epub
 
падключыць
слоўнікі

Расціслаў Бензярук

Заечая шапка

Аднаго разу выменяў цыган заечую шкурку. Прынёс да шаўца, каб той пашыў яму шапку. Шавец паглядзеў на шкурку і развёў рукамі.

- Надта маленькая, шапка не выйдзе. Калі б дзве-тры такія...

- А ты трохі з яе, трохі - з палатна, - падказаў цыган.

- Ну, калі так, дык можна, - згадзіўся шавец.

Выйшла шапка са скураным клінам, і цыган вырашыў прадаць яе.

- Ці купіць хто? - засумняваўся шавец.

- А ты прыйдзі на кірмаш - убачыш...

На кірмашы цыган голасна заклікаў пакупнікоў:

- Купляйце заечую шапку! Купляйце заечую шапку! Прадам нядорага...

Сабраўся народ, слухае цыгана, пацвельвае:

- Якая ж гэта заечая?! Яна - палатняная!

- Не кажыце так! - пасміхаецца цыган. - Вось тут паглядзіце: заечая шапка? - паказвае на ўшытую шкурку.

- Заечая, - гаворыць нехта з натоўпу.

Цыган лоўка пакручвае шапку ў руках і паказвае тым самым бокам:

- І тут, бачыце, заечая!

Цыган трэці раз пакручвае шапку ў руках, зноў паказвае на лапік шкуркі і пытае:

- А тут хіба не заечая?

- Заечая! - весяляцца людзі цыгановай выхадкай.

Знайшоўся-такі бедны шляхцюк і купіў шапку.

Позна вяртаўся ён дамоў. Штосьці спалохала каня, кінуўся ён раптам наўскач. Дубовая галіна моцна сцебанула шляхцюка, збіла з галавы шапку.

Ён поўзаў па зямлі, шукаючы прапажу, калі пад'ехаў шавец.

- Што шукаеш, паночку? - спытаў ён.

- Шапку сёння купіў і згубіў.

- Ці не заечую? - усміхнуўся ў вусы шавец.

- Заечую, - прызнаўся шляхцюк.

- То дарэмна шукаеце, паночку! Яна зноў ператварылася ў зайца і ў лес паскакала.

- Як жа так?! - аж усхапіўся на ногі шляхцюк.

- Ты ж у цыгана купляў. А ён усё можа.

- Значыць, не варта шукаць, - замаркоціўся шляхцюк, сеў на брычку і паехаў.

Шавец весела смяяўся яму ўслед.


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае