На лясной паляне жылі па суседству Заяц і Вожык. Звяркі адзін без аднаго і дня не маглі пражыць.
Аднойчы Заяц сказаў Вожыку:
- Мы з табою такія дружбакі, што вадою нас не разліць!
- Нават вялікі дождж, - у тон яму адказаў Вожык.
Пачула гэта Хмара і не на жарт раззлавалася:
- А мы яшчэ паглядзім!
І склікала сваіх дзяцей.
- Дапамажыце, дзетачкі, напалохаць вунь тых смельчакоў, што Старой Хмары ўжо не баяцца, - паказала на Зайца і Вожыка.
- Я згодная! - першай падхапілася Маланка і паласнула агнявым бізуном.
- Трррэба - мы гггатовыя! - заракатаў Гром.
А Дождж нічога не сказаў, толькі з усіх сіл пачаў паліваць лес.
- Пабеглі да мяне, перачакаем дождж, - прапанаваў Вожык.
- Не, у мяне хата большая!
- У мяне самавар паставім, чай заварым...
Так і не дагаварыўшыся, звяркі разбегліся. Кожны ў сваю хату.
Раз-пораз бліскала Маланка, грымеў Гром. Сумна і страшна Зайцу аднаму ў хаце.
- Дарэмна я не паслухаўся Вожыка, - пашкадаваў Заяц. - Як радасна было б разам! Можа, ён таксама адзін дома. І яму таксама сумна. Пабягу да Вожыка.
«Але ж на дварэ дождж, - з бояззю падумаў Заяц. - Нічога, да Вожыкавай хаткі зусім блізка».
- Чаму я пакрыўдзіў Зайца? - шкадаваў Вожык. - Зараз нам удвух было б лепш!
Выбеглі звяркі са сваіх хатак, сустрэліся на паўдарозе.
- Табе сумна было, Вожык?
- Сумна. А табе?
- Вельмі.
- А цяпер?
- Цяпер весела...
Стаяць, размаўляюць, не зважаюць на дождж. Смяюцца, радасныя, быццам даўно-даўно не бачыліся.
Зразумела Хмара: не разлучыць ёй дружбакоў, прашаптала:
- Нічога, знайду такіх, што мяне збаяцца і ад дружбы адмовяцца!
І паплыла далей.
А хіба знойдуцца такія?..