epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Будзень і свята

Яны сустрэліся на дарозе. Ён у саламяным капелюшы, лапцях, зрэбнай апратцы, з клуначкам за плячамі. Яна сядзела ў брычцы, запрэжанай параю коней, маладая і прыгожая.

Ён пакланіўся незнаёмцы, і тая звярнула на падарожнага ўвагу:

- Хто ты? Куды ідзеш?

- Будзень я. Іду куды вочы глядзяць.

- А, цябе выгналі з сяла? - засмяялася паненка.

Ён здзіўлена паглядзеў на яе:

- Адкуль ты ведаеш?

- Я - Свята! - з гордасцю пахвалілася паненка. - Калі людзі запрашалі, я сказала, што прыйду, як цябе прагоняць.

- Ах, вось чаму ўсе раптам сталі такія няветлівыя! - здагадаўся Будзень. - Нават у дарогу нічога не далі.

- Ідзі-ідзі і не вяртайся! - сказала, як загадала, Свята. - Я надоўга прыехала, а можа, і назаўсёды.

- Але ці можна жыць, калі кожны дзень - Свята? - засумняваўся Будзень.

- Можна! - зарагатала паненка і тузанула за лейцы.

Брычка ўехала ў сяло. Свята голасна заспявала:

 

Кідайце, людзі, граблі, косы -

Свята едзе ў госці!

Кідайце сярпы, жніцы, -

Будзем пець і весяліцца!

 

Людзі пабеглі насустрач. Свята злезла з брычкі, агледзелася:

- А чаму няма гармоніка? Дзе дуда?

Паслалі па музыкаў, а самі хуценька пачалі сталы расстаўляць, стравы насіць. Госцю на покуці пасадзілі. З'явіліся музыкі. І развесяліліся людзі, пайшлі ў скокі.

- Як жа мы раней жылі? - здзіўляліся яны. - Усё праца ды праца.

Дзень весяліліся, пяць, месяц, аж бачаць - на сталах і ў каморы пуста. Што піць, есці? Задумаліся людзі.

- Трэба за працу брацца! - сказаў адзін са старэйшых. - Іначай з голаду памром.

- Але ж у нас Свята! - запярэчылі астатнія. - Пры такой госці мы не прывыклі працаваць. Дый Будзень невядома дзе.

- Трэба знайсці яго і папрасіць, каб зноў прыйшоў.

Тым часам Будзень, пахадзіўшы па свеце, дамоў вяртаўся.

Людзі кінуліся да яго:

- Як ты дазнаўся, што нам цяжка?

- Хто доўга гуляе, той багацця не мае! - адказаў Будзень.

Пачула гэта Свята, бегма да брычкі і наўскач пагнала коней.

А людзі і цяпер у будзень працуюць, сіл не шкадуючы, а прыйдзе свята - гуляюць. Толькі надоўга ў госці да сябе свята больш не запрашаюць.


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае