epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Пад чырвоным сцягам

Усе ў Круплянах ведаюць Арцёма Швайку. Хоць чалавек ён і негаваркі, аднак жа яго любяць паслухаць і старыя і малыя. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Больш сямідзесяці год жыве на свеце Арцём. Вунь ён ідзе па круплянскай вуліцы. Шырокі ў плячах, мажны, Арцём Швайка калі ступае па зямлі, дык яна, здаецца, крышку ўгінаецца пад ім. Чалавек моцнай касці, мужнага цела, жалезнага характару, ён як бы рукой адмахваецца ад старасці, кажучы ёй: «Ты пачакай яшчэ, мне багата чаго трэба зрабіць, мне яшчэ трэба пакрасавацца на свеце». І гэта сапраўды так. Арцёму багата чаго хочацца на свеце.

Ля раённага Дома культуры некалькі дзён ужо вісіць аб’ява аб тым, што ў нядзелю адбудзецца сустрэча моладзі з былым чырвонагвардзейцам Арцёмам Швайкам. Арцём глядзіць на гэтую абвестку, яму робіцца крышку страшнавата. Што гэта ён там будзе казаць? Аднак недзе ў глыбіні душы гарыць і агеньчык радасці: гэта ж яму, былому парабку, такая павага, такі гонар. Няхай ён ужо і зжывае свой век. Але хоць на старасць прыемна адчуць, што чалавек ты не абы-які, а той, з кім хочуць радзіцца, каго хочуць слухаць, у каго хочуць пытаць дарогі. А хіба гэта мала для чалавека! Усе гэтыя дні не было спакою Арцёму. Ён думаў, перадумваў, перабіраў у памяці пражытае жыццё. Яно яму здавалася звычайным, будзённым. Але ж чаго ім цікавяцца людзі? Можа, яно не зусім звычайнае, мо вартае таго, каб быць прыкладам?

Старой яго ўжо даўно няма на свеце: фашысты яе жыўцом спалілі. Сына Макара таксама няма. Ён загінуў на фронце ў часе Вялікай Айчыннай вайны, і цяпер Арцём дажывае век з нявесткай і двума ўнукамі.

— Мар’я, ты мне дай апрануць што-небудзь спраўнейшае.

— Мо ў сваты надумаліся, тата? — жартуе нявестка.

— Важней, чым у сваты,— адказвае стары.— Хіба ты не чула, што камсамольцы мяне просяць, каб я ім расказаў пра сваё жыццё.

— Дык што вы будзеце расказваць? Хіба вы які агітатар? — з любасцю пытаецца Мар’я.

— Бачыш, на старасці год у агітатары падаўся,— усміхаецца Арцём, аж торгаюцца расчэсаныя з гэтага выпадку вусы.

Мар’я адчыняе скрыню, што стаіць у кутку, і дастае Арцёмаў святочны гарнітур, на якім прымацаваны ордэн Чырвонага Сцяга і медаль «Партызану Айчыннай вайны». Арцём апранае гарнітур, глядзіцца ў люстэрка, натапырвае яшчэ больш вусы. Нявестка збоку глядзіць на старога і радасна ўсміхаецца. Яна любіць свёкра сапраўды даччыной любоўю. Бо, каб мо не ён, дык ці жывая была б яна з дзецьмі? Перад тым як немцы рабілі аблаву ў Круплянах, свёкар прыйшоў з лесу і забраў іх. Старая не захацела ісці, пабаялася кінуць гаспадарку. Гэтак і загінула. Праз усе гэтыя гады, пакуль выраслі ўнукі, Арцём быў ёй за роднага бацьку, а дзецям — самым клапатлівым дзедам. Мар’я нават баіцца падумаць, што калі-небудзь не стане на свеце гэтага самага роднага ёй чалавека. Таму яна стараецца заўсёды ўгаварыць яго, каб ён цяжка не рабіў, не ўкідаўся ў вельмі вялікі клопат. Не-не дый скажа яна старому:

— Вы б, тата, пасядзелі дома, адпачылі б. Хіба нам больш за ўсіх трэба? Хопіць і таго, што я зараблю.

— Я табе от што скажу, маладзіца. Нядошлы той чалавек, які баіцца работы. Ад яе людзі не старэюць, а маладзеюць, а я яшчэ хачу пакрасавацца на свеце,— адкажа Арцём і пойдзе з касою ці сякераю. Гэтак за дзень напрацуецца, што дзве нормы выганіць, а ўвечары прыйдзе стомлены і абавязкова скажа нявестцы:

— Я, маладзіца, не прывык на ласкавым хлебе сядзець. Ад яго, кажуць, зубы вывальваюцца, а я хачу сваімі зубамі свой хлеб есці.

Мар’я з ахвотай прыбірала старога. Ёй і самой хацелася паслухаць, што ён там будзе казаць. Толькі от няёмка быць у кампаніі з моладдзю. Яна ж не маладзёнка якая. Свае дзеці камсамольцамі пасталі.

— Вы б калі, тата, і дома расказалі,— просіць Мар'я.

— Ат, што там расказваць, ты ж усё ведаеш.

— Нічога не ведаю, і дзеці не ведаюць.

Тым часам пачуўся лёгкі стук у шыбу вулічнага акна, і стары пазнаў Вацікаў голас:

— Дзеду Арцёму, не баўцеся доўга. Мы ўжо ўсе сабраліся.

Сакратар райкома камсамола Вацік Каленік і надумаў правесці гэтую сустрэчу са старым, таму і непакоіўся.

Перад тым як выйсці з хаты, Арцём чагосьці затрымаўся, нібы ён нешта забыў, нібы нечага не хапала. Пастаяўшы і падумаўшы, ён папрасіў Мар’ю:

— Ты дастань там у скрыні.

— Што дастаць, тата?.

— Хіба ты не ведаеш што?

Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Ён узяў пакунак пад паху і выйшаў на вуліцу.

Вечарэла. Сіняватыя змрокі слаліся па зямлі, засцілаючы далягляд. У паветры стаяла тая перадасенняя сцішанасць цёплага вечара, калі толькі ласкава і санліва шапоча на дрэвах лісце, а ад зямлі, нагрэтай за дзень шчодрым сонцам, падымаецца парнасць і як бы ўсяго цябе агортвае мяккай гаючай цеплынёй.

Вацік стаяў ля брамкі двара, чакаючы Арцёма.

— Куды мы пойдзем? — спытаў Арцём.

— У Дом культуры, там ужо сабраліся.

— Дзівак ты, хто ж гэта ў клубе ўсядзіць такім вечарам. Ідзі заві ўсіх на луг, да рэчкі.

Ваціку не прыйшло ў галаву, што сапраўды няма чаго парыцца ў клубе. Ён прывык праводзіць усё ў Доме культуры, сядзець за сталом, пакрытым чырвоным абрусам. Гэта як бы значней і салідней. А тут на табе — дзед Арцём заве на рэчку... Мусіць, старому ўспомніліся колішнія начлегі, з вогнішчамі, з казкамі.

— Вы пачакайце, дзеду, а я збегаю ды пазаву,— з ахвотай згадзіўся на прапанову старога Вацік.

— Ідзі, а я памалу патупаю пад стары дуб.

Арцём выйшаў на сцяжынку, якая віецца між альшэўніку, што падступае да самых круплянскіх хат. Змярканне нібы сцелецца пад ногі. Далягляд пасінеў, адно ўдалечыні, як жывое срэбра, пераліваецца рэчка. Яна тут робіць вялікую вілюжыну, як бы хочучы ўцячы ад людзей. У гэтай вілюжыне расце сакавітая трава з падсадай дзятлоўніку, не тое што там за рэчкай — адзін сівец. Старому ўспомнілася, як усе гады круплянцы судзіліся з панам за гэты поплаў. Ён сам колькі разоў ездзіў упаўнаважаным ад грамады па судах. Але гэтак і не адсудзілі да самага трыццаць дзевятага года. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Калі Арцём пра гэта думае, хораша робіцца на душы, хоць гэта і не ён зрабіў, не ён дабіўся, хоць гэта ўсё дала сялянам Савецкая ўлада. Але і яго часцінка тут ёсць, бо каб мо ён тады не быў у Петраградзе ды не ўступіўся за бальшавікоў і каб не сотні, тысячы такіх, як ён, дык хто яго ведае, як яно цяпер было б. Можа, і цяпер марнелі б пад буржуямі. А так от жа і сюды, на заходнюю зямлю, прыйшоў Кастрычнік, хоць ён і спазніўся больш як на дваццаць год.

Арцём ішоў і думаў сабе пра ўсё гэта. Дайшоў да дуба, што рос непадалёку ад рэчкі, спыніўся. Хуценька назбіраў ламачча і расклаў цяпельца, акурат гэтак, як калісьці ў маладосці на начлезе. Кволы агеньчык трапятаўся чырвоным полымем, як жывы. Арцём разгарнуў паркаль, дастаў з яго сваё самае дарагое — злінялы, прабіты кулямі заплямлены крывёй чырвоны сцяг і павесіў яго на галіну дуба. Стары прысеў на пяньчук, закурыў і соладка зацягнуўся дымам. Ён думаў, пра што расказаць камсамольцам. Ціхі пошум дрэў стаяў над наваколлем, ды рэчка шапатліва пляскалася ў бераг, як бы хочучы даць знаць, што яна жывая. Аднак і пад гэты ласкавы вячэрні пошум лісця і плёскат рачных хваль чалавек нічога не мог надумаць... У галаве ўсё перамяшалася, і толькі асобныя карціны, эпізоды вымалёўваліся ў памяці. Нават тады, калі камсамольцы абступілі вогнішча, каторыя паселі, а каторыя палеглі ў траве, падрыхтаваўшыся слухаць Арцёма, ён не ведаў яшчэ, што будзе казаць.

— Пачынайце, дзед Арцём, мы вас слухаем,— гэтак даў слова старому Вацік.

Замест таго каб гаварыць што слушнае, Арцём зусім недарэчы сказаў:

— Пагрэйцеся, сакаляты, каля цяпельніца. Я калісь вельмі любіў пасядзець увечары ля агню, ды от і вас сюды прывёў.

Вацік трывожыўся. Яму здавалася, што дзед Арцём гэтак нічога і не ўспомніць, нічога цікавага не раскажа, і тое, да чаго ён гэтак рыхтаваўся, сарвецца. А стары тым часам яшчэ падмацаваў Вацікаву трывогу:

— Я не ведаю, голубы мае, што мне вам і казаць. Гэтулькі перажыта, гэтулькі перабачана, што ў галаве ўсё намітусь пайшло.

— Што гэта за сцяг вы павесілі, дзеду? — спытала дзяўчына.

— Гэта доўгая гаворка, мая ўнучка,— зірнуўшы на сцяг, сказаў дзед Арцём. У галаве яго нібы ўсё праяснілася, і ён сказаў:

— Дык слухайце, дзеці мае. Я вам раскажу пра аднаго асілка..

Камсамольцы раз-пораз падкладвалі ламачча на агонь, яно патрэсквала і свяціла ў цемрадзі вечара, як паходня...

Высокі афіцэр у залатых пагонах штабс-капітана ўзлез на тумбу, якая немаведама як апынулася пасярод Дварцовай плошчы. Ён крычаў, размахваў рукамі, нібы хацеў сарвацца з гэтай тумбы і паляцець. Добра чуў афіцэравы словы радавы, самы высокі па росту салдат. За гэты рост яго заўсёды ставілі наперадзе — ці ў паходзе, ці нават у баі. За ўсе гады службы ў імператарскім гвардзейскім палку ён быў, бадай, самым дысцыплінаваным. Яго ні разу не ставілі пад ружжо, ніводзін афіцэр не з’ездзіў па патыліцы за якую салдацкую правінку. А сёння штабс-капітану якраз патрэбны былі паслухмяныя, верныя салдаты. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Перад тым як пагрузілі ў эшалон полк, невядома куды зніклі члены палкавога салдацкага камітэта. Мусіць, яны некаму заміналі, дык іх і прыбралі ціхенька. Ніхто не ведаў, навошта прывезлі салдат у сталіцу, і толькі як пачаў гаварыць з тумбы штабс-капітан, можна было зразумець, чаму апынуўся гвардзейскі полк на вуліцах Петраграда.

— Салдаты, браты, таварышы! Вы прысягнулі на вернасць Часоваму ўраду. У вашых руках сіла, якая адна яшчэ здольна скрышыць не толькі ворагаў замежных — немцаў, але і ўнутраных супастатаў — бальшавікоў. Расія ў небяспецы, на вас толькі і надзея, верныя сыны айчыны! — закочваючы пад лоб вочы, ашалела крычаў афіцэр.— Вам давядзецца прыняць бой не на фронце, а тут, у сталіцы, дык не думайце, што вы будзеце страляць у сваіх братоў. Вашы кулі будуць забіваць супастатаў, нехрысцяў-бальшавікоў, якія растапталі не толькі веру ў цара-бацюшку, але і ў бога. Дык няхай не здрыганецца ваша рука, цэлячыся ў самае сэрца супастата.

Салдатава сэрца білася гэтак, што здавалася вось-вось выскачыць з грудзей. Думка нібы апякла мозг. Ён сіліўся зразумець, што тут дзеецца. Не паспеў адумацца, як з бакавой вуліцы, быццам полымя, шугануў чырвоны сцяг. Ён, здаецца, ляцеў на крылах, як вялізны вогненны птах. Людзей спачатку не відаць было, толькі чуўся бязладны тупат ног. Нямоўчныя крыкі даляталі да салдацкіх вушэй:

— Салдаты! Не страляйце ў нас. Вы нашы браты па класу, па мазалю. Вас ашукваюць буржуі, тыя, хто хоча і надалей сядзець на нашым карку, хто хоча набіваць свае кішэні за кошт нашай працы. Не верце ім, салдаты! Далоў буржуазію! Няхай жыве ўлада працоўных! Уся ўлада Саветам! — грымела над Дварцовай плошчай.

На момант афіцэрава каманда перасіліла ўсё:

— Агонь па бунтаўшчыках! Агонь па супастатах!

Салдат не ведаў, каго слухаць. Ягоныя рукі неяк аўтаматычна ўскінулі вінтоўку, і ён стрэліў. Стрэліў, праўда, не ў тых, што беглі па плошчы, а паверх галоў. Адзінокі вінтовачны стрэл аддаўся, як выбух снарада, на момант аглушыўшы салдата. Рукі механічна зноў перазарадзілі вінтоўку. Адно пальцу трэба было націснуць на спускавы кручок і ўжо стрэліць не паверх галоў, а ва ўпор у таго, хто са сцягам бег проста на салдата. Можа б, палец і націснуў на спуск, калі б сусед не крыкнуў:

— Што ты робіш, дурны, у каго страляеш?

Салдат апамятаўся, нібы адразу з яго вачэй спаў туман. Ён убачыў, як чалавек у матроскай форме падбег да тумбы і на ўсю сілу выцяў яе нагой. Яна павалілася, і штабс-капітан бразнуўся на зямлю. А той, хто нёс сцяг, пераскочыўшы цераз тумбу і цераз афіцэра, наўпрасткі бег да салдат і крычаў:

— Салдаты, браты нашы родныя, не страляйце ў сваю будучыню. Станавіцеся пад гэты чырвоны сцяг, разам будзем змагацца за зямлю, за волю народную.

Высокі салдат апусціў вінтоўку і пільна глядзеў на капітана, нібы чакаючы, што той загадае. Ён бачыў, як афіцэр, апрытомнеўшы ад удару, расшпільваў кабуру, вымаў рэвальвер і цэліўся ў спіну чалавеку, які бег са сцягам.

Салдат зноў амаль механічна ўскінуў вінтоўку. Пачуліся два стрэлы: адзін рэвальверны, другі вінтовачны. Высока ўзмахнуўся над галовамі тых, што беглі, сцяг і павольна ўпаў на маставую. Гэта ад першага стрэлу, а ад другога — падламіўшы назад ногі, упаў дагары штабс-капітап. З грудзей яго цурчэла кроў. Стрэл быў трапны. Не паспеў салдат апамятацца ад таго, што тут адбылося, як да яго падбег матрос і схапіў у моцныя абдымкі.

— Ты наш, брацішка! — матрос горача дыхнуў салдату ў твар і пацалаваў, як роднага брата.— Вазьмі гэты сцяг і нясі яго да самай перамогі.

Салдат узяў з матросавых рук шурпатае дрэўка сцяга. Ён не ведаў, што з ім рабіць. У момант яго абступілі сябры па палку. Салдат чуў:

— Так яму і трэба, сволачы той буржуйскай!

— Туды яму і дарога.

Салдат хацеў убачыць таго рабочага, што нёс сцяг. Але яго, параненага, на руках панеслі некуды ў завулак. З момант салдат стаяў у нерашучасці. З людскіх грудзей, як магутны падземны выбух, вырвалася песня:

 

Смело, товарищи, в ногу,

Духом окрепнем в борьбе.

В царство свободы дорогу

Грудью проложим себе.

 

Салдат упершыню ў жыцці заспяваў такую песню. Яна яго падганяла, клікала, і ён, узняўшы высока над галавой чырвоны сцяг, пайшоў паперадзе. Грудзі яго раздаліся, ногі чотка выбівалі крок, галава ўзнялася. Ён бачыў, як пад кулямі рабочых, матросаў і салдат падалі юнкеры і афіцэры. Пад вечар усё ўціхамірылася. Толькі недзе наводшыбе ў завулках чуліся рэдкія стрэлы... Ля Смольнага стаялі напагатове кулямёты, пільна неслі варту байцы рэвалюцыі. Калі салдат апынуўся ў калідоры Смольнага, да яго падышоў той жа матрос.

— Бачу, брацішка, што на цябе можна паспадзявацца. Стань ля гэтых дзвярэй на варту.

— Ёсць стаць на варту,— адказаў, як па статуту, салдат.

— А каму мне сцяг перадаць? — спытаў ён.

— Няхай будзе ў цябе. Здымі з дрэўка!

— Ёсць зняць!

Салдат згарнуў сцяг і заткнуў пад крысо шыняля.

Калідор Смольнага доўгі: вунь колькі дзвярэй. А яму, салдату, загадана пільнаваць толькі адны гэтыя. Што там за імі? Праз шчылінку салдат бачыў, што ў пакоі гарыць святло. Стомленасць, дзённая ўзрушанасць давалі аб сабе знаць. Хацелася спаць, аж вочы мімаволі самі зліпаліся. Па доўгім калідоры ляжаць і сядзяць рабочыя, салдаты, матросы, тыя, што ўдзень ішлі па юнкераў. Каторыя з іх храпуць. Ад гэтага храпу, ад таго, што ён бачыць, як усе спяць, да яго сляпіцай чэпіцца сон. Раз-пораз ён працірае вочы. Сюд-туд ходзіць ля дзвярэй. Яму ж на пасту нельга ні на хвіліну заснуць. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Значыць, і там не спяць, хоць на дварэ цёмная глухая асенняя ноч. А чаму ж там нехта не спіць? Хіба яму больш за ўсіх трэба?

Пад самую раніцу, калі праз вокны пачало прабівацца цьмянае святло асенняга світання, ціхенька рыпнулі дзверы і на калідор выйшаў чалавек. Ён быў у цёмным з аксамітавым каўняром незашпіленым паліто, у кепцы, крышку пасунутай на вочы. Адразу можна было заўважыць, што чалавек вельмі рухавы, энергічны, хоць і стомлены. Ён зірнуў на салдата, і па твары прабегла лагодная ўсмешка. Салдат не паспеў агледзецца, як чалавек працягнуў яму руку:

— Добрай раніцы, таварыш.

Салдат не ведаў, што рабіць: вартавому нельга вітацца рукою. А перад ім была працягненая рука, і ўсмешка, як цёплы агеньчык, іскрылася ў вачах чалавека. Салдат ужо не мог стрываць.

Пераклаўшы вінтоўку ў левую руку, ён узяў пад казырок:

— Здравія жадаем, таварыш!

— Стаміліся, відаць?

— Так точна!

— Вымуштравалі за вайну... Здорава вымуштравалі.

— Так точна! — амаль механічна выпаліў салдат.

— Адкуль будзеце самі? — запытаў чалавек.

— З Беларусі.

— З беднага краю,— і чалавек на момант задумаўся.— Але нічога. Пераможа рэвалюцыя, тады і ваш край пабагацее... Абавязкова пабагацее...— У словах чалавека адчувалася такая ўпэўненасць, што салдат ужо нібы бачыў свае Крупляны ў цвеце багацця.

Чалавек зірнуў на салдата і толькі, мабыць, цяпер заўважыў, што з-пад крыса шыняля вытыркаўся ражок чырвонай матэрыі.

— А што гэта ў вас такое? — спытаў ён.

— Гэта сцяг.

— Пакажыце, пакажыце.

Салдат дастаў з-пад крыса чырвоны сцяг, разгарнуў перад вачыма чалавека. У ім віднеліся тры дзірачкі, відаць, прабітыя кулямі.

— Гэта, таварыш, рабочы нёс яго. Штабс-капітан стрэліў рабочаму ў спіну. Ён упаў і сцяг выраніў, дык матрос аддаў мне яго, каб я нёс.

Замілаванасць, гонар адлюстраваліся ў вачах чалавека. Салдат гэта заўважыў і адчуў нешта такое, што радніла яго з гэтым незнаёмым, але ўжо блізкім таварышам.

— Дык нясіце гэты сцяг. Далёка нясіце, па ўсім свеце. Пройдзе час, і з ім лёгка будзе жыць працоўным людзям. Нясіце, таварыш,— сказаў гэта чалавек і падаў на развітанне салдату руку.— Прабачце, што я доўга затрымаў вас ля сваіх дзвярэй, цяпер можаце ісці адпачываць.

Салдат не ведаў, ці ісці, ці не ісці з паста. Гэты ж чалавек цывільны, і ці можа ён камандаваць салдатам? Ды і хто ён за такі? Вартавы вырашыў дачакацца матроса, які яго тут паставіў.

Неўзабаве прыбег узрушаны, радасны матрос. Яшчэ здалёк ён крыкнуў салдату:

— Наша ўзяла, таварыш. Рэвалюцыя перамагла. Усіх юнкераў пазаганялі ў норы, а калі каторы высуне галаву, адсячэм.— І ўжо без пафасу спытаў: — Ну, як табе тут стаялася?

— Стаялася добра, зацішна. Але от каго я вартаваў, не ведаю.

— Дзівак чалавек. У гэтым пакоі ўсю ноч працаваў Ленін.

— Ленін? Не можа быць. Няпраўду ты кажаш,— здзівіўся салдат.— Ленін жа, мусіць, не такі. Ён жа, відаць, як асілак. А гэта ж звычайны чалавек. Нават са мной за руку павітаўся.

— У тым-та і сіла, што ён звычайны. Але вось справы незвычайныя робіць... Усім царам і буржуям па баку хоча даць, каб нам, простым людзям, добра на свеце жылося. Сёння ж, брацішка, рэвалюцыя адбылася, а гэта ж усё пад яго кіраўніцтвам зроблена.

Салдат глядзеў на матроса і не зусім разумеў яго ўзрушанасць. А матрос доўга і шчыра тлумачыў салдату, што значыць рэвалюцыя, што яна дасць працоўнаму люду...

— ...Дык вось як яно, дзеткі мас, было тады,— падкладаючы сушняк у агонь, які ледзь ліпеў, бо на яго ўжо забыліся, казаў Арцём Швайка.

— А хто ж той салдат быў? — з нецярплівасцю пыталі камсамольцы.

— Хто той салдат? — перапытаў Арцём і ўсміхнуўся ў вусы.— Хто той салдат, хочаце ведаць?

— Хочам! — амаль хорам адказалі юнакі і дзяўчаты.

— Тым салдатам быў я!

У вачах хлопцаў і дзяўчат Арцём Швайка нібы адразу зрабіўся другім чалавекам. Яны дапытліва на яго глядзелі, як бы хочучы запомніць назаўсёды ягоныя рысы.

— Дык гэта, значыць, вы з Леніным за руку віталіся?

— Так, я,— Арцём зірнуў на правую далонь сваёй старэчай, але яшчэ моцнай рукі, нібы там астаўся след таго даўняга ленінскага поціску.

— А вунь і сцяг той вісіць... Гэта той самы сцяг. Бачыце, тры дзірачкі ўнізе, то прабітыя яшчэ тады, у Петраградзе. На Дварцовай плошчы.

— А вунь жа яшчэ вышэй відаць дзіркі...

— Гэты сцяг, дзеткі, пабачыў на сваім вяку...

Арцём расказваў камсамольцам, як пад гэтым самым сцягам ён ваяваў з Пятлюрам, з Юдзенічам, з белапалякамі, як ён вярнуўся ў Крупляны пасля грамадзянскай вайны. За пазухай прынёс гэты чырвоны сцяг салдат у родную хату. Тут гаспадарылі белапольскія акупанты. Яны, як агню, баяліся чырвонага сцяга...

— А вунь угары яшчэ колькі прабоін,— тлумачыў далей дзед Арцём.— То ў трыццаць пятым годзе мы пад гэтым сцягам наладзілі ў Круплянах першамайскую дэманстрацыю. Паліцыя страляніну адкрыла. Мяне тады ў астрог аж на пяць год запраторылі, а сцяг ухавалі добрыя людзі.

Арцём расказаў камсамольцам, як у верасні 1939 года ён разам з круплянцамі выйшаў пад гэтым сцягам сустракаць воінаў-вызваліцеляў. Ён тады перадаў савецкім танкістам гісторыю гэтага сцяга. Яны прасілі, каб стары аддаў ім сцяг. Аднак ён сказаў танкістам:

— Няхай яшчэ пабудзе са мной. Яшчэ ж не скончана барацьба. Я яго дваццаць год хаваў, як знак Вялікага Кастрычніка. Дык няхай ён будзе развявацца над намі і знакам свабоды. Няхай ён кліча нас на будаўніцтва новага, шчаслівага жыцця.

Ноч ужо даўно запанавала на прасторы. Квола пабліскваў пад дубам агеньчык камсамольскага кастра. Усе, хто сядзеў ля яго, нібы забыліся, што трэба спаць. А Арцём усё гаварыў і гаварыў. Здавалася, канца не будзе яго апавяданню... Нарэшце стары ўстаў, падышоў да дуба, зняў з галіны сцяг. І ён пайшоў па руках. Кожны хацеў патрымаць свяшчэнную рэліквію Кастрычніка. Арцём акінуў позіркам камсамольцаў і сказаў, перадаючы сцяг сакратару райкома камсамола:

— Я ўжо чалавек стары і хачу перадаць вам гэты сцяг. Вазьміце яго, дзеткі мае, і нясіце з гонарам наперад, да яшчэ большага чалавечага шчасця. А цяпер дабранач, дадому пара.

Усім гуртам камсамольцы пайшлі ў напрамку крупляпскай вуліцы. Арцём толькі цяпер заўважыў, што сярод тых, хто яго слухаў, была і яго нявестка Мар’я з унукамі.

Пасля таго вечара кожны, хто заходзіў у райком, поруч з шаўковым сцягам раённай камсамольскай арганізацыі бачыў старэнькае, выцвілае чырвонае палотнішча на арэшкавым дрэўку... Яно стаіць на самым покуце, поруч з партрэтам вялікага Леніна... Пад гэтым старым, прабітым кулямі сцягам круглянскія камсамольцы выходзілі на дэманстрацыю ў гонар саракагоддзя Вялікага Кастрычніка.

1957


1957