epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Вясёлая песенька

Скакала па балоце Жаба. З купіны на купіну, з купіны на купіну. Зірк: ляжыць скрутачак. Разгарнула, а там - ноты.

- Ого, песенька! - зарадавалася Жаба. - Вывучу яе. І назавуць мяне спявачкаю.

Жаба прымасціла ноты на купіне і давай развучваць:

 

Ква-ква-ква,

Ква-ква-ква...

 

- Э, сумная песенька! - неўзабаве вырашыла Жаба і адклала ноты ўбок.

Бусел, які якраз быў непадалёку, сказаў:

- Можа, ты не разумееш музыкі? Аддала б лепш ноты Салаўю. Ён добры музыка, разбярэцца, якая гэта песня.

- Разбярэцца ён, ква-ква! - засмяялася Жаба. - Я сама ўжо разабралася: су-умная песенька! - Яна хвіліну падумала, потым дадала: - Добра, занясу ноты Качцы - маёй суседцы. Да яе скакаць бліжэй. Ды і ўсе кажуць, што ў музыцы яна разбіраецца.

- Можа, гэтак жа, як ты?! - заўважыў Бусел, але Жаба не звярнула на яго словы ніякай увагі.

Калі Качка пачала развучваць ноты, у яе атрымлівалася:

 

Кра-кра-кра,

Кра-кра-кра...

 

- Праўда, праўда, суседачка, - вельмі хутка згадзілася з Жабаю Качка, - нецікавую ты песню мне прынесла. Запяеш яе - спаць хочацца.

- Вось бачыш! - павучальна сказала Жаба Буслу. - Сумная песня! Не адна я так думаю.

- Хоць я і не музыка, але, мне здаецца, песенька спадабаецца Салаўю. Занясі ўсё-такі яму ноты, - стаяў на сваім Бусел.

- Якая вясёлая мелодыя! - усклікнуў Салавей, калі ўбачыў ноты.

- Не спяшайся так казаць, - папярэдзіла яго Жаба. - Я і Качка таксама гэтак думалі, але вельмі хутка расчараваліся. Сумная песенька! Інакш хто б выкінуў ноты.

- А можа, іх згубіў які музыка? Добра, пакіньце мне ноты. Я пастараюся разабрацца.

- А колькі табе на гэта трэба часу?

- Мусіць, тыдзень.

- Ква-ква! - зарагатала Жаба. - Каб разабрацца ў песні, няўжо столькі часу спатрэбіцца?

- Столькі, а можа, і больш...

Праз тыдзень Жаба сабралася ісці да Салаўя. Раптам яна пачула невядомую вясёлую мелодыю. Іграў яе на скрыпачцы Конік, а Пчолы і Птушкі спявалі песню. У ёй гаварылася пра тое, як добра жывецца ў лесе і на лузе, калі свеціць яснае сонейка і ёсць сябры.

- Што гэта за песенька? - спыталася Жаба ў Бусла. - Нешта я не ведаю яе.

- Словы яе напісаў Салавей, - адказаў ёй Бусел. - А ноты тыя, што ты знайшла. Бач, якая вясёлая песня атрымалася!


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае