epub
 
падключыць
слоўнікі

Раман Сабаленка

Золатам па мармуры

Доўгі час яму, нават мёртваму, нібы шкадавалі славы. Чалавек знік са свету, нібы праваліўся ў бездань часу. Ужо колькі год пра яго нідзе ні весткі, ні чуткі. Не вярнуўся Алесь Алішэвец з вайны. А я, як толькі ступіў адной нагою на родныя абшары, успомніў усё дазвання.

Мне ёсць што расказаць пра Алеся Алішэўца, бо калі я буду расказваць пра яго, дык гэта нібы і пра мяне. Пра наша з ім дзяцінства, пра наша юнацтва.

Было гэта ў сярэдзіне зімы. Маразяка выскрыпаўся гэтакі, што рэдка калі і бываюць такія. Мы з Алесем першы год хадзілі ў Брагініцкую школу. У нашай Пяціхатцы не было пятага класа, а вучыцца мы хацелі, каб пасля падацца куды, хоць свету пабачыць. І бацькі спрыялі нашаму жаданню. Дык мы і паступілі ў Брагініцкую школу, якая тады на ўвесь раён славілася як найлепшая.

Абшара паміж нашай Пяціхаткай і Брагінічамі кожнае зімы залівалася вадою і, калі ціскаў мароз, пакрывалася лёдам. Гэтак спрэс ад Пяціхаткі да Брагініч і сінеў, аж блішчаў на сонцы лёд. І навошта нам было хадзіць пехам па гасцінцы, калі можна было на каньках за адзін мэнт быць у Брагінічах. А дзе-ж іх узяць? У мяне ды і ў Алеся грошай ні капейкі. Местачкоўцы недзе, мабыць, дападалі іх у гарадах. Дык мы з Алесем і вырашылі парабіць канькі самі. У Алесевай павеці стаяў ладны кругляк з уваткнутай у яго сякерай-тупіцай. На ёй мы і дамовіліся пляскаць дрот, бо нельга ездзіць на двух каньках з круглым дротам.

Алесь мне сказаў:

— Ты ведаеш, якая пад нашай павеццю чакуха?

— Якая?.. Чакуха як чакуха. Старая тупіца,— выказаў я сваё.

— Ды не, незвычайная. У ёй насталены абух. Бацька на ёй касу клепле. Чым хочаш па ім сячы, чым хочаш бі, ён не ўвагнецца, не ўклеплецца.

Абух сапраўды быў добры. Мы ў мэнт распляскалі даўжэзны таўставаты дрот і асадзілі аж чатыры канькі, дзеравяшкі якіх я парабіў яшчэ ўчора: павыстругваў і шылам папрапекваў дзірачкі для аборак. Не хапала толькі добрых канапляных абор, і можна было б падвязваць канькі на ногі.

Аборы мы самі не вілі. Віць іх — гэта доўгая песня. Павыборсвалі з лапцяў. А надоечы раніцай я перакалаціўся: бацька збіраўся на дровы. Маразяка быў люты, дык стары надумаў абуць на суконкі лапці, каб нагам было цяплей. І лапці ў яго былі адменныя: сплеценыя з адмысловых дубовых паскаў, якія ён драў з маладых дрэўцаў, распарыўшы іх перад сопухай. Як толькі пачалася зіма, мачаха зняла тыя лапці з гарышча і кінула пад палок, куды скідалі ўсякую непатрэбшчыну. Лапці тыя ўсохліся, і я думаў, што калі іх і можна на чыю нагу абуваць, дык на каціную. А аборы ў іх былі моцныя, хоць чарцей на іх вешай: адна столка канапляная, а другая з валасні, навыцепванай з конскага хваста. Бацька шукаў, шукаў, так лапцяў і не знайшоў. Пабурчаў сам сабе пад нос і абуў боты.

Колькі гадоў служылі ў мароз гэтыя лапці бацьку, і зносу ім не відно было. Дык от я і павыцягваў тыя канапляныя з конскай валаснёй аборы. Мы з Алесем прыкідвалі, меркавалі, каб стала гэтых абор на дзве пары. Але як ні вымяркоўвалі, як ні мералі, усё ж не хапіла. Тады Алесь выцягнуў з хамутоў дзве сураўчаныя супоні. Мы прыладзілі і іх да канькоў.

Акурат насталі зімовыя канікулы. Гэта і добра — мы здолеем налаўчыцца катацца на двух каньках. На трэці ці на чацвёрты дзень канікулаў, акурат на вадохрышча, нават я добра не паснедаў, бо спяшаўся, мы з Алесем выскачылі на лёд. Алесь хлопец быў высакаваты, гнуткі, як стусіна. Ногі ў яго былі роўныя і доўгія. Мне, прысадзістаму, каржакаватаму, нават у першы раз цяжка было дагнаць яго. Ды ён жа і фізкультурнік быў вунь які: на турніку рабіў «сонца», скакаў цераз «кабылу». Увосень у гарадкі, як казалі ў нашай школе ў «краглі», лепш за ўсіх гуляў. Я зайздросціў Алесеваму ўмельству, а ён на мяне глядзеў, як на целяпня.

І вось мы на каньках. Абодва яшчэ не ўмеем катацца. Станавіцца на два канькі ні Алесю, ні мне не даводзілася. Адно што з зайздрасцю глядзелі на брагініцкіх хлопцаў, у якіх пад нагамі аж гудзеў рачны лёд.

Перад намі распасціралася, як засланая абрусам, роўнядзь. Зрэдку толькі віднеліся шчыткі хмызняку на ледзяной паверхні. Ад Пяціхаткі да самых Брагініч спрэс была сіняватая роўнядзь. Яна ўяўлялася часам вялізным, трохі падсіненым кужэльным прасцірадлам.

Пакідаючы за сабою белыя пісягі, мы з Алесем стараліся абагнаць адзін аднаго. Як вецер, насіліся па бяскрайнім прасторы. За якія дні два гэтак налаўчыліся, што, гледзячы збоку на нас, можна было падумаць, што ўсё жыццё мы стаім на каньках.

Вярталіся ў Алесеву хату кожны раз пад самы вечар. Маці, сустракаючы нас, заўсёды ўсплёсквала рукамі.

— Гэта ж трэба, цэлы дзень не стыкаліся. Мо хто за вамі гнаўся? — зірнуўшы на нашу спатнеласць, пытала цётка Арына і расшпільвала Алесеў пінжак. Кідала вачыма на мяне, каб і я расшпільваўся. Цётка казала далей:

— На такім марозе можна за адзін момант прастыць і ў пасцель зваліцца.

Аднак мы не прастывалі ні за адзін, ні за два моманты. Праз усе канікулы, не стыкаючыся, гойсалі па лёдзе. Абодва добра разумелі, што катанне апроч гульні, забавы мае для нас і практычны сэнс: да Брагініч, калі летнікам ісці, добрых кіламетраў пяць, і самае мала пройдзеш гадзіну, а то і паўтары, калі, ідучы, выдумляць якія забаўкі. А на каньках наўпрасткі да школы мы даляталі за нейкі момант.

Зімою раніца наступае марудна, як бы нехаця. У нашай школе заняткі пачыналіся яшчэ цёмначы. На першых уроках настаўнікі нам стараліся тлумачыць тое, што не трэба было сачыць па кніжках.

Каб не пазніцца з Пяціхаткі на ранні ўрок, мы з Алесем уставалі мо з трэцімі пеўнямі. Зімовымі начамі спалі разам у Алесевай хаце, бо мачаха мая скоса глядзела на нас з Алесем, калі мы заходзілі пасядзець у нашу хату. Бацькі звычайна зімою не было дома: яшчэ зацемна ён выпраўляўся на работу і вяртаўся дадому пасля змяркання. Мачаха цэлы дзень гаспадарыла ў хаце адна з малымі.

Зімою я стараўся, каб не заседжвацца дома. Калі прыходзіў са школы, кідаў на лаўку торбу з кніжкамі, на хаду чаго перакусваў і вобмельгам з хаты. Бег да Алеся. Ягоная маці Арына была добрай душы спагадлівая жанчына, бо калі чым смачным намазвала Алесю які кусень, не мінала і мяне. І мне часам нават здавалася, што і я сын гэтай добрай жанчыны. Русявыя валасы яе, якія кудзеркамі выбіваліся з-пад завязанай пад бараду хусткі, здаваліся мне сваімі і роднымі. Прыемны голас яе гучаў у маіх вушах як песня.

Калі мы з Алесем дзе бавіліся, маці крычала з ганка, і звычайна я першы чуў яе голас.

— Алесь! Алесь! — звярталася спачатку яна да сына, а потым ужо пытала ў дваіх нас: — Дзе вы падзеліся?

І мне гэтак прыемна, аж соладка рабілася ў грудзях слухаць гэтае матчына гуканне. Я першы, а следам за мной і Алесь беглі на матчын покліч. Як толькі згледжвала нас цётка Арына, яна зачыняла сенечныя дзверы і ішла ў хату наліваць абед. І калі мы прыбягалі ў хату, на старым рыпучым стале дымілася парай міска з баршчом ці якім іншым наедкам. У хаце я, як укапаны, станавіўся ў парозе чакаць, пакуль Алесь падсілкуецца. Але стаяць доўга мне не даводзілася: Алесева маці як не за руку цягнула мяне за стол. Для прыліку я ўпінаўся нагамі, быццам от толькі што адваліўся ад яды.

— Чаго ты ўпінаешся? Ты ж, мабыць, не абедаў? — пытала цётка Арына.

Я не мог хлусіць цётцы і прызнаваўся, што галодны, і ішоў следам за ёю. Елася нам заўсёды смачна, добра і спорна. Маці глядзела на нас і, мусіць, любавалася нашай упраўнасцю. Мо ўсе маці радуюцца, калі іх дзеці добра ядуць. Пасля абеду мы разам рыхтавалі ўрокі. Гэтак да самай апоўначы я і не стыкаўся дадому. Бацька мо і бачыў, што мяне не вельмі што і вабіць у сваю хату. Ён ніколі не сварыўся на мяне. Мабыць, яму падабалася маё таварышаванне з Алесем. Нават за тыя аборы, што я выбарсаў тады з лапцяў, ён не насварыўся на мяне.

Гэтак мы вучыліся і таварышавалі з Алесем праз доўгія гады. На лета, праўда, мы трохі адбіваліся адзін ад аднаго. Затое на зіму сыходзіліся як самыя лепшыя сябрукі ці браты.

А гады імчаліся быццам і неўпрыкметку. Я, ды, мабыць, і ўсе ў маладосці, не заўважаў, як хутка бяжыць час. Здавалася, што жыццё вечна. І калі перакінуць сюды-туды які тыдзень ці месяц, дый гэта не мае аніякага значэння. І мы з Алесем не шкадавалі ні тыдняў, ні гадоў, і на другую зіму, калі добра ўмярзаў наш поплаў, мы былі анігадкі. Мы гэтак навучыліся ездзіць, што хоць канькі і самаробныя былі, наўрад ці хто мог дагнаць нас. Праўда, леташнюю зіму бацькі скоса глядзелі на нашы канькабежныя практыкаванні, а сёлета, мабыць, зразумелі, што мы без канькоў, як птушкі без крылаў, і нават сяды-тады на людзях і падхвальвалі нас. Алесеў бацька абяцаў хлопцу купіць сапраўдныя канькі...

Дзень выдаўся такі марозны, што нейкі своеасаблівы туман вісеў у паветры. Чырванаватае, як медзяны пятак, сонца, здаецца, ніяк не магло пралупіцца, каб зірнуць на зямлю. Яна ўся была заткана снегам. А сонца, здавалася, і само ніяк не магло сагрэцца. Пад полагам туману яно не тое што не грэла, дык і не свяціла як мае быць. На некалькі гадзін выкочвалася на неба і хуценька хавалася за небасхіл, як за плот.

Заняткі ў школе цягнуліся як не да самага змяркання. Мы выходзілі на прагалу лёду, калі ўжо навокал слалася туманнае мроіва вечара. У нас з Алесем быў ужо і свой парадак язды. Спачатку Алесь выскакваў наперад, а потым я паднатужваўся і абганяў яго і ўжо як бы вёў за сабою, баючыся, каб ён дзе не збочыў і не заблудзіў. І на гэты раз ля самых умерзлых хмызнякоў я абагнаў таварыша. Я вырваўся на сіняватую разлегласць лёду, і тут ужо мой сябрук ні дагнаць, ні перагнаць мяне не мог.

Я ляцеў, як апантаны, прастуючы на іх агарод. Там у снезе была пратаптана сцяжынка, і, пад’ехаўшы да яе, мы адвязвалі канькі і ішлі дадому.

На гэты раз я ляцеў так, што перад сабою, апроч лёду, нічога не бачыў. І раптам мяне як апякло холадам, нібы хто абгарнуў па самую шыю халоднай-халоднай анучай. Потым мне здалося, што я знянацку ўляцеў у агонь. Нічога не мог напачатку даўмецца, зразумець. Толькі калі пад’ехаў Алесь і кінуўся на падмогу, я зразумеў, што з разгону ўляцеў у пельку, якая была прасечана сёння. Нейкая жанчына, мабыць, мыла бялізну. Пад вечар пельку нават трохі зацягнула лёдам. У гэтым месцы канава адмяжоўвала наш пяціхатаўскі выган ад поплаву.

— А, братачка ты мой! А як жа гэта ты? — скуголіў Алесь нада мною. Я з усёй сілы чапляўся рукамі за краі палонкі. Рукі скаўзаліся, і я не мог ніяк зачапіцца імі і рынаў у ваду.

— Давай руку! Давай руку! — крычаў я Алесю, не пападаючы зуб на зуб.

Алесь кінуўся падаваць мне руку і ледзь сам не ўляцеў у палонку.

Хлопец не ведаў, што рабіць. Ён бегаў вакол палонкі і як не ламаў рукі. Нарэшце, мабыць, раптоўна даўмеўся хлопец: хуценька адвязаў канькі, упёрся нагамі, відаць, у тое месца, дзе, мабыць, нядаўна на лёдзе ляжала бялізна, кінуў мне канцы аборы. Я аберуч ухапіўся за іх, як за ратунак, і Алесь на ўсю сілу пацягнуў мяне на сябе.

Я сяк-так каленямі стаў на лёд.

— Давай хутчэй! Давай дадому! — закрычаў Алесь.

А мароз ужо браўся лубяніць маю вопратку, і я на ўсю сілу дарожкай праз агарод кінуўся да Алесевай хаты. Дзіва, дый годзе. Калі я быў у палонцы і вось-вось мог захлынуцца, я ніколечкі не спалохаўся. Перапуд прыйшоў тады, калі я ўжо бег па агародзе. Толькі тут прыйшло мне ў галаву, што я адной нагою стаяў на краі магілы.

Цётку Арыну я ледзь не зваліў з ног. Яна, як угледзела мяне, спалохалася мо больш, чым я сам.

— Дзе Алесь? Дзе Алесь? — пытала яна як з-пад вады.

Спачатку я не мог разабраць, што яна пытае, і нічога не адказваў жанчыне.

— Дзе Алесь? — як не загаласіла цётка Арына.

— Вунь ідзе! — паказаў я на размаляванае марознымі ўзорамі акно.

— Дзе?

— Вунь там! — зноў я паказаў рукою на двор, і гэта, мусіць, пераканала яе, што з хлопцам нічога не здарылася.

Ляпнулі дзверы хаты, і Алесь спалохана стаў на парозе. Разгублена ён глядзеў то на мяне, то на маці. А цётка Арына як не крыкнула на мяне:

— Скідай гэтае макроцце ды на печ!

Яна хуценька расшпільвала пінжак, здзірала з мяне ўсё і амаль голага падсаджвала мяне на печ, на чаране якой я потым праляжаў аж два тыдні.

* * *

Было ўсё гэта даўно, ой як даўно. Мо каб на чыю іншую памяць, дык можна б і забыцца на ўсё гэта. А я, мабыць, ніколі на ўсё гэта не забудуся.

Пасля сканчэння Брагініцкай школы я змушаны быў шукаць свайго хлеба. Аляксеевы бацькі хацелі вучыць хлопца на настаўніка ці доктара, але яго ўзялі па прызыву ў армію. Яшчэ да мабілізацыі Алесь падаўся ў лётнае вучылішча. Я, яшчэ калі ў школу хадзілі, прыкмеціў, што хлопец, як угледзіць самалёт, дык гатовы сам ляцець за ім.

Адным словам, як гэта часта здараецца, на парозе сталага веку нашы дарогі з Алесем разышліся. І хоць мы не дзяліліся, не сварыліся, адзін аднаго згубілі. І калі што і засталося ў нас агульнага, дык гэта ўспаміны маленства і юнацтва. Праз доўгія гады я калі што і даведаўся пра Алеся, дык праз няпэўныя чуткі. У сталасці мы нібы ленаваліся адзін аднаму хоць зрэдку ліст напісаць. Адно ведаў я, што перад самай вайною Алесь працаваў у палярнай авіяцыі. А я пасля доўгіх пошукаў свае дарогі выбраў сабе не вельмі спакойную прафесію — журналістыку..Праз усе мірныя перадваенныя гады ды і ў вайну стараўся словам, як куляй, біць у цэль.

І от праз дзесяцігоддзі прыехаў у родную Пяціхатку. Можа, хто падумае, што я бесклапотны, нават на радзіму не мог ніяк выбрацца. Не! Пяціхатка сядзела ў маім сэрцы, як стрэмка, як самая балючая незагойная рана. І хоць я не бачыў на свае вочы таго попелу, што на пяціхацкіх сядзібах пакінулі фашысты, ён усё роўна стукаў мне ў грудзі. У тыя страшныя гады акупанты сагналі ўсіх пяціхатцаў у Альшэўцава гумно і падпалілі яго. Ні адна жывая душа адтуль не выбралася. Там загінулі і нашы з Алесем сем’і.

І як мне праз доўгія гады ні карцела ступіць хоць адной нагою на пяціхацкую зямлю, я гэтага не рабіў, каб не верадзіць старую, вельмі балючую рану. Колькі разоў мне прапаноўвалі паехаць у камандзіроўку на радзіму, я ні блізка.

І толькі от цяпер, спадзеючыся, што рубец шрама зацягнуў нашчэнт старую рану, я іду прамой, як страла, пяціхацкай вуліцай. Вёскі не пазнаю: яна стала вялікая, як гарадскі пасёлак. Маладыя сады аж зямлю рвуць. Толькі зрэдку сям-там пракінецца старое дрэва — ліпа з буслянкаю ці ясакар. Астатняе ўсё новае, маладое. Нават вераб’і, што купаюцца ў размолатым калясьмі пыле, таксама, мне здаецца, не такія, як некалі былі.

А вунь і тая сядзіба, дзе калісь ліпела хата Алесевых бацькоў. Яе пазнаў здалёк я па старой ралаватай ліпе. І дрэва ўжо зусім абнемаглося. Быццам хто яго абшчыпаў. Пад самай хатай, якая была акурат на тым месцы, дзе стаяла хата Алесевых бацькоў, нешта ладавалі людзі. Майстры былі гэтак уруплены, што не заўважылі, як я падышоў да іх.

Хата была зрублена ў чысты вугал з круглага бярвення. Я ўгледзеў, што адзін з майстроў на сцяне хаты ля самага вугла вычэсвае пляшыну: счэсвае на бярвенні закругленыя мясціны і робіць іх плоскімі.

— Што гэта вы тут майструеце, дзядзька? — здзіўлена пытаю.

— А вы што за спрос? — адвярнуўся той, што вычэсваў пляшыну, паглядзеў на мяне.— Хіба вы не ведаеце? — ужо лагодней спытаў ён.— Цяпер мо ўвесь свет ведае гэтую хату.

— А што я павінен ведаць? — пытаю для большай пэўнасці.

— А тое, што мо ўвесь свет цяпер ведае, хто ў гэтай хаце калісь нарадзіўся і вырас. Не ў гэтай самай хаце,— паправіў сябе чалавек,— на гэтым падворку нарадзіўся і вырас вунь які чалавек. Дагэтуль мы і не ведалі, што ён за такі быў. Толькі нядаўна Міністэрства абароны раскапала ў архівах, што ён з Пяціхаткі.

— Дык хто ж ён, гэты чалавек?

— Вунь адсланіце ад сцяны дошку ды прачытайце, там золатам напісана,— параіў мне майстар.

І от я чытаю: «У гэтай хаце нарадзіўся і вырас Герой Савецкага Саюза Аляксандр Яўцехавіч Алішэвец, які загінуў смерцю храбрых у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Я зірнуў на барэльеф, угледзеў, што Алесь як жывы, падобны на сябе, і ў вачах аж слёзы паявіліся.

Майстар, які прыладжваў мемарыяльную дошку, здзіўлена зірнуў на мяне. Мо падумаў: «Конча яму плакаць па чужым чалавеку». Я яшчэ раз зірнуў на майстра і сам сабе сказаў, мусіць, так, каб і ён пачуў:

— Я і не ведаў.

У гэтым «я і не ведаў» быў дакор самому сабе і горкі смутак. Была абяцанка ўзяцца, абавязкова ўзяцца за пяро і расказаць людзям пра яго.

1968


1968