epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Аўтограф

У зале было столькі людзей, што не прабіцца. Сем дзён мы падарожнічалі па прасторах нашай суседкі Латвіі. Пабывалі на ўзбярэжжы Рыжскай затокі, пакаталіся на рыбалавецкім катэры, адведалі гасціннасці рыбакоў, паглядзелі танцы, паслухалі песні Латгаліі, пахадзілі па руінах старажытнага замка ў Цэсісе.

Латвія! Якая ты любая, ласкавая і пяшчотная сястрыца нашай Беларусі! Я цябе зведаў, я цябе схадзіў салдацкімі нагамі ў часы навалы і ліхалецця. Тады ты мне здалася не такой вясёлай, жыццярадаснай, а трошкі сумнай, суровай і маўклівай. Гэта мо таму, што ў грудзях тваіх таіўся гнеў, пад чарапічнымі дахамі тваіх хутарскіх асад палала нянавісць да ворагаў, і табе не было як усміхацца. Гэтакай ты і асталася ў маёй памяці. Гэтакай я і насіў цябе ў сэрцы праз усе гады, што не бачыўся з табою. Перад вачыма і цяпер стаіць невялічкая латгальская вёска Аудрыні: попел яе сядзіб і гарачая кроў людзей, якой тады была шчодра напоена зямля.

Бачу! Усё бачу ў думках, і смутак-жаль гарачым камячком падкочваецца пад сэрца, а словы, якія мне хочацца сказаць гэтым добрым шчырым людзям, што прыйшлі на сустрэчу з намі, беларусамі, неяк даўка перасядаюць у горле, і іх цяжка-цяжка вымавіць. І я сілюся, сілюся, нельга ж маўчаць перад такой аўдыторыяй сяброў. Можа, тысячы вачэй глядзяць на мяне, тысячы вушэй гатовы лавіць маё кожнае, слова, якога я ў першы момант не магу ніяк вымавіць. Нарэшце праглынаецца даўкі камячок, і мне становіцца лёгка.

— Дарагія таварышы! Браты, сёстры, суседзі! Мне дорага ваша зямля, як і мая родная, беларуская. Я прайшоў яе з аўтаматам, я праліў кроў за вызваленне яе ад фашыстоўскай погані...

Гаварыў я доўга, хоць таварышы мае, якія сядзелі ў прэзідыуме, міргалі, ківалі мне: маўляў, не парушай рэгламенту — у нас было распісана, колькі каму і што гаварыць, колькі чытаць. Але я не мог утрымацца, каб у гэтай зале латгальскага гарадка не выказаць усяго таго, што было ў мяне на душы. І я гаварыў, мабыць, завельмі доўга, мо няскладна. Але мяне слухалі, і тая насцярожаная цішыня, у якой толькі зрэдку чуўся пошапак, неяк бадзёрыла мяне. Потым я чытаў вершы пра Латгалію, пра вёску Аудрыні, пра маладую латгалку, што гаіла мае раны, паіла крынічнай вадою. І дзіва: хоць я чытаў на чужой для гэтых людзей мове, мяне разумелі.

Вечар зацягнуўся да позняга. Яшчэ выступалі мае таварышы. Потым хор латгалак спяваў песні. У нацыянальным адзенні дзяўчаты былі такія прыгожыя, што ад іх нельга было адарваць вока.

Потым нехта з латышскіх сяброў-пісьменнікаў абвясціў, што мы будзем даваць аўтографы.

У вестыбюлі Палаца культуры было людна, зырка ўспыхвалі бліцы. Кожнага з нас акружылі дзяўчаты, працягваючы рукі з кніжкамі. І да мяне падбегла смуглявае, з глыбокімі, як бездань, вачыма дзеўчанё гадоў дванаццаці. У латышскім нацыянальным адзенні яно было падобна на маладую вясну, якою яе малююць мастакі на карцінках. Дзе бачыў я гэтае дзеўчанё? Вельмі ж мне знаёмыя вочы дзяўчынкі, глыбокія, праніклівыя. Яны, здаецца, аж свяціліся нейкім невідочным святлом радасці. Пявучым галаском дзяўчынка сказала:

— Дзядзька Сяргей, мама прасіла, каб вы напісалі ёй аўтограф,— і, мусіць, каб я не дапытваўся, адкуль яна ведае маё імя, дзяўчынка працягнула мне складзены ўчацвёра лісток паперы з вучнёўскага сшытка ў клетку.

Відаць было, што гэты лісток недзе доўга хаваўся і перахоўваўся, а можа, яго насілі за пазухай пад сэрцам, бо на канціках папера аж прашмылялася. Я разгарнуў лісток і ...

* * *

Наша часць на світанні асядлала невялічкую вілюжную шашу і мела далейшую задачу з ходу ўварвацца ў латышскі гарадок Вараклані. Світанне было яснае, і гарадок з яго чарапічнымі дахамі, з высокім гатычным шпілем касцёла нам быў відзён, як на далоні. Трошкі ўзбоч па правую руку ад пазіцый нашага батальёна сінеў лес. Здавалася, што нам трэба было толькі падаць рукой, і гарадок будзе наш. Але на вайне заўсёды столькі нечаканасцей, што нават самы таленавіты стратэг не можа іх прадбачыць. Здавалася, у гітлераўцаў не было ніякай падставы чапляцца за гэты гарадок. Ні ў стратэгічных, ні ў тактычных, ні ў якіх іншых адносінах ён не мае асаблівага значэння. Гітлераўцы, відаць, меркавалі інакш, бо як толькі мы выйшлі на рубеж высотак, што віднеліся за той роўняддзю, якую заняла наша часць, ціхія і, здавалася, мёртвыя гарбылі поля гэтак сыпанулі агнём, што мы вымушаны былі залегчы і акапацца на не вельмі зручным для нас рубяжы. Адтуль, з узгоркаў, праглядаліся навылёт нашы пазіцыі, і гітлераўцы безупынна малацілі па іх з мінамётаў і кулямётаў, прыціскаючы нас шчыльней да зямлі. Але і адыходзіць нам нельга на больш зручны рубеж, бо нашы суседзі пайшлі далей, і нам не было як бавіцца. На падмогу была выклікана артылерыя. Яна больш гадзіны абстрэльвала ўзгоркі. І ўсе ўжо думалі, што там і жывога нічога не засталося. Але як толькі мы падняліся для атакі, гарбылі поля зноў ажылі агнём. Прыйшлі танкі, і мы следам за імі рушылі ў наступленне. Аднак жа гітлераўцы як бы з-пад зямлі вылазілі. Яны адсеклі нас ад баявых машын і прымусілі адкаціцца на зыходны рубеж. Некалькі машын запалала, а астатнія вярнуліся назад. Дзённыя атакі захлынуліся. Надвячоркам былі выкліканы штурмавікі. Здалёк здавалася, што цяжкія ІЛы поўзаюць па зямлі і знішчаюць на ёй усё жывое. Як толькі вярнуліся самалёты, мы зноў падняліся ў атаку. Дайшлі да высотак, тыя зноў ажылі, азваліся агнём, праўда, ужо не такім інтэнсіўным, як раніцай. Аднак агонь быў яшчэ даволі моцны, і мы і на гэты раз вымушаны былі адысці на свае пазіцыі, пачаць іх умацоўваць, баючыся, што праціўнік не толькі будзе адбіваць нашы атакі, але і сам пачне атакаваць. Камандаванне наша ніяк не магло разгадаць намеры гітлераўцаў, і таму камдыў вырашыў умацаваць пазіцыі, правесці глыбокую і дасканалую разведку, дакладна ўведаць сілы праціўніка і паставіць канкрэтную задачу кожнаму падраздзяленню. Без разведкі не было чаго лезці на ражон і марна траціць жывую сілу і тэхніку, тым больш што ў наступленні мы неслі немалыя страты.

Увечары мяне выклікалі на камандны пункт камандзіра батальёна капітана Казярожца. У зробленым наспех бліндажы цьмяна свяцілася змайстраваная з гільзы газоўка. У бліндажы я ўгледзеў яшчэ двух салдат з першай і другой рот — Алеся Сеўрука і Генадзя Мілецкага. Гэта былі дужыя і абстраляныя салдаты. Капітан дапытлівым позіркам змераў мяне з ног да галавы, быццам упершыню ўбачыў, і сказаў:

— Сядайце, таварыш баец. Я вось чаго ўсіх вас паклікаў. Не думайце, што чай піць. Ёсць больш важная задача, для выканання якой трэба мець спрыт і, галоўнае, адвагу. Вы ўсе камуністы, і спадзяюся, што ў вас гэтыя якасці ёсць. Як вы сабе хочаце, а языка павінны дастаць мне. Але я вас папярэджваю: гэта справа выключна добраахвотная.

— Ёсць, таварыш капітан, дастаць языка! — дружна адказалі мы.

Капітан яшчэ доўга нам тлумачыў, паказваў на карце, дзе і як прайсці. Была аблюбавана для пераходу перадавой лініі мясціна ля самага лесу па правым флангу абароны батальёна. На карце было відно заштрыхаванае зялёным і засеянае рабаціннем двукосся невялічкае балотца. На думку капітана, тут не так густа сядзіць праціўнік, бо адтуль і ўдзень і ўначы не гэтак актыўна вёўся агонь. Потым мы здавалі дакументы, узбройваліся фінскімі нажамі, гранатамі і вяроўкамі, каб, калі трапіць нам язык, дык звязаць яго. Загадзя зрабілі кляп, якім меліся заткнуць рот, каб «язык» не лямантаваў.

Паўз самы лес імшарынай мы дзе ішлі, дзе паўзлі, баючыся, каб ні зброя, нішто нідзе не бразнула і не выявіла нас. Ішлі мы доўга, а мо толькі так нам здавалася, мо толькі для нас цёгся, бавіўся час. Недзе залапатаў аўтамат кароткай чаргой, недзе гэхнуў выбух гранаты. У неба агністаю пражай узвілася ракета. Адна, потым другая, і на момант стала так светла, што мы бачылі перад сабой сіваваты мох імшарыны. Мы думалі, што немцы заўважылі нас. Аж не! У начным небе чуўся трэск матораў нашых У-2. Яны падымаліся высока над пазіцыямі праціўніка, выключалі маторы і, планіруючы, сыпалі, як гарох, невялічкія бомбы, і тыя, ірвучыся ў начной наструненай цішыні, здаецца, бралі загрудкі зямлю і калацілі яе.

А мы, затачыўшыся ў мох, ляжалі, не варушачыся, амаль не дыхаючы. Нарэшце, як той казаў, на паляўнічага звер сам бяжыць: ціха гергечучы, ішлі проста на нас два гітлераўцы. Мы яшчэ шчыльней прыціснуліся да зямлі. Алесь Сяўрук выняў фінскі нож. Нам загадаў ён нападаць удвух на пярэдняга: вязаць яго, затыкаць у рот кляп і цягнуць, а ён адзін дасць рады другому. Толькі, барані божа, не страляць, нават не бразнуць зброяй. Гітлераўцы, не прадчуваючы небяспекі, ішлі спакойна, быццам на пагулянцы, нават нечага пасмейваліся.

Быццам віхура падхапіла нас з зямлі. Мы ўдвух з Мілецкім наваліліся на пярэдняга, вырвалі аўтамат, закруцілі яму назад рукі, але кляпа ніяк не маглі ўваткнуць у рот. Немец крычаў, роў, як той вяпрук, якога калолі і ніяк не маглі патрапіць у сэрца. І ў Сеўрука, мусіць, не ўсё ладна выйшла, бо ў валтузні мы пачулі два стрэлы, а потым немае вухканне чалавека і крык у перадсмяротнай агоніі. Неўзабаве мы з Генадзем усё ж далі рады свайму: звязалі назад рукі, заткнулі рот і ўзялі на плечы — Генадзь за галаву, я за ногі,— каб несці. Але ў гэты самы момант, мусіць, пачуўшы валтузню і стрэлы, немцы з акопаў пачалі прашываць ракетамі начную цемрадзь. Узнялася страшэнная страляніна: трасіруючыя кулі бліскучымі пункцірамі распісвалі чарнату ночы. Трасы куль былі скіраваны ў наш бок: значыць, нас выявілі. Заскуголілі міны, застракаталі кулямёты, нават недзе вухнула гармата. Бесперапынку ў неба ўзляталі ракеты, пакідаючы на ім агністыя прошвы. Не адстрэльваючыся, мы цягнулі свой цяжкі груз. І раптам — што гэта: як бы нехта з-за вугла нечым цяжкім аглушыў мяне па баку. Нешта ліпкае, гарачае разлілося па целе, і рукі, якія трымалі ногі гітлераўца, самі расчапіліся, ногі мае падламаліся, і я асеў на зямлю.

— Сяргей, што з табой? — спалохаўся Алесь Сяўрук, які, даўшы рады свайму гітлераўцу, падбег на дапамогу.

— Я, мабыць, паранены.

— То давай я хуценька перавяжу ды вазьму цябе на плечы.

Сяўрук фінкай распароў маю гімнасцёрку і цесна абвязаў рану бінтам з індывідуальнага пакета. Ён строіўся ўжо ўзяць мяне на плечы, але я зашаптаў:

— Не трэба, не трэба. Я сам дапаўзу. Вы нясіце яго. Ён вельмі патрэбен камандаванню. А я сам.

Я баяўся не за сябе, а за тое, што хлопцы не выканаюць заданне камандзіра і з-за мяне самі могуць трапіць у бяду.

— Хутчэй выбірайцеся адсюль, а я сам дапаўзу,— прастагнаў я.

— Паўзі пакуль за намі, а мы аднясём гэтага недавярка і прыйдзем па цябе. Абавязкова прыйдзем,— сказаў Алесь і кінуўся на падмогу Мілецкаму.

Я бачыў, як хлопцы паўзлі, валаклі на сабе гітлераўца, і стараўся з усяе сілы паўзці следам за імі. Потым іх ужо не было відно зусім.

А боль усё глыбей і глыбей працінаў цела. Здаецца, на мне не было ўжо ніводнай жывой мясціны. Чапляючыся рукамі за зямлю, беручыся за чубкі травы, я поўз і поўз, нават не ведаючы куды. Пада мною трашчалі сухія галінкі. Я натыкаўся на дрэвы, як на глухую сцяну, але не здаваўся, поўз і поўз. Каб дзе якой вады: смага агнём паліла нутро, вусны перасмяглі, аж патрэскаліся.

Ранняе ліпеньскае світанне, якое нахапілася неяк знянацку, заспела мяне ў густым ляшчэўніку. І ці то ад болю, ці ад яркага сонца я прыжмурыў вочы і як скрозь зямлю праваліўся.

...Сіні туман пакрысе сплываў з вачэй. Нечыя цёплыя-цёплыя рукі вывелі мяне з непрытомнасці.

— Маўчыце, маўчыце,— шапталі нечыя вусны.

На момант здалося, што вярнулася маё дзяцінства і нада мною схілілася маці, быццам мяне ўкрывае і ўгаворвае, каб я не жахаўся ў сне, а спакойна сабе спаў.

— Не бойся, не бойся,таварыш, я свая. Вас ніхто тут не знойдзе. Немцы пайшлі адсюль. Я ўжо два дні вас пільную.

А бой нема чуўся далёка, у тым баку, адкуль ішлі нашы. Значыць, немцы пацяснілі нашых, і цяпер ніхто не прыйдзе па мяне.

— Хто вы?

— Я ніхто, я тутэйшая, з мызы пана Смілгаса. Вунь пад самым лесам яна. Адсюль відна.

— З якой мызы? — не разумеючы, дапытваўся я.

— Піце, піце,— гаворыць жанчына і лье мне ў рот нешта цёплае. Здаецца, само здароўе ўліваецца ў цела, і я спрабую павярнуцца, але няшчадны боль зноў скаланае душу і стогнам зрываецца з вуснаў.

— Ціха, ціха, таварыш. Як змеркнецца, я перанясу вас на мызу, схаваю, пакуль прыйдуць нашы.

— Хто вы? — зноў пытаюся я.

— Я ніхто. Я парабчанка пана Смілгаса. Пан з паняй уцяклі ад вайны, а мяне пакінулі вартаваць гаспадарку.

Я ніяк не мог зразумець, хто ж такая яна. Як у сне, бачыліся Сяўрук, Мілецкі, здаравенны немец з кляпам у роце.

— Дзе яны?

— Хто?

— Хлопцы нашы.

— Тут ніякіх хлопцаў не было. Як аціх бой, я выйшла з мызы ў лес і знайшла вас тут. Вы не бойцеся, я свая.

Абмацваю, ці ёсць у мяне зброя, але аўтамата няма. Неспакой, балючая трывога б'юць у сэрца: што ж я буду рабіць, калі сюды натрапяць фашысты, адбіцца няма чым, астаецца ў лапы смерці лезці.

— Дзе мой аўтамат? — трывожна дапытваюся ў дзяўчыны.

— Не ведаю, не бачыла вашага аўтамата. Ціха, ціха, от няхай толькі змеркнецца, я вас схаваю ад варожага вока. ’

Кволыя дзявочыя рукі сцягвалі з мяне ашмоцце гімнасцёркі, аддзіралі закарэлыя бінты, і хоць дзяўчына рабіла ўсё асцярожна, мне здавалася, што яна здзірала не бінты, а жывую скуру. Я войкаў і нават ускрыкваў.

— Пацярпі, пацярпі,— казала дзяўчына, але я не мог выцерпець боль. І яна дакарала: — А яшчэ мужчына.

Змярканне надышло не адразу. Спачатку на зямлю мякка апала сіняватая смуга, а потым высыпалі на небе зоры, і запанавала такая сцішанасць, што я, здаецца, аж аглух ад яе. Можна было падумаць, што на свеце нідзе няма ніякай вайны, адно от толькі мы з дзяўчынай ды гэты нясцерпны пякучы боль. Здавалася, што баліць не толькі мне, але і ёй, але яна больш цярплівая, ні на што не скардзіцца, не наракае. Тым часам дзяўчына аберуч падымала мяне пад пахі, ставіла на ногі, мусіць, хочучы, каб я пайшоў сам. Але цела маё было цяжкае-цяжкае, яго не маглі ўтрымаць ногі. Тады яна, паднатужыўшыся, неяк вельмі ж спрытна ўзваліла мяне на плечы.

На вышках, куды прынесла мяне дзяўчына, была намошчана з духмянага сена пасцель. Зыгмунта — гэтак звалі дзяўчыну — прыносіла мне есці. Яна перабінтоўвала мне рану, прамывала яе, немаведама дзе даставала лякарствы. Аднаго разу Зыгмунта прывяла на вышкі нейкага пажылога мужчыну і сказала мне:

— Не бойцеся, гэта наш доктар. Ён свой чалавек.

Доктар вельмі ўважліва, але маўкліва агледзеў мяне і сказаў на ломанай мове:

— Нічога страшнага не знаходжу, адно што толькі асколкі сядзяць, і тут іх не вымеш, ды крыві многа страчана.

Доктар пакінуў Зыгмунце бінты, ёд і яшчэ нейкае лякарства. На развітанне сказаў:

— Трэба, каб ён добра харчаваўся, гэта яго падтрымае.

Харч у мяне сапраўды быў добры, пакуль не вярнуліся на сядзібу Смілгасы. Зыгмунта папярэдзіла мяне, каб я быў асцярожны і нічым не выдаў сябе. Дзяўчына радзей пачала паяўляцца на вышках, а калі і прыходзіла, дык вечарамі, як гаспадары клаліся спаць. А неяк мы ўсю ноч прасядзелі, і яна расказала мне ўсё пра сваё жыццё.

Калі Зыгмунта была яшчэ зусім маленькая, яе бацьку, Віліса Канзаса, рабочага аднаго з рыжскіх заводаў, забрала ульманісаўская паліцыя. Яго высачылі агенты, калі ён раздаваў рабочым камуністычныя лістоўкі. Бацьку тады запраторылі ў турму, а маці, не маючы сродкаў на існаванне, забрала Зыгмунту і з’ехала сюды, на Смілгасаву мызу, і нанялася парабчанкай. Працавала яна зацята, не лічылася ні з часам, ні з сілаю, абы пракарміцца. На рабоце падарвала здароўе і аднаго разу не вярнулася з поля, гэтак на рабоце і памерла. Зыгмунта засталася адна. Яшчэ зусім падлеткам дзяўчына наганяла крывавыя мазалі на гаспадаровай рабоце, баючыся, каб гаспадар хоць не выгнаў, клапоцячыся, каб хоць перападаў ёй які кавалак хлеба.

Адно і пажыла, параскашавалася Зыгмунта, калі ў саракавым годзе прыйшла была Савецкая ўлада. Потым зноў беспрасветны морак. Гаспадар Смілгас стаў яшчэ люцейшы, ён як бы хацеў спагнаць з Зыгмунты за тое, што былі абрэзалі яго зямлю і параздавалі батракам, быццам гэта рабіла не Савецкая ўлада, а яна, Зыгмунта. Мужчыны-парабкі, як толькі навалакліся фашысты, паразбягаліся хто куды, а ёй не было куды дзецца, і яна засталася на гаспадаровай рабоце. Потым неяк пазней ужо, на другім годзе акупацыі, да яе з’явіўся сувязны з партызанскага атрада. Ён параіў Зыгмунце быць перад гаспадаром рахманай, пакорнай, каб ён паверыў, што яна па сваёй жаночай пакладзістасці і бездапаможнасці спрыяе яму. А тым часам яна, Зыгмунта, павінна прыглядацца да ўсяго, дзе што робіцца ў фашыстаў, і пераказваць партызанам. Гэтак Зыгмунта стала працаваць на партызан. Перад гаспадаром яна была ніжэй травы і цішэй вады — ніколі ні ў чым не пярэчыла яму, рабіла за траіх і ўвайшла ў такі давер у Смілгаса, што той на яе спадзяваўся, можа, больш, як на самога сябе, відаць, думаючы: «А што ёй рабіць, небарацы, асталася яна бяздомкам, няма да каго прыгарнуцца ні целам, ні душой, дык яна і горнецца да мяне».

Смілгас быў мужчына стараваты ўжо, азызлы ад цельпухаватасці. Але аднаго разу, падпільнаваўшы, калі Зыгмунта была адна ў аборы, падкраўся ззаду і спрытна кульнуў дзяўчыну на зляжалае леташняе сена. Неспадзявана для Смілгаса ў Зыгмунты знайшлося столькі сілы, што ад яе штуршка стары юрлівец адляцеў, як мех, бразнуўся вобзем і аж заенчыў. Гаспадар, мусіць, думаў, што дзяўчына наробіць гвалту, і вельмі баяўся, што пачуе жонка, тады ён не абярэцца бяды. Здзіўленымі, спалоханымі вачыма глядзеў на парабчанку і чакаў ад яе ўсяго, толькі не таго, што пачуў:

— Даруйце, гаспадар, я, мабыць, вас трошкі выцяла. Але ж вы самі вінаваты. Не трэба цяпер, не той час. На свеце гэтакая калатнеча, а вы з любошчамі. Няхай, другім разам, лепшым часам.

Смілгас, лыпаючы вачыма, як той кот, што з’еў чужое сала, глядзеў на Зыгмунту: значыць, усё абышлося добра, значыцца, ёсць надзея, што яе дзявочае хараство не міне яго рук.

Зыгмунта сама не ведала, як гэты недарэчны канфлікт з гаспадаром пойдзе ёй на карысць: ці то тым, што яна напалохала Смілгаса сваёй рашучай непадатлівасцю, ці мо той спадзяванкай, якую яна знарок кінула тады, каб гаспадар не стаў да яе воўкам. Дзяўчына гэтак узяла пад сваю ўладу Смілгаса, што магла рабіць з ім усё, што б толькі ёй ні захацелася. Аднак Зыгмунта не скарыстоўвала гэтай сваёй улады, яна, як і раней, ціхмана, рахмана рабіла тое, што ёй трэба было не толькі па гаспадарцы, але і для тых, пра каго гаспадар нічагусенькі не ведаў.

Гэтак Зыгмунта і жыла: з аднаго боку ў паняверцы, а з другога, маючы нікім не дадзеную ёй, а ўзятую толькі жаночай прынаднасцю ўладу над гаспадаром. Але цяпер з-за таго, што я ляжаў тут, на вышках, яна баялася гаспадара. Баялася не так за сябе, як за мяне, бо каб Смілгас даведаўся, то пэўне пабег бы да фашыстаў, і тады б не знасіць ні мне, ні маёй апякунцы галавы.

А бою нешта не было чуваць. Ён як аддаліўся ў тую ноч, калі мяне абязвечыла, дык і не чуўся больш ні грымотамі выбухаў, ні траскатнёй аўтаматаў. Зыгмунта старалася даведацца, што дзеецца на гэтым участку фронту, але нічога пэўнага нідзе не дачулася і нічым не магла ні падбадзёрыць, ні ўсцешыць мяне. Адно хіба сваёй дзявочай ласкаю, шчырасцю, клопатам. Кожнае ночы амаль да самай поўначы яна праседжвала на вышках. Я дык ужо казаў Зыгмунце, каб яна не хадзіла сюды, але дзяўчына сказала мне:

— Цябе я не магу пакінуць, Сярожа, ты мне гэтакі дарагі стаў.

Зыгмунта нахілілася да мяне, гарачая сляза ўпала на маю шчаку. Я не сціраў яе, і мне здалося, што яна трымціць, перакочваецца, як жывое срэбра.

— Любая, супакойся, не трэба плакаць, не трэба. Зыгмунта як бы і не слухала, яна прыпадала гарачымі вуснамі да майго твару, аблівала слязой шчацінне барады, казытала валасамі грудзі і шаптала на сваёй латышскай мове. У гэты час пад адрынай застракатаў аўтамат і пачулася ў самой ужо адрыне: ,

— Хэндэ хох! Хэндэ хох! Ёсць хто жывы?

— Мы свае, таварышы! Мы тут жывыя! — апантана закрычала Зыгмунта і кулем кінулася з вышак. — Як мы доўга вас чакалі, таварышы,— чулася ўжо ўнізе. — Там, на вышках, ваш паранены.

Салдаты насцярожана, трымаючы перад сабой аўтаматы, лезлі па драбінах. Я, як толькі ўгледзеў сваіх салдат, закрычаў як сам не свой:

— Таварышы, родныя мае!

Памкнуўся быў устаць, але тупы боль скалануў цела, і я цяжка асунуўся на пасцель, на якой, не ўстаючы, праляжаў больш за два тыдні. А на дварэ была такая ясная раніца, якой мо даўно не бачыў свет: праз шчыліны чарапічнага даху на гарышчы снавалася залацістая сонечная пража. І я пачуў сябе так, як некалі ў маленстве ў дзень найвялікшага свята, калі чакаеш нечага незвычайнага і прымаеш звыклае за выключнае.

Салдаты паглядзелі на мяне, папыталі сёе-тое. На іх запытанні больш адказвала Зыгмунта, не даючы мне вымавіць слова. Калі салдаты злазілі па драбінах з вышак, у адрыну падышоў гаспадар Смілгас. Ён узлез на вышкі і ваўкавата глядзеў то на мяне, то на Зыгмунту. Я зірнуў на яго ваўкаватасць і падумаў: каб гэта было ўчора ці заўчора, ён бы паказаў сваю сілу і ўладу. А сёння ён ніца пазіраў на шчаслівую ўсмешку Зыгмунты, на маю ўзрушанасць. Зыгмунта, мусіць, знарок, каб выклікаць у гаспадара шаленства, пацалавала мяне. Смілгас плюнуў сабе пад ногі, аж расцёр, і моўчкі, як ваўкалак, пасунуўся ўніз.

— От і апошні дзень нашага шчасця,— задуменна вымавіла Зыгмунта.

— Чаму апошні? Гэта ж мо першы, Зыгмунта, любая.

— Апошні,— зноў вымавіла яна.— Цябе забяруць адсюль, і мы з табой больш ніколі не пабачымся.

— Пабачымся, любая, я ачуняю ў шпіталі, кончыцца вайна, тады мы з табой не раз сустрэнемся.

— Ты нават і не падумаеш пра мяне.

— Любая мая, я ўвесь час думаў пра цябе. Ты такая харошая, што пра цябе нельга не думаць.

Я дастаў з-пад галавы планшэцік і выняў з яго вучнёўскі сшытак у клетачку.

— На от прачытай, пераканайся, што думаў пра цябе.

Зыгмунце цяжка было чытаць на чужой мове, і хоць яна не разумела ўсіх слоў, вочы дзяўчыны свяціліся радасцю.

— Ты не разумееш, я табе растлумачу.

Я чытаў уголас складзены мною верш пра латгалку, якой салдат гатовы назаўсёды аддаць сваё сэрца, і Зыгмунта слухала, як зачараваная. На яе круглых глыбокіх вачах трымцела слязінка радасці.

Потым прыйшлі з насілкамі салдаты, узвалілі мяне на іх. Зыгмунта памагала ім. Моршчачыся ад болю, я глядзеў на дзяўчыну і бачыў, як перасмыкнуўся яе твар. Ёй таксама, мабыць, было балюча, бо дзве слязінкі блішчалі ў куточках вачэй.

* * *

На збуцвелым ад часу аркушыку паперы ў клетку, які мне падала дзяўчынка ў латышскім адзенні, я ўгледзеў аўтограф таго самага верша, які я чытаў апошнім на гэтым вечары сустрэчы. І я здагадаўся, што тая дзяўчынка была не хто іншая, як дачка Зыгмунты. На яе твары было відаць падабенства з Зыгмунтай: праніклівыя глыбокія вочы на трошачкі прадаўгаватым твары, русявыя кучары валасоў, колер якіх ніяк не пасаваў са смугласцю твару.

— Як цябе завуць? А дзе мама?

— Наталі. А мама з татам вунь там, ля кніжнага кіёска, чакаюць вас.

Дзяўчынка праз людны вестыбюль павяла мяне да сваіх бацькоў. А я ў думках на момант угледзеў тыя слязінкі, якія тады трымцелі, як жывое срэбра, на вачах Зыгмунты. Мне стала чамусьці балюча, што другая наша сустрэча адбылася не тады, адразу ж пасля вайны, а адбудзецца цяпер, больш як праз шаснаццаць год. Але жыццё ёсць жыццё.

1961


1961