Рыгор Барадулін

Трэба дома бываць часцей

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці.

 

Не забыць, як падвялы аер

На памытай падлозе пахне,

Як у студню цыбаты асвер*

Запускае руку да пахі.

 

Не забыць сцежкі той, што цябе

На дарогу выводзіла з дому,

Што у хаце там быў рубель

У цане і па курсу старому.

 

Не забыць, як марозам злым

Клямка пальцы пячэ балюча

І адкуль на стале тваім

Бохан свежага хлеба пахучы.

 

Помніць свой на іржышчы цень,

Не забыць, як завуць суседа,

Не забыць, як пяе пад дзень

За вясёлым сталом бяседа.

 

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою ты стаў чысцей

І не страціў святое штосьці.

 

* Асвер - журавель калодзежа.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com