Рыгор Барадулін

«Уцякала зіма ад вясны...»

Уцякала зіма ад вясны

Па кустах вербалозаў рагатых, –

Ёй каптан абарвалі яны,

I на гольлі матляецца вата.

 

Уцякала зіма ад вясны,

Уцякала па рэках, азёрах,

Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,

Здрадзіў лёд –

        і вада на прасторы.

 

Толькі звон крыгалому ачах –

Брод шукаюць бярозы-бяглянкі

I трымаюць на ніцых плячах,

Як дзяцей палахлівых,

    бусьлянкі.

 

А вясна даганяла зіму;

Заяц скочыў у лужу блакіту,

Бо на хвост наступіла яму,

I пралескі распырскаў, раскідаў.

 

I ўцякала зіма ад вясны,

Пад нагамі ламачча затлела,

Парастрэсла па сьцежках лясных

Сьнег апошні свой

    з ландышаў белых.

Уцякала зіма ад вясны –

Уцякала...

 




Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/32143

Беларуская Палічка: http://knihi.com