epub
 
падключыць
слоўнікі

Рыгор Семашкевіч

Апошняя ноч Каліноўскага

Заўтра ўсё... Заўтра смерць.

        Мяне выведуць каты.

Сакавік на двары... Яшчэ тыдзень —

        і птушкі дамоў,

О буслы, дзеці сонца!

        Летучы, адшукайце вы хату,

Дзе жыве маё шчасце, якога ў жыцці не знайшоў.

 

У вясновай красе! Ясна-чыстая, нібы бяроза.

Вуснаў не цалаваў і яе не насіў на руках.

Птушкі! Людзі казалі... Прашу вас праз слёзы —

Ўкіньце вы ёй праз комін маленькага хлапчука.

 

Хай ён будзе маім! Тую дзеўчыну вы папрасіце.

У краіне цяпер будуць вісельні, здзекі і жах.

Будзе слухаць ён жаль перапёлкі

        у стоптаным жыце,

Песні ціхія з прызбаў па вечарах.

 

Веру — кроў мая ў сэрца яго застукоча.

І калі прыйдзе час новай гнеўнай касьбы,

        то ізноў,—

Хай жа пільнымі будуць і ноччу

        і днём яго вочы.

I пажары палацам! За мову, за слёзы, за кроў!..

 

Хлопчык мой! Я цябе, дарагі, абдымаю.

На радзіме маёй здратаванай павінен ты быць.

Крокі ў лёхах! Ужо і світаць пачынае!

Беларусь, мая маці! Ты будзеш, адзіная, жыць!

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Семашкевіч, Р.М.  Лічыла дні зязюля :  Вершы, аповесці, эсэ. -  Мн. :  Маст.літ., 1987. -  509с.,1л.партр.
Крыніца: скан