Рыгор Барадулін

Яна адна...

Яна адна,

Зямля вякоў,

Адкуль

Жыццё пачатак брала

Шчырай верай.

Здалёк відна

Зямля бацькоў,

Матуль,

Дзе песня б'ецца

Перапёлкай шэрай.

 

У курганах,

Што выраслі з былін,

Спачылі

З поля подзвігу ратаі.

У туманах

Тугі спрадвечны клін

На гнёзды шчасця

Выраі вяртае.

 

Краса ўзышла

Аднойчы назаўжды,

Закрасавала ў душах

I ў паглядах.

Прамень святла,

Струмень жывой вады

Закаласіўся

На ачахлых лядах.

 

Світання сцяг

Над цемрывам начы

Расчырванеўся

Радаснаю стомай,

I на губах,

Крамяна пахнучы,

Застаўся яблык

Ранішняй аскомай.

 

На смерць ішлі

За гэтую зямлю,

За гэтую красу,

За сцяг світання

Сыны зямлі,

Каб засланіць раллю,

З якой нязломнасць

Збажыною ўстане.

 

Пакуль у нас

Пяшчотаю матуль

I рупнасцю бацькоў

Сагрэты далі,

Не посвіст куль,

А галасы зязюль

Лічыць гадоў чароды

Не прысталі.

 




Крыніца: http://vershy.ru

Беларуская Палічка: http://knihi.com