epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Зацірка

Можа, нічога так не любіў Міхал Стрынадка, як зацірку. Асабліва калі яна хоць трошачкі была заскварана салам. Ды калі яшчэ сёе-тое перападала пад зацірку. Тады яго б, здаецца, за вушы не адцягнуў ад ласунку. Ён прыпадаў да заціркі, як да гаючай крыніцы.

Адным словам, любіў Міхаіл зацірку, і Кацярына, яго ціхая і рахманая маладзіца, гэта ведала і старалася рабіць усё пад нораў мужу. І яшчэ да аднаго прыстроміўся чалавек — гэта да чаркі. Праўда, тут Кацярына не патакала яму. Наадварот, старалася як-кольвек адвучыць, як ад ліхой напасці. Міхаіл і сам добра не ведаў, чаго ён шукаў на дне той чаркі. Звычайна людзі п’юць ці з вялікага гора, ці з неўтаймоўнай радасці. У Стрынадкаў жа не было ніякага гора, калі не лічыць таго, што яны былі бяздзетныя. Ды і радасцей асаблівых не выстачала. Міхаіл з Кацярынай жылі кожнае само сабе, як бы самапасам. Сам Стрынадка працаваў бухгалтарам-рэвізорам у гаркамунгасе. Кацярына — майстрам на невялікім сушыльным заводзіку.

У Міхаіла часам, асабліва пасля квартальных ці гадавых балансаў, калі ён прыходзіў дадому, уваччу скакалі костачкі лічыльнікаў. Ды не толькі ўваччу. Здавалася, ён чуў, як яны ляскаюць. У такім разе ён мыляў губамі і гаварыў да жонкі:

— Каця, ты ж павінна зразумець, якая гэта работа. Можа б, таго... мазгі трошкі прамыць.

Кацярына скоса зыркала на мужыка. Даставала з жаночай сумкі абавязкова пакамечаную траячку і як не кідала яе Міхалу:

— Схадзі сам, калі табе ўжо абавязкова трэба іх прамываць. Мне сорамна па гэтае зелле хадзіць у магазін. Яшчэ людзі падумаюць, што я знарок табе мазгі затуманьваю.

— Ат, падумаюць. Хай думаюць. На тое ў іх галовы на плячах,— радасна абзываўся на Кацярыніну згоду Стрынадка і як не подбрыкам кідаўся цераз вуліцу ў прадуктовы магазін. З парога ён наказваў:

— Ты ж зацірачкі пастаў, мая галубачка.

Але такое было не дужа часта. Кацярына не вельмі раскашэльвалася на пакамечаныя траячкі. Хіба толькі ў вялікія святы ды часам у выхадныя, калі яны выязджалі на летнюю выгоду за горад. У такім разе Кацярыніна сэрца мякчэла, і яна давала згоду і грошы на тое, каб паставіць у куточак гаспадарчай сумкі закаркаваную пляшку. У такіх выпадках Міхал не давяраў нават жонцы трымаць у руках сумку — сам аберагаў яе, не раўнуючы, як той святы фанатык ваду з Іардана.

Сёння ў Стрынадкі быў такі настрой, што толькі выпіць: адбылася баталія з загадчыкам. Той яму не сказаў проста ў вочы, а намякнуў, што ён, Стрынадка, мокне ў гарэлцы і ўвесь інтарэс яго ў ёй, а работа быццам яму не ішла, не ехала. А хіба ж гэта праўда? Дзе ж ён у той гарэлцы мокне? У яго ж ніколі і капейкі за душой няма. Хіба толькі што ў дзень палучкі. Дык і то Кацярына стараецца так падкруціцца, каб яго абавязкова сустрэць на выхадзе з дзвярэй. Ох і хітрая ж, шалапутка! Акурат перад дзвярыма нос у нос стрэнецца.

— Гэта ж я надумала, пакуль ты дадому яшчэ не прыйшоў, збегаць у гастраном. Там, кажуць, нешта смачненькае прадаюць. Але калі я цябе ўжо сустрэла, дык сходзім удваіх.

Як не жывасілам Кацярына цягнула мужа ў магазін. Трымаючы пад руку, яна шчабятала аж да самага парога. А перад дзвярыма як бы спахоплівалася:

— Дык гэта ж у мяне з сабою і грошай кот наплакаў. Ты ж, мабыць, палучыў, то дай мне.

Міхал нехаця лез у кішэню і даставаў грошы. Кацярына аднымі вачыма лепш за яго, бухгалтара, іх пералічвала і, пераканаўшыся, што грошы ўсе, казала:

— Ты тут пастой, а я пабягу ў той аддзел.

І Кацярына раптоўна знікала ў натоўпе пакупнікоў, а Міхал падыходзіў да гастранамічнага аддзела, дзе былі выстаўлены, як напаказ, бутэлькі, спыніўся, нібы ўкапаны. У вочы кідаліся гарэлка, каньяк, віно. Прадаўшчыца пачынала ўжо звяртаць увагу: чаго гэты чалавек тут стаіць і нічога не купляе? Знячэўку падбягала Кацярына і брала яго пад руку.

— Хадзем, хадзем дадому. Чым ты тут так захапіўся?

Міхал кідаў узлаваны позірк на жонку і казаў як не сваім голасам:

— Не даеш выпіць, дык дай хоць на бутэлькі наглядзецца. Можа б, узяла хоць чакушачку? — з апошняй надзеяй прасіў ён жонку.

— З якой гэта нагоды? Што ў цябе сёння — імяніны ці хрысціны?

— Дык палучка ж! — гнеўна бомкаў Стрынадка.

— Палучка! Палучка! — перадражнівала Кацярына. На гэтую палучку не вельмі разяўляй рот. Няхай другім разам, можа, у выходны.

— А што ты там смачненькае купіла? — пераканаўшыся, што жонка гарэлкі не возьме, пытаў Стрынадка.

— Што я купіла? Дзвесце грамаў халвы. Я ж ведаю, як ты любіш яе,— шчабятала, не даючы вымавіць Міхалу слова, жонка.

З магазіна яны сунуліся моўчкі, нібы пасварыўшыся. Міхал нават адварочваўся ад жонкі. Разглядаў сустрэчных, асабліва мужчын. І калі трапляўся чалавек, якога хістала з нагі на нагу, Стрынадка зайздросціў яму і нібы сам сабе казаў:

— От чалавек добрую жонку мае... Не тое што я.

— Які чалавек?

— А вунь гэты,— паказваў Міхал на п’янага.— Бач, не пашкадавала паршывай траячкі, і мужыку з палучкі весела.

— Вунь ты пра што! Я пашкадавала не траячкі, а цябе, дурнога.

— Шкадобніца знайшлася,— бурчаў у адказ Міхал і праглынаў словы, каб ужо маўчаць да самага дому, а то і да заўтрашняй раніцы.

Сёння ж Міхалу Стрынадку пашэнціла. Пад канец рабочага дня падкруціўся домакіраўнік Хвядос Бычок. Міхал ведаў гэтага Бычка: любіў і той паласавацца малачком з-пад шалёнай кароўкі.

Разам выйшлі з дзвярэй райкамунгаса. Хвядос зладзеявата паазіраўся, памыляў губамі, быццам збіраўся каштаваць што смачнае.

— Дык, Міхал Фёдаравіч, можа, таго...

— Што таго? — злосна буркнуў Стрынадка.

— Ну, таго зробім...— і Хвядос пстрыкнуў сябе па шыі.

Стрынадка зразумеў Бычкову пстрычку і зноў-такі незадаволена адказаў на яе:

— Дык у мяне ж у кішэні дуля, ды і тая на прывязі.

— Затое ў мяне во...— паляпаў сябе па кішэнях Бычок.

— Ну то чаму ж не зрабіць,— згадзіўся Стрынадка і сам сабе падумаў: «Ужо, відаць, недзе ўрваў, чортаў урвіцель».

Стрынадка добра ведаў Бычка: той не прапускаў выпадку, каб не сарваць з каго ці пры абмене кватэры, ці з якой-іншай прычыны. Ведаў, але заўсёды рабіў выгляд, што ён нічога не чуе і не бачыць. І, можа, таму Хвядос Бычок пры кожным зручным выпадку стараўся аддзячыць бухгалтару-рэвізору.

У магазіне доўга не забавіліся: хапілі, як што гарачае, пляшку, і толькі іх там і бачылі. Але зноў перад дружбакамі ўзнікла праблема: дзе спаражніць пасудзіну? Хвядос пусціўся ў разважанні і нараканні:

— От жа, не кажы ты, завялі парадкі: беднаму чалавеку і пляшку раздавіць няма дзе. Бывала, у кожным ларку можна было прычасціцца. Дык некаму ж гэта замінала. Цяпер хоць за вугал дзе хавайся ды нагбом з рыльца.

— Дык чаго там нагбом. Да мае ж хаты рукой падаць, то і пойдзем.

— А буркатня твая?

— Яе няма дома. На другой змене працуе.

— То іншая справа,— узрадаваўся Бычок.

І вось яны за Стрынадкавым сталом. На стале круглая рыжаватая цыбуліна, зубок часнаку ды акрайчык чэрствага хлеба, а над усім гэтым узвышалася, быццам ганарылася, бутэлька. Яна па чарзе нагіналася то над адной, то над другой гранёнай шклянкай, булькала. А тыя ў сваю чаргу падняліся, стукнуліся, і ў звоне іх быццам чулася: «Будзьма!» — «Будзьма!»

Шклянка за шклянкаю — і бутэлька спаражнілася. Хвядос Бычок сядзеў як на цвіках. Хоць ногі былі і нетрывалыя, яны рваліся ў бег.

— Дык я схаджу цераз вуліцу,— набіваўся ён.

— Скокні, як маеш ахвоту,— згаджаўся гаспадар.

Толькі тады, як Бычок выйшаў, Стрынадка заўважыў, што ў пакоі аблуплены сцены, і здзівіўся: «Навошта гэта яна?»

Хвядос доўга не забавіўся. На стол стала другая, поўная як вока, пляшка-чырвонагалоўка. Але адкаркоўваць яе Бычок не спяшаўся.

— Дык няўжо твая гаспадыня ніякага прыварку не згатавала?

Гаспадар кінуўся шукаць па ўсіх кутках. Бразгацеў місамі, каструлямі. Нарэшце з радаснай палёгкай выгукнуў:

— Ёсць! Ёсць!

— Што ёсць?

— Самая смачная страва — зацірка. І паставіў на стол вялізную, як не ў калена, мурзатую каструлю.— Дык мо талеркі?..— папытаў ён у госця.

— На ліха яны, і так управімся. Давай лыжкі.

Пад самую смачную страву кульнулі па поўнай, да самых краёчкаў, шклянцы і пачалі нырцаваць вялізнымі алюмініевымі лыжкамі.

— Недасаліла, недасаліла,— наракаў Бычок.

— Салам не заскварыла. Мабыць, думала, як прыйдзе, то заскварыць.

— А яна от тут заскварыцца і даварыцца,— паказаў на жывот Бычок.

Сябры дагледзеліся дна і ў другой бутэльцы, і ў вялізнай замурзанай каструлі. Міхал ужо не памятае, калі ён выпхаў з кватэры Хвядоса Бычка. Не памятае, як ён кулём зваліўся на канапу і захроп.

Прачнуўся ён ад штурхалёў пад бакі і ніяк не мог зразумець, дзе і што ён. Кацярына наляцела на яго, як грозная віхура.

— Дзе клейсцер?!

— Які клейсцер? — не разумеў Стрынадка.

— А во гэты! — паказала на каструлю Кацярына.

— Закусілі. Паелі.

— Каб вас чэрві елі. Я ж там намяшала рознай дрэні, каб клапы не вяліся, рознай халеры, а яны закусілі. Глядзі, каб тая закуска бокам табе не вылезла.

Міхал скоса зірнуў на жонку. Моташна стала пад лыжачкай. У роце адчуваўся смак брыды, і ён не выйшаў, а вылецеў на свежае паветра.