epub
 
падключыць
слоўнікі

Рыгор Хацкевіч

На золку

Марозная студзеньская ноч хутала павятовы гарадок. К дзесяці гадзінам вечара агні пагаслі амаль ва ўсіх дамах і доміках. Адны ляглі рана спаць таму, што прывыклі рана ўставаць. Другія эканомілі газу і свечкі, якія так цяжка стала даставаць.

Толькі ў двухпавярховым асабняку непадалёку ад чыгуначнай станцыі, быццам на маяку, ярка ззяла ў цемрадзі акно. Пукі праменняў падалі на снег перад акном, асвечвалі прымацаваны над ганкам чырвоны, з белым надпісам «СовЬть», сацінавы флаг, на які са злосцю налятаў рэзкі парыўчаты вецер, надзімаў і матляў яго, нібы намагаўся пашкуматаць палатно ці сарваць з дрэўка.

У двары, за вуглом асабняка, стаяў прысадзісты флігель, у якім свяціліся ўсе чатыры акны.

Два месяцы назад, да кастрычніцкіх падзей, гэта сядзіба належала самаму багатаму ў гарадку на Бярэзіне лесапрамыслоўцу Кандрыяну. Лесарубы, якіх ён наймаў, без жалю секлі ў навакольных пушчах самыя прыгожыя дрэвы: дубы, ясені, клёны. На спецыяльных варштатах у парнях яго майстры гнулі ясянёвыя і кляновыя дугі і дубовыя абады. Да вайны гэтыя дугі і абады ён дужа выгадна збываў у Германію, Аўстрыю, Данію, Францыю і Англію. Калі пачалася сусветная вайна, ён у душы праклінаў і яе і цара з кайзерам, з-за якіх прыпыніліся яго сувязі з замежным рынкам. Але ў 1915 годзе яму ўдалося падсунуць хабар аднаму важнаму начальніку-інтэнданту. З таго часу ён зрабіўся пастаўшчыком не толькі дуг і абадоў, але і калёс для рускай арміі, і стаў усюды крычаць аб неабходнасці давесці «вайну да пераможнага канца».

У канцы кастрычніка, калі ў Барысаў дайшлі першыя весткі аб пачатку новай рэвалюцыі, устрывожаны Кандрыян скорым поездам паехаў у Мінск.

Па Захараўскай і другіх цэнтральных вуліцах Мінска раз’язджалі чубатыя данскія казакі і смуглатварыя тэкінцы ў касматых шапках. Іхнія коні звонка цокалі падковамі па бруку і высякалі з каменя іскры.

Усе крамы і магазіны былі зачынены.

Конка не хадзіла.

На прывакзальнай плошчы, на пляцу ля белай камяніцы казначэйства былі ўстаноўлены гарматы і кулямёты, гатовыя адкрыць пальбу.

Аднак на вуліцах, што прымыкалі к Мінскаму Савету, казакаў і тэкінцаў, як заўважыў Кандрыян, зусім не было відаць. Там патруліравалі чырвонагвардзейцы і салдаты з чырвонымі стужкамі на рукавах.

Інтэнданцкі начальнік, з якім Кандрыян вёў гешэфт і якому не раз залаціў руку, сказаў з раздражненнем, калі той заявіўся да яго ў службовы кабінет:

— Пытаецеся, ці праўда, што ў Петраградзе і ў нас, у Мінску, уладу захапілі бальшавікі? Праўда! На вялікі жаль, праўда.

— Але ж казакі і гэтыя дзікія, у касматых шапках, здаецца, навялі парадак у Мінску? — Кандрыян усім тулавам падаўся да субяседніка, быццам хацеў рукамі схапіць жаданы адказ, які б пацвердзіў яго словы.

Інтэндант пагардліва ўсміхнуўся і грэбліва махнуў рукой. Пастаўшчык абадоў, калёс і дуг здаваўся яму зараз дурным як бот. І ён ужо крычаў на яго, свайго хаўрусніка:

— Дзе ж навялі, калі Мінскі Савет так званых рабочых і салдацкіх дэпутатаў — гэты ачаг бальшавіцкай анархіі на фронце і ў губерні — па-ранейшаму дзейнічае, сее смуту?! Наш камандуючы не адважыцца пакончыць з ім раз і назаўсёды. Баіцца разагнаць Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, арыштаваць Мяснікова. Апасаецца, як бы чаго не выйшла, бо Мяснікоў, бачыце, карыстаецца велізарнай папулярнасцю сярод рабочых і салдат. І не дзіва, што баіцца. Амаль ва ўсіх ваенных часцях ідзе абнаўленне Саветаў і камітэтаў — салдаты выганяюць эсэраў і меншавікоў і на іх месца выбіраюць бальшавікоў ці іхніх паслядоўцаў. Той арміі, якой яна была яшчэ месяц назад, ужо няма. Паддаўшыся агітацыі бальшавікоў, салдаты адкрыта заяўляюць, што ваяваць далей не жадаюць. Няхай, гавораць, сам Керанскі ваюе, калі хоча. Патрабуюць неадкладна заключыць мір і падзяліць усю памешчыцкую і манастырскую зямлю. Афіцэраў не слухаюць, іх загады не выконваюць.

У Кандрыяна ад такіх слоў заныла пад грудзьмі.

— А што ў Петраградзе? Няўжо ва ўсёй Расіі не знойдзецца пяток-другі надзейных дывізій? Няўжо іх нельга сабраць і рушыць на сталіцу ды канчукамі прапісаць завадатарам такую рэвалюцыю, каб яны і дзесятаму заказалі бунтаваць! Мала ім адной рэвалюцыі?!

— Цяпер ужо і дваццаць дывізій не памогуць,— стомлена адказаў інтэндант.— Трэба было раней аб гэтым думаць. А то цара скінулі, усюды паабіралі розныя саветы, камітэты. Вось галота і падняла свае галовы...

З мінуту абодва прыгнечана памаўчалі. Кандрыян успомніў свой асабняк з зашклёнымі балконамі ў Нова-Барысаве, «Таварыства ўзаемнага крэдыту», якое ён заснаваў перад вайной і капіталамі якога пачаў карыстацца для будаўніцтва вялікага фанернага завода. Успомніў свае ўласныя склады з абадамі, калёсамі і дугамі ў Барысаве, у Бягомлі, на станцыях Крупка, Жодзіна, Вітгенштэйн, як тады называліся Смалявічы, і яму зрабілася моташна.

— Што ж вы мне параіце, ваша правасхадзіцельства?

Інтэндант бездапаможна развёў рукамі.

— А што я магу параіць? Я сам, ваша міласць, чакаю, калі мой дзяншчык усадзіць штык у жывот і пачне патрашыць мяне.

Праз некалькі дзён з Мінска ў Барысаў прыехаў прадстаўнік Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняй вобласці і фронту салдат Сяргей Нялюбаў. Надзвычайна рухавы і энергічны, ён маладым звонкім голасам расказваў з трыбуны тысячам людзей, што запоўнілі шырачэзны казарменны пляц, аб Другім Усерасійскім з’ездзе Саветаў, з якога ён учора вярнуўся і Дэкрэты якога прывёз з сабою.

Кандрыян ціха стаяў у варотах, дзе стоўпіліся тыя, каго на мітынг не запрашалі: эсэраўска-меншавіцкія верхаводы гарадской і земскай павятовай упраў і сёй-той з мясцовых тузоў. Але і адтуль, крокаў за паўтараста ад трыбуны, было добра чуць кожнае слова Дэкрэта аб міры, які ўрачыста чытаў затым старшыня салдацкага Савета 121-га запаснога палка Бурмістраў, і Дэкрэта аб зямлі, які з уздымам, не хаваючы радасці, абвяшчаў пісар аднаго з інтэнданцкіх упраўленняў Хведасевіч. І кожнае гэта слова іголкай упівалася Кандрыяну ў самае сэрца. Яму здалося нават, што пад ім здрыганулася зямля, калі Бурмістраў усклікнуў: «Няхай жыве ўлада Саветаў!» — і пляц у адказ загрымеў ад магутнага «ўра!». А калі салдаты-сібіракі схапілі за крысу і за хлясцік шыняля старшыню свайго палкавога Савета эсэра Трубіна, які толькі заікнуўся аб незаконнасці савецкіх Дэкрэтаў, і сцягнулі з трыбуны, Кандрыян выбраўся за вароты і паплёўся дамоў.

Неўзабаве прыйшла вестка аб поўнай перамозе Саветаў у Маскве, і Кандрыян знік. Знік разам з сям’ёй і, дадавалі, захапіў з сабой касу «Таварыства ўзаемнага крэдыту», старшынёй якога ён быў і кантора якога знаходзілася ў яго ж доме на першым паверсе, у асобным пакойчыку з вокнамі і дзвярамі на Вакзальную вуліцу. Такая хадзіла чутка. А гаварылі і другое. Гаварылі, быццам касу абчысціў зусім не Кандрыян, а бухгалтар, ён жа касір «Таварыства». Быццам пайшоў ён раніцай восьмага лістапада на службу. Перш чым адчыніць сваю кантору, у якой ён быў адзіным служачым, адправіўся, як заўсёды, за распараджэннем да старшыні «Таварыства». Увайшоў у дом, а там ні душы, пуста. Усё кінута-рынута... Бухгалтар адразу скеміў. Не доўга думаючы — у кантору. Адамкнуў прыкуты да падлогі сейф, выграб з яго ўсе грошы, колькі іх там было, пазапіхваў сабе ў партфель і ўцёк. Адзін чыгуначнік пасля кляўся, што бачыў, як бухгалтар 8 лістапада садзіўся ў ранішні поезд, які ішоў на Мінск.

Як бы там ні было, а кандрыянаўскі асабняк з флігелем у глыбі двара аказаўся кінутым. Створаны ў хуткім часе на Першым павятовым з’ездзе Саветаў выканком аб’явіў яго народнай уласнасцю. У самім асабняку размясціліся аддзелы выканкома, а ў флігелі пасяліліся члены сялянскай і салдацкай секцый, якія не мелі ў горадзе сваіх кватэр.

У склад выканкома быў абраны дваццаць адзін чалавек — па сем прадстаўнікоў ад кожнай з трох секцый павятовага Савета: ад дзвюх памянёных ды яшчэ ад рабочай. На другі дзень, пасля таго як выканком атабарыўся ў кандрыянаўскім асабняку, туды на адвячорку прыйшоў, злёгку апіраючыся на арэхавую палачку з выразанымі на ёй узорамі, бравы унтэр-афіцэр. Ён быў іменна бравы, нягледзячы на сваю кульгавасць: малайцаватая, вышэй сярэдняга росту, постаць, шырокі, паўнашчокі твар; надзвычайна жывыя цёмныя вочы; маладыя чорныя вусікі, і ў дадатак да ўсяго — тры георгіеўскія крыжы на грудзях. Ён прывітаўся, счысціў з рукавоў і шапкі снежную парошу. І ўжо затым з усмешкаю сказаў членам выканкома, якія з цікавасцю аглядалі яго:

— Мяне завуць Восіпам Адамовічам, ці папросту — Юзікам.

Адразу было відаць, што унтэр — натура адкрытая і вясёлая. Нялюбаў прысунуў яму крэсла. Той сеў і пачаў прастадушна расказваць, што радзіўся ён у Мінску, аднак лічыць сябе сапраўдным барысаўчанінам. Тут ён рос і вучыўся. Дзевяць гадоў назад скончыў царкоўнапрыходскую школу, пасля капаў і мясіў гліну ў ганчарнях. Потым, да 1915 года, аж да прызыву ў армію, працаваў на запалкавай фабрыцы «Беразіна». Зараз тут жыве і працуе на той жа фабрыцы ўпакоўшчыцай запалак яго старэйшая замужняя сястра. Вось ён і прыкаціў да яе ў госці, атрымаўшы па раненню водпуск на два месяцы.

— У шпіталі і ў дарозе марыў: прыеду ў родныя мясціны, пахаджу па знаёмых ціхіх вуліцах, пасяджу, як некалі ў маленстве, з вудамі ля рэчкі, падымуся ў сасняк на Батарэі — словам, адпачну ад вайны... А прыехаў учора — пачуў ад сястры, як вы тут ускалыхнулі ўвесь павет, перацягнулі на свой бок зямельныя камітэты і стварылі аб’яднаны Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, як фабрычны камітэт на «Беразіне» выклікаў на сваё пасяджэнне гаспадара і прымусіў даць справаздачу аб запасах сыравіны і гатовай прадукцыі — пачуў пра гэта і вырашыў зайсці да вас. Не да прагулянак, не да вуд, калі вакол такая завіруха ўзнялася!

— Вы бальшавік? — пацікавіўся Нялюбаў.

— Можаце лічыць, што так. Я спачуваючы, хачу дапамагаць новай уладзе. Што я магу зрабіць для вашага Саўдэпа?

Унтэр-афіцэр выглядаў і разважаў як бывалы чалавек. І ў той жа час ва ўсіх яго словах, у тоне адчувалася штосьці юнацкае: жаданне быць у гушчы барацьбы, жаданне рабіць бескарысліва людзям дабро... Бурмістраў, якому таксама спадабаўся шчыры малады унтэр-афіцэр, падумаў, што ён адпусціў сабе вусікі для важнасці і саліднасці.

— У нас ёсць выбраны сакратар — таварыш Марозаў,— Бурмістраў кіўнуў у бок вастратварага салдата, які старанна пісаў за вялікім чорным сталом.— Але нам дужа патрэбен яшчэ адзін добры пісар. Пойдзеце?

— А чаму ж не! — з радасцю згадзіўся Адамовіч.

Так будучы старшыня Беларускага Саўнаркома стаў дваццаць другім работнікам павятовага выканкома. Афіцыйна ён лічыўся тэхсакратаром, а скора зрабіўся правай рукою Бурмістрава. На плечы гэтых 22 і лёг асноўны цяжар той велізарнай работы, што была звязана з рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі ў гарадку і ў павеце.

Выканкому прыйшлося нямала папрацаваць, каб прымусіць мясцовых фабрыкантаў і заводчыкаў прызнаць над сабой, над вытворчасцю рабочы кантроль.

У павеце налічвалася звыш 50 маёнткаў; усе яны разам з будынкамі, жывёлай, зямлёй паступілі ў распараджэнне валасных зямельных камітэтаў. У першую чаргу неабходна было даць коней і кароў тым сялянам, якія іх не мелі. Неабходна было зрабіць дакладны ўлік памешчыцкай, княжацкай і царкоўнай зямлі і адначасна скласці спіскі беззямельных і малазямельных, каб да вясны паспець нарэзаць ім надзелы.

Неабходна было памагчы валасным зямельным камітэтам арганізаваць ахову былой панскай маёмасці, каб не дапусціць яе расцягвання і падпалаў, як гэта ўжо зрабілі ў Зембінскай і Кішчына-Слабодскай валасцях заможнікі, якіх не ўключылі ў спіскі.

Патрэбна было правесці валасныя з’езды Саветаў і стварыць новую адміністрацыю ў сёлах, арганізаваць сваю, савецкую міліцыю...

Нарады, сходы, мітынгі, канферэнцыі, выезды ў воласці. Быццам летам у прыпар, члены выканкома спалі не больш як па чатыры гадзіны ў суткі. Тыя з іх, якія дажывуць да 60-х гадоў, будуць пасля здзіўляцца: як маглі вытрымаць такую нагрузку?

Гэту нястомнасць, гэты энтузіязм спараджала ўсведамленне, што яны робяць Вялікую Сусветную Рэвалюцыю, твораць новае жыццё для саміх сябе, для ўсіх працоўных. Іх радавала, як просты народ адносіцца да сваёй улады. Сяляне па ўсіх сваіх справах валам валілі не ў земскую ўправу і не ў павятовы зямельны камітэт, якія ніхто не разганяў, а ў Саўдэп — да Сямёна Хведасевіча, якога на з’ездзе абралі загадчыкам, ці камісарам, земаддзела, а то і да самога старшыні выканкома Бурмістрава. А жыхары горада з усімі сваімі просьбамі, скаргамі, хадайніцтвамі ішлі не ў мяшчанскую ўправу, якую таксама ніхто не чапаў, а ў прафбюро выканкома — да Баршая і яго памочнікаў ці да Восіпа Адамовіча. Настаўнікі і настаўніцы з усімі сваімі пытаннямі звярталіся да васемнаццацігадовага камісара асветы Варатніцкага, студэнта Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.

Вось чаму так позна свяціліся вокны ў выканкомаўскім агульным памяшканні вечарам 14 студзеня. Яшчэ не ўсе яго жыхары сышліся. Не было Варатніцкага, які раніцай паехаў у Смалявіцкую воласць. Не было абодвух братоў Хведасевічаў: старэйшы, Ігнась, дзяжурыў у выканкоме, а малодшы, Сямён, яшчэ ўчора досвіта разам з членам зямельнай калегіі Маласаем паехаў у Халопенічы.

Ля каміна, у якім зырка пылалі сухія бярозавыя дровы, у мяккіх крэслах сядзелі: галоўны сакратар выканкома салдат-запаснік Марозаў і член зямельнай калегіі адвечны батрак Дымкавец. Марозаў нядаўна зняў чаравікі, а Дымкавец разуў лапці, і абодва падстаўлялі агню свае босыя ногі. Малады, з вострым носам, вытарклым падбародкам і такімі ж скуламі твар Марозава гарэў бураватай чырванню. Пад рэдкімі, з прыкметнай сівізной вусамі Дымкаўца блукала шчаслівая ўсмешка задавальнення.

На ложках, засланых шэрымі казённымі коўдрамі, скінуўшы боты і з асалодай выпрастаўшы ногі, ляжалі Нялюбаў, якога на з’ездзе Саветаў абралі павятовым камісарам і такім чынам пакінулі ў Барысаве, памочнік Сямёна Хведасевіча па земаддзелу Маталыга і загадчык фінаддзела Курнікаў, выбраны ў выканком ад абноўленага пасля выгнання эсэра Трубіна Савета Сібірскага палка.

Усе слухалі Маталыгу, якому стандартны жалезны ложак быў кароткі. Каб змясціцца ў ім, ён падгінаў ногі ці прасоўваў іх між прутоў. Але не адным сажнёвым ростам і фізічнай сілай вызначаўся гэты чалавек. Яшчэ летам, у часы кераншчыны, ён праславіўся на ўвесь павет як бунтар. Будучы старшынёй Вяляціцкага валаснога зямельнага камітэта, ён пачаў выдаваць сялянам сваёй і суседніх вёсак білеты на высечку лесу ва ўладаннях вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Павятовыя эсэраўскія кіраўнікі завялі на яго судовую справу, рыхтавалі паказальны працэс. Ад суда Маталыгу, як і тысячы другіх такіх «самавольшчыкаў», выратаваў Другі Усерасійскі з’езд Саветаў.

Не слухаў, не чуў Маталыгу толькі адзін чалавек з прысутных — Мікалай Кот, бо смачна спаў.

Раніцай, чуць свет, ён адправіўся ў сваю Ухалоду, каб узяць з дому буханку хлеба і кавалак сала, бо ў выканкомаўскай сталоўцы кармілі адным прасяным супам з таранамі і прасяной кашай, ды і той давалі не ўволю. А калі ён вярнуўся, Адамовіч і Марозаў паслалі яго ў Глівін, у валвыканком, з тэрміновым пакетам. Цяжкаваты ў хадзе Кот намарыўся і намёрзся за дзень так, што заснуў адразу, як толькі прылёг на ложку.

Маталыга расказваў, як ён прымаў у земаддзеле сягоння наведвальнікаў.

— ...І вось заходзіць яшчэ адзін. Світка на ім да самых пят. Падперазаны поясам з кутасамі. Увайшоў, здзеў шапку і пакланіўся нізка-нізка. Пытаю, адкуль. «З Бягомльскай воласці, з фальварка Бедзіна».— «А хто ты?» — «Парабак».— «А куды ты прыйшоў — к папу?» — «К начальству». Дык я ж, кажу, не поп і не начальства, што ты мне кланяешся! Я такі ж мужык, як і ты! Які ж ты, пытаю, свабодны грамадзянін? А мы, адказвае, прывыклі шанаваць начальства.

— Зразу відаць, што гэты батрак не быў на фронце і не прабаваў салдацкага хлеба,— азваўся са свайго ложка Нялюбаў.

— Ён аднавокі — хто ж яго возьме ў салдаты? — спачувальна адказаў Маталыга.

— А даўно ён зрабіўся аднавокім — не пытаў? — Марозаў, які аглядаў ніз чаравіка, рэзка павярнуў галаву к Маталыгу.— Можа тады, як пачалася вайна? Я ведаў такіх ёлупаў! Самі сябе калечылі, каб не ўзялі ў салдаты!..

У гэты момант за акном пачуўся скрып намерзлых палазоў і задаволенае чмыханне каня, які прабег даўгую дарогу і нарэшце пачуў стайню.

— Сямён Хведасевіч з Маласаем прыехалі! — абрадавана абвясціў Дымкавец і падхапіўся.

Ля парога ён усунуў свае босыя ногі ў прасторныя, быццам кашалі, Маталыгавы чаравікі-атопкі, якія той з надыходам маразоў аддаў у агульнае карыстанне, і выскачыў на двор.

Дымкавец амаль усё жыццё парабкаваў у Стара-Барысаўскім маёнтку царовага дзядзькі Мікалая Мікалаевіча, даглядаў княжацкіх стаеннікаў. Свайго каня ў яго ніколі не было. Аб уласным кані ён толькі марыў. Таму ён з першага ж дня, як толькі выканком павятовага Саўдэпа заняў кінуты кандрыянаўскі асабняк, сам, па добрай волі, узяў шэфства над абодвума рысакамі, і заадно — над збруяй, карахвашкамі і вазкамі, што засталіся новай уладзе ад Кандрыяна. І нічыёй помачы не прымаў. Востры на язык Маласай паспрабаваў пажартаваць аднойчы: «Ты патрэбуй, Дымкавец, каб таварыш Бурмістраў выпісваў табе трайное жалаванне: за службу ў земаддзеле, за канюхоўства і за нагляд за выканкомаўскай гаспадаркай». На што некрыўдлівы Дымкавец, які бязмежна любіў птаства і жывёлу і не любіў аб гэтым гаварыць, адказаў: «Некаму ж трэба і коней дагледзець, і хамут прыбраць!»

— Я сам распрагу! — Ён раўніва адпіхнуў Маласая і Сямёна Хведасевіча ад гнедага прыгажуна.— Вы скарэй у канцылярыю скачыце — пагрэйцеся чаем. Кашавар наш пайшоў дамоў адразу, як сцямнела. Дык на вас усіх абед і вячэру Ігнась узяў — ён сягоння дзяжурыць.

Сапраўды, у канцылярыі выканкома, дзе звычайна знаходзіўся дзяжурны, на гарачай чыгуннай печцы стаялі дзве каструлі і пузаты чайнік.

— Чула маё сэрца, што вы сягоння прыедзеце! — весела сказаў Ігнась і, падхапіўшы за вушкі большую каструлю, паставіў яе на Адамовічаў сакратарскі стол.

— Не, спачатку нам чаю дай! — папрасіў Сямён, расшпільваючы непаслухмянымі пальцамі кручкі ў шынялі.— Ты як, Барыс?

— Чаю,— быццам чужымі, зведзенымі ад холаду губамі прашамкаў Маласай. На ім быў модны кароткі армяк — з хлясцікам і з аўчынным каўняром.

Падсалоджаны патакай і запраўлены шчодра цыкорыем, чай нагадваў настоеную на прэлым лісці ваду з лясной калдобіны. Але ён меў адну неацэнную якасць: быў гарачы. І яны з асалодай пілі яго і моцна сціскалі кубкі адубелымі пальцамі. Ігнась пазіраў на іх і спачувальна ўсміхаўся.

— Можа па дарозе заязджалі дамоў — у Пракудава ці ў Начу? — спытаў ён.— А то каляды прайшлі, а мы каўбас і не папрабавалі.

— Я казаў яму — заедзем, дык не захацеў.

— Вам жа вядома, што я ніякіх каляд і калядных каўбас не прызнаю,— сурова абсек іх Сямён.

— Ну што ж,— прымірэнча сказаў Ігнась,— калі ты гэткі заўзяты бальшавік, то сёрбай посную просу.

Бальшавіком Сямён стаў вясною мінулага, 17-га года, калі пяхотны полк, у якім ён служыў радавым і ад якога засталося не больш роты, адвялі з фронту ў глыбокі тыл для адпачынку і перафарміравання. З-пад Маладзечна, дзе ішла зацяжная пазіцыйная вайна, перакінулі аж у Смаленскую губерню.

Невялічкая Ельня, куды полк прыбыў у другой палавіне красавіка, была перапоўнена ваеннымі і бурліла. Гарадок гаманіў, гудзеў: ля казармаў, на вуліцах, на рыначнай плошчы збіраліся салдаты і афіцэры, то разам з мясцовымі жыхарамі, то без іх, і мітынгавалі — абмяркоўвалі ноту міністра замежных спраў Мілюкова аб намеры Часовага ўрада давесці вайну да пераможнага канца.

Агітатары, якія выступалі ад імя партыі народнай свабоды, гаманлівыя меншавікі, крыклівыя народныя сацыялісты, салодкагалосыя эсэры заклікалі салдат падтрымаць Часовы ўрад рэспублікі ў яго «свяшчэннай барацьбе за свабодную айчыну». І тут жа запрашалі запісвацца ў свае партыі.

«Ніякай падтрымкі ўраду князя Львова! — Рэзка і шырока, быццам на лузе касой, размахваў правай рукой малодшы унтэр-афіцэр з артдывізіёна (левая была падвязана). На магутнай валовай шыі ад напружання выступалі жылы.— Да пераможнага канца трэба давесці не вайну, а рэвалюцыю! Так гаворыць правадыр бальшавікоў і ўсіх працоўных таварыш Ленін, так гавару вам і я, наводчык Канстанцін Крывавязаў, сем разоў паранены за вайну!» І ён таксама заклікаў уступаць у рады сваёй, бальшавіцкай партыі.

Сямён слухаў і не ведаў, на чыім баку праўда, якой партыі даверыцца. Ён хадзіў з мітынга на мітынг і адчуваў сябе ў першы дзень быццам у тумане.

Аднак туман скора стаў рассейвацца. Ужо на другі дзень яму падказалі, што ў партыю народнай свабоды пасля падзення царызму перафарбаваліся кадэты. І сваім прыродным розумам дайшоў, як мала адрозніваюцца зухаватыя максімалісты ад бесшабашных анархістаў.

А яшчэ праз дзень раскусіў і народных сацыялістаў: і яны са сваім Керанскім здаліся яму чужымі — партыяй адвакатаў і іншых адукаваных і неадукаваных паноў і падпанкаў.

Заставаліся эсэры і бальшавікі — на іх цяпер спыніў усю ўвагу Сямён.

Нялёгка было простаму салдату, які ўсяго тры зімы пахадзіў у царкоўнапрыходскую школу і толькі што з пазіцый трапіў у вір палітычнай барацьбы, разабрацца ў гэтых дзвюх партыях. І не толькі разабрацца, але і рашыць, за якой і з якой пайсці. Ды што гаварыць пра салдата! Многія вучоныя людзі не адразу маглі зразумець, што ж адбываецца ў краіне пасля краху манархіі, пасля абвяшчэння свабоды і рэспублікі.

Тым часам настаў дзень Першага мая. З музыкай і песнямі, з чырвонымі сцягамі і транспарантамі на вуліцы Ельні выйшлі калоны салдат і членаў прафсаюзаў. Выйшлі на такое свята ўпершыню. Ля гарадскога саду пачаўся мітынг. Эсэраўскія і меншавіцкія гаваруны адзін за другім узбіраліся на высокую трыбуну, збітую напярэдадні са свежых шалёвак. Са слязамі на вачах і дрыжаннем у голасе яны віншавалі прысутных з перамогай над гідрай самаўладства і ўступленнем у светлую эру ўсеагульнага шчасця.

Сямён стаяў крокаў за пяць ад трыбуны і ўважліва слухаў прамоўцаў. Яму, сыну селяніна-бедняка, хацелася пачуць што-небудзь слушнае аб зямлі. Тая зямля, якую з даўніх часоў абрабляюць яго бацькі і аднавяскоўцы, належыць не ім, а вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу, чые ўладанні раскінуты па ўсім павеце. Сямён змалку бачыў, як штогод перад пакровамі, калі набліжаецца тэрмін уносіць арэндную плату, хмурнее і цямнее бацькаў твар: дзе ўзяць грошай? Нехаця даводзіцца прадаваць чвэрць, а то і ўсю трэцюю частку сабранага ўраджаю. Пасля разліку з княжацкім упраўляючым свайго хлеба хапае толькі да каляд. Каб дацягнуць да лета, бацька вымушаны выпраўляць старэйшых сыноў у заработкі — у лес, на чыгунку, а сам то бёрды робіць, то скрыні, балейкі, начоўкі.

Звяржэнне ў канцы лютага Мікалая ІІ, крах дынастыі Раманавых абудзілі ў Сямёнавым сэрцы надзею на тое, што княжацкая зямля, за якую ўжо столькі заплочана і пераплочана, пяройдзе нарэшце ў рукі тых, хто яе кожны год ад вясны і да восені палівае сваім потам. Аднак ні адзін з выступаючых, як ні ўважліва слухаў Сямён, нават не заікнуўся аб зямлі.

— Наша партыя,— з пафасам гаварыў чарговы прамоўца — малады, мітуслівы чалавек у паліто — і віхляўся то ўлева, то ўправа,— партыя народных сацыялістаў, заклікае ўсіх дэмакратаў, усіх сумленных рускіх людзей аб’яднацца ў дружную, цесную сям’ю! Аб’яднацца для таго, каб абараніць рускую рэвалюцыю ад знешніх і ўнутраных ворагаў!

Тут Сямён не сцярпеў і крыкнуў з натоўпу:

— А як наконт зямлі?

Прамоўца паправіў пенснэ і з мінуту стаяў, разглядаючы салдата, які перапыніў яго, потым зноў замітусіўся на трыбуне.

— Зямельным і другімі пытаннямі зоймецца Устаноўчы народны сход. А зараз кожны свядомы грамадзянін свабоднай Расіі, у першую чаргу кожны салдат, павінен думаць аб тым, як лепш выканаць свой доўг перад айчынай, якая стала рэспублікай, і свае абавязацельствы перад саюзнікамі! Мы ўсе павінны сягоння аб’яднацца...

— З кім аб’яднацца? З памешчыкам Радзянкай і капіталістам Гучковым? — насмешліва спытаў, праціснуўшыся да трыбуны, Крывавязаў.

Сваім запытаннем ён збіў з панталыку неспрактыкаванага і, відаць, праз меру самалюбнага і дробязнага прамоўцу. Той бязгучна адкрываў і закрываў рот, шлёпаў губамі і з абурэннем пазіраў на грубіяна з падвязанай рукой, які зблытаў усе яго думкі і пёрся зараз па крутых прыступках наверх.

Крывавязаў глянуў у яго злосныя вочкі, не дачакаўся адказу і зрабіў крок да поручняў. З вышыні абвёў позіркам густы натоўп, які цярпліва чакаў новых прамоў.

— Таварышы салдаты і члены прафсаюзаў! — пачаў ён зычным голасам, і Сямён заўважыў, як напяліся і ўспухлі жылы на яго валовай шыі.— Раней за ўсё я хачу прывітаць вас і вітаю ад імя бальшавіцкай ячэйкі артдывізіёна з рэвалюцыйным святам — Першым маем! Мы, восем чалавек артылерыстаў, пазаўчора сарганізаваліся ў ячэйку. Сарганізаваліся пасля таго, як прачыталі і ўхвалілі вось гэту невялічкую кніжыцу.— Свабоднай правай рукой ён выхапіў з кішэні і падняў высока над галавой светла-аранжавую брашурку.— Напісаў яе Ленін! Называецца яна — «Пісьмы пра тактыку». Гэта значыць пра тое, што рабіць народу, каб дабіцца сапраўднай, без ашуканства, роўнасці, сапраўднай, а не папяровай, не ўяўнай волі, сапраўднага, без тандэту, брацтва і міру. А для гэтага нам, сялянам і ўсім салдатам, трэба аб’яднацца, але не з князем Львовым і другімі панамі і паўпанкамі, а з рабочым класам, з пралетарыятам! Бо радзянкі, гучковы, мілюковы і падобныя да іх паны, што заселі ў Часовым урадзе, толькі абяцаюць, а не даюць народу ні хлеба, ні зямлі, ні міру. Зямлю, пра якую ты пытаеш, таварышок,— звярнуўся ён да Сямёна,— сяляне павінны самі ўзяць у князёў і памешчыкаў! Так гаворыць таварыш Ленін, і так ад усёй бальшавіцкай ячэйкі артдывізіёна гавару вам я, сакратар ячэйкі Канстанцін Крывавязаў!

Сямён прапхнуўся да самай трыбуны і, калі артылерыст закончыў і спусціўся уніз, так укалупіўся ў яго рукаў, быццам баяўся, каб той не вырваўся і не ўцёк.

— Таварыш Крывавязаў,— зашаптаў нецярпліва і ўсхвалявана,— дай мне тую самую кніжачку Леніна! Я сягоння ж вярну!

Наводчык дапытліва і прыязна паглядзеў Сямёну ў вочы.

— На. Толькі ж вечарам прынясі. Ведаеш, у якой казарме наш дывізіён?

Сямён скоранька схаваў светла-аранжавую брашурку за пазуху і стаў выбірацца з натоўпу. Яго ўжо не цікавіла, што скажуць новыя прамоўцы. Яму хацелася неадкладна самому прачытаць, як Ленін піша пра зямлю.

Ён выбраўся з натоўпу, падышоў да збуцвелай, са многімі дзіркамі дашчанай агарожы, пралез у адну з такіх дзірак і апынуўся ў гарадскім садзе.

Адшукаў у глухім кутку між кустоў пакрыўленую замшэлую лавачку і сеў на яе. Брашура сама, як толькі ён дастаў яе з-за пазухі, разгарнулася. Відаць, яе не раз перагіналі, бо старонкі ў гэтым месцы былі зашмальцаваны.

На левай старонцы Сямёну адразу кінулася ў вочы фраза: «Я безумоўна за тое, каб батрацкія і сялянскія Саветы зараз жа бралі ўсю зямлю...» Кінулася таму, што яна была вынесена ўніз, пад рыску, і словы «Саветы зараз жа» і «ўсю» былі падкрэслены. «Дык і я ж за тое!» — сказаў сам сабе Сямён. Ён гатовы быў пабажыцца, што якраз такая ці амаль такая думка прыходзіла і яму ў галаву. Ён прачытаў усю зноску раз і яшчэ раз. Затым прабег вачамі адну старонку, другую.

Не, падумаў ён, такую кніжку трэба чытаць без паспешлівасці і не ўрыўкамі, а з самага пачатку і да самага канца.

Побач з лавачкай кусціўся бэз: ён яшчэ не расцвіў, ён толькі пачынаў зацвітаць; на ім распукнуліся першыя пупышкі, ад якіх ішоў саладжавы пах. Угары, над галавою, гарэзліва шумела пад вясеннім ветрам маладая кволая лістота клёнаў, ясеняў, бяроз. А яшчэ вышэй, у васількова-сінім небе, праплывалі асляпляльна белыя лёгкія воблакі. З-пад леташняга пачарнелага лісця, якое ўкрывала зямлю, выбівалася і цягнулася насустрач сонечнаму святлу і цяплу ярка-зялёная мурава.

Аднак Сямён, уткнуўшыся ў брашуру, нічога не бачыў і нічога не чуў. Ён нават не заўважыў, як за агарожай скончыўся мітынг і ў садзе на дарожках з’явіліся чароды дзяўчат, групы салдат і асобныя пары.

Ён падняў галаву і азірнуўся наўкола толькі тады, калі дачытаў апошнюю старонку. Сонца даўно звярнула з паўдня. Пукі яго косых праменняў прабіваліся ў сад збоку і залацілі светлыя ствалы бяроз і ясеняў. Дзесьці паблізу духавы аркестр урэзаў мазур-польку. Сямён падумаў, што гэта, мусіць, пачаліся гулі з прычыны свята, і пайшоў на вясёлыя гукі музыкі.

Сапраўды, ля ўвахода ў сад грымеў зводны аркестр (два палкавых і адзін мясцовы, арганізаваны месяц назад пры клубе прафсаюзаў), а на двух тачках: на пляцоўцы ў садзе і ля агароджы, там, дзе некалькі гадзін назад праходзіў мітынг,— кружыліся сотні пар. Сярод кавалераў пераважалі салдаты. І тут і там тоўпілася мноства народу: адны старанна лузалі гарбузовыя і сланечнікавыя семкі, другія ацэньвалі і падахвочвалі найбольш хвацкіх танцораў і танцорак, а многія стаялі купкамі воддаль і размаўлялі.

У адной такой купцы Сямён убачыў Крывавязава. Перадаючы яму брашуру, сказаў з рашучасцю і цеплынёй у голасе:

— Дзякуй табе, таварыш Крывавязаў! Цяпер я ведаю, за кім ісці мне. Запішы мяне, братка, у сваю бальшавіцкую ячэйку!

— Вунь які ты шустры: «запішы»! —некрыўдліва ўсміхнуўся унтэр-афіцэр.

— Ну, тады прыміце!

Крывавязаў за апошнія дні прыкмячаў на мітынгах невысокага пехацінца з сур’ёзным позіркам канапляна-зялёных вачэй. А пасля таго як Сямён прывёў у замяшанне балбатлівага народнага сацыяліста і папрасіў брашуру Леніна, яму ўжо рупіла пазнаёміцца з ім.

— А што, хлопцы,— звярнуўся ён да сваіх субяседнікаў-артылерыстаў,— можа, адыдзем убок і правядзём сход — абмяркуем просьбу таварыша...

Сямён зразумеў, што перад ім уся бальшавіцкая ячэйка артдывізіёна, і назваў сябе.

Ніхто не пярэчыў, і яны ўсе павольна рушылі ў глыб саду. Крывавязаў задаваў пытанні, а Сямён расказваў на хаду, адкуль і хто ён родам, калі нарадзіўся ды калі прызываўся ў армію, на якіх участках фронту ваяваў, дзе быў паранены...

— Хай адкажа на галоўнае пытанне,— умяшаўся артылерыст з чорнымі калючымі вачамі і такой жа калючай шчэццю на шчаках і барадзе.— Ён за вайну ці супраць? Наконт зямлі якой праграмы прытрымліваецца?

— Я згодзен з усім, аб чым таварыш Ленін піша ў сваёй брашуры! — цвёрда заявіў Сямён.— Вайну трэба канчаць, а панскую зямлю раздаць беднаце!

— Бальшавік! — зрабіў вывад той, хто задаваў пытанне, і позірк яго пацяплеў.— Прыняць!

— А як у цябе з богам? — спытаў Крывавязаў.

— Калі б ён быў, дык не дапусціў бы такой бязбожнай вайны, як гэта,— адказаў Сямён.

— А як з гарэлкай? У чарку заглядаў, вядома? Ну, дык ведай, брат: бальшавікі не п’юць! Можаш прысягнуць, што ставіш крыж на ёй?

— Магу!

Праз тры дні Крывавязаў з’ездзіў у Смаленск і апроч кіпы газет і брашур прывёз адтуль і ўручыў усім членам сваёй ячэйкі партыйныя білеты. Атрымаўшы білет, Сямён назаўтра набраўся смеласці і выступіў на адным са стыхійных мітынгаў ад імя бальшавіцкай партыі.

Скора зусім асмялеў і іншы дзень выступаў па некалькі разоў — з упэўненасцю і перакананасцю чалавека, які знайшоў праўду. Ён прагна прачытваў усё, што даваў яму Крывавязаў, і зрабіўся гарачым прапагандыстам тых простых і велічных ідэй, якія Ленін выказаў у славутых Красавіцкіх тэзісах і потым развіваў у далейшых сваіх работах.

Але нядоўга яму прыйшлося выступаць. У канцы мая ён цяжка захварэў на брушны тыф. Тыдні тры ён праляжаў без памяці ў шпіталі, трохі ачуняў і, атрымаўшы месячны водпуск, паехаў на папраўку да бацькоў.

Дома ён расказваў аднавяскоўцам пра бальшавікоў і Леніна, пра тое, што трэба чакаць новай рэвалюцыі. Адкрыта заклікаў не плаціць больш арэнду за зямлю. «За дзесяткі гадоў вы яе пяць разоў купілі, і цяпер яна па справядлівасці ваша!» — тлумачыў ён.

Калі водпуск яму скончыўся і ён са свайго Пракудава, пасеяўшы ў ім зерні ленінскай праўды, вярнуўся ў Ельню, яго палка ўжо не было там. Не было і артдывізіёна. Другі быў і камендант. Ён зрабіў адзнаку па адпускным пасведчанні і параіў Сямёну ехаць у Смаленск, у штаб начальніка фарміраванняў.

У Смаленску ў штабе яго спыталі пра асвету, далі чысты аркуш паперы і прапанавалі напісаць пад дыктоўку з паўсотні слоў. Паглядзелі на Сямёнава пісьмо, сказалі: «Добра!» — і накіравалі ў інтэнданцкае ўпраўленне, якое знаходзілася ў яго павятовым гарадку. Так неспадзявана Сямён апынуўся ў Барысаве і зрабіўся інтэнданцкім пісарам, а пасля аб’яўлення ў павеце ўлады Саветаў — загадчыкам земаддзела выканкома. І ні разу, нават у думках, не парушыў за гэты час прысягу, якую даў вясной у Ельні. Ігнась спачатку кпіў з такой стойкасці малодшага брата, затым пранікся да яго павагай.

* * *

Сямён і Маласай выехалі з Халопеніч пасля паўдня і за дарогу на марозе не толькі накалеліся, але і прагаладаліся. Яны ўпісалі па місцы супу і па дзве порцыі кашы — свой абед і вячэру — і пайшлі к сабе ў агульнае памяшканне.

— Хваліцеся, як прайшоў у Халопенічах з’езд сялянскіх дэпутатаў? — спытаў Нялюбаў, як толькі Сямён павесіў шынель на вешалку, а Маласай накінуў свой модны армяк на высокую вузкую шафку з зашклёнымі дзверцамі і з дарагім старасвецкім гадзіннікам усярэдзіне.

Нялюбаў пасунуўся на ложку і жэстам запрасіў абодвух сесці з ім побач.

— Так, як і павінен прайсці, раз там прысутнічалі мы з Сямёнам Захаравічам,— сур’ёзна пачаў, прысаджваючыся, Маласай. Яго наіўныя вочкі глядзелі з праставатай хітрынкай. Ён ужо адагрэўся, і да яго вярнулася заўсёднае жаданне пацяшаць, жартаваць, смяяцца. Нездарма ж ён быў з Начы — той самай, якая ўпамінаецца ў вядомай на Барысаўшчыне прымаўцы: «Калі ў Неманіцы не абкрадуць, у Лошніцы не наб’юць, а ў Начы не абсмяюць, дык праедзеш увесь свет і назад вернешся».— Правільна я гавару, Захаравіч?

Але Сямён, які яшчэ знаходзіўся пад моцным уражаннем ад з’езда ў глухім мястэчку, не быў схільны гаварыць аб ім у лёгкім, жартоўным тоне. Ён сказаў, што не думаў убачыць на з’ездзе столькі народу, колькі сягоння раніцай сышлося ў былое валасное ўпраўленне. Разам з выбранымі на сходах дэлегатамі з навакольных вёсак з’явілася нямала такіх людзей, якіх ніхто не выбіраў на з’езд. Прыйшлі і жанчыны — не толькі ўдовы і салдаткі, чые мужыкі яшчэ не вярнуліся дамоў, але і найбольш смелыя маладзіцы, якія сэрцам пачулі набліжэнне новых парадкаў.

— Бабы на сходзе — зараз не дзіва,— заўважыў Маталыга.— Новая рэвалюцыя, усё роўна як звон, разбудзіла ўсіх.

— Як звон,— задуменна паўтарыў Нялюбаў. Яго ўразіла такое трапнае параўнанне, і ён нейкі момант нерухома глядзеў на Маталыгу, як бы збіраючыся штосьці дадаць, але так і не дадаў і звярнуўся ізноў да Сямёна: — А каго ў валвыканком выбралі?

— Здаецца, людзей актыўных і надзейных. Аднаго мы з Маталыгам трохі ведаем! Помніш,— ажывіўся раптам Сямён і павярнуўся да свайго намесніка,— помніш таго дзядка, парабка з Хацюхова, з якім ты быў у павятовым зямельным камітэце, калі мы прыйшлі туды пасля прыезду Нялюбава на перагаворы?

— Як жа не помніць! Я ж з ім у той дзень ехаў ад Прыяміна поездам і дамоў адсюль да Прыяміна ехаў. Міхаіл Сцяпанавіч, таварыш Бурмістраў, яшчэ даў нам тады абодвум газеты з Дэкрэтамі.

— Во-во! Ён першы выступіў сягоння ў Халопенічах на валасным з’ездзе. «Калі я, кажа, увосень прывёз з Барысава газеткі з Дзякрэтамі, дык многія ў нас, у Кацюхове, спярша сумняваліся. І верылі і не верылі таму, што вычыталі ў тых газетках. А цяпер, як выйшла замірэнне з немцам; і аўстрыякамі, усю панскую зямлю падзялілі паміж беззямельныміі малазямельнымі, праўда, пакуль што на паперах, на плантах, а самым бедным ужо далі каму — каня, каму — карову,— цяпер усе нашы кацюхоўцы гавораць, што Савецкая ўласць — гэта наша, мужыцкая, уласць. Народ, кажа, будзе вечна дзякаваць Леніну за тое, што ён узяўся ўстанавіць на зямлі справядлівасць. Я, кажа, чакаю не дачакаюся вясны, каб разам з людзьмі выехаць на сваё поле, якое мне адвялі па Ленінаваму Дзякрэту...» І другія выступілі не горш.

— Сямён Захаравіч, ты лепей раскажы, як халопеніцкі поп запрашаў нас учора на вячэру к сабе,— прапанаваў Маласай.

— Ат,— махнуў рукой Сямён.— Нічога цікавага.

Але ўсім, у тым ліку і Нялюбаву, было цікава паслухаць, і яны пачалі прасіць Маласая:

— Раскажы сам, Барыс!

— Раскажы!

— Толькі не надта мані!

Пакуль Маласай абмалёўваў твар і постаць папа, занепакоенага тым, як бы і ў яго не адрэзалі валоку, пакуль з усімі падрабязнасцямі, наглядна паказваў, як бацюшка спакушаў іх рознымі наліўкамі, настойкамі і закускамі і як яму, Барысу Маласаю, дужа хацелася спакусіцца, а Сямён даў драла,— словам, пакуль Барыс пацяшаў сваіх таварышаў, старасвецкі гадзіннік у шафе, пад Маласаевым армяком, празваніў меладычна дванаццаць разоў. Пара была паследваць прыкладу Ката, які смачна хроп на сваім ложку.

Дымкавец хацеў пагасіць ужо лямпу, калі адчыніліся дзверы і на парозе, увесь аб’інелы, з'явіўся Варатніцкі — самы малады член выканкома. Стройны, чарнабровы, з чырвонымі ад марозу шчокамі, ён зараз, як і пры першай сустрэчы на з’ездзе валасных зямельных камітэтаў, напомніў Сямёну адну дзяўчыну, падарунак якой — вышываную хусцінку — хаваў у нагрудным кішэньчыку. У руках у Варатніцкага быў жмут газет.

— Паштовым прыехаў? — спытаў Нялюбаў, спускаючы ногі з ложка.

— Ага. Во — у экспедытара, як выгружалі на вакзале пошту, выпрасіў — свежыя, сягонняшнія.— Варатніцкі шпурнуў на стол газеты і ўжо затым пачаў расшпільваць пачырванелымі пальцамі гузікі ў сваім чорным кажушку з белай аблямоўкай.

Нялюбаў, Сямён, Маталыга, Курнікаў, як былі ў споднім, так і кінуліся к сталу. У тыя часы газеты былі і вестунамі, і дарадчыкамі. Нялюбаў, разгарнуўшы мінскую «Звязду», усклікнуў трывожна:

— Легіянеры ўзбунтаваліся! Таварыш Хведасевіч, ты ж пісарам быў і чытаеш лепш за нас. На, чытай услых.

— «Да ўсіх грамадзян...» — пачаў, спяшаючыся, Хведасевіч.

У агульным памяшканні ўсталявалася цішыня.

У адозве Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту паведамлялася, што польскі корпус Доўбар-Мусніцкага ўзняў контррэвалюцыйны мяцеж. Заўчора, 12 студзеня, генерал распачаў ваенныя дзеянні супроць Саветаў.

Саўнарком вобласці і фронту запэўніваў, што мяцежная спроба будзе ліквідавана і контррэвалюцыйны генерал і яго памагатыя атрымаюць па заслугах. Адозва заканчвалася заклікам да ўсіх грамадзян захоўваць спакой і рэвалюцыйны парадак.

У павятовым беларускім гарадку не ведалі, што ў Брэсце ўжо другі месяц першыя дыпламаты маладой Савецкай Рэспублікі вядуць перагаворы з нахабнымі нямецкімі генераламі, за плячамі якіх стаяла напагатове шматмільённая армія кайзера, дабіваліся ператварэння перамір’я ў трывалы мір. Не ведалі, як ідуць гэтыя перагаворы, і рабілі сваю справу, цвёрда ўпэўненыя ў тым, што апошнія ворагі Савецкай улады — Каледзін дзесьці на Доне і Дутаў далёка на Урале — не сягоння-заўтра будуць разгромлены і тады настане канец усякім войнам.

З хвіліну члены выканкома, уражаныя навіной, маўчалі і пераглядваліся. Варатніцкі перастаў церці шчокі. Ён узяў з Сямёнавых рук газету і прабег адозву вачамі, як бы не верачы сваім уласным вушам. Невясёлае, цяжкае маўчанне парушыў Маталыга.

Прысеўшы на свой ложак, так што спружынавая сетка ўгнулася амаль да падлогі, ён летуценна і горка прамовіў:

— А так добра ішло ў нас. Керанскага прапёрлі, з немцамі на фронце перамір’е заключылі, за памешчыцкую і княжацкую зямлю ўзяліся.— Яго сінія вочы раптам пацямнелі.— І чаго яму няўрымсціцца, гэтаму Доўбуру Мусціцкаму? Чаго ён хоча?

Яму са злосцю адказаў Сямён:

— А чаго можа хацець генерал, у якога былі свае маёнткі і свае парабкі? Вядома чаго! Яму давай вайну да пераможнага канца. Ён хацеў бы вярнуць адабраную ў яго і другіх паноў зямлю! Хацеў бы ізноў закілзаць селяніна і паганяць, як раней паганяў!

— А хвіндос ім пад нос! — Маласай для выразнасці скруціў з кашчавых пальцаў кукіш і паднёс яго Сямёну, быццам гэта быў сам Доўбар-Мусніцкі.

Нялюбаў і Курнікаў зарагаталі і разбудзілі сваім смехам Мікалая Ката.

— Ізноў Барыс усмаліў нешта? — спытаў ён, спускаючы з ложка босыя ногі і шкрабучы валасатыя, як у мядзведзя, грудзі.

Сямён коратка перадаў яму навіну. Выслухаўшы, Кот выказаў сваю думку:

— А колькі ў таго Доўбара войска — кажаш, тысяч дваццаць пяць? Ну дык яму ўжо недзе адкруцілі галаву нашы салдаты і чырвоная гвардыя.

Маталыга і Хведасевіч аж наморшчыліся ад прыкрасці на такую легкадумнасць: не так проста справіцца з добра ўзброеным корпусам. Але Кот, падахвочаны аптымістычна настроеным Варатніцкім, які ніколі яшчэ не ваяваў, стаяў на сваім — у Бабруйску і паблізу напэўна ж ёсць гарнізоны, у якіх дастаткова сіл, каб расчыхвосціць мяцежнікаў. І з фронту не прыйдзецца здымаць часці.

Марозаў сурова і зацята маўчаў.

— Ізноў палілася людская кроў,— з вялікім смуткам прамовіў ціхмяны Дымкавец і цяжка ўздыхнуў. І міжвольна ўздыхнулі другія, каму давялося пабыць на вайне, і ўспомнілі баі, у якіх прымалі удзел.

— Хто ведае, што там зараз робіцца,— сказаў Нялюбаў, задуменна гледзячы на лямпу. Ён не любіў гаварыць наўздагад.— Лямпа пачынае хліпаць — даходзіць. Давайце, таварышы, будзем лажыцца. Хоць гадзін з пяток паспім, пакуль ціха ў нашым павеце.

Але паспаць ім у тую ноч удалося не больш дзвюх гадзін. А Сямёну Хведасевічу і таго менш.

* * *

Нягледзячы на зморанасць, ён доўга варочаўся на сенніку: у яго пачало ныць у жываце. Ён успомніў, што і заўчора так ныла, і раней — з таго часу, як у сталоўцы сталі даваць на сняданне, на абед і на вячэру прасяны суп з таранамі і чай з патакай.

Каб заглушыць боль, ён лажыўся то ніцам, то на спіну, то на адзін, то на другі бок — не памагала. Тады ён працягнуў руку к суседняму, братаваму ложку, узяў адтуль падушачку і паклаў сабе пад жывот — стала нібы трошкі лягчэй.

Сцішыўшыся, ён і не заўважыў, як заснуў.

Снілася яму, быццам ён разам з хлапчукамі-равеснікамі пасе ў лазняку коней. Дужа хочацца есці — вараная ў мундзірах бульба, якую бралі з сабою з дому, даўно з’едзена. А непадалёку, за кустамі, хвалюецца пад ліпеньскім ветрам жыта. Яно ўжо налілося і пачало палавець. Разам з таварышамі ён заходзіць у жыта і выбірае спялейшыя каласы, такія, што звесілі ўніз свае прамыя вусы. Звязаўшы іх у пукі, усе паселі каля цяпельца і сталі пражыць жыта ў полымі. Запахла так, нібы толькі што вынялі з печы і аблілі вадой свежы хлеб. Нацёршы з каласоў зярнят у шапку і правеяўшы іх на далонях, ён услед за таварышамі спяшаецца наесціся маладога жыта. А праз некалькі хвілін схапіўся за жывот і паваліўся з крыкам на купіну: «Ай-яй-яй! Айяй-яй!» Ён крычаў, і качаўся, і чуў уласны голас.

— Сёмка, уставай! Сёмка, уставай! — тармасіў яго за плячо Ігнась. У руцэ Ігнась трымаў запаленую стэарынавую свечку.— Тэлеграма тэрміновая!

Сямён прачнуўся і намацаў пад жыватом не купіну, а падушачку.

«Каб іх чорт узяў, гэтыя тухлыя тараны і патаку!»— падумаў ён, паціраючы жывот рукою. З суседніх ложкаў, прачнуўшыся, на яго моўчкі глядзелі Нялюбаў і Маталыга. Брат падаваў яму паперку.

— Што такое? — не разумеў Сямён.

— Тэлеграма! Тэрміновая,— растлумачыў Ігнась.— Толькі што са станцыі перадалі.— І спачувальна спытаў: — Ты чаго моршчышся? Жывот ізноў схапіла?

Не адказваючы на братава пытанне, Сямён узяў у яго лісток і, наблізіўшы да сябе свечку, прабег вачамі:

«Барысаў. Павятоваму выканаўчаму камітэту Саўдэпа. Затрымайце і раззбройце два эшалоны польскіх легіянераў, якія сілай зброі прарваліся праз Оршу і рухаюцца на Мінск.

Ваенны камендант станцыі Орша Гарбачоў».

Быццам балейку халадзёнкі вылілі раптам Сямёну на галаву. Рэшткі сну як рукой зняло. Ён ачухаўся канчаткова і прачытаў тэлеграму ўслых. І як толькі дачытаў, Нялюбаў першы скінуў з сябе коўдру і працягнуў руку да адзежы, што вісела на спінцы ложка. І тады Сямён успомніў, што ён з’яўляецца не толькі загадчыкам земаддзела, але і намеснікам старшыні выканкома, і зразумеў, што яму трэба рабіць.

— Пад’ём, таварышы! — крыкнуў зычна, так, нібыта ён быў днявальным у казарме. А брату загадаў бегчы назад, у канцылярыю, і пазваніць Бурмістраву на кватэру.

Хвілін праз пяць усе былі ў выканкоме. Хмурыя і негаваркія пасля перарванага сну, абступілі і абселі чыгунную печку, якую ўсю ноч, каб не замерзнуць, паліў дзяжурны, і сталі закурваць. Нават Дымкавец, які на фронце аддаваў сваю махорку таварышам, папрасіў у Нялюбава шматок газеціны і дроб табакі і пачаў скручваць нязграбную папяросу.

Гледзячы на яго, закурыў і Сямён, хоць ужо дзён дзесяць адвучваў сябе ад гэтай звычкі і, каб не спакушацца, уцякаў адтуль, дзе пачыналі дыміць. Ён адчуваў, што хвалюецца і, каб супакоіцца, зацягваўся глыбока і дым у лёгкіх стараўся затрымліваць як можна даўжэй.

Чакалі Бурмістрава і маўчалі.

— Няўжо, мальцы, прыйдзецца ўзяцца за вінтоўку? — не вытрымаў маўчання Кот. У яго асіплым голасе гучала незахаваная трывога. Яму ніхто не адказаў. Заўсёды рухавы і гаваркі Нялюбаў сядзеў на кукішках перад печкай, неадрыўна глядзеў у паддувала на залацісты прысак і пасмоктваў улюбёную казіную ножку.

— Мусіць, прыйдзецца,— азваўся Маталыга.

І Нялюбаў павярнуў галаву, каб сказаць нешта. Але ў гэты момант пачуліся крокі на ганку. Рыпнулі адны дзверы, затым другія — і, цяжка дыхаючы, імкліва ўвайшоў Бурмістраў. За ім у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра.

Заўсёды бледны Бурмістраў расчырванеўся ад хады і марозу. У яго, пакуль ён ішоў з кватэры, на вейках і бровах з’явіўся срэбны іней.

— Добры дзень, таварышы! — сказаў ён, хоць да дня было яшчэ далёка.— Дзе тэлеграма?

Сямён Хведасевіч падаў яму лісток і ўчарашнюю «Звязду». Бурмістраў, не прысаджваючыся, прачытаў спачатку тэлеграму, потым адозву ў газеце, затым ізноў утаропіўся ў тэлеграму. Усе сачылі за выразам яго прадаўгаватага хударлявага твару. Але і ценю збянтэжанасці не заўважылі па ім. Твар Бурмістрава, як заўсёды, заставаўся спакойны; поўныя, рэзка акрэсленыя вусны былі мужна сціснуты, і ў адных гэта выклікала гордасць за свайго важака, у другіх — жаданне ні ў чым ад яго не адстаць, трымаць сябе ў руках у час небяспекі.

Бурмістраў пачасаў сабе пальцам міжброўе і стрымана сказаў:

— З тэлеграмы не зусім ясна: аршанцы вымусілі гэтыя эшалоны павярнуць на Мінск ці легіянеры па загаду генерала Доўбар-Мусніцкага зламалі супраціўленне аршанцаў і пруць на Мінск, каб нанесці яму ўдар у спіну? Як бы там ні было, наша задача ясная — не даць легіянерам прарвацца на Мінск, не даць злучыцца з мяцежным корпусам. Мы павінны любой цаной затрымаць іх тут і абяззброіць — выканаць наш доўг перад рэвалюцыяй.

Газетнае паведамленне ўчора ўвечары ўстрывожыла жыхароў былога кандрыянаўскага флігеля. І ўсё ж асобныя члены выканкома, кладучыся спаць, яшчэ цешылі сябе надзеяй на тое, што ліхая чорная хмара, можа, пройдзе міма, бокам, і не зачэпіць іхні павет. Нечаканая тэлеграма з Оршы ўшчэнт развеяла гэтыя спадзяванні і прымусіла ўсіх падхапіцца сярод ночы. Але толькі зараз, калі Бурмістраў па-ваеннаму дакладна сфармуляваў задачу Саўдэпа, выканкомаўцы да канца ўсвядомілі сур’ёзнасць становішча, да канца зразумелі, якая вялікая адказнасць ускладаецца на іх саміх. Іхнія суровыя твары пасуровелі яшчэ больш.

— Можа, выклікаць з кватэр Адамовіча і другіх членаў выканкома? — спытаў Сямён Хведасевіч.

Бурмістраў адхінуў рукаў шыняля, зірнуў на свой наручны гадзіннік.

— Без чвэрці чатыры. Пакуль будзем бегаць ды склікаць усіх, пройдзе не менш гадзіны. А справа такая, што трэба прымаць неадкладныя меры. Колькі тут нас? — Ён пералічыў прысутных: — Адзінаццаць! Я думаю, мы не пабаімся ўзяць на сябе адказнасць за свае дзеянні ў абарону рэвалюцыі. Якія ў каго меркаванні? Толькі давайце карацей.

Першым узяў слова Сямён Хведасевіч. Ён прапанаваў прывесці ў баявую гатоўнасць два батальёны — па адным ад кожнага палка, што стаялі ў казармах; вывесці батальёны з усімі, колькі іх ёсць у абодвух палках, кулямётамі на станцыю і, як толькі туды прыбудуць легіянеры, атакаваць іх знянацку і прымусіць здацца. Гэту прапанову падтрымалі Нялюбаў, Варатніцкі, Маласай, Маталыга, Марозаў.

Падтрымаў яе і Бурмістраў. Але, як чалавек асцярожны і больш вопытны ў ваеннай справе, унёс істотную папраўку. Ён заявіў, што кулямёты трэба ўстанавіць не на станцыі, а на подступах да яе — на высокім правым беразе Бярэзіны, абапал чыгуначнага моста. Маючы ў сваіх руках такую выгадную пазіцыю, растлумачыў ён, мы прымусім легіянераў спыніцца перад мостам і прадыктуем ім нашы ўмовы. А мост на ўсякі выпадак трэба нам замініраваць.

— Правільна! — ухваліў Нялюбаў.— Так будзе лепш.

Згадзіўся з гэтай папраўкай і Сямён Хведасевіч. Высоўваючы план акружэння польскіх эшалонаў на станцыі, ён у душы лічыў яго адзіна правільным і трошкі ганарыўся сабою, сваёй рашучасцю. Цяпер ён павінен быў прызнацца, што з папраўкай Бурмістрава яго смелы план робіцца яшчэ лепшым, больш дасканалым.

Бурмістраў абвёў позіркам усіх сваіх паплечнікаў, якія стаялі перад ім паўкругам.

— Другіх прапаноў няма, таварышы?

— Няма! —за ўсіх адказаў Маталыга.

Тады Бурмістраў упэўненым крокам падышоў к тэлефону і, злучыўшыся з казармамі, папрасіў дзяжурнага па штабе разбудзіць начальніка гарнізона Кулікоўскага.

Да снежня начальнікам гарнізона быў піхцераваты камандзір 121-га запаснога палка. Але як толькі было падпісана перамір’е з немцамі і пачалася афіцыяльная дэмабілізацыя старэйшых узростаў, стары палкоўнік, напалоханы і збіты з панталыку падзеямі, першы запрасіўся ў адстаўку. Яго просьбу задаволілі, і салдаты-запаснікі на агульным сходзе абралі камандзірам свайго палка аднаго з тых афіцэраў, якія яшчэ да Кастрычніка памагалі бальшавіку прапаршчыку Бурмістраву прасвятляць салдацкія галовы. А на пасаду начальніка гарнізона штаб арміі, са згоды армейскага камітэта, прызначыў камандзіра 47-га Сібірскага палка Кулікоўскага.

Гэты полк з’явіўся ў гарадку на Бярэзіне якраз напярэдадні кастрычніцкіх падзей. Прыбыў ён сюды з-пад Баранавіч, дзе ўсё лета і восень стаяў у невялікім мястэчку і лічыўся ў рэзерве камандуючага фронтам. Такі гонар і ласка яму былі аказаны за актыўны ўдзел у раззбраенні адной часці, якая ўзбунтавалася ў чэрвені і адмовілася ісці ў наступленне, задуманае Часовым урадам. Генералы-карнілаўцы ўскладалі на яго свае надзеі. Рыхтуючы ў глыбокай тайне новую змову супраць рэвалюцыі, новую карнілаўшчыну, яны спешна перавялі полк у Барысаў, каб паралізаваць магчымыя выступленні абальшавічанага 121-га запаснога палка, які мог перашкодзіць перакідцы казацкіх і другіх контррэвалюцыйных часцей з фронту ў чырвоны Петраград. Пра гэту сапраўдную мэту пераводу сібіракоў ведалі толькі камандзір палка Уладыслаў Кулікоўскі ды старшыня палкавога Савета яры эсэр Трубін, які называў сябе старацелем-здабытчыкам, а ў сапраўднасці быў сынам алданскага золатапрамыслоўца. У афіцыйных жа паперах было сказана, што полк адпраўляецца ў Барысаў для папаўнення і адпачынку. Так тлумачылі і сваім салдатам і афіцэрам. Так гаварылі ўсім, прыбыўшы на новае месца, і адразу ж сталі пасылаць на станцыю свае патрульныя атрады. Гэта насцярожыла Савет і бальшавіцкую ячэйку 121-га запаснога палка, які стаяў тут з лета.

Але праз дзень, калі прыйшла вестка аб пачатку ў Петраградзе і ў Мінску новай, сацыялістычнай рэвалюцыі, супроць якой адкрыта выступіў Трубін, запаснікі ўстанавілі на станцыі сваё патруляванне. І хоць палкоўнік Кулікоўскі не выказваў сваіх пазіцый, адмоўчваўся, яны лічылі і яго і эсэра Трубіна ягадамі аднаго поля.

Так цягнулася аж да таго памятнага ўсім мітынгу, на якім чыталіся прывезеныя Нялюбавым Дэкрэты. Калі самі сібіракі скінулі з трыбуны свайго старшыню і адзін з іх, каржакаваты, з круглявай чорнай барадой кулямётчык Верных, пачаў горача хваліць Дэкрэты і патрабаваў «ператрэсці палкавы Савет» і ўстанавіць кантроль над станцыяй сумесна з запаснікамі, Кулікоўскі папрасіў слова. Ён даволі спрытна ўзбег па прыступках і, стаўшы побач з Бурмістравым, заявіў, што заўсёды быў з салдатамі. І раз яго салдаты вітаюць новую рэвалюцыю, ён, іхні камандзір, таксама яе вітае.

У той жа дзень сібіракі пераабралі свой палкавы Савет і ў яго склад акрамя Нялюбава, Верных увялі і Кулікоўскага. Гэта акалічнасць мела рашаючае значэнне, калі на пасаду начальніка гарнізона спатрэбілася высунуць новага чалавека.

Усе прысутныя выканкомаўцы разумелі, як многа зараз можа зрабіць гэты новы начальнік для таго, каб да чыгуначнага моста быў неадкладна пасланы з кулямётамі надзейны заслон. У тым, што Кулікоўскі ўсвядоміць небяспеку, якая насоўваецца з польскімі эшалонамі, і згодзіцца з планам выканкома, ніхто з іх не сумняваўся.

Ад яго зараз чакалі другога — хуткасці, аператыўнасці, распарадчасці. І таму ўсе моўчкі глядзелі на Бурмістрава, хоць добра ведалі, як цяжка бывае прачытаць што-небудзь на заўсёды спакойным твары былога прапаршчыка.

Сямён Хведасевіч сачыў за Бурмістравым і думаў: «Добра, што ў нас такія галовы ёсць. Такі камандзір і найлепшую пазіцыю здолее выбраць, і ў цяжкую хвіліну не разгубіцца — падасць патрэбную каманду, не падвядзе людзей пад абух».

І яшчэ ён думаў пра тое, што асабіста яму пашчасціла больш, чым каму. Сын мужыка, які славіўся на ўсю акругу сваёй галечай ды ўмельствам рабіць начоўкі і бёрды, ён стаў актыўным удзельнікам вялікай перабудовы свету. Стаў паплечнікам такіх адданых рэвалюцыі людзей, як Бурмістраў, Нялюбаў...

Між тым Бурмістраў пасля доўгага маўчання загаварыў у трубку:

— Таварыш Кулікоўскі? Гэта я, старшыня выканкома павятовага Савета. Так, я загадаў дзяжурнаму разбудзіць вас. Вельмі сур’ёзная справа. Вы чыталі «Звязду» за чатырнаццатае? Ага, за ўчарашні дзень? Не? Дык слухайце.

І Бурмістраў, выразна вымаўляючы кожнае слова, прачытаў спярша адозву Саўнаркома Заходняй вобласці і фронту, затым тэлеграму з Оршы.

— Толькі што выканком на сваім экстраным пасяджэнні прыняў рашэнне — зараз жа вывесці па адным батальёне ад кожнага палка на пазіцыю к чыгуначнаму мосту, а мост замініраваць...— Раптам бровы Бурмістрава ссунуліся, твар выцягнуўся.— Як? Што? Не падначальваецеся павятоваму выканкому?

Маталыга, Нялюбаў, Варатніцкі і Сямён Хведасевіч, пачуўшы нядобрае, інстынктыўна хіснуліся к Бурмістраву. А ён патрымаў яшчэ з хвіліну трубку ля вуха і, нічога не сказаўшы, павесіў яе.

Усе запытальна глядзелі яму ў вочы, моўчкі чакалі яго слоў.

— Начальнік гарнізона адмовіўся выканаць наша распараджэнне,— адказаў ён на іхняе нямое пытанне.

Ён сам ды яшчэ Марозаў, Сямён Хведасевіч, Курнікаў і Нялюбаў, якому Бурмістраў сёе-тое расказаў раней пра Кулікоўскага, міжвольна звязалі гэта свавольства начальніка гарнізона з яго дзіўнымі паводзінамі ў першыя дні пасля прыбыцця ў гарадок Сібірскага палка. Для другіх жа гэта было поўнай нечаканасцю.

— Як так адмовіўся? — не разумеў Маталыга.— Ён жа член палкавога Савета?

— Хто мог падумаць,— пашкадаваў Кот.— Такі паважаны таварыш і...

— Які ён нам таварыш! — з абурэннем усклікнуў Сямён Хведасевіч.— Ён з таго самага кодла, што і генерал Доўбар-Мусніцкі. Адна хеўра. Нябось, недзе абрадаваўся, калі пачуў пра мяцеж. Дзе ж ён пойдзе на сваіх!

— Што ж будзем рабіць? — Нялюбаў блізка зазірнуў у вочы Бурмістраву.— Адны мы, без помачы гарнізона, без кулямётаў, не справімся, не затрымаем эшалоны.

«Не затрымаем»,— падумаў з горыччу і Сямён Хведасевіч.

Але Бурмістраў не лічыў становішча безнадзейным. Ён сказаў цвёрда:

— Вы ўсе пакуль заставайцеся тут. Пазваніце ў міліцыю, на фабрыкі і заводы, дзе ёсць тэлефон. А я, таварыш Нялюбаў і таварыш Хведасевіч Сямён — мы пойдзем у казармы. Мы павінны падняць гарнізон!

* * *

Тое, што гэтак устрывожыла членаў выканкома, Кулікоўскага напоўніла бурнай радасцю. Знайшлася, аб’явілася нарэшце сіла, якая ўтаймуе ненавісных хлопаў, што выйшлі з паслушэнства! Не ўдалося ўвосень прадухіліць пажар — зараз будзем заліваць крывёю, думаў ён.

Але Кулікоўскі ўмеў валодаць сабой. Размаўляючы па тэлефоне з Бурмістравым у прысутнасці дзяжурнага па штабе і веставога, ён прытворна пазяхаў, нездаволена моршчыўся і злосна дзьмухаў у трубку. Як быццам нічога асаблівага і не пачуў.

І нават свайму адказу — «Гарнізон не падначалены выканкому» — надаў абыякавы тон. Павесіўшы трубку, ён смачна пацягнуўся, паправіў накінуты на плечы, на споднюю шаўковую сарочку, шынель і, не спяшаючыся, пайшоў к дзвярам.

Калі ж вярнуўся да сябе на кватэру, што знаходзілася побач са штабам, у суседнім корпусе, зашчапіўся і стаў ліхаманкава апранацца. У кішэні фрэнча пазапіхваў дакументы, грошы, браўнінг і патроны.

На двары, які асвятляўся рэдкімі ліхтарамі-газніцамі, ён зрабіў выгляд, быццам ідзе ў прыбіральню, што стаяла наводшыбе. Там, за прыбіральняй, ён даўно прыкмеціў, была дзірка, праз якую лазілі зухаватыя салдаты, каб спаткацца са сваімі каханкамі, якіх яны паспелі завесці ў гэтым горадзе.

Рассунуўшы дошкі, ён нырнуў у дзірку і апынуўся ў цёмным завулку. Зірнуў туды-сюды — нідзе ні душы. У вокнах — ні аганька, ні пробліска. Угары — ні месяца, ні зорак, адна суцэльная чарната ад небасхілу да небасхілу. Каб не снег, што няясна бялеў пад нагамі, нічога б нельга было разабраць.

Кулікоўскі падумаў, што сама ноч спрыяе яму, і шпарка пакрочыў у напрамку да вакзала. Ён адразу, як толькі пачуў пра мяцеж, вырашыў — непрыкметна сесці на першы поезд, што пойдзе на Мінск, і ўжо з Мінска прабірацца к Бабруйску, дзе знаходзіўся штаб польскага корпуса.

Ён зрабіў адзін паварот, другі. І толькі хацеў звярнуць на Вакзальную вуліцу, як пачуў наперадзе рыпенне снегу і галасы. Ён схаваўся за вугал дома, прыліп да сцяны і затаіў дух.

Як ні цёмна было, ён, высунуўшы з-за вугла галаву, убачыў трох чалавек. Яны ішлі поруч, плячо к плячу, і так блізка ад яго, што ён чуў іхняе дыханне.

— Вароны мы, вароны загуменныя! — лаяў самога сябе і сваіх таварышаў адзін з трох, з шумам уцягваючы носам марознае паветра.— З такога свалачугі вачэй не трэба было зводзіць, а мы яшчэ згадзіліся з яго прызначэннем на пасаду начальніка гарнізона. Як павятовы камісар, я мог бы заявіць пратэст...

— Арыштаваць, гада, як прыйдзем! — гарачыўся другі.

— Арыштаваць і судзіць рэвалюцыйным судом! — падхапіў першы.

Па галасах Кулікоўскі пазнаў абодвух — ён добра запомніў іх яшчэ з таго мітынгу, з якога ўсё перавярнулася і ў гарадку і ў яго палку і на якім ён сам выступіў з прызнаннем Савецкай улады.

Ён слухаў тады іх, сваіх ворагаў, і перад яго вачамі ўставаў атулены векавымі ліпамі бацькаў фальварак пад Якшыцамі. Уставалі абшары бацькавых палёў і лугоў, што распасцерліся непадалёку ад ціхаплыннай у тых мясцінах Бярэзіны. Яму ўяўлялася, як да гэтых абшараў цягнуцца закарэлыя рукі парабкаў, і ён ледзь стрымліваў сябе, каб не закрычаць на ўвесь пляц: «А вы яе давалі, гэту зямлю, каб забіраць?! Яна дасталася майму бацьку — патомнаму двараніну — ад дзеда, а дзед зарабіў яе сваёй крывёю! Сам гасудар Аляксандр ІІ дараваў яе дзеду за ўціхаміранне бунту ў 1863 годзе. Адабраў у бунтаўшчыка-шляхціца і дараваў вернаму слузе трона!»

Ён ускладаў тады вялікія надзеі на выступленне Трубіна — свайго вернага збраяносца і памагатага, за якім раней паслухмяна ішлі ўсе салдаты палка. Але тое, што здарылася праз некалькі мінут, было проста неверагодным. Ён азіраўся на бакі і назад. Ён думаў, ён быў упэўнены, што салдаты-сібіракі абурацца і адразу кінуцца на дапамогу свайму старшыні, які абтрасаўся ўнізе. Але тыя і не крануліся з месца. Грамавое ж «ура!», якім яны пакрылі заяву барадача Верных аб тым, што сібіракі гатовы ісці за Леніным, нібы працверазіла яго, прымусіла зусім па-новаму зірнуць на сваіх стралкоў. Іх нібыта падмяніў хто за той час, як полк апынуўся ў гэтым праклятым гарадку. Вось да чаго прывяла яго ўласная бестурботнасць! Хіба ж можна было дазваляць сваім салдатам наведваць гарнізонны клуб, дазваляць запаснікам, гэтым заўзятым бальшавіцкім агітатарам, прыходзіць у казармы, дзе размясціўся яго полк!.. Хоць і горка было прымірыцца з фактам, але ён вымушаны быў тады прызнацца самому сабе, што яны з Трубіным засталіся адны — іхніх салдат распрапагандавалі і перацягнулі на свой бок бальшавікі. Няўцям Кулікоўскаму было адно — што галоўнымі прапагандыстамі з’яўляліся Дэкрэты аб міры і аб зямлі, а не запаснікі. Затое вельмі добра ў той момант разумеў другое: скажы ён слова ўпоперак — і сібіракі зробяць з ім зараз тое самае, што зрабілі з Трубіным.

Ён зарыентаваўся тады імгненна і так жа імгненна перабудаваўся — пачаў сам крычаць «ура!». Гледзячы на яго, закрычалі і падначаленыя яму афіцэры, прывучаныя ва ўсім следаваць прыкладу вышэйшага начальства. А затым папрасіў слова. Ён думаў, што яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ спадзяваўся пазмагацца і хацеў любым спосабам утрымаць у сваіх руках былую ўладу над дзвюма тысячамі людзей, якія адыходзілі ад яго.

І пасля не каяўся, што выступіў няшчыра, пакрывіў душой. Яму тады паверылі і ўвялі ў новы Савет. А ў снежні, калі выйшаў Дэкрэт аб выбарнасці камандзіраў, сібіракі скінулі ўсіх сваіх ротных і батальённых — замянілі іх салдатамі і унтэр-афіцэрамі, а яго пакінулі на месцы. Тады ж, у снежні, ён атрымаў яшчэ большую ўладу — яго прызначылі начальнікам гарнізона. Словам, ішоў угору, і цярпліва чакаў, калі паблізу аб’явіцца які-небудзь атаман накшталт Каледзіна ці Дутава. Чакаў свайго часу. І вось дачакаўся, радаваўся ён...

Трэці, вышэйшы за тых, што пагражалі яму, Кулікоўскаму, арыштам і рэвалюцыйным судом, голасу не падаваў, ішоў моўчкі. Але Кулікоўскі і так ведаў, хто гэты трэці. «Адшчапенец,— падумаў ён пра былога прапаршчыка з нянавісцю.— Ідзе са сваімі крыкунамі ў казармы шукаць падтрымкі». Ён назваў адшчапенцам Бурмістрава, каб у нейкай меры прыкрыць уласнае адшчапенства. Як ні выкручваўся, ён павінен быў у душы прызнаць, што пакідае свой гарнізон у самы крытычны момант... «А што рабіць? — апраўдваўся ён перад самім сабою.— Паспрабаваць схіліць яго на бок паўстаўшага польскага корпуса? Паспрабуй заікніся, дык салдаты 121-га запаснога на штыкі падымуць, як матросы генерала Духоніна ў Магілёве. У іхнім палку ўсе бальшавізмам дыхаюць».

«А вось мой Сібірскі полк, можа, і пайшоў бы за мной»,— падумаў ён. Чаму б не пайсці? Хіба ж сібіракі не любяць яго? Каб не любілі, дык не абралі б у новы Савет і не пакінулі б камандзірам палка. Такі зрабіў ён вывад. Яму аж горача стала ад гэтай думкі, што прыйшла нечакана ў галаву.

Узрушаны і расчулены, Кулікоўскі назіркам пайшоў услед за Бурмістравым, Нялюбавым і Хведасевічам. Ён ішоў цішком, распальваючы сябе надзеяй — а што як сібіракі, дазнаўшыся, для чаго іх хоча выкарыстаць выканком, узбунтуюцца? Хто цяпер, калі поўным ходам ідзе дэмабілізацыя, захоча ваяваць? Хто згодзіцца пайсці з вінтоўкай ці з кулямётам на пазіцыю, хоць бы і к чыгуначнаму мосту, калі кожны дзень з захаду, з боку фронту, цераз гарадок на ўсход цягнуцца эшалоны, перапоўненыя тымі, каго дэмабілізавалі, і тымі, хто сам сябе дэмабілізаваў, самавольна пакінуўшы пазіцыі? Такіх самавольшчыкаў нямала і ў гарнізоне, падначаленым яму, Кулікоўскаму. Праўда, не ў запасным, а ў яго Сібірскім палку. Толькі нядаўна, пад каляды, разам з дэмабілізаванымі з палка знік Трубін і з ім яшчэ звыш паўсотні стралкоў.

Знікаюць і ў апошнія дні — па два, па пяць чалавек.

Кулікоўскі ўжо шкадаваў, што неабдумана паспяшаўся. Бурмістраву патрэбна было адказаць, што загад Саўдэпа будзе выкананы, і затым пачаць «выконваць» яго так, каб салдаты ўзбунтаваліся. У тым, што сібіракі не захочуць добраахвотна выходзіць насустрач мяцежным польскім эшалонам, ён быў упэўнены. Абавязкова ўзбунтуюцца, і тады... Тады ён, Кулікоўскі, будзе ведаць, што рабіць. Ён дапаможа той польскай часці, што набліжаецца ў эшалонах, авалодаць Барысавам і павядзе свой полк на злучэнне з корпусам Доўбар-Мусніцкага...

Ля варот, што вялі ў казармы, цьмяна гарэў пахілены ліхтар, пад якім таптаўся, каб не замерзнуць, вартавы з вінтоўкай. Кулікоўскі бачыў зводаллеку, як выканкомаўцы сказалі нешта вартавому і той прапусціў іх у вароты.

Кулікоўскі спыніўся ў нерашучасці. Яму і ў казармы хацелася, хацелася ўступіць у адкрыты бой за гарнізон ці хаця б за свой полк, і было боязна: а як арыштуюць? Не, падумаў ён, зараз небяспечна з’яўляцца там. Лепш ён пачакае тут і паглядзіць з-за агарожы, як павернецца справа, як салдаты будуць рэагаваць на пастанову павятовага выканкома.

Азірнуўшыся і пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, ён шмыгнуў, як цямняк, у закавулак і пасунуўся ўздоўж высокай агарожы, якой былі абнесены казармы.

* * *

Бурмістраў яшчэ спадзяваўся ўздзейнічаць на Кулікоўскага і таму ўгаварыў Нялюбава і Хведасевіча зайсці спачатку ў штаб гарнізона.

Там дзяжурыў прадстаўнік запаснога палка — начальнік кулямётнай каманды Мікулаў. На лаўцы ў кутку спаў, скурчыўшыся, веставы.

Белабрысы разанец Еўсцігней Мікулаў належаў да самых маладых салдат і членаў бальшавіцкай ячэйкі запаснога палка (у армію яго прызвалі незадоўга да Лютаўскай рэвалюцыі, у партыю прынялі за два месяцы да Кастрычніка, за яго ручаўся сам Бурмістраў — сакратар палкавой ячэйкі). У кастрычніцкія дні, нягледзячы на сваю маладосць, Мікулаў узначальваў дэлегацыю свайго палкавога Савета, якая вяла перагаворы з Саветам рабочых дэпутатаў аб аб’яднанні. Па сутнасці гэта была барацьба за беспартыйную масу, якая складала большасць у Савеце рабочых дэпутатаў. Малады кулямётчык даў бой і меншавікам, і бундаўцам, і сіяністам, якія верхаводзілі да таго ў рабочым Савеце, разбіў іх па ўсіх пунктах. Беспартыйныя рабочыя дэпутаты ўсе як адзін пайшлі за бальшавіцкай фракцыяй, падтрымалі рашэнні Другога з’езда Саветаў.

Тры тыдні назад, калі старога начальніка кулямётнай каманды дэмабілізавалі, Мікулава абралі на яго месца. Высокая пасада не змяніла хлопца. Нічога камандзірскага за гэтыя тры тыдні не з’явілася ні ў яго позірку, ні ў голасе, ні ў жэстах.

Ён абрадавана сустрэў усіх трох, моцна паціснуў ім рукі. Адданымі вачамі глядзеў на Бурмістрава — былога свайго ротнага.

— Таварыш Мікулаў,— сказаў Бурмістраў,— ты, напэўна, чуў, што адказаў мне па тэлефоне Кулікоўскі. Ён адмаўляецца падпарадкавацца выканкому павятовага Савета. Калі ласка, пашлі веставога — хай пакліча начальніка гарнізона. Толькі хутчэй.

— Я сам яго дастаўлю! — паабяцаў жвавы дзяжурны і ў момант выскачыў за дзверы.

«Мы цябе возьмем зараз у работу, залатапагоннік!» —думаў Нялюбаў.

«Мы цябе навучым паважаць Савецкую ўладу і яе пастановы!» — гарачыўся Хведасевіч.

Бурмістраў таксама рыхтаваўся к размове з Кулікоўскім — падбіраў найбольш пераканаўчыя словы. Калі не памогуць угаворы, прыйдзецца звярнуцца непасрэдна к салдатам, разважаў ён.

У сваім 121-м запасным палку ён не сумняваўся. А вось як падняць на выкананне баявога задання сібіракоў, іхнюю кулямётную каманду? За кім яны пойдуць — за сваім свавольным камандзірам ці за выканкомам?

Задыханы ўбег Мікулаў і выпаліў з парога:

— Таварыш Бурмістраў! Няма Кулікоўскага! Днявальны расказаў, што як вярнуўся ён са штаба, дык неўзабаве пайшоў у прыбіральню. Мы праверылі і нідзе не знайшлі.

— Уцёк, гад! — выдыхнуў Нялюбаў і, ускочыўшы з крэсла, ударыў з прыкрасці кулаком па ўласным кулаку.

— Збег, нягоднік! Але мы яго зараз адшукаем! Ён далёка не мог адысціся.— І Сямён памкнуўся к дзвярам.

— Стой, Хведасевіч! — стрымаў яго Бурмістраў.— Не гэта зараз важна.— І павярнуўся к дзяжурнаму па штабе: — Таварыш Мікулаў, ты, можа, яшчэ не зусім у курсе, дык ведай...— і коратка расказаў яму пра апошнія падзеі, пра пастанову павятовага выканкома.— Нельга марудзіць. Давай, таварыш Мікулаў, сігнал баявой трывогі, падымай народ — хай збіраюцца ўсе на пляцу.

Хвілін праз дзесяць ён стаяў на трыбуне, ля якой хваляваўся больш як двухтысячны натоўп. Салдаты пазіралі на яго і ціха перагаворваліся, не разумелі, чаму так рана ўспаролі іх. Твары іхнія, асветленыя цьмянымі ліхтарамі, былі панурыя, нездаволеныя.

— Таварышы салдаты і камандзіры! — як заўсёды, з пачуццём усклікнуў Бурмістраў, і гоман вакол трыбуны стаў заціхаць.— Услед за здраднікамі Карнілавым, Каледзіным і Дутавым, па іхняму прыкладу, у стан контррэвалюцыі адкрыта перайшоў слуга і апрычнік Мікалая ІІ царскі жандар Доўбар-Мусніцкі.

Цішыня ўсталявалася на ўсім пляцу. Кожны салдат слухаў і думаў: а якое дачыненне асабіста да яго мае гэты пераход невядомага дасюль генерала ў стан контррэвалюцыі?

Бурмістраў панізіў голас і палічыў неабходным расказаць салдатам тое, што ён знаў пра польскі корпус з газетных аб’яў і адозваў, што чуў у час сваіх наездаў у Мінск. Ён напомніў, што корпус Доўбар-Мусніцкага пачаў фарміраваць у інтарэсах рускай контррэвалюцыі і польскай шляхты і буржуазіі Часовы ўрад у ліпені мінулага, семнаццатага года. Што ў корпус хлынулі афіцэры-палякі, а таксама сынкі польскіх панкоў, якія служылі ў рускай арміі ці трапілі ў рускі палон. Калі аб гэтым дачуліся памешчыкі Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай і другіх губерань, яны засыпалі штаб корпуса просьбамі размясціць польскія часці ў іхніх маёнтках. Абяцалі ўволю карміць і паіць легіянераў — хай толькі бароняць іх ад мужыкоў-бунтаўшчыкоў.

Ён заявіў, што без дапамогі польскага ўланскага палка, які падначалены генералу Доўбар-Мусніцкаму і які ахоўваў у Быхаве заядлага манархіста Карнілава, апошні не ўцёк бы на Дон да Каледзіна...

Расказаў, што польскі корпус чыніў незаконныя рэквізіцыі ў сялян хлеба, фуражу і жывёлы, разганяў валасныя зямельныя камітэты і перашкаджаў нацыяналізацыі памешчыцкай зямлі...

Генерал Доўбар-Мусніцкі не дазваляў ствараць у часцях свайго корпуса Саветы салдацкіх дэпутатаў, не прызнаваў Дэкрэты Савецкага ўрада аб выбарнасці камандзіраў і скасаванні ў арміі ўсіх чыноў і званняў, адмене пагонаў і ордэнаў, адмаўляўся выконваць загады новага галоўнакамандуючага Заходнім фронтам таварыша Мяснікова...

Калі Бурмістраў зачытаў тэлеграму з Оршы і расказаў аб рашэнні павятовага выканкома, направа ад трыбуны, дзе стоўпіліся амаль адны сібірскія стралкі, пачуліся запальчывыя і злосныя галасы:

— Раней гаварылі адно, а цяпер другое! Гаварылі, што вайне канец, а зараз ваяваць прымушаеце?

— Не жадаем ваяваць!

— Хопіць!

— З германам наваяваліся!

— Старыкоў здымыбілізавалі — пара і нас пушчаць дамоў!

Бурмістраў зірнуў улева. Запаснікі — яго верныя таварышы, паплечнікі, памочнікі, сябры, з якімі ён восенню ўстанаўліваў у горадзе і ў павеце ўладу Саветаў,— сурова маўчалі. Іхнія шэрагі таксама парадзелі за апошні час. На іхніх старых шэрых папахах яшчэ відаць авальныя сляды ад здзёртых нядаўна цэшак, на плячах падношаных шынялёў — цемнаватыя палоскі, што засталіся пасля скінутых пагонаў. Усім сваім выглядам гэтыя людзі паказвалі, што ўсведамляюць небяспеку і гатовы неадкладна выступіць на абарону рэвалюцыі.

Але Бурмістраву, павятоваму выканкому для абароны рэвалюцыі ў гэту мінуту мала было адной адданасці і гатоўнасці ўсяго 121-га палка, у якім налічвалася толькі тры кулямёты. Неабходны былі яшчэ і тыя кулямёты, якія меліся ў сібіракоў.

Ён ізноў павярнуўся да натоўпу, які ўсхвалявана гудзеў направа ад трыбуны.

— Таварышы сібірскія стралкі! Сацыялістычная рэвалюцыя пакончыла з імперыялістычнай вайной і выратавала вас, як і мільёны другіх салдат, ад смерці і калецтва. А зараз самой рэвалюцыі пагражае небяспека з боку слугі капіталу Доўбар-Мусніцкага. Няўжо ж вы, сібірскія стралкі, не выступіце са сваімі кулямётамі ў яе абарону, у абарону сваёй выратавальніцы?!

— Не жадаем! — як завучаныя, паўтараліся крыкі.

— Дамоў хочам!

Сямён Хведасевіч разам з Нялюбавым стаяў ля прыступак трыбуны і разглядаў аднаго з тых, хто асабліва прарэзліва крычаў: «Не жадаем». Гэта быў нізкаваты, як большасць сібірскіх стралкоў, салдацік у вялікай папасе, са змарнелым тварам, зарослым несамавітай барадой, і з вачамі, у якіх адбівалася вялікая зморанасць і туга аб доме, аб сям’і. Відаць, чалавек не адзін год пагараваў у акопах і нацярпеўся. Відаць, вайна ў пячонках у яго сядзела.

«Няўжо вось так, як гэты заморак, настроены і кулямётчыкі?»—з трывогай падумаў Сямён, узіраючыся ў хмурыя твары сібіракоў. І тут ён убачыў знаёмага барадача-кулямётчыка, які два з палавінай месяцы назад сцягваў з трыбуны эсэра Трубіна. Інакенці Верных вырваўся з натоўпу і, штурхнуўшы Сямёна, узбег па скрыпучых прыступках на трыбуну.

— Не жадаеце? — з нейкай зухаватасцю, пагрозай і насмешкай спытаў ён сваіх землякоў.— І чорт з вамі! Каціцеся адсюль! Абыдземся без вас! Як член палкавога Савета і памочнік начальніка кулямётнай каманды, я ад імя сваёй каманды заяўляю: мы гатовы хоць зараз выйсці на пазіцыю. Хай толькі камандзір палка загадае выдаць нам неадкладна патронаў.

І тут ужо не стрымаўся Нялюбаў.

— Ваш камандзір Кулікоўскі змыўся, як толькі пачуў пра мяцеж генерала Мусніцкага! — крыкнуў ён так, каб усе чулі.

— Як змыўся? — не адразу зразумеў ці не паверыў Верных.

— Уцёк,— растлумачыў Сямён Хведасевіч.

— Гэта праўда? — Верных павярнуўся к Бурмістраву.

— Праўда! — заявіў Бурмістраў і ў цішыні, якая зноў запанавала на пляцу, пачаў расказваць пра сваю размову па тэлефоне з Кулікоўскім, пра яго раптоўнае знікненне. Калі ён скончыў, увесь уражаны пляц абурана загудзеў:

— Здраднік!

— Перабежчык!

— К Мусніцкаму пабег!

— А яшчэ прыкідваўся, сволач!

І нават заморак нешта крычаў разам з усімі, і яго тонкі голас зліваўся з гнеўным тысячагалосым гулам абодвух палкоў.

У Сямёна адлягло на сэрцы. Цяпер ён быў упэўнены, што калі спатрэбіцца, увесь гарнізон пойдзе туды, куды пакліча Бурмістраў.

* * *

«Хлопы! — працадзіў праз зубы Кулікоўскі, які ўвесь гэты час стаяў за агарожай, падслухоўваў і падглядваў праз шчыліну за тым, што робіцца на казарменным пляцу.— Хлопы смярдзючыя!»

Яго душыла нянавісць. Нянавісць не толькі да Бурмістрава, які так лёгка перацягнуў на свой бок увесь гарнізон, але і да салдат Сібірскага палка, на якіх ён, іхні камандзір, ускладаў надзею. Так ашукацца другі раз! Дарэмна ён радаваўся, калі да яго слыху даляцелі іхнія крыкі аб нежаданні ваяваць. «Быдла!» —лаяўся ён шэптам. Ён і сябе дакараў за тое, што расчуліўся і хвілін трыццаць туляўся, як злодзей, ля агарожы, мёрз, зусім забыў першы ўрок, які далі яму сібіракі ўвосень.

Ён не стаў чакаць канца мітынгу. Наставіў каўнер шыняля і рашуча накіраваўся на вакзал. Але, параўняўшыся з домам, за вуглом якога ён паўгадзіны назад хаваўся, запаволіў крокі. Ён падумаў аб тым, што зараз яму і блізка к вакзалу нельга падыходзіць. Іменна там яго могуць шукаць, калі ўжо не шукаюць.

І не ў Бабруйск яму трэба спяшацца, а насустрач тым эшалонам, якія рухаюцца з Оршы! Папярэдзіць іх аб падрыхтаваннях у Барысаве. А самае галоўнае — расказаць аб тым, што на станцыі Прыяміна знаходзіцца вялікі склад артылерыйскіх снарадаў, які забяспечвае ўвесь Заходні фронт. Легіянеры могуць не ведаць аб гэтым. А ён ведае! Калі ў тых эшалонах ёсць хоць адна гармата, захоп артылерыйскага склада зробіць іх часць непераможнай, дасць ёй магчымасць вельмі лёгка захапіць Барысаў і Мінск і злучыцца з асноўнымі сіламі корпуса Доўбар-Мусніцкага! Пасля, калі хлопскай уладзе прыйдзе канец, гэта паслуга яму залічыцца, як некалі была залічана дзеду верная служба гасудару імператару Аляксандру ІІ.

Кулікоўскі перасек Вакзальную вуліцу і звярнуў у глухі завулак, што вёў к рацэ. Прыбавіў ходу. Зірнуў на гадзіннік — пакрытыя фосфарам стрэлкі і лічбы на цыферблаце паказвалі без васьмі пяць. Паязды, разважаў ён, ходзяць цяпер марудна, падоўгу стаяць на прыпынках. Пакуль эшалоны прыбудуць з Оршы ў Прыяміна, ён дойдзе туды па шпалах.

Чыгуначны мост, вядома, прыйдзецца абысці: там стаіць вартавы.

А не паспее ў Прыяміна да прыходу туды эшалонаў ці размінецца з імі — будзе прабірацца адтуль у Бабруйск. Нацянькі. Дзе пешшу, а дзе пойме падводу. Месцы там яму знаёмыя: за мястэчкам Беразіно — непадалёку і бацькаў маёнтак, у якім ён рос да паступлення ў юнкерскае вучылішча. Вялікі сад над рэчкай, старасвецкі дом, не такі, вядома, бліскучы і пышны, як двухпавярховы асабняк барысаўскага фабрыканта Саламонава, затое з утульнымі пакоямі, заўсёды светлымі, як яго дзяцінства... Цяпер у тых пакоях, напэўна, пасяліліся парабкі з парабчанкамі і другая шантрапа. Ён вымеце іх адтуль!

Кулікоўскаму не хацелася ўспамінаць саламонаўскі палац. Не таму, што ён горда ўзвышаўся побач са славутымі Батарэямі, як гараджане звалі зарослы сасоннікам узгорак на высокім правым беразе ракі, якраз насупраць старога горада, і заўсёды абуджаў у яго душы калючае пачуццё зайздрасці. (Яшчэ з вучылішча, з гісторыі фартыфікацый, ён ведаў, што на гэтым узгорку перад самай вайной 1812 года па загаду Аляксандра І былі выкапаны равы і акопы, насыпаны валы і падрыхтаваны пляцоўкі для гармат.) Не хацелася таму, што з саламонаўскім асабняком былі звязаны горкія ўспаміны пра першае страшнае паражэнне. Іменна там, у Саламонава, адбываліся да прыезду ў гарадок Нялюбава тыя нарады, у якіх самы актыўны ўдзел прымалі і яны з Трубіным. Збіралі гэтыя нарады мясцовыя керанскія з гарадской і павятовай кіруючай галоўкі і запрашалі на іх толькі такіх асоб, як лесапрамысловец Кандрыян, а таксама бундаўцаў, сіяністаў і другіх гарачых прыхільнікаў скінутага Часовага ўрада. Абмяркоўвалі адно пытанне — як падтрымаць верных Керанскаму юнкераў, што заселі ў маскоўскім Крамлі, і самога Керанскага, які сцягваў к рэвалюцыйнаму Петраграду казацкія часці Краснова і Крымава. Лаялі і клялі бальшавікоў. Прысягалі не дапусціць у сваім павеце «смуты, падобна той, якая пачалася ў сталіцы і ў Мінску». Гаварылі аб неабходнасці стварыць «атрад самаабароны» — у дапамогу Сібірскаму палку, у вернасці якога Часоваму ўраду запэўнівалі і ён, Кулікоўскі, і Трубін. На ўзбраенне і ўтрыманне атрада абавязалі ўсіх уладальнікаў заводаў, фабрык, маёнткаў, параходаў, усіх купцоў унесці не менш як па дзесяць тысяч рублёў. Нават склалі адозву да ўсіх грамадзян павета з заклікам запісвацца ў атрад. Гаспадар друкарні размножыў яе ў тысячах экземпляраў. Не пашкадаваў самай лепшай ружовай паперы, якая ідзе на афішы. Самымі буйнымі літарамі былі набраны словы: «Кожны, хто запішацца ў атрад, палучыць адразу 200 рублёў і штомесяц будзе палучаць па столькі ж». Ад такіх афіш у горадзе паружавелі не толькі вароты і сцены, але і вуліцы... І ўсё гэта пайшло Барбосу пад хвост, калі з’явіўся Нялюбаў! Прывезеныя ім Дэкрэты аб міры і зямлі, надрукаваныя ў той жа друкарні на шэрай абгортачнай паперы і занесеныя агітатарамі Бурмістрава ў самыя глухія вёскі, за некалькі дзён заваявалі ўвесь павет. А на заклік мяшчанскай і земскай упраў, як прызнаваўся пасля гарадскі галава, адгукнуліся вечна п’яны шавец ды прыдуркаваты валацуга. «Трапашкі няшчасныя! — з пагардай і злосцю думаў не раз Кулікоўскі пра тых, хто і яго з Трубіным запрашаў тады ў саламонаўскі асабняк.— Языкамі толькі здольны мянціць».

Ён выйшаў к рацэ паблізу лесапілкі. Бераг тут быў высокі і стромкі. Аднак шукаць зручнейшага месца для спуску не было часу. Ніякіх арыенціраў у цемры ў яго не было. Прама ў твар яму дзьмуў вецер, вецер з процілеглага, левага берага. «Значыць, разлічыў ён, каб выйсці к чыгунцы якраз у тым месцы, дзе яна выгінаецца за вярсту перад мостам, мне трэба ўвесь час падстаўляць ветру левую шчаку».

Чапляючыся за бадылле і галіны лазняку, ён без вагання пачаў спускацца з берага. Ступіўшы ўпоцемку на абледзянелы выступ, ён пакаўзнуўся, сарваўся і паляцеў уніз. Падаючы, падраў штаніну і балюча ўдарыў калена. Ліхаманкава падхапіўся на ногі, стаў абмацваць каленную рэпку. Калі пашкодзіў яе, тады ён не хадок. Тады ўсё прапала. Не, здаецца, цэлая. Ён ступіў раз, потым другі раз — дзякуй богу, можна ісці, хоць і баліць амаль нясцерпна.

І ён пайшоў накульгваючы, падганяемы адным жаданнем — паспець як можна хутчэй у Прыяміна. Ён зрабіў крокаў дваццаць і адчуў, што боль у назе не ўзмацняецца, а як быццам змяншаецца, і вельмі гэтаму абрадаваўся. Радавала яго і тое, што снег, які пакрываў зверху закаваную раку, быў цвёрды, як лёд. І яшчэ тое, што чыгуначнага моста не было відаць у цемры справа,— значыць, і яго адтуль, з моста, ніхто не мог заўважыць на рацэ.

Ён ішоў і нават на адну секунду не забываў пра вецер. Трымаўся такога напрамку, што вецер дзьмуў яму ў твар злева. І скора ён перасек даліну ракі і ўткнуўся носам у насып.

Ён даў сабе адпачынку роўна адну мінуту. У пяць гадзін з чвэрткай ён падняўся на чыгуначны насып і пусціўся па шпалах на ўсход, трымаючыся левай каляі. Чыгунка зрабіла паварот управа, і вецер падзьмуў Кулікоўскаму ў спіну. Ісці стала лягчэй. Каб хаду паскорыць яшчэ больш, ён зняў з сябе шынель і панёс яго ў руках.

* * *

Каля двух батальёнаў добраахвотнікаў да світання занялі пазіцыі на высокім правым беразе ракі. Злева ад чыгуначнага моста, у маладым сасонніку, што цягнуўся аж да лесапілкі, устанавілі свае кулямёты запаснікі з каманды Еўсцігнея Мікулава, справа ад моста —сібіракі. Два кулямёты яны зацягнулі нават на баржу з дрывамі, што стаяла ля берага, умерзлая ў лёд.

— Хай цяпер паткнуцца доўбары-мусніцкія! — сказаў Верных.

На світанні ўдалечыні, у ранішняй імглістай смузе, бліснуў прамень пражэктара. Стралкі заклацалі затворамі. Кулямётчыкі прыпалі к сваім «максімам». Чакалі толькі каманды. І Бурмістраў, які ноччу на мітынгу аб’явіў сябе часовым начальнікам гарнізона, паглядзеўшы ў бінокль, скамандаваў:

— Адставіць! Пасажырскі з Масквы.

Калі зусім развіднела, на другім баку ракі злева з’явіўся, быццам з казкі, увесь аснежаны гарадок, над якім уздымаліся серабрыстыя макаўкі сабора і белая вежа касцёла. З комінаў на вачах вырастаў гонкі — пад самае неба — лес, які рабіўся ўсё больш і больш гусцейшым. На тым беразе, у старым горадзе, відаць, яшчэ нічога не ведалі пра мяцеж.

Ён быў надзвычайна прыгожы зараз, перад усходам сонца, гэты невялікі, на тры чвэрці драўляны гарадок! Гледзячы на яго з узвышша, ад чыгуначнага моста, Сямён Хведасевіч успомніў здымак у кніжцы, якую давала яму чытаць яшчэ да кастрычніцкіх падзей жонка Бурмістрава. На здымку, што займаў усю старонку, была паказана знаёмая барысаўская рыначная плошча: на пярэднім плане — дзядзькі і цёткі ля сваіх вазоў, ззаду — велічны, як гара, сабор.

Успомніў, што гаварылася ў той кніжцы пра ўзнікненне Барысава. Адны гісторыкі, апіраючыся на летапісы, сцвярджалі, быццам у лукавіне Бярэзіны, там, дзе ўпадае Сха, яго пабудаваў між лясоў і даў яму сваё імя полацкі князь Барыс Усяславіч у 1102 годзе.

На думку другіх вучоных, якія таксама спасылаліся на летапісы, горад гэты на ўскраіне Кіеўскага княжаства нібыта заснаваў у 1032 годзе сам Яраслаў Мудры.

«І так і гэтак выходзіць, што нашаму Барысаву ўсё роўна больш за восемсот гадоў,— падлічыў Сямён.— А цікава, які ён быў тады, восем вякоў назад?» Напэўна ж, не большы за Лошніцу, рашыў ён. Бо аж да канца XVIII стагоддзя лічыўся мястэчкам Аршанскага павета. Павятовым горадам ён стаў пры Кацярыне ІІ, калі на беларускіх землях, што адышлі пасля падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі, стваралася Мінскае намесніцтва.

І якія толькі навалы, разважаў далей Сямён, любуючыся казачным лесам над горадам, не перажыў ён! Спачатку яго захапіла дужэйшая Літва, скарыстаўшы міжусобіцу ўдзельных князёў. Затым на працягу некалькіх стагоддзяў ім валодала Польшча. У 1812 годзе тут прабавалі завесці свае парадкі французы: напалеонаўскі маршал Даву, заняўшы Барысаў у канцы чэрвеня, адразу ж стварыў у ім падпрэфектуру, якая праіснавала да зімы і рассыпалася, як толькі да Бярэзіны дабеглі з-пад Масквы самыя спрытныя бегуны з былой непераможнай арміі.

Новага, правабярэжнага, Барысава ў тыя часы не было. Ён узнік зусім нядаўна, менш як пяцьдзесят гадоў назад, калі тут правялі чыгунку з Масквы на Брэст. У яе будаўніцтве, на ўчастку ад Прыяміна да Жодзіна, прымалі ўдзел і Сямёнаў бацька, і матчын сваяк з вёскі Замужані дзядзька Хвядос. Былі яны тады маладыя і рады былі зарабіць капейку: церабілі прасекі цераз лясныя і балотныя нетры, вазілі тачкамі пясок з кар’ераў, часалі склюдамі шпалы, а пасля ўкладвалі іх. Бацьку пацягнула назад, у родную вёску, а дзядзька Хвядос назаўсёды застаўся на чыгунцы. Больш як дзесяць гадоў качагарыў на паравозе. Яшчэ даўжэй ездзіў памочнікам машыніста. А перад вайной з немцамі атрымаў права самастойна вадзіць лакаматывы і дужа ганарыўся гэтым.

Дзядзька Хвядос зрэдку наведваў сваю радню. Ад яго Сямён і чуў пра нараджэнне Нова-Барысава. Спачатку побач з вакзалам, які збудавалі на высокім правым беразе ракі, непадалёку ад чыгуначнага моста, стаяла некалькі станцыйных будынкаў барачнага тыпу. Вакол шумеў густы лес, у якім яшчэ вадзіліся ласі, дзікі, мядзведзі. Але скора за вярсту ад станцыі зазвінелі пілы і сякеры, зашоргалі аб цэглу кельмы — пранырлівыя паны Свіда і Каландзееў узялі ў казны падрад на збудаванне казармаў. І неўзабаве збудавалі цэлы ваенны гарадок. У ім размясціліся два кавалерыйскія палкі. Побач з казармамі выраслі фасоністыя домікі — кватэры для афіцэраў. А непадалёку ад іх пачалі сяліцца шаўцы, краўцы, гандляры, цырульнікі; яны перабіраліся сюды з левага берага Бярэзіны, са старога горада. Утварыўся пасад, як гаварылі тады. Наўкол казармаў і станцыі, як апенькі вакол пнёў, з’явіліся лесапілкі, капыльныя, шкіпінарныя і другія дрэваапрацоўчыя заводы. Была закладзена новая запалкавая фабрыка «Беразіна», нягледзячы на тое, што ў старым горадзе ўжо існавала такая — «Вікторыя» Саламонава. Воддаль ад казармаў сярод пяскоў будавалася гута. Пасад рос і паступова ператвараўся ў новы горад.

Расла і пашыралася чыгуначная станцыя. Ранейшы драўляны вакзальчык зрабіўся цесным, і побач з ім напярэдадні рэвалюцыі 1905 года пачалі будаваць прасторную цагляную хароміну. У мінулым годзе, калі Сямён прыехаў на службу ў свой павятовы горад і зайшоў да дзядзькі ў госці, той прызнаўся: хтосьці з будаўнікоў новага вакзала ўхітрыўся тады засунуць у кішэню яму, Хвядосу, сацыял-дэмакратычную лістоўку. Дома ён прачытаў яе, хацеў паказаць жонцы, але перадумаў. Адправіўшыся ў чарговую паездку на Оршу, ён выкінуў яе непрыкметна для свайго памочніка і качагара на паўдарозе між вёскай Замужані і станцыяй Прыяміна, паблізу ад родных мясцін. А трохі пазней, калі ў старым горадзе і ў Нова-Барысаве пачаліся арышты «падбухторшчыкаў», ён чатыры месяцы, з ведама жонкі, хаваў у сваёй пуньцы важакоў мясцовых бальшавікоў: нейкую далёкую жончыну радню Вярбіцкага — па-цыганску чарнявага гранільшчыка з гуты, якога ўсе звалі «Аркадзем», і яго таварыша Баршая — кудлатага наборшчыка з друкарні. Хаваў датуль, пакуль тыя самі не надумалі з’ехаць з Барысава: у глухую поўнач яны пакінулі сховішча і накіраваліся на вакзал, каб сесці на які-небудзь поезд. На пероне іх пазналі пераапранутыя пад рабочых жандары і тут жа схапілі. Абодвух судзілі і кожнаму далі па 12 гадоў катаргі. Баршай вярнуўся пасля таго як скінулі цара, і неўзабаве стаў кіраўніком бальшавіцкай фракцыі ў Савеце рабочых дэпутатаў. А Вярбіцкі быццам у ваду кануў. Стары машыніст вельмі шкадаваў яго і выказаў думку, што ён ці памёр у Сібіры, ці, можа, загінуў, спрабуючы ўцячы. Шкадаваў і Сямён: каб вярнуўся з Сібіры Вярбіцкі з усімі сваімі таварышамі па дзевяцьсот пятым годзе, дык рабочы Савет у горадзе бальшавіцкім стаў бы не ў кастрычніцкія дні, а зразу, з першага дня.

Сямён адчуваў сябе кроўна звязаным з Барысавам. У гэтых мясцінах здаўна жылі яго продкі — блізкія і далёкія; лёс горада быў і іхнім лёсам. Тут, на ўзбярэжжы Бярэзіны, ён разам з Бурмістравым і другімі партыйнымі і непартыйнымі сваімі таварышамі ўстанаўляў уладу Саветаў. І цяпер ён будзе абараняць яе датуль, пакуль у грудзях яго б’ецца сэрца.

Сямён адарваў свой позірк ад слупоў дыму, з якіх над старым горадам утварыўся цэлы казачны лес, пачаў уважна, з чыста ваеннага пункта гледжання, вывучаць мясцовасць, што адкрывалася з узвышша.

Перад вачамі, белая і роўная, быццам абрус на стале, рассцілалася вярсты на паўтары ўшыркі рачная даліна, па якой дугою выгінаўся чыгуначны насып. Ён быў увесь як на далоні. Ён падыходзіў удалечы ледзь не да гасцінца, за кальварыяй крута паварочваў управа і хаваўся ў чэзлым сасонніку, які звычайна расце на балоце.

Што і гаварыць, пазіцыя, занятая сіламі Саўдэпа, была выдатная.

Ацанілі яе і другія члены выканкома, і камандзіры, і салдаты. Усе пільна ўглядаліся ў даль, прыслухоўваліся. Яны чакалі — вось-вось між дрэў пакажацца дымок паравоза, а за ім — цяплушкі. І тады, папярэджваючы гудкі, якія машыністы даюць на паваротцы перад мостам, застракочуць нашы кулямёты.

Але ўзнялося на міг над чэзлым ляском бурдовае ў марознай смузе сонца, а з боку Прыяміна, з усходу, ніхто не паказваўся.

Узбуджанасць, якой былі ахоплены людзі пры заняцці пазіцыі, паступова ўляглася. Салдаты, доўга не бачачы праціўніка, пачалі пасмейвацца. У іх сталі мерзнуць ногі ў чаравіках і рукі ў дзіравых пальчатках. Каб сагрэцца, яны тупалі на месцы, піхалі, жартуючы, адзін аднаго, размахвалі рукамі.

Калі Марозаў сеў на каня і паехаў у казармы, каб распарадзіцца наконт кухні, Бурмістраў параіў кулямётчыкам:

— Раскладвайце агні. Ды пабольш!

Еўсцігней Мікулаў са здзіўленнем глянуў на былога свайго ротнага і ціха сказаў:

— Таварыш Бурмістраў! Дык мы ж выдадзім сябе раней часу.

Настроенаму ваяўніча Сямёну Хведасевічу таксама дзіўным здалося распараджэнне Бурмістрава.

— Нічога,— супакоіў іх Бурмістраў.— Ваяваць, вучыў Сувораў, трэба не толькі сілай, а і розумам. Хай легіянеры, калі яны наблізяцца к нашаму гораду і ўбачаць агні, падумаюць, што іх чакае тут цэлая дывізія. Наша задача — прымусіць іх павярнуць назад ці здацца без бою. Так жа?

— Вядома, так! — згадзіўся Мікулаў і падсунуў запаленую паперу пад сухое вецце, якое наламалі яго кулямётчыкі.

Праз некалькі хвілін увесь правы бераг ракі абапал чыгуначнага моста дыміўся і квітнеў вогнішчамі. У агонь ішло галлё, старыя шпалы, дровы з пакінутай баржы.

Даўшы папераджальны гудок, на мост асцярожна ўспоўз поезд — спачатку, за паравозам, таварныя вагоны, затым пасажырскія, потым зноў цёмна-чырвоныя. На Прыяміна пайшоў таварна-пасажырскі. Усім, хто абкружыў вогнішчы, было добра відаць, як у сярэдніх вагонах да вокан ліплі цікаўныя людзі.

Ля аднаго з вогнішчаў сышліся члены выканкома, у тым ліку і тыя, што не ўдзельнічалі ў начной нарадзе. Не было толькі Ігнася Хведасевіча, які адпачываў пасля дзяжурства, ды Маталыгі, які заступіў на дзяжурства. Іменна Маталыга расказаў тым, хто, нічога не ведаючы, прыйшоў раніцай у выканком на службу, пра тое, што адбылося ноччу.

Сышліся ля гэтага вогнішча, у якое гаспадарлівы Дымкавец падкідаў сучча, і прадстаўнікі фабрык і заводаў. Трывожная вестка, быццам вечавы звон, сабрала іх сюды, на правы бераг ракі.

— Наш прафсаюз,— сказаў рабочы фабрыкі «Папірус»,— гатоў выставіць на пазіцыю трыццаць чалавек. Але ў нас няма зброі. Выдайце нам вінтоўкі.

— «Беразіна» хоць зараз дасць сто чалавек для абароны горада і рэвалюцыі! — заявіў старшыня прафсаюзнага камітэта запалкавай фабрыкі.— Толькі дайце нам вінтоўкі і патроны!

Прасілі зброі прадстаўнікі лесапілкі, гуты...

З гуты разам са старшынёй заўкома з’явіўся яго пляменнік, семнаццацігадовы грузчык. Хлопец не прасіў, а патрабаваў, каб яму зараз жа далі зброю.

Такая масавая гатоўнасць барысаўчан абараняць сваю Савецкую ўладу і родны горад не магла не крануць Бурмістрава. Але ўзбройваць рабочых, сказаў ён мякка, пакуль што няма пільнай неабходнасці: гарнізон мае дастаткова сіл. Калі ж спатрэбіцца помач рабочых, рэвалюцыя ўзброіць і іх.

Яму здавалася, што зроблена і прадугледжана ўсё для паспяховага затрымання і раззбраення эшалонаў мяцежнікаў: на выгадную пазіцыю выведзена каля сямісот салдат-добраахвотнікаў, замініраваны чыгуначны мост і, галоўнае, устаноўлены кулямёты.

— Ну, як, таварыш сакратар,— звярнуўся ён да Адамовіча, які сядзеў побач на старым пнюшку і, паклаўшы сваю арэхавую палку на снег, працягваў к агню рукі,— не аскандалімся, калі раптам пакажуцца легіянеры?

Пазіраючы за раку, туды, дзе крута выгінаўся чыгуначны насып, Адамовіч сказаў разважліва:

— Калі разануць адсюль з усіх кулямётаў, польскі эшалон безумоўна спыніцца перад мостам. А ці не лепш было б паслаць на паваротку аднаго ці двух нашых чалавек з чырвонымі сігнальнымі сцяжкамі? Яны затрымаюць саставы там, за вярсту ад моста, без усякай пальбы, без усякага кровапраліцця, і тады мы прадыктуем легіянерам наш ультыматум.

Бурмістраў падумаў і стаў пісаць запіску начальніку станцыі з просьбай выдаць два чырвоныя сігнальныя сцяжкі. Калі Бурмістраў распісаўся на лістку, Адамовіч сказаў, што было б нядрэнна ўстанавіць зараз з вакзалам цесны кантакт — паслаць сваіх людзей на тэлеграф: Прыяміна, раней чым адправіць далей эшалоны легіянераў, напэўна ж запытае Барысаў, ці зможа ён прыняць два саставы.

— А мы ўжо ведаем, якія гэта «воінскія саставы»,— гаварыў Адамовіч з усмешкай у цёмных вачах,— і будзем напагатове...

Гэта ідэя таксама спадабалася Бурмістраву.

На тэлеграф падахвоціліся ісці «папіруснік» і Варатніцкі, які ўпершыню трапіў у баявую абстаноўку, прагнуў бою, а боем і не пахла, бо легіянеры недзе затрымаліся. Ён уяўляў, як будзе з тэлеграфа бегчы к мосту, к Бярэзіне...

Прайшло яшчэ паўгадзіны. Аднак ні з усходу, з боку Прыяміна, нічога не было чуць і відаць, ні з тэлеграфа ніхто не бег з папярэджаннем.

І тады каля вогнішча, якое акружалі выканкомаўцы, што складалі своеасаблівы штаб па кіраўніцтву ўсёй аперацыяй, рашылі выслаць разведку насустрач легіянерам.{легіяперам.

— Таварыш Бурмістраў, давайце я пайду ў разведку,— загарэўся Хведасевіч Сямён.— Я ўсе станцыі да самай Воршы добра ведаю — да прызыва ў армію хадзіў з арцеллю і мяняў па ўсёй гэтай лініі тэлеграфныя слупы.

Адамовіч сказаў, што ён таксама ведае ўсю мясцовасць ад Мінска да Оршы як свае пяць пальцаў. Да таго ж, ён ледзь не два месяцы служыў у камандзе разведчыкаў 310-га Шацкага палка і мае вопыт...

Сталі прасіцца ў разведку Маласай, Мікулаў і другія ахвотнікі.

Бурмістраў думаў: найбольш прыдатнымі для такой важнай, адказнай і рызыкоўнай справы былі б Сямён Хведасевіч і Адамовіч. Але Хведасевіч у апошні час нешта часта стаў скардзіцца на жывот. А тэхсакратар выканкома яшчэ і зараз накульгвае і не абыходзіцца без арэхавай сваёй палачкі. Куды ж іх пасылаць, такіх няспраўных, у разведку? Аднак Бурмістраў не сказаў ім гэтага, каб не пакрыўдзіць недаверам.

— Вы будзеце патрэбны тут,— заявіў ён усім ахвотнікам.— У нас ёсць чалавек, які і з мясцовасцю добра знаёмы, і на фронце больш года быў разведчыкам. Ідзі, таварыш Хведасевіч, у агульнае памяшканне і разбудзі свайго брата. Ён чалавек свядомы і зразумее. Пасля, як вернемся дамоў, адаспімся.

Праз паўгадзіны, не больш, Ігнась Хведасевіч, атрымаўшы ад Бурмістрава падрабязнае настаўленне, ускочыў у адну з цяплушак, у якіх з боку фронту ехалі дэмабілізаваныя салдаты старэйшых узростаў.

* * *

Ён вярнуўся пад вечар таварняком і далажыў: легіянеры — на суседняй станцыі Прыяміна. Загналі свае эшалоны на запасныя пуці і стаяць. Чаму яны так зрабілі, яму разведаць не ўдалося. Дакладна ўстанавіў ён толькі адно: яны прыбылі ў Прыяміна раніцай, якраз тады, калі з Барысава туды прыйшоў таварна-пасажырскі. Магчыма, ад пасажыраў, што сышлі з поезда, а магчыма, ад машыніста яны пачулі пра нашы падрыхтаванні і палічылі за лепшае не лезці на ражон.

Паведамленне гэта зрабіла на выканкомаўцаў цяжкае ўражанне. Амаль усе яны міжвольна падумалі з трывогаю адно і тое ж: а што як легіянеры захапілі ў Прыяміне артылерыйскі склад, у бункерах якога захоўваюцца тысячы снарадаў?

Яны ведалі, што склад ахоўвае спецыяльная каманда, падначаленая непасрэдна штабу Заходняга фронту. Ведалі, што яна адразу прызнала новага камандуючага фронтам Мяснікова. У снежні дэлегацыя ад каманды прыязджала ў Барысаў на мітынг і горача вітала рашэнне Савецкага ўрада аб выбарнасці камандзіраў і скасаванні ў арміі чыноў і званняў, пагонаў і розных крыжоў і медалёў. Але што можа зрабіць такая каманда, калі яе раптоўна атакуе полк?

— А як там склад? — спытаў Бурмістраў.

Ігнась Хведасевіч зразумеў, які склад цікавіць старшыню выканкома.

— Пра склад нічога не паспеў разведаць,— вінавата прызнаўся Ігнась.— Ён жа, ведаеце дзе, аж на тым канцы станцыі, каля семафора. Я хацеў прайсці туды, аж тут падышоў таварняк з Крупкі, і я заспяшаўся назад, у Барысаў, каб скарэй расказаць вам...

— А якая часць — артылерыйская, пяхотная ці кавалерыйская — прыбыла ў Прыяміна ў эшалонах — удалося ўзнаць?

— Я, таварыш Бурмістраў, назіраў за іхнімі саставамі ад пакгауза — бліжэй пабаяўся падыходзіць — і ніводнай платформы не заўважыў, адны цяплушкі... Значыць, артылерыі ў іх няма.

— Ну, гэта яшчэ не доказ,— заўважыў Бурмістраў.— Лёгкія і сярэднія пушкі яны і ў закрытыя вагоны маглі пагрузіць.

— А дзе іхнія эшалоны стаяць? — суха спытаў Сямён, нездаволены тым, што старэйшы брат разведаў не ўсё.

— За вакзалам, як з Барысава ехаць, на паўдарозе між пакгаузам і воінскай платформай, каля дрывяных шурак.

Вечарэла. Здавалася, цёмнае хмарнае неба апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Шматлікія агні, што палалі па ўсім беразе з рання, з чырвоных непрыкметна ператвараліся ў ярка-белыя. На левым баку ракі, у старым горадзе, засвяціліся там-сям вокны.

— Нам трэба параіцца, таварышы! — сказаў Бурмістраў.

Ён наказаў Мікулаву, Верных і другім камандзірам нікуды не адлучацца, не пакідаць пазіцыю і пільна сачыць за чыгункай. А сам з усімі сваімі паплечнікамі і памочнікамі накіраваўся адразу ў выканком.

Сямён Хведасевіч па дарозе забег на вакзал і паклікаў Варатніцкага. «Папірусніку» ён сказаў заставацца на ўсякі выпадак на тэлеграфе.

Калі яны з Варатніцкім зайшлі ў асветлены лямпай і перапоўнены выканкомаўцамі пакой сакратара і прыселі: адзін — на край лаўкі, прынесенай з земаддзела, а другі — на падаконнік, бо незанятых месц больш не было, Бурмістраў абвёў усіх суровым позіркам і сказаў:

— Давайце, таварышы, абмяркуем, што рабіць далей.

Мікалай Кот, з асалодай мацаючы рукамі жалезную трубу печкі, якую ўвесь дзень паліў дзяжурны Маталыга, загаварыў няўпэўнена і невыразна. За дзень ён намёрзся на пазіцыі і цяпер зусім разамлеў у цяпле. З яго выказвання можна было зразумець толькі тое, што «лепш сядзець і чакаць, не шукаць сабе швіва». Адразу было відаць, што выступае чалавек неваенны: Мікалай амаль тры гады праслужыў у лазарэтах і шпіталях, спярша санітарам, а затым фельчарам, у баях не бываў.

— А чаго ж мы дачакаемся, седзячы ў няведанні? — спытаў Нялюбаў. Ён прапанаваў паслаць у Прыяміна мірную дэлегацыю. Згодзяцца легіянеры на перагаворы — дэлегацыя і пачне іх, а не згодзяцца — дык хоць паспрабуем выявіць іхнія сілы і разгадаць іхнія намеры.

— Якія могуць быць перагаворы з контррэвалюцыйнымі ляхамі! — ускочыў з лаўкі Сямён Хведасевіч.— З імі не размундыкаваць трэба, а неадкладна рушыць на Прыяміна абодва нашы палкі! З ходу атакуем, акружым эшалоны і прымусім легіянераў здацца!

— Атакаваць! — падхапіўся з падаконніка Варатніцкі.

Гарачая чырвань залівала яму шчокі. Вочы блішчалі. Сямёнаў план здаваўся яму адзіна правільным.

Адамовіч сядзеў злева ад Бурмістрава і пісаў пратакол нарады. Ён падняў галаву, з насмешкай паглядзеў на Варатніцкага і з дакорам — на Сямёна. Зразумелі гэты позірк прысутныя так: «Ад бязвусага Варатніцкага можна і не такое пачуць: ён пра вайну, пра баі толькі з кніжак ды з газет ведае. А вось табе, франтавіку, таварыш Хведасевіч, недаравальна пароць гарачку ў такой справе».

За два месяцы члены выканкома паспелі вывучыць характар свайго тэхсакратара, без якога Марозаў безумоўна зашыўся б у паперах. Вялікі ахвотнік пасмяяцца, паслухаць і расказаць салдацкі анекдот ці народны жарт, Адамовіч у адказны момант рабіўся ўдумлівым, сур’ёзным.

— Лёгка сказаць — атакаваць і акружыць! — з тэатральным пафасам вымавіў ён і дадаў ужо другім тонам — тонам вопытнага артылерыста: — А калі ў іх гарматы?!

— Калі яны захапілі ўжо склад са снарадамі? — Бурмістраў сурова зірнуў на Сямёна і Варатніцкага.

Варатніцкага позірк гэты не астудзіў. Ён маўчаў, але ўвесь яго выгляд гаварыў: «Ну, дык што, калі захапілі? Я гатоў хоць на гарматы ісці». Сямён Хведасевіч таксама нічога не адказаў: у яго вачах і на твары адбіваліся прыкрасць і збянтэжанасць: «Як жа я забыўся на артсклад?»

— А што думае памочнік народнага камісара земаддзела? — звярнуўся Бурмістраў да Маталыгі, якога цаніў за смеласць, ясны розум, багаты вопыт і фізічную сілу. Ён ведаў, што Маталыга ў 1904 годзе маладым хлопцам удзельнічаў у вайне з японцамі.

— Я думаю, Нялюбаў правільна сказаў — трэба паслаць дэлегацыю!

І другія члены выканкома падтрымалі прапанову Нялюбава. Спачатку, гаварылі яны, трэба выкарыстаць усе мірныя сродкі.

У склад дэлегацыі аднагалосна абралі: Бурмістрава — як чалавека адукаванага і, значыць, дасведчанага ў дыпламатыі, Нялюбава — як павятовага камісара і Сямёна Хведасевіча — як добра знаёмага са станцыяй Прыяміна.

Адамовічу даручылі скласці дэпешу аб мерах, прынятых у сувязі са з’яўленнем у Прыяміне польскіх эшалонаў, і сягоння ж паслаць яе ў Мінск Мяснікову — старшыні Саўнаркома Заходняй вобласці і фронту і камандуючаму фронтам. Вымагалі зрабіць гэта не толькі служба і стратэгія, не толькі абставіны.

Усіх запаснікоў з Мясніковым звязвала даўняя дружба. У іхнім 121-м палку, калі ён стаяў у Дарагабужы, служыў прапаршчыкам бальшавік Аляксандр Мяснікоў і яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі гуртаваў вакол сябе адданых салдат і афіцэраў. Пасля звяржэння самаўладства гэта група аформілася ў бальшавіцкую ячэйку, якая стала вяршыць усімі справамі ў палку, у палкавым камітэце і Савеце.

Вясной у семнаццатым на салдацкім з’ездзе ў Мінску Мяснікоў быў абраны ў франтавы камітэт і застаўся там, а 121-ы запасны полк неўзабаве перавялі ў Барысаў. Важаком бальшавікоў у палку стаў прапаршчык Андрэеў, яго намеснікам — старшыня палкавога Савета прапаршчык Бурмістраў.

Але Мяснікоў не парываў сувязей з былым сваім палком. Улетку ён прыязджаў у Нова-Барысаў. Удзень выступаў з вялікай прамовай на мітынгу ў казармах, а ўвечары — з лекцыяй у кінатэатры «Люкс», гаварыў аб платформе бальшавікоў.

У час лекцыі адбыўся інцыдэнт, які пасля доўга ўспаміналі барысаўчане.

Пакрыўджаны за сваю меншавіцкую партыю і сваіх лідэраў, якіх Мяснікоў абвінавачваў у карыслівасці, з лаўкі ўскочыў мясцовы гарадскі галава. «А вы, бескарыслівы рэвалюцыянер,— крыкнуў ён з’едліва Мяснікову,— скажыце, колькі рублёў вы паклалі сягоння ва ўласную кішэню за сваю лекцыю? За ўваход у «Люкс» мы ўсе плацілі!» Паўтысячная аўдыторыя насцярожана прыціхла. «Правільна,— спакойна адказаў Мяснікоў,— білеты на маю лекцыю вы куплялі. Але гэтыя грошы я ўсе да капейкі перадаю на патрэбы рэвалюцыі, у фонд сваёй партыі». Аб тым, што ён так і зрабіў, праз некалькі дзён паведаміў на сваіх старонках мінскі «Буравеснік».

Перад ад’ездам з Барысава Мяснікоў сабраў усіх бальшавікоў 121-га запаснога палка і папрасіў адпусціць сакратара іхняй ячэйкі Андрэева на курсы. Намякнуў, што курсы гэтыя вельмі неабходныя для рэвалюцыі. «А як жа мы без сакратара застанемся?» — спытаў адзін з членаў ячэйкі. «Другога выбераце»,— супакоіў яго Андрэеў і прапанаваў на сваё месца Бурмістрава.

Калі да Барысава дакацілася водгулле кастрычніцкага выбуху, Бурмістраў ездзіў у Мінск для ўстанаўлення кантакту з Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам, які ўзначаліў Мяснікоў. Яны павіншавалі адзін аднаго з пачаткам сацыялістычнай рэвалюцыі. Мяснікоў ухваліў пазіцыю, якую занялі запаснікі ў адносінах сібіракоў і іхняга эсэраўскага савета і паабяцаў у бліжэйшы час прыслаць у помач агітатараў. Праз некалькі дзён ён прыслаў Нялюбава з Дэкрэтамі аб міры і зямлі, якія агітавалі за ўладу Саветаў лепш за самых палымяных агітатараў. Бурмістраў і яго таварышы былі ўдзячны Мяснікову за Нялюбава. Лепшай помачы яны і не жадалі.

У восем гадзін з мінутамі Бурмістраў закрыў нараду. Усім кагалам пайшлі цераз земаддзел у сваю сталоўку, якая размяшчалася ў былой кандрыянаўскай кухні.

Сягоння ім пашанцавала: кашавары, якія прывозілі салдатам снеданне і абед на пазіцыю к рацэ, пачаставалі іх смачным салдацкім баршчом з ялавічынай і ячнай кашай з алеем. Таму прасяны суп з таранамі, які падаў ім афіцыянт, ён жа кухар і загадчык сталоўкі, елі без ахвоты. А Сямён выпіў толькі шклянку чаю.

Вярнуўшыся ў дзяжурку, Бурмістраў пазваніў на кватэру жонцы, што едзе ў тэрміновую камандзіроўку ў Прыяміна. Сказаў, каб не чакала.

І ён з Нялюбавым і Сямёнам Хведасевічам заспяшаўся на вакзал, каб сесці на любы першы поезд, што пойдзе ў бок Оршы.

Мінут праз дваццаць у паўасветленую залу, дзе яны чакалі, увайшла жонка Бурмістрава і азірнулася на бакі. Калі яна заўважыла мужа, яе запалыя сінія вочы засвяціліся такім прамяністым радасным бляскам, што Нялюбаў і Хведасевіч міжвольна пазайздросцілі Бурмістраву. Наогул, яна прыкметна змянілася за апошні час: памажнела, стала яшчэ асцярожней у хадзе. Кожнаму, хто бачыў яе зараз, было ясна, што яна скора стане маці.

— Вось добра, што вы не паехалі яшчэ! — сказала яна і, прысеўшы побач з Бурмістравым, засунула яму ў кішэню шыняля невялікі пакунак у сіняй абгортачнай паперы.

— Якраз гэта вельмі дрэнна,— адказаў ён, гледзячы з дакорам на яе, запунсавелую, задыханую.— А яшчэ горш тое, што ты прыдумала — бегчы ледзь не за тры вярсты па начы на вакзал. Ну што ты мне ўсунула?

Ён хацеў выцягнуць пакунак, але яна ўзяла яго вялікую руку ў сваю маленькую і ласкава сціснула.

— Ты ж у дарогу...— шапятнула на вуха.

У залу заглянуў Адамовіч са сваёй неразлучнай арэхавай палачкай.

«Вось дарэчы!» — падумаў Бурмістраў.

— Паслаў дэпешу,— сказаў, падышоўшы, Адамовіч.

Бурмістраў варухнуў брывамі ў знак адабрэння і папрасіў яго пабыць кавалерам — правесці Серафіму Усцінаўну да кватэры.

— Я б і сам правёў, але баюся — раптам поезд.

Але прайшла цэлая гадзіна пасля таго, як Адамовіч і Серафіма Усцінаўна пайшлі падручкі, а ніякіх паяздоў на Прыяміна не было і не было. А палове адзінаццатай з Мінска прыбыў нейкі не прадугледжаны раскладам поезд з доўгімі класнымі вагонамі. Бурмістраў з Нялюбавым і Хведасевічам ускочылі ўжо ў вагон. Але кандуктар — дзякуй яму! — своечасова папярэдзіў, што гэта кур’ерскі спецыяльнага прызначэння і ў Прыяміне зусім не спыняецца. Прыйшлося ім выскокваць на хаду і чакаць паштовага, таго самага, якім учора ў поўнач прыехаў са Смалявіч Варатніцкі.

Насілу яны ўціснуліся ў тамбур, поўны людзей, і спыніліся там. Прабірацца далей, у глыб вагона, не было ні сэнсу, ні магчымасці.

Пераважалі сярод пасажыраў людзі ў шынялях і з рэчмяшкамі. І Бурмістраў, і Нялюбаў, і Хведасевіч разумелі, што ў большасці гэта салдаты, якія самавольна кінулі фронт і едуць дамоў. Едуць, перакананыя ў тым, што настаў канец усім войнам.

Дзверы з тамбура ў вагон былі напята адчынены — настолькі там, усярэдзіне, было душна і цесна. Уражанне надзвычайнай цеснаты павялічвалася з-за паўзмроку, які там панаваў, і з-за дыму. На ўвесь вагон гарэла ўсяго адна свечка, устаўленая ў ліхтар. Курцы напусцілі столькі дыму, што ў яго клубах можна было задыхнуцца.

Нягледзячы на позні час, у вагоне, як у хаце, куды збіраюцца на сходку, стаяў стрыманы гоман. Абмяркоўваліся самыя надзённыя пытанні: ці скора ў крамах з’явіцца газа, ці хопіць у Саветаў спрыту, сіл і ўмельства, каб уціхамірыць генерала Доўбар-Мусніцкага... Пра мяцеж ужо стала вядома ўсім.

Бурмістраў і Хведасевіч з Нялюбавым прыслухаліся.

— ...не ўтрымаюцца бальшавікі, садухі ім скора...— скрыпучым, проста-ткі вароннім голасам прарочыў нехта побач, у першым аддзяленні.— Усе афіцэры, як дачуюцца, пяройдуць к Доўбар-Мусніцкаму. Не даруюць яны бальшавікам дэкрэта, які прыраўняў іх да простых салдат і даў права радавым скідаць камандзіраў. А ўслед за афіцэрамі...

— Ну, можа, каторыя афіцэры і пяройдуць, а салдаты — не, дудкі! — пярэчыў хтосьці горача.— Нас, франтавых салдат, ніякай сілай не адарвеш ад Леніна, бо ён сказаў — канец імпера-рыстычнай вайне! І навёў ёй канец. Гэта разумець трэба!

— А што салдаты? Авечкі — вось хто такія салдаты! Куды іх паверне пастух...

Няўрымслівы Нялюбаў і не менш гарачы Хведасевіч не маглі больш спакойна стаяць і слухаць. Яны праціснуліся ў вагон і заглянулі ў першае аддзяленне.

Але разгледзець у паўзмроку твары тых, хто спрачаўся, было цяжка.

Тады Нялюбаў набраў у лёгкія дымнага, кіслага паветра і голасна, як на мітынгу, крыкнуў:

— Таварышы!

Яшчэ новае ў той час гэта слова, быццам хваля ў бераг, ударыла людзям у сэрцы. Гоман у вагоне заціх.

— Грамадзянін пасажыр назваў салдат авечкамі. Куды, маўляў, захочуць, туды і павернуць іх афіцэры. Так, мы былі авечкамі — да мінулага года. Але ніколі больш імі не будзем! Не для таго рэвалюцыю рабілі! І ніякім афіцэрам не ўдасца перацягнуць нас на бок паноў доўбар-мусніцкіх. Ды і не ўсім афіцэрам па дарозе з мяцежнікамі. За імі пойдуць хіба толькі тыя, хто хоча вярнуць назад адабраныя маёнткі. А тыя, хто выйшаў з народа, каму дорага новая, рэвалюцыйная Расія, ідуць з намі, бальшавікамі. Чулі пра новага вярхоўнага галоўнакамандуючага Крыленку? А хто ён? Прапаршчык! І такіх у нас тысячы! Разам з імі мы дадзім прыкурыць і Доўбар-Мусніцкаму, і ўсім яго прыяцелям!

— Хопіць! — Хведасевіч пацягнуў Нялюбава ззаду за хлясцік.— Чуеш, поезд сцішае ход.

Калі Нялюбаў вярнуўся назад у тамбур, Бурмістраў сціснуў яму локаць і ціха, але горача шапнуў:

— Хвалю, Сяргей Фёдаравіч, і дзякую.

* * *

Грукат колаў цішэй і цішэй. Скрыганулі тармазы, і поезд спыніўся.

Хведасевіч першы, за ім Нялюбаў, затым Бурмістраў саскочылі з падножкі. Пачакалі, пакуль кранецца поезд, і азірнуліся.

Злева цямнела прысадзістая ў змроку вадакачка. Непадалёку ад яе справа горбіўся будынак вакзальчыка, у якім неаднолькава свяціліся вокны: адно зусім цьмяна, ледзь прыкметна, другое трошкі ясней. Недзе за вадакачкай гаўкаў разбуджаны поездам сабака.

— Дык гэта і ёсць тваё Прыяміна, таварыш Хведасевіч? — спытаў Нялюбаў.

У голасе яго Сямён улавіў расчараванне і рашыў заступіцца за сваю станцыю.

— Яно ўночы здаецца такім непрыкметным і ціхім. А ўдзень тут прыгожа і людна. Наўкола пушчы. У лес да вёскі Прыяміна адсюль пракладзена вузкакалейка. Побач — гасцінец, абсаджаны старымі бярозамі.

— Удзень, можа, і прыгожа, а зараз глуха. Як на хутары ў поўнач. Нават не верыцца, што недзе тут стаяць воінскія эшалоны.

— Дзе ж яны? У якім баку? — спытаў напаўголасу Бурмістраў, каб адразу сарыентавацца.

— У тым жа, дзе і артылерыйскі склад.— Сямён паказаў рукой на ўсход, туды, дзе толькі што знік у цемры іхні паштовы і дзе яшчэ мігцеў чырвонай кропкай кандуктарскі ліхтар у хвасце апошняга вагона.— Да артылерыйскага склада адсюль вярсты паўтары, а эшалоны бліжэй,— расказваў Ігнась.— Дзесьці там, за вакзалам і пакгаузам, каля дрывянога склада. Там шмат запасных пуцей. Пойдзем пашукаем.— І ён памкнуўся ўжо ісці.

— Пачакай! — Бурмістраў узяў яго за плячо.— Як-ніяк мы тут законная ўлада, і нам не да твару бегаць, як пасыльным, і шукаць. Пабольш саліднасці. Зойдзем спачатку ў вакзал і выклічам туды начальства легіянераў.

Праз паўзмрочную, ледзь-ледзь асветленую невялічкую залу для пасажыраў, дзе на лаўках і на падлозе спала некалькі чалавек, прайшлі ў службовае аддзяленне, дзе былі тоўсты, рыжавусы, са змучаным ад недасыпання тварам, начальнік станцыі, яго нізенькі лысы памочнік і зусім яшчэ зялёны — гадоў на семнаццаць — тэлеграфіст, доўгі і прамы, як паплеціна, з уважлівымі сур’ёзнымі вачамі і бледным тварам. Яны запытальна паглядзелі на трох незнаёмых людзей.

Бурмістраў павітаўся і назваў сябе і сваіх таварышаў. Затым, папрасіўшы дазволу сесці, пачаў распытваць, ці вядома ім, чаму спыніліся тут воінскія эшалоны, якія ў іх намеры.

— Адкуль нам ведаць пра іхнія намеры! Нам жа не дакладваюць! — холадна адказаў таўстун і пазяхнуў, пасля чаго прыкметна памякчэў і загаварыў ахвотней.— Услед за маскоўскім пасажырскім, чуць стала днець, прыбыў адзін эшалон, а мінуты праз тры — і другі. З’яўляецца неўзабаве да мяне, каб дамовіцца наконт адпраўкі на Барысаў, начальнік гэтых эшалонаў. У палкоўніцкай форме, з шабляй на баку, як пры старым рэжыме. З ім — ад’ютант-фарсун. А тут якраз прыходзіць мінскі таварна-пасажырскі. З яго сышлі дзве ці тры бабы і ратуціцкі пячнік Навум Бублік, які часта ездзіць у горад у заработкі. Бабы пралапаталі, быццам у Барысаве вось-вось пачнуць страляць, войкнулі і рассыпаліся, як спуджаныя куры. А стары Бублік падышоў да нас з палкоўнікам і давай бажыцца, што сам бачыў праз акно вагона, быццам правы бераг Бярэзіны, як вокам акінуць, застаўлены кулямётамі і гарматамі, і быццам яны ў наш бок нацэлены, і войска там палкоў дзесяць, а то і больш. Не паспеў Бублік расказаць усяго, як да начальніка эшалонаў падбег другі палкоўнік, руды і гарбаносы, і шапятнуў яму нешта на вуха. Начальнік аж страпянуўся і, не сказаўшы ні слова мне, павярнуўся і ледзь не рыссю памчаўся з гарбаносым і ад’ютантам да сваіх эшалонаў. Я адправіў на Крупкі таварна-пасажырскі, выдаў адной жанчыне з Лошніцы багаж, а майго палкоўніка няма і няма. Куды ён, думаю, падзеўся? Я — к эшалонам. Бачу, ля класнага вагона — з паўсотні афіцэраў, таксама ў пагонах. А між імі, побач з палкоўнікамі,— нейкі афіцэр у фрэнчы без пагонаў. Шынель свой на руцэ трымае. Пара ад яго такая йдзе, быццам ён з лазні выскачыў ці прабег вёрст дваццаць. Усе замоўклі, як я наблізіўся. Можна, кажу, далей следаваць, дарагія таварышы. Аслабаняйце пуць. А то як бы таварны не падаспеў. А мы, адказвае начальнік эшалонаў, не паедзем далей. Вы што, смяюся, спалохаліся? Паверылі таму, што наплёў на пероне дзядок? Дык жа гэты дзед — вядомы на ўсю акругу манюка Навум Бублік. У яго на вярбе грушы растуць... У Барысаве, кажу, такія ж рускія салдаты, як і вы, толькі пагоны ўжо здзёрлі. «Не ваша справа! — заявіў палкоўнік.— Пераводзьце абодва нашы эшалоны на запасныя пуці».

— А які сабою той, што быў у фрэнчы? — у адзін голас запыталі Нялюбаў і Хведасевіч.

— Цыбаты і даўганосы — на буцяна падобны. А што?

— Нічога, проста так,— ухіліўся ад прамога адказу Нялюбаў і пераглянуўся з Бурмістравым і Хведасевічам. Яны без слоў зразумелі адзін аднаго: афіцэр у фрэнчы — Кулікоўскі. Тут апынуўся... Значыць, на мітынгу правільна крычалі, што к мяцежнікам пабег. І кожны падумаў, што гэта акалічнасць у значнай ступені абцяжарвае іхнюю нялёгкую задачу.

— А вам вядома, якія салдаты ў вас спыніліся? — спытаў Бурмістраў.

Чыгуначнікі паціснулі плячамі.

— Салдаты як салдаты, у шэрых шынялях і ў папахах, праўда, з пагонамі і кукардамі,— адказаў начальнік станцыі.— І палкоўнік іхны гаварыў са мной па-нашаму, па-руску.

— У тым-та справа, што яны і не былі нашымі.— І Бурмістраў коратка растлумачыў яму, яго лысаму памочніку і тэлеграфісту, якія часці прыбылі ў іхняе Прыяміна і куды яны спяшаюцца.

У тэлеграфіста і памочніка аж раты параскрываліся ад здзіўлення.

— А чорт жа іх ведаў, што гэта мяцежнікі! — як бы апраўдваўся начальнік станцыі.— Наша справа — прымаць і адпраўляць паязды. А хто ў тых паяздах едзе — справа не наша. Ды іх, легіянераў, можна лічыць, ужо няма ў нас.

— Як няма?! — вырвалася ў Бурмістрава.

Нялюбаў і Хведасевіч былі ўражаны не менш.

— А так: яны, як вечарэць стала, выгрузіліся з вагонаў. Афіцэры паселі на коней, а салдаты — вінтоўкі і кулямёты на плечы і гайда ў Баяры.

— А саставы? Кінулі? — Бурмістраў аж устаў з месца.

— Каб жа кінулі! Каля эшалонаў паставілі ахову з афіцэрам.

— А як артсклад — не спрабавалі захапіць? — без усякіх акалічнасцей спытаў Бурмістраў.

— Як быццам не. Каб спрабавалі, мусіць бы не абышлося без страляніны. А так жа ўвесь дзень было ціха.

— Вечарам пасля шасці,— уступіў у размову малады тэлеграфіст,— як я ўжо на дзяжурства заступіў, да нас заходзілі пісар і салдат з артсклада. Калі б у іх што-небудзь такое здарылася, яны б абавязкова расказалі нам! І тэлеграмы б не дамоў пасылалі, а ў штаб, у Мінск.

Назіральны тэлеграфіст заўважыў, як уздыхнуў з палёгкаю галоўны камісар павятовага Саўдэпа і цяжка апусціўся на табурэцік.

У Бурмістрава, сапраўды, быццам бы гара з плячэй звалілася: склад снарадаў, за які ён трывожыўся больш за ўсё, легіянеры чамусьці не кранулі. Але яны сваімі загадкавымі дзеяннямі прымусілі яго, а таксама Нялюбава і Хведасевіча моцна задумацца. Іхнюю затрымку ў Прыяміне можна цяпер так-сяк вытлумачыць. Насцярожаны расказам печніка, які па сваёй схільнасці да балбатні і выдумкі ўдзесяцярыў сілы бальшавікоў ля чыгуначнага моста цераз Бярэзіну, потым папярэджаны перабежчыкам Кулікоўскім, у якога няма ніякіх падстаў перабольшваць магчымасці гарнізона горада Барысава, польскі палкоўнік — начальнік эшалонаў мог прыняць рашэнне спыніцца тут на некалькі гадзін — да праверкі такіх супярэчлівых звестак, атрыманых ад выпадковых і незнаёмых людзей. Але зусім незразумела другое — чаму легіянеры выгрузіліся і перайшлі ў Баяры? Чаму яны, урэшце, не кранулі артсклад? Кулікоўскі ж напэўна расказаў ім пра такі важнейшы ваенны аб’ект.

— Баяры... Баяры...— паўтараў у задуменні Нялюбаў і раптам павярнуўся да Сямёна.— Паслухай, а гэта часам не тыя Баяры, дзе жыве наш добры знаёмы Аўрам Дзерван?

— Тыя самыя,— пахмура адказаў той.

...Ім абодвум прыйшлося мець з Дзерванам справу ў гарачыя дні восені, калі разгарнулася барацьба за ўстанаўленне ўлады Саветаў. У горадзе новая ўлада была аб’яўлена ў пачатку лістапада — у дзень прыезду Нялюбава — на агульнагарадскім мітынгу. У той жа дзень увечары ўпершыню разам сабраліся Савет салдацкіх дэпутатаў запаснога палка, нанава абраны Савет Сібірскага палка і ачышчаны ад меншавікоў, бундаўцаў і сіяністаў рабочы Савет і заявілі, што яны бяруць уладу ў горадзе ў свае рукі.

«Эх,— са шкадаваннем думаў на тым сумесным пасяджэнні Бурмістраў,— былі б тут зараз прадстаўнікі ад сялянскіх Саветаў, сягоння ж аб’явілі б Савецкую ўладу ва ўсім павеце». Так думаў і Нялюбаў, і Сямён Хведасевіч, так думалі ўсе іхнія таварышы. Аднак зрабіць гэта ў той дзень было немагчыма. Немагчыма таму, што павятовы Савет сялянскіх дэпутатаў яшчэ не быў створаны.

Неўзабаве пасля звяржэння самаўладства такія Саветы стыхійна ўзніклі ў Зембіне, у Лошніцы і ў некаторых другіх валасцях. Але эсэры, якія захапілі кіраўніцтва ў павятовай земскай управе, убачылі ў гэтай сялянскай самадзейнасці пагрозу для сябе і ўсяляк імкнуліся заглушыць ініцыятыву нізоў. «Навошта нам у сёлах яшчэ Саветы, калі ў кожнай воласці ўжо ёсць свая земская ўправа і свой зямельны камітэт?! — заяўлялі яны.— Мы і без таго раздурылі мужычкоў свабодай».

Зямельныя камітэты былі створаны вясной семнаццатага года, калі Часовы ўрад узначальваў князь Львоў. Створаны быццам бы для падрыхтоўкі зямельнай рэформы, а на самай справе для таго, каб прадухіліць аграрныя беспарадкі, падмяніць барацьбу сялянства за зямлю балбатнёй аб зямлі.

Ашуканства, машэнства Часовага ўрада вельмі скора зразумелі самыя дэмакратычныя зямельныя камітэты — валасныя, якія ў адрозненне ад губернскіх і павятовых, куды князь Львоў напіхаў сваіх наглядчыкаў — камісараў, пасрэднікаў, суддзяў, цалкам выбіраліся на агульных сельскіх сходах з ліку саміх сялян. Найбольш рашучыя і актыўныя з іх, не дачакаўшыся абяцанай рэформы, летам і ўвосень узяліся самі дзяліць паміж сялянамі панскае жыта і лугі, сячы панскія лясы. З Маталыгі, старшыні Вяляціцкага зямкома, сталі браць прыклад: у Прусавічах — Варатніцкі, у Начы — Маласай, у Бытчы — Дымкавец.

Вось гэтыя валасныя зямельныя камітэты, якія праз некалькі дзён павінны былі сабрацца на свой павятовы з’езд, і вырашылі скарыстаць барысаўскія бальшавікі.

Збіралі з’езд мясцовыя керанскія з павятовай земскай управы. Збіралі для таго каб расправіцца з Маталыгай і яго паслядоўцамі і заадно асудзіць Дэкрэты Другога Усерасійскага з’езда Саветаў, якія пачалі распаўсюджваць у вёсках бальшавікі. Нялюбаву і Сямёну Хведасевічу аб’яднаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і асабіста Бурмістраў далі зусім другое заданне.

Калі з’езд адкрыўся і былі выслуханы прамовы старшыні павятовай земскай управы і сакратара павятовага зямельнага камітэта, слова папрасіў Сямён.

— Дарагія землякі! Члены валасных зямельных камітэтаў! — зазвінеў у перапоўненай зале яго натхнёны голас.— Нядаўна адбыўся Усерасійскі з’езд Саветаў. Ён пастанавіў: далоў вайну, улада — Саветам, зямля — народу! Па Дэкрэту зямля памешчыкаў, князёў і другіх вампіраў перадаецца ў распараджэнне павятовых Саветаў сялянскіх дэпутатаў і валасных зямкомаў — у ваша распараджэнне! Рабочыя горада і салдаты гарнізона адобрылі ўсе гэтыя пастановы. Яны ўзялі ўладу ў горадзе ў свае моцныя рукі. Слова цяпер за вамі, таварышы сяляне! Калі вы хочаце мець такую ўладу ва ўсім павеце, згодны ісці ў нагу са сваімі братамі рабочымі і салдатамі, калі ўхваляеце Дэкрэты аб міры і зямлі і прызнаяце Савет Народных Камісараў, вы павінны свой з’езд аб’явіць павятовым з’ездам Саветаў сялянскіх дэпутатаў і перайсці ў гарнізонны клуб! Там вас чакае Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

— Нам няма чаго рабіць у вашым гарнізонным клубе! — крычаў з прэзідыума старшыня павятовай земскай управы, апрануты і абстрыжаны пад Керанскага.— Вашы Дэкрэты незаконныя! Наша дэлегацыя іх не прымала!

— Самыя законныя! — заявіў Нялюбаў і, выйшаўшы да стала, расказаў, як эсэры пакінулі Смольны, калі даведаліся, што рабочыя-чырвонагвардзейцы і апранутыя ў салдацкія шэрыя шынялі і матроскія чорныя бушлаты сяляне пайшлі на штурм Зімняга палаца, дзе заселі міністры Часовага ўрада — верныя слугі памешчыкаў і капіталістаў. З якой аднадушнасцю дэлегаты, што засталіся на з’ездзе (а іх было звыш шасцісот пры кворуме 400), галасавалі за пераход улады ў рукі Саветаў, за Дэкрэты.

— Усе пытанні: аб зямлі, аб міры, аб дзяржаўным ладзе — вырашыць Устаноўчы сход! Трэба пачакаць, пакуль ён збярэцца! — заклікаў сакратар павятовага зямельнага камітэта, у такім жа фрэнчы і так жа коратка абстрыжаны, як і старшыня земскай управы.

— А чаго нам чакаць! — усклікнуў, устаўшы з лаўкі, Маласай.— Вы, эсэры, толькі абяцаеце, а з рук не выпускаеце. Бальшавікі без усякіх Устаноўчых сходаў даюць нам панскую і царкоўную зямлю! Дык чаго нам тут сядзець і прэць? У гарнізонны клуб трэба ісці!

— Трэба, трэба,— заківаў галавой ціхі Дымкавец, які сядзеў на першай лаўцы побач з Нялюбавым.

— У клуб! — падаў у другім радзе свой малады голас Варатніцкі.

— Пайшлі ў клуб! — загудзеў у прэзідыуме бас Маталыгі.

У перапоўненую залу быццам вецер уварваўся.

— Глядзі,— шапнуў Нялюбаву Сямён Хведасевіч,— як жмурыцца Маталыгаў сусед у жоўтым кажуху. Адно вока зусім заплюшчыў, быццам цэліцца ў каго. Гэта намеснік старшыні павятовай земскай управы Аўрам Дзерван. А бачыш, як наліваецца чырванню другі сусед, той, што ў чорнай паддзёўцы на аўчыне? Дэпутат чацвёртай Дзяржаўнай Думы, Аляксандр Гаўрыльчык. Шышка! Мусіць, выступіць збіраецца.

Сямён угадаў. Расчырванелы, як бурак, Гаўрыльчык падхапіўся за сталом прэзідыума і пачаў крыкліва:

— Нас агітуюць за тое, каб мы прызналі нейкі Савет Народных Камісараў, прызналі бальшавіцкія Дэкрэты. Агітуюць за Саветы. Хто агітуе? Чалавек, якога будуць судзіць, быццам злодзея, за пасягацельства на чужую ўласнасць.— Ён тэатральна паказаў пальцам на Маталыгу, якраз так, як гэта рабіў на пасяджэннях Думы Керанскі.

— Не будуць, спазніліся вы! — задзірліва крыкнуў Варатніцкі.— Ёсць на тое пастанова з’езда Саветаў!

— Хто яшчэ нас агітуе? — павысіў голас Гаўрыльчык, каб заглушыць гул.— Недавучка-семінарыст, малакасос! — І паказаў на Варатніцкага.— А хто не ведае пракудаўскага бярдэшніка і бондара Захар’ю Хведасевіча! Як нядзеля, так і вязе на базар у Барысаў свае бёрды, начоўкі і цэбры. А ў будні, як старац, ездзіць з імі па сёлах. І вось адзін з сыноў гэтага старца прапануе нам ісці ў гарнізонны клуб.

У запале Гаўрыльчык, мусіць, забыўся, што добрая палавіна людзей, якія сядзелі ў зале, была не багацейшая за Хведасевічаў.

— Даволі! — крыкнуў хтосьці ў задніх радах.

— Хопіць!

— Далоў! — загула, загаманіла зала.

— Дайце даказаць, грамадзяне!.. Вы ж ведаеце, я заўсёды спагадаў свайму брату мужыку...

— Керанскі і Радзянка — твае браты!

— Сказаў ужо!

— Не жадаем больш слухаць!

— Далоў!

Старшыня павятовай управы біў аб графін спярша алоўкам, затым шкляной затычкай, заклікаў супакоіцца. Але абураныя зласлівымі выпадамі Гаўрыльчыка дэлегаты не сціхалі. Яны крычалі да таго часу, пакуль Гаўрыльчык не сеў на сваё месца.

І тады старшыня ўправы даў слова Дзервану, назваўшы яго не сваім намеснікам, а прадстаўніком Баяр.

— Ад імя якіх баяр ён будзе выступаць? — шэптам спытаў Нялюбаў Сямёна.

— Яго вёска так завецца: Баяры.

Дзерван выйшаў з-за стала, не спяшаючыся расшпіліў свой навохраны густа кажух. Левае вока ён па-ранейшаму жмурыў, правым спакойна абводзіў рады, быццам нацэльваўся. І па тым, як адразу пацішэла ў зале, Нялюбаў зразумеў, што выступленне гэтага чалавека зусім не будзе падобным ні на злосную лаянку дубаватага думца, ні на даўжэзныя, нудныя прамовы яго паплечнікаў у фрэнчах.

— Раскажу вам быль,— пачаў Дзерван.— Жыў у адным сяле хлопец. Быў ён просты і дужа даверлівы. Пайшоў ён неяк на кірмаш і пазнаёміўся там з прыгожай дзяўчынай. Усе вальцы і полькі, усе кадрылі і кракавякі толькі з ёй танцаваў. Дужа хлопцу ўпадабалася, як яна горнецца да яго ў танцах, а яшчэ больш — як прынадна ўсміхаецца яму. У хлопца галава закруцілася — так укляпаўся з першага позірку. Вярнуўся ён дамоў і зараз жа бацьку і маці: жаніцца! Ну, што ж, гавораць старыя, калі так захацелася жаніцца, жаніся сабе. Толькі да каго ж ты сватоў пасылаць думаеш? Хлопец расказаў. Бацька і маці — угаворваць: пачакай хоць месяц, не спяшайся, сам пазнаёмся з ёю лепш і нам дай разузнаць; жэняцца ж не на дзень і не на год, а на ўвесь век. А сын ні блізка: жаніцца неадкладна, і баста! Яна мяне любіць, і я, кажа, без яе ні аднаго дня пражыць не магу. Калі не ажэніце, пайду на рэчку і ўтаплюся. А быў ён у іх, трэба сказаць, адзін. Спужаліся бацька і маці і ў той жа дзень сватоў паслалі. Ажанілі сына, згулялі як мае быць вяселле. А роўна праз чатыры месяцы...— Тут Дзерван зрабіў шматзначную паўзу...— нявестка абрадзілася. І толькі тады зразумеў хлопец, чаму так лашчылася да яго дзяўчына. І прыкра, і крыўдна яму стала, але нічога ўжо не паправіш, не разжэнішся!

У зале пачуўся смех. А Дзерван стаяў без ценю ўсмешкі на твары, задаволена жмурыў вока і чакаў, калі ён уляжацца.

— Ты разумееш, куды ён гне, гэты ліс? — Сямён злёгку штурхнуў пад локаць Нялюбава.

Нялюбаў поглядам адказаў: усё разумею.

Дзерван перастаў жмурыць вока.

— Рабоча-салдацкі Савет зараз горнецца да нас, мужыкоў, як тая дзеўка да хлопца. Хоча, каб мы памаглі яму ўзяць уласць. А ці варта? Ці ёсць рахуба? У іх, у рабочых і салдат, свае інтарэсы, а ў нас — свае. Калі ўжо выбіраць уласць, дык трэба выбіраць з розумам, каб не памыліцца, каб не каяцца пасля. Тут галоўнае, мужыкі,— не спяшацца. Трэба ўсё абдумаць, узважыць і нават абмацаць, як тую карову, што купляеш на базары. Трэба пачакаць, што скажа Устаноўчы сход.

У сваім адказе Дзервану, спасылаючыся як на прыклад на сваю дружбу з Сямёнам Хведасевічам, Нялюбаў, здавалася, давёў, што ў сялян і ў рабочых адны інтарэсы і мэты: воля, зямля, мір.

Але Дзерван ізноў выйшаў з-за стала і расказаў дзве байкі. Спачатку — як пасябравалі жораў і ліса, затым — як лебедзь, рак і шчупак цягнулі воз. І ўсё для таго, каб абараніць сваю эсэраўскую думку.

«Пачакай жа ты, шэльма!» — прашаптаў Сямён і, папрасіўшы слова, напомніў членам зямкомаў гісторыю з венікам — як яго гнулі і не маглі сагнуць здараўцы-сыны, а слабы стары бацька развязаў і пераламаў па адным прутку.

— У сялян і рабочых адна маці — праца. Мы — родныя браты рабочых. І нам не адгароджвацца трэба ад іх, а гуртавацца з імі ў адну цесную сям’ю. Без саюза з рабочым класам нам нічога не дабіцца!

Аднак Дзерван упарта не жадаў здавацца і на кожнае выступленне Сямёна і Нялюбава адказваў новай прамовай, шчодра аздобленай якой-небудзь быллю ці казкай. Ён яўна біў на тое, каб апошняе слова было за ім. На гэта, відаць, разлічвалі і яго паплечнікі ў фрэнчах: на вячэрнім пасяджэнні самі яны ў бой ужо не ўступалі, спадзеючыся на поўную перамогу Дзервана.

І ўсё ж не яму прыйшлося сказаць апошняе слова на тым з’езде.

На другі дзень, калі дэлегаты расселіся на лаўках, за сталом прэзідыума адначасова ўсталі старшыня земскай управы і Маталыга.

— Я думаю,— загаварыў першым вяляціцкі асілак,— мы ўжо наслухаліся ўчора дакладаў і баек. Хопіць нас угаворваць і страшыць. Хто за мной, пайшлі ў гарнізонны клуб! — І накіраваўся да выхада.

За ім, як па камандзе, рушыў увесь яго валасны камітэт, а ўслед — Прусавіцкі з Варатніцкім наперадзе, Лошніцкі на чале з Маласаем і Сямёнавым братам Ігнасём, затым — Бытчанскі, Глівінскі.

У прэзідыуме замітусіліся, закрычалі, і Нялюбаў з Сямёнам Хведасевічам падумалі, што ніхто больш за Маталыгай не пойдзе. Аж не. Павагаўшыся ў нерашучасці з мінуту, з лавак паўставалі і пацягнуліся з залы Есьменскі, Лагойскі і другія камітэты. Апошнімі пакінулі апусцелую залу Нялюбаў і Сямён Хведасевіч. Іх праводзілі злоснымі позіркамі пакінутыя кіраўнікі земскай управы. Асабліва злосна, здавалася Нялюбаву, пазіралі Гаўрыльчык і Дзерван.

— ...А што Дзерван зараз робіць? — спытаў Нялюбаў.

— Сядзіць дома,— адказаў начальнік станцыі.— Адышоў ад палітыкі. Раней у Барысаў кожны дзень ездзіў. А цяпер і не вытыркаецца з Баяр.

— І далёка адсюль гэтыя Баяры? — пацікавіўся Нялюбаў.

— Вярсты дзве будзе,— адказаў Хведасевіч.— Перад вайной я з хлопцамі хадзіў туды са свайго Пракудава на ігрышча.

— Роўна паўтары,— удакладніў тэлеграфіст, якога служба прывучыла быць дакладным нават у дробязях.— Я лічыў крокі: тысяча пяцьсот аршынных крокаў.

Пры гэтых словах Бурмістраў неяк асабліва ўважліва паглядзеў на хлопца. Яму ўспомнілася роднае Заволжа, родны Бугуруслан. Успомніў, як сам ён дзесяць гадоў назад, калі быў такім жа доўгім і танклявым юнаком, уласнымі крокамі мераў адлегласць ад кватэры да станцыі, куды ўладкаваўся тэлеграфістам. Бываюць жа такія супадзенні...

— Вы жывяце ў Баярах? — спытаў ён хлопца.

— Ага.

— І даўно тэлеграфістам сталі?

— Скора год будзе.

— Унь яно што...

Памочнік начальніка палічыў патрэбным дапоўніць гэты занадта сціплы адказ хлопца.

— Наш Стась,— пачаў ён, папярэдне пагладзіўшы сваю лысіну,— у самым вышэйшым гарадскім вучылішчы ў Барысаве вучыўся. Перайшоў быў у чацвёрты клас і мог, скончыўшы, вагаўшчыком ці нават дзяжурным па станцыі, а то і настаўнікам у школе стаць. Але як папаў яго бацька — машыніст Сакалоўскі — у крушэнне, давялося Стасю кінуць вучэнне і ісці здабываць хлеб на меншых братоў, сясцёр і на маці. Начальнік дыстанцыі не хацеў прымаць — няпоўналетні. Мы з Кузьмічом,— паказаў ён вачамі на пазяхаўшага таўстуна,— параілі ўдаве прыбавіць сыну два гады, і — прыняў! Стась месяц пабыў вучнем, а пасля і самастойна стаў на апараце Морзе кропкі-рыскі чытаць і перадаваць.

Начальнік станцыі пазяхнуў так, што аж сківіцы затрашчалі і на вачах выступілі слёзы.

— Можа я не патрэбны вам больш? — спытаў ён Бурмістрава.

— Не,— адказаў Бурмістраў,— ідзіце спаць. Даруйце, што затрымалі вас!

Ён папрасіў у тэлеграфіста два аркушы чыстай паперы і на адным напісаў некалькі слоў.

— Хто з вас пакліча афіцэра-легіянера, што застаўся з каравульнай камандай ля эшалонаў, і ўручыць гэту запіску начальніку артсклада? — звярнуўся ён к тэлеграфісту і памочніку начальніка станцыі.

— Стасю няможна адлучацца ад апарата,— сказаў лысік.— Давайце ўжо я перадам.

Калі ён запаліў каляровы ліхтар і выйшаў, Бурмістраў з Нялюбавым і Хведасевічам селі пісаць пісьмо польскаму палкоўніку.

— Як пачнём, таварышы? — Бурмістраў разгладзіў выдраны з канторскай кнігі ліст.

— А што тут доўга думаць! — Хведасевіч падхапіўся з табурэціка.— Напісаць коратка і ясна: мы, такія і такія, прадстаўнікі рабоча-сялянскай Савецкай улады, прыбылі для перагавораў. Кропка! Прапануем вылучыць са свайго боку адпаведную дэлегацыю, але такую, каб у ёй было не менш як дзве трэціх радавых.

— Так і напішам,— згадзіўся Бурмістраў.

Закончыўшы, ён распісаўся сам унізе і даў распісацца Нялюбаву і Хведасевічу. Затым дастаў з нагруднай кішэні круглую выканкомаўскую пячатку і, хукнуўшы на яе, паставіў на подпісах, як і належыць на такіх афіцыйных паперах.

І толькі ён гэта зрабіў, як у суправаджэнні плячыстага салдата ўвайшоў малайцаваты паручнік. З пагонамі на плячах і з цэшкамі на шапках. Пасля таго як уся руская армія садрала іх і выкінула, яны, гэтыя шляхцюкі, здаліся б Хведасевічу, Нялюбаву і Бурмістраву проста гарохавымі пудзіламі, калі б ім нічога не было вядома пра польскі корпус. Абодва легіянеры — паручнік і салдат, убачыўшы на Бурмістраве афіцэрскі шынель, ускінулі рукі да сваіх шапак. Ніякай варожасці ў іхніх позірках не было прыкметна — адна пачцівасць ды яшчэ насцярожанасць.

Паручнік, адказваючы на запытанне Бурмістрава, пацвердзіў: так, ён сапраўды ёсць начальнік ахоўнай каманды, а палкоўнік — начальнік эшалонаў — знаходзіцца непадалёку, у вёсцы Баяры. Чаму іменна там, а саставы тут, на станцыі,— нават не абмовіўся. Не сказаў ні аднаго такога слова, па якім бы можна было меркаваць аб колькасным саставе і ўзброенасці яго часці, хоць Бурмістраў, Нялюбаў і Хведасевіч слухалі вельмі ўважліва.

Відаць, ён ведаў сваю службу, гэты малайцаваты афіцэр. І ўсё ж яны, супастаўляючы яго словы з расказам начальніка станцыі, зрабілі вывад, што ў двух эшалонах прыбыў, напэўна, полк.

— Вось вам пісьмо.— Бурмістраў падаў паручніку паперу.— Можаце прачытаць.— І, калі той прабег яе вачамі, дадаў: — Неадкладна перадайце гэта пісьмо свайму палкоўніку.

— Ёсць перадаць! — Афіцэр шчоўкнуў абцасамі.

Мінут праз дзесяць вярнуўся памочнік начальніка станцыі і прывёў з сабой двух ваенных без пагонаў і цэшак. Адзін з іх, у афіцэрскім шынялі, быў ужо немалады, з сівізной на скронях, але з маладжавым і мужным тварам. Другі, у салдацкім шынялі, быў каржакаваты, з маладымі вострымі вачамі пад светлымі і таму амаль непрыкметнымі брывамі.

Салдат, убачыўшы Бурмістрава і яго таварышаў, усміхнуўся ўсім сваім круглым, як поўны месяц, тварам. І яны пазналі салдата. Гэта быў старшыня ротнага камітэта Карасёў, які тры тыдні назад прыязджаў з дэлегацыяй ад Прыямінскага артсклада ў Барысаў на мітынг, прысвечаны снежаньскаму рашэнню Савецкага Урада аб дэмакратызацыі арміі.

Карасёў паздароўкаўся з выканкомаўцамі і пазнаёміў іх са сваім таварышам у афіцэрскім шынялі — начальнікам артсклада Берднікавым.

Адразу ж выявілася, што яны пра мяцеж польскага корпуса даведаліся толькі зараз — ад дзяжурнага па станцыі, які прынёс ім запіску. Але падазронае, нядобрае ўчулі яшчэ раніцай, калі побач з воінскай платформай, непадалёку ад свайго склада, убачылі адзін, а ўперадзе — другі эшалон з афіцэрамі і салдатамі ў пагонах і з цэшкамі.

— Мы пагаварылі з таварышам Карасёвым,— скупа расказваў Берднікаў,— і рашылі ўстанавіць за імі назіранне. Узмацнілі на пастах каравулы.

— А як вашы салдаты? Прыхільнікі эсэраў, анархістаў ёсць у вас?

Берднікаў павярнуўся да Карасёва — няхай ротны камітэт дасць даведку. І Карасёў адказаў не без выхвальства:

— У нашай роце, таварыш Бурмістраў, усе бальшавікі! Мы ўсе за мір, за зямлю, за волю і, вядома, за лепшую долю для ўсяго народа — адным словам, за Леніна і за Савецкую ўладу.

— Гэта вельмі добра,— пахваліў Бурмістраў і асцярожна прапанаваў: — Можа вам на помач батальён стралкоў і пару-другую кулямётаў падкінуць? Мы такую магчымасць маем.

— Я думаю,— заявіў Берднікаў,— зараз, калі асноўныя іхнія сілы перайшлі ў Баяры, нам няма чаго апасацца.

— А калі яны знарок туды перабраліся, каб ашукаць вас, усыпіць вашу пільнасць? — спытаў Нялюбаў.

— Сапраўды, што як іх пераход — хітры манеўр? — Бурмістраў перавёў свой позірк з Нялюбава на Хведасевіча, затым — на Берднікава і Карасёва.

— А хоць бы й манеўр! — з хвацкасцю сказаў Карасёў.— Мы таксама не лыкам шытыя. Спаць у шапкі не будзем. І салдат, і кулямётаў з патронамі ў нас хопіць. А прыйдзецца крута — узарвём склад, а не здадзім! Правільна я гавару, таварыш Берднікаў?

Начальнік склада пацвердзіў:

— Абсалютна.

Гэтыя словы чулі і памочнік начальніка станцыі з маладым тэлеграфістам, якія з далікатнасці, каб не перашкаджаць размове людзей ваенных, адразу выйшлі ў Стасеву бакоўку. І ні яны, ні выканкомаўцы, ні Берднікаў, ні сам Карасёў у той момант не падазравалі, якімі прарочымі стануць гэтыя словы. Яны ўспомняць іх праз тры тыдні.

— Ну, глядзіце ж, таварышы,— сказаў Бурмістраў, паціскаючы на развітанне рукі Берднікаву і Карасёву.— Мы спадзяёмся, што снарады з вашага артсклада не трапяць у рукі ворагаў рэвалюцыі.

Берднікаў папрасіў даць ім, калі можна, мінскую «Звязду» з адозвай Саўнаркома Заходняй вобласці і фронту. Бурмістраў пашукаў у сваіх кішэнях і знайшоў той самы нумар, які ўчора ноччу прынёс у агульнае памяшканне Варатніцкі.

— Прачытаем сваім,— сказаў Карасёў, выходзячы ўслед за Бердпікавым.

— Добрыя мальцы! — даў ім ацэнку Хведасевіч, які ў размове ўдзелу не прымаў, слухаў і назіраў.

— Надзейныя,— згадзіўся і Нялюбаў.

Неўзабаве ў суправаджэнні свайго жалнежа-здараўца з’явіўся малайцаваты паручнік і далажыў, што пісьмо палкоўніку ўручана і што праз дзве-тры гадзіны з Баяр прыбудзе дэлегацыя для перагавораў. Хведасевічу захацелася пахваліць легіянера за спрыт.

— Добжа,— успомніў ён адзінае польскае слова, якое ведаў.— Можаце ісці, пане афіцэр.

Сямён знарок назваў яго панам, каб паглядзець, як ён будзе рэагаваць. Але твар афіцэра застаўся непранікальным. Так жа замкнёна паглядаў і салдат. Яны падкрэслена афіцыйна адказыралі і выйшлі. Калі за імі зачыніліся дзверы, Бурмістраў зірнуў на свой гадзіннік, на ходзікі, што чыкалі на сцяне.

— Без пяці дзве — значыць, палякі з’явяцца ў чатыры, у пяць. Давайце падрэмлем трошкі. Дзе б тут прыткнуцца ў вас, таварыш дзяжурны?

З-за перагародкі, за якой дробна стукаў апарат, выглянуў тэлеграфіст. Не звяртаючыся ні да кога асабіста, ён прапанаваў мяккі тапчан у сваёй каморцы.

— Вось вам і месца, Міхаіл Сцяпанавіч! — усклікнулі ў адзін голас Нялюбаў і Хведасевіч.

Аднак Бурмістраў наадрэз адмовіўся. Калі б такіх тапчанаў было столькі, колькі іх саміх, ён згадзіўся б заняць адзін з трох. Але таму, што іх было тры чалавекі, а тапчан адзін, ён і адмовіўся ад яго, каб нічым не вылучацца, ні ў чым не мець ніякай прывілеі ці перавагі.

— На тапчане ляжа таварыш Хведасевіч,— сказаў Бурмістраў,— у яго жывот баліць.

І як Хведасевіч ні адмаўляўся, як ні даводзіў, што жывот у яго даўно сціх, Бурмістраў настаяў, каб іменна ён заняў тапчан, а сам з Нялюбавым улёгся на падлозе ў кабінеціку начальніка станцыі. Адзін шынель яны паслалі пад бок, а другім накрыліся.

— Разбудзіце нас роўна ў пяць,— папрасіў Бурмістраў дзяжурнага па станцыі, прыўзняўшы галаву.— Калі, вядома, дэлегацыя легіянераў не з’явіцца раней...

Ён прытуліўся па-салдацку спіною да цёплай спіны Нялюбава і праз мінуту заснуў. Паснулі і Нялюбаў з Хведасевічам.

Каб не патрывожыць іхні сон, тэлеграфіст і дзяжурны па станцыі хадзілі асцярожна і размаўлялі напаўголасу. Яны рабілі тое, што патрабавала служба, і думалі аб адным: здолеюць бальшавікі дамовіцца з легіянерамі ці справа дойдзе да ўзброенай сутычкі, да адкрытай вайны? Яны не маглі быць раўнадушнымі к таму, як далей разгорнуцца падзеі на іхняй станцыі.

Дзяжурнаму па станцыі, чалавеку нясмеламу і мяккаму, нават чулліваму, не даводзілася бываць на фронце і прымаць удзел у баях: яго, чыгуначнага служачага, у армію не прызывалі. Аднак і таго, што ён пабачыў і пачуў тут, у Прыяміне, было дастаткова для таго, каб уявіць сабе сучасную вайну. Колькі эшалонаў, перапоўненых знявечанымі і хворымі салдатамі, прапусціў ён цераз сваю станцыю за апошнія тры з палавінай гады! Колькі паяздоў з бежанцамі спынялася за гэты час тут! А якія жахі расказвалі, прыязджаючы пасля шпіталяў на пабыўку, адпускнікі, а таксама тыя, што вярталіся дамоў без рукі ці без нагі! Ён заўважыў, што вайна, якая ўпачатку грымела недзе за Варшавай, упарта коціцца на ўсход, к Мінску, і стаў баяцца, як бы фронт з часам не наблізіўся к Прыяміну. Часта яму снілася, быццам ужо наблізіўся. Ён лічыў, што і аблысеў з-за такіх перажыванняў. Таму ён узрадаваўся надзвычайна, калі новая ўлада прапанавала ўсім краінам спыніць крывавую бойню і распачала перагаворы аб заключэнні міру. І вось на табе — у Прыяміне легіянеры, якія аб’явілі Саветам вайну. «Хоць бы ўсё абышлося без страляніны і кровапраліцця! — маліўся ён у думках.— Хоць бы абышлося!»

Стася ж тая трывожная сітуацыя, якая складалася на іхняй станцыі, не пужала. Не таму, што ён быў занадта малады. Нягледзячы на свае няпоўныя семнаццаць гадоў, Стась ужо быў не бестурботным хлапчуком, а сталым юнаком. Сур’ёзным яго зрабіла не толькі адказнасць за сям’ю, аб якой ён павінен быў клапаціцца пасля смерці бацькі. Яго светапогляд, яго характар фармаваўся пад моцным уздзеяннем начальніка артсклада, якога ён ведаў даўно, але зблізіўся з якім у пачатку лістапада. Звяла іх агульная любоў да Някрасава.

Зайшоў неяк Берднікаў у тэлеграфную камору, каб даць дэпешу ў штаб фронту, і ўбачыў на тапчане разгорнутую кніжку, а ў ёй — слупкі вершаў.

Заўсёды афіцыйна сухарлявы яго твар асвяціла добрая ўсмешка.

— Захапляецеся ці зазіраеце з нуды?—спытаў у Стася, узяўшы з яго дазволу кніжку ў рукі і прысеўшы на край тапчана.

— Я люблю Някрасава!

— Я таксама яго люблю, не менш чым Пушкіна і Лермантава,— прызнаўся Берднікаў.

— Дык і я іх люблю! А Някрасава яшчэ больш! Па-мойму, ён самы вялікі ў свеце паэт!

Берднікаў з цеплынёй зірнуў Стасю ў вочы.

— І што ж вам у Някрасава асабліва падабаецца?

— Усё! А больш, вядома, «Чыгунка». Калі я вучыўся ў Барысаве, я прачытаў яе ў час канікул тату і маме. Тата сказаў, што Някрасаў, мусіць, сам цягаў тачку і стаяў па калена ў гразі, мёрз і галадаў — іначай як бы ён змог так праўдзіва апісаць усё.— І, жадаючы быць шчырым да канца, дадаў: — Мой жа тата ў маладосці будаваў нашу чыгунку разам з замужанскім Хвядосам Каптурам і другімі хлопцамі з суседніх вёсак.

Пасля гэтага Берднікаў не спяшаўся, як рабіў раней, здаць хутчэй дэпешу і кіўнуць на развітанне: «Бывайце». Цяпер ён, калі на тэлеграфе дзяжурыў Стась, затрымліваўся, і між імі ўзнікала гутарка. Берднікаў на памяць чытаў Стасю такія вершы Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Рылеева, якіх малады тэлеграфіст ніколі яшчэ не чуў. Здаралася, калі Стась канчаў сваю работу, яны хадзілі ўдвух ля пуцей, і Берднікаў расказваў пра сяброў Пушкіна — дзекабрыстаў, пра народнікаў, іхнюю самаахвярную барацьбу і іхнія горкія няўдачы, пра тысяча дзевяцьсот пяты год...

Стась разумеў: у іхнім Прыяміне наспяваюць сур’ёзныя падзеі, у якіх і ён прыме ўдзел.

* * *

На станцыю Прыяміна прыбыў у двух эшалонах польскі пяхотны полк, які фарміраваўся і стаяў у горадзе Ржэве Цвярской губерні.

Пераважалі ў ім былыя афіцэры і салдаты аўстрыйскай і нямецкай армій, што ў час вайны трапілі ў рускі палон. Але камандзірам палка вышэйшае начальства прызначыла палкоўніка рускай службы Вінцэнта Варановіча, які ў баях пад Варшавай у 1915 годзе зарэкамендаваў сябе і добрым ваякам, і гарачым патрыётам Расіі, за што быў узнагароджаны афіцэрскім георгіем.

У памочнікі яму быў дадзены руды, як прус, кручканосы, з халоднымі ястрабінымі вачамі пазнанец Чэслаў Касіцкі, які да 1916 года, да таго як данскія казакі захапілі яго ў палон, служыў кайзеру ў званні палкоўніка.

Нядаўнія ворагі, Варановіч і Касіцкі, стаўшы на чале польскага палка, адразу знайшлі агульную мову. Іх, як і другіх афіцэраў палка, яднала гарачая мара аб адраджэнні шляхецкай Рэчы Паспалітай і нянавісць да хлопаў. 12 студзеня Варановіч і Касіцкі атрымалі ад камандуючага корпусам генерала Доўбар-Мусніцкага зашыфраваную тэлеграму, якая была паслана з Бабруйска 9 студзеня. Генерал загадваў палку неадкладна пагрузіцца ў вагоны і не пазней 11 студзеня прыбыць у Жлобін. Абодва палкоўнікі абураліся, лаялі пошту і тэлеграф самымі брыдкімі словамі. Аднак лаянкай ужо нельга было памагчы справе: неабходна было думаць аб выкананні загаду, які прыйшоў са спазненнем на тры дні.

12 студзеня ў Ржэве яшчэ нічога не ведалі пра ўзняты ў Беларусі польскім корпусам мяцеж, і Варановічу к вечару ўдалося атрымаць у сваё распараджэнне 60 вагонаў: 50 — пад цяплушкі, 2 — пад афіцэрскіх коней і 8 — пад палкавую маёмасць, а таксама адзін класны вагон — пад штаб. Сярод ржэўскіх машыністаў знайшліся два палякі. Яны падахвоціліся весці эшалоны аж да самага Жлобіна. Памочнікаў машыністаў Варановіч знайшоў у сваім палку, а качагарамі паставіў самых здаравенных жалнежаў.

К дзесяці гадзінам вечара полк поўнасцю перасяліўся ў вагоны. Але эшалоны не адпраўляліся: тэндэры паравозаў былі загружаны толькі на адну чвэрць, а на дрывяным складзе не было ні палена. Машыністы раілі пачакаць, пакуль на склад падвязуць дроў. Варановіч пачакаў дзве гадзіны і больш не мог. Яму не давала пакою прадчуванне вялікіх падзей. Яго прыгнятала і гнала наперад неадчэпная думка, што ён са сваім палком позніцца туды, куды кліча камандуючы корпусам. «У дарозе набяром дроў!» — сказаў ён машыністам.

І роўна ў поўнач з 12 на 13 студзеня эшалоны пакінулі Ржэў і адзін за другім рушылі на захад, на Вялікія Лукі.

Аднак ужо на першай прамежнай станцыі выявілася, што ўзяць там нечага. На другой — тое самае. Не аказалася дроў і на вялікай станцыі Нялідава, куды эшалоны прыбылі раніцай.

Між тым тэндэры зусім апусцелі, і Варановіч з Касіцкім вымушаны былі чакаць. Каля поўдня на станцыю прыйшло трое развалак з дрывамі, у поўдзень — пяцёра, праз гадзіну — яшчэ двое. І ўсё. Са злосці Варановіч загадаў жалнежам зламаць ля пакгауза паркан са старых шпал і таксама ўкінуць іх у тэндэры.

Яны ўжо шкадавалі, што не паслухалі машыністаў. Цяпер ўся надзея была на Вялікія Лукі. А выявілася, што і ў Вялікіх Луках не лепш з палівам. «Чакайце»,— адказаў начальнік станцыі. Яму лёгка было сказаць — чакайце: ён нікуды не спяшаўся. А Варановіч з Касіцкім спяшаліся. Яны паслалі ў розныя бакі некалькі груп сваіх жалнежаў з афіцэрамі на чале — адшукаць паблізу што-небудзь прыгоднае на дровы. Адна з такіх груп знайшла вярсты за паўтары ад станцыі вялізны, барачнага тыпу, зруб. Варановіч загадаў раскідаць зруб і бярвенні парэзаць і перацягнуць к эшалонам. Астатак ночы і ўсё ранне працавалі пад наглядам сваіх афіцэраў жалнежы, пакуль не набілі паўсажэннымі круглякамі абодва тэндэры. Забяспечылі дрывамі штабны вагон і свае прамерзлыя цяплушкі. Нарэшце, гадзін у дзесяць раніцы 14 студзеня эшалоны крануліся — паперадзе састаў, у якім знаходзіўся штабны вагон, услед за ім, мінут праз пяць,— другі.

У той дзень у Віцебску стала вядома, што генерал Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Саветам. Дэпеша з такім паведамленнем была атрымана з Мінска пасля паўдня. А гадзіны праз тры, ужо па адвячорку, на станцыю адзін за другім прыбылі два эшалоны з легіянерамі.

Віцебскія бальшавікі маглі проціпаставіць ім сотні чатыры чырвонагвардзейскіх штыкоў. Але каб сабраць іх усіх з фабрык і заводаў, патрэбен быў пэўны час. А час не чакаў. Неабходна было дзейнічаць неадкладна. Вырашылі ўжыць выпрабаваную бальшавіцкую зброю — звярнуцца да салдат-палякаў са словам.

У той момант, як Варановіч у вакзале дамаўляўся з дзяжурным па станцыі аб адпраўленні эшалонаў далей, на пероне, дзе сабралася ля гандлярак гарбузовымі і сланечнікавымі семкамі шмат легіянераў, узнік мітынг. Яго пачаў, ускочыўшы на скрынку, камандзір чырвонагвардзейскага атрада чыгуначнікаў. Ужо немалады, з прамымі чорнымі вусамі, у пацёртым паліто, падперазаным дзяжкай, ён зычна гукнуў: «Браця жалнежы!» Пачуўшы родную мову, з цяплушак высыпалі амаль усе жалнежы. У сваіх казармах у Ржэве яны ўжо адвыклі ад мітынгаў і цяпер адчулі сябе як у першыя дні пасля звяржэння самадзяржаўя.

Варановіч у суправаджэнні свайго нязменнага ад’ютанта малайцаватага паручніка Антэка Коршука-Пыхі выйшаў з вакзала ў тую мінуту, калі прамоўца гаварыў аб пераможным шэсці Кастрычніка па ўсёй неабсяжнай тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Аб тым, што неўзабаве, як толькі польскія землі будуць ачышчаны ад аўстрыйскіх і нямецкіх войск, рабочыя і сяляне Польшчы ўстановяць Савецкую ўладу і ў сябе.

Гнеў ахапіў палкоўніка. Мала таго, што яго жалнежы самавольна пакінулі вагоны. Яны яшчэ слухаюць бальшавіцкага агітатара! Першай яго думкай было — зараз жа абарваць прамоўцу, спыніць распачаты без яго дазволу мітынг і загнаць жалнежаў у вагоны. З такім намерам ён стаў праціскацца праз натоўп.

— Толькі тым,— гаварыў далей прамоўца,— у каго рэвалюцыя адабрала зямлю і маёнткі, каму не даспадобы рабочы кантроль на фабрыках і заводах, тым, хто нажываўся на вайне,— толькі тым ненавісна ўлада Саветаў. Ненавісна яна і генералу Доўбар-Мусніцкаму, які распачаў заўчора супроць яе актыўныя ваенныя дзеянні ўдоўж лініі Бабруйск — Жлобін.

Гэта была звестка надзвычайнай важнасці — не толькі для простых жалнежаў і афіцэраў, але і для самога Варановіча. Цяпер ён зразумеў, чаму генерал выклікаў яго полк у Жлобін к 11 студзеня. Значыць, на 12 студзеня было намечана выступленне ўсяго корпуса! Варановіч адчуў, як сэрца яго спачатку рванулася — ад радасці, што нарэшце пачалася свяшчэнная барацьба ў імя вялікай Рэчы Паспалітай, а потым сціснулася — ад горычы і крыўды, што ён са сваім палком спазніўся к пачатку.

Ён спыніўся за два крокі ад прамоўцы. Ён ужо забыў пра тое, што ўсяго мінуту назад збіраўся закрыць мітынг. Зараз яму хацелася, каб чалавек у пацёртым паліто, падперазаны дзяжкай, гаварыў аб дзеяннях Доўбар-Мусніцкага больш і падрабязней. Але той сам не ведаў падрабязнасцей. Ён звяртаўся да класавай свядомасці жалнежаў. Заклікаў іх не праліваць кроў сваіх братоў, не ганьбіць гонар рабоча-сялянскай Польшчы, будучыня якой цалкам залежыць ад перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі.

У сваіх афіцэрах Варановіч быў упэўнены. Вялікая група іх на чале з Касіцкім стаяла ззаду натоўпу: адны спакойна лузалі семкі, другія ціха перагаворваліся і нечаму ўсміхаліся. Касіцкі крывіў губы.

Іншая справа — жалнежы. Варановіч бачыў, з якой увагай слухаюць яны прамову паляка-бальшавіка. Слухаюць і не перабіваюць. Каб прадухіліць выступленне каго-небудзь з жалнежаў, Варановіч сам падняўся на скрынку, як толькі з яе злез чырвонагвардзейскі камандзір. Ён заявіў, што яго полк дагэтуль захоўваў і надалей будзе захоўваць строгі нейтралітэт у той барацьбе за ўладу, якая вядзецца ў Расіі. Што полк вітаў заключанае Савецкім Урадам перамір’е з немцамі.

— А чаму вы дасюль носіце царскія пагоны і кукарды? — перабіў пытаннем адзін з чыгуначнікаў-чырвонагвардзейцаў, што прыйшлі на мітынг разам са сваім камандзірам.

— А таму,— міралюбна растлумачыў Варановіч, бліснуўшы ва ўсмешцы залатым зубам,— што наш корпус пераходзіць на сваю, асобную форму. І мы чакалі, натуральна, калі нам яе выдадуць.

— Вы заявілі, што вы нейтралы,— падаў голас другі чырвонагвардзеец.— Мы прапануем вам спыніцца ў нашым горадзе. У нас добрыя казармы. Зараз яны пустуюць.

Новая ўсмешка засвяцілася на шчакатым твары Варановіча.

— Мы б з вялікай ахвотай засталіся тут. Але ж у нас загад Стаўкі — з’явіцца ў Магілёў.

— Вы можаце паказаць нам гэты загад? — спытаў камандзір чырвонагвардзейцаў.

— Усякі ваенны загад — ваенная тайна,— растлумачыў Варановіч і тут жа памяркоўна дадаў: — Але вам і вашым таварышам, калі ён так цікавіць вас, пакажам. Прашу ў штабны вагон.— Ён зрабіў шырокі жэст рукою і першы накіраваўся па калідоры, які ўтварылі жалнежы, даючы дарогу свайму палкавому камандзіру і чырвонагвардзейцам.

Пачало вечарэць — хмарнае неба над станцыяй пахмурнела яшчэ больш і апусцілася ніжэй.

На семафорах загарэліся чырвоныя і зялёныя зоркі.

Падышоўшы да класнага вагона, Варановіч прыпыніўся ля падножкі і тым жа гасцінным жэстам запрасіў віцяблян падымацца. Калі за парэнчы ўхапіўся апошні з чырвонагвардзейцаў, Варановіч непрыкметна шапнуў нешта свайму ад’ютанту, і той павярнуўся і подбегам пусціўся назад.

У вагоне, у той палавіне, куды трапілі чырвонагвардзейцы, стаяў паўзмрок. Але яшчэ добра былі відаць крэслы, вялікая карта на сцяне, доўгі стол. Ля стала стаялі два афіцэры і запытальна пазіралі на палкоўніка і незнаёмых людзей у цывільным, якіх той прывёў у штаб. Варановіч, нічога не сказаўшы сваім афіцэрам, прапанаваў чырвонагвардзейцам прысесці. Тыя адмовіліся. Але ён запрашаў з такой прыязнай настойлівасцю, што нарэшце ўгаварыў. Ён выняў з шуфляды адну папку, перабраў у ёй усе паперкі. Затым дастаў другую.

— Дзе ж яна падзелася, тэлеграма тая? — заклапочана гаварыў ён, гартаючы паперкі ў трэцяй папцы. — А, успомніў! Я ж яе клаў у сваю сумку. Адну хвілінку!

Палкоўнік выйшаў у другую палавіну вагона, праход у якую быў завешаны шырмай, і вярнуўся мінуты праз дзве — з палявой сумкай і запаленай свечкай у руках. Ён выцягваў з сумкі адзін за адным лісткі, уважліва праглядаў іх, але тэлеграмы са Стаўкі не знаходзіў.

Чырвонагвардзейскаму камандзіру здаліся падазронымі такія доўгія пошукі, і ён устаў. Тое ж самае зрабілі яго таварышы.

Якраз у гэты момант у вагон увалілася чалавек сем афіцэраў з ажыўленымі тварамі, і поезд крануўся з месца. Чырвонагвардзейцы кінуліся к выхаду.

— Куды ж вы? — крыкнуў ім услед Варановіч.— Вось тэлеграма! Знайшлася!

Але яны ўжо не верылі яму. Яны зразумелі, што палкоўнік ашукаў іх, як маладых вераб’ёў на мякіне. Саскочыўшы на ўтрамбаваны сотнямі ног снег, яны пастаялі, праводзячы вачамі таварныя вагоны, перапоўненыя жалнежамі, якіх ім не ўдалося адкалоць ад афіцэраў. Убачылі, як адразу ўслед за першым эшалонам, проста ў хвост яму, парушаючы ўсе чыгуначныя правілы, рушыў другі састаў, і пайшлі ў вакзал...

Абганяючы эшалоны, у Оршу на імя ваеннага каменданта, на імя камандзіра чырвонай рабочай дружыны паляцелі трывожныя тэлеграмы...

Варановіч разумеў, што абдураныя ім віцябляне не даруюць яму і паспяшаюць папярэдзіць аршанцаў. Але, акрылены ўдачай і поўны свавольнай рашучасці, спадзяваўся прарвацца на Жлобін. Ён разлічваў на тое, што армейскія часці, калі і ёсць у Оршы, у бой увязвацца не захочуць: салдаты і так страшэнна стаміліся ад вайны, яны рады наступіўшаму перамір’ю з немцамі і з дня на дзень чакаюць поўнай дэмабілізацыі. А моцных чырвонагвардзейскіх атрадаў у такім гарадку, разважаў ён, быць не можа. Чырвонагвардзейцы проста пабаяцца чапаць яго спаяны, вымуштраваны і добра ўзброены полк. А зачэпяць — ён разгоніць іх, як каршун пісклят.

Не палохаў яго і Магілёў, дзе пры Стаўцы маглі аказацца часці, што не канчаткова страцілі былую баяздольнасць. Калі такія часці паспрабуюць стаць яму на дарозе, ён будзе прабівацца з боем. У крайнім выпадку загадае палку пакінуць эшалоны і рушыць далей, на Жлобін, паходным парадкам.

Такія планы, цвёрда верачы ў сваю ўдачу, будаваў палкоўнік Варановіч. Начальнік штаба палкоўнік Касіцкі цалкам згаджаўся з ім.

Асвятляючы сабе дарогу яркімі пукамі-праменнямі паравозных пражэктараў і фар, імчаліся па рэйках адзін за другім эшалоны. Дамчаліся да першай станцыі і спыніліся — не больш як на дзве мінуты. Дзяжурны па станцыі з гатоўнасцю, нават нейкай паспешлівасцю, прапусціў эшалоны далей, і Варановіч у гэтай паслухмянасці бачыў прызнанне сваёй сілы.

Набліжалася Орша.

І вось калі да яе заставаліся лічаныя вёрсты, на нейкім невядомым прыпынку, які і паўстанкам нельга назваць, неспадзявана прыйшлося затрымацца, і надоўга. Дакладней кажучы, эшалоны затрымаў чыгуначнік, выставіўшы чырвоны ліхтар. Ён назваўся начальнікам платформы і на ўсе патрабаванні палкоўніка — даць неадкладна адпраўленне яго эшалонам — разводзіў бездапаможна рукамі і адказваў: «Орша не прымае! Што ж я магу зрабіць?» Варановіч аглушальна ляпаў дзвярамі і выскокваў з вакзальчыка на мароз. Ён гойсаў упоцемку па аснежанай платформе так шпарка і бязладна, што паручнік Коршук-Пыха, які лічыў сваім ад’ютанцкім абавязкам не адставаць і на крок ад палкоўніка, заблытаўся і вымушаны быў спыніцца і назіраць за ім збоку. Паручнік разумеў душэўны стан свайго камандзіра і разумеў, чаму той нервуецца, але памагчы нічым не мог. Пабегаўшы і не супакоіўшыся, Варановіч ізноў урываўся ў вакзальчык і зноў чуў ранейшы адказ. «Зараз жа давай адпраўленне, пся крэў, а то я выпушчу з цябе душу і адпраўлюся без твайго дазволу!» — Варановіч кідаў руку на эфес сваёй палкоўніцкай шаблі і грозна падступаў к начальніку платформы. «Адпраўляйцеся,— без страху адказваў той,— калі хочаце ўрэзацца ў які-небудзь састаў, калі вам абрыдла жыццё». Варановіч вылятаў па двор і, быццам рысь у клетцы, ізноў мітусіўся і скрыгатаў зубамі. Побач цямнелі застылыя на рэйках вагоны, поўныя легіянераў. І думка аб тым, што гэтыя вагоны маглі ўжо быць у Оршы, прыводзіла яго ў шаленства.

Нарэшце ў дзесяць гадзін з мінутамі начальнік платформы весела аб’явіў, што Орша гатова к прыёму эшалонаў. «Дык не марудзь!» —кінуў яму на хаду Варановіч, выходзячы разам з ім з вакзальчыка. Ён шпарка пакрочыў у суправаджэнні вернага ад’ютанта, але не к штабному вагону, у якім ехаў дагэтуль, а к паравозу галаўнога эшалона. Па крутой лесвіцы лёгка падняўся ў будку. «Рушай!» — загадаў машыністу.

Паравоз таргануў трыццацівагонны састаў адразу пасля першага ўдару ў брынклівы станцыйны звон. Другі ўдар быў заглушаны жалезным ляскам крукоў, якімі счапляліся вагоны. Адзінокі будынак вакзальчыка застаўся ззаду, збоку замільгалі тэлеграфныя слупы. Скора абапал насыпу пабег малады густы ельнік з пушыстымі шапкамі снегу на лапках. Пранізваючы начную цемень гіганцкім мечападобным пукам яркіх пражэктарных праменнняў, поезд набіраў разгон. Варановіч выткнуў з паравознай будкі галаву і на павароце, вярсты за тры ззаду, убачыў яшчэ адзін такі ж яркі меч, які нёс перад сабою другі эшалон.

К палкоўніку вярнуўся ранейшы прыўзняты настрой. Яго полк набліжаўся да мэты, нягледзячы на ўсякія затрымкі! Настрой гэты ўзмацніўся яшчэ больш, калі ў змроку замігцелі светлякамі агні вячэрняй Оршы і неўзабаве ён убачыў наперадзе зялёную кропку на семафоры, а затым, прамінуўшы семафор, такую ж кропку ліхтара, з якім дзяжурныя па станцыі выходзяць сустракаць паязды.

Перад будынкам вакзала стаяў натоўп.

— Што за народ? — кіўнуў Варановіч у бок натоўпу, саскочыўшы з паравознай прыступкі і падышоўшы к дзяжурнаму па станцыі.

— А гэта вас выйшлі сустракаць,— адказаў той, падкрэсліўшы апошняе слова.

Варановічу пачулася насмешка ў адказе.

— Хто выйшаў?

— Ды ўсе: нашы служачыя, дэпоўскія, начальства, ну і, вядома, пасажыры...

— Якое начальства?

— Галоўнае: камандзір дружыннікаў, ваенны камендант...

— Каторы з іх камендант? — пацікавіўся Варановіч.

— Ды вунь ён — высокі, у шынялі і ў шэрай шапцы, стаіць побач з матросам у бушлаце. Матрос і ёсць камандзір нашай чырвонай дружыны.

Варановіч павярнуў галаву і зірнуў уздоўж эшалона: з вагонаў пачалі вылазіць і выскокваць на снег жалнежы і афіцэры; у хвост пярэдняму эшалону, ззяючы абедзвюма фарамі і пражэктарам свайго паравоза, заходзіў другі эшалон. Варановіч ахапіў усё гэта адным беглым позіркам і бадзёрым, упэўненым крокам накіраваўся к перону. Ён ішоў прама на каменданта, перасякаючы пуці наўскос. Ішоў, адчуваючы за сабой сілу цэлага палка. Злева ад яго крочыў малайцаваты паручнік Коршук-Пыха. Верны ад’ютант строга прытрымліваўся дыстанцыі: не зусім поплеч з начальствам і не зусім ззаду, а так, як належыць ісці паручніку, які суправаджае палкоўніка.

Сотні людзей на пероне маўкліва сачылі за іхнім набліжэннем.

— Вы камендант? — уладна спытаў Варановіч, спыніўшыся крокі за тры-чатыры ад перона і паставіўшы для ўпору адну нагу на рэйку.

— Я камендант,— спакойна адказаў Гарбачоў і ў сваю чаргу, як быццам нічога не ведаў і ні аб чым не здагадваўся, запытаўся: — А вы хто будзеце?

Варановіча раздражняла тая смеласць і тая годнасць, з якою трымаўся з ім, палкоўнікам, гэты ўчарашні радавы, самае большае — унтэр-афіцэр, узнесены бальшавікамі на пасаду ваеннага каменданта адной з буйнейшых станцый. Яшчэ больш злавала тое, што яму, двараніну, прыходзілася размаўляць, стоячы ўнізе, у той час як гэты лапцюжнік стаяў на ўзвышшы — хоць і на невялікім, але на ўзвышшы.

Аднак ён заглушыў у сэрцы раздражненне і злосць і з напускной зухаватасцю адказаў, што з’яўляецца начальнікам двух воінскіх эшалонаў, якія па загаду галоўнакамандуючага таварыша Крыленкі накіроўваюцца ў Магілёў у распараджэнне Стаўкі. Ён палічыў за лепшае ў першы момант сустрэчы з аршанцамі паўтараць ім тое самае, што гаварыў у Віцебску. Ён загадзя, у дарозе, абдумаў праўдападобнае тлумачэнне на той выпадак, калі ў Оршы пачнуць дапытвацца, чаму ён у Віцебску не паказаў загад Крыленкі. Падрабязна прадумаў план дзеянняў у адказ, калі аршанцы запатрабуюць паказаць ім загад. «Я ім такі загад пакажу,— думаў ён зларадна,— што ажно поўсць на іх будзе курыцца! Я разнясу іх станцыю — хай толькі паспрабуюць заартачыцца!»

— Паравозы мяняць няма патрэбы, і дровы ў вас мы браць не будзем,— закончыў ён, каб прыспешыць адпраўленне і прадухіліць усякую магчымасць затрымкі. і

— Спазніліся вы, пане палкоўнік! — не хаваючы радасці, насмешліва сказаў Гарбачоў.— Пуць на Магілёў разабраны! Не ўдасца вам туды прарвацца!

— Ш-што-о?! — Варановіч, сціснуўшы кулакі, папёр на Гарбачова. Ад злосці, што ён, быццам дурань, тарчаў каля нейкай платформы, у той час як тут руйнавалі пуць, ён задыхаўся і гатоў быў душыць і крышыць. Так ашукацца!..

Але зрабіў ён толькі два крокі. Наблізіўшыся к перону, ён разгледзеў, якія дручкі трымалі ў руках чыгуначныя рабочыя, што стаялі поплеч з матросам і камендантам. Гэта былі жалезныя ламы, лапы, якімі выдзіраюць са шпал кастылі, і гаечныя ключы з доўгімі ручкамі.

Аднаго ўдару такой жалязякі хопіць для таго, каб адправіць чалавека на той свет.

Варановіч падаўся назад. Адступіў і яго ад’ютант, які толькі што гатовы быў выказаць сваю адданасць камандзіру і будучай Рэчы Паспалітай.

Убачыўшы гэту сцэну і пачуўшы крык Варановіча, падбеглі палкоўнік Касіцкі і другія афіцэры са штабнога вагона, які спыніўся якраз насупраць. Ад цяплушак з тупатам валілі, спатыкаючыся аб рэйкі, жалнежы.

— Што такое?

— У чым справа?

Варановіч нават не азірнуўся — настолькі ён быў упэўнены ў адданасці сваіх жалнежаў і ў іхняй гатоўнасці ісці за ім у агонь і ваду. Ён пераводзіў гнеўны позірк з каменданта на матроса і з матроса на каменданта.

— Гэта вы падбухторылі цёмных, разбэшчаных анархіяй людзей, каб яны сапсавалі пуць?! — задыхаўся ён ад гневу.— Вы! Вы! Я даю вам роўна гадзіну! Адну гадзіну! За гэты час разбураны пуць павінен быць поўнасцю адноўлены!..

— Сам аднаўляй, калі табе трэба, а мы не будзем! — задзірліва крыкнуў чарнавокі рабочы ў зашмальцаванай паддзёўцы, што стаяў побач з матросам і, быццам крывую дубінку, сціскаў выгнутую лапу, якой ён спрытна арудаваў нядаўна.

Нават пры слабым святле перонных ліхтароў было відаць, як пачырванелі палкоўніцкія вушы — ні даць ні ўзяць петушыныя грабяні.

— Я вас... прымушу!..

— Не прымусіш!

— Не на тых натрапіў!

— Рукі кароткія!

— Не тыя цяпер часы! — крычалі ў адказ з перона.

— Я загадаю сваім салдатам — і яны ўсыплюць кожнаму, хто не паслухаецца, па дваццаць пяць шомпалаў! — пагражаў палкоўнік.

— У казакаў і царскіх жандараў навучыліся махаць шомпаламі?! — падаў рэпліку матрос.

Варановіч на міг скрыжаваў свой ашалелы позірк з яго спакойна-іранічным і не адказаў на рэпліку.

— Ды вы ведаеце, з кім справу маеце?! — распальваўся ён усё больш, паводжваючы вылупленымі вачамі злева направа і справа налева.

— Усё ведаем! — бясстрашна адказаў рабочы ў зашмальцаванай паддзёўцы.— Ведаем, што ваш Доўбар-Мусніцкі хоча ўсадзіць нож у спіну рэвалюцыі! І куды спяшаецеся са сваімі эшалонамі, таксама ведаем, хоць вы і абзываеце нас цёмнымі і разбэшчанымі!

Гарбачоў бачыў, з якою прагаю ловяць жалнежы кожнае слова дэпоўскага слесара Сяпчылы. Бачыў, як многія з іх імкнуцца праціснуцца бліжэй к перону, каб лепш пачуць бальшавікоў. На пуцях між перонам і вагонамі пярэдняга эшалона вырас натоўп, разы ў два большы за той, што стаяў на пероне, а жалнежы ўсё падбягалі і падбягалі — цяпер ужо з другога эшалона.

І Гарбачоў, які нічога не ведаў пра мітынг на вакзале ў Віцебску (у сваёй тэлеграме віцябляне не паведамілі аб гэтым), рашыў, што ён павінен сказаць. Звярнуцца к сумленню і сэрцам простых жалнежаў. У тыя першыя дні і месяцы рэвалюцыі асноўныя бітвы адбываліся на сходах і канферэнцыях, на мітынгах і з’ездах. І бальшавікі, як правіла, атрымлівалі перамогу.

Паўгадзіны таму назад, калі былі разабраны восем звенняў рэек і дружыннікі разам з салдатамі каменданцкага ўзвода, разгарачаныя і ўзмакрэлыя ад поту, вярталіся з Магілёўскай веткі на вакзал, матрос высунуў надзвычайна дзёрзкі план. Ён прапанаваў акружыць знянацку, як толькі легіянеры прыбудуць на станцыю, іхнія эшалоны і папрабаваць раззброіць па частках: спачатку адзін вагон, затым другі, трэці і так да канца. Гарбачову гэта ідэя спадабалася. Але, цвяроза ўзважыўшы свае сілы, якія ў цэлым раўняліся няпоўнай роце, і сілы, якія рухаліся ў двух эшалонах, рашуча адкінуў думку аб акружэнні: такая спроба магла закончыцца кровапраліццем і ўласным паражэннем. А ўступаць у бой ды яшчэ без цвёрдай надзеі на перамогу — такі вынік не вабіў маладога бальшавіка.

— Таварышы салдаты з польскага корпуса! — кінуў ён цераз галовы палкоўніка Варановіча і другіх афіцэраў, што стаялі каля самага перона, кліч у натоўп жалнежаў. Натоўп калыхнуўся, як жыта ад павеву свежага ветру, і застыў.— Сацыялістычная рэвалюцыя абяцала даць і дала змучаным вайною народам доўгачаканы мір. А ваш контррэвалюцыйны, крыважэрны генерал Доўбар-Мусніцкі і вашы камандзіры-карнілаўцы штурхаюць вас у вайну з Савецкай рэспублікай. Вашымі рукамі, таварышы салдаты, яны хочуць задушыць маладую ўладу рабочых і сялян і вярнуць панам зямлю. Не слухайце палкоўнікаў-ашуканцаў і ўсіх старарэжымных афіцэраў! Скідайце іх і выбірайце сабе камандзіраў з ліку надзейных, адданых рэвалюцыі салдат і унтэр-афіцэраў, як гэта ўжо зрабілі ва ўсіх часцях арміі! Здзірайце са сваіх шапак царскія кукарды і з плеч — ганебныя пагоны! Станавіцеся пад чырвоны сцяг рэвалюцыі! Ідзіце разам з намі, разам з усімі працоўнымі ў светлае царства свабоды, роўнасці і братэрства! і

— Не верце яму, жалнежы, сыны маткі Польшчы! — крыкнуў, ускочыўшы на край перона Варановіч.— Ён бальшавік! А ўсе бальшавікі — бунтаўшчыкі і баламуты! Гэта ён загадаў разабраць пуць, каб мы не змаглі далучыцца да свайго корпуса.— Палкоўнік ад нянавісці і абурэння, якія перапаўнялі яго істоту, закашляўся. А калі адкашляўся, дык перайшоў на нейкі хрыплы віск: — Яго... расстраляць... трэба... тут жа... на месцы...— Пальцы палкоўніка шкраблі кабуру пісталета, але ніяк не маглі адшпіліць яе.

— А гэта вы бачылі? — Матрос імгненна выхапіў з кішэні свайго бушлата маўзер і наставіў на Варановіча.— Толькі паспрабуйце падняць свой пісталет, і я ўсаджу ў ваш палкоўніцкі лоб усе кулі, колькі іх тут ёсць! Не забывайце, пан палкоўнік, што за вайну мы таксама навучыліся нядрэнна страляць.

Ніхто з жалнежаў не крануўся з месца і не кінуўся на дапамогу свайму камандзіру. Афіцэры толькі пераглядваліся ў нерашучасці і азіраліся на жалнежаў. І Варановіч ураз абмяк, неяк няўклюдна, бокам, саскочыў з перона. Тады і матрос схаваў свой маўзер.

— Вось так. Давайце лепш без пісталетаў пагаворым,— звярнуўся ён к натоўпу легіянераў павесялелым голасам.— Каб мы хацелі, мы вельмі лёгка перастралялі б вас нямала, як толькі вы з’явіліся на нашай станцыі. Але мы не зрабілі гэтага. Бо мы не душагубы якія! Не Каіны, як ваш генерал Доўбар-Мусніцкі! Мы не хочам праліваць кроў салдат-палякаў — такіх жа рабочых і сялян, як мы самі! І мы спадзяёмся, што вы, таварышы жалнежы, не будзеце страляць у нас! Не будзеце памагаць Доўбар-Мусніцкаму...

— Не будзем! — зычна ўсклікнуў адзін з жалнежаў і стаў энергічна прабівацца к перону. Яму давалі дарогу. Ён падняўся на перон і аказаўся побач са слесарам у зашмальцаванай паддзёўцы.

Варановіч пазнаў у жалнежы таго самага маўклівага памочніка машыніста, з якім ехаў у паравознай будцы апошні перагон. Ён ведаў не толькі яго прозвішча — Ржавуцкі, але нават імя — Ян. Добра ведаў, што да прызыву ў армію Ян служыў у дэпо ў Мінску. Палкоўніка ахапіў новы прыступ бяссільнай злосці. Яго ўсяго калаціла ад таго, што ён не можа сцягнуць з перона свайго жалнежа, які асмеліўся выступаць на мітынгу і падтакваць бальшавікам.

— Таварышы рабочыя і чырвоныя гвардзейцы! — пачаў усхвалявана Ржавуцкі! — Я многа думаў над тым, што пачуў на станцыі ў Віцебску. І не я адзін. Толькі што я перагаварыў з хлопцамі свайго аддзялення. І мы рашылі і заяўляем вам, што мы не будзем Каінамі, не пойдзем ваяваць супроць Саветаў! Увесь час, пакуль мы знаходзіліся ў Ржэве, нашы афіцэры дудзелі нам у вушы, што рэвалюцыя ў Расіі руская і нам, палякам, няма да яе ніякай справы. Што ва ўсіх нас, людзей каталіцкай веры, свая свентая задача — вызваліць і сабраць у адно цэлае ўсе польскія землі, уваскрэсіць вялікую Рэч Паспалітую. Дзе зараз гэтыя землі, вы ўсе ведаеце: яны заняты немцамі і аўстрыякамі. Дык чаму ж наш камандуючы Доўбар-Мусніцкі не вядзе нас на захад — вызваляць Варшаву і Познань? Чаму ён аб’явіў вайну Саветам у Магілёўскай і Мінскай губернях? Ясна чаму: ён хоча задушыць рэвалюцыю тут, каб яна адсюль не перакінулася ў Беласток, Варшаву і далей — у Берлін, у Парыж.

— Так іх, Ржавуцкі! — пачуўся голас з натоўпу жалнежаў.

— Рэж ім праўду ў вочы! — крычалі тыя, што стаялі ўперадзе.

А самыя рашучыя і смелыя з іх прапаноўвалі:

— Арыштаваць зараз жа ўсіх афіцэраў!

З задніх радоў, дзе стоўпіліся галоўным чынам пазнанцы, настроеныя нацыяналістычна, ляцелі злосныя папрокі Ржавуцкаму:

— Ад Польшчы адракаешся?

— Адшчапенец!

— Не ад Польшчы,— адказаў, увесь пачырванеўшы ад натугі, Ржавуцкі,— а ад тых, хто ідзе супроць рабоча-сялянскай рэвалюцыі! Я пакідаю вашы контррэвалюцыйныя шэрагі! Я сам рабочы і ўступаю ў Чырвоную гвардыю, каб разам з ёй змагацца за рэвалюцыю ва ўсім свеце! Я звяртаюся да тых, хто араў зямлю і працаваў на заводах: падумайце добра, падумайце, пакуль не позна, з кім ісці далей: з рускімі рабочымі і сялянамі ці з золатапагонным генералам Доўбар-Мусніцкім!

Матрос зрабіў парывісты крок і працягнуў руку Ржавуцкаму.

— Мы ахвотна прымаем цябе, свядомы польскі таварыш, у рады нашай чырвонай дружыны, якая змагаецца за лепшую долю для ўсіх беднякоў. Так павінен зрабіць кожны рабочы, кожны селянін!

— А калі хто не захоча ўступаць у гэту самую вашу дружыну? — спытаў немалады жалнеж з аддзялення Ржавуцкага.— Калі хто хоча дамоў?

Матрос растлумачыў:

— Не хоча — і не трэба. Чырвоная дружына, як мы завём сваю чырвоную гвардыю,— справа добраахвотная. Мы прымаем у яе толькі жадаючых і самых свядомых. А той з вас, хто парве са слугой сусветнага капіталу Доўбар-Мусніцкім і пажадае паехаць дамоў, будзе зараз жа дэмабілізаваны і атрымае адпаведнае пасведчанне. Гэта я абяцаю вам ад імя Аршанскага Саўдэпа, членам якога з’яўляюся...

Варановіч крануў за рукаў свайго начштаба і моўчкі стаў выбірацца з натоўпу. Касіцкі, паручнік Коршук-Пыха і другія афіцэры адзін за адным рушылі ўслед за ім.

Яны выбраліся з натоўпу, быццам з гушчарніку, адышліся трохі ўбок і спыніліся. Да іх даляталі прасякнутыя глыбокім перакананнем словы: «Ленін хоча, каб рабочыя і сяляне ўсюды навялі свае справядлівыя парадкі». То матрос адказваў на чыёсьці новае пытанне.

Касіцкі чмыхнуў сваім ястрабіным носам і, злосна бліснуўшы халоднымі вачамі, прапанаваў зараз жа заняць станцыю і горад, аднавіць разбураны пуць і рухацца чыгункай на Магілёў, на злучэнне з асноўнымі сіламі корпуса.

— Іначай кажучы,— удакладніў Варановіч,— вы прапануеце распачаць самастойныя дзеянні — адсюль, з Оршы? А вы ўпэўнены ў тым, што нашы з вамі жалнежы рынуцца зараз у бой па нашаму загаду? Адкрыюць яны агонь, калі мы загадаем?

— Мае землякі,— маючы на ўвазе пазнанцаў, падкрэслена і не без гонару заявіў Касіцкі,— рынуцца і адкрыюць агонь, калі мы, іхнія камандзіры, загадаем. Яны заўсёды былі і застануцца сапраўднымі патрыётамі Польшчы, не раўня вашаму хвалёнаму Ржавуцкаму і яго таварышам...

На гэта Варановіч адказаў:

— Не забывайце, панове, і таго, што побач — Віцебск, Смаленск і абальшавічаная Стаўка. Яны могуць вельмі хутка прыйсці на дапамогу Оршы.

— Што ж вы прапануеце, пане палкоўнік? — холадна спытаў Касіцкі.

— Што? Трэба спыніць мітынг, загнаць жалнежаў у вагоны. Вагоны зачыніць і нікога да іх не падпускаць.

Коршук-Пыха і, па яго прыкладу, падпаручнік Хендогі кінуліся к паравозам. Праз мінуту пярэдні паравоз, да якога пабег малайцаваты Варановічаў ад’ютант, даў працяжны гудок. А неўзабаве ў хвасце пярэдняга эшалона заклікальна загудзеў другі паравоз. Але жалнежы як быццам паглухлі — і вухам ніхто з іх не павёў. Такая няўвага ўзлавала начальніка штаба Касіцкага. Ён склаў далоні рупарам і крыкнуў на ўсё горла:

— Па ва-го-нах!

Многія жалнежы азірнуліся на яго, але з месца не крануліся. Гэта было ўжо яўнае непаслушэнства.

Коршук-Пыха, Хендогі і другія паручнікі і падпаручнікі паглядалі на пацямнелых ад лютасці Варановіча і Касіцкага, гатовыя па іхняму загаду кінуцца ў натоўп, хапаць жалнежаў за каўнер і, быццам быдла, заганяць у цяплушкі. І такі загад, напэўна, вырваўся б са сцятых вуснаў абодвух палкоўнікаў. І, напэўна, пачалося б нешта неверагоднае і агіднае. Але дапамог выпадак.

Якраз у гэты момант побач з Гарбачовым на пероне з’явіўся дзяжурны па станцыі са сваім каляровым ліхтаром. Ён аб’явіў, што зараз прыбывае маскоўскі пасажырскі поезд, і папрасіў жалнежаў адвесці ад перона, аслабаніць пуці. Але тыя ці не разумелі яго, ці думалі, што іх абдурваюць, каб загнаць у цяплушкі. І не краталіся. Яны падаліся назад, адступілі толькі тады, калі на іх закрычалі і замахалі рукамі матрос і Гарбачоў, калі сярдзіты аглушальны бас пасажырскага раўнуў зусім блізка.

Поезд спыніўся на першым пуці і адгарадзіў жалнежаў ад натоўпу, што сабраўся на пероне. Гэту акалічнасць і выкарысталі, не марудзячы, Варановіч і Касіцкі са сваімі афіцэрамі. «Зараз яшчэ адзін поезд прыйдзе!» — палохалі яны і з дапамогай самых ваяўнічых пазнанцаў неяк загналі жалнежаў у цяплушкі. Загналі і ля кожнай цяплушкі паставілі вартавога з вінтоўкай — з ліку ўсё тых жа надзейных пазнанцаў.

Зрабілі праверку. Акрамя Ржавуцкага і добрай палавіны яго аддзялення на месцы не аказалася яшчэ чатырнаццаці жалнежаў — усяго дваццаці трох чалавек — ураджэнцаў Віцебскай, Смаленскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Некаторыя з іх адразу, пры падыходзе пасажырскага, апынуліся ў натоўпе на пероне побач з Ржавуцкім. Другія непрыкметна шмыгнулі пад вагоны пасажырскага, як толькі афіцэры сталі заганяць сваіх жалнежаў у цяплушкі.

Навёўшы ў эшалонах парадак, усе афіцэры сабраліся каля штабнога вагона. Усе былі ўспацелыя, расчырванелыя, як пасля тушэння пажару. Ды і адчувалі сябе так, быццам толькі што пагасілі вялікі пажар. У душы яны ўжо і ганарыліся сабой — тым, што не разгубіліся і здолелі вельмі лоўка спыніць небяспечнае братанне сваіх жалнежаў з аршанскімі бальшавікамі. У той жа час разумелі, што зроблена не ўсё.

Цяпер, калі пуці перад эшалонамі былі ачышчаны ад салдатні, па цёмна-зялёных вагонах пасажырскага насупраць можна было прачытаць таблічкі «Москва — Минскъ». Варановіч прачытаў некалькі такіх таблічак, правёў позіркам паравоз, які адчапілі ад пасажырскага, і загадаў Коршуку-Пыху і яшчэ некалькім афіцэрам пайсці пашукаць у натоўпе на пероне дэзерціраў.

Пасланыя вярнуліся мінут праз дваццаць, калі да пасажырскага з пыхканнем падкаціў новы паравоз, які павінен цягнуць поезд далей — да Барысава. Вярнуліся ні з чым: Ржавуцкі, падтрыманы ўзброенымі ламамі і вінтоўкамі дружыннікамі, паслаў іх к д’яблу, а другія пахаваліся, быццам скрозь зямлю праваліліся.

— Ну, пападуцца яны ў нашы рукі! — з пагрозай працадзіў Варановіч.

Ён загадаў падпаручніку Хендогаму абысці цяплушкі і знайсці другога памочніка машыністу — замену Ржавуцкаму, а ўсіх другіх афіцэраў запрасіў у штабны вагон. Не запрапанаваўшы ім сесці, ён падышоў да карты, адсунуў штору і сказаў:

— Мы з начальнікам штаба абмеркавалі становішча, у якое трапіў полк. Ветка на Магілёў сапраўды бязбожна зруйнавана ў самым пачатку, мы праверылі. Тут нам заставацца нельга больш ні мінуты. Нам трэба неадкладна выбірацца адсюль! Нашы эшалоны рушаць услед за пасажырскім, як толькі ён пойдзе. Мы не ўцякаем! Мы ад’едзем трохі ўбок, на якой-небудзь невялікай станцыі выгрузімся і распачнём самастойныя дзеянні. Пашлём адтуль сувязных да камандуючага корпусам і пойдзем сюды, на поўдзень, насустрач асноўным сілам. Дзе распачнём — удакладнім пасля, у дарозе. Так вырашылі мы з палкоўнікам Касіцкім. У вас ёсць пярэчанні, пытанні? — Варановіч абвёў дапытлівым позіркам урачыста заціхлых афіцэраў,— Няма? Тым лепш, нам дорага зараз кожная секунда, і вельмі добра, што вы гэта разумееце. У такім разе прашу паноў афіцэраў разысціся па вагонах і быць неадлучна пры сваіх жалнежах. Напомніце ім пра тую вялікую справу, дзеля якой ствараўся наш корпус. Пастарайцеся асцярожна выведаць прозвішчы тых, хто на мітынгу падтрымліваў Ржавуцкага і не ўцёк з ім, а застаўся ў палку.

Мінуты праз дзве, узяўшы з сабою паўсотні ўзброеных вінтоўкамі пазнанцаў, Варановіч абагнуў спераду гатовы к адпраўцы пасажырскі. Ён ішоў к дзяжурнаму па станцыі і нос у нос сутыкнуўся з ім у дзвярах вакзала — дзяжурны выходзіў са сваім ліхтаром на запоўнены па-ранейшаму народам перон, каб адправіць пасажырскі. Выслухаўшы палкоўніка, ён даволі цвёрда заявіў, што без ведама ваеннага каменданта не можа пусціць услед за пасажырскім яго эшалоны.

— Я вам загадваю перавесці стрэлкі на мінскую каляіну!— Варановіч загарадзіў яму дарогу.

— А я вам не падначалены! — адказаў дзяжурны і зрабіў спробу абысці палкоўніка. Але з бакоў, поплеч з палкоўнікам, цеснай сцяной сталі пахмурыя пазнанцы з вінтоўкамі ў руках.

— Я на дзяржаўнай службе! — узвысіў голас дзяжурны і падняў ліхтар.— Ужо трэцяя гадзіна пасля паўночы, а пасажырскі яшчэ не адпраўлены. Я патрабую зараз жа прапусціць...

Вакол іх збіраўся натоўп. Сюды прабіраліся матрос і Гарбачоў са сваімі дружыннікамі і салдатамі каменданцкай каманды. А ўслед за імі — камандзіровачныя і адпускнікі, якія чакалі перасадкі, і проста цікаўныя з натоўпу.

— Што за шум там? А ну расступіцеся і дайце прайсці! — крычаў матрос па-гаспадарску патрабавальным голасам.

Распіхнуўшы жалнежаў, ён разам з Гарбачовым і добрым дзесяткам сваіх дружыннікаў апынуўся побач з Варановічам.

— У чым тут справа?

— У чым справа?! — з перакрыўленым ад злосці тварам перапытаў палкоўнік. Яго вар’явала не столькі самаўпэўненасць матроса і ваеннага каменданта, колькі паслухмянасць дурных пазнанцаў, якія з гатоўнасцю расступіліся перад ненавіснымі яму хамуламі, што ўявілі сябе гаспадарамі.— А справа ў тым, што нашы эшалоны, паколькі вы перагарадзілі ім дарогу ў Стаўку, пойдуць на Мінск — у распараджэнне таварыша Мяснікова — намесніка галоўнакамандуючага. І ён вам, будзьце ўпэўнены, пакажа, як разбіраць пуць!

— Чулі, таварышы дружыннікі, куды ўжо заўрымсціла пану палкоўніку? — весела засмяяўся матрос.— Чуў, таварыш Гарбачоў?

Суровы Гарбачоў, цвёрда гледзячы ў налітыя злосцю вочы Варановіча, адчаканіў з уласцівай бескампраміснаму юнацтву няўмольнасцю:

— Нікуды мы вас адсюль не прапусцім: ні на Магілёў, ні на Мінск! Здасцё зброю і выбераце ў сваім палку Савет салдацкіх дэпутатаў — тады з ім і гаворка будзе другая. А так — не! Ні ў якім выпадку.

Булатыя вочы Варановіча бліснулі нядобрым зялёным аганьком.

— Па-бачым! — працадзіў ён праз зубы і рэзка павярнуўся, каб ісці.

Яму і яго жалнежам, якія не спускалі вінтовак з плячэй, далі дарогу. Правялі доўгімі позіркамі. Легіянеры ізноў абышлі спераду гатовы крануцца пасажырскі і зніклі за ім.

— Як ты думаеш, таварыш Гарбачоў,— спытаў матрос,— пужае нас палкоўнічак ці храбрыцца? А можа, надумаў што?

— Чорт яго ведае! — сказаў у роздуме ваенны камендант.— Галоўнае — дарогу на Магілёў — Рагачоў мы ім адрэзалі. Зараз бы ўзарваць уперадзе стрэлкі ці хаця б адно звяно рэек на мінскай каляі! Каб закрыць ім усе выхады адсюль! Выклікалі б тэрмінова са Смаленска, з Магілёва, з Барысава помач і абяззброілі б сілай Доўбаравых ваяк...— Ён з прыкрасцю і нецярплівасцю пазіраў на цёмна-зялёныя вагоны пасажырскага, які засланяў сабою ўвесь пярэдні эшалон легіянераў.

— Дык давай ірванём! — схамянуўся матрос.

Але ўжо было позна.

Варановіч паспеў падрыхтавацца.

Калі пасажырскі нарэшце крануўся і адышоў, з перона ізноў сталі відаць у святле станцыйных ліхтароў цяплушкі. Ля кожнай з іх цяпер пахаджваў вартавы з вінтоўкай. Дзверы былі зачынены, але не ўсе: у некаторых цяплушках яны былі адсунуты на паўаршына, і з гэтых шчылін прама ў натоўп глядзелі чорнымі круглымі вочкамі ствалы «максімаў». З-за кулямётных шчыткоў выглядалі афіцэрскія шапкі.

Каля штабнога вагона стаяў у ваяўнічай позе сам Варановіч: левая рука ўпёрта ў бок, правая — працягнута к натоўпу.

— Гэй, вы, там, на пероне, слухайце! — Ён позіркам адшукаў сярод ватовак і паддзёвак Гарбачова і матроса.— Я даю вам пяць хвілін — роўна столькі, колькі патрэбна, каб перавесці стрэлкі на мінскі пуць. Я думаю, вам вядома, што такое ультыматум? Ну, дык варушыцеся! Інакш мы адкрыем агонь з усіх кулямётаў!

Жанчыны першыя, за імі пасажыры, якія не былі на фронце, кінуліся наўцёкі — хто куды. Але не ўсе паддаліся паніцы і пабеглі. На пероне засталіся дружыннікі, каменданцкая каманда Гарбачова ды з пасажыраў дзесяткі два салдат-адпускнікоў, якія за вайну і рэвалюцыю нагледзеліся ўсяго. Тыя дружыннікі, у руках якіх былі не вінтоўкі і рэвальверы, а ламы і лапы, міжвольна хіснуліся да свайго бясстрашнага матроса: ён слухаў палкоўніцкі ультыматум і адначасова закурваў.

— Эх,— уздыхнуў Гарбачоў,— было б нас хоць удвая больш! Ды быў бы ў нас хоць пяток кулямётаў! Мы б тады іначай пагаварылі з вамі, панове! А так прыйдзецца прапусціць і неадкладна папярэдзіць Мінск.

— Мінск і Барысаў,— вывергнуўшы з носа клуб дыму, сказаў матрос і паслаў двух сваіх дружыннікаў-стрэлачнікаў перавесці стрэлкі.

Як ні цяжка і крыўдна было Гарбачову, ён загадаў дзяжурнаму па станцыі даць сігнал адпраўлення. І польскія эшалоны з нацэленымі на людзей, што не разыходзіліся з перона, кулямётамі папаўзлі адзін за адным міма вакзала. Неўзабаве яны зніклі ў змроку.

Варановіч ізноў ехаў у штабным вагоне з Касіцкім. Яны, яшчэ не зусім супакоіўшыся, стаялі каля акна, за якім мільгалі пуцявыя аганькі станцыі.

Абодва адчувалі сябе пераможцамі. Як жа! Не зрабілі ніводнага стрэлу, толькі паказалі свае сакрушальныя кулакі — і храбрыя аршанскія бальшавікі адступілі.

Палкоўнікі ўжо цяпер шкадавалі, што не зрабілі гэтага з самага пачатку, не акружылі і не пагналі разбэшчаных чыгуначнікаў пад вартай на Магілёўскую ветку, каб яны аднавілі разабраны пуць. Тады б, можа, не было ні мітынгу, ні прыкрай гісторыі з Ржавуцкім, ні дэзерцірства дваццаці двух другіх жалнежаў.

Акрамя палкоўнікаў у штабным вагоне ехалі яшчэ пісар і дзяншчык. Пісар выкрэсліваў з усіх спіскаў Ржавуцкага і яго таварышаў, што засталіся ў Оршы. Дзяншчык корпаўся ў сваім закутку — рыхтаваў начальству чай на чыгуннай печцы.

Свайго вернага ад’ютанта Коршука-Пыху Варановіч паслаў на пярэдні паравоз у якасці наглядчыка. Другія афіцэры, як і загадана было ім, ехалі ў цяплушках.

Палкоўнікі глядзелі ў акно да таго часу, пакуль абапал чыгуначнага насыпу не замільгалі ледзь прыкметныя ў змроку чорныя палосы густога ельніку з белымі калматымі шапкамі на лапках. Затым яны закурылі і падышлі к вялізнай адміністрацыйнай карце Расійскай імперыі, што займала амаль усю перакавую глухую сцяну.

Патрэбна было рашыць адказную і нялёгкую задачу — дзе спыніцца, адкуль пачынаць свой рэйд?

Варановіч прытрымліваўся той думкі, што выгружацца трэба на адной з бліжэйшых станцый — у Коханаве альбо ў Талочыне — і адтуль рухацца на поўдзень — к Рагачову і Жлобіну — на злучэнне з асноўнымі сіламі корпуса. Такі варыянт Варановіч лічыў найбольш прыймальным, бо ён здаваўся яму самым лёгкім і, галоўнае, самым бяспечным. На іхнім шляху ад Коханава ці Талочына не будзе ні аднаго гарадка — значыць не будзе ніякіх сустрэч з чырвонагвардзейцамі ці дружыннікамі.

— Та-ло-чын... Коханава...— Касіцкі чмыхаў ястрабіным носам і кісла ўсміхаўся — так ён выказваў сваю пагарду. Не з гэтых мізэрных і глухіх станцый хацеў ён пачынаць аперацыю. Вывучанік германскай ваеннай школы, ён, падобна ўсім нямецкім афіцэрам, надзвычайна добра засвоіў дух прагавітасці сваіх настаўнікаў і зусім не ўмеў засвойваць урокі, якія давала яму жыццё. А поспех, атрыманы толькі што ў Оршы, літаральна ап’яніў яго. Да таго ж, яму не давала спакою ўласная ўпэўненасць, што ён, падначалены Варановічу, мацнейшы за яго ў тактыцы і стратэгіі.— Па-мойму, пане палкоўнік, калі ўжо мы рашыліся на самастойныя дзеянні, дык распачынаць іх трэба з заняцця больш-менш важнага адміністрацыйнага і стратэгічнага пункта. Ну, хаця б з Барысава.— Начштаба тыцнуў пальцам у цёмна-сіні кружок на карце.— Звярніце ўвагу: і ад Оршы далёка, і да Мінска не блізка.

Варановіч маўчаў, а Касіцкі развіваў сваю думку далей:

— Аршанскі камендант напэўна перадаў ужо ў Барысаў і ў Мінск пра наш маршрут. Якія захады прымуць барысаўскія бальшавікі, атрымаўшы тэлеграму з Оршы? Хутчэй за ўсё яны зробяць тое, што зрабілі аршанцы: пастараюцца разабраць пуць, каб не пусціць нас на Мінск. Ну й няхай разбіраюць! Мінск пакуль нас не цікавіць. Пазней ён сам нам здасца! Калі ж у Барысаве стаіць якая-небудзь армейская часць, дык нам яна не страшная: цяпер не толькі бальшавікам — самому богу вайны Марсу наўрад ці ўдасца прымусіць салдата ўзяцца за вінтоўку. Вы самі, пане палкоўніку, гэта ведаеце добра.

Доўга і горача спакушаў начштаба свайго камандзіра палка перспектывай лёгкай перамогі ў Барысаве, маляваў прывабную карціну далейшага паходу к Бабруйску. І Варановіч, ап’янёны не менш, чым Касіцкі, нядаўнім поспехам сваіх кулямётаў у Оршы і будучымі поспехамі ў Барысаве і за Барысавам, не даў ніякіх распараджэнняў ні ў Коханаве, ні ў Талочыне, ні ў Слаўным. Эшалоны каціліся далей на захад.

На лясным паўстанку Бобр Варановіч убачыў ля пуцей вялікую шурку дроў і загадаў пагрузіць іх усе ў апарожненыя к таму часу тэндэры і ў вагоны. Калі жалнежы, пазяхаючы са сну, пасталі ў два ланцугі і пачалі перадаваць адзін другому паленні, Варановіч пакінуў з імі ўзводных, а батальённых і ротных камандзіраў паклікаў у штабны вагон і ўрачыста аб’явіў:

— Панове! Мы ўсё абдумалі, узважылі і вырашылі: распачынаем з горада Барысава! — Вастрыём карандаша ён абвёў на карце сіні кружок на скрыжаванні дзвюх ліній: чорнай — чыгункі і блакітнай — ракі. І пачаў распісваць усю важнасць і выгаднасць разгортвання ваенных дзеянняў іменна з Барысава. Уласна, ён паўтарыў тыя самыя аргументы, якія выстаўляў Касіцкі, агітуючы яго самога.

Афіцэры слухалі з радасным бляскам у вачах. Іх радавала не тое, што ім выпаў гонар браць нейкі Барысаў, а тое, што нарэшце і яны ўключаюцца ў тую барацьбу, якую ўжо распачаў генерал ДоўбарМусніцкі.

Варановіч зірнуў на свой гадзіннік.

— Зараз, панове, пяць на сёмую. Нам засталося праехаць яшчэ станцыю Крупку, на апошняй перад Барысавам астаноўцы — у Прыяміне — вы атрымаеце падрабязныя ўказанні, і на світанні, гадзін каля дзевяці, мы з боскай дапамогай уварвёмся следам за пасажырскім у Барысаў! Машыністу перадаць: гнаць чым хутчэй!

Машыніст стараўся. На перагоне Бобр — Крупка ён прымусіў свой паравоз бегчы з такой шпаркасцю, што пятнаццаць вёрст пакрыў за дваццаць мінут. Па тым часе гэта была шалёная язда. Ад першага не адставаў другі эшалон.

Паручнік Коршук-Пыха, які на кожным прыпынку прыходзіў к начальніку эшалонаў за ўказаннямі наконт далейшага руху, на станцыі Крупка далажыў, што, паводле слоў дзяжурнага, пасажырскі пайшоў адсюль пяць мінут назад.

— Добжа! — весела сказаў Варановіч, паціраючы рукі.

Вясёлы гэты настрой сапсавалі афіцэры, якія сталі прыбягаць адзін за адным у штабны вагон. Яны прыносілі непрыемныя весткі: у таго ў Бабры ўцякло з цяплушкі два жалнежы, у другога — чатыры, у трэцяга — пяць... Падпаручнік Хендогі, заікаючыся ад страху, далажыў, што ў яго знікла восем чалавек...

Варановіч налічыў трыццаць сем дэзерціраў. «Ды ў Оршы засталося дваццаць тры! — успомніў ён і зморшчыўся, як быццам дакрануўся да балючай скулкі.— Усяго шэсцьдзесят чалавек. Цэлы ўзвод!»

Ён, хмуры і незадаволены, пачаў распытваць, хто ж уцёк. Аказалася, што амаль усе яны — былыя салдаты царскай арміі.

— Вось вы! — звярнуўся ён к падпаручніку Хендогаму.— Вы калі выявілі, што ў вашым узводзе ўцяклі жалнежы?

— Адразу як толькі крануўся поезд, пане палкоўніку! — Акругленымі, як у барана, светла-шэрымі вачамі Хендогі стараўся глядзець прама ў прыжмураныя страшныя вочы камандзіра палка, але тут жа адводзіў іх убок, на маўклівага ад’ютанта, як бы шукаючы ў таго падтрымкі.

— А ў час пагрузкі дроў усе былі?

— Здаецца, усе, пане палкоўніку!

— Здаецца! — перадражніў Варановіч.— Вы, мусіць, не за жалнежамі глядзелі, а зоркі лічылі!

— Не, пане палкоўніку! Цемень жа такая, што не відаць уласнага носа,— апраўдваўся падпаручнік.

Больш за ўсё ён пакутаваў ад думкі, што малайцаваты Коршук-Пыха безумоўна не даў бы такога промаху.

— Пане палкоўнік,—мякка загаварыў Касіцкі,— няхай напішуць прозвішчы ўцекачоў і хутчэй вяртаюцца ў свае вагоны, а то яшчэ каго-небудзь недалічацца.

Варановічу хацелася рэзка адказаць свайму памочніку: «Каб я не паслухаў вас, а загадаў выгружацца ў Коханаве ці ў Талочыне, дык не прыйшлося б выводзіць жалнежаў уночы з вагонаў у Бабры і не было б ніякіх уцёкаў!» Але ён змоўчаў, бо разумеў: калі б наважыў, то мог бы, як начальнік эшалонаў, аддаць такі загад. Аднак жа не аддаў, таму што рваўся туды, куды і палкоўнік Касіцкі.

— Пане паручніку! — Раптам памякчэў яго голас,— скажыце машыністу, каб ён даў цяпер найбольшую хуткасць і каб у Прыяміне спыніўся за паўвярсты да вакзала.— У Прыяміне Варановіч хацеў зрабіць такую-сякую перагрупоўку, сканцэнтраваць кулямёты ў пярэдніх і задніх вагонах — па два на вагон — і не жадаў, каб нават чыгуначнікі заўважылі гэта.

На золку эшалоны палкоўніка Варановіча набліжаліся да Прыяміна. Першы эшалон, як і было загадана, спыніўся, не дацягнуўшы да вакзала паўвярсты, другі — каля семафора.

К гэтаму часу начштаба палкоўнік Касіцкі поўнасцю закончыў складанне загада-дыспазіцыі, у якой кожнай роце, кожнаму ўзводу адводзілася пэўная задача ў прадстаячай аперацыі па захопу Барысава. Загад быў пабудаваны з яўнай пераацэнкай уласных сіл, з разлікам на тое, што барысаўчане і дурней і слабей за легіянераў, прынамсі, разоў у дзесяць. Аднак, усё яшчэ п’яны ад перамогі ў Оршы, Варановіч падпісаў гэты загад.

Пазнаёміць з ім усіх капітанаў, паручнікаў і падпаручнікаў ён даручыў Касіцкаму, а сам з малайцаватым Антэкам Коршукам-Пыхай накіраваўся к начальніку станцыі, каб той неадкладна адпраўляў яго эшалоны. У кішэні ад’ютанта была напагатове тандэтная, нібыта ад самога Мяснікова, паперка, якую ў дарозе адстукаў на штабной машынцы пісар і якую ўжо Антэку прыйшлося паказваць дзяжурнаму па станцыі ў Талочыне.

Грузную постаць у чырвонай традыцыйнай шапцы і з каляровым ліхтаром у руках яны ўбачылі на пероне сярод нешматлікіх пасажыраў: прыямінскі начальнік выйшаў сустракаць мінскі таварна-пасажырскі, які вось-вось павінен быў прыбыць на станцыю.

Варановіч падышоў да яго і адрэкамендаваўся, але той глянуў толькі на яго пагоны і нічога не адказаў: з барысаўскага боку з цяжкім грукатам падкаціў і, скрыгануўшы тармазамі і буферамі, застыў на другім пуці мяшаны поезд: у пачатку і ў канцы — глухія таварныя вагоны, а пасярод — пяць пасажырскіх, з вокнамі і прыступкамі.

Варановіч з затоенай цікавасцю назіраў за тымі, хто выходзіў тут: яны ж прыехалі адтуль, куды ён збіраецца рушыць і дзе яго не чакаюць.

Выходзілі толькі з аднаго вагона. Спачатку па коўзкіх вагонных прыступках з’ехалі, войкнуўшы, тры вясковыя бабы з клункамі за плячамі. Затым на вагоннай пляцоўцы з’явіўся вастравокі жвавы дзядок з мяшэчкам пад пахай. Ён упэўнена злез па прыступках і адразу патупаў к таўстуну ў чырвонай шапцы.

— Здароў, начальнік! — прывітаўся ён з ім даволі фамільярна.— Стаіш тут і нічога не ведаеш. А ў Барысаве, брат, к вайне рыхтуюцца.

— К якой вайне? Што ты пляцеш, Бублік?!

— Яй-бо, к вайне! Каб мне язык адсох!

Варановіч навастрыў вушы.

— Пачакай, Навум! — перабіў дзядка начальнік станцыі.— Зараз адпраўлю поезд — тады й раскажаш. Праз мінуту, калі таварна-пасажырскі крануўся, ён загадаў яму: — Ну, цяпер мані, Бублік!

— Яй-бо, не маню! — пабажыўся дзядок і пачаў расказваць з натхненнем, кідаючы позіркі на двух афіцэраў, што стаялі паблізу, як бы заклікаючы іх у сведкі.

Варановіч слухаў гаваркога дзеда і не верыў ніводнаму яго слову. Ну, адкуль у павятовым гарадку можа ўзяцца дзесяць палкоў? Адкуль там з’явіліся гарматы, калі іх на фронце не хапае?

І хоць начальнік станцыі адкрыта называў дзядка манюкам, у Варановіча мільганула думка: а ці не знарок падаслалі яго барысаўскія бальшавікі сюды, каб ён пусціў тут, у Прыяміне, чутку і пасеяў паніку, збіў з панталыку і запалохаў яго самога, яго афіцэраў і жалнежаў?

І ён хацеў ужо груба прапанаваць бальшавіцкаму агенту заткнуцца, а начальніку станцыі сказаць, каб ён зараз жа адпраўляў на Барысаў яго эшалоны. Але тут ад’ютант паціху шапнуў яму: «Пане палкоўніку!» — і паказаў у той бок, дзе стаялі іхнія эшалоны. У парадзелым змроку Варановіч убачыў непадалёку начштаба Касіцкага і з ім аднаго маладога паручніка-пазнанца. Яны беглі да яго трушком.

«Нешта ізноў здарылася!» — падумаў з трывогай Варановіч і зрабіў крок насустрач свайму памочніку.

— Што такое? — спытаў ён рэзка, але не дужа моцна, каб ззаду не пачулі начальнік станцыі і хітры дзед-байкар.

— Да нас толькі што прыбег начальнік гарнізона з Барысава! — з пераможна-ўрачыстым выглядам выпаліў шэптам начштаба.

— Не можа быць! — Варановіч першы рынуўся да сваіх эшалонаў.— Што ж ён расказвае?

— Заявіў, што жадае бачыць асабіста вас, каб перадаць надзвычайна важныя звесткі.— Касіцкі задыхаўся ад шпаркай хады і радасці.

Варановічу ўспомніліся гарматы і дзесяць палкоў падазронага дзядка.

— А часам гэта не правакацыя? Не штучкі барысаўскіх камісарыкаў? — усумніўся ён, ідучы збоч пуцей.

— Па-мойму, не,— заявіў Касіцкі.— Ды вось зараз самі пераканаецеся.

Увачавідкі світала. Каля штабнога вагона стаяў натоўп афіцэраў. Яны расступіліся, і Варановіч убачыў сярод іх цыбатага вастраносага незнаёмца, у фрэнчы без пагонаў, з шынялём, перакінутым цераз руку. Змакрэлай шэрай хустачкай чалавек выціраў пот, які заліваў яму распараны чырвоны твар.

Варановіч акінуў яго строгім, недаверлівым позіркам. Спытаў без ценю прыязнасці, як пытаюць у палонных:

— Вы хто?

Кулікоўскаму пасля дваццаціпяцівёрставага прабегу па шпалах было крыўдна чуць такі тон. Не на гэткі прыём ён спадзяваўся, спяшаючыся ў Прыяміна. Але ён стрымаў сябе і цвёрда адказаў:

— Я камандзір 47-га стралковага Сібірскага палка і адначасова, з мінулага месяца, начальнік Барысаўскага гарнізона, у які акрамя майго палка ўваходзіць яшчэ 121-ы запасны пяхотны полк.

Ён паспешліва, але даволі паслядоўна расказаў пра сваю тэлефонную размову са старшынёй павятовага выканкома Бурмістравым, пра начны мітынг у казармах, пра свае ўцёкі і жаданне змагацца супроць хлопскай улады Саўдэпаў. Каб адхіліць усякі недавер да сваіх слоў, ён дастаў з нагруднай кішэні фрэнча тузін розных дакументаў — з фотакарткамі і без фотакартак — і працягнуў Варановічу. Той зірнуў на пасведчанне са штампам юнкерскага вучылішча і спытаў:

— Значыць, Саўдэпу ўсё-такі ўдалося вывесці к чыгуначнаму мосту кулямёты абодвух палкоў?

— На вялікі жаль, удалося.

— Колькі ж іх у абодвух палках?

— Тры ў запасным і пяць у Сібірскім,— адказаў без запінкі Кулікоўскі, гледзячы прама ў вочы Варановічу,— усяго восем.

— А патронаў?

— Хапае.

— Гармат?

— Ні адной.

Гэта ўжо былі звесткі больш праўдападобныя, не тое, што байкі, якія расказваў з натхненнем дзядок. Варановіч на момант задумаўся, як бы ўзважваючы сілы свайго палка і сілы Барысаўскага Саўдэпа. Супроць васьмі кулямётаў ён мог бы выставіць чатырнаццаць — амаль удвая больш. Але пракляты мост цераз Бярэзіну... Вось чаго яны з Касіцкім не ўлічылі!

— А вы не памыліліся часам, добра чулі, што старшыня Саўдэпа гаварыў аб мініраванні моста? Вам не здалося?

— Не, пане палкоўнік, не здалося! Чуў усё сваімі ўласнымі вушамі. І наогул не трэба забываць, што за людзі бальшавікі. Разбурэнне — іх асноўная спецыяльнасць. Калі яны не пабаяліся падняць руку на самога памазаніка божага, на свяшчэнную ўласнасць маёмных класаў, на ўсе спрадвечныя прынцыпы,— дык што ім узарваць нейкі чыгуначны мост! — закончыў з непадробленай шчырасцю Кулікоўскі.

Ён заўважыў, як збянтэжана пераглянуліся абодва палкоўнікі, а на тварах другіх афіцэраў з’явіліся смутак і расчараванне. Так на ўсіх іх падзейнічаў яго расказ аб мерах, прынятых у Барысаве Саўдэпам.

— Але я спяшаўся, панове, насустрач вам не толькі для таго, каб папярэдзіць вас.— Кулікоўскі панізіў голас.— Я маю сказаць вам штосьці больш важнае. На гэтай станцыі, панове, знаходзіцца склад артылерыйскіх снарадаў!

Ужо зусім развіднелася. І хоць сам ён ні разу не быў на тым складзе, убачыўшы воддаль, пад ельнікам, воінскую платформу, а лявей, у рэдкім лазняку,— высокую густую агарожу з калючага дроту і салдата з вінтоўкай ля яе, беспамылкова ўстанавіў яго месцазнаходжанне.

— Глядзіце! Вунь ён, у кустах! Рудзее на фоне снегу ржавая драцяная загарожа. Бачыце? Вунь і вартавы з-за куста паказаўся! Ізноў схаваўся!..

Кулікоўскі чакаў, што абодва палкоўнікі і ўсе другія афіцэры ўзрадуюцца і адразу ж загарацца жаданнем авалодаць артскладам. А яны толькі раўнадушна глянулі ў той бок, куды ён паказваў, і зноў павярнуліся да яго.

— І ведаеце,— дадаў ён быццам бы між іншым, а на самай справе з асаблівым значэннем,— аховы тут не болей роты!

Аднак і гэта паведамленне, найважнейшае з пункту гледжання Кулікоўскага, не зрабіла на легіянераў амаль ніякага ўражання. Такая абыякавасць да артсклада была незразумела яму. Ён не ведаў, што і падумаць.

Варановіч падзякаваў Кулікоўскаму за каштоўную, як ён сказаў, інфармацыю і прапанаваў адпачыць у афіцэрскай цяплушцы. А тоўстаму прыямінскаму начальніку станцыі, які ўсё падганяў адпраўляцца скарэй на Барысаў, загадаў адвесці абодва саставы на запасныя пуці. Касіцкаму ён даручыў арганізаваць надзейную ахову эшалонаў: «Каб ні адзін чужы чалавек не наблізіўся да нашых вагонаў! Цяплушкі зачыніць і нікога з жалнежаў не выпускаць!»

А сам пачаў спешна рыхтаваць у дарогу трох разведчыкаў: перад тым як зрабіць рашаючы крок, неабходна было праверыць звесткі, прынесеныя Кулікоўскім. У штабны вагон каптэнармус прынёс тры камплекты ношанага салдацкага абмундзіравання. Пагоны з шынялёў і рубашак спаролі. Варановічаў ад’ютант і два падпаручнікі ператварыліся ў простых салдат, якія нібыта нядаўна вярнуліся з фронту. Неўзабаве падаспеў з Крупак петраградскі паштовы, які ішоў на Мінск, і ім удалося непрыкметна сесці на яго.

Марудна пацягнуліся гадзіны для тых, хто застаўся ў Прыяміне чакаць іхняга вяртання. А скора жалнежам абрыдла сядзець у зачыненых вагонах. Пад час абеду, калі кашавары пачалі разносіць хлеб і страву, з асобных цяплушак пачуліся крыкі нездавальнення: «Хіба мы арыштанты, што нас трымаюць пад замком?! Мы хочам схадзіць на вакзал!» Афіцэры супакойвалі іх: «Выходзіць з вагонаў і адлучацца забаронена: у любую хвіліну эшалоны могуць крануцца». Адну такую асабліва неспакойную цяплушку, у якой жалнежы пасля абеду загрукалі ў дзверы, хадзіў уціхамірваць сам Варановіч. Ён прыгразіў расстраляць кожнага з вагона, калі яшчэ хто грукне хоць раз. «Хутчэй бы Антэк вяртаўся з разведкі!» — думаў ён з тугою.

Антэк з двума сваімі памочнікамі вярнуўся таварняком пад вечар, яшчэ завідна. Барысаў, расказалі яны, сапраўды падрыхтаваўся да сустрэчы іхніх эшалонаў. На завароце чыгункі перад мостам стаяць салдаты з чырвонымі сцяжкамі, заткнутымі за дзяжкі. На тым, высокім, беразе ракі наўкол агнёў поўна салдат з вінтоўкамі. Калі поезд, якім яны ехалі туды, узышоў на чыгуначны мост, зверху з акон вагона былі добра відаць устаноўленыя абапал моста кулямёты. I калі таварняком вярталіся, на тых жа месцах бачылі «максімы». Ад вакзала да Саўдэпа ў Барысаве яны ішлі следам за двума салдатамі і падслухалі іхнюю размову. Гаварылі салдаты пра Кулікоўскага, што яго аб’явілі здраднікам рэвалюцыі і карнілаўцам і выключылі з палкавога Савета.

Выслухаўшы сваіх разведчыкаў, Варановіч склікаў у штабны вагон усіх афіцэраў і заявіў:

— Панове! Цяпер мы добра ведаем: усё, аб чым нам раніцай расказваў Кулікоўскі,— чыстая праўда. Ён іменна той, за каго выдае сябе. І прыбег ён праз ноч сюды, у Прыяміна, з добрым намерам — папярэдзіць нас. Такім чынам, у яго асобе мы набылі добрага паплечніка. Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць пытанне — ці мы ўсё-такі, нягледзячы на перашкоды, будзем браць Барысаў, ці адмовімся ад яго і пачнём нашы дзеянні адсюль, з Прыяміна? Прашу паноў афіцэраў выказаць свае меркаванні.

Аднак паны афіцэры і сам галоўны стратэг і натхніцель паходу на Барысаў палкоўнік Касіцкі маўчалі. Відаць, нялёгка было знайсці выйсце з таго становішча, у якое трапіў полк.

— А давайце, пане палкоўніку, спачатку паслухаем, што скажа перабежчык,— прапанаваў начштаба Касіцкі.— Ён жа ведае Барысаў лепш за нас.

— Давайце,— ахвотна згадзіўся Варановіч і, адшукаўшы позіркам падпаручніка Хендогага, загадаў яму такім халодным тонам, якім загадваюць нядбайнаму слузе: — Паклічце пана Кулікоўскага, ды жыва!

Хендогі зразумеў гэты пагардліва-панскі тон, але не пакрыўдзіўся, бо адчуваў сябе вінаватым за дэзерцірства васьмі жалнежаў у час пагрузкі дроў у Бабры. Пасля атрыманай на станцыі Крупка праборкі ён са скуры вылузваўся, каб дагадзіць камандзіру палка і як-небудзь загладзіць сваю велізарнейшую віну. Ён з усіх ног кінуўся выконваць палкоўніцкі загад і літаральна праз мінуту вярнуўся назад — уваліўся з сапеннем у штабны вагон.

За ім, куртатым і няўклюдным, узвышалася цыбатая постаць Кулікоўскага. Нягледзячы на вялікую зморанасць, ён, апынуўшыся раніцай у пустой афіцэрскай цяплушцы і паснедаўшы мяснымі кансервамі і кавай, якія прынёс яму з штабнога вагона дзяншчык, доўга не мог заснуць — да такой ступені былі напружаны яго нервы, так ён быў узрушаны ўсім тым, што адбылося мінулай ноччу.

— Крэсла пану Кулікоўскаму! — весела крыкнуў, убачыўшы яго, Варановіч і паказаў, куды паставіць крэсла: справа ад сябе.

Падпаручнік Хендогі рашыў, што і гэты загад адрасаваны яму. Ён схапіў сваё крэсла і паставіў яго справа каля століка, за якім сядзелі сам Варановіч і Касіцкі. За плячамі ў іх на сцяне вісела карта.

Кулікоўскі адразу ж заўважыў гэту змену ў адносінах да сваёй асобы і павесялеў. А калі Варановіч спытаў яго, ці можна ўсё ж захапіць Барысаў, нягледзячы на прынятыя Саўдэпам захады, ён ад задавальнення аж пасвятлеў у твары. Ён бачыў перад сабой элегантных людзей з пагонамі на плячах, бачыў у некаторых з іх крыжы і медалі і адчуваў сябе так, быццам перанёсся на цэлы год назад, калі не чуваць было ні «таварышаў», ні Саветаў...

— Так, можна! — заявіў ён рашуча і ўстаў.— Для гэтага эшалонам трэба непрыкметна падысці да апошняй павароткі перад мостам,— ён паказаў яе на карце,— і ўдарыць з гармат прамой паводкай па саўдэпаўскіх кулямётах, здрапежыць пазіцыю бальшавікоў на правым беразе! Пад прыкрыццём агню размініраваць мост і...

— Пане Кулікоўскі! — перабіў Варановіч.— На жаль, у нас зусім няма артылерыі.

«Дык вось чаму яны без энтузіязму сустрэлі маё паведамленне пра артсклад!» — расчаравана падумаў Кулікоўскі і запнуўся. Але зараз жа загаварыў з яшчэ большым запалам:

— У такім разе трэба спачатку захапіць стары горад, раскінуты на левым беразе ракі! Ён зусім безабаронны. Акрамя атрадзіка міліцыі з дваццаці чалавек, якія ўвесь час у раз’ездах па валасцях, там няма ніякай аховы! Затое там размешчаны гарадская і земская ўправы, якія дасюль не прызнаюць Савецкай улады! Так што захапіць яго можна ў момант, без адзінага стрэлу, і адтуль павесці імклівы наступ на правабярэжны горад — Нова-Барысаў, дзе знаходзяцца казармы, Саўдэп і большасць заводаў. Ноччу,— сказаў Кулікоўскі,— эшалоны могуць непрыкметна падысці амаль к самаму Барысаву і спыніцца вярсты за дзве да павароткі. Роты і батальёны хутка і ціха выгружаюцца з вагонаў, выходзяць на гасцінец, да якога там ад чыгункі рукой падаць, і без бою ўступаюць у стары горад...

— А як на тым завароце саўдэпшчыкі паставілі дазор? — ізноў перабіў Варановіч, нічым не выдаўшы таго, што яго разведчыкі бачылі там дазорных з чырвонымі сцяжкамі за поясам.

— Варожы дазор, калі ён ёсць, можна своечасова і бясшумна зняць! — напомніў Кулікоўскі суровы закон вайны.

Варановіч задаволена ўсміхнуўся, нібы той экзаменатар, які задаў вучню закавырыстае пытанне і нечакана пачуў надзвычайна трапны адказ.

— А можна з Прыяміна адправіцца пеша — кацярынскім гасцінцам,— Кулікоўскі паказаў на карце пакручастую лінію, што вілася побач з чыгункай.— У поўнач выступіць — і да світання быць на ўскраіне старога Барысава. Пад кулямёты і боепрыпасы — мабілізаваць загадзя коней і сані ў навакольных вёсках.

Па твары палкоўніка Касіцкага, па вачах свайго ад'ютанта і другіх маладых паручнікаў і падпаручнікаў Варановіч бачыў, што яны гатовы пеша ісці на Барысаў. Відаць, і Кулікоўскі заўважыў іхнюю гатоўнасць.

— Я, калі вы мне давяраеце, вядома,— заявіў ён урачыстым голасам,— бяруся быць правадніком у вашым паходзе — хоць на Барысаў, хоць на Бабруйск!

— Мы вам давяраем, пане Кулікоўскі! — запэўніў Варановіч.— Мы лічым вас сваім. Інакш бы не паклікалі на сваю нараду. Дарэчы, цікава, як бы вы, калі б прыйшлося, павялі нас адсюль, з Прыяміна, на Бабруйск?

— Вельмі проста. Зірніце, пане палкоўнік, і вы ўсе, панове, на карту. Вось Барысаў.— Кулікоўскі паказаў цёмна-сіні кружок.— Вось Прыяміна. А вось дзе Бабруйск, куды пасля кастрычніцкага перавароту чуў я, пераехаў штаб польскага корпуса. Значыць, рухацца адсюль трэба ўвесь час на поўдзень, сюды — на Баяры, Сморкі, Вяляцічы, Аздзяцічы, на Чэрнеўку і далей уздоўж ракі Бярэзіны аж да самага Бабруйска. Усяго тут будзе сто дзесяць — сто дваццаць вёрст. Такі пераход зойме тры дні. А калі пасадзіць увесь полк на сані, дык у Бабруйску можна апынуцца на другі дзень! Мясціны ў тым баку, за Чэрнеўкай, мне добра знаёмыя: вось тут, паміж мястэчкам Беразіно і Якшыцамі, спадчынны маёнтак майго бацькі...

— Гэтай дарогай самы раз уцякаць — такая, гляджу, яна прамая і, значыцца, самая кароткая,— пажартаваў Варановіч.— Але мы, пане Кулікоўскі, не збіраемся бегчы адсюль. Не для таго мы сюды спяшаліся! Правільна я гавару, панове афіцэры?

— Правідлова, пане палкоўніку!

— Вядзі нас на Барысаў! — гучней за другіх крыкнуў Хендогі.

— Вось давайце і абмяркуем план захопу, які прапанаваў нам пан Кулікоўскі...— Варановіч раптам змоўк і прыслухаўся. Знадворку праз заінелыя шыбы ў штабны вагон даляцелі прыглушаныя крыкі і грукат, які бывае, калі стукаюць у дзверы ці вароты.— Пане паручнік,— звярнуўся ён да свайго ад’ютанта,— выйдзіце і даведайцеся, што там такое.

Малайцаваты Коршук-Пыха вярнуўся праз мінуту.

— Пане палкоўніку, жалнежы бунтуюцца!

— Як так бунтуюцца?! — Варановіч рэзка ўстаў з крэсла.

— Грукаюць у сценкі і ў дзверы кулакамі і прыкладамі і крычаць: «Адчыняйце, а то выламім дзверы! Што вы нас запёрлі, як арыштантаў!» Асабліва бушуюць у задніх цяплушках абодвух эшалонаў.

Варановіч разумеў, што гэта была рэакцыя жалнежаў на яго жорсткі загад нікога з цяплушак не выпускаць, рэакцыя на падман афіцэраў і вартавых, якія ўвесь дзень гаварылі ім, нібыта эшалоны могуць крануцца ў любую хвіліну. У людзей скончылася цярплівасць.

Першай яго думкай было — рушыць зараз жа на Барысаў абодвума эшалонамі і, цалкам даверыўшыся Кулікоўскаму, захапіць з ходу стары горад і знянацку ўдарыць па Нова-Барысаву. Але ён тут жа адкінуў гэту безразважную думку. Занадта рызыкоўна весці полк на такую адказнейшую аперацыю без належнай падрыхтоўкі, не разведаўшы подступаў к стараму гораду, асабліва месца пераходу ад чыгункі к гасцінцу, не прадумаўшы загадзя з Касіцкім і тым жа Кулікоўскім усіх дэталей наступу са старага Барысава на ўмацаваны Нова-Барысаў.

Аднак і жалнежаў трымаць далей тут у вагонах, разважаў ён, таксама нельга. Нельга і небяспечна. Больш чым акружэння і агню ён баяўся бальшавіцкіх агітатараў, пры з’яўленні якіх адразу ж узнікае мітынг. Ён баяўся, што яго жалнежы выламяць у цяплушках дзверы, як толькі пачуюць ля эшалонаў голас прамоўцы: «Таварышы салдаты!» І самыя заўзятыя службісты-пазнанцы нічога тады не зробяць.

— Панове! — звярнуўся ён к афіцэрам.— Ідзіце да жалнежаў і супакойце іх. Скажыце, што праз пяць мінут абавязкова рушым. Нараду нашу прадоўжым пасля.

Ад’ютанта ён паслаў на вакзал разведаць, дзе тут самая бліжэйшая вёска. У вагоне акрамя Варановіча засталіся Кулікоўскі і Касіцкі.

— Калі я не памыляюся, пане палкоўніку, вы хочаце адвесці жалнежаў нанач у вёску? — спытаў начштаба, трохі пакрыўджаны тым, што камандзір палка прыняў рашэнне без усякай рады з ім.

— А што ж нам заставацца тут і чакаць, пакуль прыйдуць з артсклада ці прыедуць з Барысава «таварышы» і пачнуць мітынгаваць ля нашых эшалонаў? Хопіць нам, пане Чэслаў, тых мітынгаў, якімі нас пацешылі ў Віцебску і ў Оршы!

— А як жа палкавая маёмасць?

— А мы пакінем тут надзейную ахову на чале з паручнікам Коршукам-Пыхай! Коней з сабой возьмем. Вы што — супраць?

— Ды не! Я з вамі згодны: у вёсцы нам будзе спакайней за жалнежаў.

Кулікоўскі з гэтай размовы палкоўнікаў зразумеў, што ў дарозе ў іх былі непрыемныя сустрэчы з бальшавікамі і зараз яны стараюцца ўнікнуць такіх сустрэч і засцерагчы сваіх жалнежаў ад іхняга ўплыву. Ён успомніў даўні мітынг на казарменным пляцу ў Барысаве, калі сібіракі сцягнулі з трыбуны Трубіна, і сягонняшні начны, за якім ён назіраў праз шчыліну ў агарожы. Успомніў нездаволеныя крыкі стралкоў, выступленні кулямётчыка Верных і Бурмістрава, гнеўны гоман зменлівага салдацкага натоўпу і зрабіў вывад, што камандзір палка мае рацыю, прымаючы меры перасцярогі.

Уляцеў ад’ютант і далажыў, што на пуцях непадалёку ад эшалонаў размаўляў з барадатым стрэлачнікам, і той паказаў яму побач са станцыяй вялікую вёску Баяры.

— Антэк! — сказаў яму Варановіч.— Мы зараз пойдзем начаваць у тую вёску. А ты застаешся тут і будзеш ахоўваць палкавую маёмасць. Пан Чэслаў адбярэ і дасць у тваё распараджэнне сорак надзейных жалнежаў. Самае каштоўнае ў нас — боепрыпасы. За вагонамі з патронамі глядзі асабліва пільна. Я на цябе спадзяюся, Антэк. Пакінем табе два кулямёты.

— Будзьце спакойныя, пане палкоўніку! — упэўнена і бадзёра адказаў паручнік.— Усё будзе ў парадку.

Калі Коршук-Пыха прымчаўся ноччу на сваім кані з пісьмом Бурмістрава і яго таварышаў у Баяры, Варановіч пачынаў драмаць, а Касіцкі і Кулікоўскі ўжо спалі.

Яны аблюбавалі сабе самую прыкметную — на дзве палавіны — хату і занялі ў ёй лепшую, чыстую, палавіну. Гаспадар хаты, як выявілася з першай жа размовы, быў намеснікам старшыні павятовай земскай управы. Ён ускосна пацвердзіў тое, аб чым сягоння гаварыў і Кулікоўскі, а менавіта: Саўдэп іхнюю ўправу, таксама як і гарадскую, не чапаў.

У поўнач Варановіч пайшоў правяраць выстаўленыя вакол вёскі заставы. І толькі ён вярнуўся і, улёгшыся, пачаў засынаць, як за дзвярамі, у першай палавіне хаты, дзе спалі гаспадар з гаспадыняй і дзецьмі, пачуў галасы свайго дзяншчыка і свайго любімца ад’ютанта, якога пакінуў на станцыі. Калі абодва яны ўвайшлі, ён прыўстаў па ложку.

— Што такое, Антэк?

Малайцаваты ад’ютант моўчкі дастаў з-за абшлага і падаў палкоўніку складзеную ў чатыры столкі паперу. Варановіч загадаў дзеншчыку падкруціць кнот у лямпе, якая гарэла ўсю ноч, і разгарнуў паперу. Прачытаў яе раз наспех, потым яшчэ раз, больш уважліва, і стаў выпытваць у паручніка падрабязнасці: якім тонам з ім размаўлялі члены дэлегацыі выканкома, як яны выглядаюць і як настроены. Яму рупіла высветліць, чым іменна — сілай ці слабасцю барысаўскіх бальшавікоў — выкліканы іхні прыезд у Прыяміна.

— Пакажыце, пане Вінцэнты, бальшавіцкае пасланне! — працягнуў са свайго ложка руку Касіцкі.

Ён прачнуўся і чуў усё, аб чым паўшэптам гаварылі палкоўнік з паручнікам. Ён схапіў паперу, якую ўзяў з рук Варановіча і перадаў яму Коршук-Пыха, і ўткнуўся ў яе сваім ястрабіным носам.

— Чаго ж тут раздумваць, пане Вінцэнты! — ізноў па імені назваў ён камандзіра палка і, рэзка адкінуўшы коўдру, сеў на ложку.— Тут і дурню зразумела: калі б барысаўскія бальшавікі адчувалі сябе ўпэўнена і не баяліся нас, яны б не дабіваліся з намі перагавораў! Хіба не так? Па-мойму, іх трэба зараз жа арыштаваць і весці наш полк на Барысаў...

— Без разведкі?! Не ведаючы ніводнай вуліцы ў старым горадзе? Я не хачу, пане Чэслаў, каб з маім палком сталася на Бярэзіне тое самае, што ў 1812 годзе здарылася там з напалеонаўскай арміяй.

Напамінак пра страшэннае паражэнне, якое напаткала французаў на Бярэзіне, дзе вялікі заваёўнік, уцякаючы, кінуў рэшткі сваёй арміі на пагібель і ледзь-ледзь уратаваўся, трохі збянтэжыў ваяўнічага начштаба. Але ён быў не з тых, хто лёгка адмаўляецца ад уласнай задумы, асабліва калі гэта задума здаецца ім геніяльнай.

— На вайне, пане Вінцэнты, без рызыкі нельга,— заявіў ён з перакананнем.— Той не сапраўдны ваяка, хто не здольны рызыкаваць.

Іхняя размова ператваралася ў спрэчку. І паручнік, які цярпліва стаяў ля парога, рашыў тактоўна пра гэта напомніць.

— Пане палкоўніку, там чакаюць адказу! — сказаў ён, звяртаючыся да камандзіра палка.— Што загадаеце перадаць ім?

— Скажыце...— Варановіч на момант запнуўся,— скажыце, што гадзіны праз тры ці нават дзве прыбудзе наша дэлегацыя.

Ад’ютант малайцавата крутнуўся і выйшаў.

— Няўжо вы, пане Вінцэнты, уступіце ў перагаворы з хлопскай уладай, супраць якой падняўся наш корпус?! — з пафасам усклікнуў Касіцкі.

— Мы павінны выйграць, ну, хаця б адзін дзень для таго, каб вы паспелі з’ездзіць у Барысаў. Мы будзем тут гуляць з «таварышамі» ў дыпламатыю, а вы там часам будзеце рабіць сваю справу.

— Хіба што так,— згадзіўся начштаба.

Варановіч разбудзіў Кулікоўскага, які моцна, быццам пшаніцу прадаўшы, спаў пад абразамі на шырокай канапе. Паказаў яму пісьмо і папрасіў коратка ахарактарызаваць членаў барысаўскай дэлегацыі. Кулікоўскі не дужа многа ведаў пра сваіх праціўнікаў.

— Бурмістраў,— сказаў ён з пагардай,— да прызыву на ваенную службу быў звычайным тэлеграфістам у Бугуруслане. Нялюбаў працаваў слесарам на заводзе ці то ў Екацярынбурзе, ці то ў Златавусце. А Хведасевіч — з мясцовых мужыкоў.

Але Варановіча і гэтыя скупыя характарыстыкі здаволілі.

— А што я вам гаварыў! — сказаў ён Касіцкаму.— Цяпер давайце, пане Чэслаў, складзём спіс нашай дэлегацыі.

Ён запісаў сябе, свайго ад'ютанта і задумаўся.

— А вы ўяўляеце, пане Вінцэнты, куды могуць завесці перагаворы, калі ў склад нашай дэлегацыі ўключым жалнежаў? Бальшавікі ж і тут не прамінуць пагаварыць аб міры і зямлі, аб роўнасці і брацтве, пусціць у ход свае галоўныя козыры — дэкрэты.

— Як жа быць? — Варановіч пачухаў кончыкам алоўка патыліцу.— Яны,— ён кіўнуў на пісьмо,— патрабуюць, каб у нашай дэлегацыі было не менш як дзве трэці радавых.

— Дык вы й пашліце столькі! Хіба ўжо так цяжка ператварыць афіцэра ў жалнежа? — сказаў Касіцкі, і заўсёды халодныя вочы яго весела бліснулі і даказалі Варановічу: «Тым жа спосабам, якім учора карысталіся, адпраўляючы ў Барысаў нашу разведку».— Правільна, пане Кулікоўскі? — звярнуўся ён да перабежчыка, ад якога яны хавалі, што пасылалі ў Барысаў трох афіцэраў.

— Правільна,— адказаў той з канапы.— Да бальшавікоў простых салдат небяспечна пасылаць.

Касіцкі доўга, па-птушынаму, не прыжмурваючы вачэй, глядзеў на разгаты язычок полымя ў лямпе, які лізаў унутраную сценку шкла. Затым павярнуў свой кручканосы твар к Варановічу і сказаў, што яму перад выездам у Барысаў было б вельмі карысна сустрэцца з камісарамі Саўдэпа. Варановіч не супярэчыў і ўключыў начштаба ў спісак дэлегацыі.

* * *

Прапусціўшы таварны поезд на Крупку, дзяжурны па станцыі крануў за плячо Бурмістрава.

— Прыйшлі? — падхапіўся той і ледзь не ўпаў, ступіўшы на здранцвелую левую нагу.

— Палякі? Яшчэ не. Але ж вы прасілі разбудзіць вас не пазней пяці. А зараз роўна пяць.

— І добра, што разбудзіў,— сказаў Бурмістраў, паціраючы нагу абедзвюма рукамі.— Было б несалідна, каб з’явілася дэлегацыя легіянераў на перагаворы, а мы, прадстаўнікі павятовага выканаўчага камітэта, спалі.

І як ні шкада было яму будзіць знебытаваных сваіх таварышаў, якія і ўчора не выспаліся, ён расштурхаў Нялюбава і Хведасевіча.

З паўгадзіны пачакалі і выйшлі на перон. Трохі пастаялі, пахадзілі. Бурмістраў спытаў, у якім баку Баяры і якая туды вядзе дарога. Хведасевіч павёў яго і Нялюбава цераз пуці. За пуцямі натыкаліся на штабялі рознага бярвення — кароткага і доўгага, тоўстага і тонкага.

— Адкуль тут столькі баланаў? — здзівіўся Нялюбаў.

— З лесу падвозяць вузкакалейкай,— растлумачыў Хведасевіч.— У вайну яе пралажылі. Адсюль і на шахты наш лес ідзе, і на фронт — на бліндажы і другія ўмацаванні.

Сяк-так знайшлі праходы і выбраліся на Баярскую дарогу. Доўга ўглядаліся ў цемру. Паслухалі, як брэшуць у Баярах сабакі. Легіянераў нідзе не было і відаць.

Набліжалася раніца. І тады Нялюбаў устрывожыўся:

— А што, як легіянеры задумалі абдурыць нас? Згадзіліся на перагаворы, паабяцалі дэлегацыю прыслаць, каб супакоіць нас, а самі тым часам рушылі з Баяр бальшаком на Барысаў? Мы іх ля чыгуначнага моста чакаем, а яны з другога боку могуць непрыкметна падысці к старому гораду, завалодаць ім і знянацку ўдарыць адтуль па Нова-Барысаву? Кулікоўскі ж, гад, у іх. А ён ведае нашы слабыя месцы.

Яны спыніліся ля аднаго з штабялёў. Бурмістраў азірнуўся і хоць нікога не разгледзеў у пагусцелым перадсвітальным змроку, але панізіў голас да шэпту:

— Я сам, рабяткі, баюся гэтага. Кулікоўскі можа здорава нашкодзіць. Нам трэба прыняць захады. І неадкладна.

Яны стаялі моўчкі і думалі адну думу. Кожны ўсведамляў неабходнасць прыняць тэрміновыя меры засцярогі і застрахаваць стары Барысаў ад магчымага нападу легіянераў з боку гасцінца.

— Што ж нам рабіць? — нецярпліва спытаў Хведасевіч, зайздросцячы спакою, з якім Бурмістраў гаварыў пра небяспеку, што пагражала ім.

— Што рабіць? — перапытаў Нялюбаў, глянуўшы на ўсход, дзе хмары расступіліся і з’явілася светлая прагаліна.— Некаму з нас трэба неадкладна вярнуцца ў Барысаў — вывесці з казармаў увесь гарнізон, даць вінтоўкі членам прафсаюзаў і асядлаць бальшак. А каму-небудзь трэба застацца тут і пільна сачыць за кожным крокам легіянераў, а ў выпадку, калі з’явіцца іхняя дэлегацыя,— уступіць з ёй у перагаворы.

Бурмістраў кіўнуў галавой.

— Мэтазгодней,— сказаў Нялюбаў,— застацца Хведасевічу: ён чалавек мясцовы, калі ўзнікне патрэба, здолее зарыентавацца лепш за любога з нас.

Яны стаялі так блізка адзін ля аднаго, што Хведасевіч бачыў накіраваны на яго позірк Бурмістрава. Ён разумеў, што на яго плечы таварышы хочуць ускласці ўсю тую ношку, якую яны дагэтуль неслі ўтрох. Яму зрабілася страшна ад гэтай думкі. Адна справа — прыехаць к праціўніку на перагаворы ў складзе дэлегацыі, адчуваць побач плячо таварыша, і зусім іншае — апынуцца аднаму ў стане ворага. Якое значэнне тут мае веданне мясцовасці? Але ён падумаў, што Бурмістраў з Нялюбавым і на сябе ўзвальваюць ношку, можа, яшчэ цяжэйшую, чым на яго, і сказаў: _

— Я згодны.

Хвілін праз дзесяць яны ўтрох стаялі на пероне, на якім ужо таўкліся пасажыры — у армяках, у кажухах, у шынялях, у лапцях, у салдацкіх чаравіках і адзін ці два — у валёнках. У руках і за плячамі ў іх былі клункі, торбы, мяхі, кашолкі. А ў некаторых нічога не было. Большасць ехала да Барысава, рэдка хто — да Мінска.

Усе пазіралі на зялёную кропку, што загарэлася на ўсходнім семафоры. Вось-вось павінен быў падысці маскоўскі пасажырскі.

І ён скора паказаўся, асвятляючы сабе ў парадзелай імгле дарогу пражэктарам. Усё бліжэй і бліжэй. Нарэшце паравоз, дыхаючы гарачай парай, параўняўся з платформай. Прасунуўся яшчэ з разгону крокаў пяцьдзесят і спыніўся напроці вадакачкі, быццам конь каля калодзежа.

Пасажыры, баючыся астацца, кінуліся кутарчма к двум бліжэйшым вагонам. Яны піхалі адзін аднаго і не заўважалі, што побач, ля суседніх вагонаў, няма нікога. Такая ўжо інерцыя натоўпу.

Бурмістраў з Нялюбавым прайшлі трохі наперад і без усякіх перашкод ускочылі на падножку. Сямён падышоў да іх.

— Глядзі ж, таварыш Хведасевіч,— сказаў яму на развітанне Бурмістраў.— Дзейнічай абдумана і асцярожна. Галоўнае — не гарачыся. На, вазьмі, на ўсякі выпадак дэпешу.— І, выхапіўшы з нагруднай кішэні кіцеля атрыманую ўчора ноччу тэлеграму, перадаў яе Сямёну.— Можа спатрэбіцца! Калі што якое — неадкладна тэлеграфіруй нам!

* * *

Бомкнуў званок адпраўлення, паравоз адклікнуўся гудком, і поезд скрануўся з месца. Міма паплылі вагоны — адзін, другі, трэці... Усё хутчэй і хутчэй. Вось і апошні прамільгнуў.

Хведасевіч застаўся на пероне адзін. Ён доўга глядзеў услед поезду, які павёз яго таварышаў. Ужо і апошні вагон схаваўся за паваротам, абсаджаным ельнікам, і грукат колаў заціх, а ён усё стаяў у самым канцы перона. Яму зрабілася раптам так маркотна, быццам яго пакінулі ў чужым незнаёмым краі. Хоць і зграбны будынак вакзала, атулены бярозамі і вербамі, і драўляная вежа вадакачкі, і гэты перон, мошчаны дошкамі і старымі шпаламі,— усё было сваё, знаёмае.

Тут ён выходзіў з поезда, калі працаваў маладым хлопцам на тэлеграфнай лініі ў арцелі па замене збуцвелых слупоў і на суботах прыязджаў у сваё роднае Пракудава. Тут і садзіўся ў нядзелю на поезд, каб даехаць да Крупкі ці Слаўнага альбо другой якой-небудзь станцыі і адтуль дабрацца да таго месца, дзе апынулася вандроўная арцель.

«Ну, чаго абвяў, як грыб той пасля першых замаразкаў! — сароміў ён самога сябе.— Шляхцюкоў спужаўся? Дык яны ж не страшнейшыя за немцаў і аўстрыякаў, якім давалі чосу пад Пярэмышлем! І не страшнейшыя за эсэраў і іхніх гаспадароў, якіх ушчэнт разбілі ўвосень.

Усё гэта,— разважаў далей Сямён,— так. Толькі тады побач былі таварышы, сябры. А зараз я адзін... А ці адзін? Успомні-тка што гаварыў Бурмістраў, калі ты браўся на ўчот у ячэйцы запаснога палка, бо ў інтэнданцтве тады яшчэ не было бальшавікоў. Ён гаварыў: «Нас пакуль нямнога. Але скора нас будзе ў дзесяткі разоў больш, бо ўвесь народ пойдзе за намі. І мы пераможам!»

Паглыбіўшыся ў свае перажыванні і ўспаміны, Сямён і не пачуў, як да яго падышоў дзяжурны па станцыі. Той быў ужо не ў чырвонай шапцы, а ў вушанцы, бо здаў дзяжурства і сабраўся дамоў, у суседнюю з Баярамі вёску Забалотніцу.

— Таварыш народны камісар! — сказаў ён.— Там легіянеры прыйшлі.

Хведасевіч рэзка павярнуўся і схапіў яго за рукаў.

— Калі прыйшлі?

— Нядаўна, якраз у час пасадкі.

— Дзе яны?

— Там, у нас.

— І шмат іх?

— Ды нямала. З дзесятак набярэцца.

Хведасевіч увесь напружыўся. На хаду паправіў шапку на галаве, ссунуўшы яе трошкі набок, зацягнуў тужэй дзяжку, праверыў, ці зашпілены верхні кручок у шынялі.

Сапраўды, цесную дзяжурку запаўнялі ваенныя ў пагонах. Іхнія пагоны ды яшчэ цэшкі на шапках у першую чаргу кінуліся Хведасевічу ў вочы. Не хаваючы сваёй варожасці, ён акінуў іх позіркам — што гэта за людзі, якія парашылі скінуць Саветы і з якімі яму выпала мець справу?

За нейкіх дзве-тры секунды ён паспеў адзначыць, што на большасці — такія ж простыя салдацкія шынялі, як і на ім, і гэта акалічнасць абрадавала яго. Сярод іх вылучалася малайцаватая постаць ужо знаёмага начальніка каравульнай каманды і другая — таксама ў афіцэрскім шынялі, але з палкоўніцкімі пагонамі і з шабляй і рэвальверам на баку. На грудзях у яго целяпаўся афіцэрскі георгіеўскі крыж.

«Іш, халера, не прызнае савецкіх дэкрэтаў! — падумаў ён злосна пра палкоўніка.— Прыбраўся, як пры цары ці пры Керанскім».

Легіянеры ў сваю чаргу вывучалі яго і, здавалася, прыкідвалі, на што ён здатны.

— Добры дзень! — сказаў, парушаючы маўчанне, Хведасевіч і па-ваеннаму паднёс руку да скроні.

Легіянеры, усе як адзін, зрабілі ў адказ тое самае.

— А дзе ж ваша дэлегацыя? — нехаця казырнуўшы, спытаў палкоўнік. У роце ў яго, калі ён загаварыў, бліснуў залаты зуб, і гэта дробязь чамусьці выклікала ў Хведасевіча яшчэ большую варожасць.

«А вы б даўжэй кешкаліся, пан палкоўнік»,— хацеў сказаць ён, але стрымаў сябе і як можна афіцыйней заявіў:

— Я намеснік старшыні выканкома павятовага Савета рабочых, салдацкіх, сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў і ўпаўнаважаны адзін весці з вамі перагаворы. Вось мой мандат.

Ён бачыў, як у палкоўніка ледзь прыкметна ўздрыгнулі губы ад радаснай ўсмешкі, калі той разгарнуў яго мандат.

— Ваша прозвішча Хведасевіч? Вы часам не католік? — І вочы палкоўніка засвяціліся.

«Думае, што я шляхціц, прымае за свайго»,— мільганула ў галаве ў Хведасевіча.

— Не, пан палкоўнік! Я не католік! — адказаў ён.— Ксціў мяне поп. Але я не веру ні яму, ні ксяндзу, не прызнаю ні бога, ні чорта. Веру аднаму таварышу Леніну і сваёй бальшавіцкай партыі, якая змагаецца за волю, зямлю і мір для ўсіх працоўных! — Апошнія словы ён адрасаваў тым, хто быў адзеты ў салдацкія шынялі. Да іхніх простых сэрцаў ён рашыў церабіць сцежку.— Ці, можа, ваш гонар, пан палкоўнік, не дазваляе вам весці перагаворы з мужыком? — закончыў ён з задзірлівай іроніяй.

— Ды не...— паморшчыўся кісла, быццам ён пакаштаваў лясушку, палкоўнік.— Раз вы ўпаўнаважаны, мы не супроць... Але перагаворы ў нас ваенныя, і тут, згадзіцеся, не месца... Давайце пройдзем да нас, у штабны вагон. Гэта недалёка, у эшалоне.

Хведасевіч падумаў і згадзіўся.

Яны мінулі багажную пуню, высокую пагрузачна-разгрузачную платформу з павеццю, і Хведасевіч убачыў воддаль два саставы таварных вагонаў з паравозамі наперадзе, што стаялі адзін ля другога непадалёку ад дрывянога склада.

Ідучы поплеч з палкоўнікам, ад якога несла моцным адэкалонам, Хведасевіч скоса пазіраў на яго бліскучы вагон і зларадна думаў: «Нябось, да рэвалюцыі ты б мяне і на парог не пусціў. А цяпер побач ідзеш. І я побач іду, хоць мне, бальшавіку, і не па душы такое суседства. Але што ж зробіш, калі трэба».

Ён азірнуўся на салдат, якія ішлі ззаду, і адразу спахмурнеў. Зараз, калі зусім развіднелася, яму кінулася ў вочы адна не заўважаная раней дэталь: ва ўсіх салдат, як і ў малайцаватага афіцэра, боты былі аднолькавыя — хромавыя, наваксаваныя да бляску. Адкуль у салдат хромавыя боты?

«Пераапранутыя афіцэры? — варухнулася ў яго падазрэнне.— Мусіць, таму і з’явіліся так позна, што доўга радзіліся, як ашукаць нас. Шынялі змянілі, а боты змяніць забыліся ці, можа, разлічвалі на прастату нашу: дурныя мужыкі не разбяруць»,— думаў ён са злосцю і крыўдай.

Аднак падазрэння свайго ён рашыў пакуль не паказваць — падыходзілі да эшалонаў, і неабходна было ўсё прыкмячаць і матаць на вус.

Спярша яму здалося, што абодва паравозы як быццам не паказваюць адзнак жыцця: ні дыму, ні шыпення. І толькі падышоўшы зусім блізка, заўважыў над іхнімі трубамі тонкія, як з піпак, шызыя струменьчыкі. Значыць, у топках падтрымліваўся агонь. Усе цяплушкі — і злева і справа — былі расчынены, і ўсярэдзіне відаць голыя нары. Вартавых тут зусім не было. Вартавыя з вінтоўкамі пахаджвалі каля класнага вагона і далей.

У суседняй з класным вагонам цяплушцы дзверы таксама былі адсунуты. Але ў ёй стаяў стрыманы гоман. Вакол распаленай да чырвані жалезнай печкі сядзелі жалнежы і рэзаліся ў карты. У глыбіні цяплушкі Сямён убачыў двух у чорных паддзёўках. «Машыністы з паравозаў прыйшлі бавіць час»,— падумаў ён.

Ён і выгляду не паказваў, што яго цікавяць вартавыя. А між тым, пакуль палкоўнік давёў яго да свайго штабнога вагона, Сямён паспеў заўважыць, што вартавыя стаяць і пахаджваюць каля таварных вагонаў, якія наглуха зачынены і замкнёны. «Сцерагуць зброю і боепрыпасы,— здагадаўся ён,— ну і, вядома, харчы».

Услед за палкоўнікам ён падняўся ў вагон. Прайшоў у застаўлены крэсламі салон.

Калі ўселіся за стол, ён пералічыў легіянераў, што занялі месцы побач з палкоўнікам і за палкоўніцкай спіной. Іх было шэсць — два ў афіцэрскім і чатыры ў салдацкім адзенні — супроць яго аднаго. На момант яму зрабілася ніякавата. «Нічога,— паддаваў ён сабе смеласці.— Падужаемся». Ад напружання на пераноссі ў яго выступіла раса, і ён змахнуў яе далонню.

— Пачнём нашы перагаворы? — прапанаваў палкоўнік, ззяючы сваім залатым зубам.

Хведасевіч у знак згоды кіўнуў галавой.

— Тады ваша першае слова...— палкоўнік запнуўся,— таварыш прадстаўнік выканкома. Раскажыце, з чым вы да нас з’явіліся, што да нас маеце.

Хведасевіч моўчкі падаў яму цераз стол атрыманую ўчора ноччу тэлеграму з Оршы. Ён заўважыў, як незадаволена ссунуліся ў палкоўніка бровы.

— Дык чаго ж вы хочаце ад нас? — дапытваўся палкоўнік, перадаючы тэлеграму не малайцаватаму начальніку каравульнай каманды, які сядзеў справа ад яго, а рудому легіянеру ў салдацкім шынялі, з ястрабіным носам і халоднымі вачамі, што сядзеў побач з ім злева. І ў Хведасевіча яшчэ больш умацавалася падазрэнне, што ўсе легіянеры ў салдацкіх шынялях — не простыя жалнежы, а пераапранутыя афіцэры.

— Чаго мы хочам? — Хведасевіч памкнуўся быў устаць з месца. Але ўспомніў, што палкоўнік гаварыў седзячы, і прымусіў сябе сесці.— Ад імя Барысаўскага павятовага выканкома і гарнізона я патрабую, каб вы склалі ўсю сваю зброю на гэтай станцыі. Тады мы прапусцім вас цераз Барысаў.

— А калі мы не раззброімся? — Палкоўнік утаропіўся позіркам Хведасевічу ў вочы.

— Тады мы сілай абяззброім вас!

На хвіліну ў салоне ўсталявалася напружаная цішыня. Стала чуць, як непадалёку, набіраючы хуткасць, коцяцца вагоны — відаць, на Крупку адпраўляюць нейкі поезд.

— Але ж гэта будзе азначаць вайну! — з робленым пафасам усклікнуў палкоўнік.

— Вайну,— пацвердзіў Хведасевіч.— Ваш камандуючы Доўбар-Мусніцкі ўжо распачаў яе. І ўся адказнасць за кровапраліцце ляжа на вас.

— Але ж бальшавікі супроць вайны! — напомніў тым жа тонам палкоўнік, і ў зрэнках яго бліснулі насмешлівыя іскрынкі.

Увесь час гаварыў ён адзін, другія легіянеры затоена маўчалі. І Хведасевіч канчаткова пераканаўся, што гэта пераапранутыя афіцэры. Калі б тут былі простыя салдаты, яны б не сядзелі моўчкі, а так ці іначай падалі б свой голас.

— Так, мы супроць вайны,— сказаў Хведасевіч,— таму і не прапусцім вас на Мінск, калі вы не складзіцё зброю. А паспрабуеце сілай прарвацца, як у Воршы,— пасячом з кулямётаў!

Ізноў у салоне запанавала цішыня. На гэты раз яна цягнулася даўжэй. Палкоўнік уважліва разглядаў ногаць на ўласным мезенцы. Члены яго дэлегацыі, як манекены, глядзелі прама перад сабой і не варушыліся.

— Ну, што ж, мы здадзім зброю,— пакорліва сказаў палкоўнік, падняўшы вочы.— Пры адной умове...

— Якой? — не стрымаўся, перабіў Хведасевіч.

— Калі будзе адпаведнае распараджэнне Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

— Таварыша Крыленкі? — удакладніў Хведасевіч, абрадаваны ў душы тым, што легіянеры як быццам паддаюцца на ўгаворы.

— Так.

Упэўнены, што легіянерам некуды дзявацца і што Крыленка безумоўна загадае ім раззброіцца, Хведасевіч згадзіўся.

Сталі складаць тэлеграму ў Магілёў, у штаб глаўкаверха. Палкоўнік доўга пярэчыў супроць упамінання ў ёй таго факта, што яго эшалоны прарваліся праз Оршу сілай зброі. Але Хведасевіч настойваў на сваім — у Стаўцы павінны ведаць усю праўду. І палкоўнік, памуляўшыся, здаўся — пішыце.

Калі тэкст тэлеграмы ўзгаднілі, палкоўнік прапанаваў заключыць асобае пагадненне. У ім гаварылася, што да атрымання адказу з Магілёва, але не менш як на працягу 24 гадзін, легіянеры застаюцца ў вёсцы Баяры, а Барысаўскі выканком і гарнізон устрымаюцца на гэты час ад якіх бы то ні было дзеянняў супраць іх. Як і тэлеграму, гэта пагадненне падпісалі Хведасевіч і палкоўнік. І толькі прачытаўшы яго разгоністы подпіс — Варановіч, Сямён заўважыў свой дыпламатычны промах — забыў спытаць у палкоўніка прозвішча. Але цяпер гэта рабіць было позна і без патрэбы, падумаў ён. Трэба было пытаць раней, тады, калі паказваў яму свой мандат.

У адзінаццаць гадзін зайшлі ў вакзал. Там ужо дзяжурыў другі тэлеграфіст, Бабіцкі, знаёмы Хведасевічу па службе ў арміі. Ён быў з маленькай вёскі Замужані, што раскінулася каля самай чыгункі вярсты за тры ад Прыяміна. Хведасевіч кіўнуў яму галавой і падаў лісток з тэкстам. Апарат якраз быў свабодны, і Бабіцкі тут жа пачаў выстукваць ключом дэпешу на імя Крыленкі.

— Да відзэння, таважышу намесніку старшыні! — сказаў весела Варановіч, калі яны выйшлі на перон, і казырнуў гарэзліва, не хаваючы ўсмешкі.

«Чаму ён радуецца, гэты мурлач?» — насцярожыўся Хведасевіч, гледзячы ў шырокую спіну палкоўніка.

Бадзёра пераступаючы цераз рэйкі, той кіраваўся на другі бок пуцей. Там, за штабялямі бярвення, стаялі прывязаныя да плота коні пад сёдламі. Там чакала яго ўся дэлегацыя.

 

Хведасевіч бачыў, як адзін з легіянераў падвёў Варановічу высокага шэрага каня і немалады палкоўнік лёгка ўскочыў у сядло. Палкоўнік і руды кручканосы легіянер — наперадзе, другія — следам за імі, яны ўсе выехалі на баярскую дарогу і пагналі сваіх коней. Скора яны схаваліся за аснежаным пагоркам, з-за якога выглядалі голыя вяршыні дрэў, калодзежныя жураўлі і вільчыкі стрэх. Там, за пагоркам у лагчыне, былі Баяры, дзе знаходзіўся зараз варожы полк.

 

Хведасевіч ў глыбокай задуменнасці стаяў на пероне і адчуваў, як у ім усё больш і больш расце трывога. Чаму легіянеры адразу пасля перагавораў заспяшаліся ў Баяры? Што азначае загадкавая ўсмешка палкоўніка? Так усміхаецца толькі той, хто застаецца з выйгрышам. «Няўжо я даў маху, і яны абхітрылі мяне?» — думаў Хведасевіч.

Ён стаў успамінаць, ці не сказаў чаго лішняга ў час перагавораў. Здаецца, не. Помніў наказ Бурмістрава і стараўся быць стрыманым і немнагаслоўным. Ці, можа, ён памыліўся, згадзіўшыся паслаць сумесную тэлеграму ў Магілёў і заключыў пагадненне?

«Трэба паведаміць Бурмістраву»,— рашыў Сямён.

Калі ён зайшоў у каморку тэлеграфіста, той сядзеў ля апарата, з якога павольна выпаўзала вузенькая ружаватая стужка, і заносіў тэкст ў пузатую кнігу.

— Ну, здароў яшчэ раз, Бабіцкі. Як жывеш? Даўно мы з табой не бачыліся.

Яны прызываліся ў жніўні ў чатырнаццатым і абодва, як людзі пісьменныя, трапілі ў сувязісты ў адну роту. Пад Пярэмышлем у пятнаццатым Бабіцкага параніла. З таго часу яны і згубілі адзін аднаго.

Бабіцкі, паціснуўшы працягнутую руку, усміхнуўся ўсім сваім смуглявым тварам. Было відаць, што ён рады сустрэчы з даўнім акопным таварышам.

Адсунуўшы кнігу, ён расказаў, што пасля ранення пяць месяцаў праляжаў у шпіталі ў Смаленску.

Нагу яму вылечылі, але яна больш не згінаецца ў калене. На камісіі яго прызналі непрыгодным да вайсковай службы і выдалі белы білет. Вярнуўся дамоў. Пахадзіў месяц за плугам, за бараной і ўбачыў, што ўжо не можа з калечанай нагой быць аратым. Падаўся ў Мінск на курсы тэлеграфістаў. Скончыў іх і вось ужо другі год служыць тут, балазе хадзіць яму са сваіх Замужань сюды недалёка.

— А як ты на Савецкую ўладу глядзіш? — пацікавіўся Хведасевіч.— У якую партыю запісаўся?

Бабіцкі адказаў, што ні ў якую партыю пакуль не запісваўся. Але ў час выбараў ва Устаноўчы сход сам галасаваў за бальшавікоў і агітаваў галасаваць за іх усіх сваіх замужанцаў, а таксама за ўсіх балачан, баярцаў, негнаўцаў, лашнян. За гэта Аўрам Дзерван гразіўся яму другую нагу перабіць.

Хведасевіч заўважыў, што стужка пайшла чыстая, без кропак і працяжнікаў, і сказаў:

— Давай зараз, таварыш Бабіцкі, маю тэлеграму. А тую пасля запішаш у сваю біблію.

Ён тут жа накідаў слоў сорак пра сустрэчу з дэлегацыяй легіянераў і вынікі перагавораў, і Бабіцкі без затрымкі перадаў іх у Барысаў.

Перадаў і хацеў распытаць Хведасевіча пра яго жыццё. Але ў каморку нечакана ўляцеў высокі танклявы хлопец у чорнай форменнай паддзёўцы з бліскучымі гузікамі, у чорнай шапцы-вушанцы. Па тым, як парывіста хадзілі ў хлопца грудзі і расчырванеліся шчокі, было адразу відаць, што ён доўга бег.

— Што здарылася, Стась? — устрывожана спытаў Бабіцкі.

Хлопец рабіў намаганне, каб праглынуць камяк, які засеў у яго ў горле і перашкаджаў дыхаць і гаварыць. Нарэшце неяк праглынуў.

— Дзе... таварыш... Бурмістраў? Мне... сказаць... яму трэба!..

Толькі цяпер, калі хлопец падаў голас, Сямён пазнаў яго. Гэта быў тэлеграфіст Стась Сакалоўскі, які дзяжурыў уночы,— так вушанка і форменная паддзёўка змянілі яго выгляд. Ад яго начной бледнасці не засталося і следу.

Сямён адказаў, што Бурмістраў з Нялюбавым паехалі пасажырскім у Барысаў.

— Шкада,— са шчырым засмучэннем прамовіў Стась. Раптам ён схамянуўся.— Але ж вы яго памочнік?

— Намеснік,— удакладніў Сямён.

— Дык я вам раскажу! А вы таварышу Бурмістраву перадайце! Легіянеры ў нас у Баярах нешта надумалі. Мінут праз пяць пасля таго, як іхнія коннікі вярнуліся са станцыі, Дзерван трох павёз некуды на парцы коней. Вазок яго, Дзерванаў, а коні легіянерскія. Ажно снег закурыўся ўслед за імі! Я стаяў ля калодзежа і бачыў сам.

— А ў які бок ён іх павёз? — спытаў азадачаны Сямён.

— На Негнавічы.

«На Негнавічы можа азначаць і ў Негнавічы і за Негнавічы,— разважаў Сямён.— Калі б толькі ў самыя Негнавічы — чорт з імі, хай бы ехалі». Вялікай небяспекі для Савецкай улады ў такой паездцы ён не бачыў. А калі за Негнавічы, дык гэта ўжо іншая справа. Павернеш з Негнавіч улева, на Мётча,— прыедзеш у Барысаў. І ўправа павернеш, на Лошніцу, гасцінец таксама прывядзе ў Барысаў.

«Ах, свалата мурлатая! — са злосцю думаў Сямён пра палкоўніка Варановіча.— Рабіў выгляд, што вядзе мірныя перагаворы, абавязаўся не кратацца з Баяр на працягу сутак, а ўжо разведку ў Барысаў паслаў».

Што Варановіч выслаў разведку, Сямён быў амаль упэўнены.

«Трэба неадкладна папярэдзіць Бурмістрава»,— неяк сам сабой напрасіўся вывад. Сямёнава думка набыла раптам нечаканую яснасць. Ён ужо зусім не адчуваў таго адзіноцтва, якое ахапіла яго раніцай, у першыя мінуты пасля ад’езду самых блізкіх таварышаў. Не было побач Бурмістрава і Нялюбава, затое былі стары франтавы сябар, на якога ён мог разлічваць, і гэты юнак, гатовы служыць рэвалюцыі.

Стасю Сакалоўскаму было дужа важна ведаць, як будзе ўспрынята яго паведамленне. Таму, расказваючы, ён уважліва глядзеў Хведасевічу ў твар. Спачатку ён заўважыў, як той спахмурнеў увесь, зеленаватыя вочы пацямнелі, зрэнкі звузіліся, завастрыліся. А потым убачыў, як гэтыя вочы загарэліся натхненнем, і падумаў, што спяшаўся ён сюды, на станцыю, недарэмна.

Ён не памыліўся — Хведасевіч назваў яго малайчынай і свядомым юнаком і, падзякаваўшы за важнае для абароны рэвалюцыі паведамленне, папрасіў і надалей непрыкметна сачыць за легіянерамі ў Баярах.

— Назірай так,— павучаў ён хлопца,— каб ніхто і не западозрыў, што вядзеш нейкія назіранні. Будзь напагатове! Цябе, напрыклад, могуць затрымаць зараз каля тваіх Баяр і спытаць, чаго ты хадзіў на станцыю. Што ты ім адкажаш?

— Не бойцеся, таварыш народны камісар, я ведаю, што сказаць — не маленькі!

— А ўсё-ткі?

— Скажу, забыўся раніцай перадаць зменшчыку ключ ад шуфляды, дык адносіў.

— Стась — малец кемлівы,— заўважыў Бабіцкі,— выкруціцца.

Калі хлопец, узрадаваны даручэннем, выйшаў з каморкі, Сямён прычыніў шчыльней дзверы і ціха, каб не чутно было ў дзяжурцы за сцяной, шапнуў:

— Таварыш Бабіцкі, перадавай у Барысаў: «Выканком... павятовага... Саўдэпа... Бурмістраву... Прашу... асабіста... з’явіцца... к апарату... для... тэрміновай... размовы... кропка... Хведасевіч».

Яму прыйшла ў галаву надзвычайна дзёрзкая ідэя.

Легіянеры, як ён прыкмеціў — і тады, калі ішоў першы раз між іхніх эшалонаў, і тады, калі вяртаўся той жа дарогай пасля заканчэння перагавораў у вакзал,— ахоўваюць толькі штабны і некалькі суседніх з ім зачыненых вагонаў у сярэдзіне саставаў. Ля паравозаў жа і ля пярэдніх апусцелых цяплушак няма ніводнага вартавога. Гэту акалічнасць, выслухаўшы ўсхваляваны расказ Стася Сакалоўскага, і рашыў выкарыстаць Сямён, каб нанесці нечаканы ўдар і сарваць усе каварныя намеры легіянераў.

Ён прысеў на той самы тапчан, на якім спаў уночы. Дастаў аловак і запісную кніжку і пачаў накідваць новае данясенне Бурмістраву. Як былы сувязіст, ён ведаў, што яно павінна быць і сціслым і адначасова поўным.

Бабіцкаму хацелася пагаварыць аб новых парадках, успомніць таго-сяго з роты. Але ён бачыў, як напружана моршчыць лоб Хведасевіч, схіліўшыся над запісной кніжкай, і зразумеў, што зараз таму не да гутарак. Каб не перашкаджаць Сямёну думаць, ён асцярожна падняў з падлогі непрачытаную стужку і прысунуў к сабе кнігу ўваходных тэлеграм.

Праз якіх паўгадзіны тэлеграф запрацаваў. Бабіцкі зірнуў на першыя кропкі і працяжнікі і абрадавана ўсклікнуў напаўголасу:

— Ля апарата Бурмістраў! — І, паклаўшы руку на ключ, з гатоўнасцю глянуў на Хведасевіча.

Сямён у момант апынуўся побач.

— Адказвай, таварыш Бабіцкі: «Ля апарата Хведасевіч. Паведамляю, што гадзіну таму назад з Баяр у кірунку да Барысава на пары коней, запрэжаных у вазок, выехала група легіянераў. Па ўсім відаць, разведка. За фурмана і правадніка ў іх намеснік старшыні павятовай земскай управы Дзерван. Яшчэ паведамляю: ёсць магчымасць падчапіць абодва польскія эшалоны з усімі прыпасамі і прыгнаць у Барысаў. Для гэтай мэты прышліце, як толькі сцямнее, два паравозы, на ўсякі выпадак — з аховай».

Мінуты чатыры — Сямёну яны здаваліся бясконцымі — Барысаў маўчаў: вырашаў. Бабіцкі пазіраў то на ружаватую тэлеграфную стужку, то на Хведасевіча, на яго рашучы, натхнёны твар. Ён быццам не пазнаваў свайго равесніка, таго самага пракудаўскага Сёмкі, з якім каля года служыў у адной роце.

— Ты гэта здорава прыдумаў! — сказаў ён у захапленні, з салдацкай прастадушнасцю.— Значыць, варыць у цябе кацялок! Нездарма цябе ў Савет выбралі.

— Яшчэ невядома, як Бурмістраў паглядзіць,— адказаў Сямён, у душы ўсцешаны пахвалой франтавога таварыша, к голасу якога прыслухоўваўся на службе.

У сувязі з гэтай пахвалой яму прыйшло на памяць выступленне Гаўрыльчыка на павятовым з’ездзе валасных зямельных камітэтаў. З якою злосцю тады, два месяцы назад, бэсціў думскі дзеяч яго самога і брата Ігнася, а таксама другіх прыхільнікаў Савецкай улады! Якімі дурнямі выстаўляў!

— Бурмістраў абавязкова адобрыць! — запэўніў Бабіцкі.

І праўда. Апарат нарэшце дробна і мерна застукаў, стужка пацякла ўніз, і Бабіцкі прачытаў на ёй: «План ухваляем. Чакай далейшых указанняў. Бурмістраў і Нялюбаў».

Сямён па-сяброўску паклаў сваю руку на плячо тэлеграфіста.

— Я на цябе спадзяюся, таварыш Бабіцкі.

Той зірнуў на яго з лёгкім дакорам.

— Гэтага б ты мог і не гаварыць мне, Сямён Захаравіч! Сам разумею, што такое ваенная тайна. Можаш быць наконт мяне спакойны: я не пабягу выказваць яе легіянерам, хоць нас, католікаў, і дражняць некаторыя шляхтай. А я такі шляхціц, як твой бацька ці ты сам пан. Раней людзей на праваслаўных, католікаў, магаметан і розных там лютэран дзялілі. А цяпер, пасля столькіх гадоў вайны і дзвюх рэвалюцый, многія зразумелі, што ёсць толькі ленінская вера бальшавікоў, якія хочуць усіх людзей зрабіць роўнымі, і вера багацеяў, якія жадаюць, каб на свеце засталіся старыя парадкі. Я лічу справядлівай бальшавіцкую веру. І таму ты, Сямён Захаравіч, можаш лічыць мяне сваім верным памочнікам.

* * *

Чакаць указанняў Бурмістрава прыйшлося гадзіны дзве. Увесь гэты час Хведасевіч неадлучна знаходзіўся ў каморцы тэлеграфіста. Ён усхопліваўся з тапчана кожны раз, як толькі апарат пасля перапынку пачынаў працаваць.

Але кожны раз Бабіцкі, глянуўшы на стужку, адказваў, што гэта службовая перадача. І Хведасевіч ізноў апускаўся на тапчан.

Ён ведаў, што не так лёгка падабраць у дэпо ў Барысаве два спраўныя паравозы і знайсці двух машыністаў, гатовых на рызыку. Ведаў, што нейкі час патрэбен і для таго, каб пагрузіць у цяплушкі хаця б адзін узвод. І ўсё ж празмерна доўгім здавалася яму, нягледзячы на гэта веданне, маўчанне Бурмістрава.

Ён часта выходзіў у дзяжурку — паглядзець на ходзікі. Гадзіннікавая стрэлка пераваліла лічбу «3» і марудна, але няўмольна, як цень, пасоўвалася да лічбы «4». Роўна ў чатыры гадзіны яго ўстрывожыла адна думка: «А што, як легіянеры, пакуль я тут сяджу, пачалі разгружаць свае вагоны?! Або адумаліся і паставілі вартавых ля паравозаў?!»

— Я на мінутку адлучуся,— сказаў ён Бабіцкаму.— Толькі зірну.

На дварэ прыкметна памякчэла. Зверху нячутна церушыў рэдкі пушысты сняжок. Далі зацягвала смуга. А можа, мутнела вакол з-за таго, што набліжаўся вечар і недзе за шэрымі хмарамі, якія полагам віселі ўвесь дзень над зямлёю, заходзіла нябачанае сонца?

Сямён зрабіў выгляд, што прагульваецца, і, мінуўшы платформу з павеццю, зайшоў за пакгауз. Абодва эшалоны стаялі на ранейшым месцы, і ўсё было па-ранейшаму: ля паравозаў і паблізу іх не было відаць ніводнага вартавога — яны пахаджвалі каля штабнога вагона і далей.

Сямён уздыхнуў з палёгкай. Цяпер яму хацелася аднаго — каб хутчэй наступіў вечар і прыйшлі паравозы ды каб снег паваліў густымі камякамі.

— Бурмістраў ля апарата! — весела сказаў Бабіцкі, калі Хведасевіч вярнуўся ў яго каморку.

— Нарэшце!

У адказ на перададзенае «Ля апарата Хведасевіч» на стужцы з’явілася:

«Накіроўваем у ваша распараджэнне два паравозы. Пры іх па дзве цяплушкі. У кожнай цяплушцы па чатыры кулямёты з кулямётчыкамі і па дзесяць стралкоў. Што патрэбна яшчэ?»

Хведасевіч папрасіў, каб да станцыі Прыяміна паравозы падышлі ціха і непрыкметна, без гудкоў і свісту, з выключанымі фарамі, адразу як сцямнее.

Сэрца яго білася моцна, але роўна. Бурмістраў зрабіў усё, што ад яго залежала і што ў яго прасілі. Цяпер ён, Хведасевіч, павінен дзейнічаць. Перш-на-перш трэба дамовіцца з дзяжурным па станцыі і са стрэлачнікамі.

— Дзяжурны па станцыі Мікалай Ларывонавіч Палянскі і стрэлачнік Алісей Ермаловіч,— сказаў Бабіцкі,— гарой за Савецкую ўладу. А вось як табе Андрэя Сманцара ўдасца ўламаць, не ведаю. Сярдзіты ён на рэвалюцыю...

Так яно і выйшла, як прадказваў тэлеграфіст.

Кірпаносы, з тонкімі насмешлівымі губамі Палянскі, які раніцай змяніў на дзяжурстве лысіка, выслухаўшы Хведасевіча, паабяцаў зрабіць усё, што неабходна.

— Скарэй ужо забірайце іх адсюль, гэтых паноў,— сказаў ён.— А то яны ўсе дровы папаляць.

Без лішніх слоў згадзіўся дапамагчы і Алісей Ермаловіч, дабрадушны здаравяк, з шырокай, як памяло, барадой. Запальваючы на стрэлцы ліхтарык, бо ўжо змяркалася, ён сказаў адрывіста:

— Будзь спакойны, Захаравіч. І стрэлкі перавяду, і вагоны к паравозу падчаплю. Нечага нам чыкацца з тымі, хто зубы на нас точыць і хоча вайной ісці.

Другога стрэлачніка Хведасевіч знайшоў аж пад баярскім пераездам. Андрэй Сманцар чысціў ад снегу крайнюю стрэлку.

— Добры вечар! Бог на помач, таварыш Сманцар!

Стрэлачнік выпрастаў спіну і застыў з венікам-гальнём у руцэ. Ссунуўшы на патыліцу аблавухую зайцаву шапку і выцершы рукавом ватоўкі лоб, ён са здзіўленнем і недаверам глядзеў сваімі вузкімі вачамі на «таварыша» ў простым шынялі, які паклікаў на помач бога.

Увачавідкі цямнела, і разводзіць гамонку не было калі. Але Хведасевіч усё ж палічыў неабходным пазнаёміцца і назваў сябе.

— Ведаю Захар’ю, твайго бацьку,— уставіў стрэлачнік.— У той год, калі наша Зарэчча пайшло на хутары, я купляў у яго на базары ў Барысаве начоўкі. Добрыя начоўкі — і цяпер яшчэ жывуць, не расшчапіліся.

Хведасевіч расказаў, дзе і што ён цяпер робіць.

— Чуў,— непрыязна буркнуў Сманцар.

Пра мяцеж Доўбар-Мусніцкага ён слухаў не перабіваючы. Але калі Хведасевіч нарэшце вылажыў, за чым прыйшоў к яму, стрэлачнік злосна крыкнуў:

— Не буду я памагаць бальшавікам! Яны ўсю кашу заварылі, цара скінулі!..

— Што ж вам дрэннага зрабіла рэвалюцыя? Чым пакрыўдзіла? Яна аддала заводы і фабрыкі рабочым, а зямлю — сялянам. Дала ім волю, раўнапраўе...

— А мяне старцам зрабіла!

— Старцам? Не разумею. Як?

— А так: я кожны месяц, як паступіў на службу на пуць, адкладаў з палучкі дзесятку ці пяцёрку і вёз у Барысаў у гэтае самае... як яго... крадзітнае таварыства, што адкрыў у сваім доме каляснік той — Курдыян ці Кандыр’ян, каб яго зямля не насіла! Шэсць працэнтаў абяцаў даваць, пракляты пузан, каб ён удавіўся! Ну я й пагаліўся. Усё думалася — скарэй назбіраю з паўтысячы і пачну дзяцей вучыць — выводзіць у людзі. Хацелася, каб дачка ў настаўніцы выйшла, а сыны — у машыністы. А вы, галадранцы, усхадзіліся — далоў цара, далоў паноў і капіталістаў!.. Ну, банкір спужаўся і збег... і захапіў з сабою касу... Ляснулі ўсе мае крывавым мазалём заробленыя грошыкі... Усе, да капейкі...— Сманцар паднёс к вачам далонь.

Слёзы сталага мужчыны, бацькі траіх дзяцей, здаліся Хведасевічу недарэчнымі і агіднымі. Тут справа ідзе аб рэвалюцыі, аб тым, каб сарваць каварную задуму яе ворагаў, а той уздумаў аплакваць свае зберажэнні. Але ён успомніў наказ Бурмістрава не гарачыцца і заглушыў у сабе раздражненне.

— І шмат грошай прапала?

Сманцар сагнутым каравым пальцам выцер вочы і тады адказаў:

— Без паўсотні тры сотні.

Так гучала больш унушальна, чым 250 рублёў.

— Капітал немалы,— паспачуваў Хведасевіч і пачаў суцяшаць стрэлачніка: па-першае, нельга звальваць на рэвалюцыю віну за тое, што збег паразіт і круцель Кандрыян; па-другое, у гімназіях і нават ва універсітэтах цяпер будуць бясплатна вучыць дзяцей рабочых і сялян. Урэшце, што такое дзвесце пяцьдзесят рублёў у параўнанні з воляй, мірам і зямлёю, якія рэвалюцыя дала ўсім працоўным?

— Вам лёгка гаварыць,— агрызнуўся Сманцар,— вы сотнямі палучаеце, а я ўсяго васемнаццаць рублікаў.

Хведасевіч хацеў расказаць, колькі ён і яго таварышы атрымліваюць за сваю службу, як іх кормяць у сталоўцы. Хацеў спытаць, хто прысвоіў яго няшчасныя грошы — рэвалюцыя ці ўцякач Кандрыян? Але заўважыў, як змрок гусцее ўсё больш і больш. Яго ахапіў адчай.

Можна было, вядома, перагаварыць з Палянскім, каб ён загадаў стрэлачніку. Але ўпарты стрэлачнік пачне са злосці так выконваць загад, наробіць такога груку, што загубіць усю справу.

— Ну што ж,— са шкадаваннем сказаў Сямён.— Бывай, таварыш Сманцар. Прыйдзецца пашукаць другога чалавека, які б нам памог.— І ён павярнуўся і пайшоў у бок вакзала...

— Куды ж ты? Пачакай! — пачуў ён ззаду Сманцараў голас. Сямён прыпыніўся.

Несучы пад пахай сваё стрэлачніцкае прычындалле, Сманцар некалькі крокаў зрабіў моўчкі. Затым гмыкнуў і, стараючыся заглянуць Сямёну ў вочы, запытаў:

— Скажы, ты праўду гаварыў пра бясплатныя гімназіі? Не зманіў?

— Бальшавікі, таварыш Сманцар, не ўмеюць маніць. Наша партыя таму і перамагае, што яна справядлівая і праўдзівая партыя. І я даю табе слова — мы адкрыем дарогу ў навуку ўсім рабочым, сялянам і іх дзецям. Мы пабудуем гімназіі і прагімназіі ва ўсіх сёлах, у тым ліку і ў вашых Ратуцічах. У нас будзе вучыцца кожны.

— А хто ж тады ў зямлі будзе калупацца і на пуці рабіць, як усе стануць вучонымі?

Сямён не мог бачыць недаверлівую ўсмешку Сманцара — так сцямнела ўжо. Але ён пачуў яе ў голасе стрэлачніка.

— Тады,— растлумачыў ён,— не будуць калупаць зямлю плугамі і сохамі. Электрычныя машыны будуць і араць, і скародзіць, і сеяць, і жаць, і малаціць, і касіць. А чалавек будзе кіраваць машынамі. Для гэтага ўсім прыйдзецца вучыцца — на машыністаў, на электрыкаў, на аграномаў. Магчыма, і табе, Сманцару, прыйдзецца сесці за кніжку...

— Складна пяеш,— глыбока ўздыхнуўшы, сказаў Сманцар, калі яны праходзілі міма вадакачкі.— Толькі ці будзе яно так, як ты распісваеш? — і без бачнай сувязі з папярэднім спытаў: — Калі твае паравозы прыйдуць? Скора?

* * *

Паравозы павінны былі з’явіцца вось-вось — прайшло напэўна каля гадзіны пасля апошняй размовы па тэлеграфе з Бурмістравым. Ужо зусім звечарэла.

Хведасевіч і Палянскі стаялі ў самым канцы перона, паблізу вадакачкі, якраз там, дзе раніцай пасля ад’езду Бурмістрава і Нялюбава стаяў і тужыў Сямён. Тады ён адзін са смуткам глядзеў услед поезду, які павёз у Барысаў яго бліжэйшых таварышаў. Зараз ён разам з дзяжурным па станцыі ўзіраўся ў цемнату і з нецярплівасцю чакаў з таго боку паравозаў.

Начальніку станцыі, які спаслаўся на боль у галаве і ў паясніцы і яшчэ да змяркання пайшоў на кватэру, яны нічога не сказалі пра задуманую аперацыю.

Згушчаючы і без таго каламутную цемру, зверху сыпаўся і сыпаўся пушысты снег. І гэта радавала Сямёна.

Свой ліхтар Палянскі трымаў так, што яго каляровае святло маглі бачыць толькі з таго боку, у які яны ўглядаліся. Наогул Палянскі аказаўся на дзіва кемлівым дзяжурным. Ён своечасова распарадзіўся падняць зялёны сігнал на заходнім семафоры. Падрабязна расказаў Ермаловічу і Сманцару, як, што і калі рабіць, і паслаў іх к стрэлкам, што вядуць на запасныя пуці.

Сямён быў удзячны і яму, і абодвум тэлеграфістам — Стасю Сакалоўскаму і Бабіцкаму, і абодвум стрэлачнікам — млёхаўцу Ермаловічу і ратуцінцу Сманцару. Ну, што б ён рабіў адзін, без іх?

Ён быў не настолькі самалюбны і дурны, каб лічыць, быццам яны імкнуцца дагадзіць асабіста яму, як начальніку. Ён добра ўсведамляў, што яны дапамагаюць рэвалюцыі, якая ўстанавіла Савецкую ўладу і дала народу волю, мір і зямлю. Ён разумеў, што яны, людзі працы, ускладаюць на рэвалюцыю ўсе свае спадзяванні, звязваюць з ёй самыя светлыя свае надзеі на будучыню. І думаў, што такую рэвалюцыю не задушаць ніякія доўбар-мусніцкія.

Аднак, чаму дасюль не чуць паравозаў? Пара ўжо ім быць, нават калі машыністы выключылі фары і пражэктары перад Замужанямі і прасоўваюцца к Прыяміну вобмацкам, з хуткасцю пешахода.

— Паслухаем рэйкі,— прапанаваў Палянскі, заўважыўшы нецярплівасць Сямёна, і спусціўся з перона.

Ён перасек правы пуць і, стаўшы на калена, прыклаў вуха да першай рэйкі левай каляі. Сямён зрабіў тое самае.

— Чуеш, як гудзе? — спытаў ціха Палянскі.— Значыць, ідуць.

Ён устаў і адышоў убок, рукавом працёр свой ліхтар.

— Зараз будуць,— сказаў Сямёну.

І праўда. Мінуты праз дзве побач з імі спыніўся цёмны паравоз з дзвюма цяплушкамі спераду. З паравознай прыступкі саскочыў Нялюбаў, схапіў Сямёна за локаць і моцна паціснуў.

— Мы ў Барысаве,— сказаў ён гарачым шэптам,— прынялі такія-сякія дадатковыя меры: выслалі моцныя заслоны на бальшак пад Неманіцу і на лепельскую дорогу, выдалі дзвесце вінтовак і восем цынак патронаў добраахвотнікам з ліцейнага, «Беразіны», «Папіруса» і другіх заводаў, далі ім сваіх інструктараў. Хай паспрабуюць зараз легіянеры сунуцца на Барысаў! Але калі б нам удалося забраць іхнія саставы, мы б самі тады пайшлі ў наступленне. Як ты лічыш — удасца?

— Павінна ўдацца! — так жа горача запэўніў Сямён.— Іхнія эшалоны стаяць побач, адзін ля аднаго. Варта ўвесь час топчацца каля штабнога і суседніх з ім зачыненых вагонаў, у якіх яны, відаць па ўсім, вязуць боепрыпасы і палкавую маёмасць. Іначай бы яны не ахоўвалі так пільна гэтыя вагоны, якія знаходзяцца ў сярэдзіне саставаў. Ля іхніх паравозаў я і блізка не бачыў ніводнага вартавога — ні днём, калі хадзіў туды на перагаворы, ні адвячоркам, калі знарок выходзіў паглядзець. Уся справа ў тым, каб зусім бясшумна падагнаць зараз абодва нашы паравозы к эшалонам і падчапіць іх адначасна...

— А у вас тут усё падрыхтавана для гэтага? — спытаў для пэўнасці Нялюбаў.— Стрэлачнікі, счэпшчыкі ёсць у вас?

— Усё гатова! — адказаў за Хведасевіча Палянскі, падышоўшы да іх бліжэй.— Чакалі толькі вас, вашых паравозаў.

— Тады не будзем марудзіць,— сказаў Нялюбаў.— Ты, таварыш Хведасевіч, паедзеш з гэтым паравозам, а я — з другім — ён следам ідзе.

— Добра,— згадзіўся Хведасевіч.— Дзейнічаць будзем, як ужо дамовіліся са стрэлачнікамі,— яны і стрэлкі нам перавядуць, і прычэпяць польскія эшалоны к нашым паравозам. Як толькі яны зробяць гэта — кратаемся з месца: я са сваім эшалонам — наперад, а ты — адразу назад, каб не даць легіянерам апамятацца. А потым і ты рванеш услед за намі. Агонь адкрыем у тым выпадку, калі нас заўважаць і пачнуць страляць.

— Ясна,— прамовіў Нялюбаў. Падышоў да адной, затым да другой цяплушкі, ціха папярэдзіў: — Будзьце напагатове, таварышы кулямётчыкі і стралкі! Адсуньце і тыя, другія, дзверы. І каб — ні гуку. Агонь адкрываць толькі тады, калі скамандуем.

У паравознай будцы, куды падняўся Хведасевіч, было паўзмрочна. Постаці машыніста і качагара ён распазнаў дзякуючы цьмяным водбліскам, што падалі на іх знізу, са шчылін у дзверцах топкі, якую яны прадбачліва закрылі. Разгледзець жа іх твары і разабраць, што на гэтых тварах напісана, было проста немагчыма. Але ад гэтых людзей таксама залежала многае, і ён не мог не сказаць і ім слова:

— Таварыш Нялюбаў, мусіць, гаварыў вам, на якую рызыкоўную справу мы ідзём. Дужа прашу вас, таварышы, падысці к эшалонам так, каб нават шораху не было чуваць.

— Ведаем. Паехалі? — нецярпліва спытаў машыніст, і Сямён па голасу пазнаў у ім сваю барысаўскую радню. Цяпер дзядзька Хвядос быў для яго радней за бацьку. Ён гатовы быў кінуцца к яму на шыю і пацалаваць яго.

— Паехалі, дзядзька Хвядос! — весела сказаў Сямён і не адчуў, а хутчэй зразумеў, што паравоз крануўся: адразу паплыло і стала аддаляцца асветленае акно вакзала. Здавалася, паравоз не каціўся на сталёвых колах па чыгуначных рэйках, а плыў у змроку па вадзе. Сямён падумаў, што яму няма чаго рабіць у будцы, і выбраўся з яе, уладкаваўся на самых верхніх прыступках лесвіцы. Сціскаючы рукамі накалелыя на марозе парэнчы, углядаўся ўперад. Ён баяўся цяпер аднаго — каб не рассунуліся хмары і не паказаўся месяц, і хацеў, каб снег паваліў яшчэ гусцейшы.

Раптам паравоз павярнуў улева, і пад яго коламі ляснула прыціснутая стрэлка. Ляск гэты здаўся ў цішыні напружанаму Хведасевічу аглушальным. У яго ўсё адарвалася ўсярэдзіне. Ён заўважыў невысокую постаць, якая спакойна, як нічога не бывала, рухалася побач з пярэднімі коламі паравоза. Па аблавухай зайцавай шапцы, якая шэрай плямай мітусілася ў змроку, ён здагадаўся, што гэта Сманцар. У яго адлягло на сэрцы.

Стрэлачнік абагнаў паравоз. І хутка глуха бразнула другая стрэлка. Яе стук ужо не здаўся Хведасевічу такім аглушальным. Паравоз павярнуў управа, выйшаў на запасны пуць і пасунуўся яшчэ цішэй.

Хведасевіч хацеў папярэдзіць машыніста, каб зараз ён быў асабліва асцярожным — упоцемку можна было наткнуцца на эшалон і ўстрывожыць легіянераў. Тады без бою не абысціся. І хто ведае, як той бой скончыцца...

Нечакана паравоз спыніўся, і Хведасевіч бясшумна споўз са стромкай лесвічкі ў снег. Набіраючы снегу ў халявы, ён пайшоў уперад, каб упэўніцца, ці далёка да эшалона. Абмінуў адну цяплушку з нашымі кулямётчыкамі, другую і ўбачыў Сманцара. Той лазіў ля чужога паравоза і абмацваў счэпы.

«Мусіць, зоркія вочы ў старога Хвядоса»,— падумаў Сямён.

Ён прысеў на кукішкі і прыслухаўся. Ні крокаў вартавых, ні гаворкі паблізу не было чуць. У будках на паравозах таксама было ціха — усе машыністы з памочнікамі і качагарамі альбо паснулі, альбо пайшлі, як і ўдзень, да жалнежаў каравульнай каманды бавіць час.

«Усё складваецца як не трэба лепш,— падумаў Хведасевіч.— Цяпер каб толькі Нялюбаў скарэй пад’ехаў».

Чакаць прыйшлося нядоўга. Спачатку Сямён у змроку пачуў ледзь улоўнае шыпенне, падобнае на сапенне соннага чалавека. І затым ужо ўбачыў на суседнім запасным пуці неакрэслены сілуэт паравоза, які набліжаўся нячутна і паціху, быццам гіганцкі смоўж. Ад яго аддзяліўся чалавек. «Нялюбаў!» — абрадаваўся Хведасевіч.

— Давай! — шапнуў ён Сямёну на вуха і кінуўся назад, к свайму паравозу.

У наступную мінуту пачуўся аглушальны, з грымотнымі перакатамі, ляск буфераў. Паравоз, на які ўскочыў Нялюбаў і да якога Алісей Ермаловіч у адзін міг падчапіў трыццацівагонны эшалон, упёрся ў гэты састаў і падаў яго ўзад. У той жа момант паравоз, на які паспеў забрацца Сямён, па камандзе Андрэя Сманцара «Гатова!» ірвануўся ўперад.

Палянскі і Бабіцкі стаялі на пероне, калі з-за багажнай пуні і павеці над пагрузачна-разгрузачнай платформай вынырнуў паравоз з уключанымі фарамі і пражэктарам. Ён цяжка пыхкаў, цягнучы за сабою доўгі хвост вагонаў.

— Падчапілі! — ціха засмяяўся Бабіцкі.

Палянскі падняў вышэй свой ліхтар і зрабіў крок да самага краю перона, каб зручней было перадаць машыністу падрыхтаваны на скорую руку жэзл.

І вось паравоз параўняўся з вакзалам. З паравознай будкі выглядаў радасна ўзрушаны Хведасевіч, ён махаў тэлеграфісту і дзяжурнаму па станцыі рукой і крычаў:

— Дзякуй вам, таварышы, ад павятовага Саўдэпа! Перадайце аб усім на артсклад Берднікаву і Карасёву!

— Перададзім! — крыкнуў яму наўздагон Бабіцкі.

Дзве цяплушкі, якія па дарозе ў Прыяміна ішлі спераду паравоза, цяпер аказаліся ззаду яго. Дзверы ў іх былі шырока адсунуты — як і загадваў Нялюбаў. У дзвярах стаялі нашы кулямётчыкі і стралкі. Яны весела смяяліся і махалі шапкамі — ім так і не давялося ні разу стрэліць.

За гэтымі цяплушкамі, быццам конь, забрытаны жалезнай аброццю, паслухмяна ішоў паравоз, які прывёў пярэдні эшалон палкоўніка Варановіча са Ржэва аж у Прыяміна. За ім каціліся апусцелыя таварныя вагоны, не менш пятнаццаці. Затым прамільгнуў асветлены знутры класны вагон. Праз вокны было відаць, як усярэдзіне ў ім разгублена мітусяцца легіянеры, не разумеючы, хто і куды іх уздумаў везці.

За класным цяжка прамчаліся з паўдзесятка зачыненых вагонаў і потым зноў пакаціліся з лёгкасцю пустыя расчыненыя цяплушкі.

Мінуты праз тры пасля першага эшалона міма вакзала, набіраючы хуткасць, замільгалі вагоны другога саставу. Услед за ім, спатыкаючыся, бег каратканогі легіянер з вінтоўкай. Спрыту ў яго не хапіла ўскочыць у цяплушку, як гэта зрабілі другія вартавыя, ці, можа, ён задрамаў на пасту.

— Стой! — крычаў ён што сілы.— Пачакай, пся маць!

Гэта быў вядомы ў палку Варановіча карантыш Зыгмусь Бэсман.

Цягнік прыбаўляў ходу, і ўсё большай рабілася адлегласць між ім і Зыгмусем. Аднак Зыгмусь на штосьці яшчэ спадзяваўся ці проста бег па інерцыі, не разумеючы недарэчнасці сваёй пагоні.

— Сто-ой! Сто-о-ой!

— Паддай, пан! Можа, за хвост зловіш! — са смехам параіў Бабіцкі і пайшоў у вакзал, каб перадаць у Барысаў тэрміновую тэлеграму.

На гэтым не закончылася гісторыя з палком легіянераў, які Варановіч і Касіцкі хацелі весці на Барысаў і які барысаўчане прымусілі ўцякаць на Бабруйск. Іхнім шляхам суджана было скрыжавацца яшчэ не раз.

Прачнуліся на другі дзень выканкомаўцы, што жылі ў агульным памяшканні, хутка, па-салдацку, заслалі коўдрамі ложкі, памыліся, апрануліся і заспяшаліся ў сваю сталоўку на снеданне.

Раніца была ціхая, свежая і белая-белая. Пушысты снег, што валіў усю ноч, засыпаў двор, укрыў стрэхі, пышнымі шапкамі ляжаў цяпер на стаяках частакола, цудам трымаўся на частаколінах і нават на зубцах узорнай агарожы, махрамі-карункамі аздабляў галіны дрэў і кустоў агрэсту.

Пракладаючы ў двары ад флігеля нанова сцежку, паперадзе ішоў жвавы Нялюбаў, за ім — Сямён Хведасевіч і Маталыга. Яны першыя выбраліся за вароты на вуліцу і, уражаныя тым, што ўбачылі там, застылі на міг.

Каля ганка з фігурнымі балясамі, над якім з лістапада пунсавеў невялікі сацінавы флаг з адзіным словам «СовЪть», тоўпіліся... жалнежы — не менш паўсотні. Яны моўчкі падымалі ўгору свае вінтоўкі і патранташы і ўручалі іх Маласаю і яшчэ аднаму добраахвотніку, што стаялі на высокім ганку. Тыя ў сваю чаргу перадавалі зброю і патроны Мікулаву і Верных, якія то з’яўляліся ў дзвярах, то знікалі за імі.

Маласай і яго напарнік заўважылі Нялюбава і другіх выканкомаўцаў, што спыніліся ад здзіўлення ля варот. Але нічога не сказалі, занятыя сваёю незвычайнай справай. Маласай толькі падмаргнуў без усмешкі.

— Што тут адбываецца? — спытаў, падышоўшы к ганку, Нялюбаў.

— Зараз, таварыш камісар! — кінуў яму коратка Маласай. Ён прыняў ад жалнежаў апошнія вінтоўкі, напаўголасу прамовіў: «Пяцьдзесят шэсць... пяцьдзесят сем»,— абвёў легіянераў строгім позіркам і загадаў ім: — А цяпер слухайце маю другую каманду — здзірайце свае пагоны і кукарды! — І толькі пасля гэтага далажыў па-вайсковаму гучна: — Дык гэта ж, таварыш павятовы камісар, начныя патрульныя з вакзала прывялі іх сюды. Яны з Прыяміна прыбылі — здавацца нам!..

— Не здавацца, а дэмабілізавацца! — удакладніў адзін з жалнежаў — белазоры бландзін з мужным тварам — і шпурнуў у снег свае пагоны і цэшку.

З-за яго шырокай спіны выбраўся наперад карантыш, з распухлым носам і сінякамі на твары. Ён неяк вінавата і разам з тым даверліва аглядзеў Нялюбава і другіх членаў выканкома. Даўжэй, чым на іншых, затрымаў свой позірк на магутнай постаці Маталыгі і, мяшаючы рускія і польскія словы, расказаў, што ўсе яны ўцяклі ноччу з палка, як толькі іхні полк выступіў з Баяр і ўвайшоў у лес. Яны не жадаюць ваяваць за генерала Доўбар-Мусніцкага, супраць Леніна. Яны хочуць, каб іх адпусцілі дамоў. На мітынгу ў Оршы матрос-бальшавік ад імя Саўдэпа абяцаў дэмабілізаваць усіх, хто адмовіцца падтрымліваць мяцежны корпус. І яны, сабраўшыся пасля ўцёкаў на станцыі Прыяміна, спачатку думалі ехаць у Оршу. Аж тут падышоў цягнік на Барысаў, і яны прыкацілі сюды.

— Вы нас звольніце ад службы, пан таварыш бальшавік? — упрашальна зазірнуў ён у вочы Нялюбаву.

— Звольнім! — весела запэўніў яго Нялюбаў і пачаў распытваць, куды іменна павёў іхні камандзір Варановіч свой полк з Баяр.

Жалнежы, якія адразу павесялелі, пачуўшы абяцанне самога камісара, са шкадаваннем паціскалі плячамі. Афіцэры ім нічога пра маршрут не гаварылі, калі выганялі іх з Баяр, не зважаючы на снег і ноч. Толькі пазней зразумелі яны прычыну такой паспешлівасці, даведаўшыся ад Зыгмуся Бэсмана пра лёс сваіх эшалонаў,— белазоры кіўнуў на карантыша.

І тут Зыгмусь успомніў і расказаў. Калі ён, збіты з ног раз’юшанымі палкоўнікамі, абсунуўся на падлогу, здаецца, Варановіч крыкнуў: «Выступаем на Бабруйск, панове!»

Праз гадзіну патрульныя — салдаты і рабочыя, сярод якіх быў і грузчык з гуты, прывялі з вакзала новую групу жалнежаў, удвая большую за першую. Затым — яшчэ адну. Пасля — яшчэ і яшчэ. Кожным поездам з Прыяміна прыязджалі ўсё новыя і новыя партыі жадаючых дэмабілізавацца. Увечары і на другі дзень уранку прыбывалі тыя, што адкалоліся ад свайго палка тады, калі мінулі ўжо Вяляцічы і набліжаліся к Чэрнеўцы.

Яны ўласна і пацвердзілі тое, што сказаў адносна маршруту Зыгмусь Бэсман. З іх расказу членам Барысаўскага Саўдэпа стала вядома, як баяўся пагоні Варановіч. Ён не даў адпачынку жалнежам ні ў Сморках, ні ў Вяляцічах. І ён сам і другія афіцэры ехалі на конях і ўвесь час падганялі жалнежаў: «Прэндзка! Прэндзка! Да ранку мы павінны дабрацца да Чэрнеўкі! А там возьмем у мужыкоў коней і сані, колькі нам трэба, і ўсе паедзем аж да самага Бабруйска!»

Усяго за два дні ў Барысаў прыехалі з Прыяміна і здалі зброю каля шасцісот жалнежаў. (У большасці яны паходзілі з Беларусі і Украіны, са Смаленскай, Арлоўскай і суседніх губерань і служылі раней у рускай арміі. Пазнанцаў, землякоў Зыгмуся Бэсмана, было нямнога — чалавек пятнаццаць.)

Каб напісаць ад рукі такую процьму пасведчанняў аб дэмабілізацыі, Бурмістраў у помач Адамовічу акрамя Варатніцкага даў яшчэ Нялюбава, Сямёна Хведасевіча, словам, усіх, хто ўмеў пісаць, ды і самому прыйшлося засесці за стол.

К раніцы Дзерван, ледзь перастаўляючы ногі, давёў палкоўніка Варановіча да Чэрнеўкі на ўзбярэжжы Бярэзіны. У Чэрнеўцы Варановіч выканаў абяцанне — пасадзіў свой парадзелы за ноч полк на сані і рушыў на мястэчка Беразіно. Дарогу ў тых мясцінах, па-над ракой Бярэзінай, Кулікоўскі сапраўды ведаў добра. Праз якія-небудзь суткі, не даязджаючы да Бабруйска, Варановічаў полк злучыўся нарэшце са сваімі і падзяліў лёс корпуса. К таму часу на Рагачоў, Жлобін і Бабруйск, захопленыя легіянерамі, ужо рухаліся жалезныя атрады чырвонагвардзейцаў і рэвалюцыйных салдат з Магілёва, Оршы і Віцебска, з Гомеля і Мінска. Спяшаліся на дапамогу беларускім братам Смаленск, Ельня, Петраград.

Барысаўскі Саўдэп у адказ на заклік Вацэціса, якому Крыленка даручыў кіраўніцтва ўсімі аперацыямі па разгрому контррэвалюцыйнага мяцяжу, таксама паслаў 19 студзеня ў Магілёў у распараджэнне Палявога штаба свой добраахвотніцкі атрад. Атрад гэты складаўся ў асноўным з салдат запаснога і Сібірскага палкоў. Але ў яго рады ўступіла і каля трох дзесяткаў рабочых, у тым ліку група бальшавікоў. Варатніцкі ўпрасіў Бурмістрава адпусціць і яго з Нялюбавым, якому выканком даручыў сфарміраваць атрад. Прасіў датуль, пакуль Бурмістраў не здаўся.

Усяго ў атрад запісалася без малага дзвесце чалавек. Яны аднагалосна абралі сваім камандзірам Нялюбава, а беспартыйнага кулямётчыка-сібірака Верных і члена палкавога Савета бальшавіка Мікулава — яго памочнікамі.

Праводзіць свой атрад прыйшлі на станцыю тыя выканкомаўцы, што не выехалі надоечы ў воласці і знаходзіліся ў той дзень у горадзе.

Дзень выдаўся шэры, золкі, з пранізлівым ветрам і аблівакай. Мароз уночы раптоўна адваліўся, і з нізкай абложнай хмарыны паліўся халодны зімовы дождж. К раніцы пад стрэхамі ўтварыліся тоўстыя, быццам частаколіны, лядні. Дарогі і сцежкі, аканіцы і сцены, веснічкі і вароты з шуламі і клямкамі, парканы і кусты — усё ўзялося ледзяной карыной. Дрэвы стаялі закаваныя ў празрыстыя тугія кальчугі. Абледзянелыя галіны жалобна звінелі, калі парывісты вецер хістаў іх і яны ўдараліся адна аб адну. Невясёлы гэты звон выклікаў у людзей смутную трывогу.

Пасля таго як у вагоны былі пагружаны падвезеныя з гарнізоннага склада кулямёты, скрынкі з патронамі, гранатамі і другімі боепрыпасамі, а таксама скрынкі з кансервамі і мяхі з крупамі і мукой (усё з прыямінскіх трафеяў), Бурмістраў прапанаваў Сямёну Хведасевічу сказаць добраахвотнікам на дарогу пару цёплых слоў. У самога ў яго балела горла.

Сямён пачаў з таго, што пажадаў абараніць разам з другімі атрадамі рэвалюцыю і навек адбіць у Доўбар-Мусніцкага і другіх генералаў усякую ахвоту парушаць устаноўлены першым дэкрэтам Савецкай улады мір.

Бурмістраў тым часам назіраў за Варатніцкім, які стаяў сярод рабочых-чырвонагвардзейцаў. За плячамі ў яго вісела вінтоўка — адна з тых, якія тры дні назад здалі жалнежы. Па тым, як моцна ён схапіў і не адпускаў вінтовачны рэмень, было адразу відаць, што ніколі раней зброі ў руках ён не трымаў. Бурмістраў бачыў, як яго камісар асветы хмурыць бровы і сціскае губы — гоніць з твару шчаслівую хлапечую ўсмешку. Але з вачамі сваімі ён нічога не мог зрабіць: яны блішчалі радасцю.

Калі Хведасевіч скончыў сваю кароткую прамову і Нялюбаў крыкнуў: «Па вагонах!» — Бурмістраў адвёў камандзіра ўбок і ціхім голасам сказаў:

— Сяргей Фёдаравіч, дужа цябе прашу: глядзі за Варатніцкім! Трымай ля сябе і не дазваляй лезці на ражон. Беражы! Выдай яму і другім, у каго ватоўкі ветрам падшыты, новыя шынялі.

— Добра, Міхаіл Сцяпанавіч.

* * *

Авантура генерала Доўбар-Мусніцкага была ліквідавана за два тыдні, к пачатку лютага. Легіянеры былі выбіты адусюль: з Рагачова, Жлобіна, Бабруйска. Асабліва сакрушальны ўдар ім быў нанесены пад Асіповічамі, пасля чаго яны імкліва пакаціліся на захад, к лініі фронту. Многія разбегліся па лясах, ператварыліся ў бандытаў. Асобным, найбольш фанатычным камандзірам, усё ж удалося захаваць свае патрапаныя легіёны. Лавіруючы і маскіруючыся, некаторыя з іх прытаіліся ў шляхецкіх фальварках вакол Мінска, некаторыя прасачыліся ў Мінск. Варановіч жа з рэшткамі палка перайшоў на аголеным участку лінію фронту і апынуўся на нямецкім баку.

На другі дзень, 18 лютага, немцы, перапыніўшы ў Брэсце перагаворы і парушыўшы перамір’е, павялі шырокае наступленне на Савецкую Рэспубліку. Адразу ажылі і заварушыліся недабітыя легіянеры. Пры падтрымцы атрадаў контррэвалюцыйнай Беларускай рады, якая таксама ўзняла галаву, яны у ноч з 19 на 20 лютага захапілі Мінск і тут жа здалі яго падаспеўшым немцам. Польскія і беларускія нацыяналісты аб’ядналіся і ўступілі ў хаўрус з нямецкімі імперыялістамі.

23 лютага нямецкія галаўныя часці, што рухаліся ўздоўж чыгуначнай лініі Брэст — Масква, уступілі ў Барысаў.

У Барысаве ў той дзень ужо не заставалася ніводнага салдата: абодва палкі — запасны і Сібірскі — адразу, як толькі тэлеграф прынёс трывожную вестку пра небяспеку, паспяшаліся на абарону Мінска. Яны выгрузіліся з эшалонаў на станцыі Калодзішчы і з ходу рынуліся ў бой, які вялі пад Мінскам чырвонагвардзейскія атрады і рэвалюцыйныя палкі. Але сілы былі няроўныя. Стрымаць напор кайзераўскіх полчышч, якія пад шумок брэсцкіх перагавораў абдумана і вераломна запасілі зброю і збіралі сілы, да якіх далучыліся недабітыя польскія легіянеры, не ўдалося.

Немцы як апантаныя рваліся на ўсход, у глыб маладой Савецкай краіны, што кінула выклік усяму свету. І адной з немалаважных прычын, якія гналі іх уперад, прымушалі спяшацца, было імкненне захапіць у Прыяміне артылерыйскі склад. Паведаміў ім пра гэты буйны склад палкоўнік Варановіч, перайшоўшы на іхні бок са сваім пашкуматаным «легіёнам».

Адзеты ў нямецкую форму, яго легіён адным з першых уварваўся ў гарадок на Бярэзіне. У легіёне цяпер налічвалася каля двухсот пяцідзесяці штыкоў. Гэта было ўсё, што засталося ад колішняга палка. Ад таго самага палка, які пачаў раставаць яшчэ ў Оршы, калі яго пакінуў Ржавуцкі з таварышамі, і які па дарозе ад Баяр да Чэрнеўкі паменшаў на адну трэць, а ў баях пад Асіповічамі страціў больш за палавіну сваіх жалнежаў і афіцэраў, у тым ліку Касіцкага, Кулікоўскага, Хендогага. Апошні толькі дзён дзесяць пабыў шчаслівы — пахадзіў у ад’ютантах. У час перастрэлкі, якая завязалася на станцыі Верайцы, ён торкнуўся носам у снег і больш не змог устаць.

У Барысаў палкоўнік Варановіч з’явіўся ў суправаджэнні свайго ранейшага малайцаватага ад’ютанта. Адпушчаны пад чэснае слова, паручнік Коршук-Пыха, як і наказвалі яму Бурмістраў, Нялюбаў і Адамовіч, сапраўды паехаў тады ў сваю родную Буслаўку. Але прабыў ён у бацькоўскім фальварку, дзе ўжо гаспадарылі парабкі, якія перасялілі бацьку з пакояў у флігель усяго два дні і цішком падаўся ў Мінск. Там ён і жыў, у цёткі, скінуўшы афіцэрскі шынель і апрануўшы паліто; шукаў аднадумцаў, наладжваў сувязі і чакаў, пакуль не дачакаўся прыходу немцаў, сярод якіх убачыў і свайго палкоўніка. Варановіч у першы момант хацеў расправіцца з ім і ўжо схапіўся за пісталет, але малайцаваты паручнік упаў на калені і пусціў слязу, пачаў клясціся, што ўласнай крывёю змые з сябе ганебную пляму.

— Добра, будзеш ізноў ад’ютантам,— памякчэў Варановіч.— А поўнасцю дарую, калі паможаш захапіць Прыямінскі артсклад. Цяпер снарады нам патрэбны.

Уварваўшыся ў Барысаў, ён перш-наперш, са згоды генерала-немца, які адобрыў яго ініцыятыву і стараннасць, паслаў паручніка і няпоўны ўзвод жалнежаў на браняпоезд, што ад самага фронту поўз уперадзе наступаючых часцей. Коршук-Пыха павінен быў памагчы немцам не толькі хутчэй зарыентавацца ў Прыяміне, але і першым рынуцца са сваімі легіянерамі к артскладу.

І роўна праз мінуту поезд, з вузкіх шчылін якога ва ўсе бакі пагрозліва глядзелі дулы розных калібраў, крануўся з месца. Услед за ім рушыў адзін з эшалонаў. У хвасце і пасярэдзіне яго на адкрытых доўгіх платформах стаялі адлітыя на крупаўскіх заводах гарматы.

А сам Варановіч з большай часткай легіёна кінуўся ў Саўдэп, каб адпомсціць за нядаўняе сваё паражэнне ў Прыяміне. Ён увесь дрыжаў ад нецярплівасці і жадання адшукаць і схапіць у першую чаргу тых трох народных камісараў, якія тады прыязджалі да яго на перагаворы.

Ён і не здагадваўся, што ў разгроме яго палка пад Асіповічамі, разам з латышскімі стралкамі і піцерскімі чырвонагвардзейцамі, удзельнічаў і добраахвотніцкі атрад Нялюбава. І, зразумела, не мог ведаць, што ў тым цяжкім баі Нялюбаў быў паранены ў нагу і ўжо каторы дзень ляжаў разам з кантужаным Варатніцкім у шпіталі ў вызваленым Бабруйску.

З пісталетам у левай руцэ і з шабляй — у правай Варановіч падбягаў к прыціхламу кандрыянаўскаму асабняку. Побач і следам беглі рассыпаным строем з вінтоўкамі наперавес дзве сотні верных легіянераў.

— Зэрваць! — Варановіч паказаў шабляй на чырвоны флаг, што развяваўся над ганкам.

І толькі ён крыкнуў так, як зусім блізка грымнула раз і яшчэ раз так, што выбухі зліліся ў адзін. Варановіч азірнуўся і лявей вакзала ўбачыў клубы дыму, якія ўздымаліся ў хмарнае неба. Думка, што ён ізноў спазніўся, пралічыўся, што бальшавікі ізноў апярэдзілі, пранізала ўсю яго істоту. «Узарвалі чыгуначны мост, хамы! Хамулы!» — здагадаўся ён і скрыгануў ад бяссільнай злосці зубамі. І чамусьці ўспомніў Сямёна Хведасевіча, з якім падпісваў у Прыяміне пагадненне, і лічыў тады, што перахітрыў яго, а ён, гэты мужыцкі камісар у салдацкім шынялі, у той жа дзень увечары нанёс яму і Касіцкаму сакрушальны ўдар, сарваў усе іхнія планы. Гледзячы на дымнае воблака, Варановіч падумаў, што і зараз не абышлося без Хведасевіча.

Варановіч памыляўся, аслеплены нянавісцю. Сямён Хведасевіч не ўзрываў мост. Яго падарвала спецыяльная група, пакінутая ў Барысаве раніцай Мясніковым. Падрыўнікі, усе маладыя і адважныя, але не дужа вопытныя, хацелі, падняць мост у паветра ў той момант, калі на ім з’явіцца варожы браняпоезд, які немцы пускалі паперадзе сваіх наступаючых часцей. Але хлопцы трошкі паспяшаліся: бікфордаў шнур падпалілі раней часу, і мост асеў яшчэ да таго, як на яго ўзышоў браняпоезд.

І ўсё ж нямецкае наступленне, хоць і не надоўга, было прыпынена.

Падрыўнікі, зрабіўшы сваю справу, ускочылі на паравоз, у якім чакаў іх паблізу стары Хвядос Каптур, і паехалі ў Прыяміна.

Разам з Дымкаўцом Сямён Хведасевіч у гэты самы час выехаў з Замошша — усходняга прадмесця, якое аддзялялася ад старага Барысава левым прытокам Бярэзіны — ракою Схой, і імчаўся ў санках між прысад. Толькі паніклыя бярозы, з белымі ад марозу галінамі, мільгалі абапал гасцінца.

Гнядым выканкомаўскім канём кіраваў Дымкавец. Увесь час, пакуль ехалі апусцелай і, здавалася, бясконцай Маскоўскай вуліцай — міма прыціхлых абшаляваных і цагляных дамоў у самім горадзе і затым міма шматлікіх гарбарань і шавецкіх майстэрань у Замошшы,— ён торгаў за лейцы ды зрэдку нокаў на каня, і паслухмяны гняды бег трушком. А на мосце цераз Сху, як і належыць у такіх выпадках, нават перавёў яго на ціхі крок. Пакідаючы горад, Сямён Хведасевіч і Дымкавец не хацелі, каб хто-небудзь мог падумаць, быццам яны даюць лататы.

Калі ж выбраліся за горад і апынуліся на гасцінцы, Дымкавец прыўстаў у вазку, азірнуўся назад і аперазаў гнядога пугай. Конь падскочыў і памчаўся так, як ні разу яшчэ не бегаў за апошнія тры з палавінай месяцы. Здавалася, ён хацеў выскачыць з аглабель. Снежныя камякі градам паляцелі з-пад яго капытоў.

Менш як праз пяць мінут яны пад’язджалі да Кальварыі. І ў гэты момант справа, з Нова-Барысава, адтуль, дзе была чыгуначная станцыя, да іх дакаціўся падвоены выбух: бух-бух! Той самы, які прывёў у шаленства палкоўніка Варановіча.

Для Сямёна Хведасевіча і Дымкаўца гэты выбух не быў нечаканым. Яны ведалі, што чыгуначны мост будзе ўзарваны. І не толькі ведалі, але і разумелі ўсю суровую неабходнасць такой вымушанай меры.

І ўсё ж, калі грымнуў гром, які яны чакалі, іхнія сэрцы не абрадаваліся і хмурыя твары не пасвятлелі. Дымкавец паглядзеў у той бок, дзе ўзвілося клубчастае дымнае воблака, сцішыў каня і сказаў са смуткам:

— Значыцца, немцы ўжо ў Нова-Барысаве...

Сямёну хацелася як-небудзь суцешыць таварыша і самога сябе, і ён сказаў:

— Але тут яны макам сядуць: крыллі ім падрэзалі! — Справа ад гасцінца вялізнай дугой ляжаў чыгуначны насып. На ім Сямён заўважыў воддаль паравоз, які халастым ходам ішоў адтуль, дзе мінуту назад пачуўся выбух.— Вунь і падрыўнікі адступаюць на Прыяміна!

Паравоз набіраў разгон і, прабегшы па дузе павароткі, усё больш і больш набліжаўся да гасцінца. Насупраць Кальварыі ён падышоў да яго так блізка, што Сямён змог пазнаць у паравозным акне свайго дзядзьку Хвядоса.

Сямён здзеў шапку і памахаў ёю. У адказ паравоз даў працяжны гудок і тут жа схаваўся за ахоўнай сцяной прыдарожнага ельніку.

Дымкавец ляснуў пугай, і гняды ізноў ірвануўся з аглабель і панёсся лёгка, без натугі. Седакі ў вазку прыгнечана маўчалі.

І Дымкаўцу, і Сямёну Хведасевічу было горка пакідаць свой павятовы горад, родныя мясціны, дзе яны распачалі столькі вялікіх спраў. Яшчэ цяжэй было ад таго, што немцы парушылі перамір’е і пайшлі ў наступленне. Аднавілі вайну якраз тады, калі нам, як паветра, як хлеб, патрэбен быў мір. Мір для таго, каб давесці нашы справы да пераможнага канца.

Але не толькі ад гэтага пакутавалі Дымкавец і Сямён Хведасевіч. Нават на адну секунду яны не маглі забыцца на тое, што іхні важак Бурмістраў застаўся ў Барысаве. Застаўся неспадзявана і для сябе, і для ўсіх таварышаў: захварэла жонка.

Выехаўшы за Неманіцу, Дымкавец улінуў гнядому пугі. І зноў з-пад конскіх капытоў паляцелі снежныя камякі, імкліва пабеглі назад прыдарожныя дрэвы.

Над лесам паказалася халоднае, быццам ясны месяц, лютаўскае сонца. Пад яго касымі праменнямі ўсімі колерамі вясёлкі замільгацелі мірыяды снежных іскрынак. Ад яркага іх бляску і жаласнай песні, якую бясконца цягнулі на марозе палазы, у Дымкаўца на вейках з’явіліся расінкі. «А можа ён успомніў развітанне з Бурмістравым і плача?» — спагадліва падумаў Сямён, але ні аб чым распытваць не стаў. Сам ён пасля Неманіцы адчуў прыліў сіл і перамог сваю часовую слабасць.

Як і перад Неманіцай, гасцінец быў зусім бязлюдны. Нікога — ні пешага, ні коннага — не прыйшлося абганяць, і ніхто не трапляўся насустрач. Ехалі моўчкі.

Маўчанне парушыў Дымкавец, калі нарэшце лес, які цягнуўся ад самай Неманіцы, расступіўся і гасцінец вырваўся на шырокі аснежаны прастор. Зазіраючы збоку Сямёну ў вочы, ён спытаў:

— Дык ты думаеш, Захар’евіч, немец макам сядзе на Бярэзіне?

Сямён прызнаўся:

— Гэта я хачу, каб здарылася так. Хачу, каб далей Барысава немец не пайшоў. Але наўрад ці будзе яно так: кожны ўзарваны мост можна ізноў наладзіць. Сам ведаеш. Немец зараз як тая свіння, што ўварвалася ў агарод: не спыніцца датуль, пакуль не загрэеш ёй добра дубінай па хібу ці па баку.

Уперадзе на чатырох пакатых узгорках раскінулася Лошніца — вялікае валасное сяло. Такое вялікае, што ахапіць яго ўсё адным позіркам было немагчыма.

Сюды, у земскую бальніцу, Сямёна ў дзяцінстве прыводзіла маці, калі ён зваліўся з грушы-дзічкі і ледзь не выкалаў сабе вока. Тры з палавінай гады назад ён прызываўся тут у салдаты разам з Бабіцкім і другімі хлопцамі-равеснікамі. У кастрычніцкія дні ён выступаў тут на мітынгах перад землякамі і раздаваў ім Дэкрэты аб міры і зямлі. Тутэйшы валасны зямельны камітэт адзін з першых падтрымаў яго і Нялюбава прапанову — аб’явіць павятовы з’езд зямкомаў з’ездам Саветаў сялянскіх дэпутатаў. А колькі разоў яму даводзілася бываць у сваёй воласці пасля ўстанаўлення ў павеце Савецкай улады!

І вось цяпер, узіраючыся ў знаёмыя абрысы валаснога цэнтра, Сямён з асаблівай вастрынёй адчуў, як цяжка яму пакідаць родныя мясціны. І якімі ж прыгожымі і мілымі сэрцу здаваліся зараз гэтыя мясціны...

Не заязджаючы ў сяло, звярнулі з гасцінца ўлева, на Халопеніцкую дарогу. Мінулі яўрэйскія крамы, што ластаўчынамі гнёздамі прыляпіліся да карчмы. Доўга ехалі міма гумён з пустымі азяродамі. Абапал дарогі бялела, іскрылася пад сонцам аснежанае поле.

У Навасёлках заехалі да знаёмага Сямёну франтавіка, які вярнуўся ў родную вёску ў снежні перакананым бальшавіком. Вярнуўся для таго, каб падлячыцца пасля ранення і паправіцца ў маці-ўдавы, якую ўсе звалі па мужу Сачыхай. Але не прайшло і тыдня, як ён стварыў у дапамогу валасному Савету сельскі Савет і вельмі энергічна заняўся размеркаваннем княжацкай зямлі ў суседнім маёнтку Міхалова. Стрыманы ў словах і ў жэстах, высокі і хударлявы, ён быў вельмі падобны да Бурмістрава. Калі Сямён папярэдзіў яго аб нямецкім наступленні, ён спакойна адказаў, што нікуды зараз не паедзе: па-першае, рана яшчэ не загаілася, па-другое, спадзяецца на сваіх аднавяскоўцаў.

— Глядзі ж, Аляксандр, будзь асцярожны! — наказаў яму на развітанне Сямён.

Калі выбраліся з Навасёлак, сонца ўжо хілілася на захад. За вёскай, ля дубовага крыжа з цёмным абразком і каснікамі ручніка, Дымкавец і Сямён Хведасевіч рассталіся: адзін паехаў прама, на Ранае, каб патрапіць на хутар да сяструхі, як сцямнее, а другі пайшоў направа. Ён спадзяваўся прыйсці ў сваю вёску завідна.

Толькі цяпер ён агледзеўся, што ідзе з пустымі рукамі: яго салдацкі рэчмяшок і фанерны куфэрак засталіся ў агульным памяшканні ў Барысаве. «Ігнась павінен узяць»,— супакоіў ён сябе і прыбавіў ходу.

За паўгадзіны ён дайшоў да Ратуціч і, мінуўшы царкву, азірнуўся. Распаленае да чырвані і разбухлае сонца заходзіла. Ніжні яго край ужо хаваўся за далёкі лес. Злавесная чырвань залівала рэдкія воблачкі і ўвесь небасхіл на захадзе. Фарбавала ў трывожны колер царкоўныя купалы, белыя стрэхі, аснежаную зямлю.

Стараючыся адагнаць смутныя думкі, Сямён рушыў далей і пачуў у тым баку, дзе было Прыяміна, гул. Скора ён убачыў аэраплан, які ляцеў з-пад Барысава на ўсход. Аэраплан двойчы бліснуў пунсовай зоркай у апошніх сонечных праменнях і схаваўся за лесам. Было ясна, што ён ляціць над гасцінцам ці хутчэй за ўсё над чыгуначнай лініяй. Не ясна было толькі — наш ён ці нямецкі.

У канцы грэблі перад Млёхавам Сямён спыніўся ў нерашучасці. Тут жыла тая дзяўчына, чый вобраз узнікаў перад ім, калі ён глядзеў у задуменныя, з пушыстымі вейкамі вочы Варатніцкага. Ён пазнаёміўся з ёй яшчэ да прызыву ў армію на кірмашы. Летась, прыехаўшы з Ельні дамоў на пабыўку, два разы прыходзіў у яе вёску на ігрышча, каб сустрэцца з ёю. Перад яго ад’ездам яна дала яму на памяць хусцінку з вышытай юргіняй і літарамі «СХ». Апынуўшыся ў сваім павятовым гарадку, ён спачатку ўвесь паглыбіўся ў кніжкі, якія браў у Бурмістрава.

А затым насталі гарачыя кастрычніцкія і не менш гарачыя паслякастрычніцкія дні.

«Трэба зайсці»,— падумаў ён. Аднак, зрабіўшы крокаў дзесяць, ізноў спыніўся. Заявіцца проста ў хату? Няёмка. Выклікаць на вуліцу? А каго ён пашле да яе з такім заданнем? «Лепш я напішу ёй пісьмо»,— рашыў ён і звярнуў улева, куды вёў прыцярушаны снегам санны след.

Дарога ледзь прыкметна падымалася на ўзгорак, за якім была Сямёнава родная вёска. Утрамбаваны вятрамі і змацаваны марозам снег не правальваўся пад нагамі. І ўсё ж, пакуль Сямён пераваліў цераз узгорак, зусім звечарэла. У сваю вёску ён увайшоў, разгарачаны ад хады, калі ў хатах свяціліся ўжо вокны: у адных лямпы гарэлі, у другіх — лучына, у трэціх — пылалі на комінку смалякі.

— А дзе ж Ігнась? — першае, што занепакоена спытала маці, як толькі Сямён пераступіў парог роднай бацькавай хаты.— Немцы яго, няўрокам кажучы, не схапілі?

Не толькі з гэтых матчыных слоў — па ўстрывожаных тварах бацькі і малодшых братоў і сясцёр Сямён зразумеў, што і тут ужо вядома пра нямецкае наступленне. І ён сказаў, што баяцца за Ігнася няма чаго. Разам з другімі выканкомаўцамі Ігнась выехаў сягоння раніцай урадавым поездам на ўсход і недзе ўжо ў Оршы ці ў Смаленску.

— Ну, дзякуй богу! — з палёгкай уздыхнула маці.— А то мы наслухаліся такога, што нам аж страшна стала за вас. Гавораць, быццам нямецкі цар ідзе на нас, каб вынішчыць бальшавікоў і ўсіх тых, хто памог ім скінуць рускага цара і затым узяўся дзяліць княжацкую і памешчыцкую зямлю. Як жа ты, сынок: застанешся дома і будзеш хавацца?

— Не, мама,— сказаў Сямён,— я заўтра чуць свет адпраўлюся даганяць сваіх.

— І разумна зробіш! — адобрыла маці і як быццам зусім супакоілася, але тут жа спахапілася:— Загаманілася я, а ты ж, мусіць, галодны, сынок! — І яна кінулася к печы, у якой зырка пылалі сухія трэскі.

Яна загадала адной дзяўчынцы абіраць бульбу, другой — драць бульбу на драчцы, а сама падгарнула жар бліжэй да чалешнікаў і ўзялася пячы дранікі. Адзін хлопчык тоўк у ступе каноплі з цыбуляй — рыхтаваў пахучую маслянку, да якой быў змалку ласы іхні Сямён. Меншыя — брацік і сястрычка — памагалі бацьку прыбіраць падлогу, заваленую стружкамі, абрэзкамі і трэскамі. Стары бондар і бярдэшнік рабіў адначасова дзве справы: наводзіў парадак у хаце і распытваў Сямёна пра немцаў: адкуль у іх бралася столькі сілы, што за некалькі дзён яны дайшлі да Барысава? Сямён расказваў, і ўсе ў сям’і, нават малодшыя, бачылі, як цяжка і горка яму аб гэтым гаварыць. Ды і слухаць было не лягчэй. Скора вячэра была гатова. Сямёна, як госця, маці прымусіла залезці ў самы кут, пад абразы, і тады ўжо скамандавала другім дзецям садзіцца за стол. Сама яна села на ўслоне з краю, якраз насупраць Сямёна, і з мінуту моўчкі ўглядалася ў яго схуднелы твар. Па яе вачах Сямён бачыў — яе мучыць яшчэ нейкае пытанне. І яна, пачакаўшы трошкі, спытала:

— І як жа вы, сынок, адступаеце — назусім ці вярнуцца думаеце?

— Будзем жывыя — вернемся, мама! — адказаў Сямён вясёлай салдацкай прымаўкай. Зірнуўшы ў матчыны вочы, дадаў сур’ёзна і стражэй: — Вернемся разам з Саветамі!

Не думаў ён у той вечар, што асабіста яму давядзецца пабываць у родных мясцінах значна раней — раней, чым сюды ізноў прыйдуць Саветы. Што праз чатыры месяцы, летам, Станіслаў Берсан ад імя Саўнаркома Заходняй вобласці пашле яго са Смаленска ў Барысаў з заданнем — вызваліць з турмы Бурмістрава, і ён, Сямён, апоўначы ціха пастукае ў шыбіну бацькавай хаты.

Скупы на словы Захар выказаў свой клопат:

— Няўжо Савецкая ўласць не вернецца да восені і нам, як і раней, прыйдзецца плаціць князю арэнду?!

— Не ведаю, тата,— прызнаўся шчыра Сямён.

Ён доўга пісаў перад газнічкай пісьмо. У поўнач разбудзіў сястру і расказаў, каму яго перадаць.

Назаўтра ён выйшаў з дому яшчэ з цёмным. Дарогу за ноч там-сям перамяло, і ён у цемрадзі збіваўся з яе. Лягчэй стала ісці, калі пачало світаць. Пакуль развіднела, ён быў ужо ля гасцінца. Падышоў к прысадам і спыніўся ў нерашучасці. На якую станцыю пайсці? Да Прыяміна адсюль — вярсты чатыры, да Крупкі— добрых дзесяць. А шансы сесці на поезд? Для яго не было сакрэтам, што, як толькі з Мінска была атрымана вестка пра нямецкае наступленне, пачалася ўзмоцненая разгрузка прыямінскага артсклада. З Барысава туды штодня гналі сабраныя на станцыі і на розных заводскіх ветках спарожненыя таварныя вагоны. Не ведаў Сямён зараз аднаго: закончана гэта разгрузка ці не. Калі не, дык нашы павінны скарыстаць затрымку немцаў у Барысаве і паслаць яшчэ ў Прыяміна паязды з Крупкі і з самой Оршы. А калі ўжо закончана?

І Сямён, яшчэ нічога канчаткова не вырашыўшы, накіраваўся праз сасняк к чыгунцы, да якой тут ад гасцінца было крокаў з паўсотні.

Ён перабраўся цераз глыбокі снег, што запаўняў канаву ля чыгункі, і толькі падняўся на высокі насып, як у тым баку, дзе знаходзілася Прыяміна, грымнула — раз, потым яшчэ раз і яшчэ... Затым выбухі зліліся ў адзін бязладны грукат. Адзін з выбухаў быў настолькі моцны, што з вяршынь сасонак і елак непадалёку ад Сямёна пасыпаўся далоў снег.

Сямён адразу скеміў, што гэта нашы падарвалі нявывезеныя снарады. Самыя супярэчлівыя пачуцці ахапілі яго душу. Яму было і весела — весела таму, што ні адзін снарад не дастанецца немцам, і было горка ад усведамлення, што цішыня, заваяваная рэвалюцыяй, кончылася і ў родны край прыйшла вайна. Суцяшала адно, а іменна тое, што гэта будзе вайна абуджанага і разняволенага Савецкімі дэкрэтамі народа супроць тых, хто ідзе задушыць сацыялістычную рэвалюцыю.

Цяпер само сабой адпала пытанне, куды ісці. Сямён пастаяў з паўмінуты, заўважыў там, дзе грукацела, клубы дыму, наставіў каўнер шыняля і рашуча пакрочыў па шпалах на ўсход, на Крупкі. Нямоцны, але пякучы вецер дзьмуў яму прама ў твар. Мінуты праз дзве, не больш, ён пачуў ззаду аглушальны паравозны гудок і, адскочыўшы убок, азірнуўся. З Прыяміна імчаўся паравоз з чатырма цяплушкамі. Аднак Сямён з-за грому выбухаў, які даносіўся з артсклада, не разабраў ляску і шуму колаў. З акна паравознай будкі выглядаў дзядзька Хвядос. Ён пазнаў Сямёна, як толькі той азірнуўся, і, яшчэ не даехаўшы да яго сажняў пяць, крыкнуў яму нешта злоснае і паказаў кулак і тут жа рэзка прытармазіў. Міма пабеглі цяплушкі. Дзверы прадапошняй былі на аршын адсунуты, і ў іх мільганула знаёмае круглае аблічча Карасёва, старшыні ротнага камітэта з Прыяміна.

— Гайда к нам, таварыш народны камісар! — крыкнуў ён Сямёну.— Давай!

Сямён ірвануўся наўздагон. І скора дагнаў апошні вагон, а затым — і прадапошні, з адсунутымі дзвярамі. Ухапіўся за дзвярную планку і пабег побач.

І хоць поезд пайшоў значна цішэй, ніяк не мог злаўчыцца і ўскочыць у вагон на хаду.

— Рукі давай!

— Рукі! — крычалі яму з цяплушкі.

Карасёў і яшчэ адзін дужы салдат падхапілі яго пад рукі і ў момант уцягнулі ў свой вагон. І адразу паравоз стаў ізноў набіраць разгон.

Сямён аддыхаўся, агледзеўся і акрамя Карасёва ўбачыў у перапоўненай цяплушцы яшчэ аднаго знаёмага — Берднікава, які сядзеў у кутку, нізка панурыўшы галаву. Сямён вылічыў у галаве: мінула ўсяго чатыры тыдні, як яны пазнаёміліся ў Прыяміне, калі ён, Сямён, прыязджаў туды разам з Бурмістравым і Нялюбавым. Сівізны ў скронях начальніка артсклада за гэты час не прыбавілася, здаецца. Але маладжавы яго твар быў зараз настолькі змучаны, што Сямён не асмеліўся ўшчынаць размову.

Ён падсеў бліжэй да Карасёва і загаварыў з ім пра артылерыйскі склад.

— Няма больш Прыямінскага артсклада! — выкрыкнуў Карасёў і рэзка ўзмахнуў рукой, як бы забараняючы размаўляць з ім на гэту тэму.

* * *

Першы амаль чатырохмесячны перыяд развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі на Барысаўшчыне, скончыўся. Пачынаўся новы — з партызанскімі налётамі і баямі рэгулярнай арміі. У тых баях яшчэ пральецца нямала крыві — нашай і варожай, але канчатковая перамога прыйдзе. Над Бярэзінай узыдзе ціхі і прыгожы ранак.


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Хацкевіч Р. На золку. Аповесць. - Мн.: "Мастацкая літаратура", 1972. - 192 с. з іл.
Крыніца: скан