epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Сарока, Воўк і зайчаняты

Братам зайчанятам было толькі чатыры дні. Як і ўсе малыя, яны былі бесклапотныя і шчаслівыя. Зайчаняты нават не засмуціліся, калі згубілася мама. Браты, як і раней, бегалі навыперадкі, ганяліся за матылямі, куляліся цераз галаву, гукалі. Нарабілі столькі шуму, што разбудзілі старую Сароку, якая драмала на суку.

- Бач, расшумеліся?! Цыц, малеча! - прыкрыкнула яна на зайчанят.

Але тыя так разгуляліся, што не звярталі ўвагі на Сароку.

«Калі мяне не слухаецеся, дык Воўк вас навучыць!» - вырашыла яна і паляцела шукаць Ваўка.

Шэры адпачываў пад ялінаю, схаваўшыся ў цяньку.

- Спіш, стары лянота, - пасарамаціла яго Сарока, - а недалёка зайцы гуляюць і цябе не баяцца!

- Як не баяцца?! - адразу абудзіўся Воўк і шчоўкнуў зубамі. - Я галодны. Хутчэй вядзі мяне да іх!

Сарока нізка ляцела над кустамі. Воўк бег услед. Каля паляны яна прыпынілася, папярэдзіла:

- Цішэй тут: зайцы блізка!

Шэры і стараўся ступаць паціху, але пад нагу трапіў сучок і моцна трэснуў. Рэха пакацілася па лесе. Зайчанятам здалося, што гэта стрэл. Спалохаўшыся, яны кінуліся ў розныя бакі.

Воўк спачатку пабег за адным, а затым - за другім, але братоў і след прастыў. Воўк толькі аблізнуўся і яшчэ раз шчоўкнуў зубамі.

- Няўклюда, аніводнага не злавіў! - папракнула яго Сарока.

- Выбіраў, каторы большы, - азваўся шэры.

- Праўду кажуць: за двума зайцамі пагонішся - ніводнага не зловіш! - заківала галавою Сарока. - А можа, яно і лепш: няхай малыя вучацца, як у лесе жыць...


1997

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае