epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

А ў полі, полі...

Валянцін здаў свайму напарніку Міколу Календу трактар і паціху пайшоў дахаты. Рукі і ногі ў яго былі як не свае. Такі добра чалавек натаміўся. Бадзёрыла толькі вясновая светлая, цёплая раніца. У старых прысадах пры дарозе, якая вяла на сядзібу Завейнаўскай МТС, ціліўкала, шчабятала рознае птаства, і ад гэтага на душы рабілася лагодна і радасна. Хацелася спяваць. І ён словамі, а не толькі ў думках паўтараў знаёмы матыў песенькі: «А ў полі, полі раслі дзве таполі». Трактарыст азірнуўся на ўзараныя ім гоні і ўбачыў, што яны ляжалі роўным аркушам, спісаным радкамі-барознамі. Але адкуль узялася Анэля? Як з-пад зямлі яна вырасла! Высокая, стройная, з усмешкай, ад якой аж зіхацелі яе белыя зубы, яна раптам стала перад ім.

— Ніштаваты кавалак ты за ноч узараў,— сказала дзяўчына.

— Не хвалі надта...

Не ўпершыню сустракаецца Валянцін з Анэляй. З тае пары, як у іх з Насцяй нарадзіўся Васілёк і Насця не хадзіла на поле,— не было на каго пакінуць сына,— Анэля стала за звеннявую. І кожны раз чамусьці гэтак выпадала, што Валянціну даводзілася араць ці дыскаваць акурат на ўчастку яе льнаводчага звяна. Надоечы ён сваім трактарам цягаў радковыя льняныя сеялкі, і Анэля не адыходзіла ад тых сеялак. Магла ж яна прыпаручыць гэта каму-небудзь з жанчын. Дык не! Сама праўцом стаяла на прыступцы сеялкі — правярала, кажа, нормы высеву. Валянцін стараўся не азірацца назад, але на паваротках ён ужо ніяк не мог не аглянуцца. Тады іх позіркі сустракаліся. Ён бачыў Анэліну ўсмешку, ад якой яму рабілася неяк нават млосна. А цяпер зноў жа такі трэба ёй падцэліць прыйсці на поле якраз тады, як ён скончыў змену і ішоў дахаты. Валянцін зірнуў на сваю зашмальцаваную ватоўку, на замазучаныя рукі, і яму захацелася схаваць іх куды-небудзь. Стаіць сабе, наском басаножкі зямлю калупае і гаворыць, гаворыць як па пісаным. Ды хоць бы яна пра Насцю спытала, яны ж такі, здаецца, таварышкавалі, як разам у звяне былі, і толькі адно пад канец, бы ненарокам, кінула:

— Ну, як табе жывецца з Насцяй?

— Нішто сабе,— адказаў ён і зірнуў у Анэліны вочы. Зірнуў і заўважыў у іх нейкі адмысловы бляск. Яны, здаецца, так і казалі яму: «Дзівак ты, навошта табе тая Насця была? Глядзі, якая я. Я ж лепшая». Потым ён адвёў позірк ад Анэлі і ўбачыў, што непадалёку ад прысад, полем, нацянькі, да МТС ішла Параска, якую ў звяне ўсе звалі лапатухай. Ён ведаў: калі Параска пабачыла яго з Анэляй, то адразу ж будзе ведаць пра ўсё Насця. Яна, гэтая Параска, такая, што ў яе на языку нішто не затрымаецца. Валянцін адчуў сябе ніякавата і таму заспяшаўся:

— Я пайду хутчэй снедаць.

— Ідзі, ідзі, а то абое, мабыць, выгаладаліся,— з нейкім дакорам сказала Анэля і, не развітаўшыся, пайшла ў поле.

* * *

А ён ішоў дарогай у засені старых прысад і нёс у сабе нейкую дваістасць: «А можа, і праўда я дрэнна зрабіў, што тады не пасябраваў з Анэляй?» Па дарозе да яго прыйшло нейкае нядобрае прадчуванне, ад якога, здаецца, аж зашчымела ўсярэдзіне. Не тое, каб быў які боль. Не, болю не было,— адно была нейкая прыкрасць. І як толькі ён увайшоў у хату, з адценнем жарту спытаў:

— Чым смачным, жонка, пачастуеш мужыка?

— Такога мужа вілачнікам варта частаваць,— адказала Насця, дастаючы з печы патэльню, на якой аж дыміўся падгарэлы зверху блінец. Валянцін адразу зразумеў, што да Насці паспела ўжо забегчы Параска, і ён стараўся перавесці гаворку, у якой адчувалася ўжо сварка, на жарт:

— Завошта ж гэта яго вілачнікам? — і Валянцін зірнуў на тыя вілкі, дзяржанку якіх нядаўна выстругаў сам. Тады яму тая дзяржанка здалася гладкай, і толькі цяпер ён заўважыў, што выстругаў дрэнна.

— Хіба ўжо вельмі выгаладаўся?

— Каб ты ўсю ноч працавала, дык, пэўна, таксама выгаладалася б.

Насця не спяшалася падаваць снеданне. Яна корпалася ля печы, а маленькі Васілёк поўзаў каля яе ног. Яна, відаць, злавала, бо цыкнула на хлопчыка. Васілёк, галосячы, папоўз убок, дапоўз да ўслона і, узяўшыся аберуч за яго, стаў на ножкі. Зірнуўшы на бацьку, які ў нерашучасці стаяў пасярод хаты, хлопчык хуценька затопаў ад услона. Смешна было глядзець, як ён бег. Нібы тое качанё, перавальваўся з боку на бок, размахваючы рукамі, як крыльцамі. Не дайшоўшы да бацькі, Васілёк зачапіўся ножкай за ўзадраную маснічыну падлогі і пляснуўся. Дзіцячым галашэннем напоўнілася хата. Валянцін кінуўся да сына, але першай падхапіла Васілька на рукі Насця. Яна гушкала хлопчыка:

— Не плач, дзіцятка маё. За гэтакім бацькам ты, мабыць, веку сабе ўкароціш.

Валянцін кідаў вачыма то на жонку, то на сына, хоць і не ведаў, у чым яго віна. Тым часам у печы задыміўся блінец.

— Чаго стаіш, як той ёлуп, хіба не бачыш, што блінец гарыць?

Валянцін моўчкі выцягнуў з печы патэльню. Есці яму ўжо перахацелася. Адно хацелася сказаць Насці што-небудзь такое, каб яна адчула і яго сілу, і яго ўладу тут над усім. Чамусьці зноў прыйшла на думку Анэля: яна, мусіць, не такая. Ён схапіў з услона шапку і рынуўся з хаты. Услед ён пачуў Насціны словы:

— Бяжы, бяжы, каб цябе зямля не насіла, гаспадара такога. Ведаю, што табе нямілай дамоўка стала.

* * *

Валянціну хацелася ісці немаведама куды. Ён ішоў і ў думках перабіраў усё сваё жыццё за гэтыя тры гады, як яны з Насцяй пажаніліся.

А яно вось як пачалося: на загон, дзе Валянцін працаваў тады, падышла Насця. Трактар у хлопца быў стары, у ім нешта сапсавалася, і ён стаў акурат вунь ля таго каменя. Валянцін падлез пад машыну і, дагары лежачы, корпаўся. Ён нават не бачыў, калі Насця падышла і села на камень і неяк ні то жартам, ні то з кпінамі сказала, як праспявала:

— Рассохся, ці што?

Ён тады падцягнуўся на локцях, вылез з-пад трактара, зірнуў на дзяўчыну і збянтэжыўся. З русявымі, крыху кучаравымі валасамі, яна сядзела на камені і светлымі, мяккімі-мяккімі вачыма, здавалася, у душу зазірала. Неяк падсвядома ён паправіў шапку, якая пасунулася была на лоб, і гэтак сядзеў маўклівы, задуменны, не ведаючы, што сказаць. Нарэшце ён авалодаў сабою і спытаў:

— А вы хто такая будзеце?

— Хіба вы мяне не ведаеце? — адказала яна пытаннем на пытанне.— Тут маё звяно лён будзе сеяць вясной, дык я прыйшла паглядзець, ці добра вы ўрабляеце зямлю.

— Тады іншая справа. Значыць, вы гаспадыня, а я нібы ваш парабак,— асмялеў Валянцін.

— Добры парабак. Такога б парабка і за гаспадара не блага мець.

Валянцін не надаў ніякага значэння жарту дзяўчыны, ён нават не заўважыў, што яна неяк асабліва глядзела на яго. Але калі дзяўчына, развітаўшыся, пайшла, ён доўга глядзеў услед, нават падышоў да каменя, пастаяў ля яго, як бы там штосьці забыў. А ўвечары, вярнуўшыся з поля на сядзібу МТС, Валянцін, падпільнаваўшы, калі яго напарнік Мікола Календа быў адзін, падышоў да яго і ўпаўголаса спытаў:

— Ты не ведаеш, што за цаца да мяне на поле прыходзіла?

— Адкуль жа я ведаю, я ж не бачыў.

— Белабрысая такая, фанабэрлівая з выгляду, казала, што звеннявая.

— То, мусіць, Насця. Пра яе ў газетах вунь колькі напісана. Прачуханца мо добрага дала? Яна, брат, такая, што спуску не дасць, калі- што не гэтак робіш.

— Не. Адно пасядзела ля трактара на камені. Папрасіла, каб добра араў,— лён, казала, будзе сеяць.

— Табе проста пашанцавала, хлопча.

А тым часам, хто яго ведае, чаго гэта яму, Валянціну, так захацелася схадзіць у клуб «Чырвонага аратага». Мусіць жа, вельмі яна яго зацікавіла, і ён не стаў заглушаць гэтага свайго жадання, і на другі дзень, акурат пад нядзелю, пайшоў туды. Адчыніў дзверы і стаў ля вушака. А хлопцы з дзяўчатамі полечку гоцалі, аж падлога стагнала. Кінуўся ў вочы гарманіст: маленькі хлопчык гэтак цяжка расцягваў мяхі гармоніка, што вось-вось, здавалася, яго рукі ўпадуць на калені ад стомы, гармонік на паўтоне захліпнецца і замоўкне. Але гармонік не змаўкаў — ён то па-птушынаму ціліўкаў, то басавіта ўздыхаў, то голасна смяяўся. Толькі тады, калі ўжо танцоры добра такі папацелі, маленькі гарманіст неяк раптоўна адарваў пальцы ад гузікаў гармоніка, і на момант усталявалася цішыня. Хлопцы паціскалі рукі дзяўчатам і ішлі, каторыя па адным, каторыя ў пары з дзяўчатамі, да ўслонаў, каб крыху адпачыць перад другім танцам. Валянцін убачыў Насцю: яна ветла ўсміхалася свайму кавалеру, які паціскаў ёй руку. Расчырванелая Насця здалася Валянціну самай прыгожай сярод дзяўчат. Але чаму ж яна хоць адным вокам не кіне на яго? А хлопец той, Насцін кавалер, высокі, і вайсковая вопратка гэтак прыгожа на ім сядзіць, надае ягонай постаці стройнасць і прывабнасць. Валянцін у думках стаў поруч з ім, і ад гэтага параўнання яму зрабілася ніякавата: ва ўсякім разе ён сам быў меншага росту і не гэтакі ўвішны.

Валянцін пазірае ад вушака дзвярэй, які ён падпёр плечуком, на Насцю з тым хлопцам. Яму захацелася падысці да іх, ды так, каб ім здалося, што ненарокам, і сказаць ці зрабіць нешта такое, што б прымусіла Насцю звярнуць на яго ўвагу. Ён ужо нават падумаў, як толькі зайграе музыка, узяць на танец Анэлю, з якой ён ужо быў крыху знаёмы, і танцаваць так, каб Насця бачыла. У момант гэтага роздуму Анэля сама падышла да яго.

— І вы да нас на музыку прыйшлі? — з нейкай лагоднасцю спытала яна. І, мабыць, заўважыўшы, што Валянцін не спускае вачэй з Насці і з таго хлопца, як бы хочучы растлумачыць, што за ён, той у вайсковым, працягвала:

— Гэта Ігнась Міранчукоў. З арміі толькі што прыйшоў. Хлопец, во! Толькі наўрад ці застанецца ў Мілавідах. У Мінск збіраецца ехаць на працу.

Анэля падміргнула Валянціну. Але ў гэтым, здавалася, бесклапотным падміргванні Валянцін заўважыў нейкую балючую грымасу. Ён улавіў тое, чаго, можа, ніхто не пабачыў: Анэлі, відаць, балюча было, што Ігнась не з ёю. Валянцін акінуў Насцю доўгім і ўважлівым позіркам, і яна заўважыла гэта. У адказ усміхнулася. Кавалер жа таксама бліснуў вачыма на Валяціна з Анэляй. Анэля прыкмеціла гэта і як бы расцвіла ўсмешкай. Валянціну здалося: Насця поглядам просіць прабачэння, што на гэты вечар занята. Яна ж, пэўна, ведала, што калі ён і прыйшоў у клуб, дык толькі дзеля яе. Але гэта, мусіць, толькі здалося, бо ўжо ў наступны момант, колькі ён і Анэля ні глядзелі на Насцю з Ігнасем, тыя і вокам не кінулі на іх. Анэля знарок, так каб было чутно Насці з Ігнасем, прапанавала:

— Пойдзем, Валя, пагуляем на двары,— і яна, узяўшы пад руку, павяла Валянціна з клуба. Валянцін разумеў, што Анэля гэта робіць для таго, каб укалоць Ігнася. Але ён не пярэчыў дзявочаму жаданню. Яму і самому хацелася паказаць Насці, што не на ёй свет клінам сышоўся.

Пасля таго вечара ў клубе Валянціну шмат дзён не даводзілася сустракацца ні з Насцяй, ні з Анэляй. У МТС падваліла шмат работы: яму далі новы трактар «Беларусь», дык ён яго абходжваў, як маладога жарабка. Потым са школы механізацыі прыехалі маладыя трактарысты. З імі трэба было яшчэ добра паваждацца, каб прывучыць іх да самастойнай працы. Хоць Валянцін быў і сам яшчэ не стары трактарыст, але яму прыпаручылі маладых, і ён гэтым крыху нават ганарыўся. Яны з дзядзькам Піліпам, брыгадзірам іхняй трактарнай брыгады, з якім у Валянціна адразу ж усталявалася дружба, не адыходзілі ад машын. Валянцін раз-пораз садзіўся то з адным, то з другім трактарыстам за руль, паказваў, як лепш пераключаць хуткасць, як кранаць з месца, як эканамічна працаваць, каб узараць больш, а гаручага спаліць менш.

Дзядзька Піліп глядзеў на Валянціна і радаваўся: яшчэ ж нядаўна ён сам быў такім падшывальцам, а зараз зірні ты на яго — сапраўдны інструктар!

Аднаго разу на ўчастак поля, якое Валянцін з маладымі трактарыстамі араў на зябліва, пад вечар прыйшоў дзядзька Піліп. Валянцін спрытна саскочыў на хаду з трактара і пакрочыў да брыгадзіра. Ён быў поўны замілавання да гэтага старога чалавека, але не ведаў, чым і як выказаць гэта. Можа б, ён і надумаўся, што сказаць брыгадзіру, калі б з-за бярозавага гайка, абсыпанага ўжо золатам асенняга лісця, не паказалася постаць дзяўчыны. Яна ішла проста да трактарыстаў. У шэрані асенняга змяркання нельга было здалёк пазнаць, хто гэта ідзе, і толькі калі постаць наблізілася, Валянцін пазнаў Насцю. Ён ні то спалохаўся, ні то ўзрадаваўся гэтай сустрэчы. І, можа, Валянцін быў вельмі ўдзячны, што дзядзька Піліп акурат тады, як падышла Насця, крыкнуў хлопцам:

— Шабаш! Сёння хопіць з вас. Ганіце машыны на сядзібу.

Сказаўшы гэта, брыгадзір кінуў хітраваты позірк на Валянціна з Насцяй, даў ім на развітанне «дабранач» і пайшоў на дарогу, якая прысадамі вяла ў МТС. Валянцін з Насцяй засталіся адны. Нейкі момант яны стаялі моўчкі, толькі глядзелі адно на аднаго. Першай парушыла маўчанне Насця:

— Вы, кажуць, добры трактарыст?

— Хто яго ведае. Я толькі першы год працую. А вы, кажуць, добрая звеннявая?

— Хто яго ведае, можа, і добрая,— стараючыся падладзіцца пад тон Валянцінавага адказу, гаварыла Насця, як бы хочучы гэтым сказаць, што не пра гэта варта ім гаварыць зараз. Потым яны моўчкі ішлі аж да самае тае дарогі, што вядзе ў Мілавіды. Была тая вячэрняя сцішанасць, калі ў чалавека, хоць і стомленага дзённай працай, робіцца гэтак хораша на душы.

— Дзе вы былі, Насця? — спытаў Валянцін.

— Да цёткі хадзіла ў Беражное.

— У госці?

— Не. Справа была пільная,— сказала Насця і перавяла гаворку на другое: — Хадзем паглядзім, як вы ўзаралі мой загон.

— Добра ўзараў, як па знаёмству для вас.

Але гаворка паміж Насцяй і Валянцінам не магла ніяк патрапіць на тую сцяжынку, па якой бы ёй было ісці лёгка і цікава. Нарэшце Насця, нібы між іншым, спытала Валянціна:

— А вы позна тады гулялі з Анэляй?

— Мабыць, не пазней, чым вы з Ігнасем,— адпарыраваў Валянцін.

— Дык то ж я на злосць Анэлі. Няхай не дзярэ свайго кірпатага носа.

— На злосць, кажаце? — узрадаваўся Валянцін.— А я думаў...

— Што ты думаў? — неўзаметку перайшла на «ты» Насця.

— А я думаў, што ты сур’ёзна з ім.

— То-та ж, не трэба думаць, калі не ведаеш. Ён жа на другі дзень паехаў у Мінск, працаваць на трактарны,— заспакоіла Насця Валянціна і ўзяла яго пад руку. Гэтак яны ішлі палявой дарогай. Валянціну нават здавалася, што ён чуе, як тахкае Насціна сэрца, і ад гэтага яму рабілася прыемна. А вунь ужо і той камень. Насця спынілася, вызваліла руку і села на шэры камень, які немаведама з якіх часоў ляжыць тут на нечай былой мяжы. Валянцін таксама пачаў прыладжвацца, каб сесці поплеч.

— Масціся, будзем глядзець, ці не нарабіў агрэхаў.

— Не нарабіў, не думай, што я ўжо такі няўмека.

А месячнае святло лілося і лілося, засцілаючы ўвесь прастор. Валянцін нават цяпер добра ўявіць не можа, як яно тады атрымалася: рукі неяк мімаволі пацягнуліся, і Насця, маленькая, шчупленькая Насця, апынулася ў яго дужых хлапечых руках. А вусны ўжо шукалі вуснаў. Здаецца, і цяпер ён яшчэ чуе, як Насця тады сказала:

— Не трэба гэтак адразу.

Але вусны і рукі нічога не слухалі, яны падпарадкоўваліся толькі пачуццю. Апоўначы яны ішлі ад таго каменя, як п’яныя.

Гэтак месяцы са тры Валянцін утоптваў сцежку ад Завейнага да Мілавідаў. Кожны раз ён яшчэ здалёк бачыў Насціну хату, якая стаяла пасярод вёскі, і яна здавалася яму самай прыгожай, хоць хата была як хата.

Пасля новага года згулялі вяселле. А якое вяселле было! Дырэктар МТС даў маладым сваю легкавую машыну, і на ёй яны ездзілі ў загс. Тры дні аж ходарам хадзіла ад песень ды скокаў сядзіба МТС. Валянцін нават крыху ганарыўся перад хлопцамі, што ўзяў сабе за жонку дзяўчыну, да якой, як казалі ў вёсцы, нікому подступу не было.

Валянціну зараз успомніўся тост дзядзькі Піліпа, які быў за пасажонага бацьку.

— Каб вам век дружна жылося і каб у вас дабро вялося.

...І дзе ж яно, тое дабро, якога жадаў дзядзька Піліп? Замест яго ў хаце часта калатня, сварка, ад якое бегма б бег немаведама куды.

— Я цябе не няволю, калі разлюбіў,— здаецца, Валянцін чуе Насціны словы.

А хіба ж ён яе разлюбіў? Не! От адышоўся які кіламетр ад дому, а сэрца ные і ные, хоць у ім ужо і няма таго пачуцця, якое было ў першыя месяцы. Валянцін падумаў, ці не зайсці да Анэлі. Спыніўся, пастаяў. А знаёмая сцяжынка ўецца ў поле, да таго каменя. Колькі ён разоў ужо хадзіў па гэтай сцяжынцы! Тады нагам ступаць было лёгка-лёгка, здавалася, яны самі адскоквалі ад зямлі і рабілі крок за крокам. Чаму ж цяпер ногі як бы прыкіпаюць да зямлі? А вунь і паваротка на Мілавіды. А вунь і той камень. «Эх, наваліўся ты ўсім сваім цяжарам на маё жыццё»,— падумаў сабе Валянцін. Яму ўспомнілася, як у тое першае лета іх сумеснага жыцця яны з Насцяй хадзілі глядзець ільняны палетак. А як хораша цвіў тады лён! «Лепш не было б тае радасці,— думае Валянцін,— не быў бы такім бяздонна глыбокім і смутак».

Валянцін у знямозе прысеў на камень, агледзеўся вакол. Недзе ўдалечыні чахкае трактар. То яго напарнік, Мікола Календа, робіць культывацыю пад лён на Анэліным участку. Пэўна ж, што ён, бо нічыя машына не чахкае гэтак, як іх. А ён, Валянцін, вось не ведае, што рабіць. Балюча, дый годзе, чалавеку.

Валянцін устаў, яшчэ крыху пастаяў каля каменя, паглядзеў на яго і толькі цяпер заўважыў, што з паўночнага боку камень замшэў. Яму прыйшло ў галаву параўнанне: вось так і чалавек без святла дружбы, без пачуццяў пакрываецца цвіллю, абрастае чэзлым імхом абыякавасці. Валянцін павярнуўся ад каменя і нацянькі пайшоў туды, адкуль чулася рытмічнае чахканне трактара.

* * *

Пасля таго як адзначылі нараджэнне Васілька, Валянцін сказаў Насці, каб яна і не думала больш быць за звеннявую.

— Гэта ж цэлымі днямі будзеш прападаць на полі, а дзіця будзе знаходзіцца ў тых яслях. Нам хопіць і таго, што я зарабляю.

Насця тады падумала, што, можа, і добра будзе ёй крыху адпачыць ад нялёгкай працы. Зірнула на свае парэпаныя, шурпатыя рукі, і ёй захацелася, каб сышлі хоць гэтыя парэпіны. Валянцін сам хадзіў да старшыні калгаса і дамовіўся, каб на які год за звеннявую паставілі Анэлю, а Насця няхай дзіця падгадуе. Старшыні не хацелася згаджацца з гэтым, аднак ён сам сабе падумаў, што Насця не такая, каб доўга ўседзець дома без работы. Васілёк у іх нарадзіўся ўвосень, і зімою Насця ўжо не хадзіла на апрацоўку льну. Усю халадэчу яна прасядзела ў цёплай хаце. Гэта, можа, ёй крыху і падабалася. Але ішоў час, і Насця ўсё больш маркоцілася. Два сваіх пакойчыкі, якія яны занялі ў невялічкім доміку МТС, яна дагледзела, прыбрала, як ляльку. Зірне Насця на канапу, якую яны адразу ж, як ажаніліся, купілі ў раймагу,— чаго толькі там няма: вунь ляжыць футравы мядзведзік,— гэта яго для Васілька пашыла сама Насця. З тыдзень які сядзела жанчына над тым мядзведзікам, Васілёк гуляў на канапе поруч з маці і перабіраў нешта ручкамі. А яна шыла мядзведзіка і шчабятала над хлопчыкам, як птушка. Спачатку мядзведзік выйшаў не вельмі зграбны — поўсць на ім была вельмі доўгая, пакручастая, і Васілёк палохаўся цацкі. Насця ўзяла нажніцы і падстрыгла авечую воўну, прычапіла пад лобікам мядзведзіку два вялікія каралы-вочкі. Мядзведзік стаў як сапраўдны, і Васілёк яго ўжо не палохаўся, а, наадварот, як толькі дзе мядзведзік губляўся, хлопчык крычаў на ўсю сілу:

— Мама, дзе дзедзік...

Гэта забаўляла і заспакойвала Насцю. Яна брала на рукі хлопчыка і, песцячы, гаварыла яму:

— Вось падрасцеш, сынку, тады мы з табой на поле ўдваіх будзем на гэтым мядзведзіку ездзіць. А там тата павозіць цябе на трактары.

Але дзе той тата? Нешта ён пачаў вельмі доўга бавіцца ў полі. Некаторы дзень нават абедаць не прыходзіць. Насця аднаго разу ўвязала ў трапкачык посуд з абедам, узяла на рукі Васілька і панесла Валянціну ў поле абед. Ёй здалося, што Валянцін не вельмі рады быў гэтаму. Ён моўчкі сеў пад трактар у цянёк і еў абед. І хоць бы слова якое шчырае сказаў. А як толькі паабедаў, выцер губы тыльным бокам рукі, нібы ў яго і хустачкі ў кішэні няма, сказаў, як нехаця, «дзякуй». Хіба толькі што з Васільком пагуляў крыху — пападкідваў яго на руках, пагушкаў, пасадзіў у кабіну на сваё месца. А потым абыякава сказаў:

— Дык ідзіце ўжо дадому. У мяне шмат яшчэ работы.

Хоць бы ён правёў іх ад трактара на сцяжынку. Дык не. Адразу ж завёў матор... А той матор як застукаў, дык Насці здалося, што гэта яе малаткамі якімі б’юць. З некаторага часу яна нават пачала не любіць трактар. Ёй здаецца, што з-за трактара Валянцін да яе стаў абыякавым. Аднойчы яна, узяўшы на рукі Васілька, пайшла ў Мілавіды да маці, каб параіцца са старой. Маці выслухала скаргу дачкі і сказала сваё:

— Я ніколі не прыглядалася да бацькі, як ён на мяне зірне. А ты сядзіш, як тая пані, дома, дык хіба мала чаго ў галаву прыйдзе. Эт, дачушка, перамелецца ўсё гэта, і мука будзе,— заключыла старая.

— Каб жа так,— згадзілася Насця і пашкадавала, што расказала маці: не зразумела яе старая.

Насця рабіла хатнюю работу. Васілёк поўзаў, тупаў па падлозе, а яна на пяльцах вышывала падушачку на канапу... Як гэта будзе прыгожа! Крыжыкам вышыты ўзор. Яна ўзяла яго з нейкага часопіса: дзве птушкі-шчабятушкі мілуюцца на галінцы дрэва. Вунь адна ўжо, як жывая, сядзіць на галінцы, а другой яшчэ толькі палавіна. А і яна ж хутка будзе з чарвяком у дзюбцы. Як гэта хораша: большая птушка корміць меншую. Ёй адразу ўявіўся Валянцін. Але што гэта з ім робіцца? Можа, ён разлюбіў яе? Насця ўстала з канапы і пайшла ў другі пакой да стала, на якім стаяла люстэрка. Села на зэдлік і ўгледзелася на самую сябе. Твар яе быў белы, як вымачаны. Ды і вочы... Што з імі сталася? Яны ж былі сінія, як васількі. А на яе з люстра глядзелі нейкія выцвілыя. У расчыненае акно лагодна глядзела жнівеньскае сонца... Настоеную на мурагах і зжатай збажыне цішыню лета адно парушала недалёкае басавітае чахканне трактара і стракатанне льноцерабілкі. То, мусіць, працаваў Валянцін. Насці адразу ўявілася Анэля. Яна ж, пэўна, аціраецца там, ля льноцерабілкі? Хоць, можа, і рабіць не вельмі-то робіць, але ад церабілкі не адыходзіць, камандуе. Яна любіць камандаваць. Яшчэ тады, калі яна, Насця, была за звеннявую, Анэля часта ўтыкала нос не туды, куды трэба, але тая асаджвала яе. Анэля часта злавала на звеннявую. А цяпер яна сама сабе гаспадыня. А лён які вунь парос! Яшчэ як ён цвіў, Насця схадзіла на палетак, вырвала жменьку, перавязала чырвоным каснічком і паставіла на покуць. Бач які, ледзь не да столі!.. '

Усё гэта радавала і злавала Насцю. Яна ўявіла сабе Анэлю, яе крыху кірпаты нос на загарэлым да карычневага бляску твары, быстрыя вялікія шэрыя вочы, дужую, па-жаночаму прыгожую постаць, дзве тоўстыя касы, закручаныя ў куксу... І Насці нібыта пачуліся тыя словы, якія Анэля калісь сказала Валянціну ў клубе: «Хадзем, Валя, пагуляем на двары». А з люстэрка на Насцю глядзеў уласны цень. Ён здаўся ёй вельмі ж нейкім кволым: твар быў белы, вочы выцвілыя, русявая чупрына нейкай прылізанай. Насця сама сябе не пазнала. Ёй страшэнна захацелася быць прыгажэйшай за Анэлю. Яна ўспомніла, што яшчэ калі хадзіла цяжарнай Васільком, Валянцін прывёз з горада нейкую баначку крэму і аловак губной памады.

— На, сяды-тады падмажашся, каб не было відаць гэтых рудых плям,— параіў ён.

Значыць, і яму хочацца, каб яна была заўсёды прыгожая. Насця хуценька дастала з прыскрынка крэм і той чырвоны аловак, села перад люстрам, пачала націраць крэмам шчокі. Але яны рабіліся яшчэ бялейшымі. Тады жанчына набрала на палец губной памады і расцерла па шчоках. Твар крыху паружавеў. Насця аж усміхнулася сама сабе. Потым яна старанна ўзялася фарбаваць губы. Верхняя губа ўжо была нафарбавана, калі паштальён у расчыненае акно кінуў газету. Насця на момант адарвалася ад занятку і разгарнула газету. Яна не паверыла вачам: на здымку, увярстаным у падвал, ля трактара з ільноцерабілкай, як ёй здалося, стаялі Валянцін з Анэляй. Яны ўсміхаліся адно аднаму. Насця працерла вочы, каб лепш разгледзець. Вядома ж, ён, і трактар яго, а вунь непадалёку відаць і камень той. Насця кінула вачыма на загаловак падвала і прачытала: «Садружнасць». І чым далей яна чытала нарыс, тым больш рабілася сама не свая. Карэспандэнт апісваў не толькі дружную працу льноцерабільшчыка Валянціна Якімчука са звеннявой Анэляй. Насця чытала далей: «А ў вольныя гадзіны трактарыст і звеннявая любяць пагуляць у засені старых прысад і пагаварыць пра самае запаветнае альбо проста памарыць. І хоць яны яшчэ ніколі не выказалі адно аднаму таго, што ў іх у думках, але пачуцці іх ужо разам. Гэта відаць па вачах, якія аж іскрацца ад захаплення».

Насця кінула вобземлю газету, схапіла са стала крэм і губную памаду, шыбанула іх са злосцю ў куток за скрыню і заплакала. Гарачыя горкія слёзы зняважанай маладосці каціліся па яе твары. Яны змывалі на шчоках фарбу і пакідалі рудаватыя брудныя падцёкі. Насця нават не чула, што ў мыцельніку плакаў, аж ледзь не разрываўся, маленькі Васілёк. Ён абярнуў на сябе чыгун з халоднай вадою. Ёй было не да Васілька.

Валянцін адчыніў дзверы хаты і ўбачыў такое, чаго ён ніколі не спадзяваўся пабачыць у сваёй хаце: Васілёк, мокры па вушы, аж знямогся ад плачу, а Насця, уткнуўшыся тварам у падушку, ляжала на ложку, плечы яе ўздрыгвалі. Ён узяў Васілька на рукі, прыгалубіў, суцешыў, і той перастаў плакаць. Валянцін падышоў да Насці, пакратаў за плячо:

— Што гэта ў цябе тут здарылася?

Насця маўчала, толькі плечы яе сталі яшчэ больш уздрыгваць, чуліся прыглушаныя падушкай усхліпванні.

— Дык чаго гэта ты плачаш? — спытаў у другі раз Валянцін.

— Тут не толькі заплачаш, нема заравеш ад такой жыткі,— крыкнула яна, не ўстаючы з пасцелі.

Валянціну не ўпершыню было чуць буркатню жонкі, але такога ніколі яшчэ не было. Ён асцярожна паставіў на ножкі Васіля і хацеў падняць з пасцелі Насцю, каб хоць паглядзець, што з ёй. Як толькі ён дакрануўся рукамі, яна амаль істэрычна закрычала:

— Не чапай мяне... Ідзі Анэлю галуб. Яна табе мілей.

— Не разумею, чаго ты ўсхадзілася?

— Не разумееш? Дурнем прыкідваешся?

Насця ўсхапілася з ложка, падняла газету і тыцнула яе мужу амаль пад самы нос.

— На, паглядзі, дык зразумееш. Усе людзі цяпер павераць, што ты завязаў мне свет, а сам да яе горнешся.

Валянцін толькі цяпер заўважыў Насціну пафарбаваную верхнюю губу і рудаватыя падцёкі ад слёз. Але яму было не да таго, каб смяяцца з яе блазенства. Ён хутчэй упіўся вачыма ў газету. Чым далей ён чытаў, тым больш акругляліся ад здзіўлення ягоныя вочы. Ён жа нічога гэтага, што тут напісана, не казаў тым двум у саламяных капелюшах, якія дзён колькі назад прыходзілі на поле. Калі адзін з іх запытаў, ці дружаць яны, механізатары, з ільнаводамі, Валянцін, паказваючы на Анэлю, жартам яму адказаў:

— Хіба можна з гэткай дзяўчынай не дружыць... Тут не толькі падружыш, а ў прысады пойдзеш слухаць салаўёў.

А яно вунь як выйшла.

— Дык гэта ж хлусня ўсё, дурная ты,— хацеў заспакоіць жонку Валянцін.

— Добрая хлусня, калі ўвесь свет цяпер ведае, што ты з ёй у прысады ходзіш.

— Дай лепш пад’есці,— нібы хочучы перавесці на другое гаворку, папрасіў Валянцін.

— Ідзі да яе, няхай яна табе і есці дае, а не толькі ў прысады водзіць.

— Не хадзіў я з ёй ніколі ў прысады,— злосна ўжо агрызнуўся Валянцін.— Няма мне часу хадзіць у іх.

— Табе няма часу дадому ісці. Ты днюеш і начуеш на полі, а хто цябе ведае, з кім ты начуеш.

— З глузду ты з’ехала, маладзіца, от што я табе скажу,— ужо зусім раззлаваны крыкнуў Валянцін.

— А ты часам не з’ехаў? Чаму ж ты мне і слова не сказаў, што з рэдакцыі былі карэспандэнты?

— Абавязкова табе ўсё расказваць. Хіба мала іх бывае на полі. Кожны дзень цягаюцца, то з раёна, то з вобласці. А гэтых я і не ведаў, што яны з рэдакцыі: прыйшлі два ў саламяных брылях — адзін з фотаапаратам. Той, што з фотаапаратам, паставіў нас з Анэляй ля трактара з церабілкай, загадаў, каб мы ўсміхаліся адно аднаму, і пстрыкнуў разы са тры. А другі запытаў у мяне, ці дружна мы працуем з ільнаводамі, дастаў з кішэні кніжачку і нешта запісаў. Яны ўсяго і пабылі каля мяне хвілін якіх з дзесяць. А потым нешта з Анэляй гаварылі. Дык хіба табе пра гэта расказваць трэба было...

Насця глядзела на мужа і, здавалася, гэтым сваім позіркам вывучала, ці праўду ён кажа. Сэрца яе аж разрывалася ад болю, ад пачуцця рэўнасці, якую яна зведала яшчэ ў той вечар у клубе. «Праўду такі Параска-лапатуха казала, а я, дурная, верыла і не верыла»,— падумала Насця.

— Дык дай пад’есці,— папрасіў зноў Валянціп.

— Няма ў мяне для цябе нічога. Ідзі да Анэлі.

Каб гэта сапраўды так было, як думае Насця, дык, можа б, Валянцін і не зазлаваўся б. Анэля яму падабалася, яе спрыт, яе голас, яе ўсмешка вабілі яго. Але ў яго ніколі і ў думках не было, каб кінуць Насцю, хоць яна і звадлівая, зацятая ў сваіх намерах. Насця яму ўсё-такі больш падабалася за Анэлю. Ён яе кахаў, і, толькі дзякуючы гэтаму пачуццю, ён зносіў тыя згрызоты, якія былі ў сям’і. Яму думалася, што яны ідуць ад Насцінага настырлівага характару, ад яе маладосці. А вось яна трохі пасталее, памудрэе, тады гэты налёт легкадумнасці зляціць, як ад ветру пылок красавання. А зараз Валянцін, не адчуваючы ніякай сваёй віны перад жонкай, быў сам не свой. Узлаваўся ён на яе не на жарт. А Насця ўжо не гаварыла, а крычала:

— Ты, можа, мяне хочаш зусім замкнуць у хаце, завязаць белы свет, як той нявольніцы, каб самому цягацца за другімі?! Ніколі гэтага не будзе.

Каб не сварыцца з жонкай, Валянцін, не адказаўшы на яе словы, хуценька выбег з хаты і пайшоў у інтэрнат, дзе жылі маладыя трактарысты, якіх ён калісь вучыў. Хлопцы ладзіліся спаць, і прыход Валянціна разагнаў іх сон. Яны паважалі старэйшага трактарыста як свайго інструктара. Хлопцы нешта пашапталіся, і неўзабаве на стале стаяла бутэлька, і закуска потым заявілася. Да самай поўначы частаваліся трактарысты. Валянцін такі добра насцябаўся і, калі выйшаў з інтэрната, не павярнуў дадому, а, плетучы нетрывалымі нагамі след па роснай траве задзірванелага двара, зводдаль абышоў сваю хату і выйшаў на мілавідаўскую дарогу. Ён і сам не ведаў, куды і чаго ідзе. А вунь ужо і Мілавіды непадалёку. Шэрыя стрэхі хат у перадранішнім тумане здаюцца нейкімі страшыдламі. Густыя малачаістыя туманы, як суцэльная сцяна, стаялі над рэчкай, якая бяжыць між хмызнякоў за мілавідаўскімі сядзібамі. Пад раніцу стала халаднавата, і Валянціну захацелася цеплыні, але ён не ведаў, дзе яе шукаць. Успомніліся выпадкова падслуханыя Анэліны словы: «Я, дзяўчаткі, усё лета сплю ў клеці, а як добра там». І яго пацягнула да тае клеці. А вунь жа і яна, клець, адной сцяной і прыстрэшкам выходзіць на вуліцу. А пад сцяной ляжыць тоўстая, акораная, абшмаляваная доўгім сядзеннем калода. Кожны выхадны дзень, ды і вечарамі, на гэтай калодзе сядзяць дзяўчаты з хлопцамі, песні спяваюць. І ў той вечар, калі яны з Анэляй пайшлі з клуба, гадзіны са дзве прасядзелі на калодзе. І цяпер Валянціну захацелася прысесці на ёй. Ён сеў, ціхенька пад нос сабе памармытаў, а потым ледзь не крыкнуў:

— Анэля, ты спіш?

Сказаў і спалохаўся. Аднак з клеці не чулася ніякага жывога голасу. А на ўсходзе ўжо ружавеў край неба. У тым месцы, адкуль павінна выкаціцца сонца, плавала алавяная хмара, і промні сонца, як бы стараючыся пранізаць яе, зрабілі хмару барвовай са светла-блакітнымі краямі. Валянцін загледзеўся на хмару. І ці то ад таго, што нахапіўся дзень, ці ад ранішняга халадку, раптам працверазеў і толькі цяпер зразумеў недарэчнасць таго, што ён робіць. Устаў з калоды і шпарка пакрочыў вуліцай у бок Завейнава. Перад ім стаяў маленькі Васілёк з заплаканымі вачыма, і Валянцін падумаў сам сабе: «Добра, што хоць ніхто не бачыў мяне тут».

Дахаты Валянцін прыйшоў, калі ўжо добра развіднела. Насця ўсю ноч не спала. Каб не дзіця, дык, напэўна, яна пабегла б шукаць яго. І цяпер, як толькі муж пераступіў парог, Насця з лютай злосцю, не так за тое, што ён не начаваў дома, як за сваю бездапаможнасць, накінулася на яго:

— Вісус ты несусветны, не хачу, каб твая нага была тут. Бяры от свае транты і ідзі куды хочаш.

Валянцін неяк машынальна схапіў чамаданчык, памкнуўся да калыскі, у якой спаў Васілёк, з момант які пастаяў у нерашучасці, потым сігануў за дзверы. Насці адразу крыху шкада яго стала.

Яна хацела ўжо выбегчы, ўслед і паклікаць назад у хату, але не магла ўтаймаваць свайго жаночага ўзрушэння, а таму, толькі высунуўшы галаву за сенечныя дзверы, глядзела, куды ён пойдзе.

А Валянцін бегма бег. Ён наважыў прасіць дырэктара адпусціць яго куды-небудзь у іншае месца. Але дырэктара ў канторы яшчэ не было, і Валянцін з чамаданчыкам пайшоў у поле, туды, дзе ў ранішняй змене павінен быў працаваць яго напарнік. Дзяўчаты з Анэлінага звяна рана прыйшлі на поле. Яны вязалі ў снапкі і ставілі ў кучкі выцераблены машынай лён. Анэля адна працавала на самым краі загона. Яна хутчэй адчула, чым пачула набліжэнне Валянціна.

— Добрай раніцы, Анэля,— суха павітаўся ён.

— Добрай раніцы,— адказала Анэля і гэтак ласкава зірнула на Валянціна, што ў таго сэрца ёкнула.

— Чаго гэта ты напляла тым карэспандэнтам, што яны на ўсю вобласць абняславілі мяне?

— Нічога я не напляла, я праўду сказала. Хіба ты не ведаеш, што я цябе кахаю даўно ўжо.

— А навошта мне тваё каханне? Ты мне жыццё разбіваеш.

— І добра, калі разбіваю. Няхай твая Насця не дзярэ носа,— сказала кпліва Анэля.

Хто яго ведае, чаго б Валянцін нагаварыў Анэлі,— ён такі добра ўзлаваўся на яе,— калі б не падышоў дзядзька Піліп.

— Чаго гэта ты прыцягнуўся з гэтым чамаданам? Можа, да яе ўжо, як у той газеце напісана?

— Не трэба яна мне.

— А ён мне трэба! Усё роўна адаб’ю ад тае задавакі,— з нейкім самаўпэўненым выклікам сказала Анэля.

— От мелеш языком,— кінуў спакойна дзядзька Піліп Анэлі, а потым да Валянціна:

— Добра, хлопча, што ты прыйшоў. Мікола нешта захварэў, дык я думаў па цябе сам ісці, а ты як ведаў. Толькі чаго гэта з чамаданам?

— Жыцця дома няма.

— Ты што, у прочкі? То калі што, дык і ў мяне хата не малая, а зараз пастаў гэтае сваё багацце ды — на трактар.

За тонкай шалёвачнай перагародкай, якая з паўметра не даставала да столі, у невялічкім пакойчыку-бакоўцы Валянцін усталяваў сваё жыццё. Дзядзька Піліп загадзя, мусіць, тады, як прыходзіў на абед, паставіў пры сцяне лёгкі жалезны ложак з драцяной сеткаю. У Валянціна не было нічагусенькі — ні падушкі, ні коўдры, у чамаданчык Насця паклала толькі святочны касцюм ды камбінезон. Прыйшоўшы ўвечары на новую кватэру, ён кінуў пад ложак чамаданчык і знясілены апусціўся на сеннічок: аж зарыпела драцяная сетка. За перагародкай уходжвалася ля печы цётка Мальвіна. Яна была адна ў хаце. Дзядзька Піліп, відаць, недзе забавіўся ў МТС. У печы сквірчэла сала, і, удыхнуўшы пах смажаніны, Валянцін адчуў, які ён галодны. Ды і не дзіва: з учарашняга дня чалавек нічога ў рот не браў. Праўду казаць, яно, можа б, і не палезла. Крыўда і злосць заглушалі голад. Толькі вось цяпер, крыху супакоіўшыся, Валянцін адчуў, як яму хацелася есці.

Рыпнулі дзверы, і ў хату ўвайшоў дзядзька Піліп. Валянцін чуў, як ён пырскаўся вадою ў мыцельніку. Ён нават паглядзеў на свае рукі — яны былі зашмальцаваныя, яму зрабілася сорамна трохі. Валянцін чуў, як дзядзька садзіўся за стол, хоць і рабіў ён усё гэта моўчкі. Відаць, у іх з цёткай Мальвінай нешта не ладзілася, інакш чаго б яны маўчалі? Дзядзька ж Піліп гаваркі. А можа, ён гэта толькі на людзях, а дома зацяты маўчун? Нарэшце Валянцін пачуў:

— А кватарант прыйшоў да нас?

— Ды ўжо ж прыйшоў,— адказала, як здалося Валянціну, са злосцю цётка Мальвіна. Яму нават падумалася, што гэта яна злуе на дзядзьку Піліпа за тое, што ён пусціў яго ў гэтую баковачку.

— Дык няхай бы ішоў вячэраць з намі. Жонка ж яму не нагатуе,— і, павярнуўшы галаву ў бок пакойчыка, гукнуў: — Ідзі, хлопча, падсілкуйся трохі.

— Дзякую, дзядзька Піліп, мне нешта не хочацца.

— Ды чаго там не хочацца. Ідзі, калі запрашаем, а пачнём біць, дык будзеш уцякаць. Сварка, хлопча, сваркай, а скварка скваркай, яе цурацца нельга. Падсілкуешся, дык і сэрца палагаднее.

Валянцін адмовіўся наадрэз ісці вячэраць. Яму здавалася, што калі ён сядзе за стол, дык цётка Мальвіна косым вокам будзе глядзець на яго: бач, нахлебнік яшчэ мне знайшоўся.

— Ды села б ты, старая, у нагах праўды не дашукаешся,— пачулася Валянціну з-за перагародкі.

— Сядзі крукам, калі сядзіш,— буркнула цётка Мальвіна.

Дзядзька Піліп крактануў, чмыхнуў і, як здалося Валянціну, ужо з адценнем злосці працягваў:

— Усе вы, бабы, на адзін капыл. Чаго на цябе, як які нячысцік уссеў. Ну, забавіўся я ў канторы, дык на гэта ж прычыны ёсць: у «казла» гулялі, а потым зайшлі ў чайную ды па чарцы выпілі. Дык хіба за гэта чалавеку трэба на галаве струп нагрызці? Я ж ціхенька прыйшоў, ціхенька лёг сабе, думаў, перасплю тую тваю злосць. Дык дзе там! Няхай-то маладыя, а ты ж старая ўжо. Можа, і ты мяне яшчэ раўнуеш?

— Еш, калі ясі, і языком не мялі,— ужо мякчэйшым голасам сказала цётка Мальвіна.

— А што, калі я не магу злосць тваю з’есці, не пракаўтну. Яна, як тая костка, упоперак горла становіцца.

Валянцін чуў, як пад дзядзькам трэснула крэсла, як ён, відаць, локцем бухнуў у шалёвачную перагародку. А ў наступны момант ён пачуў словы цёткі Мальвіны:

— Ды кінь ты, стары, з гэтымі любошчамі, з гэтымі сваімі абдымкамі. На цябе нібы і старасці няма,— і ўжо зусім лагодна: — Як жа мне на цябе не злаваць? Прыцягнуўся сярод ночы п’яны.

— Дык ты злавала б сабе ціхенька і не сварылася б,— сказаў дабрадушна дзядзька Піліп.— А то ж захадзілася, дык хоць ты вушы затыкай ды уцякай немаведама куды.

— Не ўцёк жа, тым часам.

— Каб я пасля кожнай тваёй сваркі ды ў прочкі хадзіў, дык ліха яго ведае, да чаго б дахадзіўся.

Валянцін чуў усю гэту гаворку, і твар яго залівала гарачая чырвань. Ён ужо не мог улежаць, але каб старыя не здагадаліся, што ён слухае іх, Валянцін прыкінуўся, што спіць. Ён стараўся не варочацца, каб пад ім не рыпела, не енчыла драцяная сетка. Старыя, павячэраўшы і, відаць, ужо зусім памірыўшыся, пайшлі спаць. Валянцін, пачуўшы, што дзядзька Піліп захроп, дастаў з-пад ложка свой чамаданчык і ціхенька выйшаў на вуліцу. З неба лілося срабрыстае месячнае святло. Тыя хмаркі, што вандравалі па небе надвячоркам, недзе сплылі за небасхіл, і неба было чыстае-чыстае. Начную цішыню будзіла песня, што далятала да Валянцінавага слыху з Завейнага, з сядзібы МТС. Ён услухаўся і разабраў словы: «А ў полі, полі раслі дзве таполі».

1957


1957