epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Зайцава помста

Ні за што ні пра што пакрыўдзіў Мядзведзь Зайца. Так стукнуў Зайку па галаве лапай, што ў таго ажно іскры з вачэй пасыпаліся.

- За што, Міхайла Патапавіч? - застагнаў Заяц.

- Ладна, не крыўдуй, - адказаў Мядзведзь. - Я пажартаваў!

- А калі б я гэтак пажартаваў?

- А ты паспрабуй. Ха-ха! - зарагатаў Мядзведзь. - Каб так жартаваць, трэба маю сілу мець.

Прайшоў час. Мядзведзь забыўся пра гэтую размову. У лесе даспела маліна. Аднойчы на супрацьлеглым беразе рачулкі Заяц заўважыў свайго крыўдзіцеля.

- Міхайла Патапавіч, плыві сюды, нешта цікавае скажу! - гукнуў яму Заяц.

- Лепш ты плыві да мяне!

- Які з мяне плывец! Я і вады баюся.

Бачыць Заяц: прыпыніўся Міхайла Патапавіч, раздумвае. Нарэшце ён не вытрымлівае, пераплывае рачулку.

Заяц нізка апускае галаву, скрабе за вухам, быццам штосьці хоча ўспомніць.

- Прабач, Патапавіч, пакуль ты плыў, забыўся. Зусім вылецела з галавы.

Мядзведзь недаверліва глядзіць на Зайца.

- Як толькі ўспомню, адразу табе скажу, - абяцае той.

Міхайла Патапавіч нічога не гаворыць і плыве да свайго берага. Праходзіць некалькі хвілін.

Заяц зноў кліча яго:

- Успомніў, Патапавіч! Плыві - скажу!

- А ты адтуль гавары.

- Нельга. Яшчэ хто пачуе.

Мядзведзь крэкча і лезе ў ваду.

Заяц доўга маўчыць.

- Што, зноў забыўся? - грозна пытае Міхайла Патапавіч.

- Забыў, чэснае заечае, забыў. Што гэта са мною сёння!

- Галава ў цябе ці дзіравае рэшата?! - не на жарт злуе Мядзведзь.

- Даруй мне, Міхайла Патапавіч!

- Апошні раз, - абяцае Мядзведзь. - У наступны - вушы адарву! - грозіць ён і плыве на другі бераг.

- Хутчэй, Міхайла Патапавіч, плыві! - замахаў лапаю Заяц. - Каб я не забыў зноў.

- Дык што ты мне хацеў сказаць?

- На тым беразе рачулкі, бачыш, колькі маліны.

- І толькі ўсяго?

- А гэта табе хіба мала? - як бы здзіўляецца Заяц. - Спяшайся, а то хто-небудзь ягады абарве.

Мядзведзь плыве да малінніку, а Заяц весела пасмейваецца яму ўслед:

- Ты мяне лічыў зусім слабым, а я правучыў цябе, касалапага здаравяка. Прымусіў цябе плаваць сюды-туды мне на забаву!


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае