epub
 
падключыць
слоўнікі

Раіса Кудашава

Елачка

Ўзышла ў лесе елачка,

У лесе і расла,

Узімку, ўлетку стройная,

Зялёная была.

 

Мяцеліца ёй песеньку

Пяяла: баю-бай,

Мароз сняжком атуліваў:

Глядзі не замярзай!

 

Пужлівы зайчык шэранькі

Пад елачкай скакаў,

Падчас і воўк, сярдзіты воўк,

Ускоч перабягаў.

 

Цяпер яна, прыбраная,

На свята к нам прыйшла

І шмат пацехі, радасці

Для дзетак прынясла.



Пераклад: Янка Купала