epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Каму тэлеграма?

У кожнага звера ёсць свае клопаты: Мядзведзь - гаспадар лесу, Ліс - яго дарадчык, Дзяцел - тэлеграфіст, а шпарканогі Заяц пошту разносіць.

Аднаго разу вяртаўся з апусцелаю торбачкай Заяц дадому, а з дрэва Дзяцел пырх да яго з просьбаю:

- Зрабі ласку, Заяц, занясі яшчэ тэлеграму.

Муляецца Заяц, з нагі на нагу пераступае і маўчыць.

Бачыць Дзяцел, што паштальёну не хочацца ісці, і яшчэ больш пачаў упрошваць:

- Занясі. Тэлеграма твайму суседу.

- Калі суседу, то давай. А што ў той тэлеграме? - пацікавіўся Заяц.

- Пачытай, у ёй няма сакрэтаў, - сказаў Дзяцел і паляцеў на свой тэлеграф.

Заяц прачытаў:

- «Разумнаму, дужаму, ветліваму зверу. Ці падрыхтаваўся ты да зімы? Старая Вавёрка».

Пастаяў Заяц, пачухаў лапкай патыліцу. Каму ж несці? У яго тры суседы, і ўсе, здаецца, добрыя.

«Занясу Лісу. Ён, кажуць, самы кемлівы, разбярэцца».

Дабег Заяц да Лісавай нары, пастукаўся.

Выйшаў Ліс, важна пацягнуўся:

- Што табе?

- Тут некаму тэлеграма...

Прачытаў Ліс тэлеграму і кажа:

- Гэта мне. Ведае старая Вавёрка, што я самы разумны ў лесе.

Зайцу не спадабалася, што Ліс гэтак сам сябе хваліць.

- Не, - адказаў ён, - калі ты самы разумны, дык і без тэлеграмы ведаеш, што зіма надыходзіць.

Не паспеў Ліс слова сказаць, а Зайца ўжо і не відаць. Ад злосці Ліс толькі цяўкнуў наўздагон.

Дабег Заяц да новага мядзведжага берлагу, пастукаўся. Выйшаў касалапы Міша, глянуў грозна на Зайца, і той без слоў зразумеў: «Чаго трэба?»

- Шаноўны Мядзведзь, тут некаму... тэлеграму... прыслала Вавёрка.

Узяў Мядзведзь, прачытаў і заганарыўся:

- Гэта мне. Я самы дужы ў лесе!

- Не, - расхрабрыўся Заяц. - Калі ты самы дужы, дык ты ў любую хвіліну збудуеш бярлог. А гэтая тэлеграма - некаму другому...

- Як!.. - кінуўся быў на яго Мядзведзь, але Зайца ўжо і след прастыў.

Дабег ён да Вожыкавай хаткі, насілу аддыхаўся: усё здавалася, што Мядзведзь гоніцца за ім. Супакоіўся крыху, пастукаў у дзверы.

Выкаціўся Вожык, убачыў Зайца і запрасіў у хату:

- Заходзь, заходзь, сусед. У лесе зараз не цёпла. А ў нас самавар кіпіць.

Зайшоў Заяц у хату, выпіў шклянку гарачага чаю, а Вожык і пытае:

- Ну, з чым да нас, сусед, завітаў?

- Тут некаму тэлеграма ад старой Вавёркі.

Прачытаў Вожыкаў сын тэлеграму ўголас.

А Заяц і кажа:

- Гэта вам.

- А чаму нам? - здзівіўся сын.

- Бо тут напісана: добраму і ветліваму зверу.

Падзякаваў Вожык Вавёрцы за памяць, а Зайцу - за турботы. Правёў паштальёна да дзвярэй і сказаў:

- А да зімы мы падрыхтаваліся ўжо.

Задаволены вяртаўся дадому Заяц: тэлеграма трапіла па адрасу.


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае