epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Чаму ў Зайца рассечаная губа?

Ведаеце, чаму ў Зайца рассечаная губа? Калі не, тады слухайце.

Было гэта даўно. На дарозе ля Заечай хаткі ляжаў вялізны камень.

Суседка Вавёрка аднойчы прапанавала:

- Давай скінем камень з дарогі!

- Не твая справа! - адказаў ёй Заяц. - Каля майго дома ляжыць - значыць, не чапай.

- Але ж ён перашкаджае звярам хадзіць?

- Трэба пад ногі глядзець, а не варон лічыць.

Першая нагу збіла Ліса. Цяўкнула ад болю, а Заяц насмешліва:

- А ты, Ліска, пад ногі глядзі, калі ходзіш!

Злосна зіркнула на яго Ліса і пакульгала далей. А Заяц наўздагон:

- А яшчэ хваліцца, што самая хітрая!

Спадабаўся Зайцу занятак - сядзець на прызбе і глядзець, хто спатыкнецца аб камень.

Збіў лапу і Мядзведзь. Зароў ад злосці і болю:

- Хто мне камяні пад ногі кідае?!

Схапіў камень, каб скінуць з дарогі, а Заяц яму з прызбы:

- Нядобра, Міхайла Патапавіч, чужое забіраць.

- А хіба гэта твой камень?

- Мой.

- Прабач, не ведаў, - і паклаў камень на месца.

«Хто ж вінаваты, - думаў Заяц, - што вы як сляпыя?.. Я ж ні разу не спатыкнуўся».

Здарылася і яму спяшацца дамоў, калі зверху пачулася: «Кар-р!»

Узняў Заяц галаву, каб паглядзець, дзе Варона, спатыкнуўся аб камень і рассек губу.

Вавёрка выглянула з дупла, пацвеліла:

- Пад ногі трэба, сусед, глядзець, а не варон лічыць!

Даўно прыбралі звяры той камень з дарогі, а Заяц і дагэтуль бегае з рассечанай губою.


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае