epub
 
падключыць
слоўнікі

Рэй Брэдбэры

Кавалак дрэва

Чыноўнік сказаў:

— Сядайце, малады чалавек.

— Дзякуй, — і малады чалавек сеў.

— Да мяне сталі даходзіць чуткі, — ветліва пачаў Чыноўнік. — Так, нічога асаблівага. Ваша запальчывасць. Ваша няўжыўлівасць. Апошні час толькі пра гэта і чую, і вось рашыў запрасіць вас асабіста. Хочаце памяняць працу? Можа, за мяжу, у новы Раён Ваенных Дзеянняў? Далей ад канцыляршчыны, бліжэй да мілых сэрцу, добрых старых баёў?

— Не думаю, — сказаў малады сяржант.

— Чаго ж вы хочаце?

Сяржант паціснуў плячыма і ўтаропіўся на свае рукі:

— Жыць у міры. Раптам даведацца, што за ноч нейкім цудам заржавелі ўсе гарматы свету, бактэрыялагічная зброя стала стэрыльная, а танкі, быццам дагістарычныя пачвары, загразлі на дарогах, што зрабіліся канавамі дзёгцю. Вось чаго я хачу.

— Ну, мабыць, гэтага хацелі б усе, — сказаў Чыноўнік. — Дык вось хопіць ідэалістычнай балбатні, бліжэй да справы, куды ж вас усё-такі паслаць? Вырашайце самі — Заходняя ці Паўночная Зона ваенных дзеянняў, — Чыноўнік паказаў на ружовую карту, якая ляжала перад ім на стале.

А сяржант, здавалася, зважаў толькі на свае рукі, паварочваючы іх, уважліва разглядаючы пальцы:

— Што зробіце вы, ваенныя, што зробім мы, простыя людзі, што, нарэшце, зробіць увесь свет, каб даведацца, прачнуўшыся аднае раніцы, што ад гармат засталося толькі жалеззе?

Чыноўнік зразумеў, што да сяржанта патрэбен тонкі падыход. Ён мякка ўсміхнуўся.

— Вы закранулі цікавае пытанне. Люблю паразважаць на такія тэмы. І вось мой адказ — будзе поўная паніка. Кожная нацыя падумае, што толькі адна яна засталася без зброі, і ўзваліць віну на сваіх ворагаў. І накоціцца хваля самагубстваў, пачнецца фінансавы крах — мільёны трагедый.

— Але потым, — сказаў сяржант, — потым, калі да іх дойдзе, што раззброены ўсе нацыі без выключэння, і баяцца больш няма чаго, і можна чыстымі рукамі пачаць спачатку, што тады?

— Яны паспяшаюцца зноў узброіцца.

— А што, калі іх спыніць?

— Тады пойдуць у ход кулакі. Калі, вядома, дапусціць, што дойдзе да гэтага. Або на граніцах збяруцца вялізныя арміі ў баксёрскіх пальчатках з жалезнымі шпагамі. Забярыце пальчаткі — будуць біцца кіпцюрамі, нагамі. Адрэжце ногі — заплююць адзін аднаго. Вырвіце языкі, заткніце раты — запоўняць паветра нянавісцю, аж казуркі на зямлю пасыплюцца, а мёртвыя птушкі пападаюць з тэлефонных правадоў.

— Значыць, вы лічыце, што нічога добрага не выйдзе? — спытаўся сяржант.

— Абсалютна ўпэўнены. Тое ж самае, што сарваць з чарапахі панцыр. Цывілізацыя задыхнецца і памрэ ад шоку.

Малады чалавек паківаў галавой.

— Можа, вы проста трымаецеся за цёплае месцейка і таму хлусіце і мне і самому сабе?

— Што ж, 90 працэнтаў чысцюткага, як вада, цынізму, 10 працэнтаў — рацыяналізатарства. Гэтага дастаткова. Ачышчайцеся ад іржы і назаўсёды скончым з гэтым.

Сяржант рэзка ўскінуў галаву.

— Адкуль вы ведаеце, што яна на мне ёсць? — сказаў ён.

— Хто яна?

— Іржа, вядома.

— Пра што вы гаворыце?

— Ведаеце, я магу гэта зрабіць. Магу сёння ж ноччу заржавець, калі захачу.

Чыноўнік засмяяўся.

— Вы жартуеце.

— Не. Я доўга не рашаўся прыйсці да вас. Таму рады, што вы самі паклікалі мяне. Я даўно працую над гэтай вынаходкай. Яна — мая запаветная мара. Усё тут звязана з будовай пэўных атамаў. Няцяжка выявіць, што атамы сталёвай брані размяшчаюцца ў пэўным парадку. Я хацеў бы парушыць гэты парадак. Як вы ведаеце, я спецыялізаваўся па фізіцы і металургіі. І вось мяне асяніла: у паветры заўсёды прысутнічае фактар іржавення. Вадзяная пара. Заставалася толькі зрабіць металу «нервовае ўзрушэнне». І тады ўсюды возьмецца за работу вада. Натуральна, не ў кожным метале. Наша цывілізацыя трымаецца на сталі, а я б не хацеў разбураць мірныя пабудовы. Трэба знішчаць толькі гарматы і снарады, танкі, самалёты, ваенныя караблі. У крайнім выпадку тое ж самае можна зрабіць з меддзю, латунню і алюмініем. Я толькі прайдуся побач, і ад адной маёй прысутнасці зброя знікне.

Нахіліўшыся над сталом, чыноўнік уважліва паглядзеў на сяржанта.

— Я хачу ў вас спытацца.

— Калі ласка.

— Вам ніколі не здавалася, што вы Ісус Хрыстос?

— Не прыгадваю. Але я заўсёды лічыў, што Бог абышоўся са мной па-чалавечы і дапамог зрабіць адкрыццё. Вы гэта мелі на ўвазе?

Чыноўнік палез у кішэню і выцягнуў дарагую шарыкавую ручку з каўпачком, зробленым з кулі. Ён пакруціў ручку і пачаў запаўняць форму.

— Перадайце, калі ласка, вось гэта доктару Мэт'юду для поўнага агляду. Не тое, каб я падазраваў нешта сур'ёзнае. Зразумейце правільна. Ці не адчуваеце вы, што вам сапраўды варта пабываць у доктара?

— Такім чынам, вы думаеце, што маё вынаходніцтва — фантазія? — сказаў сяржант. — Гэта не так. Вынаходка малая, яна лёгка змесціцца ў пачку ад цыгарэт. Дзеянне ж яе распаўсюджваецца на дзевяцьсот міль. За некалькі дзён я аб'еду ўсю краіну з апаратам, настроеным на пэўны метал. Другія дзяржавы не паспеюць выкарыстаць сваю перавагу, бо самі застануцца без зброі, як толькі наблізяцца да нашых граніц. Потым я палячу ў Эўропу. Роўна праз месяц у гэты ж самы дзень свет назаўсёды пазбудзецца страху вайны. Не ведаю, як я і прыдумаў усё гэта. Неверагодна. Гэтак жа неверагодна, як атамная бомба. Цэлы месяц я чакаў, абдумваў усё як след. Мне таксама прыходзілі думкі пра чарапаху без панцыра. А цяпер я рашыў. Наша гутарка пераканала мяне. Ніхто не верыў, што ўзляцяць самалёты, ніхто не верыў, што выбухне атамная бомба, і ніхто не верыць, што калі-небудзь будзе мір. А ён будзе.

— Перадайце доктару Мэт'юду гэту паперу, — заспяшаўся Чыноўнік.

Сяржант устаў.

— Значыць, вы рашылі не пасылаць мяне ў новую Зону?

— Не тое каб рашыў. Пачакаем, што скажа доктар Мэт'юд.

— Тады я вырашыў, — сказаў малады чалавек. — Праз некалькі хвілін я абміну Пост. У мяне ёсць пропуск. Дзякую, сэр, што аддалі мне частку вашага каштоўнага часу.

— Паслухайце, сяржант, не прымайце блізка да сэрца. Я не ганю вас. І ніхто не кране вас пальцам.

— Ну вядома. Ніхто не паверыць мне. Бывайце, сэр.

Сяржант адчыніў дзверы і выйшаў.

Дзверы са стукам зачыніліся, і Чыноўнік застаўся адзін. Пастаяў, задуменна гледзячы на дзверы. Потым уздыхнуў, пацёр твар рукамі. Зазваніў тэлефон. Чыноўнік рассеяна зняў трубку.

— Гэта вы, доктар? Якраз збіраўся пазваніць. — Паўза. — Так, хацеў паслаць яго да вас. Лічыце, што нічога страшнага ў тым, што ён усюды бадзяецца? Вы так думаеце? Як скажаце, доктар. Ясна, мае патрэбу ў адпачынку, у поўным адпачынку. Нябога, яго замучыла насланнё вельмі цікавага характару. Канечне. Ганьба. Вось да чаго даводзяць шаснаццацігадовыя войны.

Голас у трубцы нешта прагудзеў у адказ.

Чыноўнік выслухаў і кіўнуў галавой.

— Зраблю я сабе паметку, хвіліначку, — ён палез па шарыкавую ручку, — не вешайце трубку, зараз, зараз. Вечна некуды падзену, — ён паляпаў па кішэнях, — толькі што была, не вешайце трубку, — ён адклаў трубку і абмацаў стол, высоўваючы шуфляду за шуфлядай. Яшчэ раз праверыў кішэні. Знерухомеў. Рукі зноў марудна спаўзлі ў кішэні і сталі зандзіраваць іх. Ён глыбока запусціў вялікі і ўказальны пальцы і выцягнуў дробку нечага незразумелага. Высыпаў гэта на стол: дробны, як пудра, жаўтавата-чырвоны ржавы парашок.

Нейкае імгненне ён сядзеў, тупа ўтаропіўшыся на парашок. Потым узяў трубку.

— Мэт'юд, — сказаў ён, — падключайцеся хутчэй. — Шчоўкнула, і ён набраў другі нумар.

— Ало, прапускны пункт, слухайце ўважліва: у любую хвіліну можа з'явіцца мужчына, вы яго ведаеце, гэта сяржант Холмз, спыніце яго, падстрэльце яго, калі што якое — забіце, ніякіх пытанняў, забіце, як сабаку, зразумела, гэта я загадваю! Так, забіце яго, зразумела?!

— Але, сэр, — данёсся разгублены голас з другога канца провада, — я не магу, я проста не магу...

— Як разумець — не магу, чорт вазьмі!

— Разумееце... — маўчанне. Толькі цяжкае дыханне паставога ў трубку.

Чыноўнік затрос тэлефон.

— Слухайце мяне, увага, прыцэліцца!

— Я нікога не магу забіць, — сказаў паставы.

Чыноўнік упаў ў крэсла. Імгненне ён сядзеў, задыхаючыся ў страшэнным трызненні. Там, знадворку — ён гэта ведаў без лішніх слоў, без позірку — склады са зброяй асыпаліся мяккім чырвоным іржавым пылам, самалёты ў клубах рудой іржы адляталі ў нікуды, а танкі, як дыназаўры, пагружаліся, марудна пагружаліся ў расплаўлены асфальт (ці не пра гэта гаварыў сяржант?), асядалі ў ямах дзёгцю. Грузавікі, быццам мыльныя бурбалкі, лопаліся ў жоўтым іржавым дыме, і толькі непатрэбныя цяпер шафёры ды шыны ўперамешку валяліся ўздоўж дарог.

— Сэр... — сказаў паставы, які бачыў усё гэта, — о, госпадзі...

— Ало, ало! — закрычаў Чыноўнік. — Бяжыце за ім, даганіце, задушыце рукамі, забіце кулакамі, паламайце яму рэбры, забіце да смерці, рабіце што хочаце, толькі забіце! Зараз я буду ў вас. — І ён павесіў трубку.

Машынальна высунуў ніжнюю шуфляду ў стале, дзе ляжаў службовы пісталет. У новай скураной кабуры засталася толькі жменька рудой іржы. Ён вылаяўся і куляй вылецеў з пакоя. На хаду схапіў крэсла. Дрэва, падумаў ён, добрае, старое дрэва, добры, стары клён. Двойчы ён ударыў крэслам аб сцяну, і тое паддалося. Потым ён схапіў ножку і сціснуў у руках.

Твар яго палаў, дыханне з хрыпам вырывалася з разяўленага рота. Ён прымерыўся ножкай.

— Выдатна, чорт вазьмі, наперад! — зароў ён.

І з крыкам выскачыў, шалёна бразнуўшы дзвярыма.



Пераклад: Марына Кандрусевіч