epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Спрэчка літар

Доўга-доўга ўсе літары жылі між сабою дружна, дапамагалі адна адной. Ды ў нейкі момант галосным здалося, што іх крыўдзяць зычныя. У кожным слове зычных збіраецца некалькі, а галосных - адна альбо дзве. Калі нават тры, дык зычных усё роўна болей. А яны, галосныя, і прыгожыя, і пявучыя.

- Мы абыдземся без зычных! - як бы за ўсіх выказалася літара Ы.

- Зможаце абысціся без зычных? - здзівілася З.

- Чаго ж! О, галосныя змогуць! - падтрымала Ы літара О.

- Жартуеце, даражэнькія! - жвава ўступіла ў гаворку Ж. - Жук без Ж жужжаць не зможа, але й тут У патрэбна.

- Ніколі не думала, што І ды Е стаяць поруч са мной не захочуць, - насупілася нявесела Н.

- А на што вы нам?! Мы з У слова новае ўтворым, - загаварыла А, і яны прамовілі разам:

- АУ.

- Вы што, сярод літар заблудзіліся? - засмяяўся пытальнік, які ўвесь час слухаў моўчкі.

- Можам і іншае слова ўтварыць, - і памяняліся месцамі: - УА.

- Зусім здзяцініліся задавакі! - злосна заявіла З.

- Балаболкі, не больш! - быццам адрэзала Б.

- Мы - балаболкі і задавакі? - заспяшалася І. - Я ведаю дзяўчынку, імя якой Ія. І няма ніводнай зычнай.

- Я ведаю раку, назва якой Яя, - выпучыла ўперад грудзі літара Я. - Дый сама я - цэлае слова.

- Вельмі важныя вяльможы! - выказалася В. - Венікам бы вас!

- Пашукайце «шалаш» без дзвюх Ш. А як вы без нас скажаце: «На шыне ад машыны шыпшыну сушылі»? - шумела Ш.

- Р-р-р! - раптам зарычала Р, як Рэкс. - Не закаркае Варона без маёй літары. Але й «кар» і «рак» патрабуюць адной А, «рака» і «кара» - ажно дзвюх. Разам трэба быць, разам!

- Разам трэба быць, разам! - паўтарыў клічнік. - Хопіць спрэчак! Ану, усе ў алфавіт на свае месцы!

Добра ведаючы пра яго цвёрды характар, літары адразу памірыліся, сталі на свае месцы.

З тае пары яны зноў жывуць дружна.


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае