epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Мезены палец

Урочышча Гарэлае гала было за свет ад сядзібы дронькаўскага калгаса «Пяцігодка». Мужчыны ведалі, што ў канцы чэрвеня ці ў пачатку ліпеня трэба добра адклёпваць косы, напакоўваць торбы правіянтам і выпраўляцца як бы ўпрочкі ад жонак, ад матак і каханак з панядзелкавай раніцы да самага суботняга вечара. Калісь, як яшчэ жылі пры аднаасобніцтве, ды і ў першыя гады пры калгасе, звычайна ў панядзелак на світанні з Дронек выязджаў цуг фурманак. На сонцы срэбрам паблісквалі добра адклёпаныя косы, у прасторы луналі песні, і нейкая малайцаватая зухаватасць захапляла нават старых дронькаўскіх мужчын. Гэта было як бы якое свята, асабліва для тых малых падшывальцаў, якія падвозілі мужчын да Міхнаўскага пералазу, адкуль яны ўжо ішлі пеша па балоце, несучы на сабе торбы, косы, граблі і насілы, бо далей ніяк нельга было ехаць — коні грузлі ў балоце па самае чэрава. А малыя падвозчыкі вярталіся адны без мужчын, гонячы коней навыперадкі адзін перад адным. Пазаганяюць, бывала, коней так, што тыя ўжо ў мыле ледзь дацягваліся да Дронек. Цяпер гэтага ўжо няма. Дронькаўскі калгас асушыў за Міхнаўскім пералазам балота, і машыны ідуць па ім, як па асфальце, аж да самага Гарэлага гала. Але завядзёнка выязджаць на сенажаць на цэлы тыдзень асталася і цяпер.

Думалі, што новы старшыня «Пяцігодкі» Спірыдон Цукровік, чалавек вельмі сталы, разважлівы і сур’ёзны, палічыць непатрэбным выбірацца лагерам на цэлы тыдзень і скасуе гэтую даўно ўсталяваную звычку. Асабліва баяўся Анісім Корчык, гэта той самы хлопец, які яшчэ нядаўна быў першым завадатарам гульні ў перагонкі, а цяпер падрос ужо і стаў добрым касцом. Але ў ім яшчэ жыла хлапечая зухаватасць, і ён як бы баяўся страціць яе, нібы з гэтай самай зухаватасцю ён траціў і юнацтва, з якім заўсёды і кожнаму цяжка развітвацца.

Корчык чамусьці недалюбліваў новага старшыню, можа, за яго сур’ёзнасць, праз якую яму нельга было пасушыць зубы са старшынёй і пры яго воку нельга было пацвеліцца з дзяўчатамі. Анісім нават мянушку яму прыдумаў: сухар чэрствы. Старэйшыя людзі то, канечне, не маглі гэтак казаць на свайго старшыню. Ён заўсёды быў з імі ў полі, а цяпер от прыехаў на сенажаць. Адным словам, відно было, што гэта гаспадар, а не які лайдачына, і людзі нават з першага часу пачалі паважаць і шанаваць у Цукровіку гэтую яго добрую якасць. А што ён там не вельмі гаваркі, дык клопат вялікі, абы вока гаспадарскае меў. Адно от гэты Анісім Корчык, смяюн і забіяка, нешта мае да старшыні, кпіць за вочы і часцяком нават прабуе ў вочы. З тым ранейшым дык ён запанібрата быў. Разам самагонку жлукцілі, а з гэтым ніяк не можа пабратацца.

Звечарэла, і касцы сабраліся па Піліпаў груд да вогнішча, на якім варылася ў вялізным казане вячэра — прэў у густым крупніку цэлы баран. Зачаліся розныя гаворкі, розныя гісторыі, і найбольш іх расказваў Анісім Корчык. У яго гэта выходзіла як па пісаным. Ён любіў пакепліваць нават над старымі мужчынамі, і цяпер, ці то хочучы выказаць сваю дасціпнасць перад старшынёй, Корчык пачаў ужо ў каторы раз менціць язык аб куцапалы мезенец дзядзькі Адама. Гісторыя гэтага пальца далёкая і вялікая: дзядзька вярнуўся без яго яшчэ з грамадзянскай вайны. Але Корчык пра ўсё гэта расказваў па-свойму.

— А от пра мезены палец аднаго чалавека вы, мусіць, і не чулі яшчэ? — пачаў Корчык, хітравата зірнуўшы на дзядзьку Адама, так, што той здагадаўся, пра каго будзе ісці гаворка.— Нябожчыца Ёўга, як яшчэ была маладая, адхапіла яго, ну, не раўнуючы, як пілой. Ён, значыцца, прыйшоў дадому пад добрай мухай і з п’янага глузду ўсчаў у хаце калатнечу. А нябожчыца Ёўга была такая, што не кладзі ёй палец у рот. Толькі гэта ён узяў дзяжку і джыгануў ёй жонку, яна на яго асой наляцела і джыг зубамі за палец, і мезенца як і не было, нібы ён і не рос у чалавека.

Мужчыны цыкалі на Корчыка, каб ён не вельмі разбрэхваўся, шморгалі яго за крыссе каптана, але не такі Корчык чалавек, каб змоўкнуць, недакончыўшы таго, што пачаў. Ды, праўду сказаць, і мужчынам каторым цікава было паслухаць, паглядзець, як дзядзька Адам усхопіцца і счубіцца з Корчыкам за несусветную брахню. Але на гэты раз дзядзька Адам патупіў вочы і зрабіў выгляд, што нібы і не пра яго ідзе гаворка. Ён толькі адно буркнуў:

— Ат, мялі, Корчык, язык у цябе без касці, а галава без розуму.

— Ён заўсёды з сваім языком улезе і менціць немаведама што,— умяшаўся ў размову каржакаваты, немалады {ўжо мужчына Піліп Здаравец.

— Дык, можа, і пра вас гэта брэшуць? — перакінуўся з дзядзькі Адама на Піліпа Здараўца Корчык.

— І пра мяне ўсё, што ты ні скажаш, брахня.

— Людзі добрыя, вы чуеце? — звярнуўся да мужчын Корчык.— Дзядзька Піліп кажа — брахня, што ён калісь, як быў яшчэ аднаасобнікам, не меў крошкі сала.

— А не вельмі-то і меў. Сала ж не лыка, з ліпкі не надзярэш яго. А свіней гадаваць хіба было чым?

— Я ж і кажу. А вы ж на гэтым самым грудзе калісь варылі сабе юшку з цыбуляй, а каторыя з салам, і ўсё сваю бабку Марфачку лаялі, што яна салам запаскудзіла казан. А таго сала ў вас і звання не было. Хацелі толькі пафанабэрыцца, што і вы ад багачоў недалёка адскочылі.

— Няпраўда, нічым не фанабэрыўся я. Брэшаш, Анісім, цябе ж яшчэ тады і на свеце не было,— дабрадушна ўшчуваў манюку Піліп Здаравец.

— Мяне не было, дык другія былі. Старыя людзі добра ведаюць вашу завядзёнку фанабэрыцца нават тым, чаго вы ніколі не мелі. Яны і мне ўсё гэта пераказалі, а я цяпер старшыні ўсё гэта кажу, няхай і ён ведае, які вы стары манюка і фанабэра.

— Дык мне цяпер такі і ёсць чым фанабэрыцца, жыву сабе як той пан, хоць на мне і сялянскі жупан.

Цукровік чамусьці не звярнуў увагі на казань пра Піліпаў скаромны казан, мо таму, што Корчык не вельмі ўдала расказваў. Старшыні больш рупіла гісторыя пра Адамаў мезены палец, і ён, як толькі настаў перапынак у перастрэлцы словамі паміж Корчыкам і Піліпам Здараўцом, уставіў сваё:

— Дык ты, таварыш Корчык, ведаеш адну гісторыю пра мезены палец, а я ведаю другую, зусім іншую, і не брахню, а чыстую праўду. Ты кажаш, жонка адкусіла палец? Добрая, відаць, у вас, дзядзька Адам, джыгалка была?

— Брэша, дый годзе, гэты Корчык. Ён пра каго хочаце можа збрахаць так, што веры дасі,— уставіў як у апраўданне і сваё і дзядзькі Адама Піліп Здаравец.

— Раскажыце нам, таварыш старшыня, пра той палец,— папрасілі мужчыны.

— Няхай, можа, другім разам, бо гэта доўгая і страшная казань. Проці ночы расказваць не хочацца.

— Мы не пужлівыя, мы таксама сёе-тое бачылі,— азвалася разам некалькі мужчын.

— Ну то калі не вельмі баіцеся, дык, можа, і раскажу.

Вечар быў ціхі-ціхі. Над сонным балотам яшчэ сям-там абзываўся які-небудзь начны птах. Цішыня цадзілася, здаецца, з высокага цёмнага летняга неба, на якім рэдка-рэдка выступалі зоркі, з навакольнага лесу, што абгінаў цёмнай падковай Гарэлае гала. Толькі час ад часу ў рэчцы плюхала хваля, мо падскоквала якая рыбіна. Ціха было і ля вогнішча. Адно патрэсквала сухое ламачча на агні, і ад гэтага рабілася неяк дамавіта і незвычайна казачна. Спірыдон Цукровік прыпаліў ужо ад галавешкі трэцюю папяросу. Сяды-тады ён закашліваўся, і мужчыны чакалі, калі пройдзе той кашаль. Анісім Корчык, які спачатку быў далекавата ад вогнішча, уюном пралез праз увесь гурт да старшыні, прылёг, успершыся шчакой на правую руку, і глядзеў старшыні ў рот, нібы ён хацеў не толькі чуць, але і бачыць кожнае слова. І як яму ні карцела перабіць старшыню, перапытаць у яго што-небудзь, ён не асмельваўся ўставіць сваё слова. А гаворка лілася і лілася, як вясновы ручай. Мужчыны каторыя ўздыхалі, каторыя, старэйшыя, божкалі, спачуваючы таму, пра каго расказваў Цукровік.

...Уся пушча ў партызанскіх руках была, немцам туды паткнуцца не давалі. У лесавых вёсках як была Савецкая ўлада, так і засталася. А на бліжэйшыя ад пушчы гарнізоны брыгада дзядзькі Тамаша таксама наводзіла жах. Колькі перабіла яна, пералавіла, як тых сонных курэй, эсэсаўцаў, паліцаяў, колькі папаўзрывала рэек і, мусіць, ужо такі даняла фашыстаў, што яны аж з фронту знялі дывізію і пусцілі, каб партызан у блакаду ўзяць.

— Цэлы тыдзень вяла брыгада няроўны, бой. Не пускала фашыстаў у лес, а яны наважылі, як бы там ні было, разбіць брыгаду. Самалётаў напусцілі, танкаў. Цэлы дзень бамбілі партызанскі лагер, усе буданы паразбівалі, а потым пайшлі ўжо атакаю. Партызаны залеглі на ўскраі пушчы і чакалі, каб не пусціць фашыстаў у сярэдзіну лесу. Ды трэба сказаць, немцы і самі не вельмі патыкаліся ў лес. Перад невялічкай палянкай, непадалёк ад рачулкі-балацянкі завязаўся бой. Трымаў абарону там наш адзін атрад. Пяць атак адбіў ён, а ў шостую сам пайшоў.

І вось тады і здарылася: нямецкая куля прабіла камандзіру нагу вышэй калена. Трэба весці атаку, а ён не можа. Паспрабаваў бегчы і ўпаў потырч. Фашысты бачаць, што ў партызан нявыкрутка, усім гамузам кінуліся. Колькі на той палянцы наклалі іх, як снапоў абмалочаных, але ж і нашы не ўтрымаліся. Нехта з партызан падбег да камандзіра, каб мо ўзваліць на плечы і панесці яго, але непадалёк і сам упаў, як падкошаны. Камандзір хацеў ужо жыцця рашыць сябе, пусціць кулю ў лоб, але не паспеў. Бачыць ён, аж ля трупаў ходзіць даўганогі, худы-худы, як трэска, эсэсавец. Хацеў як-небудзь злажыцца ды з пісталета кулю пусціць у фашыста. Але ніводнага патрона ў абойме не асталося. А той ходзіць каля забітых, каля параненых,— хто яшчэ жывы, таго дастрэльвае. Не толькі нашых, нават сваіх. Гэтакі гад, мусіць, быў. Падышоў да камандзіра. Бачыць, той ляжыць, падплыўшы крывёю. Абшныпарыў кішэні, забраў пісталет. А камандзір і не дыхае, пласт-пластом ляжыць. Немец навёў на грудзі пісталет, хацеў, мабыць, стрэліць, але і ў яго, відаць, выйшлі патроны. А чалавек ужо не мог трываць, каб не застагнаць ад болю, не задыхаць, бо ўжо колькі часу ляжаў, не дыхаючы. Як на тое ліха ў камандзіра на мезеным пальцы быў залаты пярсцёнак. Яшчэ да вайны абмяняліся з дзяўчынай — ён свой даў вялікі, а яна свой маленькі, і ён як надзеў яго на мезенец, дык колькі ні спрабаваў зняць, гэтак і не зняў, аж, здавалася, у мяса ўрос... А фашыст усё падазрона глядзіць, мусіць, гад, скмеціў той падарунак. А потым камандзір бачыць, немец нож дастае. Ну, думае, канцы. З белым светам у думках развітваецца. За якую мінуту ўсё жыццё ад самага маленства ўспомнілася яму, прабегла ў памяці, як самае дарагое і беззваротнае. Нават тыя скрухі, якія часам былі, здаліся нечым харошым-харошым. Успомнілася маці, яе развітальныя словы: «Ты ж беражы, шануй сябе, сынок, пад кулю не лезь». Дык от жа пад кулю не падлез, дык пад нож, як той баран. Трэба было ж як-небудзь адпаўзаць, не зважаючы на боль. Паддаўся болю, дык цяпер не бойся смерці. Глядзі ёй у вочы і не маргні. Інакш убачаць, што ты жывы, тады пакуты ў палоне. А так хоць адразу смерць. А эсэсавец стаіць, глядзіць на акрываўленага чалавека. Потым падышоў, узяў левую руку, паспрабаваў зняць пярсцёнак, але ён не здымаўся. Тады ён узяў дый адхапіў нажом мезены палец.

У Корчыка падламілася рука, якой была падперта галава.

— Як жа ён вытрываў такі боль? — зжахнуўся Корчык.

— Жыць хацелася, жыць трэба было, дык і вытрываў. І ты вытрываў бы, каб давялося.

— Не кажыце, не вытрываў бы ён. Ён толькі каля дзевак маладзец ды кепікі строіць майстар,— уставіў сваё дзядзька Адам.

— ...А камандзір, сцяўшы зубы, змоўчаў, як бы і сапраўды нежывы быў. Ні адзін мускул не здрыгануўся, ні адзін волас не варухнуўся. Яму і голас нешта перахапіла, хоць бы ён і хацеў крыкнуць, дык голасу не было. Ён ужо сам, мусіць, не мог зразумець, ці жывы ён, ці мёртвы. Думаў, можа, гэта смерць такая. Ніхто ж не ведае, як яно пасля смерці бывае. А фашыст адрэзаў мезенец, садраў пярсцёнак, а палец кінуў у траву.

Бой ужо грымеў недзе далёка па ўсім лесе, і нельга было зразумець, дзе нашы, а дзе фашысты. Неўзабаве немцы падагналі фурманку і пагрузілі на яе чалавек з дзесяць забітых карнікаў, навысякалі бярозавых комлікаў, мусіць, на крыжы і паехалі. У густой траве асталося толькі трупаў пяць нашых. Камандзір расплюшчыў вочы і пабачыў вакол сябе забітага напавал Рыгора Комліка, свайго смелага разведчыка і лепшага сябра, які кінуўся быў ратаваць ад смерці камандзіра.

Бралася ўжо на вечар. Туман клубамі каціўся па лясных лагчынах, па палянках. Патыхала вільгаццю ад недалёкай рачулкі. Параненая нага ў камандзіра была як калода. Паспрабаваў павярнуць яе, і нечалавечы боль аж у мозг стрэльнуў. Кроў, хоць крыху і запяклася, але ўсё ж не спынялася. Трэба было чым-небудзь раны перавязаць. Але чым? Як? Трэба было і адпаўзці куды-небудзь, а то яшчэ адумаюцца і вернуцца назад немцы, бо непадалёк чулася іх швергатанне, чуліся рэдкія стрэлы. Відаць былі вогнішчы. Значыць, карнікі не збіраліся пакідаць лесу. Мусіць, думалі і назаўтра весці бой на поўнае знішчэнне партызан.

— А чаму ж партызаны не прыйшлі па свайго камандзіра? — спытаў нецярпліва Корчык.

— Яны думалі, што камандзір мёртвы, а пасылаць людзей па труп на верную смерць не разумна было б. Канечне, каб яны ведалі, што камандзір толькі паранены, знайшлі б які спосаб выручыць яго.

— От жа, брат, чалавеку далося гора пакаштаваць,— паспачуваў камандзіру Піліп Здаравец.

— Не кажы ты, на вайне яшчэ і не такое бывае. Гэта ж як мне тады ў грамадзянскую вайну палец адбіла,— умяшаўся ў гаворку дзядзька Адам, мусіць, хочучы ўсё-такі абвергнуць перад старшынёй Корчыкаву хлусню пра яго мезенец і ў каторы раз расказаць даўно вядомую гісторыю. Але мужчыны не далі Адаму гаварыць, і ён, нездаволена чмыхнуўшы, змоўк.

— А як жа ён, небарака, выбраўся з таго пекла ці, можа, загінуў? — спытаў нехта з касцоў.

— Выбраўся і не загінуў,— гаварыў далей Цукровік.— Як толькі добра ўцямнела, дык ён, беручыся здаровай рукой за траву, за ядлоўцы, папоўз да ракі. Возьмецца гэтак рукой, падцягнецца і адпачне крыху. Немцы ўжо заціхлі. Чутно было, хадзілі толькі вартавыя ды дазорцы. Яны таксама баяліся. Баяліся партызан, баяліся лесу, баяліся нашай-зямлі, нашага неба, бо ўсё яно чужое і варожае было для іх. А камандзір поўз па роднай зямлі, прыпадаючы да яе, як да ратунку. Сяк-так дацягнуўся да рэчкі, напіўся вады, і яму зрабілася лягчэй, як бы ён гаючага чаго выпіў. Зняў сарочку і цесна-цесна закруціў рану на назе. Але боль не ўнімаўся. Ён, здавалася, пранізваў навылет усё цела. Чалавек ужо ніяк і нічым не мог змагацца ні супраць таго болю, ні супраць той абыякавасці, якая паволі апаноўвала яго. Хоць ён і ўсведамляў, што абыякавасць — гэта смерць, але што ён мог зрабіць, калі не было сілы ні ўстаць, ні пайсці, ні хоць бы папаўзці. Здавалася, на тое, каб дапаўзці да рэчкі, ён страціў увесь запас энергіі. Ён ужо не мог нічога ні думаць, ні спадзявацца на што, апроч смерці, бо толькі яна адна магла вырваць яго з пакуты, заглушыць боль, навекі ўціхамірыць сэрца, думкі, кінуць чалавека ў небыццё. І як ні дзіва, у яго ўжо не было ні страху, ні жалю. Хацелася адно — хоць дачакацца відна і яшчэ хоць раз зірнуць на белы свет, развітацца з ім. Але ён не дачакаўся раніцы: усё — і лес, і рэчка, і ён сам, і зямля, і неба — як бы правалілася ў бездань.

— Дык ён памёр? — нецярпелася Корчыку.

— Можа б, і памёр, калі б не выбухі гранат, не страляніна, якая ўсчалася там. Яна яго абудзіла. Ён апрытомнеў і ўбачыў над сабой камандзіра брыгады, адчуў, як брыгадны доктар нечым націраў яму скроні, нешта даваў нюхаць пад нос.

— Значыцца, нашы падаспелі? — спытаў дзядзька Адам.

— У час падаспелі. Адзін з байцоў атрада выказаў думку, што, можа, жывы іх камандзір, што, можа, яго забралі ў палон і мучаць там. Камандзір брыгады прыняў рашэнне: перагрупаваць сілы і кінуць брыгаду на выручку таварышу. Заспелі немцаў знянацку і гэтакага пытлю ім далі, што яны адцураліся і сваіх мінамётаў, і кулямётаў, а той даўгавязы карнік, які адрэзаў палец, сам застаўся нашую зямлю парыць.

— Малайцы нашы хлопцы, нашы свайго ў крыўду не папусцяць,— выказаў сваё захапленне Піліп Здаравец.

— А камандзір, як толькі апрытомнеў,— расказваў далей Цукровік,— папрасіў, каб яму той немцаў нож прынеслі.

— Навошта ён яму спатрэбіўся?

— Такая памятка. Можа, думаў, што яшчэ давядзецца паваяваць, дык адпомсціць каторым. Канечне, не пальцы адразаць, як той немец. Камандзір жа не звер быў. У чэсным баі хацеў паквітацца з фашыстамі. Ды не давялося. Пакуль ён вылечыўся — аж у Маскву яго былі завезлі на самалёце,— а потым, калі ён ужо вярнуўся, дык немцаў і звання не было на Беларусі. Іх ужо дамалочвалі пад Берлінам. А партыя яго пакінула тут аднаўляць жыццё, ставіць на ногі гаспадарку.

— Гэта, мусіць, ваш камандзір быў, што вы ўсё гэтак добра пра яго ведаеце? — запытаў дзядзька Адам.

— Так, я добра яго ведаю, у нас з ім не шапачнае знаёмства было.

— А дзе ён цяпер? — хацелася хутчэй уведаць Корчыку.

— Ён цяпер? — старшыня неяк дабрадушна і як бы па-змоўніцку ўсміхнуўся, акінуў вачыма ўсіх мужчын, што сядзелі наўкола вогнішча і, відно было, чакалі яго адказу, пабавіўся крышку і сказаў:

— ‘А ён тут з вамі нядаўна сёрбаў крупнік з баранінай.

Усе міжволі паглядзелі адзін на аднаго, потым на дзядзьку Адама, на яго адцяты палец.

— Дык гэта вы, мусіць, самі? — заглядваючы на левую старшынёву руку, пытаў Корчык.

— Так, таварышы, гэта я трапіў быў у самыя лапы фашыстаў.

Усе паглядзелі на свайго старшыню, як бы от толькі што той эсэсавец адхапіў нажом мезены палец.

— А ты, Корчык, смяешся з майго мезенца, кажаш, мне яго Ёўга зубамі адхапіла. Чуеш, якія праявы бывалі з мезенцамі,— сказаў сваё дзядзька Адам, нібы і яму не хто іншы, як той самы эсэсавец, адрэзаў нажом палец, і нібы ён нават не войкнуў ад болю.

— Ты ўжо са сваім мезенцам, дзядзька Адам, не лезь сюды,— падсоўваючыся бліжэй да старшыні, сказаў Корчык. І сапраўды, ён толькі цяпер заўважыў, што ў старшыні на левай руцэ няма мезенага пальца.

Назаўтра ўжо, калі старшыня хадзіў па пакошы, усе заўважылі, што ён сапраўды трохі накульгвае на правую нагу. Анісім Корчык зусім іншымі вачыма паглядзеў на старшыню і сумеўся, нібы ён сёння яго ўпершыню ўбачыў, і ў думках сам сябе пашкаляў, што часам строіў з чалавека кепікі. Цяпер Корчык стараўся падкруціцца так, каб быць бліжэй да старшыні, параіць яму што-небудзь.

— Калі ж вы ўжо сваю сям’ю прывязеце? — спытаў аднойчы ў старшыні Корчык.

— Баюся, скажаш, што і мне жонка адкусіла палец.

— Ды не, таварыш старшыня. Гэта я так, блазнаваў. Я ж ведаю, што і Адаму не жонка адкусіла, але ў нас завядзёнка такая — смяяцца з таго, хто злуе, асабліва ўвечары на сенажаці.

Людзі тады працавалі гэтак дружна, што да суботы Гарэлае гала як падмялі, а Корчык ехаў з сенажаці на адным возе са старшынёй.

З таго часу вось ужо чатыры гады Корчык не разлучаецца з Цукровікам. Ён у калгасе стаў лепшым брыгадзірам, а «Пяцігодка» іх стала калгасам тройчы мільянерам, і дронькаўцы не нарадуюцца са свайго старшыні.

[1959]


[1959]