epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Вецер і Чалавек

Вольны Вецер лётаў над зямлёю. Часам ён меў такую сілу, што вырываў дрэвы з карэннем, разбураў жытло людзей, птушак, звяроў.

- О, магутны Вецер, паслужы мне, - папрасіў аднойчы Чалавек, але ў адказ пачуў:

- Ніколі! Я - вольны і нікому служыць не буду!

- А калі ўсё-такі тры разы ты дапаможаш мне? - запытаў Чалавек.

- Ну, калі тройчы ты акажашся разумнейшы за мяне, дык стану табе служыць, - пагадзіўся Вецер.

- Значыць, пабеглі навыперадкі, - усміхнуўся Чалавек. - Паглядзім, хто спрытнейшы!..

Неўзабаве яны былі ля возера. Чалавек ускочыў у лодку, якая была пад ветразем, і паплыў. Вецер дзьмуў са страшэннай сілай, стараючыся патапіць човен. Але чым мацней Вецер дзьмуў, тым хутчэй лодка бегла да берага.

Вецер зразумеў, што яго абхітрылі, калі лодка прычаліла, а Чалавек сказаў:

- Дзякуй табе, слаўны Вецер! Ты дапамог дамоў дабрацца.

«Ён не спалохаўся маёй сілы», - незадаволена ўздыхнуў Вецер.

У другі раз выпала Ветру пралятаць над Чалавечым жытлом. Ён убачыў млын з вялізнымі крыламі. «Ці змагу я круціць такія крылы?» - падумаў Вецер.

Крылы, і праўда, былі цяжкія, але ён паднатужыўся і зрушыў іх з месца. Далей пайшло лягчэй. Скрыгаталі млынавыя камяні, сыпалася белая мука.

Чалавек выйшаў на вуліцу:

- Дзякуй табе, што дапамог мне пшаніцу змалоць!

«Які ён працавіты!» - падумаў Вецер.

Прайшоў час. Аднойчы Вецер убачыў на высозным слупе кола з крыламі. На гэты раз крылы былі меншыя. Вецер, пералятаючы з аднаго на другое, доўга гуляў з імі.

Раптам зрабілася светла і ў доме, і на падворку, а Чалавек радасна сказаў:

- Дзякуй табе, добры Вецер, за святло!

«Які ён разумны!» - падумаў Вецер, а ўголас перапытаў:

- Гэта ўжо трэці раз я табе дапамог?

- Трэці.

- Ты, я бачу, смелы, працавіты, разумны, - пахваліў Чалавека Вецер. - Слова сваё я трымаю. Значыць, я буду дапамагаць табе...


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае