epub
 
падключыць
слоўнікі

Рыгор Няхай

На высокай хвалі

 

Многія радкі з вершаў Алеся Звонака, напісаныя ў сярэдзіне дваццатых гадоў, помняцца яшчэ і цяпер. На высокай хвалі векапомнага Кастрычніка, як і ўся беларуская літаратура, уздымалася яго паэзія з дня апублікавання першых вершаў. І гэта зусім натуральна: пасля векавой няволі і прыгнёту, пасля крывавых войнаў і акупацый, якія амаль ніколі не міналі Беларусь, наш народ уздыхнуў з палёгкай, пасля Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі выйшаў на шырокую дарогу жыцця. Хто быў нічым, той стаў усім. Працоўны чалавек стаў гаспадаром свайго лёсу, уладаром усіх багаццяў краіны.

Усё гэта не магло не абумовіць духоўнага ўздыму ў народзе, які выклікаў таксама і культурную рэвалюцыю. Былая лапцюжная Беларусь пацягнулася да навукі і культуры. У авангардзе, як заўсёды, была моладзь. Дзеці рабочых і сялян запоўнілі студэнцкія аўдыторыі, пайшлі на розныя курсы і рабфакі, узняліся да натхнёнай творчай працы. Такім быў жыццёвы і творчы шлях аднаго са старэйшых беларускіх паэтаў Алеся Звонака. Сын мінскага рабочага-муляра Пётр Барысавіч Звонак, будучы паэт, пражыў нялёгкае дзяцінства, пакуль выбіўся, як кажуць, у людзі: напаўгалоднае жыццё ў дзіцячых прытулках, праца ў чужых людзей. Разам з братам ён памагаў бацьку класці падмуркі і печы ў ваколіцах Мінска.

Пра бацькоўскі лёс у адным з ранніх вершаў ён пісаў:

 

Цягаў ён гліну, цэглу і каменне,

Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць,

Каб, жывучы ў каменным сутарэнні,

Умець другім палацы будаваць.

 

Дапамагаючы бацьку ў мулярскай справе, паэт не забываўся на вучобу. У 1923 годзе скончыў сямігодку і паступіў на агульнаадукацыйныя курсы, якія давалі сярэднюю адукацыю. У гэты час і выявіўся яго паэтычтты талент. Дапамог яму Язэп Пушча, выкладчык гэтых курсаў. Алесь Звонак уступае ў рады літаратурнай арганізацыі «Маладняк» і становіцца актыўным яго супрацоўнікам. Пасля выхаду ў свет зборніка вершаў «Пунсовае ранне» (аўтары: Алесь Звонак, Янка Туміловіч і Янка Бобрык) у 1926 годзе Алесь Звонак едзе ў старажытны Полацк, дзе ўзначальвае філію «Маладняка» і супрацоўнічае ў газеце «Чырвоная Полаччына». У Полацку тады працавалі Андрэй Александровіч, Сымон Хурсік, пачыналі сваю творчую працу Эдуард Самуйлёнак, Пятрусь Броўка, Тарас Хадкевіч...

Была гэта радасная пара маладосці рэспублікі, пара ўзнёслай творчай працы, пара спрэчак і дыскусій, актыўнай грамадскай дзейнасці. Вось у такіх спрыяльных умовах расла і гартавалася паэзія Алеся Звонака.

У 1927 годзе Алесь Звонак вяртаецца ў Мінск і паступае на педфак Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Адначасова працуе ў радыёкамітэце, супрацоўнічае ў рэдакцыях газет і часопісаў. Выходзяць яго кнігі вершаў «Буры ў граніце», «Каршун», «Загай», «На лінію агню». У 1931 годзе пасля Тыдня беларускай культуры ў Маскве Алесь Звонак пераязджае ў сталіцу Савецкай краіны і працягвае вучобу ў Маскоўскім універсітэце, пасля ў аспірантуры пры Тэатральным камбінаце. Сваю адукацыю паэт прадоўжыў у Ленінградзе ў Акадэміі мастацтвазнаўства. І дзе б ён ні быў, усюды прымаў актыўны ўдзел у жыцці творчых арганізацый, шмат ездзіў па краіне.

У сваіх творах Алесь Звонак стараўся захаваць і развіваць лепшыя традыцыі беларускай паэзіі — прастату і народнасць, закладзеныя яго выдатнымі папярэднікамі: Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і Змітраком Бядулем, Цёткай і Цішкам Гартным. Жыць з народам, працаваць для народа, адлюстроўваць бурную перабудову жыцця горада і вёскі на повых, сацыялістычных пачатках, дапамагаць партыі ў станаўленні новай культуры — такім быў змест дзейнасці маладога паэта. Вярнуўшыся ў Мінск, паэт шмат падарожнічае па Беларусі ў складзе творчых брыгад, наведвае Грузію і Башкірыю, Казахстан, адкуль прывозіць новыя вершы і пераклады з братніх літаратур.

Пазней жыццёвы лёс закінуў яго на далёкую Поўнач, дзе паэт працаваў на залатых прыісках аж да 1955 года.

Некалі, разважаючы аб Радзіме, Алесь Звонак пісаў:

 

Цішыня над туманнай лагчынай,

Як браты, абняліся дубы.

Трэба выцерпець шмат за айчыну,

Каб яе навучыцца любіць.

 

Алесь Звонак мужна вытрымаў усе выпрабаванні, што выпалі на яго долю, і вярнуўся зноў да актыўнага творчага жыцця. Ён прывёз з сабой добры запас загартоўкі і трываласці, напісаў шмат вершаў аб суровым паўночным краі, аб яго мужных і цудоўных людзях, аб іх гераічных справах. Большасць гэтых вершаў увайшла ў новы зборнік «Табе адной».

Творчасць паэта ў гэтыя гады прасякнута глыбокім патрыятызмам, верай у справядлівасць і мудрасць партыі. Яна робіцца больш дасканалай па форме і глыбокай па зместу. «Табе адной», г. зн. Савецкай Радзіме, ён цалкам аддае сваю лірыку, сваё мастацкае слова.

 

Куды б мяне мой дзіўны лёс ні кінуў,

Пад неба поўначы, на берагі Дзвіны,—

Твой шлях — мой шлях, любімая Айчына!

Адным дыханнем, пачуццём адным

Я жыў з табой. Дарогаю адзінай

Мы ўсе тады ішлі, твае сыны.

 

Паэт пазбягае залішняй дэкларацыйнасці, характэрнай для маладнякоўцаў дваццатых гадоў. Радкі яго вершаў дасканалыя, лаканічныя і дакладныя. Гэта паэт высокай культуры, яму, як сталаму майстру, падуладны і лірычны верш, і паэма, і такі класічны жанр, як санет. Санет не часта сустрэнеш у літаратуры, не кожнаму ён удаецца, бо ў ім, як правіла, думкам прасторна, а словам цесна. Санетамі захапляліся такія волаты сусветнай літаратуры, як Петрарка і Шэкспір. У беларускай паэзіі час ад часу таксама з’яўляліся санеты, але яны былі падуладны толькі класікам — Янку Купалу і Максіму Багдановічу.

Алесь Звонак за пасляваенны час стварыў шмат санетаў, якія сабраў у адной кніжцы пад назвай «Санеты». Гэта — філасофскія разважанні аб жыцці і дзейнасці чалавека, аб яго пачуццях і жаданнях, аб простых жыццёвых назіраннях. Яны аб’яднаны ў асобныя цыклы: «Жаданні», «Рух», «Сустрэчы», «Ліпень», «Праўдзе веку», «Сумленне веку», «Дзіва», «Радзіма», «Расія», «Вясны мелодыі жывыя», «Кругазварот», «Зямля мая, любоў мая», «Кругі», «Кляновае лісце», «Званы», «Сардэчныя санеты», «Сатырычныя санеты», «Маралістычныя санеты». Як бачым, тут узняты самыя разнастайныя тэмы — ад інтымных пачуццяў да санетаў высокага грамадскага гучання.

Паколькі «з песні словы не выкідаюцца», прывядзём адзін з іх:

 

 

Паверка

 

Старэем мы. Свой след кладзе няшчадны час

То попелам валос, то ценем пад вачамі.

Хачу свой век дажыць у часа на вачах

З адкрытаю душой, з нягнуткімі плячамі.

 

Нялёгка караблю на вечны стаць прычал,

Прывычнаму страчаць шаленства хваль грудзямі.

Такім, пранёсшы груз нялёгкі на плячах,

Хачу ў страі стаяць байцом паміж байцамі.

 

Калі пастроіць час — суровы камандзір —

Нас, радавых салдат, на страявой паверцы,

Як статут палявы гаворыць, пад ранжыр,

 

І як па службе той спакон вякоў вядзецца,—

Я стану, як заўжды, сярод байцоў за мір

Па закліку душы і па загаду сэрца!

 

 

За пасляваенны час, апрача зборнікаў «Табе адной» і «Санеты», выйшла з друку яшчэ некалькі паэтычных кніжак Алеся Звонака: «Запаветнае», «Россып», «Прадчуванне», «Ружовая чайка», «Выбраныя творы» ў двух тамах, вершы, паэмы, пераклады (1977 г.).

Нямала зрабіў паэт і для беларускага тэатра. Творчыя партрэты аб дзеячах сучаснай літаратуры і тэатра сабраны ім у кнізе «Неспакойныя сэрцы».

Перакладчыцкая дзейнасць Алеся Звонака заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта перш за ўсё пераклад разам з Міколам Хведаровічам вядомай паэмы Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» на беларускую мову. Узбагаціў ён беларускую паэзію і перакладамі з моваў братніх савецкіх народаў— рускай, украінскай, латышскай, армянскай і іншых...

Сталы патрабавальны майстра мастацкага слова, паэт высокай культуры, адданы патрыёт сваёй савецкай Радзімы — такім паўстае ў гэтай кнізе выбраных твораў вобраз старэйшага беларускага паэта Алеся Звонака, які больш за шэсць дзесяцігоддзяў аддаў служэнню паэзіі.

 

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Звонак А. Сябрына: Выбраныя творы: Вершы, паэмы. 1925-1985 / Прадм. Р.Няхая. - Мн., "Маст. літ.", 1987.