epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Апошні след

Усю дарогу з далёкай поўначы да маленькай станцыі перад самым Мінскам Міхед Крыварот адчуваў сябе добра. Купэ вагона, у якім ён ехаў, было занята гэтакімі ж, як ён, вызваленымі па амністыі. Каторыя з іх пазлазілі, не даязджаючы Смаленска, а каторыя — перад самым Мінскам. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Мужчына падазрона зірнуў на Міхеда, пераглянуўся з жанчынамі і пачаў хаваць чым далей рэчы. Ён падняў века ніжняй лаўкі, саставіў у скрынку чамаданы, зачыніў яе і сеў. Жанчыны пазалазілі на верхнія лаўкі. Тая, што ляжала насупраць Міхеда, раз-пораз паглядала ўніз пільным вокам на яго ватоўку, на неахайна пастрыжаную пад машынку галаву. Міхед паспрабаваў загаварыць з мужчынам, але той у адказ — хоць бы слова ці паўслова. «Няўжо яны здагадаліся, хто я такі?» — падумаў Міхед.

Ад Мінска да станцыі Дылеўка, на якой Міхеду трэба злазіць, засталося гадзіны са тры язды. Ён прыкінуў, што цягнік прыйдзе туды пад адзінаццатую гадзіну. Таму стары падбіў, як падушку, свой лагерны бушлат і лёг уніз тварам, каб не глядзець ні на што. Паляжаў якіх хвілін з дваццаць, але яго апанаваў такі одум, што нельга было ўлежаць чалавеку. Каб гэта было ўдзень, дык ён бы глядзеў у акно: столькі ж гадоў не быў у знаёмых мясцінах, яму цікава было б пабачыць, як яны перамяніліся. Цяпер жа Міхед паспрабаваў глядзець у акно — там відаць была толькі разасланая па зямлі снежная бель, а ўсё астатняе завалок густы калматы туман. Каб не гэты снег, то наогул можна было б падумаць, што цягнік ідзе пад зямлёю. Каб чым-небудзь заняць час, Міхед расшпіліў сарочку і дастаў з-за пазухі паперы. Каторы ўжо раз прабег вачыма пасведчанне, выдадзенае яму пры вызваленні, у якім было напісана, што, згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, ён, Міхед Крыварот, амнісціруецца, што яму аднаўляюцца ўсе правы грамадзяніна.

І хоць гэтыя людзі, што зараз едуць у купэ, цураюцца гаварыць з ім, усё адно ён цяпер чысты, як той голуб. Міхеду хочацца заспяваць, і ён нешта сам сабе мармыча ціхенька так, каб ніхто не пачуў. Навошта ім, чужым людзям, чуць яго радасць!

Міхед, па-буслінаму выцягнуўшы шыю, глядзіцца ў люстэрка, устаўленае насупраць яго пад сярэдняй лаўкай. Ён бачыць крыху шылаватую сваю галаву, на якой пайшла ўжо ў рост сівая атава валасоў; бачыць увесь у маршчынах твар, вочы, з мяшкамі сінюгі навокал. І не пазнае, ці ўсё гэта яго, ці чужое. Адно толькі што і засталося нязменным, дык гэта вусы. Праўда, і яны цяпер не такія, як былі раней, тыя кончыкі, што калісь па-казацку звісалі, цяпер паабразаны. Так што і ў вусах цяпер і знаку няма той вялікасці, якую яны калісь надавалі чалавеку.

Не, Міхед не любуецца сабою — гэтая пара даўно ўжо ў яго прайшла — ён глядзіцца ў люстэрка і думае, ці пазнаюць яго дочкі. Каб старая яго была жыва, то канечне б пазнала, але ж ёй не суджана адчуць радасць сустрэчы з чалавекам, з якім яна пражыла разам столькі год. Шкада, яе залетась пахавалі. Пра гэта напісала яму ў лагер большая дачка, Гэля. А меншая, Алена, дык тая і сама наўрад ці памятае бацьку. Ёй тады, як яго забралі, было гадоў якіх з восем. Ды чаму ж яны, лайдачкі, не пісалі яму нічога пасля смерці старой? Можа, і яны выцураліся?

Міхед ніколі асабліва не задумваўся над сэнсам жыцця. Ён адно ведаў: грэбці пад сябе там, дзе граблося, і абыходзіць заўсёды тое месца, дзе можна пакаўзнуцца і ўпасці. Гэтак ён і ў гады, калі польскія ўлады праводзілі пацыфікацыю, выселіўся з вёскі на хутар, спадзеючыся прыкупіць яшчэ гектараў колькі зямлі. Думаў, калі ў яго знойдзецца сын-наследнік, пакінуць яму такую гаспадарку, каб ён праз усё жыццё ўспамінаў яго добрым словам. Зноў жа такі, калі сын не народзіцца, дык бог з ім: ён Гэлю аддасць замуж, адрэзаўшы ў пасаг ёй кавалак зямлі, і няхай жыве сабе на здароўе, а да Алены возьме прымака. Трапляюцца ж часам і прымакі, лепшыя за родных сыноў.

Аднак жыццё скіравалася інакшаю каляінай. У трыццаць дзевятым годзе прыйшлі Саветы. Нельга сказаць, каб Міхед сустрэў новую ўладу варожа. Не! Ён нават з хлебам ды соллю выходзіў, як і ўсе людзі, на дзядзінец сустракаць савецкіх салдат. Але ж усе тыя месяцы, аж да самай вайны з фашыстамі, ён прыглядаўся, прыкідваў, што з яе будзе, з гэтай новай улады. Чалавек ён быў такі, што ўсе жыццёвыя з’явы ацэньваў па тым, якую карысць прынеслі яны яму самому, што яны далі ў яго кішэню. Няхай сабе тады, як польская ўлада праводзіла пацыфікацыю, людзі бунтавалі супраць яе. А чаго яму было бунтаваць: ён адхапіў сабе гэтакі хутар, на якім жылося яму прыпяваючы.

Радаваліся вельмі людзі Саветам. А чаго яму было радавацца: яны ж, тыя Саветы, яму ні сват ні брат. У гаспадарку яны нічога не дадалі. Наадварот, калі ў саракавым годзе ў Заброддзі арганізаваўся калгас, дык яго, Міхедаў, хутар абрэзалі, як той казаў, па самае нельга, а яму ўзамен далі тры гектары пясчанай няўдобіцы, ды дзе — у чорта на кулічках. Дык як жа мог чалавек радавацца Савецкай уладзе ў той час, калі ў яго была глыбокая да бяздоння крыўда на яе. І таму, калі ў сорак першым прыйшлі немцы і Міхед захапіў не толькі сваю зямлю, а яшчэ заадно і чужога трохі прыхапіў, ён акрыяў, адчуў сябе гаспадаром не толькі хутара, але, як яму здавалася, і ўсяго свету. Ён ахвотна і як бы з чыстай душой пайшоў на паклон да новых гаспадароў жыцця. Яму прапаноўвалі стаць солтысам, начальнікам паліцыі, аднак ён, спасылаючыся на невялікую сваю пісьменнасць, ад усяго гэтага адмовіўся. Ён згадзіўся сім-тым памагаць спадцішка, каб не надта кідацца людзям у вочы. Неяк месяцы праз тры ці чатыры гестапаўскі афіцэр сказаў Міхеду:

— Як ты гэтак будзеш і далей на нас працаваць, будзь пэўны, мы табе маёнтак цэлы дадзім. Вось толькі скончыцца ванна.

І Міхед чакаў хуткага канца вайны. Ён ужо ўяўляў сябе невялікім фальваркоўцам. Калі яшчэ дагэтуль яго часам мучыла тое, што ён памагае гестапаўцам адпраўляць на той свет людзей, вінаватых толькі ў тым, што яны не могуць зносіць чорнай навалы, то пасля афіцэравай абяцанкі Міхед зусім страціў пачуццё ганьбы. Ён вельмі часта думаў: «Урэшце ж кожны чалавек так ці інакш ідзе да свайго шчасця праз няшчасце другіх». Такая філасофія яго цалкам задавальняла, і ён стараўся ў меру сваіх сіл і спрыту дагадзіць фашыстам, вядома, не трапляючыся на чужое вока, бо ў яго ўсё-такі недзе ў глыбіні свядомасці варушылася, жыла тая думка, што мо і гэтыя немцы не на векі вечныя тут. Ён жа на сваім вяку вунь колькі перабачыў тых парадкаў: нарадзіўся і рос за царом, а пасталеў, увабраўся, як кажуць, у чалавечую сілу за панамі. Зноў жа такі і за апошнія гады другая ўлада мяняецца. Так што не вельмі трэба выплываць на паверхню, лепш плысці за падводнай плынню, толькі часам паказваючы руку. Міхед гэтак і рабіў. Ён для выгляду не зусім цураўся гітлераўцаў. Узімку, калі фашысты дубянелі пад Масквой на нашым марозе, ён хадзіў з солтысам па забродскіх хатах збіраць цёплыя рэчы. Каб паказаць прыклад, ён аддаў свой стары дублены кажушок, які, палатаўшы, яшчэ можна было насіць з гора зімы са дзве. І калі каторая з забродскіх жанчын вельмі ўжо ўпіралася, ён казаў:

— Дурная ты. Я ж вунь свой кажух аддаў. Яно, калі трэба, дык трэба, нічога ж не зробіш — улада патрабуе.

Аднак, мусіць, ніхто з забродаўцаў не ведаў, што на другое лета па гестапаўскаму заданню Міхед Крыварот цэлыя тры дні і тры ночы цікаваў за Гарасімам Кухаронкам, калі той прыйшоў з партызанскага атрада разведаць пра нямецкія гарнізоны. Пад вечар Гарасім Кухаронак пайшоў з Заброддзя на свой хутар,— мусіць, чалавеку захацелася паглядзець сям’ю. Тут яго і вывіжаваў Міхед Крыварот. Уночы наляцелі карнікі, забралі Гарасіма з жонкаю і на другі дзень абаіх павесілі на пляцы перад забродскай школай.

Вядома, каб тады, як судзіў Міхеда Ваенны трыбунал, хто ведаў пра тое, што на душы яго ляжыць гэтакі грэх, то наўрад ці ехаў бы ён, Міхед, цяпер дадому. А хто ж бо то мог ведаць? Тады, калі Міхед навёў на Гарасімаў хутар карнікаў, ён сам нават і ў хату не зайшоў, а ціхенька сабе стаяў пры сенечных дзвярах. Хто яго ведае, мог жа тады той Гарасім і ўцячы як-небудзь, і калі б ён заўважыў яго, то наўрад ці знасіць бы яму галаву. А так хіба толькі тое хлапчанё, што цудам выскачыла тады з хаты, можа што сказаць на яго. Ён, як цяпер помніць, навёў тады на хлопчыка пучок святла электрычнага ліхтарыка і хацеў злавіць яго за руку, але, як яму здалося, у хлопчыка ў руках быў пісталет, і Міхед пастараўся хутчэй стуліцца за вуглом хаты — ліха з ім, з тым хлапчанём. Ён сам сабе падумаў тады: «От бандзюкова кодла, яшчэ штаноў другое не навучылася падцягваць, а ўжо з пісталетам бегае».

Гэтак і засталося нікому невядомым, хто навёў на партызанскага сувязнога Гарасіма Кухаронка гестапаўцаў. Пакрысе ўсё ўсталявалася, забылася, і калі Міхеда Крыварота і яшчэ колькіх гэтакіх, як ён, судзіў Ваенны трыбунал, дык ён, Міхед, быў апошняй спіцай у коле. Знайшліся большыя злачынцы. Яго абвінавачвалі толькі ў тым, што ён быў фашысцкім паслугачом — збіраў цёплыя рэчы для адубелых на нашым марозе гітлераўцаў ды часамі падпрагаўся да солтыса і памагаў яму спаганяць падаткі. Міхед нават прыгавор выслухаў з прыхаваным задавальненнем. Усё-такі жыць, як бы яно там ні было, лепш, чым парыць зямлю.

— Грамадзяне, каму на Дылеўцы злазіць, падрыхтуйцеся,— пачуўся хрыплаваты голас правадніка.

Міхед хуценька сцягнуў з верхняй лаўкі мех, у якім былі сякія-такія падарункі дочкам, надзеў бушлат, нацягнуў амаль на самыя вочы шапку-вушанку і, не развітаўшыся з суседзямі па купэ, выйшаў у тамбур. Ён задыхаўся ад радасці, што зноў трапіў у родныя мясціны. Але ў тым, што ён прыехаў дадому, была не толькі адна чыстая радасць. Недзе глыбока ў таямніцах душы былі боль і баязлівасць. Міхед бачыў перад сабою тыя малыя, поўныя страху вочы хлопчыка. Цяпер бы ён не пазнаў таго хлопчыка, ды і ён, хлопчык, наўрад ці пазнаў бы яго, Міхеда. Праўда, Міхед чуў у лагеры, што ў момант страху чалавечыя вочы падобны на фотапласцінку, і тое, што яны тады ўбачаць і адлюструюць, назаўсёды застаецца ў чалавечай памяці. І Міхед цяпер гэтага баяўся.

Міхед саскочыў з прыступкі на зямлю, па якой ён так даўно не хадзіў, зірнуў услед цягніку, які адразу ж адышоў, і акінуў вачыма станцыю. Ён думаў, што тут і цяпер пустка, як тады, пасля выгнання фашыстаў. Але вось убачыў высокую вадакачку, вялікі мураваны дом вакзала, шчыкет, якім былі адгароджаны пуці ад пасёлка. Воддаль, на ўскраі пасёлка, віднеўся двухпавярховы дом. І галоўнае — усё гэта было заліта электрычным святлом. «Значыць, жыццё тут бурліць»,— падумаў Міхед. А ён жа праз усе тыя гады, што быў у лагеры, уяўляў гэта месца пусткай.

Міхед узваліў на плечы мех і падаўся ў бок пасёлка. У першы момант ён нават разгубіўся, не ведаў, куды ісці, аднак добра агледзеўшыся, ён знайшоў дарогу на свой хутар. Яна ішла паўз той двухпавярховы мураваны дом школы, потым выходзіла ў поле і ўжо вілася, як тая вяроўка, непадалёк ад рэчкі Сіважары аж да самага Міхедавага хутара, да якога было кіламетраў дзесяць з гакам.

Насустрач па дарозе Міхеду сям-там трапляліся людзі, і што было дзіўным для самога Міхеда, дык гэта тое, што ён іх чамусьці баяўся. Санная дарога была пракладзена па летняй, і толькі ў некаторых месцах, дзе ўлетку былі выбіты глыбокія калдобіны, яна крыху збочвала на раўнейшае. Аднак Міхед, каб не трапляцца людзям на вочы, сышоў з дарогі і пасягаў па цаліку. Ісці было лёгка: снег быў яшчэ неглыбокі, зямля пад ім добра ўмерзла. І ён ішоў і ішоў, не азіраючыся нават назад, несучы сваю радасць і крыўду. Месца тут было роўнае, не лясістае, толькі сям-там паўз рэчку трапляліся хмызнякі ды расцяробы. Аднак іх у цемры ночы не бачыў Міхед. Яму віднелася недзе далёка, відаць, пад Заброддзем, белаватае зарыва. Ён здагадаўся, што гэта ад электрычных агнёў.

Гадзіны са тры крочыў па цаліку Міхед. Ён толькі блізка падышоў да дарогі ў тым месцы, дзе калісь стаяў Кухаронкаў хутар. Там ніякіх адзнак жылля не было, і гэта крыху заспакоіла Міхеда. «Мабыць, той хлопец, калі жывы, дык сышоў куды-небудзь, што яму тут аднаму рабіць, як жыць»,— прыкінуў сабе ён і ўжо стараўся больш пра гэта не думаць, а толькі несці ў сабе радасць звароту на радзіму, сустрэчы з дзецьмі.

Міхед не спадзяваўся пабачыць такі парадак на сваім хутары. Ён яшчэ здалёк убачыў пазалочаныя электрычным святлом вокны. Яны, здаецца, радаваліся яго звароту. А адтуль, з Заброддзя, да яго слыху далятала песня, чуўся гармонік, і ён, ужо зусім паспакайнеўшы, падышоў пад акно хаты. Падумаў сабе: «Чаму яны, лайдачкі, сабаку добрага не завялі. Гэтак жа можа і злодзей падысці, і ніхто яго не пачуе». Міхед зірнуў у акно і праз тонкую марлевую фіраначку ўбачыў дзве постаці — дзяўчыны і хлопца. Ён глядзеў на дзяўчыну і здагадваўся, што гэта меншая, Алена, так вырасла, пасталела. «А хто ж бо то за ён сядзіць з Аленай? Гэты, мусіць, і будзе за прымака ў мяне»,— думаў Міхед. Праз момант ён пастукаў у шыбу. Да акна прыпалі тварамі абое, але са святла яны добра не бачылі. Міхед ужо з дзвярэй чуў звонкі, прыемны, гэтакі ж, як калісь быў у маладой жонкі, голас:

— Хто там? — пытаўся той голас.

— Гэта я, дачушка.

— Хто? — здзіўлена перапытала Алена.

— Я, твой тата,— амаль на ўсю сілу крыкнуў Міхед і спалохаўся свайго голасу, бо ён быў нейкім чужым.

Шмарганулася засаўка дзвярэй, і дзяўчына прапусціла ў сенцы чалавека, а потым яна забегла наперад і, каб чалавек не шукаў у цемры дзвярэй, хуценька адчыніла іх і прапусціла яго ў хату. Міхед цяжка скінуў з пляча свой мех ля парога. Кінуўся да дзяўчыны з абдымкамі, не гаворачы, а крычучы:

— А дачушка ж мая, а рыбачка ж мая!

Алена неяк нерашуча рукамі адштурхнула яго, падазрона зірнула і спытала:

— Хто вы такі? Я вас не ведаю.

І ўжо ў наступны момант Міхед заліўся слязьмі. Ён плакаў, прычытаючы, як па нябожчыку:

— Увесь свет выракся мяне. Нават родная дачка не прызнаецца.

Алена кідала вачыма то на хлопца, то на незнаёмага чалавека і не ведала, што ёй рабіць. Угледзеўшыся, яна такі пазнала, што гэта быў яе бацька. Аднак яна не знаходзіла ў сабе таго пачуцця, якое б расхінула яе рукі і падказала б ёй: «Абдымі, пацалуйся з гэтым родным табе чалавекам». Таму яна ў нерашучасці стаяла пасярод хаты і глядзела больш на Віктара, чым на бацьку. А Віктар таксама не ведаў, што яму рабіць. Ён мімаволі апынуўся сведкам нявыспеўшай чужой радасці. Таму ён памкнуўся да дзвярэй і ўжо з парога кінуў Алене:

— Дык я пайду дадому. Заўтра мо пабачымся.

А ўжо за дзвярыма ён пачуў:

— А дзе ж Гэля, што ты адна дома?

— А хіба вы не ведаеце, што Гэля яшчэ летась пайшла замуж у Заброддзе і там жыве?

Больш нічога Віктар не чуў. Ён шпарка крочыў на агні МТС, у свой халасцяцкі пакой у інтэрнаце.

Два гады працуе трактарыстам Забродскай МТС Віктар. Але тая дарога, якою ён сюды прыйшоў, была вельмі пакручастая і цяжкая. Віктар часам забываецца на ўсё тое перажытае: не век жа свой насіць у сабе такія цяжкія ўспаміны дзяцінства. Чалавеку ж заўсёды хочацца радасці, акрыленасці, надзей, і калі ён не будзе ў думках сігаць уперад, а заўсёды азірацца толькі назад, дык наўрад ці ён адчуе ўсю паўнату чалавечай радасці. На рабоце справы ў Віктара ішлі вельмі добра. Ужо ў першы год пасля сканчэння школы механізацыі ён выканаў план мяккага ворыва. І калі на яго ўвесну глядзелі, як на маладога, зялёнага, дык увосень яго імя занесена было ўжо на эмтээсаўскую Дошку гонару. А ўзімку на рамонце машын ён паказаў сябе як лепшы знаўца трактара, як майстра, у якога ў руках усё аж гарыць.

Сёлетняй вясной, акурат пад Першае мая, Віктар сустрэў на полі Алену. Дзяўчына нічым асаблівым не вылучалася сярод іншых. Але гэтак толькі здавалася некаторым. Віктар жа, як зірнуў на Алену, дык адразу адчуў нейкае незвычайнае ўзрушэнне, яго нібы нешта апякло. Глыбока ўсхвалявалася хлапечае сэрца. Дагэтуль у Віктара ніякая дзяўчына не выклікала такога пачуцця. У дзіцячым доме, дзе ён выхоўваўся пасля вайны, у сямігодцы, у якой ён вучыўся, у школе механізацыі таксама было нямала дзяўчат. Ён з імі сябраваў, аднак ні да адной з іх так не гарнулася яго сэрца, як да Алены.

Віктар не любіў расказваць пра сваё мінулае, пра тую страшную летнюю ноч на бацькавым хутары. Калі яна, тая ноч, прыходзіла на памяць, ён стараўся адагнаць успамін, неяк забыцца, бо старая ж уражаная рана баліць, бадай, яшчэ большым болем, чым свежая.

Віктар шукаў неўтрапёнай радасці жыцця, і яна прыходзіла да яго ў тым, што за якія два гады працы ў МТС ён выйшаў амаль што на першае месца сярод трактарыстаў станцыі. Пра яго пісалі ў газетах, нават партрэт змясцілі. Яна, тая радасць, была і ў гэтай вясновай сустрэчы з Аленай. «Такіх дзяўчат, як Алена, і блізка не знойдзеш»,— думаў сабе Віктар пасля таго, як яны ўпершыню сустрэліся на полі. Яму спадабалася ў ёй усё: і крыху кірпаты нос на шырокім, ледзь пасыпаным вяснушкамі твары (ён нават аднаго разу хацеў жартам спытаць у дзяўчыны, навошта яна ластавак спорвала і набралася вяснушак, аднак не асмеліўся), і не вельмі высокі рост дзяўчыны, стройная постаць, і тая стрыманая ўсмешка, якая часам, як сонечны прамень, асвятляла яе твар. У той вясновы вечар Віктар, які вельмі рэдка хадзіў у Заброддзе на танцы, быў там сярод моладзі. На ўтаптанай пад старой раскідзістай ліпай пляцоўцы не адзін танец станцаваў ён з Аленай, а потым праводзіў яе на хутар. Ён нават рады быў, што дзяўчына жыве не ў вёсцы, а воддаль ад яе, і можна будзе пабыць адным, не баючыся, што якое чужое вока будзе глядзець на іх першае каханне.

А ўлетку механізатары Забродскай МТС пагаворвалі ўжо, што ў Віктара з Аленай неўзабаве будзе вяселле і што ён перабярэцца жыць на Міхедаў хутар. Ды Віктар і сам пра гэта падумваў ужо. Праўда, ён Алене яшчэ нічога не казаў. Ды хіба пра ўсё трэба казаць? Яна і сама гэта добра ведала, бо ўжо не ўяўляла, як можа жыць без Віктара.

Аднойчы ўвечары, гуляючы па беразе Сіважары, Віктар расказаў Алене пра сваіх бацькоў, пра тую жахлівую летнюю ноч. Алена слухала, і слёзы блішчалі ў яе на вачах. Яна прыхінулася да хлопца і раптам сама яго пацалавала, мусіць, хочучы пацалункам зменшыць яго боль.

— Вось мо за тое, што ў дзяцінстве ты быў такім няшчасным, я цябе гэтак і кахаю,— сказала яна.— Ды і маё не лепшае жыццё,— прамовіла далей Алена.— Маці памерла, а бацька...— Алена раптам зрабілася задумлівай, твар спахмурнеў.— З немцамі злыгаўся, паслугачом быў...

Віктар выслухаў усё і спахмурнеў. Ён сёе-тое чуў пра Аленінага бацьку, але не надаваў значэння. Навошта яму быў Аленін бацька. Яна сама была ўсім для яго. Зараз жа тое, што ён пачуў з вуснаў дзяўчыны, неяк уразіла Віктара. Ён асцярожна зірнуў на Алену, твар яго балюча перасмыкнуўся. Дзяўчына аж спалохалася.

— Ты не злуй на мяне, Віця, я ж невінавата, што ў мяне такі бацька.

Разышліся яны ў той вечар кожны са сваімі думкамі. Віктар думаў, што вось яно як бывае: у жыцці чалавека, які табе даражэй за ўсё на свеце, раптам адкрываеш нешта новае, чаго ты не спадзяваўся і ніколі не думаў бачыць. Віктару зноў успомнілася ва ўсіх драбніцах, якія захавала яго памяць, летняя ноч на бацькавым хутары. Пяць фашыстаў гэтак неспадзявана ўварваліся ў хату, што бацьку не было ўжо як кінуцца наўцёкі. Віктар сам тады даўмеўся схапіць з-пад падушкі бацькаў пісталет і, сунуўшы яго запазуху, неўзаметку выскачыць у сенцы. У сенцах ён выняў пісталет і падумаў: калі яго будуць лавіць на двары, то ён жывым у рукі фашыстаў не дасца, а будзе страляць у іх. На двары немцаў не было. Пры сенечных дзвярах Віктар убачыў незнаёмага яму чалавека, які чамусьці сам спалохаўся яго, хлапчука. Віктар адбег тады ад хаты за старую грушу, схаваўся за яе тоўсты камель і адтуль наглядаў, што робіцца дома. Ён бачыў, як немцы вывелі з хаты бацьку і маці, як адзін з іх пстрыкнуў запальнічкаю і страха занялася. У водблісках пажару ён бачыў і таго чалавека, што схаваўся быў за вугал. Немцы пачакалі, пакуль хата добра ўгарэлася, і павялі бацьку і маці па дарозе на Заброддзе. Ён чуў матчына галашэнне, як па нябожчыку. Яно і цяпер стаіць у яго ў вушах. А чалавек той, развітаўшыся з немцамі, пайшоў у другі бок. Віктар хацеў кінуцца за ім следам, дагнаць і стрэліць яму ў спіну, але пабаяўся, што і яго зловяць. У тую ж ноч ён панёс сваё цяжкае дзіцячае гора ў Верамеічы, дзе жыла ягоная цётка — бацькава сястра.

Усё гэта прыйшло на памяць Віктару ў той момант, калі ён убачыў Аленінага бацьку, які гэтак неспадзявана ўваліўся ў хату. Віктару здалося, што ён і тады з-за грушы бачыў гэтага чалавека. Аднак ён адганяў ад сябе гэтую настырлівую думку. Алена ж казала, што яе бацька толькі памагаў немцам збіраць цёплыя рэчы ды спаганяць падаткі і не вельмі-то вінаваты,— заспакойваў ён сябе. А тая думка пра забойства бацькоў прыйшла, мусіць, таму, што ён наогул усіх, хто так ці інакш супрацоўнічаў з немцамі, ненавідзеў лютай нянавісцю.

Ні назаўтра, ні на трэці дзень, ні нават праз тыдзень Віктар не пайшоў да Алены. Ён за гэтыя дні схадзіў на магілу бацькоў, прыбраў той грудок, на які пасля вайны была пакладзена цяжкая надмагільная пліта. Ён быў поўны невыказнага смутку і не хацеў яго несці людзям напаказ. Хадзіў толькі ў майстэрні, дзе ішоў рамонт трактараў, працаваў так, каб працай заглушыць цяжкія думкі. А ўвечары сядзеў дома і чытаў кніжкі. Але дзіўна, што б ён ні чытаў, у памяці ў яго нічога не заставалася.

Алена пачала ўжо непакоіцца: што сталася з Віктарам. Разы са два вечарамі прыходзіла яна ў забродскі клуб, спадзеючыся сустрэць там Віктара. Аднак яго там не было. Дзяўчына хацела ісці ўжо да яго на кватэру, паглядзець, можа, захварэў хлопец, але пабаялася, каб не ўбачылі людзі і не падумалі чаго дрэннага. Алене нават здалося, што Віктар знарок не хоча сустракацца з ёй, і яна пакутавала ад гэтага. Нават стары Міхед, які пасля таго, як вярнуўся дадому, зрабіўся нейкім абыякавым да ўсяго, і той заўважыў і не змоўчаў:

— Дык чаго ты гэта ходзіш, як сама не свая?

— Нічога. Так сабе.

— Бачу, што не так сабе. А хто гэта за ён такі, гэты твой кавалер, што быў тады, як я прыйшоў? — спытаў бацька.

— Сын таго Кухаронка, што фашысты калісь павесілі.

Алена ўважліва зірнула ў той момант на бацьку і ўбачыла, як балюча перасмыкнуўся яго твар, як стары адразу збялеў і грузна асунуўся на лаву, нібы што ў яго забалела.

— Тата, што гэта вы?

— Ды так, нешта нездаровіцца.

Алена глядзела на бацьку, і ёй рабілася шкода старога. Хоць яна і адвыкла ўжо ад бацькі, але недзе ў глыбіні душы варушылася, пякло пачуццё жалю. «Стары, небарака, столькі яму давялося перажыць»,— падумала яна сабе, а ўголас сказала:

— Тата, дык вы ляжце на ложак.

Яна хуценька раскінула падушкі, і стары Міхед, паслухаўшыся дачкі, пайшоў да ложка.

Стары сказаў дачцэ няпраўду: яго дацінаў не фізічны боль,— балела душа, і пякучы боль яе быў выкліканы тым, што яна, Алена, яго апошняя надзея, мусіць, кахае таго, чыйго бацьку ён сваімі рукамі аддаў на згубу. Ён і рады быў, што ўсе тыя дні Віктар не прыходзіў, бо баяўся, што той былы хлопчык можа цяпер пазнаць яго, а як пазнае, то не даруе яму. І калі ўвечары што-небудзь шкрабала ў сенцах, Міхед палохаўся. Яму здавалася, што вось зараз Віктар пераступіць парог хаты і крыкне на ўсю сілу: «Забойца, ты паслаў на той свет маіх бацькоў!» Яму думалася, што ўжо ўсё Заброддзе ведае пра яго таямніцу. Міхед з тыдзень не паказваўся на людзях. Толькі тады ён супакоіўся, калі, падумаўшы, чаму быць, таго не мінеш, схадзіў у праўленне калгаса. Там было нямала людзей. Быў сярод іх і Віктар. Аднак ніхто яго там ні ў чым не ўпікнуў. Наадварот, усе абыходліва з ім гаварылі, распытвалі, дзе ён быў і як жыў праз усе гэтыя гады. А ў яго дык нібы мову адняло. Ён адказваў неахвотна і скупа:

— Ат, як жыў, так і жыў.

Потым людзі бачылі, як стары Міхед хадзіў на калгасную работу. Ён падрадзіўся віць вяроўкі і цэлымі днямі не выходзіў з вялізнай стадолы. Міхед нават радаваўся, калі да яго ніхто не заходзіў. Яму не трэба было хаваць вачэй і рабіць выгляд, што ён рады чалавеку ў той час, калі ён баяўся людзей, іх пільных позіркаў, іх смеху, іх весялосці і радасці. У гэтай стадоле яму і прыйшла думка перабрацца да старэйшай дачкі Гэлі. Там ён пражыў дні са тры, але заспакаення не знайшоў. Наадварот, тое, што Гэля жыла ў вёсцы і што кожны раз увечары хто-небудзь прыходзіў у хату пагуляць, мучыла Міхеда. Яму хацелася глухой бязлюднай адзіноты. І ён шукаў яе, але нідзе не знаходзіў.

Усе гэтыя тры вечары, як старога не было дома, Віктар прыходзіў да Алены. За той час, што прабыў дома адзін, ён шмат чаго перадумаў. Урэшце прыйшоў да вываду — хіба мала чаго можа прыйсці ў галаву,— разважыў і нават знайшоў заспакаенне: не можа быць, каб Аленін бацька быў з такіх. Яна ж вунь якая добрая, сардэчная. Відаць жа, і бацька яе такі. А тое, што стары заблытаўся, дык хіба мала хто заблытваўся, блудзіў па гэтакім раздарожжы. Да яго вярнуўся ранейшы настрой, і ён у гэты вечар канчаткова вырашыў пасватаць Алену. Гэта, можа, нават і добра, што бацька яе вярнуўся: усё ж такі стары чалавек, усяму дасць лад, не тое што яны, маладыя, зялёныя.

— А дзе гэта бацька твой? — спытаў Віктар у Алены.

— У Гэлі гасцюе. Яму цяпер толькі гасцяваць. А навошта ён табе?

— Я так мяркую, калі ўжо ў нас што якое будзе, дык і ў яго ж трэба спытаць. Не чужы ж ён табе, ды і мне, мусіць!

— Віктар, які ты харошы ў мяне! А я думала, што бацьку майго будзеш ненавідзець за сваіх бацькоў,— сказала Алена і гэтак ласкава зірнула на Віктара, а потым абняла і пацалавала. Ім абаім здавалася, што яны цяпер самыя шчаслівыя на свеце і што ніхто-ніхто не зможа запляміць чым-небудзь іх гэтае вялікае чалавечае шчасце.

Зарыпеў пад акном снег ад чалавечай хады. Віктар з Аленай кінуліся да акна. Алена пазнала бацьку па кажуху. А стары колькі хвілін стаяў пад акном, глядзеў на Віктара з Аленай, на іх маладое шчасце і думаў сабе: ці ісці яму ў хату, ці вярнуцца назад да Гэлі. Аднак пасля таго як яго заўважылі, варочацца ўжо не было як. І ён пайшоў у хату. Алена ўзрадавалася бацькаваму прыходу. Ды і Віктар сёння неяк адменна шчыра павітаўся з Міхедам. Ён нават усміхнуўся старому, і Міхед заўважыў у гэтай усмешцы і радасць, і збянтэжанасць.

— От добра, тата, што вы прыйшлі,— сказала Алена.

— Вельмі добра, тата,— паўтарыў за ёй Віктар.

Міхед здагадаўся, што паміж імі перад гэтым адбылася сур’ёзная гаворка і што, мусіць, яны дамовіліся аб усім і цяпер чакаюць толькі яго, бацькавага, блаславення. Але гэтае «тата», пачутае з Віктаравых вуснаў, нібы нажом разанула Міхеда. Яно, здаецца, напоўніла галаву такім шумам, звонам, што цяпер ён нічога больш і не чуе, апрача гэтага «тата». Але Міхед мімаволі не сказаў, а нібы выціснуў з сябе:

— Дык бярыцеся ўжо ды жывіце шчасліва, калі яно так выйшла.

Казаў гэта Міхед і хаваў ад Віктара свае выцвілыя вочы. Але Віктар гэтага не бачыў: ён быў ахоплены невыказным шчасцем, не адыходзіў ад Алены, ужо не саромеўся бацькі. А Міхед баяўся глядзець на іх блізкасць.

Цэлы тыдзень займаў чарэнь печы Міхед. Алена ўжо занепакоілася, што гэта робіцца з бацькам. Яна хацела схадзіць па доктара, але бацька сказаў:

— Не трэба, дачухна, пройдзе.

Аднак Міхедава хвароба не праходзіла. Прыступы таго душэўнага болю, які нявечыў яго, былі асабліва моцнымі тады, калі ў хаце быў Віктар, калі ён, нібы родны сын, звяртаючыся да старога, зваў яго татам. Перад Міхедавымі вачыма адразу паўставаў Кухаронкаў хутар і той хлопчык, які выскачыў тады з дзвярэй. Міхед часам ціхенька плакаў. Былі нават хвіліны, калі яму хацелася ўдушыцца гэтым плачам. Але наставала і прасвятленне: гэта тады, калі Міхед думаў, што ніхто пра тое жудаснае мінулае не ўведае, абы толькі ён, Віктар, не пазнаў яго. Цяпер-то Міхед быў упэўнены, што час сцёр з Віктаравай памяці той жахлівы малюнак.

Аднак Міхед усё не злазіў з печы. Алена з Віктарам не ведалі, што рабіць. На нядзелю было ўжо наказана гасцям, каб прыходзілі на вяселле. Але як яго было гуляць, тое вяселле, калі ў хаце хворы чалавек. Віктар неспадзявана для старога Міхеда прывёў доктара. Той абстукаў, абслухаў хворага і сказаў:

— Нічога я ў вашага старога не знаходжу. Відаць, нервы трохі гуляюць. Яму трэба супакоіцца.

І Алена з Віктарам стараліся даваць старому супакаенне: яны яго лішне не турбавалі ні роспытамі, ні назойлівым даглядам, і гэта Міхеда яшчэ больш мучыла. Яму здавалася, што і дачка, і будучы зяць здагадваюцца пра яго страшэнную таямніцу, але маўчаць толькі таму, што кахаюць адно аднаго. Неяк, калі Алена адна была ў хаце, стары, заварушыўшыся, высунуў галаву з-за коміна і сказаў:

— Можа б ты, Алена, пачакала на іншага чалавека.

Алена здзівілася: адкуль гэта бацьку такое магло прыйсці ў галаву?

— Хіба ён, тата, вам не падабаецца? — спытала яна.

— Я ж не кажу, што ён не падабаецца мне, але тым часам...

І гэтае «тым часам» так і засталося недасказаным.

Пад нядзелю стары ссунуўся з печы. Пачаў сёе-тое рабіць па гаспадарцы. У суботу надвячоркам прыйшла Гэля памагаць сястры рыхтавацца да прыёму гасцей.

Гасцей сабралася-такі парадкам: з МТС папрыходзілі трактарысты, дырэктар. Брыгадзір Віктаравай брыгады Андрэй Рогач быў за свата. З Віктаравых сваякоў прыйшла верамеіцкая цётка Марына, бо родных больш не было. З Аленінага боку прыйшла сястра Гэля з мужам ды яшчэ сёй-той з Аленіных сябровак. Андрэй Рогач, павязаны Аленіным вышываным ручніком, распараджаўся за сталом. Ён вельмі стараўся, каб усіх участаваць. Раз-пораз гаварыў тосты. Усім было весела, толькі Міхед сядзеў як на памінках. Праўда, ён чаркі са дзве выпіў гарэлкі, але яна пайшла, як вада. Каб крыху затуманіла галаву, можа б, чалавеку лягчэй стала. Алена заўважыла, што з бацькам робіцца нешта няладнае. Яна нахілілася да яго і шэптам спытала:

— Тата, дык чаго гэта вы?

— Не глядзі ты на мяне. Нездаровіцца мне,— адказаў ён нехаця.

А сват не ўнімаўся. Ён то крычаў: «Горка, нельга піць», і Алена з Віктарам цалаваліся, то прыставаў да дырэктара МТС выпіць, і той не мог адкруціцца. Нарэшце дайшла чарга і да старога Міхеда.

— А цяпер, таварышы, я прапаную тост за таго, хто выгадаваў гэтакую дзяўчыну і хто з сённяшняга дня будзе за роднага бацьку нашаму лепшаму трактарысту Віктару Кухаронку.

Услед за тостам усе чаркі пацягнуліся да Міхедавай, якую ён падняў і з якое праз беражкі вылівалася пітво, бо рука ж вельмі калацілася. Ён злёгку чокнуўся з дачкою і зяцем і каўтнуў гарэлку. Аднак яна не пайшла. Яму здалося, што ён выпіў не гарэлкі, а гарачай смалы. Гэтак запякло ўсярэдзіне. А тут яшчэ Андрэй Рогач крыкнуў, як несамавіты: «Горка! Горка!», і ўсе паглядзелі на Міхеда і Віктара. Ён зразумеў, што яму трэба было пацалавацца з зяцем; але ён ніяк не мог гэтага зрабіць. Віктар, адхінуўшы Алену, нахіліўся і пацалаваў цесця. Той увесь пачырванеў, твар яго перасмыкнуўся балючай грымасай. Людзі думалі, што гэта ад выпітай гарэлкі. Але тут жа Міхед папрасіў прабачэння ў гасцей і вылез з-за стала. Алена, каб апраўдаць бацькаў учынак, сказала:

— Тату ўвесь гэты тыдзень нездаровіцца.

Ні Алена, ні Віктар, ні тым больш госці не ведалі, што ў бацькі за хвароба. Міхед залез на гарачы чарэнь печы, ушыўся галавой у мяккую падушку і думаў сваю думу. Яму здавалася: за тым бяседным сталом ён піў з чаркі не гарэлку, а немаведама што. Перад ім мільганула цень знявечанага Гарасіма Кухаронка, з якога ручаінкай цякла кроў. І колькі ён, Міхед, ні намагаўся пераступіць тую ручаінку, нага ніяк не можа перасігнуць яе. Стары не мог дачакацца канца вяселля. Музыка не кранала яго сваёй весялосцю. Яна нібы пілавала, рэзала нутро.

Ды каб толькі Міхеду адно вяселле перабыць, а то ж усё жыццё давядзецца жыць з Віктарам у адной хаце, хадзіць па адных сцежках і заўсёды перад сабою бачыць тую крывавую ручаінку. Яму было балюча думаць пра гэта. Міхед на момант задрамаў, але сну спакойнага не было. Яму снілася, што нечыя, усе ў крывавых мазалях, рукі, як абцугі, цягнуліся да яго шыі. Ён хоча крыкнуць, але голас яго толькі сіпіць... Калі ён прачнуўся, дык халодны пот выступіў у яго на лбе.

На другі дзень, пад вечар, калі ўжо хата апусцела ад гасцей, а дачка з зяцем пайшлі ў пярэзвы да Гэлі, Міхед злез з печы, адшукаў добрую торбу з почапкамі, каб можна было зачапіць яе за плечы, паклаў ладны бохан хлеба, кавалак сала. Сеў на зэдлік, абуў на ногі тыя валёнкі, якія сам нядаўна падшыў халявамі старых ботаў, потым дастаў з шуфлядкі стала сшытак, выдраў адтуль лісток у касую лінейку і такім каравым, як і ўсё яго жыццё, почыркам папісаў: «Бывай, дачухна. Не ўздумайце мяне шукаць, бо нідзе не знойдзеце. А з вамі разам жыць не магу. Навошта вам хворы чалавек?»

А на світанні Алена з Віктарам пайшлі шукаць бацьку. Непадалёк ад дарогі на чыстым свежым снезе яны знайшлі не замецены яшчэ след. Ён быў не вытаптаны, а як бы ўмяты, і Алена пазнала, што гэта след ад тых валёнак, якія нядаўна бацька сам падшываў. Але дзіўна, чаму ён не ішоў па дарозе? Яны пайшлі па следу аж да самае Дылеўкі. Заўважылі, што там, дзе калісь стаяла хата Віктаравага бацькі, след збочыў амаль да самага берага Сіважары. У Дылеўцы яны не знайшлі старога, ды і след яго зусім згубіўся.

Калі Віктар з Аленаю вярталіся назад з Дылеўкі, паднялася завіруха. З рэчкі, як белая смуга, слаўся па зямлі дробны снег. Ён замёў і тыя сляды Міхеда, якія яны бачылі, ідучы ў Дылеўку.

1955


1955