epub
 
падключыць
слоўнікі

Рэй Брэдбэры

Нічога новага, альбо Што забіла сабаку?

Гэта быў дзень бойняў, катаклізмаў, тарнада, землятрусаў, зацьменьняў, масавых забойстваў, вывяржэньняў вульканаў, разнастайных загубаў, у пік якіх сонца глытала зямлю і зьнікалі зоркі.

Калі падаць гэта ўсё проста — найпаважаны чалец сям'і Бэнтліяў узяў дый памёр.

Дог было ягонае імя, і быў ён догам.

У нядзелю Бэнтліі прачнуліся позна і на кухні знайшлі распластанага на падлозе Дога. Галава ягоная была павернутая да Мэкі, лапы акуратна складзеныя, хвасток не віхляўся, а быў нерухомы ўпершыню за дваццаць гадоў.

Дваццаць гадоў! Божа мой, думаў кожны, ці магло насамрэч гэта быць так доўга? І цяпер, без усялякага дазволу, Дог быў халодны — ён пакінуў сьвет.

Сузан, малодшая дачка, пабудзіла ўсіх рэзкім крыкам:

— Нешта ня тое з Догам. Хутчэй!

Не парупіўшыся надзець халата, у ніжняй бялізьне, Роджэр Бэнтлі кінуўся паглядзець на нерухомага зьвера, які ляжаў на кухні. Усьлед за мужам пайшла Рут, а за ёю — іхны дванаццацігадовы сын Скіп. Родні й Сал, якія жылі ўжо сваімі сем'ямі, павінны былі прыбыць пазьней. І кожны па чарзе мусіў сказаць адно й тое ж: «Не! Дог — назаўсёды».

Дог нічога не казаў, ляжаў, як Другая сусьветная вайна, кагадзе завершаная, ляжаў, як спусташэньне.

Сьлёзы залівалі шчочкі Сузан, пасьля, салідарныя із сьлязьмі гаспадара, сьлёзы намачылі шчокі Рут Бэнтлі, і, нарэшце, калі ўсе патанулі, сьлёзы зьявіліся ў Скіпа.

Яны інстынктыўна рабілі кругі вакол Дога, станавіліся на каленкі на падлогу, каб дакрануцца да яго, быццам гэта магло яго ажывіць — а раптам сабака сядзе, усьміхнецца, забрэша ці папросіцца за дзьверы. Іхныя дотыкі нічога не зьмянілі, хіба што павялічылі аб'ём сьлёзаў.

Урэшце сямейнікі падняліся, моцна абнялі адно аднаго і, агаломшаныя, прыняліся за сьняданак, у часе якога прыбітая Рут Бэнтлі сказала: «Мы ня можам проста пакінуць яго тут».

Роджэр Бэнтлі акуратна падняў сабаку й перанес яго ў дварок — у цянёк каля сажалкі.

— Што робім далей?

— Я ня ведаю, — сказаў Роджэр Бэнтлі. — Гэта першая сьмерць у сям'і за ўвесь час.

Ён спыніўся і, цяжка дыхаючы, паматляў галавой:

— Я маю на ўвазе...

— Ты меў на ўвазе дакладна тое, што сказаў, — выціснула Рут Бэнтлі. — Калі Дог — не сям'я, значыць, ён — нішто. Божа мой, я люблю яго.

Выбухнулі новыя сьлёзы, і ў гэты момант Роджэр Бэнтлі ўзяў коўдру, каб накрыць Дога, аднак Сузан спыніла яго.

— Не, не. Я хачу бачыць яго. У мяне ня будзе магчымасьці бачыць яго зноў. Ён такі прыгожы. Ён такі — стары.

Яны перанесьлі свае сьняданкі ў дварок, чамусь адчуваючы, што ня могуць ня бачыць сабакі пад час яды.

Роджэр Бэнтлі патэлефанаваў старэйшым жанатым дзецям. Калі яны прыехалі — найперш Родні, якому дваццаць адзін, а пасьля старэйшая дачка Сал, ёй дваццаць чатыры, — усіх ахапіла новая хваля роспачы. Яны ціха сядзелі й глядзелі на адбітак Дога ў люстэрку.

— Якія вашыя пляны? — нарэшце папытаўся Родні.

— Я разумею, гэта дурнота, — сказаў Роджэр Бэнтлі пасьля паўзы. — Але ён усяго толькі сабака...

— Толькі!? — Адразу ж зарыдалі ўсе.

Роджэр змушаны быў адступіцца.

— Паглядзеце, ён варты Тадж Махала. І ён атрымае Могілкі Хатніх Улюбёнцаў у Бэрбанку.

— Могілкі Ўлюбёнцаў, — сказаў Родні, — што за глупства!

— Што ж тут неразумнага? — Твар Скіпа пачырванеў, а вусны задрыжэлі: — Дог, ну, Дог быў пэрлінай... надзвычай каштоўнай.

— Та-а-к, — дадала Сузан.

— Добра, даруйце мне. — Роджэр Бэнтлі павярнуўся, каб абвесьці позіркам сажалку, кустоўе й неба. — Я думаю, што можна выклікаць трупяроў.

— Трупяроў? — ускрыкнула Рут Бэнтлі.

— Трупы? — сказала Сузан. — Дог ня ёсьць трупам.

— Што ж ён тады? — спытаўся Скіп.

Усе ўтаропіліся ў сабаку.

— Ён, — выпаліла ўраз Сузан, — ён... ён — мая любоў.

Перад тым, як плач мусіў распачацца зноўку, Роджэр Бэнтлі ўзяў слухаўку, патэлефанаваў на Могілкі Ўлюбёнцаў.

— Дзьвесьце даляраў, — аб'явіў ён прысутным. — Някепска.

— Для Дога? — сказаў Скіп. — Мала!

— Вы сур'ёзна гэта ўсё? — спыталася Рут Бэнтлі.

— Але, — сказаў Роджэр. — Я сьмяяўся з падобных месцаў усё сваё жыцьцё. Аднак цяпер...

Ён на момант вытрымаў паўзу:

— Яны прыйдуць і забяруць Дога апоўдні. Цырымонія заўтра.

— Цырымонія! — фыркнуў Родні і, размахваючы рукамі, скіраваўся да сажалкі. — Вы ня змусіце мяне прысутнічаць!

Сямейства пагрозьліва зірнула на яго. Урэшце Родні павярнуўся й дазволіў сваім плячам распружыцца.

— А бадай мяне ліха, я буду!

— Дог бы ніколі табе не дараваў, калі б цябе не было, — уздыхнула Сузан і выцерла нос.

Роджэр Бэнтлі паўглядаўся ў сабаку, пасьля ў сямейнікаў і неба, заплюшчыў вочы і выразна прашаптаў:

— Божа мой! Ці разумееце вы, што гэта сама першае жахлівае здарэньне ў нашай сям'і? Ці ж былі мы калі хворыя, ці хадзілі ў шпіталь? Траплялі ў аўтамабільныя катастрофы?

Ён чакаў.

— Не, — сказалі ўсе.

— Гары яно гарам, — выдаў Скіп.

— Ні халеры вы ня бачыце — ні здарэньняў, ні хваробаў, ні шпіталёў!

— Можа, — насьмелілася Сузан і змушаная была спыніцца ды чакаць, бо ейны голас зламаўся. — Можа, Дог і памёр, толькі каб дамамагчы нам зразумець, якія шчасьлівыя мы людзі.

— Шчасьлівыя?! — Роджэр Бэнтлі расплюшчыў вочы і павярнуўся. — Так! Ты ведаеш, што мы...

— Генэрацыя навуковай фантастыкі, — прапанаваў Родні, неахайна запальваючы цыгарэту.

— Што?

— Ты захапляесься гэтым. Пад час тваіх школьных лекцыяў ці пад час абеду. Кансэрвавыя нажы? Навуковая фантастыка. Аўтамабілі. Радыё, тэлевізія, кіно. Усё! Навуковая фантастыка!

— Так, каб на мяне трасца, так ёсьць! — плакаў Роджэр Бэнтлі — Ня так даўна не было аўтамабіляў, кансэрвавых нажоў, тэлевізіі. Нехта павінен быў прыдумаць іх. Пачатак лекцыі. Нехта павінен быў пабудаваць гэта ўсё. Сярэдзіна лекцыі. Мроі навуковай фанстатыкі сталі навуковым фактам. Лекцыя скончаная!

— Сумняюся! — сказаў Родні.

Роджэр Бэнтлі мог толькі нахінуцца пад цяжарам сынавай іроніі, каб пагладзіць дарагога мёртвага зьвера.

— Выбачаюся. Дог пакусваў мяне. Не магу справіцца з сабой. Тысячы гадоў мы толькі й робім, што паміраем. Цяпер час мінуўся. Падсумаваньне: навуковая фантастыка.

— Хлусьня. — Сьмяяўся Родні. — Спыні гэтае вярзеньне, татуся.

— Вярзеньне? — Роджэр дакрануўся да сабакавай пысы. — Дакладна. А што наконт Лістэра, Пасто, Салка? Яны ненавідзелі сьмерць. Рабілі ўсё, каб зьвесьці яе. Уся навуковая фантастыка толькі вакол гэтага й была. Ненавідзець рэчы, якімі яны ёсьць, прагнуць зрабіць рэчы іншымі. Вярзеньне?!

— Старая гісторыя, тата.

— Старая? — Роджэр Бэнтлі затрымаў сына жахлівым паглядам. — Божа. Я нарадзіўся ў 1920 годзе, і, калі ў той час ты хацеў наведаць сваю сям'ю ў нядзелю, ты...

— Ішоў на могілкі? — сказаў Родні.

— Дакладна. Мой брат і мая сястра памерлі, калі мне было сем гадоў. Палова сям'і сышла! Скажэце мне, дарагія дзеці, як шмат вашых сяброў памерла, пакуль вы гадаваліся? У пачатковай школе? У вышэйшай?

Ён залучыў сям'ю ў свой пільны пагляд і чакаў.

— Ніхто, — нарэшце вымавіў Родні.

— Ніхто! Вы чуеце гэта? Ніхто! Бог мой. Шасьцёра маіх найлепшых сяброў памерлі, калі мне было дзесяць. Чакайце! Я толькі што згадаў!

Роджэр Бэнтлі паляцеў шукаць нешта ў сьпіжарні й дастаў на сьвет стары запіс 78-гадовае даўніны, зьдзімаючы зь яго пыл. Ён углядаўся ў надпіс.

— Нічога новага, альбо Што забіла сабаку?

Усе падышлі паглядзець на старую плітку.

— Слухай, колькі гэтаму гадоў?

— Я пушчаў гэта сто разоў, калі быў дваццацігадовым юнаком, — сказаў Роджэр.

— Нічога новага, альбо Што забіла сабаку? — Сал паглядзела бацьку ў твар.

— Гэта будзе гучаць на пахаваньні Дога, — сказаў ён.

— Ты гэта несур'ёзна? — паспадзявалася Рут Бэнтлі.

Зазьвінеў званок у дзьвярох.

— Відаць, гэта людзі з Могілак Хатніх Улюбёнцаў прыйшлі забраць Дога?

— Не! — загаласіла Сузан. — Ня так хутка!

Несьвядома сям'я сфармавала сьцяну паміж сабакам і гукам званка, што клікаў на той сьвет.

Пасьля яны плакалі. Яшчэ раз.

Дзіўным і цудоўным здарэньнем на хаўтурах стала тое, як шмат прыйшло людзей.

— Я ня ведала, што Дог меў так шмат сяброў, — гучна залівалася Сузан.

— Ён валацужыў па ўсім горадзе, — сказаў Родні.

— Гавары прыязна пра памерлага.

— Добра, але ж так было, халера. Інакш, чаму Біл Джонсан тут, і Герт Скал, і Джым, які жыве праз дарогу?

— Дог, — сказаў Роджэр Бэнтлі, — я так хачу, каб ты мог бачыць усё гэта!

— Ён жыве. — Вочы Сузан перапаўняліся сьлязьмі. — Ён паўсюль.

— Добрая дарослая Сузан, — шаптаў Родні, — якая плача над тэлефоннымі даведнікамі...

— Заткніся! — крычэла Сузан.

— Цішэй. Абое.

І Роджэр Бэнтлі скрануўся, вочы долу, наперадзе маленькай труны, у якой ляжаў Дог. Галава на лапах, у скрыні не задарагой і не затаннай, акурат.

Роджэр Бэнтлі апусьціў сталёвую голку на чорную кружэлку, устаўленую ў размаляваны ў луску партатыўны фанограф. Голка скрыпнула й засычэла. Усе ўдзельнікі нахінуліся наперад.

— Ніякіх пахавальных сьпічаў, — сказаў хутка Роджэр. — Толькі гэта...

Як і дзень назад, голас расказваў гісторыю пра чалавека, які вярнуўся з вакацыяў, каб спытацца ў сябра пра здарэньні ў часе ягонай адсутнасьці.

Выглядала на тое, што нічога асаблівага не здарылася.

А, толькі адна рэч. Усім было цікава, што забіла сабаку.

Сабаку? — спытаўся адпускнік. — Мой сабака памёр?

Так, і, магчыма, гэта была гарэлая каніна.

Гарэлая каніна? — плакаў чалавек.

Так, сказаў ягоны інфармант, калі гарэла стайня, стайню ахапіла вогнішча, сабака паеў абпаленай каніны і здох.

Стайня? — плакаў уладальнік сабакі. — Як туды патрапіў агонь?

Іскры ад дому разьляцеліся паўсюль, агонь перакінуўся на стайню, коні згарэлі, сабака паеў каніны й здох.

Іскры ад дому? — крычэў адпускнік. — Як?

У доме загарэліся фіранкі.

Фіранкі? Загарэліся?

Ад сьвечак, што былі ля труны.

Труны?

Пахавальнай труны вашай цёці, фіранкі загарэліся ад сьвечак, запалаў дом, іскры перакінуліся паўсюль, згарэла стайня, сабака паеў гарэлай каніны...

Вынік: нічога новага, альбо што забіла сабаку!

Кружэлка дашыпела й спынілася.

У цішыні здарыўся быў маленькі бясшумны рагаток, нягледзячы нат на тое, што гісторыя была пра памерлых людзей ды сабак.

— Цяпер, ці атрымалі вы ўрок цяпер? — сказаў Родні.

— Не, павучэньне.

Роджэр Бэнтлі паклаў свае рукі на катэдру:

— Ня ведаю, мы тут для Дога ці для саміх сябе. Я думаю, усё разам. Мы — людзі, у якіх нічога-ніколі-не здаралася. Сёньня ўпершыню. Гэта ня значыць, што я хачу раптоўнай загубы ці хваробы. Барані Бог. Сьмерць, прыходзь павольна, калі ласка.

Ён круціў кружэлку ў сваіх рукох і стараўся чытаць словы.

— Нічога новага. Апроч таго, што цётчыны пахавальныя сьвечкі запальваюць фіранкі, іскры разьлятаюцца, сабака памірае. У нашых жыцьцях з дакладнасьцю наадварот. Нічога новага гадамі. Добрыя жыцьці, здаровыя сэрцы, удала праведзены час. У чым рэч?

Роджэр Бэнтлі кінуў пагляд на Родні, бо той зірнуў на гадзіньнік.

— Калі-небудзь мы павінны памерці, таксама, — Роджэр Бэнтлі сьпяшаўся, — цяжка паверыць. Мы разбэшчаныя. Але Сузан мела рацыю. Дог памёр, каб сказаць нам гэта, асьцярожна, і мы павінны верыць. І ў той жа самы час сьвяткаваць. Што?

Той факт, што мы былі пачаткам фантастычнай, ашаламляльнай гісторыі выжываньня. Мінаюць стагодзьдзі, і будзе толькі лепш. Вы можаце запярэчыць, што наступная вайна забярэ нас усіх. Магчыма.

Магу сказаць толькі, што я думаю: вы пастарэеце, будзеце вельмі старымі людзьмі. Празь дзевяноста гадоў бальшыня людзей будзе мець вылекаваныя сэрцы, дасьледаваную анкалёгію й больш працяглае жыцьцё. Шмат маркотаў зьнікне ізь сьвету, дзякуй Богу. Гэта будзе лёгка зрабіць? Не. Ці здолеем мы? Так. Не ва ўсіх краінах адразу. Але, урэшце, у бальшыні.

Як я сказаў учора, пяцьдзясят гадоў назад, калі ты хацеў наведаць сваіх цётак, дзядзькоў, бабулек і дзядулек, братоў ды сёстраў, ты йшоў на могілкі. Была адна тэма — сьмерць. Пара завяршаць, Родні?

Родні засьведчыў, што ёсьць яшчэ хвіліна.

Роджэр Бэнтлі скарыстаў яе:

— Зразумела, усё шчэ паміраюць дзеткі. Але ж не мільёны. Старыя? Уладзіць іх у Сонечным Горадзе замест мармуровага Садавінавага саду.

Бацька акінуў вокам сваю сям'ю ў храме, сям'ю з запаленымі вачыма.

— Божа, паглядзеце на сябе! Цяпер азірнецеся. Тысячагодзьдзі поўнага страху, абсалютнай трывогі. Як бацькам было заставацца ва ўласным розуме, выхоўваючы дзяцей, палова зь якіх памерла, халера мяне бяры. Нягледзячы на разьбітыя сэрцы, яны жылі. У той час, як мільёны паміралі ад грыпу ці чумы.

Мы жывем у іншым часе, дзе ўсё для нас спакойна. Але наўкола нас катастрофа: мы не заўважаем яе, бо мы перад ёй абароненыя.

Зараз я змоўкну, толькі адно слова Догу. Таму што мы любілі яго, мы зрабілі гэтую амаль дурную штуку, гэтую службу, але нам ані не шкада, што мы купілі яму дзялянку зямлі на могілках, і нам ня сорамна за тое, што мы казалі. Магчыма, мы ніколі ня прыйдзем адведаць яго, хто ведае? Аднак ён мае сваё месца. Сабака, стары хлопчык, дабраслаўляю цябе. Цяпер, усе, падзьмеце яму ў носік.

Кожны падзьмуў у носік мёртвага сабакі.

— Тата, — сказаў Родні раптам, — ці можна нам паслухаць запіс яшчэ раз?

— Але, — адрэагаваў Роджэр Бэнтлі, — гэта якраз тое, што я хацеў прапанаваць.

Ён апусьціў голку на кружэлку. Тая заграла.

Недзе тады, калі іскры з дому разьляцеліся, каб спаліць стайню, ахапіць агнём каніну і забіць сабаку, пачуўся гук пры ўваходзе.

Усе павярнуліся.

Незнаёмы чалавек стаяў у дзьвярох, трымаючы маленькі плецены кошык, зь якога вырываўся добра знаёмы лёгкі брэх сабакі.

Нават калі полымя ад сьвечак вакол труны кранулася фіранак, і апошнія іскры панёс вецер...

Уся сям'я, патопленая ў сонечным сьвятле, сабралася вакол незнаёмца з плеценым кошыкам, чакаючы Бацькі, каб той падышоў і адкінуў покрыва так, каб усе яны маглі апусьціць туды свае рукі.

Гэты момант, як пазьней сказала Сузан, быў падобны да яшчэ аднаго чытаньня тэлефоннага даведніка.



Пераклад: Вольга Караткевіч