epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Баравікова

Прыгоды бульбінкі Адрэты. Палёт на Цэнтаўру

1.
2.
3.
4.
  Адрэта
  Скарб
5.
6.


Адна з сямі планет зоркавай сістэмы а-Цэнтаўра была названа намі Цэнтаўрай...

З нататніка астранаўта

 

 

1.

Ужо тры тыдні мы ляцелі да Пояса жыцця. Гэтак яшчэ ў старажытнасці зямляне назвалі арбіту ў зоркавай сістэме а-Цэнтаўра, на якой знаходзіліся тыя сем планет, дзе, безумоўна, было жыццё. Ва ўсялякім выпадку, магло быць. Пра гэта сведчылі шматлікія доследы. Туды нават пасылаліся касмічныя экспедыцыі. Але вярталіся на Зямлю яны ні з чым. Планеты хаваліся ў аблоках невядомага паходжання, дзе было зразумела адно: яны своеасаблівы абарончы шчыт. Як толькі караблі падляталі да іх, усе сістэмы кіравання пераставалі працаваць, а астранаўты пачыналі страчваць прытомнасць. Жыццё на караблях паралізавалася. І нічога іншага не заставалася, як вяртацца назад на Зямлю.

Гэтую частку сусвету нярэдка параўноўвалі з зямным Бермудскім трохкутнікам, але назву арбіты не мянялі. Разумелі, што зрабіць такі абарончы шчыт вакол сваіх планет маглі толькі надзвычай разумныя істоты. На Зямлі з цягам часу яго пачалі называць непраходным Морам Аблокаў. І вось сенсацыя! З беспілотнага лятальнага апарата, які быў пасланы да сістэмы а-Цэнтаўра, атрымалі здымкі, на якіх праглядвалася адна з тых сямі планет, і вакол яе не заўважалася ніякіх аблокаў. Шлях да планеты быў адкрыты. Тады мы, беларусы, і рызыкнулі адправіцца да яе — у адно са сваіх самых працяглых падарожжаў...

 

2.

Я сядзеў перад экранам знешняга назірання, дзе высвечваўся кавалак халоднай зоркавай бездані, і раптам у мяне ўсё паплыло перад вачыма... Экран сам па сабе адключыўся. А я адчуў, як па ўсім целе разлілася такая слабасць, што цяжка было паварушыць рукою. І ўсё ж я змог дацягнуцца да кнопкі ў сцяне адсека, пад якою значыўся немудрагелісты надпіс: доктар Савіч. І ў тое ж імгненне пачуўся голас Антона — нашага камандзіра:

— Доктар Савіч — непрытомны! У яго штосьці накшталт цеплавога ўдару.— І праз кароткую паўзу загадаў: — Усім падключыцца да стымулятараў! Пілота-робата нумар два давялося замяніць. Яго з’ядае невядомы від карозіі. Астрафізік мяркуе, што мы патрапілі ў поле яшчэ не адкрытых таемных касмічных энергій.

Я паспрабаваў падняцца з крэсла і не змог. Нейкая сіла бы прыклеіла мяне да яго. У галаве шумела, скроні пранізваў страшэнны боль, здавалася, вось-вось пачнуць лопацца сасуды мозгу. Раптам я пабачыў перад сабою доктара Савіча. Ён як быццам выплыў з маіх думак, таму што якраз у гэты момант я падумаў пра яго. Паведамленне Антона, што доктар страціў прытомнасць, мяне ўстрывожыла, а цяпер яшчэ больш тое, што ён з’явіўся тут, перада мною — з паветра, з ніадкуль!

— Доктар Савіч, ты мяне напалохаў, — прашаптаў я, і ў маім голасе чуўся калі не перапуд, дык вялікае здзіўленне. Але прывід доктара Савіча як з’явіўся, так і расплыўся ў паветры. У галаве закруцілася думка: «Гэта — трызненне! Я трызню!» І раптам мяне ўсяго скаланула, па целе прабегла сутарга, нейкая сіла падняла мяне ўверх і апусціла назад у крэсла, пасля чаго я адчуў палёгку. Жыццёвыя сілы вярталіся да мяне, і я хутка ўскочыў з крэсла. Падумалася, што трэба зараз жа падключыцца да стымулятараў, але тут зноў пачуўся Антонаў голас:

— Батаніка, лабаранта і астрафізіка тэрмінова прашу да сябе ў адсек. Бортмеханіку загадваю падрыхтаваць зонд для вывучэння паверхні.

«Няўжо мы ўжо знаходзімся над Цэнтаўрай? — мільганула думка, і я зірнуў на экран знешняга назірання. Ён па-ранейшаму быў цёмны. — Ну, што ж? Трэба ісці да Антона!»

І як толькі я выйшаў з адсека ў доўгі вузкі калідор, адразу пабачыў нашага астрафізіка.

— Як ты? — запытаўся ён. — Мы патрапілі ў нейкую касмічную калдобіну. Падлятаем да аднаго са спадарожнікаў Цэнтаўры. Я ўжо бачыў яго на экране ў Антона. Мой не працуе. Самаблакіроўка.

— У мяне тое самае, — махнуў я рукою і пацікавіўся. — Ну, а што спадарожнік?

— Па памерах, амаль, як Цэнтаўра, а па форме — самая сапраўдная бульбіна. Зараз сам пабачыш...

Астрафізік хацеў яшчэ штосьці сказаць, але ў гэты момант карабель страсянуўся ўсім сваім шматтонным корпусам, і мы не ўтрымаліся на нагах, — пападалі на падлогу. Чулася, як у адсеках штосьці рушылася, грукацела, звінела. Калі б мы былі ў гэты момант на зямным моры, можна было б падумаць, што пачаўся страшнай сілы ўраган. Але мы былі ў космасе, і тут магло быць адно: катастрофа! Мы церпім катастрофу! Ва ўсялякім разе, гэтак думалася мне, і я чакаў, што вось-вось карабель распадзецца на часткі. Яго трэсла, кідала з боку на бок і мы з астрафізікам лёталі ад сцяны да сцяны.

— Рухаемся па спіралі, ты адчуваеш?! — ледзь не ў самае вуха пракрычаў мне астрафізік, і яго кінула да сцяны. Я тут жа зваліўся на яго, і ён зноў крыкнуў. — Чуеш мяне? Нас зацягнула ў касмічны віхор!

Я чуў астрафізіка, але ў гэты момант яго зноў адкінула ўбок, а на мяне наязджала вялізная скрыня, якая немаведама адкуль узялася ў гэтай частцы карабля. І ў тое ж імгненне я страціў прытомнасць...

Калі апрытомнеў, пазнаў свой адсек. Я ляжаў у раскладзеным крэсле-ложку, і мая рука адчувала цяпло пальцаў доктара Савіча. Ён намацваў мой пульс. А я паглядзеў на экран знешняга назірання. Ён зноў працаваў. І тут я міжволі прыўзняўся... Ад таго, што пабачыў, у мяне перахапіла дыханне. На экране быў гай маладога бярэзніку. І частка паверхні, трэба думаць, таго спадарожніка Цэнтаўры, пра які мне сказаў астрафізік, нагадвала лагчыну, дзе паўсюль ружовым покрывам слаўся верас і зелянела трава ўся ў расе...

— Што з маім экранам?! Доктар Савіч, даражэнькі, я не веру сваім вачам, — бярозы, верас, трава... Я быў непрытомны, ага-а? Але нешта такое круцілася ў галаве вельмі цьмяна: узлесак, дрэвы, магчыма, там рос і верас. І вось цяпер яны тут, на экране. Мы ўжо на спадарожніку Цэнтаўры? Слухай, доктар, на ім ёсць жыццё?

— Наконт жыцця не ведаю, — паціснуў плячыма доктар Савіч. — Гуманоідаў ніхто на сваіх экранах не бачыў, а вось раслінны свет ідэнтычны з зямным. Праўда, на паверхню ніхто не спускаўся. А ты яшчэ, бачу, як след не ачуняў. Табе трызняцца бярозы...

— Трызняцца? Ніякага трызнення ў мяне няма!

— Магчыма, магчыма, — усё роўна як сам сабе прамармытаў доктар і тут жа засмяяўся. — На тваім экране — рачулка, Сымон. Яна мне нагадвае Нёманец, на беразе якога я калісьці вырас.

Я не ведаў, што адказваць доктару, хутка падняўся і стаў насупраць экрана, дзе па-ранейшаму трапяталі сваім тонкім веццем бярозы. Павярнуўся да доктара Савіча і нічога не паспеў яму сказаць, таму што дзверы адсека расчыніліся, і на парозе з’явіўся Антон.

— О-о, ты, гляджу, ужо ў норме, — звярнуўся ён да мяне. — Трэба ж, якая трасучка была! Дзякуй Богу, удала селі... Як толькі апусцяцца прыцемкі, зможам паназіраць адсюль за Цэнтаўрай. — Хто-небудзь будзе спускацца на паверхню? — запытаўся ў Антона доктар Савіч.

— Я спушчуся, вазьму пробы грунту. І вось, чаго я прыйшоў, — Антон паглядзеў на мяне. — Ты казаў, што ўзяў з сабою дзве бульбіны.

— Узяў! — адказаў я. — Іх перад самым нашым адлётам дала мне мая пляменніца. Заехаў да брата развітацца, а яна іх якраз выбрала з каша для нейкага школьнага конкурсу. Бульбіны — во-о, як тры кулакі разам! Такія не часта сустрэнеш. Гатункі розныя: «Адрэта» і «Скарб». Пляменніца папрасіла, каб пасадзіў іх на Цэнтаўры.

— Хм-м, мы яшчэ не ведаем, што нас там чакае, — сказаў Антон. — А тут, на гэтым яе спадарожніку... Мы ўжо зрабілі замеры паветра. Яно нічым не адрозніваецца ад зямнога. І ўвогуле, вунь на тваім экране, якое возера! Выключна наш краявід! Дзе-небудзь паблізу яго і пасаджу твае бульбіны. Сюды, напэўна, нехта прылятае. Мы селі на такую роўненькую пляцоўку, і яна тут не адна. Бульба, вядома ж, узыдзе. Там, дзе пасаджу, пакіну дошчачку: «Бульба беларуская. Тут былі беларусы».

Я слухаў Антона, а думкі мае круціліся вакол аднаго: «Ён сказаў, што на маім экране — возера. Я ж бачу на ім бярозавы гай, а доктар Савіч — рачулку, якая нагадвае яму Нёманец. Такога не можа быць, каб кожны з нас бачыў нейкую сваю карцінку. Значыцца... Значыцца, на гэтым спадарожніку Цэнтаўры мы можам сутыкнуцца з самымі рознымі нечаканасцямі».

Мне схацелася спусціцца на яго паверхню, і я сказаў Антону:

— У прынцыпе, я згодны, што бульбіны лепш пасадзіць тут. Але хацелася б гэта зрабіць самому. Усё ж пляменніца прасіла мяне, я і павінен выканаць яе просьбу.

— А што скажа доктар? — пасміхнуўся Антон. — Ён табе дазволіць выйсці з карабля? — і паглядзеў запытальна на Савіча.

— Дазволіць, дазволіць, — за доктара адказаў я, і Савічу толькі засталося кіўнуць галавой, маўляў, у мяне наконт гэтага ніякіх пярэчанняў няма.

— Тады рыхтуй спецадзенне, — сказаў Антон. — У цябе ёсць адна гадзіна. Нам трэба спусціцца на паверхню да прыцемкаў.

І калі Антон пакінуў адсек, доктар Савіч устрывожана паглядзеў на мяне.

— Ты чуў? — запытаўся ён. — Антон пабачыў на тваім экране возера, а на ім жа толькі невялікая рачулка...

— Ніякай рачулкі, доктар! На ім — бярозавы гай, вось таму я і хачу спусціцца на паверхню. Тут нас могуць падсцерагаць самыя неверагодныя сюрпрызы.

Гэтак яно і здарылася. У чым мы з Антонам пераканаліся, як толькі сышлі з трапа на паверхню спадарожніка Цэнтаўры.

 

3.

Антон спускаўся ўніз па трапе першым. Я ішоў следам, ледзь не дыхаючы яму ў патыліцу, і азіраў наваколле чужога свету. Яно добра праглядвалася са сходняў. Наўкол, як зірнуць, ляжала раўніна, дзе ўсімі колерамі вясёлкі стракацелі незнаёмыя кветкі. «Ну, а дзе ж той бярозавы гай, які бачыў я на экране? — Само сабою ўзнікала пытанне. — Можа, ён па другі бок карабля?» Я намацаў бульбіны ў кішэні камбінезона і пашкадаваў, што не ўзяў з сабою сцізорыка, каб разрэзаць іх на палавінкі. Тады тут вырасла б не два, а чатыры бульбяныя корчыкі. І мне раптам стала сумна да слёз. «А, калі ніхто не прыляціць на гэты спадарожнік Цэнтаўры, што стане з бульбаю?! Але ж, калі нават і прыляціць нехта, ці заўважаць істоты з чужога незямнога свету яе сярод гэтых кветак? Ці здагадаюцца выкапаць?! Божа, якое наіўнае жаданне зямной дзяўчынкі!» Я і сам выглядаў наіўным дзіваком, таму што пагадзіўся яго выканаць. І мне міжволі згадалася пляменніца там, на Зямлі, у Мінску, у братавай кватэры... А тым часам Антон ужо саскочыў на грунт і спыніўся, быццам перад ім была нейкая заслона. Я дакрануўся да яго пляча, маўляў, не замінай мне, адыдзі трошкі ўбок, і ў гэты момант ён кінуўся назад і закрычаў:

— Не сыходзь з трапа, Сымон! Вяртайся назад! Паднімайся на карабель!

Але я ўжо саскочыў са сходняў і... апынуўся ў мінскай братавай кватэры. Мы стаялі з братам у пярэднім пакоі і ён мне паказваў, як трэба правільна завязваць гальштук, што ў мяне ніколі не атрымлівалася. З гасцёўні, дзе нас ужо чакаў стол, застаўлены рознымі стравамі, выглянула братавая.

— Ды кіньце вы гэты гальштук! — Сказала яна. — Ужо ўсё даўно астыла. У нас сёння не ўрачыстасць, а развітальная вячэра. Можна сесці за стол і без гальштука!

— Добра, ужо ідзём, — сказаў брат.

І тут са свайго пакоя з’явілася мая васьмігадовая пляменніца Каця. Яна ўзяла мяне за руку і стала цягнуць за сабою.

— За стол паспееце сесці, — зашчабятала яна. — Спачатку зойдзем на кухню. Там у мяне дзве бульбіны: Адрэта і Скарб. Я іх адабрала для паказу на конкурсе гародніны, а цяпер вырашыла, што трэба іх аддаць табе, дзядзечка Сымон. Возьмеш іх з сабою на Цэнтаўру. Яны там будуць частачкай зямнога жыцця...

І мы пайшлі з ёю на кухню. Там Каця дастала з каша, сплеценага з лазовых дубчыкаў, тыя дзве бульбіны, пра якія казала, і я не стрымаў свайго здзіўлення:

— Ого-о, якія гіганты! На конкурсе гародніны за табою было б першае месца!

У гэты момант падлога на кухні загайдалася, быццам пачаўся моцны землятрус. Кухня раптоўна пашырылася. Яна стала набываць выгляд вялікай залы, запоўненай гледачамі. Невядома адкуль з’явіўся самы сапраўдны подыум, і я пабачыў, як на яго паднялася, о-о, дайце веры, бульбінка ў выглядзе прыгажуні ў шыкоўнай святочнай сукенцы і ў туфліках на высокіх абцасах. І адразу ж з усіх бакоў пачуліся радасныя крыкі:

— Адрэта! Мы любім цябе, Адрэта! Ты — Князёўна бульбянога палетка!

На подыум, да ног бульбінкі паляцелі кветкі, а ў першым радзе з крэсла паднялася яшчэ адна бульбінка. На ёй быў строгі чорны гарнітур, белая кашуля і гальштук-бабачка. І адразу ж Адрэта ўсхвалявана закрычала:

— Скарб! Мой мілы Скарб! Паднімайся да мяне на подыум!

І тут я адчуў, як чыесьці дужыя рукі абхапілі мяне і, быццам выхапілі з гэтай глядзельнай залы. Я зноў пабачыў перад сабою раўніну, усыпаную кветкамі незямнога свету, і зразумеў, што стаю на трапе. Тут жа на сходнях стаялі Антон і астрафізік. На іхніх тварах была вялікая ўзрушанасць.

«Д’ябальшчына нейкая!» — падумаў я, а Антон тузануў мяне за руку, поўны нецярплівасці.

— Што ты там бачыў? Хутчэй кажы, што бачыў?

Я паціснуў плячамі і сказаў няўпэўнена:

— Яшчэ раз пабыў у свайго брата на развітальнай вячэры ў Мінску.

— А, калі сыходзіў з трапа, пра што ты думаў? — настойліва пытаўся Антон.

— Якраз пра той вечар і згадваў... Успомніў, як пляменніца давала мне дзве бульбіны, якія мы збіраліся з табою пасадзіць тут.

— Дык ты цяпер разумееш, — Антон ужо звяртаўся да астрафізіка. — Пагібельнае месца... Гэтага ніхто ніколі не зможа вытлумачыць. Але гэта — факт! — Антон паглядзеў на мяне і працягнуў. — Ты яшчэ не здагадаўся?! Тут, на гэтым спадарожніку Цэнтаўры матэрыялізуюцца думкі. Я, калі сыходзіў па сходнях, глядзеў на роўнядзь перад вачыма і думаў: «Вось бы тут дамок які пабудаваць... Штосьці накшталт гатэля для зямлян». І ўявіў залу для адпачынку на Месяцы. У яе і зайшоў, калі саскочыў на паверхню, нават некалькі знаёмых твараў там пабачыў. Добра, што руку з парэнчы не адняў, тут жа назад рынуўся... І цябе своечасова на трап уцягнулі.

— А калі б не ўцягнулі? — запытаўся я.

Антон уздыхнуў, а наш астрафізік сумна пасміхнуўся.

— Твая вячэра ў брата зацягнулася б, — сказаў ён. — Іў нейкі момант ты ўспомніў бы пра наш карабель. І тут жа апынуўся б на ім, але гэта быў бы карабель уяўны. І мы ўсе, члены экіпажа, таксама былі б на ім уяўнымі.

— Акрамя цябе, вядома, — дадаў Антон.

Пасля гэтых яго слоў мы пачалі паднімацца па сходнях трапа на карабель, дзе нас ужо нецярпліва чакалі астатнія астранаўты. У той момант я злавіў сябе на думцы, што ўпершыню ў мяне ў чужым свеце не ўзнікла жадання азірнуцца...

На караблі мы амаль адразу разышліся па сваіх адсеках. Антон нават не стаў адказваць на пытанні, што ж там з намі адбылося? На хаду сказаў усім: «Рыхтуйцеся да адлёту!» І гэтая яго фраза прагучала, як сігнал небяспекі. Астрафізік таксама не ўдаваўся ў падрабязнасці, абмежаваўся словамі: «Для доўгага расповеду няма часу, а коратка пра ўсё не раскажаш». Я ж увогуле маўчаў. Толькі, калі да мяне падышоў доктар Савіч і запытаўся, калі зайсці ў мой адсек, я прамовіў: «Ды хоць зараз!»

Доктару, напэўна, хацелася, як мага хутчэй пачуць, што нас стрымала, з-за чаго мы вярнуліся назад на карабель? А я нечакана пацікавіўся:

— Фіксатар думак у цябе, ці ў камандзіра?

Гэтае маё пытанне яго насцярожыла. Ён затрымаў доўгі позірк на маім твары, быццам хацеў прачытаць на ім, што ж такое магло са мной здарыцца: пачынаецца касмічная дэпрэсія ці проста я перажываю моцны стрэс? Потым сказаў:

— Фіксатар у мяне. Я здымаў дэпрэсію ў лабаранта. Навошта ён табе?

І адказаў на гэтае пытанне доктара я ўжо ў сваім адсеку. Але спачатку расказаў яму пра ўсё тое, што адбылося са мной і Антонам там, унізе, калі мы сышлі на паверхню спадарожніка Цэнтаўры. Доктар слухаў мяне ўважліва, але не надта паверыў у мой расповед, бо як толькі я сказаў яму пра матэрыялізацыю думак, ён адразу запярэчыў:

— Не-не, тут штосьці іншае! Хм-м... Адрэта на подыуме! Ты ж, спадзяюся, не думаў пра гэта? Ды і як мог падумаць пра такое!

— Вядома, не думаў! Але пра подыум магла думаць бульбінка. Яе думкі матэрыялізаваліся і ўклініліся ў маю «карцінку». У яе, напэўна, і цяпер ёсць нейкія думкі. Іх можна зафіксаваць на фіксатары. Ты гэта зробіш, доктар? Ну, а потым прапусціш іх праз комп’ютар і выведзеш тэкст: думкі бульбінкі Адрэты. Затым зафіксуеш і выведзеш думкі Скарба...

Доктар Савіч глядзеў на мяне, як на вар’ята.

— Ну ты і сказаў!.. Ха-ха... Бульбінка ўявіла сябе мадэллю! Гэтую казачку раскажаш сваёй пляменніцы па вяртанні на Зямлю.

Пасля гэтых сваіх слоў доктар доўга смяяўся, але, калі я прапанаваў яму ўзяць у мяне гэтыя дзве бульбіны, каб правесці сапраўды амаль казачны дослед, ён не адмовіўся і, пакідаючы мой адсек, сказаў вельмі нават сур’ёзна:

— Мне не цяжка прапусціць бульбіны праз фіксатар. Калі штосьці такое запішацца, я прыйду да цябе з тым тэкстам.

І доктар Савіч праз нейкі час на самой справе прыйшоў з ім да мяне, але гэта ўжо было пасля таго, як мы пакінулі спадарожнік Цэнтаўры, і ўжо ляцелі да гэтай планеты.

 

4.

Я вельмі добра помню той момант, калі доктар Савіч аддаваў мне белы аркуш паперы, на якім былі запісаны думкі бульбінак Адрэты і Скарба. Ён нават працытаваў радок нейкага невядомага мне філосафа: «Усё, што мае прагу да жыцця, — дыхае і мысліць»! І я адразу ж увесь затрапятаў: дослед удаўся! Тут жа хутка пачаў чытаць тое, што было напісана на аркушы.

 

Адрэта

Як цяжка, як цяжка мне падумаць, што ўжо ніколі не вярнуся ў свой кош... І ўжо ніколі, ніколі не стану Князёўнай бульбянога палетка! А як мне хацелася выйсці на подыум у найлепшай з найлепшых сукенак, у туфліках на тонкіх абцасах! Мой мілы Скарб! Мілы Скарб! Я ўжо ўяўляла цябе ў строгім чорным гарнітуры ў агромністай зале і гукала да сябе, на подыум. Але гэта ўсё засталося толькі ў маіх думках, як і тое, што сказала сваёй бабулі бульбіна Санта, калі пачула, што дзяўчынка бярэ нас на конкурс. Ты, вядома ж, гэтага не чуў, а я пачула. Яна сказала: «Бабулечка, фу-у, якая несправядлівасць! Гэтую задаваку Адрэту бяруць на конкурс! А ў тваім жа дупле, якое пратачыў чарвяк Драцянік, затаіўся Каларадскі жук. Выгані яго з дупла, бабулечка! Хай ён накінецца на Адрэту, хай сапсуе ёй твар! І тады... Тады, хто ж возьме на конкурс пагрызеную бульбіну?!»

О-о, мой дарагі Скарб, як жа я ўся затрапятала пасля гэтых слоў зайздросніцы Санты! Але тут... Тут дзяўчынка вырашыла аддаць нас свайму дзядзьку, каб ён пасадзіў нас на нейкім палетку на Цэнтаўры, куды мы цяпер ляцім. Мне страшна, Скарб, вельмі страшна. Мы, напэўна,— першыя бульбінкі, якіх людзі вывезлі за межы Зямлі, і што з намі будзе на той невядомай планеце? Нас ужо ледзь не пакінулі ў нейкім жудасным месцы, дзе астранаўты не схацелі доўга затрымлівацца.

Скарб, мілы Скарб, я так часта ўяўляю сваю баразну, дзе ўпершыню пабачыла сонца і ўвесь навакольны зямны свет. А яшчэ я пабачыла там цябе... Ты ляжаў у суседняй баразне і, на- пэўна, мяне не заўважаў, ад чаго мне рабілася вельмі сумна. І, як жа я ўзрадавалася, калі мы трапілі ў адзін мех, а потым і ў адзін кош! А яшчэ мы маглі быць побач на подыуме, дзе я была б самай прыгожай з усіх бульбінак! У мяне зараз пацякуць слёзы, і я не хачу, каб ты іх бачыў. Навошта, навошта нас узялі ў гэтае доўгае трывожнае падарожжа?! Але гэта ўсё толькі мае думкі, таму што, калі мы зноў апынемся ў чорнай шкляной скрынцы ў сваім адсеку на тваё такое частае пытанне: «Ну, як табе, Адрэтачка, падабаюцца гэтыя прыгоды?», я, вядома ж, адкажу: «Усё надзвычай цікава, мой цудоўны Скарб! Вельмі цікава. Асабліва, калі дзядзька Сымон з доктарам Савічам пачынаюць весці свае доўгія размовы пра Сусвет. Мы ўжо столькі часу ляцім у ім! Напэўна, Цэнтаўра зусім блізка, і вялікая боязь ахоплівае мяне. Скажы, мілы Скарб, што ты заўсёды будзеш са мною побач. Я хачу, каб ты гэта паабяцаў мне, каб пакляўся нашым бульбяным палеткам».

 

Скарб

Напэўна, я не знаходжу патрэбных слоў, каб супакоіць Адрэту. Яна аказалася такой палахліўкай і так часта згадвае пра наш кош! А мне ў тым кашы было цесна, няўтульна і змрочна. З якой цікавасцю я пазіраў на Поўню, якая з’яўлялася ноччу ў акне, і пачынаў ненавідзець свой кош! Я нават не ўзрадаваўся таму, што дзяўчынка бярэ нас на конкурс. Гэта такая дробязь для сапраўднай бульбінкі! Іншая справа, Адрэта... Ёй хацелася пабачыць сябе ў бліскучай сукенцы, і хіба можна за гэта дакараць такую мілую бульбінку! Ды я і не дакараю... Я... Я... Захапляюся Адрэтай і баюся ёй у гэтым прызнацца. І зусім не ўмею яе суцешыць. А як мне хочацца ёй сказаць: «Мая чароўная Адрэта, ты нічога, нічога не бойся. Дзяўчынка хацела ўзяць нас на конкурс, каб там захапляліся намі. Дык, магчыма, мы выклічам у некага захапленне і на Цэнтаўры, куды цяпер ляцім! І не проста выклічам захапленне, а і зможам там даць пачатак свайму роду, і будзем заўсёды, заўсёды побач. Там будзе ў нас цэнтаўравая баразна, дзе мы, любуючыся маленькімі адрэткамі, ласкавым шэптам раскажам ім пра баразну зямную, і пра зямны наш палетак, і пра наш кош, і нават пра тое, як зямная дзяўчынка Каця хацела ўзяць нас на конкурс».

Калі ты пачуеш гэтыя мае словы, ты, напэўна, уздыхнеш і адкажаш: «Хацелася б, каб так яно і было. Каб мы змаглі камусьці перадаць памяць сваіх сэрцаў». А я ў гэты момант падумаю пра тое, што маё сэрца належыць табе, мая ні з кім непараўнаная Адрэта!

 

5.

На экране знешняга назірання ўжо даўно пранізліва-блакітным шарам зіхацела Цэнтаўра. І можна было бачыць зеленаватыя плямы, ну, вядома ж, яе мацерыкоў, над адным з якіх мы неўзабаве завіснем. А я надзвычай уражаны тым, што прачытаў, усё яшчэ не мог адарвацца ад аркуша і ў мяне нават мільганула думка: «А ці не прыдумаў гэта ўсё доктар Савіч?» І ён, нібыта прачытаў гэтую маю думку, таму што сказаў:

— Ты ў нечым сумняваешся, Сымон? Не сумнявайся! Мой фіксатар спраўны! Праз яго я яшчэ раз прапушчу бульбінкі, таму і пакінуў іх у сябе. Хай яны паразмаўляюць паміж сабою. Я пакінуў экран уключаным, і яны, вядома ж, пабачаць на ім гэты шарык, дзе ўжо хутка можна будзе штосьці разгледзець. Цікава, пра што яны будуць думаць? Якім будзе іх першае ўражанне? Думаю, яны здагадаюцца, што перад імі — Цэнтаўра.

— Дарэчы, пра ўражанне, доктар, — сказаў я. — Трэба ўключыць лазернае вока. Мы, напэўна, на такой адлегласці ад Цэнтаўры, што яно ўжо можа выхапіць нешта з яе паверхні і перадаць на экран.

— Уключы, я не супраць, — ажывіўся Савіч, і ў яго позірку свяцілася цікавасць.

Я націснуў на патрэбную кнопку, і Цэнтаўра пачала павялічвацца ў памерах. Але вось экран на нейкае імгненне пагас і зноўку ўспыхнуў, далі бог жа, нечаканай карцінкай. На экране мы пабачылі паўліна, самага сапраўднага. Ён стаяў на ганку вялікай будыніны і пер’е яго веерападобнага хваста пералівалася дзівоснымі колерамі. У мяне не знайшлося слоў, каб нешта сказаць, а вось доктар Савіч глыбакадумна зазначыў:

— Усё разумнае можа мець самую непрадказальную форму. Я дапускаю, што такі выгляд маюць тамтэйшыя гуманоіды.

Наконт гуманоідаў мне схацелася яму запярэчыць, але ў гэты момант пачуўся голас камандзіра. Антон запрашаў усіх членаў нашага невялікага экіпажа да сябе ў адсек. І, калі мы прыйшлі туды, астрафізік сустрэў нас пытаннем:

— Лазернае вока вы ўключалі?

Я кіўнуў галавой, маўляў, ага-а, і міжволі пасміхнуўся:

— Яно прадэманстравала нам паўліна.

Адзін з нашых лабарантаў хіхікнуў, а ў голасе Антона пачулася раздражненне.

— Пра паўлінаў цяпер не будзем, — сказаў ён. — На ўсіх мацерыках Цэнтаўры, а іх там тры, — мёртвыя гарады. Ніякіх прыкмет жыцця, паўсюль адно запусценне. Мой лазер прамацаў усю паверхню, — тут ён паглядзеў на доктара Савіча і дадаў: — Мяркую, гэта вынік нейкай страшнай эпідэміі. Таму спускацца будзем выключна ў спецадзенні і ў скафандрах.

Доктар Савіч з непрыхаваным сумам паглядзеў на мяне і сказаў тое, пра што я ў гэты момант падумаў:

— Ты адважышся ў забруджаную глебу пасадзіць свае бульбінкі?

Ён чакаў адказу, а я палічыў, што на гэтае пытанне яму не варта адказваць, толькі папрасіў доктара:

— Нікому не расказвай пра нашы доследы... Падобна, нам не паверылі, што мы пабачылі на экране паўліна. А, калі пачнеш расказваць пра фіксатар і пра тыя думкі Адрэты і Скарба, якія ён зафіксаваў, нас проста засмяюць. У такое ніхто не паверыць.

— А я, ведаеш, у эпідэмію на Цэнтаўры не веру, — нечакана сказаў доктар Савіч. — Калі б там была нейкая эпідэмія, на тваім экране мы не пабачылі б паўліна.

І ў думках я пагадзіўся з доктарам. Таму, калі мы ўжо селі на паверхню аднаго з мацерыкоў Цэнтаўры, і праз нейкі час камандзір прапанаваў усім, хто пажадае, акрамя пілотаў-астра- наўтаў, спусціцца з карабля, я забраў у доктара Савіча свае бульбінкі і паклаў іх у кішэню камбінезона...

 

6.

На Цэнтаўры, несумненна, было лета. Усё наўкол квітнела і буяла... Але гэта была чужая прырода. Вочы шукалі хоць якога падабенства з нашымі беларускімі краявідамі, і не знаходзілі яго. Адно, тое месца, дзе мы прыцэнтаўрыліся, нагадвала наш касмадром за Раўбічамі. Было там шмат самых розных лятальных апаратаў і нікога, нічога жывога — наўкол!

Наш бортмеханік спусціў з карабля невялікі паветраны чаўнок, якім мы нярэдка карысталіся, калі даследавалі незнаёмыя планеты. І мы: Антон, астрафізік, доктар Савіч і я — селі ў яго. А ў хуткім часе ўжо кружылі над вялікім горадам, шукаючы месца, дзе можна было б прыпаркавацца. Здзіўляла, што ў тым горадзе не было ні вуліц, ні плошчаў. І гэта гаварыла пра тое, што жыхары Цэнтаўры карысталіся толькі паветраным транспартам.

Для пасадкі мы аблюбавалі прасторны двор, які нагадваў невялікую плошчу, паабапал якой мы налічылі пяць шэрых будынін. Гэтыя будыніны мелі па тры-чатыры паверхі і былі пабудаваныя ў форме стога. У двары не было ні дрэў, ні кустоў, ні кветак. Адно высокая густая трава з вышыні нагадвала разасланы дыван. Яна была такая цёмна-зялёная, што адлівала сінню. На гэтую траву мы і апусціліся. І як толькі выйшлі з чаўнака, між дзвюх будынін адразу пабачылі шырокі ўваход, няйнакш у метро.

— Дамы пакуль абследаваць не будзем, — сказаў Антон. — Спачатку трэба паглядзець, што там унізе? Куды вядзе гэты ўваход?

— Я пайду з табою, — адазваўся астрафізік, — А Сымон з Савічам няхай застаюцца тут, — і Антон яму не запярэчыў.

— Ну што ж, — павярнуўся да мяне доктар Савіч, калі Антон і астрафізік пакінулі нас. — Не будзем губляць часу. Давай, зазірнём у бліжэйшую будыніну. Не стаяць жа нам пасярод гэтага двара.

І мы накіраваліся да высокага ганка. Тут дзверы будыніны расчыніліся, і на ганак з адчайным крыкам выбеглі чатыры неверагодна вялізныя паўліны. Іх веерападобныя хвасты пакалыхваліся. Паўліны нейкі момант затрымаліся на ганку і пачалі па сходах збягаць уніз. Потым кінуліся да нас. Гэтых дзівосных птушак не палохала ні наша спецадзенне, ні скафандры. Адзін з паўлінаў учапіўся за камбінезон доктара Савіча, астатнія тры стаялі перада мной і працягвалі крычаць.

— Што тут у вас адбываецца? — ззаду пачуўся голас Антона. Яны з астрафізікам беглі да нас.

— Паўліны галодныя, — спакойна адказаў доктар. — Есці просяць, — і пагладзіў паўліна, які тут жа адбег ад яго.

— Іх бы чым-небудзь пакарміць, — пашкадаваў птушак астрафізік, і паўліны сціхлі.

— Сымон, дзе твае бульбіны? — звярнуўся да мяне Антон. — Ты ж іх, напэўна, узяў з сабою.

Я ажно ўздрыгнуў ад яго слоў і ўявіў, як задрыжэлі ў гэты момант Адрэта і Скарб. Мне ўспомніліся думкі Адрэты, зафіксаваныя фіксатарам: «Хацелася б... Каб мы змаглі камусьці перадаць памяць сваіх сэрцаў». І я ледзь не закрычаў: «О, не-не, мілая Адрэта! Супакойся. Я не аддам вас гэтым паўлінам!», а Антону адказаў:

— Бульбінкі я, вядома ж, узяў. Але не для таго, каб зараз аддаць іх гэтым птушкам. Пра гэта не можа быць ніякай гаворкі. Лепш скажы, што вы там пабачылі?

— Што яны маглі там пабачыць? Што?! — Іў голасе доктара Савіча чулася расчараванне. — Метро! Што яшчэ? Мне тут усё не падабаецца. Цэнтаўра аказалася занядбанай планеткай, без аніводнага жыхара. Ніякай тут эпідэміі няма. Планету па нейкіх прычынах проста пакінулі! А мы там на Зямлі... Пояс жыцця! Мора аблокаў! Колькі было спадзяванняў пабачыць тут штосьці незвычайнае!

— Незвычайнае можа быць, — спакойна сказаў Антон. — Мы ўвайшлі ў той уваход і пабачылі там некалькі дзесяткаў ліфтаў. На іх, безумоўна ж, хтосьці спускаўся ўніз, у нетры Цэнтаўры.

— Чаму спускаўся? — астрафізік запытальна паглядзеў на Антона. — Можа, там хтосьці і цяпер знаходзіцца. Я ведаю планеты, дзе гуманоіды жывуць менавіта ў нетрах!

Паўліны ўсё яшчэ стаялі каля нас, але вось адзін з іх накіраваўся да ганка будыніны. За ім пайшлі і астатнія...

— Галодныя птушкі, панурыя шэрыя дамы, — уздыхнуў доктар Савіч. — Давайце трошкі паблукаем між іх, можа натрапім на нешта цікавае.

— Давайце! Я не супраць, — адказаў доктару Антон.

І мы пайшлі з дворыка ў дворык, дзе ўсё было аднолькавае: шэры камень будынін, з сінім адлівам трава... Толькі паўлінаў нідзе больш не было.

Мы ўжо даволі доўга блукалі па гэтым дзіўным мёртвым горадзе, пакуль нарэшце не звярнулі ў скверык, так нам напачатку здалося. Але, калі прайшліся па алейцы, доктар Савіч ускрыкнуў:

— Э-э, не! Гэта — не скверык! Гэта — могілкі...

Сапраўды, паўсюль бачыліся надмагільныя пліты з радкамі надпісаў. Літары былі чужыя, незнаёмыя. Ля гэтых плітаў ляжалі агромністыя скульптуры. Мы і падышлі да адной з іх.

— Чалавек не чалавек, пачвара не пачвара, — сказаў астрафізік, уважліва разглядваючы скульптуру. — Магчыма, менавіта такі воблік мелі тыя, хто насяляў Цэнтаўру.

У гэты момант у мяне напэўна падняліся валасы на галаве. Скульптура паварушыла рукою, а пукатыя жоўтыя вочы яшчэ больш акругліліся. У іх свяцілася жыццё. Доктар Савіч моцна сціснуў маю руку, а ўнутры сябе я пачуў чужы голас:

— Вы зямляне? Падобных да вас мне даводзілася бачыць на Месяцы. Было ў нас некалькі экспедыцый на ваш спадарожнік.

— А ты? Ты хто? — у думках запытаўся я, разумеючы, што паміж намі ўзнікла тэлепатыя.

— Я — айфуец! Усе мы тут айфуйцы. Наш мацярык называецца мацерыком Айфу. Ракеі з трэцяй планеты знішчылі наш абарончы шчыт. Закрылі рэзервуары ядра планеты, адкуль выцякала энергія для абарончага шчыта. Мы не маглі ім супрацьстаяць, яны пазбавілі нас біямасы, але застаўся наш дух. Мы ўсялілі сваё «Я» ў помнікі, якія ставілі ля магільных пліт сваім продкам. І кожны з нас цяпер ажыўляе камень, стварае сваю новую біямасу, не парушаючы генетыкі. Колькі тут помнікаў, столькі і айфуйцаў, і хутка мы ўсе ажывём. На мацерыку Крыспі крыспійцы ўжо ажылі. Мне бачацца ў небе пасмачкі энергіі. Гэта, напэўна, яны ўжо адкрылі рэзервуары ядра планеты.

Мне здавалася, што я не дыхаю. У стане вялікай атарапеласці стаялі і ўсе астатнія, толькі Антон не без цікавасці пазіраў на помнік, які ляжаў ля суседняй надмагільнай пліты. Я таксама паглядзеў у той бок. Каменная статуя, якая дагэтуль ляжала побач з надмагільнаю плітою, прыўзнялася, потым, не без цяжкасці, села. Цёмна-жоўтыя зрэнкі вачэй пранізвалі нас.

— Хутка планету атуліць абарончы шчыт, — прабілася ў мой мозг. — Шкада, што мы не зможам паказаць вам ніжні горад. Тут, на версе — усё бутафорыя, а сапраўднае наша жыццё працякае ўнутры планеты. Там усё інакшае.

У гэты момант пачуўся нягучны трэск. Так нярэдка трашчаць косці ў чалавека магутнай сілы, калі ён пачынае размінацца. Мы міжволі адступілі назад... Побач паднялася скульптура, а дакладней, падняўся айфуец, які першы скантактаваўся з намі. Ён у разы тры перавышаў нас ростам, і вочы яго не выказвалі ніякіх пачуццяў.

— Вам трэба спяшацца, калі вы хочаце вярнуцца на Зямлю, — загучала дзесьці глыбока ўва мне. — Абарончы шчыт хутка атуліць нашу планету, і вы не зможаце праз яго прабіцца. А мы дапамагаем толькі роўным сабе.

І штосьці пагрозлівае пачулася ў апошніх словах гуманоіда. Гэта адчуў і доктар Савіч, таму што адразу сказаў:

— Пойдзем адсюль! Тут больш нельга затрымлівацца. Нам яшчэ трэба адшукаць свой чаўнок!

Я паглядзеў уверх, у бяскрайнюю вышыню, дзе ўжо клубіліся лёгкія аблокі, потым зірнуў на айфуйца. Ён размінаў свае доўгія шэрыя пальцы, і мая рука міжволі слізганула ў кішэню камбінезона, адкуль я дастаў свае дзве бульбінкі.

— Гэта — бульба, наша беларуская, — пачаў тлумачыць я гуманоіду. — Адрэта і Скарб. Бульбу трэба пасадзіць, і праз тры месяцы яна дасць ураджай. Спачатку, вядома, не багаты, што называецца для разводу, але праз тры, пяць гадоў, тут у вас паўсюль будуць бульбяныя палеткі...

Тоўстыя губы айфуйца расцягнуліся ва ўсмешцы, і ён узяў з маіх рук Адрэту і Скарба. Гуманоід зразумеў мяне і нават уголас сказаў па-айфуйску: «Трыйдзо», што было, трэба думаць, словам падзякі. І хоць у гэты момант мне стала надзвычай сумна, я выканаў просьбу сваёй пляменніцы — зямной дзяўчынкі Каці, і ведаў, што тут, на Цэнтаўры, якую мы паспяшаліся хутка пакінуць, у маленькіх бульбяных сэрцах будзе жыць і жыць памяць пра зямную ўзараную баразну, пра кош у мінскай кватэры і нават пра конкурс, на якім бульбінцы Адрэце так хацелася стаць Князёўнай бульбянога палетка...


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Баравікова Р.А. Казкі астранаўта: Касміч. падарожжы беларусаў: Для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова: Маст. Р.М.Казлоў, Н.У.Сустава. - Мн. Лит. и Искусство, 2006. - с. 139-157
Крыніца: скан