epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Казкі-загадкі

1. Брат і сястра

 

Жылі-былі брат і сястра. Брат быў ружовашчокі, а сястра, наадварот, - смуглявая. У брата было толькі адно сонейка, а ў сястры - месяц рагаты і тысячы зорак.

Жылі яны спачатку дружна, а потым пасварыліся. Сястра ўсё пасмейвалася з брата:

- Што ты з адным сонейкам гуляеш? Вось у мяне, бачыш, колькі зорак! З імі гуляць куды цікавей.

Маўчаў брат.

- Я згодна памяняцца з табою. Вазьмі мае зоркі, а мне сонца аддай.

- Не, сястрыца, сонейка для мяне мілей!

Пасварыліся брат з сястрою і перасталі сустракацца. Прыйдзе брат і сонейка з сабою прывядзе, а сястра ўцячэ, схаваецца. Чакае, пакуль брату не захочацца адпачыць.

Заўважыла сястра: як толькі яна прыходзіць, людзі адразу працу кідаюць, спаць кладуцца. Крыўдна ёй стала.

- Чаму ты не працуеш, калі я прыходжу? - спытала яна ў аднаго Чалавека.

- Я добра папрацаваў, пакуль твой брат быў. Зараз адпачыць трэба.

Яшчэ больш крыўдна стала сястры:

- Дык, можа, мне зусім не прыходзіць?

- Не, чаму ж! Хіба змог бы я столькі зрабіць, каб не адпачываў? - адказаў Чалавек і папрасіў: - Вы, калі ласка, заўсёды прыходзьце, толькі паасобку.

 

Хто з вас, дзеці, здагадаўся, як завуць брата і сястру?

 

2. Сустрэча ў навагоднюю ноч

 

Апоўначы, як толькі на гарадской вежы сталі званіць куранты, з дома выйшаў дзяцюк у белым кажушку і пачаў запрагаць дванаццаць коней. Брычка была незвычайная: адно кола - белае, другое - зялёнае, трэцяе - чырвонае, чацвёртае - залацістае, а ў колах 365 спіцаў.

- Куды едзеш? - спыталіся ў дзецюка.

- На сустрэчу з братам, які з'явіцца праз год, - адказаў вазніца.

Брычка мчалася па палях і лугах, штодзень губляючы спіцы. Потым у дарозе згубіўся адзін конь, другі, а потым - і кола. А брычка ўсё ехала і ехала. За гэты час вазніца падрастаў, мяняўся.

Калі ж на наступны Новы год зноў пачалі біць вежавыя куранты, усё раптам знікла: і спіцы, і колы, і коні, а вазніца быў ужо немалады вусаты чалавек.

Да яго выйшаў зусім яшчэ юны дзяцюк, і яны абняліся.

- Што мне рабіць, брат? - запытаў маладзенькі.

- Запрагай коней і едзь на сустрэчу з тым братам, якога яшчэ няма.

- А як яго я пазнаю?

- Ён сам цябе знойдзе, - сказаў старэйшы і знік, быццам праваліўся ў снежны сумёт.

І дзяцюк стаў запрагаць коней...

 

Якія браты сустракаюцца адзін раз і толькі ў навагоднюю ноч?

 

3. Лясная госця

 

Набліжаўся Новы год. У клас, дзе вучыліся дзеці, нехта моцна пастукаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі адарваліся ад падручнікаў, глянулі ў акно і ўбачылі лясную госцю.

- Ёй холадна, - жаласліва сказала дзяўчынка з вялікім блакітным бантам.

- Давайце паклічам яе ў клас! - прапанаваў хлопчык.

- Не, - сказала настаўніца, - у класе ёй будзе цесна. Давайце лепей запросім яе ў школьную залу.

Абагрэўшыся ў цяпле, лясная госця засумавала без сяброўкі-бярозы, без рабіны ў чырвоных каралях, якія раслі непадалёку.

- Давайце ўпрыгожым яе! - падказала настаўніца.

Дзеці павесілі цацкі, цукеркі, яблыкі, а наверсе зорку прымацавалі. А госці ўсё роўна не радасна.

- Да мяне прыбягалі заяц, вавёрка, ліса, а зараз нікога няма...

- Будуць табе і звяркі, - паабяцалі дзеці.

Яны зрабілі маскі зайца, вавёркі, лісіцы, мядзведзя. А калі на свята прыйшлі Дзед Мароз і Снягурка, калі ўсе сталі вадзіць карагод, зусім развесялілася лясная госця, і вырашыла яна кожны раз прыходзіць да дзяцей пад Новы год.

 

Хто хутчэй адкажа: як завуць лясную госцю?

 

4. Самы кароткі месяц

 

Сабраў бацька Год сыноў Месяцаў і сказаў:

- Стары я ўжо стаў. Цяжка мне аднаму кіраваць на зямлі. Хацеў бы, каб вы мне дапамаглі ў гэтым. А таму пытаюся: хто чым будзе займацца, як прыйдзецца гаспадарыць на зямлі?

Адзін вырашыў снег растапіць, сок у ствалах дрэў пусціць, другі - кветкі рассыпаць па лугах, трэці - збажыну расціць, чацвёрты - дапамагчы сабраць ураджай, пяты - зямлю снегам пакрыць, каб мароз карэньчыкі раслін не вынішчыў...

Слухаў бацька Год сыноў сваіх, радасна ўсміхаўся ў сівую бараду і назначаў, каму колькі гаспадарыць на зямлі: таму - трыццаць дзён, таму - трыццаць адзін.

А як дайшла чарга да аднаго з малодшых сыноў, дык той раптам заявіў:

- Як прыйду я на зямлю, буду ўсё жывое марозіць, знішчаць. Ух, як я люблю гэта рабіць!

Не спадабаліся яго словы бацьку.

- Табе, сыне, толькі дваццаць восем дзён адвяду.

Заплакаў ад крыўды сын:

- А чаму мне найменш? Хачу столькі ж, як і братам маім.

- Ты - злосны! Значыць, быць табе самым кароткім месяцам. Ну, ладна, - палагаднеў нарэшце бацька Год, - на чацвёрты раз як прыйдзеш на зямлю, гаспадарыць будзеш на адзін дзень больш.

 

Якое імя ў гэтага сына? Здагадаліся ўжо?

 

5. Чыя моркаўка?

 

Быў сакавік. Раніцай Вавёрка высунулася з дупла і ўбачыла: на суседняй бярозе нехта павесіў моркаўку. Толькі чамусьці белую. «Гэта Заяц, мусіць, павесіў, - вырашыла Вавёрка. - Ён вельмі моркву любіць».

А тут і Заяц некуды спяшаецца.

- Слухай, шарачок, ці не твая моркаўка на бярозе вісіць?

- Моркаўка?! - здзівіўся Заяц. - Не, не мая. Я гэтак высока залезці не магу.

- І то праўда. Хто ж яе павесіў? - задумалася Вавёрка.

- Можа, Дзяцел? Учора чула, як стукаў па бярозе.

Пайшлі Вавёрка і Заяц да Дзятла.

- Дзядзечка, гэта ты ўчора на бярозе, што ля маёй хаты, моркаўку павесіў? - спыталася Вавёрка.

- Моркаўку? Ды не, ніякай моркаўкі я не вешаў. Учора я там толькі крыху бярозавіку папіў, - адказаў Дзяцел.

- Чыя ж моркаўка? - задумаліся ўсе.

- А можа, яна нічыя, - выказала здагадку Вавёрка.

- Як гэта нічыя? Такога не бывае, - не згадзіўся Заяц. - Яе абавязкова нехта павесіў.

- Можа, нехта павесіў - і забыўся? - сказаў Дзяцел. - Дык ты, шарачок, вазьмі яе сабе на абед...

І вось яны зноў ля той бярозы.

- А моркаўка дзе? - запытаў Дзяцел.

- Вунь там, ля самай вяршаліны, вісела. Праўда, Зайка?

- Праўда.

- Значыць, яе забраў той, хто павесіў, - вырашыў Дзяцел.

- Значыць, забраў, - згадзіўся і Заяц.

- А шкада, - сказала Вавёрка. - Які смачны абед быў бы ў цябе, шарачок!

- Нічога, - адказаў той. - Вясной ежы больш, чым зімою.

 

Ну, хто першы адгадае, што за моркаўка такая? І ці згадзілася б яна на абед Зайцу?

 

6. Хто падказваў у класе?

 

У чаратах размясцілася качыная школа. Вывучалі складанне лікаў.

Строгая настаўніца Качка Кіраўна задала пытанне:

- Колькі атрымаецца, калі да «кра» прыбавім яшчэ «кра»?

Не паспелі качаняты ўзняць крыльцы, як нехта падказаў:

- Кра-кра!

- Правільна, - пахваліла настаўніца. - Хто гэта сказаў?

Качаняты маўчалі.

Настаўніца зноў задала пытанне:

- Колькі будзе, калі «кра», «кра» і яшчэ «кра»?

Рыжанькі Качар узняў крыло.

Толькі Качка Кіраўна дазволіла яму адказваць, як нехта звонка зноў прагаварыў:

- Кра-кра-кра!

- Качка Кіраўна, я ведаю, чэснае слова, - заспяшаўся Рыжанькі Качар. - Дык чаго яна падказвае.

І ён скубануў суседачку Шэрую Шыйку за бок. Суседка не захацела цярпець гэтага. Пачалася бойка.

- Навошта падказвала?! А настаўніца падумала, што я не ведаў!

- Не падказвала я, не падказвала! - апраўдвалася Шэрая Шыйка.

- Хопіць біцца! - Качка Кіраўна падбегла да іх парты.

Калі Рыжанькі Качар і Шэрая Шыйка спынілі бойку, настаўніца спытала ў качанят:

- Дык хто падказваў у класе?

 

Задумаліся качаняты. Дапаможам ім, сябры!

 

7. Паспрабуй перакрычаць

 

Хораша ў лесе! Высокія яліны акружылі палянку з усіх бакоў. На прыгрэтым сонцам пагорку хлопчык знайшоў сямейку лісічак і стаў зразаць грыбкі.

Калі Максімка ўзняў вочы, дзядулі побач не было. Хлопчык кінуўся ў адзін бок, у другі - дзед як скрозь зямлю праваліўся. Максімку раптам стала страшнавата. Ён дрыжачым голасам паклікаў:

- Дзеду!

І ў той жа момант нехта непадалёку азваўся:

- Ду-ду! Ду-ду!

- Ау! - грамчэй крыкнуў хлопчык.

Хтосьці невядомы, быццам гуляючы ў дражнілку, некалькі разоў паўтарыў «ау».

Максімка склаў рупарам далоні і закрычаў:

- Дзеду, ау!

Выразна пачулася:

- Ду-ду, ау!

Ад таго, што ён адзін і што нехта хоча з ім гуляць, хлопчыку зрабілася весела.

- Яшчэ пабачым, хто каго перакрычыць! - сказаў ён.

Не паспелі скончыць гульню, як з-за дрэва выйшаў дзядуля з поўным кошыкам грыбоў.

- Я - тут. Чаго крычыш? Што, страшна?!

- Не, гэта мы гулялі, хто каго перакрычыць.

- А-а! - зразумеў унука дзядуля.

 

А вы, дзеці, здагадаліся, з кім гуляў Максімка?

 

8. Зорачкі-зоркі

 

Вавёрка Вера раніцай выскачыла з дупла, зрабіла фіззарадку і раптам убачыла: на зямлі пад сасною хтосьці за ноч рассыпаў зоркі. Залаціста-жоўтыя, прыгожыя. Вавёрка спусцілася ніжэй, але сысці на зямлю пабаялася: можа, яны гарачыя?

У гэтую хвіліну пад дрэвам прабягала Ліса.

- Лісіца-сястрыца, - ласкава звярнулася да яе вавёрка. - Што гэта за зорачкі-зоркі ўнізе?

Ліса на момант прыпынілася і адказала весела:

- Ніякія гэта не зорачкі, а грыбы з маім імем.

- Грыбы? - здзівілася вавёрка Вера. - А чаму яны залаціста-жоўтыя?

- Такія ж, як я, - засмяялася Ліса і пабегла далей.

А вавёрка Вера яшчэ доўга не магла паверыць, што гэта не зорачкі, аж пакуль не прыйшоў сюды Чалавек, які пачаў зразаць і класці іх у кошык.

 

Якія зоркі ўбачыла вавёрка Вера?

 

9. Грыбы ў горадзе

 

Раніцай дзядуля будзіў унука:

- Уставай, Максімка, грыбны дождж прайшоў, грыбоў насеяў!

Грыбоў і сапраўды ў лесе было шмат. Неўзабаве Максімка з дзедам набралі поўны кошык падасінавікаў, абабак, лісічак. Знайшлі нават сем баравікоў.

- Дзядуля, а што, у горадзе іншы дождж ідзе? - запытаў унук, калі вярталіся дамоў.

- Як гэта іншы? - не зразумеў дзядуля.

- Калі дождж на лес пайшоў, дык грыбоў насеяў. А калі на горад?.. - дапытваўся Максімка.

- У горадзе таксама грыбы бываюць, - усміхнуўся дзядуля. - Рознакаляровыя: чырвоныя, зялёныя, сінія, блакітныя... Яны з'яўляюцца на тратуарах, як толькі пачнецца дождж.

Задумаўся ўнук, пра якія грыбы гаворыць дзядуля.

- Вялікія, яны хаваюць людзей ад дажджу, - падказваў дзядуля. - Гэтых грыбоў ніхто нажом не зразае, у кошык не кладзе. Пройдзе дождж - адразу самі знікнуць.

- А, ведаю, пра якія грыбы ты гаворыш! - хітравата прыжмурыўся Максімка.

 

І вы ўжо здагадаліся, дзеці?..

 

10. Хмарчын ручнік

 

Мядзведзіка Патапку толькі што памылі, выцерлі чыстым ручніком. Маці пачала прыбіраць у хаце, а ён прымасціўся ля акна.

Нечакана выплыла хмарка. Паліў цёплы летні дожджык.

Патапка бачыў, як дожджык мые дрэвы і кусты за акном.

Хмарка паплыла далей. Зноў выглянула сонца. І Патапка заўважыў на небе... каляровы ручнік.

- Мама! - крыкнуў ён. - Глянь: хмарка ручнік пакінула!

- Дзе ён?

- Вунь, на небе, - паказаў лапай Патапка і дадаў: - Я ведаю навошта. Каб дрэвы, памыўшыся, маглі выцерціся.

Тут сонейка схавалася, і ручнік - прапаў.

- А дзе ручнік? - захныкаў Патапка.

- Чаго ты плачаш, дурненькі? - пачала суцяшаць маці. - Сам жа казаў, што хмарка пакінула ручнік, каб дрэвы маглі выцерціся пасля дажджу. Дрэвы выцерліся, і хмарка забрала свой ручнік.

 

А вы, сябры, ведаеце, які ручнік на небе ўбачыў Патапка?

 

11. Каваль

 

Пасля абеду з захаду прыплыла вялікая чорная Хмара, пайшоў спорны дождж. Ніхто не бачыў, калі Каваль падставіў высозную драбіну і хуценька ўзабраўся наверх. Але неўзабаве ён пачаў старанна працаваць: застукаў, загрукаў, і з накавальні паляцелі залатыя іскры.

Хмара разраслася і закрыла Сонца. А Каваль працаваў і працаваў. Часам грукаў так моцна, што, здавалася, уздрыгвала зямля, а іскры віліся доўгімі змейкамі.

Нарэшце, ці Каваль стаміўся, ці работу сваю ўжо заканчваў, але стукаў ён усё радзей і радзей. А затым і зусім паклаў молат.

Хмара паплыла далей, і зноў выглянула Сонца. Яно папрасіла Каваля:

- Пакажы, што выкаваў ты!

І Каваль выставіў на паўнеба сяміколерны зіхуткі мост.

- Маладзец! - усміхнулася Сонца.

 

Як завуць Каваля і што за дзіва-мост ён выкаваў?

 

12. Жучок з ліхтарыкам

 

Аж пакуль не сцямнела, Заяц з Зайчыхаю палолі градкі з капустаю. А ісці было не так блізка. Кожнага куста, кожнага дрэва баялася Зайчыха:

- Ой, воўк!

- Ну і баязліўка! - смяяўся Заяц.

Раптам Зайчыха спынілася:

- Глядзі, Зай: наперадзе агеньчык!

- Не бойся, - супакоіў яе Заяц. - Гэта добры агеньчык. Залаты.

Нечакана на сцяжынку выскачыў Жучок з ліхтарыкам.

- Я буду праводзіць вас. Каб светла было ісці, - сказаў ён.

- Калі ласка, - узрадавалася Зайчыха.

Калі прыйшлі дамоў, Заяц з Зайчыхаю пакланіліся Жучку:

- Дзякуй табе! Дзякуй, што сцежку асвятляў і мы з дарогі не збіліся.

 

Які Жучок дапамог Зайцу і Зайчысе?

 

 

АДКАЗЫ НА КАЗКІ-ЗАГАДКІ: 1. Дзень і ноч. 2. Стары і Новы год. 3. Навагодняя елка. 4. Люты. 5. Лядзяш. 6-7. Рэха. 8. Грыбы лісічкі. 9. Парасоны. 10. Вясёлка. 11. Гром і вясёлка. 12. Светлячок.


1970-1995

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае