Рэй Брэдбэры

Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю

Семдзесят гадоў запар Генры Ўільям Філд пісаў апавяданні, якія ніхто не друкаваў, і вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся і спаліў дзесяць мільёнаў слоў. Занёс усе рукапісы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, і шпурнуў у печ.

— От і ўсё, — сказаў ён і ў роздуме пра сваю марную працу і загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякіх дзівосных і рэдкасных рэчаў, і лёг у пасцель. — Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкі, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет і падвойных сонцаў. Каму гэта па сіле! Спрабавалі, праўда, усе. Ды ні ў аднаго сучаснага аўтара нічога не выйшла.

Космас занадта неабсяжны, думаў ён, міжзорныя караблі занадта хуткія, адкрыцці атамнай навукі занадта нечаканыя. Але іншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкаваліся, а ён, багаты, бяздзейны і гультаяваты, усё жыццё патраціў марна.

Цэлую гадзіну ён мучыўся такімі думкамі, а пасля паплёўся праз пустыя пакоі ў бібліятэку і запаліў ліхтар. Сярод кніг, да якіх паўстагоддзя ніхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнізе мінула тры стагоддзі, старонкі пажоўклі ад часу, але ён упіўся ў гэтую кнігу і прагна чытаў да самага досвітку...

У дзевяць гадзін раніцы Генры Ўільям Філд выбег з бібліятэкі, гукнуў слуг, выклікаў па тэлевізары юрыстаў, сяброў, вучоных, літаратараў.

— Прыязджайце зараз жа! — крычаў ён.

Не мінула і гадзіны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўільям Філд чакаў у кабінеце — ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай ліхаманкавай весялосцю. Высахлымі рукамі ён сціскаў тоўстую кнігу і, калі з ім віталіся, толькі смяяўся ў адказ.

— Глядзіце, — сказаў ён нарэшце, — вось кніга, яе напісаў волат, гігант, які нарадзіўся ў Эшвілі, штат Паўночная Караліна, у тысяча дзевяцісотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калісьці надрукаваў чатыры вялізныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнімаў горы і ўбіраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальніцы Джона Гопкінса, ад калісьці страшнай хваробы — пнеўманіі, і пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапісамі, — і ўсе напісаны алоўкам.

Усе, хто сабраўся ў кабінеце, паглядзелі на кнігу.

«Азірніся на дом, анёл».

Стары Філд вылажыў на стол яшчэ тры кнігі. «Пра час і пра раку», «Павуціна і скала», «Табе ўжо не вярнуцца дадому».

— Іх напісаў Томас Вулф, — сказаў ён. — Тры стагоддзі ён спачывае ў зямлі Паўночнай Караліны.

— Дык няўжо вы паклікалі нас толькі для таго, каб паказаць кнігі нейкага нябожчыка? — здзівіліся сябры.

— Не, не толькі! Я паклікаў вас, бо зразумеў: Том Вулф — вось хто нам трэба! Вось чалавек, які быў створаны для таго, каб пісаць пра вялікае, пра Час і Прастору, пра галактыкі і касмічную вайну, пра метэоры і планеты. Ён любіў і апісваў усё нешта такое, велічнае і грознае. Проста ён нарадзіўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлі ён нічога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзіцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.

— А вы, баюся, крыху спазніліся, — падкалоў прафесар Боўлтан.

— Ну не! — абсек яго стары. — Хто-хто, а я не дам сучаснасці абакрасці мяне. Вы, прафесар, ставіце доследы з падарожжамі ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставіце самі. Калі спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькі слова. Вы ж падарожнічалі ўжо ў мінулае, праўда?

— Падарожнічаў, на некалькі гадоў назад, але не на стагоддзі...

— А мы даб'ёмся стагоддзяў! І вы ўсе, — ён абвёў прысутных няўрымслівым, гарачым позіркам, — будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.

Усе ахнулі.

— Менавіта так, — пацвердзіў стары. — Вось што я задумаў. Вы даставіце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялікую задачу, палёт з Зямлі на Марс будзе апісаны так, як здольны гэта зрабіць адзін толькі Томас Вулф!

І ўсе разышліся, а Філд застаўся са сваімі кнігамі, ён гартаў старыя старонкі і, ківаючы, мармытаў сам сабе:

— Так, так, вядома! Том — вось хто нам трэба. Том — якраз той самы хлопец для гэтай справы.

 

Марудна цягнуўся месяц. Дні ўпарта не хацелі развітвацца з календаром, бясконца доўжыліся тыдні, і Генры Ўільям Філд гатовы быў завыць ад роспачы.

Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званіў-надрываўся тэлефон. Філд у цемры працягнуў руку.

— Слухаю.

— Гаворыць прафесар Боўлтан.

— Што скажаце?

— Я выпраўляюся праз гадзіну.

— Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кідаеце работу? Гэта немагчыма!

— Даруйце, містэр Філд. Выпраўляюся — гэта значыць выпраўляюся.

— Дык вы і праўда выпраўляецеся?

— Праз гадзіну.

— У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня?

— Так.

— Вы дакладна запісалі дату? Раптам вы з'явіцеся, калі ён ужо будзе мёртвы? Глядзіце, не спазніцеся! Пастарайцеся трапіць туды загадзя, скажам, за гадзіну да яго смерці.

— Добра.

— Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчасліва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага і жывога.

— Дзякуй, сэр. Да пабачэння.

У слухаўцы пстрыкнула.

Генры Ўільям Філд ляжаў без сну, ноч адлічвала хвіліны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць ані не пашкоджаным з-пад халоднага надмагільнага каменя, вярнуць яму плоць і кроў, палымянасць слова. І кожны раз яго прабіралі дрыжыкі пры ўспаміне пра Боўлтана — пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусім іншых календароў, да зусім іншых людзей.

«Том, — у дрымоце думаў ён з бяссільнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, — Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павінен прыйсці, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сіле, Том, і нікому з нас, цяперашніх, не па сіле. Калі я ўжо сам не магу з гэтым справіцца, дык хоць памагу табе. У нас ты можаш жартам забаўляцца з ракетамі, Том, вось табе зоркі — прыгаршчы каляровых шкельцаў. Бяры ўсё, што душа пажадае, у нас усё ёсць. Табе будуць да густу наша гарэнне і нашы вандроўкі — яны створаны для цябе. Мы, цяперашнія, — нікчэмныя пісакі, Том, я ўсіх перачытаў, і ніводзін не варты цябе. Я адолеў вялікае мноства іхніх твораў, Том, і нідзе ні на момант не адчуў Прасторы — для гэтага нам патрэбен ты! Дай жа старому тое, да чаго ён імкнуўся ўсё жыццё, бо, Бог таму сведка, я заўсёды чакаў, што або сам я, або хто другі напіша нарэшце сапраўды вялікую кнігу пра зоркі, — і чакаў дарэмна. Які ты ні ёсць сёння ўночы, Том Вулф, пакажы, на што ты здольны. Гэтую кнігу ты рыхтаваўся стварыць. Крытыкі кажуць — гэтая цудоўная кніга ўжо склалася ў цябе ў галаве, але тут жыццё тваё абарвалася. І вось трапіўся выпадак, Том, ты ж яго не прапусціш? Ты ж паслухаешся і прыйдзеш да нас, прыйдзеш сёння ўночы і будзеш тут раніцай, як я прачнуся? Гэта ж праўда, Том?»

Павекі Філда стуліліся; замоўк язык, які ліхаманкава лепятаў усё тую ж настойлівую просьбу-мальбу; заснулі вусны.

Гадзіннік прабіў чатыры.

Ён абудзіўся ясным цвярозым ранкам і адчуў у грудзях прыліў хвалявання, якое ўсё нарастала і нарастала. Ён баяўся міргануць — раптам тое, што чакае яго дзесьці ў доме, кінецца наўцёкі, грукне дзвярамі і знікне назаўсёды. Ён прыціснуў рукі да худых старэчых грудзей.

Удалечыні... крокі...

Адны за другімі адчыняліся і зачыняліся дзверы. У спальню ўвайшлі двое.

Філд чуў іхняе дыханне. І ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькія крокі, нібы ў павука, — гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.

— Том? — усклікнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.

— Гэта я, — пачуў ён нарэшце.

Ледзь толькі Філд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсіх швах, як занадта цесная апратка на вялікім не па ўзросту дзіцяці.

— Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! — зноў і зноў паўтараў Філд, вылазячы з пасцелі. Яго калаціла. — Ды падыміце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?

Вялізны, тоўсты Том Вулф пазіраў на яго зверху ўніз, растапырыўшы цяжкія рукі, каб не страціць раўнавагі ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамі пакой, вусны яго ўздрыгвалі.

— Ты якраз гэтакі, як цябе апісвалі, Том, толькі большы.

Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла — парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкі недарэчны сон; ступіў крок да старога, дакрануўся да яго, азірнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногі, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.

— Гарачкі болей няма, — сказаў ён. — Я здаровы.

— Вядома, здаровы, Том!

— Ну і ночка! — сказаў Том Вулф. — Цяжка мне давялося. Я думаў, ніводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю — плыву — і падумаў: ну і гарачка ў мяне. Адчуваю — мяне кудысьці нясе — і падумаў: усё, паміраю. Падыходзіць да мяне чалавек. Я падумаў — пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукі. Чую — электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу — медны горад. Ну, думаю, з'явіўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось і брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалі ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабіць, а то зусім рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.

Стары засмяяўся.

— Не-не, Том, я не Бог, толькі прыкідваюся. Я Філд. — Ён зноў засмяяўся. — Гэта ж трэба! Я гавару так, нібыта ён можа ведаць, хто такі Філд. Том, я Філд, фінансавы туз — кланяйся ніжэй, цалуй у руку. Я Генры Філд, мне падабаюцца твае кнігі. Я перанёс цябе сюды. Падыдзі бліжэй.

І стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.

— Бачыш у небе агні, Том?

— Ага, сэр.

— Феерверк бачыш?

— Бачу.

— Гэта зусім не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае ліпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасці. Чалавек абвясціў, што ён вольны ад Зямлі. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скінута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляціць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. І яшчэ — бачыш, колькі іх? — жоўтыя, блакітныя. Гэта міжпланетныя караблі.

Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велікан, зачараваны шматкаляровымі агнявымі цудамі, што зіхацяць і кружаць у ліпеньскім змроку, і загараюцца, і разрываюцца з аглушальным трэскам.

— Які цяпер год?

— Год ракеты. Глядзі! — Стары дакрануўся да нейкіх раслін, і ў яго пад рукою яны раптам расцвілі. Кветкі былі нібы белае і блакітнае полымя. Яны палалі, іскрыліся халаднаватымі падоўжанымі пялёсткамі. Чашачкі іхнія былі футы два ўпоперак і холадна сінелі, быццам асенні месяц. — Гэта кветкі з Месяца, — сказаў Філд. — З таго боку Месяца. — Ён злёгку дакрануўся да іх, і яны асыпаліся сярэбраным дажджом, пырснулі белыя іскры і расталі ў паветры. — Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслі цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзіны чалавек, які здольны саўладаць з Сонцам і не ператварыцца ў нікчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, — з Сонцам, і з Зоркамі, і з усім, што ўбачыш па дарозе на Марс.

— На Марс? — Томас Вулф азірнуўся, схапіў старога за плячо, нахіліўся, недаверліва ўзіраючыся яму ў твар.

— Так. Ты ляціш сёння ў шэсць.

Стары ўзняў ружовы білецік, які, здавалася, аж трапятаў у паветры, і чакаў, калі Том здагадаецца яго ўзяць.

Было пяць гадзін.

— Так-так, вядома, я вельмі цаню ўсё, што вы зрабілі! — усклікнуў Томас Вулф.

— Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.

— Дайце дагаварыць, містэр Філд, дайце мне закончыць, я павінен выказаць усё да канца.

— Мы ўжо столькі гадзін спрачаемся, — зняможана прамовіў Філд.

Яны прагаманілі ад ранішняга сняданка да полудня і ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзілі з аднаго пакоя ў другі (а іх было тузін) і ад аднаго доваду да другога (а іх было дзесяць тузінаў); абодвум рабілася то горача, то холадна, то зноў горача.

— Усё зводзіцца вось да чаго, — сказаў нарэшце Томас Вулф. — Я не магу тут заставацца, містэр Філд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелі права ўмешвацца...

— Але...

— Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнігу я яшчэ не пачынаў — і раптам вы хапаеце мяне і пераносіце на тры стагоддзі наперад. Паклічце прафесара Боўлтана, містэр Філд. Няхай ён пасадзіць мяне ў сваю машыну, якая яна там ні ёсць, і адправіць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час і маё месца. Больш мне ад вас нічога не трэба.

— Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс?

— Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне наваліцца лавіна ўражанняў, якія я не здолею змясціць у мае кнігі, калі вярнуся дадому.

— Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш.

— Цудоўна разумею, вы эгаіст.

— Эгаіст? — перапытаў стары. — Так, вядома, і яшчэ які! Дзеля сябе і дзеля іншых.

— Я хачу вярнуцца дадому.

— Паслухай, Том...

— Паклічце прафесара Боўлтана!

— Том, я вельмі не хацеў табе казаць... Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакідаеш мне выбару.

Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону і адкрыў вялікі белы экран, потым пачаў круціць дыск і набіраць нейкія лічбы; экран замігцеў, ажыў, агні ў пакоі павольна згаслі — і перад вачамі ўзніклі могілкі.

— Што вы робіце? — рэзка спытаў Вулф, зрабіў крок уперад і ўтаропіўся на экран.

— Я зусім гэтага не хацеў, — сказаў стары. — Глядзі.

Могілкі ляжалі перад імі ў яркім святле летняга поўдня. З экрана дыхнула гарачым пахам летняй зямлі, разагрэтага граніту, свежасцю ручая, што цурчаў дзесьці непадалёку. У голлі дрэва пасвіствала нейкая птушачка. Сярод надмагільных камянёў пакалыхваліся пунсовыя і жоўтыя кветкі, экран рухаўся, неба паварочвалася, стары круціў дыск, усё павялічваючы і нібы набліжаючы малюнак... і вось пасярод экрана вырасла змрочная гранітная глыба — яна расце, набліжаецца, запаланяе ўсё, яны ўжо нічога больш не бачаць і не адчуваюць, і ў цемнаватым пакоі Томас Вулф, узняўшы вочы, чытае высечаныя на граніце словы — раз, другі, трэці, і, задыхнуўшыся, перачытвае зноў, бо гэта яго імя:

 

ТОМАС ВУЛФ

 

і дата яго нараджэння і дата смерці, і ў халодным пакоі пахне духмянай зялёнай папараццю.

— Выключце, — сказаў ён.

— Даруй, Том.

— Выключце, ну! Не веру я гэтаму.

— Гэта праўда.

Экран пачарнеў, і пакой накрыў паўночны купал неба; пакой зрабіўся склепам, ледзь адчувалася апошняе дыханне кветак.

— Значыцца, я ўжо не прачнуўся, — сказаў Томас Вулф.

— Так. Ты памёр тады, у верасні тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага.

— І не дапісаў кнігу.

— Яе надрукавалі другія, яны паставіліся да яе вельмі беражліва, зрабілі за цябе ўсё, што трэба.

— Я не дапісаў сваю кнігу, не дапісаў!

— Не бядуй гэтак.

— Вам лёгка казаць!

Стары ўсё не запальваў святла. Яму не хацелася бачыць Тома гэтакім.

— Сядзь, сынку.

Маўчанне.

— Том?

Ніякага адказу.

— Сядзь, сынку. Хочаш чаго-небудзь выпіць?

Уздых, потым сцяты рык, быццам застагнаў паранены звер.

— Гэта несправядліва, несумленна! Мне трэба было яшчэ столькі зрабіць!

Ён глуха зарыдаў.

— Перастань, — сказаў стары. — Паслухай. Выслухай мяне. Ты яшчэ жывы — так? Тут, зараз — ты жывы? Ты дыхаеш і ўсё адчуваеш, праўда?

Томас Вулф адказаў не адразу:

— Праўда.

— Дык вось, — у цемры Філд падаўся ўперад. — Я перанёс цябе сюды, Том, я даю табе яшчэ адну магчымасць. Лішні месяц ці недзе каля гэтага. Думаеш, я цябе не аплакваў? Я прачытаў твае кнігі, а пасля ўбачыў надмагільны камень, які трыста гадоў тачылі вецер і дажджы, і падумаў — гэткага таленту не стала! Гэтая думка проста не давала мне жыць, павер. Не давала жыць! Я не шкадаваў грошай, абы толькі знайсці нейкую дарогу да цябе. Ты атрымаў адтэрміноўку — праўда, кароткую, дужа кароткую. Прафесар Боўлтан кажа, што, калі вельмі пашанцуе, мы здолеем пратрымаць каналы Часу адкрытымі два месяцы. Ён будзе трымаць іх для цябе два месяцы, але не даўжэй. За гэты час ты павінен напісаць кнігу, Том, тую кнігу, якую марыў напісаць, — не-не, сынкў, не тую, якую ты пісаў для сучаснікаў, яны ўсе памерлі і ператварыліся ў прах, гэтага ўжо не зменіш. Не, цяпер ты створыш кнігу для нас, для тых, хто жыве цяпер, яна нам вельмі-вельмі патрэбна. Ты пакінеш яе нам дзеля самога ж сябе, яна будзе ва ўсіх адносінах вышэйшай і лепшай за твае ранейшыя кнігі... ты ж напішаш яе, Том? Можаш ты на два месяцы забыцца пра той камень, пра бальніцу — і пісаць для нас? Ты напішаш, праўда, Том?

Пакой павольна запоўніла святло. Том Вулф стаяў і глядзеў у акно — вялізны, масіўны, а твар бледны, стомлены. Ён глядзеў на ракеты, што праносіліся ў няяркім вечаровым небе.

— Я спачатку не зразумеў, што вы для мяне зрабілі, — сказаў ён. — Вы мне даяце яшчэ крыху часу, а час для мяне даражэй і патрэбней за ўсё, ён мой сябар і вораг, я заўсёды з ім ваяваў, і аддзякаваць вам я, мабыць, магу толькі адным спосабам. Хай будзе па-вашаму. — Ён запнуўся. — А калі я скончу работу? Што тады?

— Вернешся ў бальніцу, Том, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год.

— Інакш немагчыма?

— Мы не можам змяніць Час. Мы ўзялі цябе ўсяго на пяць хвілін. І вернем цябе на бальнічны ложак праз пяць хвілін пасля таго, як ты яго пакінуў. Такім чынам, мы нічога не парушым. Усё гэта ўжо гісторыя. Тым, што ты жывеш зараз з намі, у будучым, ты нам не пашкодзіш. Але калі ты адмовішся вярнуцца, ты пашкодзіш мінуламу, а значыцца, і будучаму, там шмат што перакруціцца, будзе хаос.

— Два месяцы, — сказаў Томас Вулф.

— Два месяцы.

— А ракета на Марс ляціць праз гадзіну?

— Ага.

— Мне патрэбны папера і аловак.

— Вось яны.

— Трэба збірацца. Да пабачэння, містэр Філд.

— Шчасліва, Том.

 

Шэсць гадзін. Заходзіць сонца. Неба чырванее, нібы віно. У прасторным доме цішыня. Горача, але старога прабіраюць дрыжыкі, і вось нарэшце з'яўляецца прафесар Боўлтан.

— Ну як, Боўлтан? Як ён сябе адчуваў, як трымаўся на касмадроме? Ды гаварыце ж!

Прафесар усміхаецца.

— Ён проста асілак — гэтакі велікан, любы скафандр для яго занадта малы, давялося тэрмінова рабіць новы. Шкада, вы не бачылі, што гэта было: ён усё-ўсё абышоў, усё абмацаў, да ўсяго прынюхваецца, нібы вялізны сабака, гаворыць несціхана, а вочы круглыя, ненажэрныя, і ад усяго прыходзіць у захапленне — ну сапраўдны хлапчук, дый годзе!

— Дай Бог, дай Бог! Боўлтан, а вы і праўда пратрымаеце яго тут два месяцы?

Боўлтан насупіўся.

— Вы ж ведаеце, ён не належыць нашаму часу. Калі энергія тут хоць на момант аслабне, Вулфа адразу прыцягне назад у мінулае, як папяровы мячык на гумцы. Паверце, мы ўсімі спосабамі стараемся яго ўтрымаць.

— Гэта неабходна, зразумейце! Нельга, каб ён вярнуўся, не закончыўшы кнігі! Вы павінны...

— Зірніце! — перабіў Боўлтан.

У неба ўзляцела серабрыстая ракета.

— Гэта ён? — спытаў стары.

— Ён, — сказаў прафесар. — Гэта Вулф ляціць на Марс.

— Брава, Том! — загарланіў стары і затрос кулакамі над галавой. — Дай ім перцу!

Ракета патанула ў вышыні, яны праводзілі яе вачамі.

Да апоўначы да іх дайшлі першыя старонкі. Генры Ўільям Філд сядзеў у сябе ў бібліятэцы. Перад ім на стале гудзеў апарат. Апарат паўтараў словы, што былі напісаны далёка з таго боку Месяца. Ён выводзіў іх чорным алоўкам, дакладна аднаўляючы паспешлівыя каракулі Тома Вулфа, якія ён нагрымзоліў за мільён міляў адгэтуль. Ледзьве дачакаўшыся, каб на стол лёг стосік папяровых лісткоў, стары схапіў іх і ўзяўся чытаць, а Боўлтан і слугі стаялі і слухалі. Ён чытаў пра Прастору і Час, і пра палёт, пра вялікага чалавека ў вялікай дарозе, пра доўгую поўнач і пра холад космасу, і пра тое, як згаладалы чалавек з прагнасцю паглынае ўсё гэта і патрабуе яшчэ і яшчэ. ён чытаў, і кожнае слова было поўна гарэння, і грому, і тайны.

Космас як восень, пісаў Томас Вулф. І гаварыў пра пустэльны змрок, пра адзіноту, пра тое, які маленечкі закінуты ў космасе чалавек. Гаварыў пра вечную восень, якая ніколі не канчаецца. І яшчэ пра міжпланетны карабель, пра тое, як пахне метал і які ён навобмацак, і пра пачуццё высокага лёсу, пра няўрымслівае захапленне, з якім нарэшце адрываешся ад Зямлі, пакідаеш за сабою ўсе зямныя задачы і журботы і імкнешся да задачы куды больш цяжкай, да журбы куды больш горкай. Сапраўды, гэта былі цудоўныя старонкі, і яны гаварылі тое, што абавязкова трэба было сказаць пра Сусвет і чалавека і пра яго малюпасенькія ракеты, якія згубіліся ў бязмежжы космасу.

Стары чытаў, пакуль не ахрып, за ім чытаў Боўлтан, потым астатнія — да глыбокай ночы, калі апарат перастаў пісаць і ўсе зразумелі, што Том ужо ў пасцелі, там, у ракеце, якая ляціць на Марс... мабыць, ён яшчэ не спіць, не, яшчэ доўга ён не засне, так і будзе ляжаць без сну, быццам хлапчук напярэдадні адкрыцця цырка: яму ўсё не верыцца, што ўжо збудаваны вялізны, чорны, увесь аздоблены каштоўнымі камянямі балаган, і паказ пачынаецца, і дзесяць мільярдаў зіхатлівых акрабатаў гайдаюцца на туга напятых дратах, на нябачных трапецыях Прасторы.

— Ну вось! — выдыхнуў стары, беражліва адкладваючы апошнія старонкі першага раздзела. — Што вы пра гэта скажаце, Боўлтан?

— Гэта добра.

— Якое там добра! — загарланіў Філд. — Гэта цудоўна! Прачытайце яшчэ раз, сядзьце і прачытайце яшчэ раз, каб вас чорт забраў!

Так яно і ішло, дзень пры дні, па дзесяць гадзін запар. На падлозе расла куча жаўтаватай спісанай паперы — за тыдзень яна зрабілася вялізнай, за два тыдні — не ведаеш, як яе і назваць, пад канец месяца — і ўявіць немагчыма.

— Вы толькі паслухайце! — крычаў стары і чытаў уголас.

— А што?! — гаварыў ён.

— А вось яшчэ раздзел, Боўлтан, а вось аповесць, яна толькі што перададзена, называецца «Касмічная вайна», цэлая аповесць пра тое, як яно — ваяваць у космасе. Ён размаўляў з рознымі людзьмі, распытваў салдат, афіцэраў, ветэранаў Прасторы. І пра ўсё напісаў. А вось яшчэ раздзел, называецца «Доўгая поўнач», а гэты — пра тое, як мурыны засялілі Марс, а во нарыс — партрэт марсіяніна, яму проста цаны няма!

Боўлтан адкашляўся.

— Містэр Філд...

— Пасля, пасля, не перашкаджайце.

— Кепскія навіны, сэр.

Філд ускінуў сівую галаву.

— Што такое? Што-небудзь з Элементам Часу?

— Перадайце Вулфу, няхай спяшаецца, — лагодна прамовіў Боўлтан. — Магчыма, на гэтым тыдні сувязь з Мінулым абарвецца.

— Я дам вам яшчэ мільён даляраў, толькі падтрымлівайце яе.

— Справа не ў грошах, містэр Філд. Цяпер усё залежыць ад сама звычайнай фізікі. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Але вы яго папярэдзьце на ўсякі выпадак.

Стары скурчыўся ў крэсле, зрабіўся зусім маленькі.

— Няўжо вы зараз адбераце яго ў мяне? Ён так цудоўна працуе! Каб вы толькі бачылі, якія эскізы ён перадаў усяго гадзіну назад — апавяданні, накіды. Во, во — гэта пра касмічныя плыні, а гэта пра метэарыты. А вось пачатак аповесці пад назвай «Пушынка і полымя»...

— Нічога не зробіш...

— Але калі мы зараз страцім яго, можа, вы здолееце даставіць яго сюды яшчэ раз?

— Бязмернае ўмяшанне ў Мінулае занадта небяспечна.

Стары быццам акамянеў.

— Тады вось што. Зрабіце так, каб Вулф не траціў часу на ваджаніну з алоўкам і паперай — няхай друкуе на машынцы або дыктуе, адным словам, паклапаціцеся пра якую-небудзь механізацыю. Абавязкова!

Апарат стракатаў не ведаючы стомы — за поўнач і пасля да світання і ўвесь дзень без перадыху. Стары правёў бяссонную ноч; толькі ён змружыць павекі, як апарат зноў ажывае — і ён страпянецца, і зноў касмічныя прасторы, і вандроўкі, і неабсяжнасць быцця плывуць да яго, пераўтвораныя думкай другога чалавека.

«...бязмежныя зорныя лугі космасу...»

Апарат запнуўся, уздрыгнуў.

— Давай, Том! Пакажы ім!

Стары застыў у чаканні.

Зазваніў тэлефон.

Голас Боўлтана:

— Мы болей не можам падтрымліваць сувязь, містэр Філд. Яшчэ хвіліна — і кантакт Часу сыдзе на нішто.

— Зрабіце што-небудзь!

— Не магу.

Тэлетайп уздрыгнуў. Быццам зачараваны, пахаладзелы ад жаху, стары сачыў, як складваюцца чорныя радкі:

«..марсіянскія гарады — дзівосныя, непраўдападобныя, быццам камяні, што знесены з горных вяршынь нейкай імклівай, неверагоднай лавінай і застылі нарэшце зіхатлівымі россыпамі...»

— Том! — крыкнуў стары.

— Усё, — прагучаў у слухаўцы голас Боўлтана.

Тэлетайп памарудзіў, адстукаў яшчэ слова і змоўк.

— Том!!! — у роспачы закрычаў Філд.

Ён пачаў трэсці тэлетайп.

— Дарма, — сказаў голас у слухаўцы. — Ён знік. Я адключаю Машыну Часу.

— Не-не! Пачакайце!

— Але ж...

— Чулі, што я сказаў? Пачакайце выключаць! Магчыма, ён яшчэ тут.

— Яго больш няма. Гэта дарма, энергія траціцца марна.

— Няхай сабе траціцца!

Філд шпурнуў слухаўку.

І павярнуўся да тэлетайпа, вярнуўся да незакончанага сказа.

— Ды ну, Том, не могуць яны вось так ад цябе адкараскацца, не паддавайся, сынку, ану, давай далей! Дакажы ім, Том, ты ж малайчына, ты большы, чым Час і Прастора і ўсе гэтыя праклятыя механізмы, ты маеш такую сілу, такую жалезную волю. Том, дакажы ім усім, не давай адсылаць цябе назад!

Пстрыкнуў клавіш тэлетайпа.

— Том, гэта ты?! — сам не свой ад здзіўлення замармытаў стары. — Ты яшчэ можаш пісаць? Пішы, Том, не здавайся, пакуль ты не апусціў рукі, цябе не могуць адаслаць назад, не могуць!!!

«У», — стукнула машына.

— Яшчэ, Том, яшчэ!

«Дыханні», — адстукала яна.

— Ну, ну?!

«Марса», — надрукавала машына і спынілася. Кароткая цішыня. Шчаўчок. І машына пачала зноў, з новага радка:

«У дыханні Марса адчуваеш водар карыцы і халодных рэзка пахучых вятроў, тых вятроў, што ўзнімаюць лятучы пыл, і абмываюць нятленныя косці, і прыносяць пылок даўным-даўно адцвілых кветак...»

— Том, ты яшчэ жывы!

Замест адказу апарат яшчэ дзесяць гадзін запар выбухаў ліхаманкавымі прыступамі і адстукаў шэсць раздзелаў «Уцёкаў ад дэманаў».

 

— Сёння ўжо мінула паўтара месяца, Боўлтан, цэлыя паўтара месяца, як Том паляцеў на Марс і на астэроіды. Глядзіце, вось рукапісы. Дзесяць тысяч слоў у дзень, ён не дае сабе перадыху, не ведаю, калі ён спіць, ці паспявае паесці, ды гэта для мяне ўсё роўна, і для яго таксама, для яго адно важна — дапісаць, ён жа ведае, што час не чакае.

— Недаступна розуму, незразумела, — сказаў Боўлтан. — Нашы рэле не вытрымалі, энергія панізілася. Мы зрабілі для галоўнага канала новыя рэле, якія забяспечваюць надзейнасць Элемента Часу, але ж на гэта пайшло тры дні — і ўсё-такі Вулф пратрымаўся! Відаць, гэта залежыць яшчэ і ад яго асобы, тут дзейнічае нешта такое, чаго мы не прадугледзелі. Тут, у нашым часе, Вулф жыве — і, аказваецца, Мінулае не можа так лёгка яго вярнуць. Час не такі падатлівы, як мы думалі. Мы карысталіся няправільным параўнаннем. Гэта не гумка. Гэта болей падобна на дыфузію — узаемапранікненне вадкіх пластоў. Мінулае нібы прасочваецца ў Сучаснае... Але ўсё роўна давядзецца адаслаць яго назад, мы не можам яго пакінуць тут: у Мінулым утворыцца пустата: усё перамесціцца і пераблытаецца. Па сутнасці, яго зараз утрымлівае ў нас толькі адно — ён сам, яго страсць, яго работа. Дапісаўшы кнігу, ён выслізне з нашага часу гэтак жа натуральна, як выліваецца вада са шклянкі.

— Мне напляваць, што, як і чаму, — запярэчыў Філд. — Я ведаю адно: Том заканчвае сваю кнігу! У яго ўсё той жа талент і натхненне і ёсць штосьці яшчэ, штосьці новае, ён шукае каштоўнасцей, якія вышэй за Прастору і Час. Ён напісаў псіхалагічны эцюд пра жанчыну, якая застаецца на Зямлі, калі адважныя касманаўты накіроўваюцца ў Невядомасць, — гэта цудоўна напісана, праўдзіва і тонка; Том назваў свой эцюд «Дзень ракеты», ён апісаў усяго толькі адзін дзень сама звычайнай правінцыялкі, яна жыве ў сябе дома, як жылі яе прабабкі — вядзе гаспадарку, гадуе дзяцей... небывалы росквіт навукі, грукат касмічных ракет, а яе жыццё амаль гэтакае ж, якое было ў жанчын у каменным веку. Том праўдзіва, старанна і пранікнёна апісаў яе парыванні і расчараванні. Або во яшчэ рукапіс, называецца «Індзейцы», тут ён піша пра марсіян: яны — індзейцы космасу, іх выцеснілі і знішчылі, як даўней індзейскія плямёны — чарокаў, іракезаў, чарнаногіх. Выпіце, Боўлтан, выпіце!

 

На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю.

Ён вярнуўся ў полымі, як у полымі і адлятаў, крокамі волата ён перасек космас і ўвайшоў у дом Генры Ўільяма Філда, у бібліятэку, дзе на падлозе грувасціліся стосы жоўтай паперы, скрэмзанай алоўкам або спярэшчанай радкамі машынапісу; стосы гэтыя трэба было падзяліць на шэсць частак, з іх складаўся шэдэўр, створаны з неймавернай хуткасцю нечалавечай упартай працай, з пастаянным усведамленнем няўмольна мінаючых хвілін.

Том Вулф вярнуўся на Зямлю, ён стаяў у бібліятэцы Генры Ўільяма Філда і пазіраў на аграмадзіны, што былі спароджаны яго сэрцам і яго рукою.

— Хочаш усё гэта прачытаць, Том? — спытаў стары.

Але ён пакруціў масіўнай галавою, шырокай далонню адкінуў назад грыву цёмных валасоў.

— Не, — сказаў ён. — Баюся пачынаць. Калі пачну, захочацца ўзяць усё гэта з сабою. А мне ж няможна забраць гэта дадому, праўда?

— Няможна, Том.

— А вельмі хочацца.

— Нічога не зробіш, нельга. У той год ты не напісаў новага рамана. Што напісана тут, павінна тут і застацца, што напісана там, павінна застацца там. Нічога нельга змяніць.

— Разумею, — Вулф цяжка ўздыхнуў і апусціўся ў крэсла. — Стаміўся я. Страшэнна стаміўся. Нялёгка гэта было. Але і здорава! Каторы гэта сёння дзень?

— Шасцідзесяты.

— Апошні?

Стары кіўнуў, і нейкі час абодва маўчалі.

— Назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы, на могілкі, пад камень, — сказаў Том Вулф і заплюшчыў вочы. — Не хочацца мне. Лепей бы я пра гэта не ведаў, страшна ведаць такое...

Голас яго замёр, ён уткнуўся тварам у шырокія далоні, ды так і застыў.

Дзверы адчыніліся. Увайшоў Боўлтан з бутэлечкай у руцэ і спыніўся за крэслам Тома Вулфа.

— Што гэта ў вас? — спытаў стары Філд.

— Даўно знішчаны вірус, — адказаў Боўлтан. — Пнеўманія. Вельмі старажытная і надзвычай лютая хвароба. Калі містэр Вулф прыбыў да нас, мне, само сабой зразумела, давялося яго вылечыць, каб ён мог справіцца са сваёю работай; пры нашай сучаснай тэхніцы гэта было зусім лёгка. Культуру мікроба я захаваў. Цяпер, калі містэр Вулф вяртаецца, трэба будзе зноў прышчапіць яму пнеўманію.

— А калі не прышчапіць?

Том Вулф узняў галаву.

— Калі не прышчапіць, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе ён ачуняе і паправіцца.

Том Вулф падняўся.

— Дык як гэта? Папраўлюся, падымуся на ногі — там, у сябе, — буду здаровы, і магільшчыкі застануцца з носам?

— Правільна.

Том Вулф утаропіўся на бутэлечку, рука яго сутаргава тарганулася.

— Ну, а калі я знішчу гэты ваш вірус і не дамся вам?

— Гэтага ніяк нельга!

— Ну... а калі?

— Вы ўсё разбурыце.

— Што — усё?

— Сувязь рэчаў, ход падзей, жыццё, усю сістэму таго, што ёсць і што было, што мы не маем права змяніць. Вы не можаце ўсё гэта парушыць. Безумоўна адно: вы павінны памерці, і я мушу пра гэта паклапаціцца.

Вулф паглядзеў на дзверы.

— А калі я ўцяку і вярнуся без вашай дапамогі?

— Машына Часу ў нас пад кантролем. Вы не можаце выйсці з гэтага дома. Я вымушаны буду сілком вярнуць вас сюды і зрабіць прышчэпку. Я прадбачыў, што пад канец ускладненняў не мінуць, і зараз унізе напагатове пяць чалавек. Варта мне гукнуць... самі бачыце, гэта бескарысна. Ну от, гэтак лепей. Вось так.

Вулф адступіў, азірнуўся, паглядзеў на старога, у акно, абвёў позіркам прасторны пакой.

— Даруйце мне. Вельмі не хочацца паміраць. Ох, як не хочацца!

Стары падышоў да яго, сціснуў яму руку.

— А ты паглядзі на гэта так: табе ўдалося небывалае — выйграць у жыцця два месяцы звыш тэрміну, і ты напісаў яшчэ адну кнігу — апошнюю, новую кнігу! Падумай пра гэта — і табе будзе лягчэй.

— Дзякуй вам за гэта, — сур'ёзна сказаў Томас Вулф. — Дзякуй вам абодвум. Я гатовы. — Ён закасаў рукаў. — Давайце вашу прышчэпку.

І пакуль Боўлтан рабіў сваю работу, Вулф вольнай рукою ўзяў аловак і на першым лістку першай часткі рукапісу вывеў два радкі, потым зноў загаварыў:

— У адной маёй старой кнізе ёсць такая мясціна, — ён нахмурыўся, прыгадваючы: — «...пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю... Хто валодае Зямлёю? І навошта нам Зямля? Каб вандраваць па ёй? Ці для таго нам Зямля, каб не ведаць на ёй спакою? Кожны, каму трэба Зямля, будзе мець яе, застанецца на ёй, супакоіцца на маленькім шматку і будзе ў цесным куточку яе вечна...»

Вулф хвіліну памаўчаў.

— Вось яна, мая апошняя кніга, — сказаў ён потым і на чыстым жоўтым лістку вялікімі чорнымі літарамі, моцна націскаючы алоўкам, вывеў: Томас Вулф — пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю.

Ён схапіў стос спісаных лісткоў, на момант прыціснуў да грудзей.

— Хацеў бы я забраць яго з сабою. Быццам расстаешся з родным сынам!

Ён адклаў рукапіс, пляснуў па ім далонню, спехам паціснуў руку Філду і пакрочыў да дзвярэй; Боўлтан падаўся за ім. На парозе Вулф спыніўся, асветлены перадвячэрнім сонцам, вялізны, велічны.

— Бывайце! — крыкнуў ён. — Бывайце!

Грукнулі дзверы. Том Вулф знік.

 

Нарэшце яго знайшлі, ён плёўся па бальнічным калідоры.

— Містэр Вулф!

— Га?

— Ну і напужалі вы нас, містэр Вулф, мы ўжо думалі, вы зніклі!

— Знік?

— Дзе вы прападалі?

— Дзе? Дзе прападаў? — Яго вялі начнымі калідорамі, ён пакорліва ішоў. — Ого, каб я і сказаў вам, дзе... вы ўсё адно не паверыце.

— От і ваш ложак, дарэмна вы падняліся.

І ён апусціўся на белую смяротную пасцель, ад якой ішлі слабыя чыстыя павевы ўгатаванага яму канца, блізкага канца, што пахнуў бальніцай; ён толькі дакрануўся да гэтай пасцелі — і яна паглынула яго, ахутала бальнічным пахам і халоднай бальнічнай белізной.

— Марс, Марс, — шаптаў волат-асілак у цішы ночы. — Мая найлепшая, сама лепшая, сапраўды цудоўная кніга, яна яшчэ будзе напісана, будзе надрукавана, у зусім іншы год, праз тры стагоддзі...

— Вы занадта ўзбуджаны.

— Вы так думаеце? — прамармытаў Томас Вулф. — Дык гэта быў сон? Магчыма... Харошы сон...

Яго дыханне абарвалася. Томас Вулф быў мёртвы.

 

Мінаюць гады, на магіле Тома Вулфа зноў і зноў з'яўляюцца кветкі. І здавалася б, што ў гэтым дзіўнага, бо нямала ж народу прыходзіць яму пакланіцца. Але гэтыя кветкі з'яўляюцца кожную ноч. Нібы з неба падаюць. Вялізныя, колеру асенняга месяца, яны палымнеюць, іскрацца халаднаватымі падоўжанымі пялёсткамі, яны быццам белае і блакітнае полымя. А ледзь толькі павее перадранішні ветрык, яны асыпаюцца серабрыстым дажджом, пырскаюць белыя іскры і растаюць у паветры. Мінула ўжо многа, многа гадоў з таго дня, як памёр Том Вулф, а кветкі з'яўляюцца зноў і зноў...



Пераклад: Сяргей Міхальчук

Беларуская Палічка: http://knihi.com