіцца сапраўдным рарытэтам. Хочацца хутчэй адчуць яе цяпло, але ў нейкае імгненне я насцярожыўся. На ганку мільгнуў нечы лёгкі цень, зарыпелі і зачыніліся дзверы...

— Бельгійцы праз некалькі тыдняў ляцяць да Вегі, ты ведаеш? — нечакана сказаў доктар. — Гэта ж трэба, колькі было памылковых гіпотэз! Стагоддзі чалавецтва думала, што вакол Вегі толькі пачынаецца працэс фарміравання планетнай сістэмы. А сістэма даўно сфарміравалася. Абалонка вакол яе не што іншае, як ланцужок планет і астэроідаў. Не пяць, не дзесяць, а сапраўднае скопішча!

— Гэта ж, здаецца, дзесьці адтуль саксонец прывёз Мыма, — зазначыў я.

— Не Мыма, а Мыквіка, я ж табе сказаў. Буду прасіць бельгійцаў, каб узялі яго з сабою. А раптам хлопец патрапіць на сваю планету?!

Я запытальна паглядзеў на доктара. Хм-м, хлопец! Ганс, помніцца, пра яго сказаў: «Экземпляр незямного жыцця!» Але ўслых я прамовіў зусім іншае:

— Як ты з ім паразумеўся?

— Праз камп’ютaр. Аказалася, што ў сусветным слоўніку ёсць і яго мова. Ён нашчадак вельмі старажытнай іншапланетнай цывілізацыі. — Доктар хутка ўзбег на ганак і, адчыняючы, дзверы, гукнуў. — Мыквік!

І як толькі Мым, дакладней Мыквік, выйшаў да нас, я не мог не адзначыць, што выраз ягонага твару стаў яшчэ больш прыязным. Вочы ззялі цікаўнасцю і такой цеплынёй, што мне адразу ж згадалася просьба доктара сказаць яму штосьці прыемнае, што я і зрабіў.

— О-о, які цудоўны, амаль зямны хлопчык! А мы ўжо, здаецца, знаёмыя. Ты пазнаў мяне?

Безумоўна ж, Мыквік нічога не зразумеў з маіх слоў, ва ўсялякім выпадку так я думаў, але інтанацыю майго голасу ён, відаць, дакладна ўлавіў, таму што засаромеўся, як дзяўчынка, нават пачырванеў і, апусціўшы галаву, адвярнуўся. Я, напэўна, быў бы менш здзіўлены, калі б раптам пабачыў перад сабою тут, на доктаравай сядзібе, зялёнага Дрэйка. Майму здзіўленню не было межаў. Я не пабачыў другога аблічча Мыквіка, поўнага ваяўнічасці і нечалавечага гневу. Яно, сапраўды, як раней і сказаў доктар, нібыта сцерлася. Замест жудаснага аблічча былі доўгія пышныя валасы, сабраныя ў хвосцік. «А можа гэта звычайны парык, — мільганула думка, — і пад ім хаваецца тое не для чалавечых вачэй аблічча?»

— Ты пераканаўся? — звярнуўся да мяне Савіч. — Амаль цудоўны зямны хлопчык! — і кіўнуў Мыквіку. — Наш батанік з табою прывітаўся, і цяпер ты ідзі да сябе наверх. А мы з батанікам трошкі яшчэ пасядзім каля тэлевізара...

І калі мы ўвайшлі ў гасцёўню, Мыквік адразу ж пакінуў нас, нейкім чынам зразумеўшы тое, што яму сказаў доктар, а мы селі да тэлевізара, дзе ўсё яшчэ з кароткімі перапынкамі ішла трансляцыя з Месяца.

— Дзесьці там і наш саксонец, — доктар прапанаваў мне каву і падсунуў бліжэй да мяне сваё крэсла. — Ты з ім ужо звязаўся?

— Вядома, але хопіць, Савіч, — абарваў я яго. — Не хітруй, у Мыквіка на галаве парык?

Доктар пакруціў галавою, хмыкнуў:

— Аднак ты мяне здзіўляеш! Ён жа не зямны, а амаль зямны хлопчык! У яго энергетыка незямная. Аднойчы ён зрабіў такія высілкі, такое намаганне, што парушыў свой генетычны склад, сваю генетычную схему. А цяпер... Цяпер толькі тое і зрабіў, што аднавіў яе.

«А ці ўсё добра з доктарам Савічам?» — міжволі падумаў я, але ўслых сказаў яму іншае:

— Наколькі я зразумеў, пры нейкіх абставінах Мыквік змог парушыць сваю генетыку і ў яго ззаду на галаве з’явілася жудаснае аблічча, дык ён свой генетычны склад можа парушыць яшчэ раз. І да нас з твайго другога паверха спусціцца не цудоўны, амаль зямны хлопчык, а, скажам, дыназаўр!

— Ты кепска жартуеш, Сымон, — сказаў доктар Савіч. — Ты ўжо чуў, што ён належыць да вельмі старажытнай іншапланетнай цывілізацыі. Я магу табе расказаць, што з ім здарылася там, у сістэме зоркі Вегі, адкуль яго прывёз саксонец.

Мне засталося толькі кіўнуць галавой у знак згоды, маўляў, расказвай, і тое, што я пачуў, захапіла і ўразіла мяне.

Планета, на якой жыў Мыквік, існавала мільярды і мільярды гадоў, пакуль, нарэшце, не здарылася тое, што можа здарыцца з планетай у любой зоркавай сістэме. Яе прыродныя рэсурсы вычарпаліся, жыць на ёй стала цяжка, і пачаўся пошук іншага месца для жыцця. Ён працягваўся датуль, пакуль жыхары той планеты не натрапілі на астэроід, у нетрах якога было шмат нафты. З гэтым радасным паведамленнем на планету вярнулася першая экспедыцыя, а вось другую напаткала няўдача. На караблі, які трымаў курс да таго астэроіда, распаўсюдзілася невядомая касмічная інфекцыя. Члены экіпажа пачалі гінуць адзін за адным і ніякага паратунку не знаходзілася. Лекі, што былі на караблі, не дапамагалі. І калі нарэшце ён быў пасаджаны на паверхню астэроіда, на ім заставаўся цяжка хворы пілот і Мыквік. Ён быў сынам пілота. І праз колькі часу яму давялося пахаваць бацьку.

— У Мыквіка было безнадзейнае становішча, — доктар ужо з паўгадзіны вёў свой расповед, і я не перапыняў яго. — Але яно стала яшчэ больш пакутлівым, калі высветлілася, што на астэроідзе Мыквік не адзін. Яго насялялі пачвары, — гнюсныя лысыя карлікі, якія жылі ў глыбокіх норах і пакідалі іх толькі дзеля таго, каб паздзекавацца з Мыквіка, ведаючы, што заступіцца за яго няма каму. Яны цікавалі за ім і накідваліся звычайна ззаду, чапляючыся за доўгія валасы, сабраныя ў хвосцік, які, напэўна, больш за ўсё цікавіў і раздражняў іх. Карлікі ж былі лысыя! Ад іх немагчыма было схавацца і падсцерагалі яны яго на кожным кроку. Бараніцца Мыквік нічым не мог. Ён быў адзін, а карлікаў было мноства! І вось аднойчы, калі трываць ужо было немагчыма, калі нахабныя карлікі сталі нападаць гуртом, дзесяткамі, чапляючыся за хвосцік, пры гэтым, раздзіраючы скуру плячэй, шыі, галавы, у Мыквіка і з’явілася ззаду на галаве тое жудаснае аблічча. Зло спарадзіла зло.

— Штосьці ад саксонца я нічога не чуў пра карлікаў, — сказаў я і паспрабаваў уявіць самотнага Мыквіка на тым астэроідзе, што стаў для яго, напэўна, самым жахлівым месцам ва ўсім Сусвеце.

— А Ганс іх і не мог бачыць. Яны, вядома ж, не вылазілі са сваіх нораў, не паказваліся на вочы прышэльцам, адчуваючы перавагу ў сіле. А Мыквік узрадаваўся іншапланетнаму караблю, які стаў для яго выратаваннем. — І доктар Савіч задаволена заўсміхаўся. — Я, відаць, някепскі доктар, ва ўсялякім выпадку, доктар-псіхолаг. Мімікай, рухамі рук змог пераканаць Мыквіка, што на Зямлі яму нічога не пагражае і ён пазбавіўся ад цяпер ужо непатрэбнага яму аблічча. Вось такая гісторыя цудоўнага, амаль зямнога хлопчыка! — Доктар выключыў тэлевізар, дзе ўжо даўно скончылася трансляцыя з Месяца, і экран стракацеў рэкламай. Зірнуў на мяне, пазяхнуўшы. — Як ты, наконт, адпачынку? Падобна, світае. Дарэчы, а што там саксонец? Калі збіраецца на Зямлю?

— Хутка, — адказаў я. — Ён са шведамі, магчыма, ужо стартаваў. Слухай, доктар, як даўно ты ўспамінаў зялёнага Дрэйка?

— Дрэйка? — доктар на імгненне задумаўся, быццам аднаўляў у памяці высокую худую постаць у чорным плашчы. Потым запытаўся. — А чаго гэта раптам ты згадаў пурнасца?

— Ведаеш, той кампакт-дыск, які ён перадаў мне, рэч вельмі і вельмі няпростая!

І я пачаў расказваць доктару Савічу ўсё, што здарылася з Арцёмам. Ужо сонца даўно асвяціла лугавіну ля доктаравай сядзібы, і некалькі разоў спускаўся да нас Мыквік і тут жа паднімаўся назад на другі паверх, а я ўсё расказваў і расказваў... Мы забыліся на ўсё. Было, што доктар перапыняў мяне, і тады мне даводзілася штосьці ўдакладняць, але нарэшце я дайшоў да таго моманту, калі Арцём зноў апынуўся ў сваёй мінскай кватэры, і бачыў, што доктар ледзь стрымлівае хваляванне. Ён ужо даўно падняўся з крэсла і то падыходзіў да акна, слухаючы мяне, то прахаджваўся туды-сюды па гасцёўні. Я зрабіў паўзу, і доктар спыніўся ля мяне.

— Дай сюды, пакажы мне дыск! — яго перапаўняла нецярплівасць. — Нам трэба зараз жа паехаць у Асацыяцыю. Хай збіраюць навукоўцаў, прэсу! Не марудзь, хутчэй паказвай!

Я напэўна ў той момант выглядаў ідыётам. Дыск... Дыск... Ён там! Ён застаўся ў Арцёма. Мне хацелася як мага хутчэй сюды, да доктара, каб распавесці пра ўсё, што здарылася, і я забыўся пра галоўнае: узяць з сабою дыск! Але доктару адказаў вельмі спакойна:

— Яго няма ў мяне. Я не ўзяў яго. Ён у Арцёма.

— Ты ненармальны! — Савіч схапіўся за галаву. — Ды яму цаны няма. Чалавецтва адразу ўступіць у новую эру! Зараз жа едзем... — І доктар раптам, асекся. — Не-е, што гэта я? Ты паедзеш адзін. Возьмеш маю машыну, каб туды і адразу назад. А я... Я не магу пакінуць Мыквіка аднаго. Ён можа наш такі раптоўны ад’езд вытлумачыць па-свойму.

— Ага-а, раззлуецца... І ў яго зноў з’явіцца тое жахлівае аблічча!

— Не да месца жартуеш, Сымон, — у голасе доктара ўжо не было ранейшай узбуджанасці. — Збірайся. Праз некалькі хвілін я падганю да ганка машыну, — і доктар Савіч пакінуў мяне аднаго ў гасцёўні.

«І чаго ён так расхваляваўся? — думаў я. — Што можа здарыцца з дыскам? Арцём пасля ўсяго, што з ім адбылося, можа, яшчэ дасюль прыходзіць у сябе, альбо адсыпаецца, як гэта бывае пасля моцнага стрэсу». Я на дзіва быў спакойны ў тую хвіліну, але, як паказалі далейшыя падзеі, мне трэба было трывожыцца.

 

Насенне лёну для Лянка

Ужо хвілін дваццаць я стаяў ля дзвярэй Арцёмавай кватэры і раз-пораз націскаў на кнопку званка. Міжволі пачаў нервавацца: быў бы Арцём дома, ужо даўно адчыніў бы. Можа, з Алікам паехалі на касмадром за Раўбічы? Яны любілі распытваць астранаўтаў, якія вярталіся з далёкіх падарожжаў, і тыя ахвотна расказвалі ім пра свае палёты. «Не, на касмадром наўрад ці яны паехалі, — думаў я, — у маршрутным раскладзе на сёння няма прызямлення. А раптам? Раптам падлеткі ўзялі дыск і пайшлі да каго-небудзь з сяброў, каб прадэманстраваць, якім дзівам яны валодаюць?» Ад гэтай думкі стала горача. Я яшчэ раз націснуў на кнопку званка, і тут дзверы адчыніліся. Я пабачыў перад сабою Натку. Яна відавочна стушавалася, адвяла позірк, быццам знячэўку яе заспелі за чымсьці непрыглядным.

— А-а? Гэта вы? Арцём і казаў, што можаце заехаць.

— А дзе ён сам?

Замест адказу дзяўчынка запрасіла мяне прайсці ў кватэру, дзе ў Арцёмавым пакоі я пабачыў Аліка. Ён стаяў ля акварыума і карміў залатых рыбак. На маё прывітанне адказаў, не паднімаючы вачэй, і выгляд у яго быў збянтэжаны.

— Ну, дык дзе ж Арцём? — я павярнуўся да Наты, якая паспела ўжо сесці на канапу і штосьці засяроджана адкалупвала пальцам з маленькай скураной падушачкі, што ляжала на канапе.

— Вы, напэўна, прыйшлі, каб забраць дыск, — нарэшце сказала дзяўчынка, але позірку не падняла. — Давядзецца пачакаць. Вы сядайце, — і, зірнуўшы на Аліка, дадала. — Арцём сёння раніцай купіў насенне лёну. Здаецца, ажно цэлы кілаграм.

І я пра ўсё здагадаўся: Арцём — зноў у той пячоры, у мінулым. Ён вырашыў скарыстаць дыск, цяпер ужо наўмысна, каб перадаць насенне лёну Лянку. Які адчайны ўчынак! А раптам штосьці не спрацуе? Гэты дыск — вынаходніцтва чужога незямнога розуму і толькі той, чужы незямны розум, усё ведае пра яго. Тут не проста рызыка, гэта — небяспека!

— Ды вы не хвалюйцеся, — Ната быццам прачытала мае думкі. — Усё было, як і ў мінулы раз: тая ж пячора, тыя ж самыя людзі ў шкурах. У нас дамоўленасць з Арцёмам. Ён ужо з паўгадзіны там. Праз гадзіну нам трэба ўстаўляць дыск у СЮ-КОМ.

— А?.. А?.. А?.. — у маёй галаве круцілася шмат пытанняў. — А вы не падумалі пра тое, што абласакар, ну... тэлепартацыя можа быць абмежаванай. Скажам, туды і назад, а потым — толькі туды!

Алік перастаў карміць рыбак. Я бачыў, што ён захваляваўся, але голасам гэтага не паказаў:

— Мы пра гэта не падумалі, і вы не думайце. Арцёму і SМSку не трэба пасылаць. Ён узяў з сабою крэйду, каб дакладна пазначыць тое месца, куды апусціцца.

— А яшчэ ліхтарык* узяў, — бадзёра дадала да Алікавых слоў Натка, але на яе твары чыталася трывога. — Ліхтарык ён хоча падарыць Лянку. А калі раптам там здарыцца штосьці небяспечнае, ён яшчэ і газавы балончык з сабою прыхапіў. Будзе бараніцца.

«Ага-а, у стагоддзе, дзе яшчэ не скінулі шкуры, з газавым балончыкам, — думаў я. — Што заўгодна там можа адбыцца!» І я сеў побач з Наткай. Алік таксама падышоў да нас, апусціўся ў крэсла, што стаяла побач з канапай, і сказаў:

— Гэта была Арцёмава ідэя: з будучыні перадаць насенне ў мінулае. І ён гэта зробіць, калі цяпер лён называецца імем таго, каму Арцём хоча перадаць насенне. Таго ж хлопца ў шкуры з доўгімі валасамі звалі Лянок.

— Ну, канечне ж, — сказаў я. — Арцём перадасць насенне, калі ўжо ён перамясціўся туды, у тую пячору, але, каб з лёну вырабіць тканіну, трэба ведаць, як яго апрацоўваць. Існуе спецыяльная тэхналогія.

— Не хвалюйцеся, — Натка падхапілася з канапы, хутка падышла да стала і зашамацела нейкімі паперамі, раскладзенымі на ім. — Вось глядзіце, Арцём усё прадугледзеў. — Яна ўзяла ў рукі аркуш, амаль ватман, і пачала чытаць. — Валакно гэтай расліны служыла асноўнай сыравінай для вырабу тканін. Для атрымання валакна саломку лёну рассцілалі на лузе, альбо на пожні, звычайна ў канцы жніўня ў час вялікіх рос. Потым яе замочвалі, сушылі, мялі церніцай, трапалі траплом, часалі грэбенем. Атрыманую кудзелю пралі пры дапамозе прасніцы і верацяна ці на калаўроце. — Натка паглядзела на мяне, маўляў, ну што, чулі? І сказала. — Гэта ўсё Арцём выпісаў з этнаграфічнай энцыклапедыі. Ксеракопію ўзяў з сабою, будзе Лянку ўсё гэта тлумачыць. Тут на стале і шмат самых розных чарцяжоў ляжыць. Зірніце...

«Вось дык Арцём! — думаў я. — І калі толькі паспеў збегаць у бібліятэку! Наўрад ці ў яго дома была этнаграфічная энцыклапедыя. Пасля наведвання Зямлі-2 ён толькі і жыў марамі пра падарожжы да далёкіх планет, а тут аказваецца, што веданне этнаграфіі роднага краю справа далёка не апошняя. Цікава, што ж там за чарцяжы ў яго?!» І я падняўся з канапы, падышоў да стала, узяў у рукі адзін аркуш паперы, другі... І міжволі ацаніў Арцёмавы старанні. З цікавасцю разглядаў кросны з падрабязным апісаннем бёрдаў, нітоў, асновы, панажоў... Тут жа былі чарцяжы, апісанне і малюнкі церніцы, трапла, грэбеня, верацяна. І ўсё было зроблена надзвычай дэталёва. Я міжволі згадаў ступу, якую пабачыў у тым жытле, калі ўчора пачалі мільгаць кадры на дысплеі, перад з’яўленнем зялёнага шланга. Несумненна, там, у тым далёкім мінулым стагоддзі ёсць майстры. І калі яны змаглі зрабіць ступу, то яны змайструюць і кросны, і церніцу, маючы наглядныя дапаможнікі, якія Арцём перадасць Лянку. Напэўна, перадаў ужо! І я зірнуў на гадзіннік. Алік заўважыў гэты мой позірк і заспакоіў:

— Не бойцеся, яшчэ Арцёма выцягваць рана. Я сачу за гадзіннікам.

— І я таксама сачу, — адгукнулася Ната. — Ён яшчэ будзе там цэлых трыццаць пяць хвілін. — І тут жа звярнулася да мяне, складваючы аркушы паперы на стале ў роўненькі стосік. — Можа, вас гарбатай пачаставаць?

І, калі я адмовіўся ад гарбаты, Алік згадаў Ганса Мюлера.

— Вы да яго датэлефанаваліся на Месяц?

— Яшчэ ўчора, — адказаў я і дадаў. — Вы надзвычай цікавую трансляцыю з Месяца прапусцілі. Там усё абышлося, ніякай пасткі для зямлян не было.

— А што было? — адразу ж пацікавілася Натка. — Саксонец вам, напэўна, штосьці расказваў.

І я зразумеў, што давядзецца расказаць падлеткам тое, што я пачуў ад саксонца. Адно, ці павераць яны ў праўдзівасць майго расповеду?

 

* Некалькі гадоў таму назад археолагі пры раскопках адной са стаянак першабытных людзей сярод рэчаў хатняга ўжытку знайшлі выключна незразумелую рэч, якая чымсьці нагадвала сучасны ліхтарык. Тая рэч засталася загадкай. А раптам гэта і на самай справе быў ліхтарык, які Арцём падарыў Лянку?!

Чыставуст каралеўскі

 

Тое, пра што я пачаў расказваць, канечне ж, са слоў саксонца, адбылося на зусім маленечкай планеце і, напэўна, у нашай галактыцы, мяркуючы па тым, што невядомы касмічны карабель зрабіў пасадку на Месяцы.

На той планеце было ўсяго толькі адно каралеўства — з жыхарамі і, вядома, з каралём. У караля была дачка — прынцэса прыгажосці незвычайнай, але наколькі яна была прыгожай, настолькі і зласлівай, з халодным сэрцам і не надта вялікага розуму. Прынцэсе ўсё было не даспадобы і толькі на маладога рэферэнта караля яна звяртала сваю ўвагу. Больш таго, захаплялася ім. Ён валодаў аратарскім майстэрствам, яго гаворка была поўная далікатных і ўзвышаных слоў, таму кароль толькі яму аднаму даручаў зачытваць ягоныя загады і распараджэнні, і нават рабіць прамовы ад яго імя. І ён гэта рабіў настолькі бездакорна, вытанчана і пераканаўча, што ўсе называлі яго Чыставустам каралеўскім, а сапраўднага яго імя ніхто і не ведаў.

Жыхары той планеты былі істотамі вельмі разумнымі. Іхнія таленты і працавітасць дазволілі ім пабудаваць цудоўныя гарады і ва ўсім дасягнуць такога росквіту, калі жыццё здаецца нічым іншым, як раем. Кароль таго каралеўства вельмі любіў на сваім зоркалёце вандраваць па шматлікіх касмічных трасах, а прынцэса любіла слухаць Чыставуста. І паколькі яна сама ўжывала пераважна грубыя, нетактоўныя словы, падчас размоў з ім яна найчасцей маўчала. У яе выглядзе з’яўлялася штосьці накшталт мілай сарамлівасці, той сціпласці і цнатлівасці, якія надзвычай падабаюцца маладым людзям. Рэферэнт лічыў яе анёлам, што спусціўся з вышыняў Сусвету, каб дарыць яму хвіліны замілавання і шчасця.

Пра гэтую захопленасць Чыставуста прынцэсай шмат хто ведаў у каралеўстве. Толькі не маглі зразумець, як ён не бачыць, што яна зусім не такая, якой прыкідваецца. Таму аднойчы, калі прынцэса ў каралеўскім садзе накінулася на садоўніка з жахлівым крыкам з-за таго, што ён не паспеў падстрыгчы кусты нейкіх дзівосных кветак пад яе акном, хтосьці з акружэння караля сказаў Чыставусту:

— Ты абагаўляеш прынцэсу, ты лічыш яе чароўнай маўклівіцай, трапятлівай маўчухай, але ты памыляешся. Выйдзі ў сад і ты пабачыш, якая яна на самой справе.

І малады рэферэнт — Чыставуст каралеўскі выйшаў у сад...

Магчыма, ён быў надзвычай уражлівы, а, можа, быў і сапраўды вельмі і вельмі закаханы ў прынцэсу, таму што, як толькі ён пачуў тыя словы, якія зляталі з яе вуснаў, ён... ён у адно імгненне адзеравянеў. Яго прыродная вытанчанасць, відаць, не дазволіла яму стаць магутным дрэвам, і ён стаў адраўнелай папараццю. Пасля гэтых слоў я зрабіў паўзу, і Натка адразу ж запыталася:

— Ну, а што прынцэса?

— А як ты думаеш, Ната? Пасля ўсяго, што здарылася, яна ўзненавідзела выключна ўсё, што расло на той планеце. А яшчэ і звяроў, і птушак, таму што нават птушкі пераставалі спяваць, калі надаралася ім чуць Чыставуста каралеўскага.

Мой адказ не ўразіў дзяўчынку, больш таго, яна скептычна пасміхнулася і сказала:

— Я так і думала, што прынцэса ўсё ўзненавідзіць. Ваш расповед — самая сапраўдная казка, вельмі падобная да зямных. Нічога касмічнага ў ёй няма. У саксонца, відаць, на Месяцы было шмат вольнага часу і ён гэта ўсё прыдумаў.

— Э-э, не скажы, — запярэчыў я. — Ты даслухай да канца. — І я павёў далей свой расповед.

Тая планета была маленькая, але на ёй можна было шмат чаму падзівіцца. Справа ў тым, што паралельна з жыхарамі планеты на ёй жылі эльфы — вельмі жыццярадасныя, добразычлівыя да ўсяго духі прыроды. І ў іх таксама, як і ў жыхароў той планеты, было там сваё каралеўства, свае паветраныя гарады і самыя сапраўдныя зоркалёты.

Эльфы бачылі, як прынцэса стала глуміцца над дрэвамі і над кустамі, — яна ламала, здзірала з іх кару, секла іх і найбольш здзекавалася з Чыставуста каралеўскага. Адраўнелая папараць пачала засыхаць. А яшчэ прынцэса паўсюдна ставіла пасткі на звяроў і на птушак. Іх усё менела і менела. Сэрцы эльфаў проста разрываліся ад жалю. Усё, што было іхнім чароўным светам, гінула на вачах. І яны вырашылі ўратаваць гэты свой свет, вывезці дрэвы і кусты, а таксама звяроў і птушак на нейкую іншую планету. Што яны і зрабілі. Яны загрузілі ўсё, што ім было дорага, у зоркалёт, вядома, і Чыставуста каралеўскага таксама. І адны эльфы паляцелі ў зоркалёце ў напрамку Месяца, каб там зрабіць часовую пасадку, а другія ў больш лёгкай талерачцы пачалі расшукваць у Галактыцы найбольш прыдатную планету для свайго далейшага жыцця. І, напэўна, знайшлі, таму што прыляцелі на Месяц, паднялі свой грувасткі зоркалёт, стыкаваліся з ім, і ўсё, што там было, перамясцілі на талерачку. А зоркалёт пакінулі. Ён для іх быў, напэўна, залішне вялікім.

— Чаму вы не адказваеце? — пасля гэтых маіх слоў запытаўся Алік. — У вас жа проста разрываецца мабільнік!

Ён сапраўды разрываўся, і гэта быў доктар Савіч. Напэўна, яму карцела хутчэй дазнацца, ці забраў я ў Арцёма дыск? А што я мог адказаць яму? Тое, што Арцём зноў — у мінулым, і я чакаю, каб ужо праз некалькі хвілін выцягнуць яго адтуль? Сказаць такое, значыцца, прымусіць доктара хвалявацца! Не-е, трэба сказаць, што дыск ужо ў мяне. Але ж пры падлетках такога не скажаш, і я вырашыў выйсці ў суседні пакой.

— Я на хвілінку, — сказаў Аліку і Натцы. — Гэта доктар Савіч. У нас важная размова.

І ўжо там, у другім пакоі набраў доктараў нумар і адразу ж заспакоіў яго:

— Я яшчэ ў Арцёма, але хутка буду выязджаць. Дыск у мяне!

У доктара змяніўся голас і ён радасна паведаміў, што да яго прыехаў Антон, наш камандзір, каб паглядзець на Мыквіка, таму што, як і я, не паверыў, што яго жахлівае аблічча знікла. А яшчэ Антон сказаў доктару, што карпарацыя з Жодзіна* па вытворчасці зоркалётаў прапанавала нашай Асацыяцыі ажно тры новенькія караблі, і адзін з іх збіраюцца перадаць нам.

— Рыхтуйся да чарговага падарожжа, — сказаў доктар Савіч. — Думаю, дзесьці праз нейкіх паўгода зможам на суперталерцы паляцець да Вегі. Цяпер пераконваю Антона, што трэба, нарэшце, і нам, беларусам, пазнаёміцца з тым мноствам планет...

У гэты момант у суседнім пакоі пачуўся трывожны Натчын крык: «Арцём! Арцём!» І я паспяшаўся развітацца з доктарам Савічам. І як толькі — не ўвайшоў, а літаральна ўбег у Арцёмаў пакой, пабачыў, што Арцём сядзіць на падлозе. Ён увесь скурчыўся, ці то ад перапуду, ці то ад болю, але пабачыў мяне і заўсміхаўся. Мне здалося, што цераз сілу.

— Стукнуўся каленам аб падлогу, — сказаў ён. — Шланг выкінуў мяне на шафу і я адразу ж зваліўся з яе.

Я бачыў, што Арцём расцірае калена, і кінуўся да яго, аднак паспеў заўважыць, што на дысплеі яшчэ свеціцца зялёная іскрынка — ледзь заўважны след ад шланга.

— Мы не сталі вас чакаць, — пачаў тлумачыць Алік. — Ужо трэба было выцягваць Арцёма, і я ўставіў дыск у СD-RОМ. І ўсё паўтарылася, як і ў мінулы раз...

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але ў гэты момант пачуўся даволі гучны трэск, быццам штосьці надламалася ў камп’ютaры, і ў тое ж імгненне на дысплеі з’явілася постаць зялёнага Дрэй- ка. Мне здалося, што яго позірк працяў мяне, а вочы, што нагадвалі дзве масліны, свяціліся такой глыбінёй, быццам яны ўвабралі ў сябе ўсю неабсяжнасць Сусвету. І зараз жа пачуўся яго голас. Дрэйк прамовіў выключна пяць слоў на сваёй пурнаскай мове і знік з экрана. Камп’ютaр сам па сабе адключыўся.

— Вы бачылі! Бачылі? — закрычала Натка. — Гэта быў зялёны Дрэйк?! Ага-а?! Дрэйк?

— Штосьці напэўна здарылася з дыскам! — затрывожыўся Алік.

Я падбег да камп’ютaра, выцягнуў дыск з СD-RОМа, пакруціў яго ў руках, потым зноў уставіў і ўключыў камп’ютaр...

— Што вы робіце?! — Арцём ужо стаяў каля мяне. — Зараз замільгаюць кадры і з дысплея вытыркнецца зялёны шланг!

Але кадры не замільгалі і ніякага зялёнага шланга не з’явілася. Затое зноў у камп’ютaры штосьці суха трэснула, пасля чаго на экране вымалевалася постаць зялёнага Дрэйка. Ён прамовіў усё тыя ж пяць слоў на сваёй невядомай нам мове...

Я стаяў, бы аглушаны. Што ўсё гэта можа значыць? І адказ быў толькі адзін: перамясціцца ў іншую прастору з вяртаннем назад можна было толькі два разы. Відаць, пра гэта і паведамляў зялёны Дрэйк, але каму?! Падлеткі стаялі, як зачараваныя, пазіралі на камп’ютaр, быццам чакалі яшчэ нечага, а я выказаў уголас свае думкі:

— Вось яна і разгадка, чаму Дрэйк і яго сыны не скарысталі магчымасць перамясціцца ў іншае месца. У Дрэйка было два сына, але ў сыноў былі жонкі і дзеці. А абласакар, як гэта ўсё назваў зялёны Дрэйк, быў разлічаны толькі на дваіх.

— І атрымалася, што пашчасціла Арцёму, — быццам падвяла рысу пад усім, што здарылася, Натка. — Ён не толькі перамясціўся ў мінулае, да нашых прашчураў, але яшчэ і перадаў туды насенне лёну.

Арцём зірнуў на мяне, і ў яго позірку была нейкая вінаватасць, маўляў, прымусіў вас хвалявацца! І тут жа ён сказаў, быццам апраўдваўся:

— Калі б я гэтага не зрабіў, магчыма цяпер у нас на Беларусі і не рос бы лён.

І з ім нельга было не пагадзіцца.

 

* Цэнтр беларускага машынабудавання, пазней спецыялізаваўся па вырабе зоркалётаў.

Замест эпілога

Доктар Савіч яшчэ доўга запэўніваў мяне, што ў яго было надта вялікае жаданне перанесціся ў мінулае, але што зробіш... І ўсё ж, калі я прыязджаю да яго на сядзібу, я заўжды бяру з сабою дыск, каб разам з доктарам па мажлівасці сесці да камп’ютaра... І як толькі на дысплеі з’яўляецца постаць зялёнага Дрэйка, мне пачынае ўяўляцца блакітнае мора квітнеючага лёну. І як шкада, што дзесьці там, на Шэрай Непрыветлівасці, сам Дрэйк, безумоўна ж, нават не здагадваецца, што міжволі з яго дапамогай мы можам бачыць гэты цуд — лён цвіце! І нават вырабляць з яго тканіну.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р.А. Казкі астранаўта: Касміч. падарожжы беларусаў: Для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова: Маст. Р.М.Казлоў, Н.У.Сустава. - Мн. Лит. и Искусство, 2006. - с. 85-138
Крыніца: скан