epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Перастарка

Неяк так здарылася, што Гарпуська засядзелася ў дзеўках. Нельга сказаць, каб дзяўчына была з якім бракам. Наадварот, у свой час Гарпуська была вельмі паглядная. Крыху камлюкаватая яе постаць была добра скроена, прыгожыя рысы твару надавалі нейкую своеасаблівую цеплыню. Не так даўно адбою не было ад хлопцаў. Яшчэ і летась да Гарпуські часцяком наведваўся трактарыст Мікіта Чурак. Ён, гэты трактарыст, кажуць, ужо асеў назаўсёды ў Ямішчах, гэта значыць у трэцяй брыгадзе, якая знаходзіцца за сем ці за восем (хто яго там калі мераў) кіламетраў ад цэнтра калгаса «Зялёная ніва».

У свой час у Ямішчах быў асобны калгас, і Гарпусьчын бацька - Свірыд Клімянок - быў за старшыню ў ім. Год колькі назад ямішчынскі калгас далучылі да «Зялёнай нівы», і ён стаў трэцяй паляводчай брыгадай. А праз два гады пасля гэтай падзеі здарылася няшчасце: Свірыд Клімянок сеў на жарабца Патона і паехаў у праўленне калгаса. Жарабец быў малады, неаб'езджаны, і, калі Свірыд ехаў палявой дарогай праз жыта, ён нечага ўпудзіўся, і брыгадзір так грымнуўся вобземлю, што нядоўга пажыў на гэтым свеце. Казалі, што пячонкі адбіў чалавек. Колькі ні стараліся дактары, не далі рады яго адхаяць.

Адным словам, у Клімянковай хаце не засталося і мужчынскага заваду. І ці то таму, што ў хату трэба быў мужчына, бо нельга ж без яго жыць - дроў накалоць, дык бярыся сама за сякеру, зноў жа такі ўзараць сядзібу, то прасі на прамілы бог каго, - старая Параска - Гарпусьчына маці - часцяком намякала дачцэ, што трэба ўжо і пары шукаць. Аднаго разу ўвечары да Клімянковых у хату зайшоў Мікіта Чурак. Маці, відаць, скмеціла, што гэты хлопец хоча з акрайцам прыйсці ў сваты да дачкі. Яна гэтак уважліва аглядала яго, што той сябе адчуваў ніякавата. Старая доўгі час распытвала ў Мікіты пра бацькоў, бо ён быў нетутэйшы. Параска ў душы была ўжо згодна на тое, каб Мікіта прыслаў сватоў, хоць хлопец ёй і не зусім падабаўся: ён быў нейкі мізэрны, да таго ж вельмі маўклівы і сарамлівы. Праўду сказаць, цётка Параска не вельмі любіла такіх. Яе ж нябожчык Свірыд у маладосці вунь які зух быў: і на язык, і на работу. Калі за што, бывала, возьмецца, дык тое аж гарыць у руках. А гэты як пачне гаварыць, дык нібы яму цяляты язык аджавалі. Зноў жа такі, Мікіта ходзіць заўсёды зашмальцаваны, мурзаты, нібы яму і ўмыцца няма калі. Матчына вока заўважыла ў той раз, як Мікіта быў у іхняй хаце, што Гарпуська не вельмі горнецца да хлопца, але сама сабе падумала, што дачка ўжо немаладых год і, чаго добрага, яшчэ зусім застанецца ў дзеўках. Яна ўжо заўважыла, што і яе Гарпуська пачала неяк мізарнець. Нос яе завастрыўся, палупіўся ад сонца і ветру, твар здрабнеў, вочы неяк запалі. Ды хіба дзіва, расліна і тая, калі перастоіць на корані, жоўкне, нікне да зямлі. І таму, калі Мікіта, развітаўшыся, выйшаў з хаты, Параска, напускаючы на сябе штучную злосць, сказала:

- Гэтыя твае пераборы, глядзі, бокам вылезуць.

- Дык што я там перабіраю? - агрызнулася Гарпуська.

- Ды хоць бы колькі іх ужо ў хаце вачмі свяцілі, а табе ўсё няўгодныя і няўгодныя.

- Мама, вы сябе глядзіце, а не мяне і не мяшайцеся ў маё жыццё, - рашуча і са злосцю заявіла Гарпуська.

- Як гэта не мяшацца? - ускіпела Параска. - Не табе адной пры ім жыць, а і мне. Не пайду ж упрочкі з сваёй хаты.

- Ніхто вас у тыя прочкі і не гоніць, - памякчэла ўжо Гарпуська.

Параска на момант задумалася.

- А тым часам і гэты хлопец не пустадомак які. А тое, што ён не вельмі прыгожы, дык хіба з яго карціны маляваць. Эт, абы гаспадар быў.

- Дык бярыце яго сабе, - ледзь не загаласіла ад новага прыступу злосці Гарпуська. - Вельмі я вам тут замінаю, дык вы мяне хоць за вала, абы ў дзеўках не была.

Парасцы аж шкода стала дачкі. Сапраўды, яна і сама не пра такога зяця, як Мікіта Чурак, думала. Але іх жа вунь колькі ўжо заляцалася да Гарпуські, а яна - ні прыступу. Узяць хоць бы настаўніка... Каб, здаецца, маладзенькай была, дык сама б за яго пайшла. А яе дурная Гарпуська ўсё перабірае ды перабірае. А хіба з гэткіх вялікіх перабораў лад які быў. Параска на свае вушы чула, што яе дачку завуць перастаркаю. Людзям языкоў не завяжаш, ды і гады ж гэтыя, як вада, цякуць. Сама, здаецца, яшчэ от нядаўна маладзёнкай была, а цяпер як зірне на сябе ў люстэрка, дык палохаецца. Маршчакі ўвесь твар спаласавалі, пад вачыма нейкія мяшкі-сінюгі. Хіба старасць хто кліча да сябе, яна сама прыходзіць нечакана і негадана. Параска прыгледзелася да дачкі і заўважыла, што з куточкаў яе цёмных глыбокіх вачэй веерчыкам разбягаюцца па твары тоненькія, ледзь прыкметныя рысачкі маршчакоў. А хіба ж гэта ад маладосці?

Глядзіць Параска на дачку, і жаль агортвае старую. Яна пачала заўважаць, што яе дачка рэдка ходзіць на музыку ў клуб, а калі і пойдзе, дык ціхенька вернецца, каб не чула маці. А яшчэ ж нядаўна Параска любіла пасядзець на лаве пры акне і падслухаць, як яе дачка, седзячы пад старым вязам на лавачцы, шчабятала, нібы тая птушка. Той шчэбет быў ёй прыемны. Калі толькі чула Параска даччыны словы: «Дык я пайду, а то позна ўжо, маці будзе сварыцца», яна хуценька кідалася на ложак і заплюшчвала вочы. А як Гарпуська пераступала парог, рабіла выгляд, што прачыналася, і адразу ж насядала на дачку:

- Дакуль жа гэта ты гуляць будзеш? Да другіх пеўняў? Ніяк не намілуешся.

Маці бурчала датуль, пакуль Гарпуська не выпівала кубачка малака з таго збана, што быў загадзя пастаўлены на сярэдзіну стала, і не кідалася ў пасцель. Але дзіва, у той сварцы ніколі не было злосці. Параска сварылася так сабе, для прыліку, бо нельга ж было дачку пускаць на самапас.

А цяпер Парасцы і сварыцца няма за што. Гарпуська калі і вылезе з хаты, дык хіба толькі што ў суботу ці ў нядзелю сходзіць на гадзіну якую ў клуб на музыку. Усё часцей і часцей маці задумвалася: «дачка яе, адзіная, як вока, з вялікіх перабораў засядзелася ў дзеўках». І таму Параска катэгарычна сказала дачцэ:

- Бяры хоць гэтага, пакуль не адбіўся ад цябе. Прынады ты ўжо, дачушка, на лепшых не маеш.

Гарпуська аж загарэлася ад сораму.

- Я лепш у дзеўках звякую, чым сабе вазьму ўдачу такую.

 

Ямішчынскае поле было роўнае, як далонь. Ад самых хат яно распасціралася аж да лесу. Упоперак поле перасякала дарога, якая ішла з вулачкі да старой, у зялёных касніках, бярозы. Там яна крута паварочвала направа і праз густы лапушысты ляшчэўнік вяла да невялікай чыгуначнай станцыі. Сярэдзіна ямішчынскага поля была ўрадлівая. Ад тое старое бярозы паўз дарогу амаль да самых платоў быў ільняны ўчастак Вольчынага звяна.

Лён быў ужо высакаваты. У ім, праўда, не вельмі густа, але пракідалася пустазелле. Волька яшчэ ўчора ўдзень сказала брыгадзіру Мітрафану Гарлачу, каб ён нікуды не пасылаў сябраў яе звяна, бо трэба ісці праполваць лён.

Увечары Волька пастукала і ў Гарпусьчына акно:

- Гарпіна, заўтра пойдзем лён палоць.

- Добра, - адгукнулася дзяўчына.

Дзевяць белых хустак, як матылькі, якія прыселі адпачыць, віднеюцца на зялёным загоне. Восем з іх - купкаю, а адна - трохі воддаль. Чыя ж бо то? Мітрафан Гарлач здалёк не мог адгадаць, хто там адзін поле. Ды і зблізку яму цяжкавата было пазнаць. Перад вачыма ў яго плыў нейкі туман, хоць далягляд быў ясным, як крышталь. Не толькі ў вачах брыгадзіра не было яснасці, не было яе і ў думках, і таму, калі да яго вушэй даляцела дзявочая песня:

 

Ой, зялён

Ты, наш лён,

«Светач» росны наш... -

 

Мітрафан ніяк не мог разабрацца, што то за песня. Яму здалося, што дзяўчаты не песню спяваюць, а кепікі строяць з яго, брыгадзіра. Гарлач першы падышоў да той белай хусткі, што віднелася наводшыбе, і пазнаў Гарпуську.

- Добры дзень, Гарпіна Свірыдаўна.

- Дзень добры, дзядзька Мітрафан.

- Ці не адстаўку яны табе далі ад гурту?

- Ды не, я сама захацела.

Гарлач абвёў чырвонымі вачыма Гарпуську. Ён на момант задумаўся, а потым спытаў:

- Дык чаго гэта ты мяне дзядзькам завеш? Які я табе дзядзька? Калі гадоў на якіх пяць старэй, дык гэта аж акурат для цябе. Чаму бо ты ніколі ў госці не пазавеш?

- Заходзьце калі ўвечары, - нехаця запрасіла брыгадзіра Гарпуська.

- Я, галубка, ого які хлопец! Хіба толькі што не пагаліўся, дык барада колкая.

Гарпуська нават не паспела адумацца - ды яна і не чакала гэтага, - як Гарлач, разняўшы рукі, ашчаперыў яе аберуч і ўжо лез колкай барадой да яе шчакі. Ад яго патыхала гарэлачным перагарам. Выгляд у Мітрафана быў такі, што Гарпуська аж спалохалася. Барада шчацінілася, як пожня, вочы гарэлі нечалавечым бляскам. Гарпуська на ўсю сілу штурханула брыгадзіра ў грудзі, неяк спрытна вылузалася з яго рук.

- Дык куды ты ўцякаеш? Я ж думаў...

- Што ты думаў? - спытала Гарпуська.

- Каб ты за мяне замуж пайшла...

- У цябе ж ёсць жонка, як табе не сорамна, - абурылася Гарпуська.

- Я сваю кіну, толькі слова адно скажы, - сіпеў п'яным голасам Гарлач.

- Каб цябе кінула ды не ўзняло, - зусім ужо раззлавалася дзяўчына і хутчэй пабегла да гурту.

- Перастарка чортава, яшчэ фанабэрыцца, не даецца ў рукі ўзяць, - ляцела ёй наўздагон Гарлачова лаянка.

Хто яго ведае, што было б далей, калі б з вулачкі не паказалася фурманка. Дзяўчаты пазналі, ды, мусіць, і Гарлач пазнаў, што гэта ехаў на іхняе поле старшыня калгаса Варакса, якога брыгадзір баяўся як агню. Конь бег шустра, чутно ўжо было, як колы сакаталі ў каляінах. Гэты сокат абудзіў і напалохаў Гарлача. Ён хуценька паўз старую бярозу пайшоў нацянькі ў бок лесу. Так што наўрад ці згледзеў яго старшыня, бо, пад'ехаўшы да дзяўчат, ён спытаў, ці не бачылі яны брыгадзіра. Дзяўчаты пераглянуліся і, не хочучы выдаваць брыгадзіра, не адказалі, нібы не пачулі старшынёвага запытання. Адно Гарпуська, можа таму, што яе аж распірала злосць на Гарлача, а можа, хочучы выславіцца перад старшынёй, сказала:

- А хіба вы не бачылі, як ён драпануў у лес?

- Дык чаго ён у той лес?

- Можа працвяраджвацца падаўся. А можа ад вашага вока драпануў наўцёкі.

Дзяўчаты дакорліва зірнулі на Гарпуську: навошта выдае брыгадзіра. Яны ведалі, што цяпер Гарлачу не здабраваць. Надоечы ж на праўленні яго гэтак прабіралі за п'янства, што з яго сем патоў выступіла. Брыгадзір даў тады слова, што ён не тое, што не возьме гарэлкі ў рот, глядзець на яе не будзе. Але дзе там! Хіба ж можа Гарлач не глядзець на гарэлку. Ён ужо гэтак прызвычаіўся: як толькі раніцай выйдзе з хаты, дык нос яго так і нюхае, дзе пахне гарэлкай. Старшыня-такі недарма трывожыцца за трэцюю брыгаду. Ён употай прыглядаецца ўжо да людзей, прыкідваючы, каго б з мужчын прызначыць за брыгадзіра. Але пакуль вока яго не нагледзела такога чалавека, які мог бы паставіць брыгаду на абедзве нагі.

Дзяўчаты, паразгінаўшыся, гаварылі са старшынёй. Раптам увагу ўсіх прыцягнуў чалавек, які ішоў па дарозе, што выбягала з густога ляшчэўніку. Яго постаць мерна пакалыхвалася, і калі чалавек падышоў ужо да старой бярозы, усе разгледзелі, што ён у вайсковым адзенні. У правай руцэ нёс чамадан, а праз левую быў перакінуты шынель. Волька, убачыўшы, неяк аж збялела і ўскрыкнула:

- А родненькія мае, ці не Сяргей Андрэйчык дадому з салдатаў ідзе?

- Ды ўжо ж ён, - пацвердзілі дзяўчаты.

Яны то здагадаліся, чаго збялела Волька. Яшчэ перад тым як Сяргея ўзяць у армію, яны моцна кахаліся. Людзі казалі, што гэтакіх любошчаў і вадой не астудзіш. Але ж тым часам іх не давялося вадой астуджваць. Волька з год які пісала лісты Сяргею, а потым неяк пад восень ёй упаў у вока брыгадзір трактарнай брыгады Гарась Чыгаравец. І ўжо колькі Сяргей ні пісаў да Волькі лістоў, яны нібы ў прорву падалі.

З цягам часу ён зразумеў, што не варта пераводзіць паперу, кроіць болем свае пачуцці, і перастаў пісаць. Ніхто, вядома, не знаў, апрача яго самога, ці ён гэтак жа і з думак выкінуў Вольку. Мог і выкінуць. Час жа здольны загойваць і не гэтакія балючыя раны, тушыць, як вадой, чалавечыя пачуцці, калі яны яшчэ не вельмі разгарэліся. Аднак Волька ўсё-такі не магла абыякава сустрэць Сяргея. Як толькі ён падышоў, яна спачатку збялела, нібы чаго спалохаўшыся, а потым пачырванела гэтак, што здавалася, вось-вось пырснуць кропелькі крыві з яе абветранага і абпаленага сонцам прыгожага твару.

Сяргея сустрэлі ўсе па-рознаму. Старшыня агледзеў яго пільным вокам, нібы вывучаючы, а потым спытаў:

- Дык гэта вы ў адпачынак ці ўжо назусім, таварыш старшы сержант?

- Назусім! - ляснуўшы абцасамі, адказаў па-вайсковаму Сяргей.

- То добра, калі назусім. Нам людзі вунь як патрэбны.

Варакса моўчкі чакаў, ці не скажа Сяргей, як некаторыя казалі, што от крыху адпачну дый паеду шукаць суджанага шчасця. Ён гэтага не сказаў, а, падумаўшы крыху, па-вайсковаму вымавіў:

- Асвойтаюся трошкі, дый за работу.

Дзяўчаты ўлавілі і Гарпусьчын позірк. Ва ўсякім разе, ён быў не такі, як ва ўсіх. Гарпуська, здавалася, працінала ім хлопца навылет.

На Сяргея і сапраўды можна было заглядзецца. За гады службы ў арміі ён неяк вылюдзеў, пасталеў. Постаць яго стала зграбнай і па-мужчынску дужай. Таму, відаць, і Гарпуська не магла адвесці вачэй ад такога хлопца. Пазірала на яго цішком і Волька, але ёй было сорамна, і як толькі яе позірк сустракаўся з Сяргеевым, яна свой хавала ў ражок хусткі. Па Ямішчы ўжо хадзіла пагалоска, што Волька з Чыгараўцом - брыгадзірам трактарнай брыгады - ладзяцца згуляць вяселле. І цяпер, вядома, Вольцы не было як гарнуцца да Сяргея. А ён хлопец прыгожы, асабліва ў гэтым вайсковым адзенні, з пагонамі. Каб Волька не таілася перад сяброўкамі, яна магла б прызнацца ім, што як толькі ўбачыла яго, Сяргея, дык сэрца яе аж затрапяталася. Але прызнацца ў гэтым яна не магла нікому, нават самой сабе.

Сяргей, можа, з якой паўгадзіны забавіўся на полі, і калі ён, развітаўшыся, пайшоў па дарозе дадому, Гарпуська ледзь не кінулася следам за хлопцам. Дзяўчаты гэта заўважылі і ціхенька, кожная сама сабе, усміхнуліся. Але дзіва, Гарпуська, якую часта раней залівала чырвань сораму, на гэты раз нават і на макавае зерне не пачырванела. Наадварот, яна нібы з нейкім выклікам глядзела ўслед Сяргею, любавалася ім.

Аж да самага вечара Гарпуська больш не адлучалася ад звяна. Калі дзяўчаты пачалі яе дацінаць тым, што яна хоча прывярнуць да сябе хлопца, ёй чамусьці прыемна было слухаць, і яна на кепікі дзяўчат адказала:

- Як захачу, дык і прывярну, дзе ён дзенецца..

 

Месяцы праз два пасля таго як Сяргей вярнуўся ў Ямішча, яго выклікалі на праўленне. Хлопец сумеўся: чаго б гэта яго маглі выклікаць туды? Ён яшчэ не вельмі і ў работу ўкідаўся. Калі-нікалі выходзіў з касою на поплаў ды аднаго разу паездзіў дзень на коннай жняярцы. Надвор'е было спякотлівае. Жанчыны адразу за жняяркай вязалі снапы і састаўлялі іх у мэндлікі. Гарпуська ўсё гэтак цаляла, каб быць бліжэй да Сяргея. Неяк ён суняў коней, каб падладзіць жняярку, і акурат у гэты момант падышла Гарпуська.

- Сярожа, можа б ты сёння ўвечары на музыку прыйшоў, а то здзічэеш дома, нікуды носу не паказваючы.

- Не магу, Гарпіна Свірыдаўна, на праўленне выклікаюць, - амаль афіцыйна адказаў Сяргей.

А ў самога ў глыбіні грудзей нешта варухнулася, і з думак ужо бадай-што да самага вечара не выходзіла Гарпуська. Нельга сказаць, каб яна ўжо вельмі падабалася Сяргею. Волька, вядома, яму была больш да спадобы, але ж яна так абышлася з яго пачуццямі! Зрэшты, і гэтая ж Гарпуська не якая там нягеглая. Дзяўчына як дзяўчына. Да яе ж вунь колькі хлопцаў заляцалася, а што яны адкідваліся, дык гэта ж не таму, што яна ім не падабалася, а, наадварот, таму што яна кожнаму з іх давала адбой. А што яна старэйшая за яго, дык і ён жа не маладзёнак. Гэтак думаў Сяргей, седзячы на жняярцы. І ўсе яго думкі схіляліся да таго, каб прыняць Гарпусьчына запрашэнне. І калі толькі Гарпуська перад тым як трэба было канчаць работу сказала:

- Дык ты б, можа, калі і ў хату зайшоў, наш парог невысокі, пераступіш...

- Добра, можа калі і пераступлю, - бадай-што згадзіўся Сяргей, бо сказаў такім тонам, які абнадзеіў Гарпуську.

Вядома, Гарпуська яшчэ не бачыла ў Сяргеевых вачах таго бляску, той радаснай усмешкі, якія адны могуць пасведчыць, што гэты чалавек не можа ўжо не зайсці. Яна сама сабе падумала: «Няхай ён толькі адзін раз прыйдзе, а там паглядзім, не можа быць, каб на другі адмовіўся».

Сяргей увайшоў у кантору калгаса, калі ўжо запалілі святло. Пры сценах вялікага пакоя, хто на ўслонах, а хто на крэслах, сядзела нямала людзей. Каб з усімі не здароўкацца і не займаць увагі занятых людзей, ён, пакланіўшыся, даў усім «добры вечар» і прысеў у кутку, дзе было вольнае месца. Старшыня, як толькі ўбачыў Сяргея, ледзь прыкметна ўсміхнуўся:

- От добра, што вы, Сяргей Антонавіч, з'явіліся.

І ўсё гэтае: тое, што старшыня сказаў «от добра», і асабліва тое, што яго амаль упершыню назвалі па імю і па бацьку, выклікала ў Сяргея пачуццё павагі да самога сябе. Ён адчуў, што яго лічаць за сталага чалавека. А старшыня тым часам гаварыў далей:

- Мы тут на праўленні, Сяргей Антонавіч, хочам папрасіць вас, каб вы сталі за брыгадзіра ў Ямішчы. Я думаю, што вы не адмовіцеся і здолееце вывесці брыгаду з таго рэзруху, у які яна трапіла праз ласку Мітрафана Гарлача.

Сяргей не ведаў, што адказаць на старшынёвы словы. Яму хацелася крыкнуць па-салдацку: «Ёсць вывесці», але ён стрымаў сябе. Трэба было сабрацца з думкамі. Нечаканае давер'е акрыляла яго, але недзе ў глыбіні свядомасці білася, як маленькая крывавая жылка, думка: а ці здольны я на ўсё гэта? Сяргей сказаў:

- Хто яго ведае, можа я яшчэ малады для такой справы?

- Маладосць - не загана, а вялікі плюс чалавеку, толькі от каб яна на пляшку не спатыкалася, - сказаў нехта з праўленцаў.

З пасяджэння праўлення Сяргей выйшаў не тое каб чым узрушаны. Не! Нейкі спакойны, роздум яго вёў у поле на ямішчынскую дарогу.

У Ямішча Сяргей прыйшоў апоўначы. Яму хацелася з кім-небудзь пагаварыць, параіцца. Ён нават падумваў, ці не зайсці да Гарпуські, але ўжо было позна, і Сяргей вырашыў перадумаць усё гэта сам-насам. Як толькі ён увайшоў у вуліцу і параўняўся з Вольчынай хатай, ляснуў слясак брамкі, і перад ім вырасла, нібы з-пад зямлі, Волька.

- Дзе гэта ты так позна ходзіш? - запыталася яна.

- Я-то хаджу вядома дзе. А вось ты чаго гэтак позна не спіш? Ці не з Чыгараўцом шулы абцірала?

- А хоць бы сабе і з Чыгараўцом, дык што табе да таго?

- Нічога я не маю. Забараніць не магу, не маю ніякага права, - адказаў Сяргей.

Волька пачула ў яго голасе ноткі нейкага смутку, шкадавання. І ўжо ў наступны момант яна нават сама не памятае, як кінулася да хлопца і ледзь не загаласіла:

- Сярожка, мой родненькі, даруй.

- Што табе дараваць, што гэтак позна гуляеш?

- Не! Я не гуляла, я цябе чакала. Я ведала, што ты пайшоў на праўленне.

- Дарэмна чакала. Трэба было два гады назад чакаць, дык пэўне б дачакалася.

- Дык я ж...

Але Сяргей і слухаць не захацеў Вольчынага апраўдання. Ён абыякава сказаў:

- А цяпер Чыгараўца чакай, ён абавязкова прыйдзе.

- А ты ўжо да тае перастаркі бяжы. Знайшоў шчасце...

- Я яго яшчэ і не шукаў. Мне цяпер не да вас, - груба адказаў Сяргей і хутка пайшоў да сваёй хаты. Волька гэтак і засталася ля бацькавага шула ў сваёй роспачлівай адзіноце. Сяргей нават нс азірнуўся, бо вельмі ж была балючай і зацятай тая злосць, якая аж два гады спела ў ягоным сэрцы.

 

Новы брыгадзір Сяргей шчыра ўзяўся за справу. У рабоце ён не ведаў упынку. Пасля таго як з поля была сабрана збажына, яно было ўсё ўзарана на зябліва. Азіміну пасеяла брыгада першай у калгасе. Цяпер ішла апрацоўка льну. Не толькі каля сушылкі працаваў ільноапрацоўчы агрэгат, - сакаталі церніцы і пад паветкамі ў дварах. Амаль палавіну вылежанай трасты раздалі па хатах, каб хутчэй пацерці яе і здаць дзяржаве валакно. Старшыня калгаса ды і ўсе людзі не маглі нахваліцца новым брыгадзірам. Толькі Гарпуська крыўдавала на Сяргея: колькі разоў ні запрашала зайсці пасядзець у хату, ён чамусьці стараўся абмінаць Гарпусьчын двор. Сяргей не разумеў, што яго не пускала адчыніць дзверы Гарпусьчынай хаты. Мусіць, тое, што недзе ў глыбіні душы тлела, як непатушаны вугольчык, пачуццё да Волькі. Волька, вядома, і маладзейшая і прыгажэйшая за Гарпуську. Яна яму больш падабаецца. Але ж вось гэты Чыгаравец, як тая стрэмка, улез у яго пачуцці да Волькі і коле тупым болем.

Гэтак думаючы, Сяргей аднаго разу ў нядзелю выйшаў на світанні з хаты і прысеў на лавачцы каля паркана. На вуліцы была тая восеньская цішыня, якую толькі парушае шорах пажоўклага лісця. Сяргею добра было пасядзець, падумаць, памарыць на адзіноце. Аднак яго ўвагу прыцягнулі пеўнікі, якія, прабуючы яшчэ неўсталяваныя маладыя галасы, аж заходзіліся ад крыку. Сяргей пацяшаўся з іх курынага блазенства. Раптам ён убачыў, як два гэткія падшывальцы, у якіх яшчэ нават грабяні не паадрасталі, пагналіся за белай курыцай. Тая спачатку кінулася наўцёкі, а потым спынілася. Пеўнікі, дабегшы да яе, счапіліся біцца. Гэтак яны счубіліся, што ў белага аж кроў выступіла з грэбеня. Сяргей узяў з зямлі каменьчык і шпурнуў у пеўнікаў.

- Акыш вы, дурні гэтакія, - крыкнуў ён.

Сяргей заўважыў, што тая курыца, з-за якое біліся пеўнікі, крыху воддаль спакойна грэблася, не звяртаючы ніякае ўвагі на забіякаў. Яму чамусьці прыйшла на памяць Волька. «Яна таксама, мусіць, чакае, што мы з Чыгараўцом паскрываўліваем сабе насы. Але гэтага не будзе», - падумаў ён і тут жа вырашыў схадзіць да Гарпуські. Яна ж столькі разоў запрашала. У апраўданне самога сябе ён прыдумаў і прычыну: пайду і скажу, каб заўтра яна не ішла церці лён, а памагала старым жанчынам упарадкаваць ссечанае качанне капусты.

І ў той жа дзень падвечар, апрануты па-святочнаму, Сяргей бразнуў веснічкамі Гарпусьчынага двара. Перш за ўсё яму кінулася ў вочы, што старая Параска несла з лесу праз агарод ладную ношку сушняку. Сяргею аж шкада стала старой. Ён пачакаў, калі яна ўвайшла ў двор, і пачаў яе дакараць:

- Дык хіба ў нас ужо і коней няма, што на сабе гэтакі цяжар носіце?

- Я ж не кажу, што няма. Але хіба ж дапросішся таго каня. У вас жа ва ўсіх, мусіць, адна завядзёнка - хочаш каня, дык нясі паўлітра.

Сяргея гэта балюча ўразіла. Ён жа яшчэ ні ў кога і ніколі не браў нічога за каня. Гэта ўсё за старыя Гарлачовы грахі яму даводзіцца выслухоўваць недарэчныя дакоры. Але Сяргей не стаў апраўдвацца. Ён, нібы не пачуўшы таго, што сказала старая, спытаў у яе:

- А Гарпіна дома?

- Мусіць жа, дома, хто яе ведае.

Гарпуська не ведала, дзе пасадзіць Сяргея. Яна бегала, мітусілася па хаце. А Сяргей таксама не ведаў, чым апраўдаць свой прыход у хату.

- Ты заўтра, Гарпіна, паможаш старым упарадкоўваць ссечаную капусту, - амаль афіцыйна сказаў ён Гарпусьцы.

- Дык яшчэ ж лёну вунь колькі, - паспрабавала запярэчыць дзяўчына.

- Нічога, ён нікуды не ўцячэ, а капусту трэба хутчэй у горад адпраўляць.

Тым часам у хату ўвайшла цётка Параска. Яна скінула суконны мужчынскі пінжак і прысела на лаву. Доўга старая ўглядалася ў Сяргея. Потым кінула позірк на дачку і заўважыла ў яе ў вачах той ледзь прыкметны бляск, якога даўно ўжо не бачыла. Спрактыкаванае матчына вока заўважыла Гарпусьчына хваляванне. Праўду сказаць, і ёй, Парасцы, падабаўся гэты хлопец. Мікіта Чурак гэтаму і ў падноскі не варты. Калі Сяргей пачаў збірацца з хаты, дык і старая ўжо не змоўчала:

- Куды гэта ты так спяшаешся? Пасядзеў бы ў нас. Можа б і папалуднаваў у нашай хаце?

- Няхай другім разам, а цяпер мне яшчэ трэба зайсці да сяго-таго, - схлусіў Сяргей, крадком пазіраючы на Гарпуську. Яна яму падабалася. Круглаваты твар яе вельмі пасаваў да мужнай прысадзістай постаці. Толькі от нос нечага завастрыўся, аблузаўся за лета на сонцы. Дык гэта нічога - за зіму ён стане як мае быць. Сяргей нават здзівіўся, чаму гэта ў апошні час хлопцы пачалі абмінаць Гарпуську. Яна ж не такая яшчэ і старая, што некаторыя яе перастаркай завуць. Гэта ўжо, відаць, напасць на дзяўчыну. Ён наважыў неяк зблізіцца з Гарпуськай, няхай што сабе там ні кажуць на яе. Праўда, ён пакуль яшчэ і сам не мог разабрацца ў сваіх пачуццях - ці то сапраўды ў яго ўзнікае каханне да Гарпуські, а можа проста хочацца пазаляцацца да яе на злосць Вольцы. Няхай яна адчуе яго пагарду.

Старая Параска не на жарт была заклапочана лёсам дачкі. Калі тады пра таго Мікіту Чурака яна разважала надвая: ат, добра было б, каб завёўся ў хаце сякі-такі мужчына, каб іх род не звёўся, бо вунь жа цяпер і ў Ямішчы колькі дзяўчат не знайшлі сабе пары, - дык да Сяргея яна адчула нейкае зусім іншае пачуццё. Параска думала: «Каб, здаецца, сама маладая была, дык за гэтага хлопца аберуч бы ўхапілася». Таму яна дзень у дзень чаўпла дачцэ, каб тая не адварочвалася ад Сяргея, а, наадварот, прычароўвала яго да сябе.

- Цяпер свет такі пайшоў, што хлопцаў трэба прынаджваць не толькі сваёй прыгажосцю, але і чаркай. Яны любяць яе.

Параска не вельмі спадзявалася на доччыны здольнасці, таму сама ўжыла сякія-такія захады. Неяк вечарам яна пайшла з дому і яе не было бадай-што да поўначы. Гарпуська не ведала, куды пайшла маці. Яна раз-поразу пазірала на вуліцу - ці не відаць дзе старой. А тае і почуту не было.

Параска перад тым як выйсці з хаты прыадчыніла века скрыні, дастала бутэльку першаку, якая была схавана між сувоямі палатна, загарнула пасудзіну ў вышываны ручнік і пайшла на сяло. Ідучы, часта азіралася, мусіць, баялася, каб дачка не пабачыла, куды яна пайшла. За ёй ішоў нехта назіркам, але яна разгледзела, што то быў мужчына, і не звярнула на яго ніякай увагі: ат, хіба мала чаго людзі ходзяць. Пасярэдзіне вёскі яна завярнула ў старэнькую Аўдоліну хату, завярнуў у Аўдолін двор і той цень, які ішоў следам за Параскай. Бабка Аўдоля, якая рэдка калі ўжо злазіла з печы, аж здзівілася, як убачыла Параску.

- Добры вечар, цётачка, - як мага ласкавей прывіталася Параска.

- Добры вечар, маё дзіцятка. Як жа гэта цябе бог навёў на думку хаты мае не мінуць?

- Маўчыце, цётачка, патрэба ёсць.

- Я ж ведаю, што без патрэбы ты і дзвярэй не адчыніла б. Забылі людзі старую, забылі, - скрыпела сіпаватым старэчым голасам Аўдоля.

Параска падала на печ брусок прасоленага да жаўцізны сала і невялікі бохан шэрага пшанічнага хлеба.

- От чым багата, тым і рада, вазьміце гэта, цётка.

- Дзякую, дзякую, дзіцятка маё, - прасіпела старая. - А што ж бо табе рупіць, маё дзіцятка?

- Маўчыце вы, Гарпінку маю абмінаюць кавалеры, а яна ж, дзякаваць богу, не зломак які, не няўдаліца. Яна ж і зрабіць і пагаварыць, яна ж і пасаліць і зварыць.

- Дзіва што, дзіцятка маё. Дык чаго ты хочаш? Можа, каб прыварот намовіць?

- То ж бо то.

Бабка Аўдоля не па-старэчаму вёртка ссунулася на палок, неяк страпянулася, як перад важнай работай.

- А ці прынесла ж ты чаго, мая рыбачка? Я магу і на вадзе, але хто ж тую ваду ў рот возьме. Цяперашнія хлопцы не пойдуць на такую прынаду.

- Ды от жа прынесла. - Параска разгарнула ручнік і паставіла перад бабкай чорную бутэльку, заткнутую пакуллем.

- Добра, маё дзіцятка. А на каго ж табе той прыварот казаць, як хлопца завуць?

- Сяргеем, бабка. Але ці паможа гэта? - спытала для большай упэўненасці Параска.

- Калі ён вып'е проці ночы ды пад абразамі, дык нідзе не дзенецца, прыхінецца да тваёй Гарпуські.

- Ды і моцная ж, - не ўтрымалася, каб не паспытаць першаку бабка Аўдоля. Тонкія сінія губы яе аж трэсліся. Яны, гэтыя ссінелыя губы, нешта шапталі. Параска, услухоўваючыся ў Аўдолін шэпт, пачула: «Прыйдзі, прыварот, да Гарпініных варот, пераступі парог ды прынясі пірог у Гарпініну хату ад Сяргеевага свата. Хай яны ніколі не бяруцца за чубы, а мілуюцца, як галубы. Прыварот, прыварот, перайдзі з гэтае пляшкі да Сяргея ў рот, запалі каханнем яго сэрца, каб гарэла яно аж да самае смерці. Няхай ён Гарпіну век свой любіць і, як голуб галубку, галубіць. Амін».

Бабка Аўдоля тры разы перахрысціла бутэльку, падзьмухала на яе, тры разы плюнула ў куток прыпека, а потым палезла ў зашыек печы, узяла нейкі сухі карэньчык і ўкінула ў бутэльку. Падаючы бутэльку Парасцы, Аўдоля сказала:

- Адразу, маё дзіцятка, не давай, няхай устоіцца, а праз тыдзень які пачастуй, дык ён нідзе не дзенецца.

- Кажаце, нідзе не дзенецца? - перапытала акрылёная надзеяй Параска.

- Яшчэ ніколі не было, каб пасля майго намаўлення не прыгарнуўся хто да каго.

Параска падзякавала старой бабцы і заспяшалася дадому па асенняй начной цемры. Ні старая Аўдоля, ні Параска не бачылі са святла хаты, што раз-поразу праз запацелую шыбу бліскалі чыесьці вочы ды час ад часу прыліпала, як прыклеенае да шыбы, вуха.

 

Сяргей сама ўвайшоў у смак работы. Яго радавала тое, што трэцяя брыгада ўвачавідкі правілася. Цяпер не толькі брыгадзіра не крытыкавалі на праўленні, а, наадварот, пачалі ставіць у прыклад іншым. Вунь ужо скончана і малацьба, і брыгадзіру выпала вальнейшая часіна. Да гэтае пары ён нідзе не паказваўся на гульбішчах. Ягоная маці і тая пачала дакараць сына.

- Праз гэта сваё брыгадзірства ты свету белага не бачыш.

Сяргей наважыў не толькі пабачыць белы свет, але і сябе паказаць у гэтым белым свеце. У суботу ён адзеў свой вайсковы гарнітур, добра наваксаваў боты і пайшоў у клуб. Там ужо аж падлога стагнала ад скокаў. «Лявоніха», нібы віхура, гуляла па прасторнай зале. Сяргей, увайшоўшы з цемені, спачатку не мог разгледзець танцораў. Затое яго ўсе адразу ўбачылі. І першай убачыла Волька, якая сядзела з Чыгараўцом на ўслоне. Чыгаравец нешта ёй горача гаварыў, і таму, што музыка і тупат ног заглушалі ягоныя словы, ён блізенька прыхінуўся да Вольчынага твару. А Волька не спускала вачэй з Сяргея. Чыгаравец гэта заўважыў і бліскаў на яго злоснымі вачыма. Сяргей стаў у дзвярах, не ведаючы, што рабіць. Хоць ён і стараўся прыглушыць, загнаць у нябыт пачуццё рэўнасці, яно неяк мімаволі ўспыхвала, скаланала ўсё нутро, выклікала боль. А можа і Вольцы было балюча бачыць, як перасмыкаўся Сяргееў твар, хоць хлопоц і не хацеў нікому паказваць сваёй узрушанасці? Ён пашукаў вачыма Гарпуську і пашкадаваў, што яе тут няма. Тым часам дзяўчаты адна за адной падбягалі да Сяргея і запрашалі танцаваць.

- Баюся, што падноскі паадбіваю, - адказваў жартам Сяргей на запрашэнні, хоць яму і не да жартаў было. Выбраўшы момант, калі сама ў разгар увайшоў танец, Сяргей ціхенька выйшаў з клуба. Неўзабаве ён ужо вітаўся са старой Параскай і Гарпуськай.

- Распранайся, сядай у нас, - запрашала Параска.

Сяргей, распрануўшыся, скінуў шапку і павесіў разам з шынялём на цвік, убіты ў вушак дзвярэй. Гарпуська, як зірнула на хлопца, дык сэрца яе аж затрымцела. Яна стаяла і не спускала вачэй з яго стройнай фігуры, з яго абветранага смуглявага твару. Ёй здалося, што Сяргей сёння такі прыгожы, якім яна ніколі яго не бачыла.

- Можа, ты яшчэ і не вячэраў? - спытала Параска.

- Дзякую, я яе хачу, дома павячэраю.

- Дома гэта не ў знак. Ты ж у нас госць, - настойвала на сваім старая.

А Гарпуська не то саромелася, но то знарок трымала сябе сціпла, каб Сяргей не мог адразу заўважыць яе пачуццяў. Дзяўчаты ж заўсёды гэтак робяць: няхай лепш за ўсіх на свеце каторай падабаецца хлопец, яна пастараецца быць з выгляду абыякавай, каб мацней усхваляваць хлапечыя пачуцці.

Маці тым часам спякла на трыножцы перад цялеснікамі патэльню яешні. На стале з'явілася міса рудаватых гуркоў, квашаная капуста. Потым старая адчыніла скрыню і паставіла бутэльку, заткнутую пакуллем.

- От гэта ж яшчэ з леташняга года стаіць. У нас піткоў няма, дык яна і стаіць.

- Дык хіба гэта бутэлька мяне чакала? - спытаў жартам Сяргей.

- Канечне, цябе, - уставіла сваё Гарпуська.

- Значыць, я ў вас госць чаканы?

- А можа! - праказала Гарпуська.

- Ну, калі так ужо чакала мяне гэтая бутэлька, дык можна сесці і за стол, хоць я і не вялікі піток.

А маці завіхалася ля стала. Яна паставіла дзве невялікія чаркі для сябе і дачкі, а перад Сяргеем - гранёную шклянку, дастала з паліцы другую бутэльку з падчырвоненай вадкасцю.

- Гэта жаночая, слабенькая, а табе вось гэтай, - казала Параска, наліваючы поўную шклянку крыху жаўтаватага, настоенага на тым корані, што ўкінула Аўдоля, першаку. Сяргей патрабаваў, каб старая і Гарпусьцы наліла з тае цёмнае бутэлькі, але Параска - ні блізка, хоць Гарпуська сама і не супраць была. Яна магла б з любым чалавекам выпіць і мацнейшае, не канечне ёй піць гэты падчырвонены квас. Чокнуліся, пабудзьздароўкаліся і выпілі па адной. Гарпуська прыкмеціла, што маці неяк незвычайна глядзела на Сяргея. Дзяўчына заўважыла, што хлопец падабаецца старой. Дык ён жа і ёй, Гарпусьцы, вунь як падабаецца! І яна ўжо сама падлівала ў гранёную шклянку з цёмнае бутэлькі.

Пачастунак цягнуўся парадкам часу. Сяргей добра-такі захмялеў. Параска заўважыла гэта і паспяшалася развітацца, каб не замінаць сваёй прысутнасцю маладым.

- Дык вы тутака, дзеткі мае, пасядзіце сабе, а я палезу на печ. Мне, старой, адно на печы грэць плечы, а вам, маладым, мілавацца ды жыццём любавацца.

Але Параска не заснула на гарачай чарэні. Яна раз-поразу паглядала праз зашыек печы на дачку з Сяргеем. А каб яны нічога не падумалі і не саромеліся старой, дык нават для прыліку храпанула гэтак, што на ўсю хату было чутно. П'янаваты Сяргей асмялеў. Ён схапіў Гарпуську ў свае дужыя хлапечыя рукі і пачаў цалаваць. Яна кволенька вырвалася, хоць у самой сэрца, як той драбок цукру ў цёплай вадзе, раставала ад Сяргеевых абдымкаў і пацалункаў.

- Сярожка, родненькі, не трэба гэтак, а то ж маці яшчэ, мусіць, не спіць, - млява казала Гарпуська.

- Спіць, ужо спіць. Яна ж храпла ўжо, - канчаткова асмялеў Сяргей.

Ён зноў абдымаў і цалаваў Гарпуську, і яна ўжо не вырывалася і не абаранялася.

А Параска і на волас яшчэ не заснула, яна крадком глядзела на доччына шчасце. Яе старое, счарсцвелае за доўгія гады жыцця сэрца нібы памаладзела і соладка калацілася, ледзь не выскакваючы з грудзей. Яна ўспамінала сваю маладосць, Свірыда, яго моцныя, як абцугі, абдымкі. Ёй хацелася заспяваць ад гэтых пачуццяў, але яна маўчала і толькі думала сама сабе: «Праўду-такі казала старая Аўдоля, што ад яе прывароту ніводзін яшчэ не выкручваўся». Параска чула з печы, як, праводзячы Сяргея, Гарпуська казала яму:

- Ты ж, Сярожка, і заўтра прыходзь, пахмелішся, а то галава будзе балець.

- Прыйду, абавязкова прыйду.

На другі дзень Сяргей сапраўды прачнуўся з болем галавы. Яму хацелася пахмяліцца, але ён не адважыўся ўдзень ісці да Гарпуські. Сёння ён не мог ніяк звесці канцоў з канцамі. Калі б ён шчыра сам сабе прызнаўся, дык Гарпуська не вельмі яму падабалася. Каб тое, што адбылося ўчора, было з Волькай, дык ён бы надта шчаслівы быў. Але яна ж адвярнулася ад яго. Што яна знайшла ў тым Чыгараўцу?

Волька таксама не ведала, што яна знайшла ў Чыгараўцу. Каб Сяргей увесь час быў дома, дык яна б і не падумала пра Чыгараўца. Мусіць, праўда ў той прыказцы гаворыцца: «З воч далоў і з сэрца прэч». Не, Волька не выкінула канчаткова з сэрца Сяргея. Ён, можа, большае месца займае ў ім, чым той Чыгаравец, аднак тая правінка, якую яна дапусціла па дзявочай легкадумнасці два гады назад, не дае спакою, перашкаджае адкрыць перад Сяргеем тыя, ужо трохі астыўшыя пачуцці. Але варта было паднесці да іх хоць іскарку, яны б загарэліся зыркім полымем. Толькі Сяргей чамусьці не хацеў кінуць гэтай іскаркі. Наадварот, ён стараўся быць далей ад Волькі. Яму балюча было перажыць знявагу пачуццяў.

Усю зіму Сяргей па два, тры разы на тыдзень заходзіў да Гарпуські. І кожны раз на стале з'яўлялася тая ж цёмная бутэлька з першаком. Сяргей сам не заўважыў, як гэты пяршак пачаў уваходзіць у яго жыццё.

Гарпуська таксама бачыла, што Сяргей усё больш і больш уцягваецца ў п'янства, але яна ўжо нічога не магла зрабіць. Дзяўчына думала, калі яны пажэняцца, дык тады, гэтак жа як і прывучыла, яна адвучыць яго ад гарэлкі.

Прачынаючыся раніцай, Сяргей перш за ўсё думаў, дзе б перахапіць якую чарку. У Ямішчы ніхто і не думаў частаваць Сяргея. Людзям Гарлачова чарка стаяла ўпоперак горла, і яны баяліся прынадзіць новага брыгадзіра. А яно вунь як павярнулася: Гарпуська прывучыла брыгадзіра заглядаць у рыльца бутэлькі. А Сяргей сам не мог ніяк зразумець, як гэта сталася. У апошні час ён менш пачаў цікавіцца справамі брыгады: яны апастылелі яму. Ён шукаў нечага ўзвышанага і знаходзіў яго ў Гарпусьчынай хаце. У гэтую пару ў брыгадзе ішла ачыстка насення, рамонт інвентару да веснавой сяўбы, але, дзіва дый годзе, Сяргея ўсё гэта мала цікавіла. Людзі казалі яму:

- Дык што гэта ты, Сяргей, па Гарлачовай сцежцы надумаў ісці?

Ён не адказваў на гэтае непрыемнае запытанне, стараючыся быць далей ад людзей. Калі раней Сяргею хацелася быць сярод калгаснікаў, гаварыць, раіцца з імі, дык цяпер ужо ён абыходзіў іх, а ў вольную часіну бег да Гарпуські. Старая Параска гэтак і парашыла ўжо, што неўзабаве Сяргей стане сем'янінам у яе хаце. Яна ўпотай ад дачкі рыхтавалася да вяселля. Сяргей хадзіць хадзіў, а пра тое, каб жаніцца, і не заікаўся. Гэта вельмі непакоіла Параску. Аднойчы, калі Сяргей сядзеў п'янаваты за сталом, старая вымавіла:

- Дык вы ўжо браліся б, чаго гэта вам людзей смяшыць. Хоць бы людзі перасталі языкамі мянціць.

Параска чакала Сяргеева адказу, а ён быццам і не чуў яе гаворкі. Затое адказала Гарпуська:

- Вы б, мама, маўчалі. Гэта не вашай галавы клопат.

Параска хоць і пакрыўдзілася на дачку за такі адказ, але пастаралася зрабіць выгляд, што не чула яго. Сама ж падумала: мусіць, яны ўжо самі дамовіліся аб усім. І Параска ў думках падзякавала Аўдолі за яе той прыварот.

Прадвеснем у Ямішча прыехаў старшыня калгаса Варакса. Яго занепакоіла тое, што Сяргей, на якога ён ускладаў гэтакія надзеі, зараз збіўся з панталыку, і брыгада зноў пачала таптацца на адным месцы. З брыгадзірам старшыня гаварыў не так, як раней. Не было той шчырасці, цеплыні, а, паадварот, была нейкая колкая спагада і дакорлівасць. Сяргей не мог глядзець у вочы старшыні і ўсё стараўся, каб не сустрэцца позіркамі. Напаследак Варакса афіцыйна сказаў:

- Заўтра, таварыш Андрэйчык, прыходзьце на праўленне, будзе сур'ёзная гаворка.

З нейкай неўтрапёнай трывогай Сяргей чакаў вечара. Яму здавалася, што гэты вечар скіне з яго цяжар няпэўнасці, здранцвення думак, і таму, як толькі пачало змяркацца, ён выйшаў на дарогу. Сонца за дзень падтапіла снег, і дарога была як пасыпаная соллю. Снег пад нагамі раз'язджаўся, і ісці было нялёгка. Як толькі Сяргей выйшаў за вёску, ён убачыў чалавечую пастаць, якая ішла па дарозе яму насустрач. Здалёк ён не мог пазнаць, хто гэта такі. Толькі калі постаць наблізілася, Сяргей пазнаў Вольку. Яму не хацелася сустракацца з дзяўчынай. Таму ён наважыў з ходу размінуцца з ёй і пайсці сваёй дарогай.

Волька першая зачапіла Сяргея.

- Куды гэта ты, Сяргей, насупраць ночы? - спытала яна.

- На праўленне выклікаюць.

- Навошта цябе на тое праўленне выклікаюць?

- Не ведаю...

- Кажаш, не ведаеш? А я ведаю... Эх ты, Сярожа, куды ты зайшоў, куды цябе завяла Гарпуська? На што ты паквапіўся? Можа на хату, на багацце яе? У прымакі, можа, захацеў?

- Маўчы! - крыкнуў Сяргей. - Не я, а ты вінавата!

Волька страпянулася, нібы тая птушка, што трапіла ў сіло, і ўжо ў наступны момант ледзь не загаласіла:

- Сяргейка, родненькі, я вінавата, я! Матылі ў мяне ў галаве ляталі. Даруй мне.

Яна кінулася да Сяргея, абхапіла ягоную шыю рукамі і, як гарачым прыскам, абпякла вусны пацалункам. Сяргей квола паводзіў рукамі, нібы хочучы адапхнуць Вольку ад сябе. Але ў яго не хапала сілы. Яму многае было няясным, незразумелым, і калі Вольчына неўтрапёнасць крыху сцішылася, адступіў на крок і спытаў як мага спакайней:

- А як жа твой Чыгаравец?

- Сяргей, не дакарай мяне ім. Я яго не любіла. Я толькі так. Я думала, што ты не вернешся ў Ямішча і забудзеш мяне назаўсёды, дык я з ім пасябравала. А пасля таго як ты вярнуўся, дык я на яго глядзець не магу. Сяргей, родны, мне балюча глядзець, як цябе Гарпуська прынаджвае гарэлкай, як ты становішся на Гарлачову дарогу.

Сяргей патупіў вочы. Ён не чакаў гэтага. Яму сорамна было свае маладушнасці. Ён жа сапраўды думаў, што Волька забыла яго, выкінула з сэрца.

- Дык ты ж з ім вяселле ўжо збіралася гуляць, - укалоў Сяргей Вольку.

- Ніякага вяселля не будзе і не можа быць. Ён чалавек не благі, але ён не для мяне. Ты, Сярожа, мой. Я цябе нікому не аддам.

Сяргей зразумеў, што Волька гаворыць усё гэта шчыра, што ні ў чым у яе няма найгрышу. Таму ён, адкінуўшы напускную злосць, аддаўся на волю сваіх пачуццяў. Ён моцна абняў Вольку і пачаў цалаваць. І што за дзіва, Гарпуську ён цалаваў не адзін раз, але ніколі не адчуваў той блізкасці, якую адчуў цяпер. А Волька, вырываючыся з Сяргеевых абдымкаў, казала:

- Даруй, Сярожа, і не злуй на мяне за ўсё тое, што было.

- Я не злую. Я радуюся, што ты мяне і цяпер кахаеш.

- Дык ідзі ж хутчэй на праўленне, каб цябе там доўга не чакалі. А як вернешся, дык заходзь абавязкова да мяне. Я цябе буду чакаць.

Сяргей нічога не адказаў на Вольчына запрашэнне.

 

Нейкае дзіўнае адчуванне было ў Сяргея, калі ён выйшаў з пасяджэння праўлення. Нібы ён толькі што перажыў буру, якой трошкі спалохаўся, але якая не зламала яго, а, наадварот, мацней паставіла на ногі. Як толькі Сяргей перайшоў калгасны двор і выйшаў на дарогу, у месячным святле перадвясновай ночы ён убачыў на дарозе чалавечую фігуру. Марозік нанач узяўся быў добры, і дарога падшэрхла, снег ужо не рассоўваўся пад нагамі, затое ногі коўзаліся па ўезджанай каляіне. Таго чалавека, што ішоў уперадзе, нібы кідала на ўхабы, ён спатыкнуўся і нават адзін раз упаў рачкі. Наблізіўшыся, Сяргей пазнаў у тым чалавеку Мітрафана Гарлача. Хацеў абмінуць, каб не сустрэцца з ім, але другой дарогі не было, а па цаліку ісці не хацелася, і Сяргей вырашыў: «Ліха з ім, даганю, абміну і пайду сваёй дарогай».

Аднак, як толькі Гарлач пачуў за спіной крокі, ён абярнуўся і нібы ўзрадаваўся.

- Дык гэта ты, браце, з праборкі ідзеш? Чуў я, чуў, што цябе прабіралі сёння. Я даўно хацеў цябе бачыць, - заікаючыся гаварыў Гарлач.

- Нашто я табе? Хіба разам выпіць?

- А хоць бы і выпіць разам. Ты ж ад мяне цяпер недалёка адскочыў. Цябе ж Парасачка прычаравала не толькі да Гарпуські, але і да бутэлькі.

- Што ты вярзеш? - зазлаваў Сяргей.

- А тое вярзу, што добра ведаю... Так што мы цяпер з табой, браце, аднаго поля ягады. Толькі я не намоўленую гарэлку п'ю, а чыстую... А ты намоўленую, настоеную на Аўдоліным карэнні. Ды мне цяпер зрэшты ўсё адно: я цяпер гол як сакол і адзін, як вось гэты палец. - Гарлач выставіў, як піку, указальны палец, нібы ён хацеў ім каго праткнуць. - Праз цябе мяне з брыгадзірства скінулі. Жонка ад мяне ўцякла. Дык што мне, гуляй ды гарэлку куляй. Дык я і куляю.

Сяргею абрыдла гэтае п'янае Гарлачова трызненне, але яму рупіла даведацца, што гэта ён такое плявузгае пра намоўленую гарэлку, і ён, выбраўшы момант, калі Гарлач крыху збіўся з гаворкі, спытаў:

- Дык пра якую ты намоўленую кажаш?

- А ты хіба не ведаеш, дзівак-чалавек...

І Гарлач, віляючы языком, як нагамі, расказаў Сяргею, як ён падглядаў у Аўдоліна акно, калі да знахаркі ў хату прыходзіла Параска.

Хлопцу не хацелася верыць, але і не даваць Гарлачу веры не было як - вельмі ж усё супадала з тым, што было, і Сяргей хутчэй для таго, каб не паказаць сябе прастаком у вачах Гарлача, чым апраўдаць Гарпусьчыну маці, са злосцю выгукнуў:

- Брэшаш ты, як той сабака.

- На, во, не брашу, - і Гарлач перахрысціўся, ад чаго ён Сяргею здаўся яшчэ больш агідным. - Далібог, не брашу.

А на раскрыжаванні дарог - гэта было відаць здалёк - хтосьці сюд-туд хадзіў. Сяргей здагадаўся, што там чакала яго Гарпуська, і сказаў Гарлачу:

- Дык ідзі, вунь яна цябе чакае. Яна табе акурат пара, - і, не развітаўшыся са спадарожнікам, папраставаў па цаліку на святло вокан Вольчынай хаты. Зашэрхлая за вечар скарынка снегу ламалася пад нагамі, але ісці было лёгка. Агеньчык клікаў, вабіў да сябе.

Узрушаная, заплаканая Гарпуська вярнулася дадому без Сяргея. На стале стаяла тая ж цёмная бутэлька першаку. Яна са злосцю схапіла са стала бутэльку і з усяе сілы шыбанула ў куток. На ўсю хату разляцеліся пырскі самагонкі, друзачкі шкла. Ад стуку прачнулася на печы Параска.

- Што ты там б'еш, вар'ятка?

- Пляшкі твае б'ю, каб тут і заводу і смуроду іх не было.

Гарпусьцы пачулася, што пад вулічнымі вокнамі нехта тупае. Яна прыпала да халоднай шыбіны. Дзяўчына не траціла яшчэ надзеі на прыход Сяргея. На момант здалося, што чутны яго крокі пад вокнамі. Каб яна лепш прыслухалася, то распазнала б, што гэта шумеў, скробся ў другое акно голлем стары вяз.

 

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая