epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Лясное люстэрка

Далёка разнеслі Сарокі навіну:

- Хтосьці згубіў у лесе люстэрка. Люстэрка ў лесе!

Першай прыбегла да лясной крыніцы з люстраной вадою Ліса. Глянула ў ваду і засталася задаволенай:

- Якая я прыгожая! Якое цудоўнае ў мяне футра!

Доўга любавалася сабою.

Толькі адбегла ад крыніцы, як сустрэлася з Мядзведзем. Міхайла Патапавіч быў злосны. Толькі што ён палез да вулля, а Пчолы так пакусалі яго, што Мядзведзю прыйшлося ўцякаць. Нават мёду не пакаштаваў.

Мядзведжая галава балела ад укусаў, адно вока зусім запухла. А Ліса так ласкава сказала яму:

- Як даўно я вас не бачыла! Змяніліся вы за гэты час, Міхайла Патапавіч...

Мядзведзь нядобра зіркнуў на яе, а Ліса, быццам не заўважыла, працягвала:

- Паздаравелі крыху. Прыгажуном сталі. Чулі, Міхайла Патапавіч, у нашым лесе люстэрка з'явілася. Вось бы вам паглядзецца ў яго!.. - і лісліва ўсміхнулася.

Спадабаліся Мядзведзю яе словы.

- А дзе ж тое люстэрка, Ліска? - запытаў ён.

- Тут недалёчка, за дрэвамі...

Міхайла Патапавіч рушыў да крынічкі, а Ліса, пасмейваючыся, пабегла сваёй дарогай.

Як толькі Мядзведзь глянуў у люстраную ваду, зразумеў: пасмяялася хітрая Ліса з яго. Зароў ад злосці, пляснуў лапай па вадзе - толькі кругі пайшлі. Адстаялася вада - ізноў перакошаны Мядзведзеў твар.

Яшчэ больш раззлаваўся Міхайла Патапавіч. Схапіў вялізны камень, што знайшоў непадалёку, і кінуў у крынічку. Потым буралому нацягаў.

Неўзабаве Дзяцел-тэлеграфіст адбіў тэлеграму: «Збірайцеся, лясны народ! Знікла крыніца. Будзем ратаваць яе».

Сабраліся звяры і птушкі. Выцягнулі буралом з вады, а браты Бабры з Выдрай да каменя вяроўку прымацавалі. Толькі ніхто адзін не змог выцягнуць яго з крыніцы: ні Ліса, ні Дзік, ні Лось. Тады Заяц прапанаваў:

- А калі ўсе разам возьмемся?

Узяліся дружна - раз, два, тры! - і выцягнулі камень. І зноў у ваду, быццам у люстэрка, сонца глядзіцца. Дый звяры не абмінаюць крыніцу. Мядзведзя, праўда, ніхто тут больш не бачыў.


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае