epub
 
падключыць
слоўнікі

Рэй Брэдбэры

Усьмешка

Чарга на гарадскім пляцы сабралася а пятай гадзіне раніцы, калі над белымі ад інею вёскамі яшчэ толькі пачыналі сьпяваць пеўні, і анідзе не былі відаць вогнішчы. Паўсюль сярод руінаў будынкаў вісеў кавалкамі туман, але цяпер, з надыходам сьветлай сёмай гадзіны, ён патроху пачынаў зьнікаць. Уздоўж дарогі, па двое альбо па трое, зьбіраліся на кірмаш, на сьвята ўсё больш і больш людзей.

Маленькі хлопчык стаяў адразу ж за двума мужчынамі, якія размаўлялі вельмі гучна, і ў марозным паветры ўсе словы гучалі нашмат грамчэй. Хлопчык тупаў на месцы і дуў на свае чырвоныя, патрэсканыя ад марозу рукі, паглядаючы на брудную, зробленую з мешкавіны вопратку мужчын і на вялікую чаргу людзей наперадзе.

- Слухай, хлопча, а ты што тут робіш так рана? - спытаў мужчына, які стаяў ззаду.

- Прыйшоў, каб заняць месца ў чарзе, - адказаў хлопчык.

- А чаму б табе не пайсьці адсюль і не саступіць месца каму-небудзь, хто больш у гэтым кеміць?

- Пакіньце хлопца ў спакоі, - раптоўна азірнуўся мужчына, які стаяў сьпераду.

- Я пажартаваў. - Мужчына ззаду паклаў руку хлопчыку на галаву, але ён няветла адмахнуўся. - Мне толькі падалося дзіўным, каб звычайны хлопчык наўмысна ўстаў так рана.

- Гэты хлопчык цэніць мастацтва, каб вы ведалі, - сказаў абаронца хлопчыка, мужчына, якога звалі Грыгзбі. - Як цябе завуць, хлопча?

- Том.

- Том зьбіраецца плюнуць у яе па-сапраўднаму, праўда, Том?

- Вядома!

Людзі ў чарзе засьмяяліся.

Хтосьці наперадзе прадаваў гарачую каву ў патрэсканых кубках. Том паглядзеў і ўбачыў маленькае яркае вогнішча ды ржавы рэндзель, у якім булькатала завараная кава. Аднак гэта была несапраўдная кава. Яе рабілі з нейкіх ягад, якія расьлі на поплавах за горадам, і каштавала яна пені за кубак, каб сагрэць людзям страўнікі; але няшмат хто набываў яе, бо няшмат у каго былі грошы.

Том пазіраў наперад, туды, дзе за разбуранай каменнай сьцяной скончвалася чарга.

- Кажуць, яна ўсьміхаецца, - сказаў хлопчык.

- Так, сапраўды, - адказаў Грыгзбі.

- А я чуў, што яна зроблена з масьляных фарбаў і палатна.

- Праўда. Вось таму я і думаю, што яна не сапраўдная. Сапраўдная, я чуў, была намалявана на дрэве яшчэ даўней.

- Кажуць, што ёй чатыры сотні гадоў.

- Можа быць нават і больш. Ніхто дакладна ня ведае, які цяпер год.

- 2061!

- Так, але так толькі кажуць. Хлусяць. Гэтаксама можна сказаць, што цяпер 3000 ці 5000. Пэўны час усё было ў жахлівым бязладзьдзі, так што цяпер у нас амаль нічога не засталося.

І яны пацягнуліся далей па халодным каменьні брукаванкі.

- Калі мы ўжо нарэшце ўбачым яе? - нецярпліва запытаўся Том.

- Яшчэ літаральна некалькі хвілін. Ня дзіва, што яны прымацавалі яе да чатырох латунных слупоў і абцягнулі аксамітнай вяроўкай, каб не падпускаць людзей. Глядзі, Том, ніякіх камянёў; яны не дазваляюць, каб у яе кідалі камяні.

- Добра, сэр.

Сонца падымалася ўсё вышэй, станавілася горача, і людзі пачалі скідаць свае брудныя паліто і капелюшы.

- Чаму мы ўсе тут стаім у чарзе? - нарэшце запытаўся Том. - Навошта нам усім пляваць у яе?

Грыгзбі нават не зірнуў на яго, ён глядзеў на сонца і спрабаваў вызначыць час.

- Ведаеш, Том, ёсць шмат прычын. - Ён бяздумна пацягнуўся да кішэні, якая даўно адарвалася і хацеў выцягнуць цыгарэту, якой аднак там не было. Том бачыў гэты жэст мільён разоў. - Гэта нейкім чынам зьвязана з нянавісьцю, Том. З нянавісьцю да ўсяго, што мела месца ў мінулым. Адкажы мне, Том, як мы дажылі да таго, што гарады ператварыліся ў сьмецьце, з-за бамбёжак ад дарог засталіся адны ямы ды калдобіны, а кукурузныя палі сьвецяцца ўначы ад радыяцыі? Скажы, няўжо гэта ўсё не паскудства, Том?

- Так, сэр, я згодны.

- Гэта выглядае прыблізна так, Том. Чалавек ненавідзіць усё, што пабіла яго ды зруйнавала. Гэта чалавечая прырода. Бяздумна, можа, але ўсё адно такая ёсьць чалавечая прырода.

- Няма амаль нікога і нічога, на што б мы не глядзелі з нянавісьцю, - сказаў Том.

- Дакладна! Мы ненавідзім усю кіпу тых людзей з Мінулага, якія кіравалі гэтым сьветам. І сёньня мы тут, галодныя, як чэрці, халодныя, жывем ледзь не ў пячорах, ня палім, ня п'ем, ня робім нічога, акрамя як толькі весялімся на нашых сьвятах, Том, на нашых сьвятах.

І Том узгадаў тыя сьвяты за апошнія некалькі гадоў. Ён узгадаў той год, калі яны парвалі ўсе кнігі на пляцы і спалілі іх, і людзі вакол былі п'яныя і гучна сьмяяліся. А тое сьвята навукі месяц назад, калі прыцягнулі апошні аўтамабіль, і людзі цягнулі жэрабя, каб ударыць па машыне малатком.

- Ці памятаю я гэта, Том? Ці памятаю? Гэта ж я разьбіў пярэдняе шкло, ты чуеш? Божа, які чароўны гэта быў гук! Ттрраах!

Том амаль чуў, як разьбітае шкло распадаецца на бліскучыя кавалачкі.

- А Біл Хэндэрсан разьбіў рухавік. О, як выдатна ён гэта зрабіў! Баам! Але лепш за ўсё, - узгадваў Грыгзбі, - атрымалася, калі зьнішчалі адну фабрыку, якая ўсё яшчэ спрабавала выпускаць самалёты. Божа, усім было так добра, калі яе ўзрывалі! А пасьля мы знайшлі ваенную базу і будынак, у якім выпускалі газэты, і ўзарвалі іх разам. Уяўляеш сабе, Том?

Том задумаўся.

- Напэўна.

Сонца было ўжо высока. Цяпер гарачае паветра зруйнаванага гораду было прасякнута непрыемнымі пахамі, і людзі патроху варушыліся сярод разбураных будынкаў.

- Сэр, а гэта калі-небудзь вернецца назад?

- Што, цывілізацыя? Ніхто ня хоча гэтага. Я дык дакладна!

- А мне ў ёй нешта нават падабалася, было ў ёй нешта прыгожае, - сказаў чалавек з чаргі.

- Але больш не забівайце сабе гэтым вашыя галовы, - крыкнуў Грыгзбі. - Усё адно для прыгожага больш не засталося месца.

- Але аднойчы, - адказаў чалавек з чаргі, - аднойчы прыйдзе творчы чалавек і ўсё адновіць. Запомніце мае словы. Хтосьці, у каго добрае сэрца.

- Няпраўда, - не згадзіўся Грыгзбі.

- Я кажу табе, што так і будзе. Чалавек, які душой адчувае прыгожае. Можа ён верне нам частку нечага падобнага да цывілізацыі, і мы зможам жыць у супакоі.

- Ты лепш за мяне ведаеш, што цяпер людзі ня ведаюць нічога апроч вайны.

- Але магчыма наступны раз усё будзе па-іншаму.

Нарэшце, чарга дайшла да галоўнага пляцу. Аднекуль здалёк у горад уязджаў вершнік. У руцэ ён трымаў аркуш паперы. Самы цэнтр пляцу быў агароджаны вяроўкай. Том, Грыгзбі і астатнія людзі зьбіралі сьліну і з нецярпеньнем прасоўваліся наперад - узрушаныя, гатовыя да дзеяньняў. Том адчуваў, як моцна б'ецца ягонае сэрца, а зямля нібы гарыць пад нагамі.

- Давай, Том! Наша чарга!

Чацьвёра паліцыянтаў стаялі па вуглах агароджы, у кожнага на запясьці быў кавалак жоўтай вяроўкі, што сьведчыў аб іх уладзе над астатнімі. Яны стаялі там, каб не дазволіць людзям кідаць камяні.

- Такім чынам, - сказаў Грыгзбі на развітаньне, - кожны зможа плюнуць у яе, разумееш, Том? А зараз, давай!

Том стаяў перад карцінай і доўга глядзеў на яе.

- Том, плюй!

Але ў хлопца перасохла ў роце.

- Давай, Том! Рухайся!

- Але... - Том павольна вымавіў, - яна прыгожая...

- Пачакай, я плюну за цябе!

Плявок Грыгзбі праляцеў, асьвечаны промнямі сонца.

Жанчына на партрэце ціха і загадкава ўсьміхалася Тому, і ён яшчэ раз азірнуўся, каб паглядзець на яе. У вушах нібыта грала музыка і моцна білася сэрца.

- Яна прыгожая, - вымавіў хлопчык.

- А зараз давай, пакуль паліцыя...

- Увага!

Чарга сьціхла. Людзі трохі пакрычалі на Тома, за тое, што ён ня рухаўся наперад, але зараз усе яны павярнуліся да вершніка.

- Як яна называецца? - ціха запытаўся Том.

- Карціна? Я думаю, гэта «Мона Ліза», Том. Так, «Мона Ліза».

- Увага! - крыкнуў вершнік. - Улады пастанавілі, што сёньня апоўдні партрэт з пляцу перадаецца людзям, якія там знаходзяцца, каб яны маглі ўзяць удзел у зьнішчэньні...

Том нават не пасьпеў крыкнуць, як раз'юшаны натоўп пацягнуў яго да карціны. Хтосьці пачаў рваць палатно. Паліцыя кінулася ўцякаць. Натоўп шалёна крычаў, людзі дзяўблі партрэт, падобныя на галодных птушак. Том адчуў, што яго піхаюць на разарваную карціну. Бяздумна паўтараючы рухі натоўпу, ён працягнуў руку і ўхапіўся за кавалак палатна, матануў за яго і адарваў. Потым упаў, хтосьці ўдарыў яго нагой - і Том апынуўся выкінуты з натоўпу. У парваным адзеньні, увесь у брудзе і крыві, ён глядзеў, як кабеты клалі кавалкі палатна сабе ў рот і жавалі, а мужчыны ламалі раму, піналі разадранае палатно, а пасьля рвалі яго на маленькія кавалачкі.

Толькі Том быў па-за натоўпам, ён маўчаў убаку ад гэтага тлуму. Том апусьціў вочы. Яго рука сьціскала кавалак палатна, трымаючы яго на грудзях.

- Том, - крыкнуў Грыгзбі.

Але Том, моўчкі ўсхліпываючы, пабег. Ён бег па разьбітай дарозе, па полі, цераз неглыбокі ручай. Ён не азіраўся, а яго рука па-ранейшаму моцна сьціскала пад вопрткай кавалачак карціны.

Калі ўжо садзілася сонца Том прыбег да маленькай вёскі, але, не спыняючыся, ён працягваў бегчы далей. А дзевятай ён быў ужо каля падмуркаў разбуранай фэрмерскай хаты, за якой стаяў хлеў. У той яго частцы, якая засталася цэлай, і была зьверху накрыта дошкамі, спалі бацькі Тома і ягоны брат. Том хуценька і асьцярожна прасьлізнуў усярэдзіну праз маленькія дзьверы і лёг, цяжка дыхаючы.

- Том? - у цемры паклікала яго маці.

- Так.

- Дзе ты быў? - прыстрашыў яго бацька. - Раніцай я табе ўвалю!

Хтосьці піхнуў яго. Гэта быў ягоны брат, якому сёньня давялося аднаму працаваць на зямлі.

- Кладзіся спаць, - сказала маці праз сон.

Брат ізноў піхнуў яго.

Том ляжаў, супакойваючы дых. Вакол - цішыня. Яго рука была моцна-моцна прыжатая да грудзей. Так, з заплюшчанымі вачыма, ён праляжаў паўгадзіны.

Пасьля Том адчуў нешта, і гэта было халоднае, белае сьвятло. Месяц плыў вельмі высока, і маленькі прамень сьвятла павольна рухаўся па сьцяне хлява і па целе Тома. І толькі ў гэты момант яго рука нарэшце расслабілася. Павольна, асьцярожна Том выцягнуў яе з-пад вопраткі. Ён вагаўся, затрымаўшы паветра, трошкі пачакаў, разжаў пальцы і разгладзіў маленькі кавалачак палатна.

Увесь сьвет спаў, агорнуты месячным сьвятлом. А тут, на ягонай далоні была Ўсьмешка. Ён глядзеў на яе ў белым сьвятле, якое лілося з начнога неба і ўсё думаў і думаў сабе ў цішыні: «Усьмешка, прыгожая ўсьмешка».

Праз гадзіну Том усё яшчэ бачыў яе, нават пасьля таго, як ён асьцярожна склаў яе і схаваў. Хлопчык заплюшчыў вочы, і Ўсьмешка была перад ім у цемры. І яна ўсё яшчэ была тут, цёплая і пяшчотная, калі ён заснуў, і ўвесь сьвет супакоіўся, а месяц плыў, спачатку ўверх, а пасьля ўніз па халодным небе, насустрач раніцы.



Пераклад: Надзея Кандрусевіч