epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакё Камацу

Смерць Бікуні

1
2
3
4


1

 

Цяжкія свінцовыя хмары сцерлі з неба сінь, апусціліся нізка-нізка над пачарнелым ледзяным морам, і здавалася, што на свеце нічога няма, апрача гэтых хмар і вострага, як лязо кінжала, ветру, які ўзнікаў з бездані і рваў чалавечую плоць. Вецер шалеў, гнаў з мора пырскі, застылыя ў ледзяны шрот, уздымаў з зямлі халодны калючы пясок. Хмары раслі і шырыліся, клубіліся, залівалі гарызонт чарнатою. Грукат хваль і выццё ветру, заглушаючы адно аднаго, прадвяшчалі блізкую снежную буру.

Па гэтым сумным свеце, дзе жылі і варагавалі толькі тры колеры, народжаныя холадам, — белы, чорны і шэры, павольна рухалася адзінокая маленькая фігурка, такая ж чорна-белая, як і ўсё навакольнае. Дзоры, абутыя на боса, пакідалі ледзь прыкметныя сляды на прыбярэжным пяску, а хвалі, прагныя і шпаркія, злізвалі іх доўгім языком і, ашчэрыўшы белапенныя зубы, таропка адбягалі назад. Мора і вецер ганяліся за дарожнікам, яны з радасцю паглынулі б яго, падралі б на шматкі, развеялі б яго прах, але ён смела ішоў далей і далей уздоўж крывога выгіну пясчанага берага, аддаючы на волю стыхій толькі чорнае кімано, у якога матлялася крыссе, і берагі белай тканіны, якая прыкрывала галаву. І раптам, разрываючы заслону белага снегу і шэрага туману, удалечыні паказаліся чорныя цені. Было іх шмат. Яны выходзілі адзін за адным з імжы і рухаліся насустрач дарожніку. І вось на сярэдзіне выгіну цені і адзінокі дарожнік сустрэліся.

Тыя, што ўзніклі з імжы і ішлі цяпер ланцужком, былі моцныя і дужыя людзі. Але неадольная стома сагнула ім спіны. Хада ў іх была цяжкая, ногі глыбока загрузалі ў пяску. Здалёк яны здаваліся воінамі, закаванымі ў цёмныя панцыры, а зблізку панцыры аказаліся звычайным адзеннем вандроўных манахаў: башлыкі, грубыя рынкенаўскія расы. У руках кашы з святымі сутрамі і акаваныя жалезам посахі пілігрымаў. Твары, пацямнелыя ад нягод і холаду, папяліста-шэрыя, з абведзенымі чорнымі кругамі вачыма, не неслі на сабе адбітка міласэрнасці гасподняй. Яны павольна ішлі наперад, моцна абапіраючыся на посахі, а ўчэпісты пясок раз-пораз хапаў іх за ногі, быццам не хацеў пускаць далей.

Адзінокі дарожнік, параўняўшыся з вандроўнікамі, злёгку пакланіўся і хацеў ісці сваёй дарогаю. На тварах манахаў адбілася разгубленасць, потым здзіўленне. Яны адказалі на паклон, і вялізны, як вежа, дзяцюк, што ішоў наперадзе, сказаў гучным голасам:

— Дазволь пагаварыць з табой!..

— Калі ласка...

Голас прагучаў сярэбраным званочкам. Вецер наляцеў з мора і адкінуў з ілба дарожніка канцы белага пакрывала.

З-пад белага шоўку, які трапятаў, на манахаў глядзела жанчына. Маладая, гадоў дваццаці, не болей. Холад распісаў пяшчотна-ружовымі фарбамі яе па-дзявочы гладкія шчокі. Вочы былі ясныя, як у дзіцяці.

Яны глядзелі на жанчыну разявіўшы рот.

— Наша дарога была доўгая і цяжкая. Сама блізкую заваліла абвалам, і давялося ісці ў абход, па бездарожжы. Тутэйшых мясцін мы не ведаем. Ці не скажаш ты, сястра, ёсць тут дзе-небудзь паблізу сяло або хоць бы адзінокая хаціна, каб нам схавацца на ноч ад непагадзі?.. — Манах гаварыў вельмі пачціва, стараючыся прыцішыць свой гучны голас. — Ужо вечарэе. Скора на зямлю ляжа начная імжа. Ці паспеем мы дабрацца да жытла?

— Бедныя, як жа вы, мусіць, натаміліся! — У сярэбраным голасе прагучала спагада. — Але хутка канец вашым пакутам. Бачыце вунь той мыс? За ім рыбачы пасёлак. А калі пойдзеце да гор, там прыкладна праз два з паловай ры будзе будысцкі храм.

— Дзякуй, сястра — усклікнуў каржакаваты, невысокі манах, які стаяў побач з падобным на вежу. — Чулі, браты, нядоўга нам мучыцца. Яшчэ крыху, і нас чакаюць цяпло і сон. Наперад!

— Удачы вам у дарозе. Хай дапаможа вам усявышні!

Жанчына крыху схіліла галаву і пайшла далей. Але яе дагнаў голас манаха, які быў падобны на вежу.

— Высокашаноўная пустэльніца, няўжо ў такі холад і ў буру ты ідзеш адна?

Манахіня ўсміхнулася, прыкрыўшы рот краем рукава:

— Не трывожцеся, браты. Жыву я тут доўга, тутэйшыя мясціны добра ведаю. Ды і келля мая недалёка...

І, яшчэ раз пакланіўшыся, яна пайшла. І манахі кланяліся ёй, і яна адказвала кожнаму. Але калі жанчына параўнялася з апошнім, з выгляду ўбогім манахам, галаву якога прыкрываў глыбокі саламяны капялюш, насунуты да самых брывоў, яе вочы раптам расшырыліся.

— Даруй мне... Ці не ты гэта, пане? — сказала яна, міжволі ступіўшы крок да жабрака-манаха.

Ланцужок шэрых рас застыў на імгненне, а потым па ім прайшло ледзь прыкметнае калыханне. Магчыма, вецер наляцеў у гэта імгненне з новай сілай... Сёй-той з манахаў схапіўся за мячы, схаваныя пад адзеннем багамольцаў.

Але манахіня, прыкмеціўшы, што апошні ў ланцужку яшчэ глыбей нацягнуў на твар саламяны капялюш, каб не сустракацца з ёю позіркам, зноў пакланілася і паглядзела на чалавека, падобнага на вежу, што сачыў за ёю вачыма, у якіх гарэў нядобры агонь.

— Малюся і спадзяюся на міласэрнасць усявышняга. Няхай спадарожнічае яна вам на вашым цяжкім шляху. Даруйце, калі што не так сказала... — Яе тонкія пальцы малітоўна перабіралі выцягнуты з-за пазухі ружанец.

Калі меладычны, падобны на летнюю прахалоду голас даляцеў да першага манаха, яна ўжо павярнулася і са складзенымі рукамі пайшла прэч у снежную імжу.

— Здагадалася! Пазнала! — прастагнаў каржакаваты манах, падобны на краба. — Месца бязлюднае, засячы, каб бяды не здарылася?

— Змоўкні, Сабура, — сказаў падобны на вежу. — Мы ж манахі, хоць і не па добрай волі. Да таго ж яна ўсё-такі жанчына.

— А калі данясе?.. Прыйдзем у сяло, а там нас чакае засада...

— Кінь, Сабура, — хрыпла сказаў убогі манах і павярнуўся да падобнага на вежу. — Усе стаміліся, Бенкей. Трэба спяшацца.

Падобны на вежу патрос посахам.

— Чуў, Сабура? Вось і пан наш гаворыць... Мяркуючы па тым, як жанчына пажадала нам добрай дарогі, не будзе яна даносіць, нават калі здагадалася, хто мы такія. Ну, пайшлі, чаго стаяць на холадзе.

Атрад крануўся. Касы вецер наляцеў з мора і апёк шчокі людзей калючымі ледзянымі пырскамі.

— Незразумела мне, — сказаў Сабура таму, каго ўбогі манах назваў Бенкеем, — як гэта адважылася жанчына ісці ў дарогу па гэтай пустыні адна-аднюткая ды яшчэ ў такі ўраган. Нават калі дом яе непадалёк. Вунь і рыбакоў не відаць, мабыць, усе пахаваліся ў хацінах...

— Ага... Цуды! — рыкнуў Бенкей. — І ні дарогі ж, ні сцежкі паблізу. Мы знарок выбралі сама доўгую і сама бязлюдную дарогу, каб падмануць пагоню. Вось і наконт абвалу зманілі.

— Не разумею ўсё-такі я, — не сунімаўся Сабура, — як гэта маладая прыгажуня стала бікуні-пустэльніцай. Ты заўважыў, якія ў яе вочы, якія бровы? Нездарма гавораць, што ў паўночных правінцыях шмат прыгажунь... Але тут, у такой глухамані, і раптам — пяшчотная вясенняя кветка... Слухай, можа, яна і не пустэльніца зусім, а пярэварацень? Снежная дзева?

Бенкей раптам спыніўся. Словы Сабура нагадалі яму легенду, якую ён даўно чуў ад тутэйшых жыхароў.

— Ты чаго спыніўся? — спытаў Сабура, здзіўлена гледзячы на Бенкея. — Пайшлі... І ўсё ж цікава, дзе гэтая пустэльніца магла бачыць нашага пана Ёсіцунэ?..

 

2

 

Муж у яе памёр. На сорак дзевяты дзень Хама адслужыла паніхіду па нябожчыку і вярнулася да будзённых спраў — спраў свайго дома. Яе рукі і вочы былі занятыя, але памяць жыла сваім, асаблівым жыццём. Памяць вяртала Хаму ў далёкія, цяпер ужо далёкія часы.

І ўспомнілася ёй бура на ўзбярэжжы і выпадковая сустрэча, сведкамі якой былі мора, холад і вецер... Толькі праз дзесяць гадоў Хама даведалася, што сустрэлася тады з атрадам Ёсіцунэ. Так, не ведала яна ў тое імгненне, што за людзі гэтыя вандроўныя манахі. Толькі адзін быў ёй знаёмы — той у адзенні жабрака, у глыбока насунутым на вочы саламяным капелюшы. Памяць падказала ёй, хто ён, свавольнік-хлапчук, смуглы, скуласты, раскудлачаны, з падзёртымі да крыві каленямі... Ага, той самы хлопчык, які часцяком — у яшчэ больш далёкія часы — прыбягаў напіцца ў яе келлю каля сталіцы Кіота.

А потым хлопчык — Ёсіцунэ стаў першым военачальнікам з роду Мінамота і праславіўся ў баях пры Сіме і Дан-но-Ура. А потым лёс адвярнуўся ад яго і ператварыў яго ў героя трагедыі. А потым людзі пачалі расказваць цуды пра яго подзвігі. Хіба магла Хама загадзя прадбачыць усё гэта, калі ён прыбягаў напіцца ў яе келлю?..

Гады ішлі. Хама ўжо ведала пра гібель Ёсіцунэ і яго сяброў. І аднойчы ў глухім горным храме яна сустрэлася — зноў выпадкова — з чалавекам, які прыняў манаскі сан і называўся Дзанму. І быў гэты манах не хто іншы, як чалавек Ёсіцунэ, які насіў некалі імя Сабура. Дзанму-Сабура, да глыбіні душы ўражаны сустрэчай з жанчынаю, спытаўся ў яе, ці яна гэта была на марскім беразе, ці яна паказала атраду дарогу да чалавечага жытла, і, пачуўшы сцвярджальны адказ, назваў сваё імя, ранейшае і цяперашняе, і расказаў сумную гісторыю Ёсіцунэ. Яна маўчала, ён замоўк таксама і ўсё глядзеў на яе разявіўшы рот, што зусім ужо не да твару служыцелю Буды, бо чалавек, блізкі да бога, не павінен здзіўляцца, а потым загаварыў зноў, і ў голасе ў яго чуўся боль за свайго пана Ёсіцунэ і крыўда і гнеў супраць старэйшага брата Ёсіцунэ — Ерытама. Не, не адмовіўся манах ад зямных спраў, не стаў сапраўдным слугою боскім, а так і застаўся ў сэрцы сваім васалам былога пана.

Слухаючы такія яго словы, Хама здзівілася — як жа гэта, калі Ёсіцунэ загінуў у Хірайдзуке, яго слугі выратаваліся ўцёкамі, і толькі адзін з дванаццаці, Бенкей, падобны на вежу, біўся з пагоняй і сустрэў смерць грудзьмі... Але ёй было ўсё адно, і яна прамаўчала. Толькі адзін успамін адгукнуўся ў ёй пякучым сумам: хлопчык з пабітымі каленямі, мурзаты, віхрасты, урываецца ў яе келлю і просіць: «Матушка, напіцца!» — і яна падае яму ваду, і ён прагна п'е, абціраючы далоняй кропелькі поту з крутога, бруднага лба... хлапчук, які сустрэўся ёй пазней убогім манахам на змучаным бурай узбярэжжы... Хама маўчала і перабірала ружанец — супакой Божа душу яго.

Манах Дзанму настойліва прасіў яе адкрыцца яму, і расказаць усё пра сябе, і, калі гэта магчыма, дапамагчы ў складанні жыццяпісу яго пана Ёсіцунэ. Яна ўхілілася ад адказу. Яе жыццё было яе жыццём, і мужчыны, якія ўрываліся часам у гэта жыццё, былі не больш чым абломкамі іншых жыццяў, якія былі занесены выпадкова і ненадоўга ветрам смутнага часу.

Пасля гібелі Ёсіцунэ смуты не заціхалі, і ўсе Хаміны мужчыны, воіны і бунтары, паміралі, адзін за адным.

У канцы трынаццатага стагоддзя, у той дзень, калі ў наваколлі Эцідзен-Канагасакі яшчэ кіпела славутая бітва, якая ўвайшла ў летапіс, у яе келлю прынеслі воіна ў багатых даспехах, відаць, вялікага военачальніка. Ён ледзь дыхаў. Хама даглядала яго дваццаць дзён. За дваццаць дзён ён не сказаў ніводнага слова, а на дваццаць першы памёр. Усе яны паміралі. І Хама ўсіх іх выдатна помніла.

Аднойчы, калі князь Сіба Ёсіёры пайшоў вайною на князя Асакура Такакагэ, да яе зайшоў лютага выгляду воін, таксама цяжка паранены. Гэтага яна выхадзіла. Ноччу, перад тым як пакінуць яе келлю, ён згвалціў яе. А потым сказаў:

— Даруй мне, пустэльніца. Я ж не ведаю, што чакае мяне заўтра. Шмат грахоў на маім сумленні. Не раз я падымаў меч супраць пана майго, а цяпер паўстаў на цябе, прыслужніца Буды вялікага... і з гэтага часу прызначана мне простая дарога на самае дно пекла...

Яна хацела суцешыць яго, сказаць, што няма ніякага пекла ў Буды, што пекла і рай у свеце чалавечым, толькі рай вельмі ўжо далёкі і знайсці яго цяжка... Хацела яна сказаць, але... прамаўчала.

Воін, Такэда было яго імя, пайшоў, а потым вярнуўся. Кінуў даспехі і застаўся ў яе келлі. Нярэдка ў тыя часы, у часы смуты і міжусобіц, манахіні-пустэльніцы служылі ўцехай воінам, але ўсё ж Хама адчувала боль, калі ў вёсках, куды яна хадзіла жабраваць, на яе паказвалі пальцамі і гаварылі: «Глядзіце, вось гэтая рабыня Буды завяла сабе мужчыну і трымае яго ў сваёй келлі!» І пагарда людзей была вялікая, а міласціна іх — малая. Зімой давялося ёй разам з Такэдам, каб падмануць голад, сёрбаць поліўку з гліны, прыпраўленую драўнянай карой.

Але як толькі насталі цёплыя дні, пачала яна выкопваць маладыя парасткі каранёў бамбука, які рос за хацінай, ды вырошчваць сякую-такую гародніну на маленькім, з кошчын лоб, агародзіку. Яна старалася дагадзіць мужчыну, нават валасы адпусціла сабе на голенай галаве...

— Падумаць толькі, як мы з табою жывём — ціха ды непрыкметна... І гэта ў наш час, і ў нашым смутным свеце... — гаварыў Такэда, гледзячы на яе з галерэі. І позірк у яго быў мяккі і задумлівы, зусім не такі, як у тую першую ноч. — Магчыма, падобнае жыццё і ёсць ісціна. Такая ж ісціна, як сама старажытнасць. Мудрасць вучняў Буды вартая здзіўлення.

І Хама ў такія хвіліны смяялася. Весела, як дзяўчынка. І прыкрывала рот запэцканай агароднай зямлёю рукой, і камячкі плоднай зямлі прыліпалі да яе ружовых вуснаў.

— Мудрасць вучэння Буды тут ні пры чым, — адказвала яна. — Гэта мудрасць самога чалавека, якая ўвайшла ў яго яшчэ ў тыя далёкія часы, калі Сак'я-Муні яшчэ не нарадзіўся. Чалавек вучыўся, як трэба жыць, каб не крыўдзіць іншых і самому не быць пакрыўджаным. А потым недарэчная сквапнасць і звярыная ненасытнасць прымусілі яго забыцца на першародную мудрасць. І не людзям вучыцца ў Буды веры і праведнасці і спакою душэўнаму. Буда сам запазычыў з душы чалавечай дадзены ёй спрадвеку светлы спакой, які ўсім дапамагае і ўсіх вылечвае ад непатрэбных пакут.

— Хто ведае, хто ведае... — задуменна ківаў галавой мужчына. — Магчыма, надыдуць такія часы, калі нават з цябе не злітуецца бурлівы паток часу. І навакольны свет уварвецца ў тваю келлю ў абліччы здзічэлага разбойніка, які падобна зверу блукаў па дарогах...

— Няхай... Ці звяры, ці разбойнікі — што мне да іх? — яе голас спяваў, як сярэбраны званочак, а пальцы яе абрывалі ліставую капусту. — Калі знойдуць у маёй келлі што ўзяць — няхай бяруць. Я і сама аддам. А жыццё будуць патрабаваць, таксама аддам, не шкада. Усё роўна ж памру калі-небудзь. Не павінен чалавек скупіцца на падарункі. Табе я падарыла лона сваё, а іншаму, можа, падару жыццё...

І тады мужчына ўстаў, і працягнуў рукі, і павёў яе ў келлю. А на галерэю, якая караблём плыла ў сонечным патоку, прыляцелі птушкі нябесныя, збегліся малпы з бліжняга лесу і раскідалі насенне ліставой капусты, пакуль іх не напалохаў вокліч радасці Хамы.

А мужчына з сумам думаў, што сіла яго сыходзіць, што ён старэе...

І меў ён рацыю, калі гаварыў пра неспакойнасць смутнага часу. Міжусобіцы не сціхалі, правіцелі падаўлялі народ, народ бунтаваў, і кожны — крыўдзіцель і пакрыўджаны караў ні ў чым не вінаватую зямлю агнём і мячом. Вёскі гарэлі, і сяляне, якія ўзняліся з выгарэлай зямлі, ішлі бадзяцца па дарогах.

Аднойчы натоўп здзічэлых людзей, якія выпадкова праходзілі міма, уварваўся ў хаціну і збіў мужчыну да смерці, таму што ён не хацеў аддаць дзве дзяругі, што закрывалі ўваход у келлю.

Мужчына, некалі магутны воін, нядоўга супраціўляўся: быў ён ужо не малады і сіла яго згасла. Труп яго, раздзеты дагала, кінулі ў снег.

А Хамы не было — яна пайшла ў сяло па міласціну...

 

3

 

А потым...

Хама ўспамінала. Яе пальцы, якія прывыклі перабіраць ружанец, цяпер перабіралі пажоўклыя лісты паперы — памятныя нататкі пра былое.

А потым насталі ўжо зусім страшныя часы. Ода Набувага напаў на князя Асакуру. Услед за гэтым Тоетомі Хідресі пайшоў уціхамірваць паўночныя правінцыі. Як жа любяць мужчыны займацца забойствам, войнамі і праліваць кроў. Хіба ёсць у гэтым сэнс — адбіраць адзін у аднаго па чарзе землі і плаціць сваім жыццём за чужое жыццё?..

У памятных запісах было шмат імёнаў — усё, што засталося ад людзей, якія былі некалі цёплай і жывой плоццю. Добра, хоць імёны захаваліся — як бы іначай яна памінала іх у сваіх малітвах?

Кім яны былі, гэтыя людзі, што ўрываліся ў ціхую душу Хамы, падобна парывам ураганнага ветру? Военачальнікі і простыя воіны, майстры чайнай цырымоніі і простыя падарожныя, якія збіліся з дарогі. Іх прыводзіў да яе выпадак, і выпадак час ад часу выкрадаў яе са сцен келлі і пераносіў у які-небудзь замак, дзе яна рабілася чарговай наложніцай князя.

А потым на замак ішоў вайною другі князь і забіваў гаспадара, і Хама вярталася ў сваю келлю.

Былі і незвычайныя сустрэчы.

Аднойчы ў келлю прыйшоў чалавек, які таксама, як і Хама, прыняў манаства і насіў чорную расу і саламяны капялюш. Яны сядзелі на галерэі, і свет быў сярэбраны ад месяца і звонкі ад спеваў цыкад.

І гутарка ў іх была поўная і чароўная, як круглявы месяц, які каціўся па небе. Манах, надзіва дасведчаны ў майстэрстве вершаскладання, гаварыў павольна і спакойна, але ў яго голасе і ў позірку заўважалася нешта, што прымушала думаць, быццам перажыў ён глыбокае ўзрушэнне і ўбачыў на свае вочы зменлівасць свету. Сапраўды, чалавечы лёс не больш чым воля рукі гасподняй!

І Хама адчула каханне да мужчыны — гэта здаралася з ёю рэдка, вельмі рэдка, — і пры расставанні папрасіла што-небудзь на памяць. Ён сумна ўсміхнуўся, сказаў: «Ну што ж...» і напісаў на памінальнай таблічцы вершы ў стылі «дзеку», а пад імі дату і сваё імя.

— Прашу цябе, нікому не паказвай, — сказаў ён, і яны рассталіся.

Прайшло многа-многа гадоў. На свеце настаў мір. І так было ціха і спакойна навокал, што ў вёсцы ля падножжа гары сярод заможных сялян завялося нямала аматараў чайнай цырымоніі і нават паэзіі. Адзін такі аматар часта падымаўся на гару і прыходзіў у келлю Хамы на чайную цырымонію. Можа, пустэльніца абуджала ў ім невыразную цікаўнасць, а можа, ён і праўда глыбока паважаў яе хатні алтар — хто ведае, але толькі аднойчы гэты чалавек, асцярожна перабіраючы Хаміны рэліквіі, выпадкова знайшоў таблічку з вершамі невядомага манаха. Ён уважліва прачытаў і перачытаў вершы і здзіўлена ўсклікнуў:

— Не можа быць! Подпіс без сумнення належыць Акэці Міцухіда! Без сумнення... Паважаная пустэльніца, прашу вас, скажыце, як апынулася тут гэтая таблічка? Але дзіўна... Дата... на тры гады пазней, як Міцухіда загінуў у Хонадзі... Што? Вандроўны манах напісаў?.. Ха-ха-ха! Ну і спрытнюга! Ашукаў вас, пані пустэльніца, гэты багамолец Буды!

Ёй было ўсё роўна, ці наведаў яе келлю Акэці Міцухіда, ці вандроўны манах, які паставіў яго подпіс, ці яшчэ нехта. Якое гэта мела значэнне? Хіба не было той дзіўнай ночы і дзвюх душ, якія зліліся разам у сярэбраным і звонкім свеце, дзе ўладарылі месяц, цыкады і духмяныя начныя травы?..

А потым... Што ж было потым?.. Ды шмат рознага. Быў багацей з Эда, вялікі аматар жаночага цела, які пратаптаў сцяжынку да яе келлі. Доўга ён угаворваў Хаму ўступіць яго страсці і нарэшце ўсё ж такі звёз яе ў Эда і падарыў ёй дом.

Быў цясляр, прастадушны чалавек. Пажылі яны з ім сям'ёю як мае быць.

Але мужчыны рана ці позна паміралі. І кожны раз, адслужыўшы хаўтуры, Хама вярталася ў сваю келлю.

Ішлі гады. Змяняліся эпохі. Змянялася жыццё. Толькі адна Хама заставалася ранейшай.

 

— Пані... — ад саду да галерэі падышоў слуга. — Дыліжанс каля варот.

— Зараз іду...

Хама схавала ў маленькі скрутак памятныя запісы — маёмасць, з якой яна некалі прыйшла ў гэты дом і з якой цяпер адыходзіла, яшчэ раз, набожна склаўшы рукі, пакланілася таблічцы з імем нябожчыка і ўстала.

Гэты апошні яе муж быў вельмі багаты. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі цэлую флатылію, якая хадзіла ў кабатажнае плаванне, а з надыходам эпохі Мейдзі яшчэ больш разбагацеў на гандлі рысам. Хама спадабалася яму. Згвалціўшы яе, ён прымусіў яе пераехаць у Токіо, а калі ў яе адраслі валасы, зрабіў пустэльніцу сваёй афіцыйнай палюбоўніцай і падарыў асабняк.

У гэтага багацея было яшчэ шэсць палюбоўніц, і кожнай — свой асабняк. Законная жонка жыла ў раскошным доме, які называўся палацам, дзень і ноч аплакваючы здрадніка-мужа. Так яна і памерла — у слязах і раскошы. Дзве яго ўтрыманкі, прыхапіўшы каштоўнасці, збеглі з маладымі хлопцамі, і тады ён афіцыйна ажаніўся з Хамай. Вяселле, праўда, было сціплае, ніякіх гасцей не запрашалі.

Яго дачка ад першага шлюбу атрымала ў спадчыну бацькаву ліхую кроў — і аднойчы збегла з рыкшам і з таго часу пайшла па благой дарозе. Сын бадзяўся па прытонах і ўрэшце, згаварыўшыся з некалькімі гулякамі і гульцамі, якія праматалі ўсё, скончыў самагубствам. Аднак памёр толькі ён, тыя выжылі. Хамін муж і сам дрэнна скончыў: за хабар чыноўнікам сеў у турму, праз тры гады вярнуўся дадому паралізаваны, у каросце. За гэты час усё яго багацце сплыло, захаваўся толькі асабняк, які некалі называўся палацам, а цяпер пераўтварыўся ў сапраўдны дом з прывідамі.

З чэлядзі засталіся толькі двое — слуга і служанка. Хама самааддана даглядала агіднага старога — таксама, як і ўсіх.

 

4

 

— Значыць, так... — сказаў начальнік будаўніцтва, які толькі што вярнуўся з сталіцы. — Давядзецца тужыцца і закончыць усе работы на два тыдні раней тэрміну. Я атрымаў ад міністра добры наганяй. Уся справа ў іншаземцах. Дэлегацыя пажадала прыехаць раней, чым было дамоўлена, і неадкладна агледзець будоўлю.

— Нічога не атрымаецца, — галоўны інжынер паціснуў плячамі.

— Павінна атрымацца. Нам даюць дадаткова некалькі дзесяткаў звышмагутных экскаватараў і атамных лапат, — начальнік зірнуў на наручны гадзіннік. — Па-мойму, міністр гарыць жаданнем устанавіць новы рэкорд у шасэйным будаўніцтве. Напэўна, у гэту самую хвіліну ў аэрапорце ўжо прызямляюцца транспартнікі-цыклопы. А ўжо адтуль абсталяванне нам як бачыш даставяць. На верталётах «Самсон».

— Дарэмна. Спешка тут не дапаможа, — запярэчыў адзін майстар. — Пракапаць тунель не жарт. Праходчыкі ідуць з двух бакоў, насустрач адзін аднаму, але ўсё роўна менш чым у дзесяць дзён не ўкладуцца. Гара, а не які-небудзь узгорачак. Ды дні чатыры на абліцоўку, бетанаванне, мантаж электроннага абсталявання.

— А мы не будзем капаць! — начальнік акінуў прысутных пераможным позіркам. — У праект унесены істотныя папраўкі. Не марнаваць жа столькі часу на тунель! Дык вось, тунеля не будзе! Мы ўзарвём гару!

— Што? Узрыў?.. Дык гэта ж... — галоўны інжынер пачаў быў гаварыць, але спалохана змоўк.

На роўным, як стол, полі недалёка ад будаўніцтва сеў верталёт. З яго гарохам пасыпаліся ўзброеныя салдаты.

— Вось якраз... — сказаў начальнік будаўніцтва, кісла жмурачыся ад яркага сонца і нясцерпнага металічнага бляску верталёта. — Узрыў... Гэта... — ён махнуў рукой. — Усё зробяць за нас. Вадародная бомба, бамбакрошка... Тэхніка на мяжы фантастыкі — пякельная машына для патрэб будаўніцтва. Гара знікне як дым... Радыяцыі не будзе, а калі нават і будзе, справу завершаць не людзі, а будаўнічыя аўтаматы.

Галоўны інжынер мімаволі зірнуў на гару. Прыгожая гара, цудоўная, дзіўная. Царыца сярод іншых гор. Уся пакрытая рэліктавымі соснамі. Ахоўвалася да гэтага часу як помнік культуры. І вёска каля яе падножжа — таксама помнік. Вёска, якая захавалася з старажытных часоў... У гэтую гару цяпер упіралася стужка скораснай шасэйнай дарогі. Зручная дарога. Шырыня сто метраў...

Блакітная стужка цягнулася здалёк. Ад аэрапорта далёка на поўдні, перасякаючы раўчукі і рэкі... А па ёй з мінімальнай хуткасцю трыста кіламетраў паімчацца аўтамабілі з электроннымі аўтавадзіцелямі...

Каля падножжа гары, парослай векавымі лясамі, цяпер варушыліся цыклапічныя экскаватары, узвышаліся вежавыя краны. І ўся гэтая машынерыя скрыгатала, хрыпела і раніла цішыню бяздушнымі механічнымі галасамі.

І раптам завыла сірэна. Як блізкая зарніца, сіняву неба прачарціў чырвоны сцяг. І тут жа машыны пачалі адступленне — адыход ад пазіцый, якія нядаўна заваявалі. Машыны саступалі месца другім, яшчэ больш магутным і дасканалым. Грукат выбухаў змоўк. У наступ пайшлі салдаты-мурашкі, адзетыя ў уніформу колеру хакі. А на чале арміі павольна рухаўся цягач, увенчаны ярка-чырвоным, як свежая кроў, цыліндрам. Ён поўз проста да дзіркі нядаўна пракапанага тунеля.

— Увага! Увага! — загаварыў гучнагаварыцель на цягачы. — Камандзір асобай ударнай групы просіць пацвердзіць, што вакол гары нікога не засталося...

— Навакол нікога няма, — адказаў начальнік будаўніцтва ў мікрафон. — Мясцовыя жыхары эвакуіраваны яшчэ да пачатку будаўнічых работ.

— Спадар начальнік! — усклікнуў раптам адзін малады інжынер. У хлопца ліхаманкава блішчалі вочы. З-за спіны выглядвала некалькі сялян, усе — вельмі старыя. — Людзі гавораць, што не ўсе эвакуіраваліся!

— Што? Як гэта не ўсе? — начальнік пабялеў.

— Адзін чалавек застаўся... Жанчына... Яна сказала, што тунель яе не цікавіць. Ну... ніякай ёй справы няма да тунеля... Яна жыве тут. Даўно ўжо. Цяпер перабралася яшчэ вышэй, амаль на самую вяршыню гары. Пра яе ніхто не ведаў. Вось толькі гэтыя старыя помнілі, што жыве тут, на гары, жанчына. Яны спрабавалі ўгаварыць яе перабрацца куды-небудзь, ды яна заўпарцілася...

— Яна што, вар'ятка? — начальнік будаўніцтва прыцмокнуў языком і націснуў на кнопку сігналу трывогі.

— Не ведаю... Можа, і вар'ятка. Але кажуць, маладая, прыгожая... Манахіня... здаецца...

— Так, так... — начальнік нахмурыўся. — Манахіня, маладая... Ударны атрад! — крыкнуў ён у мікрафон. — Увага! Прашу пачакаць, пакуль я не знайду гэтую жанчыну... Што? Ага, вядома... Сапёры кажуць, што могуць чакаць не болей дзвюх гадзін, інакш уся будоўля выйдзе з графіка.

У галаве маладога інжынера маланкай бліснулі схемы і планы, дыяграмы, графікі. ЭВМ распрацавала ў далёкай сталіцы графік будоўлі дакладна і падрабязна, як дыспетчар — расклад руху цягнікоў...

...Цік-так... цік-так... Гадзіннік цікаў. Хранометр адлічваў секунды і долі секунды. Незлічоныя шасцерні круціліся і цягнулі бясконцую стужку блакітнай дарогі — далей, далей, у нетры гары. З поўдня на поўнач. Ад цывілізаваных раёнаў — у глуш, у глухамань. Кіламетр за кіламетрам, крок за крокам. А цяпер стары графік ушчыльнены да мяжы. Старыя метады паляцелі к чорту. Тэрмін перасунуўся, праглынуўшы два тыдні. Шасцерні круціліся з вар'яцкай хуткасцю...

У начальніка пачырванеў твар. Гэта не жарты, чалавечае жыццё! Праклятая ўпартая баба! Будзь яна хоць тройчы манахіня, усё роўна ўзляціць на паветра разам з сваёй гарой, калі спрацуе вадародная бомба — перайначаная на новы лад пякельная машына старажытнасці...

— Усім верталётам — узлёт! — хрыпеў начальнік. — Знайдзіце яе! Звярніцеся да яе па радыё! Гучнагаварыцелі, гук! Рабочыя і служачыя, якія не прымаюць непасрэднага ўдзелу ва ўзрыўных работах, неадкладна ў гару! Мабілізаваць усе ўсюдыходы... Часу ў абрэз. За трыццаць хвілін да выбуху прагучыць сірэна, і тады ўсім адразу ж эвакуіравацца!..

Людзі кінуліся да ўсюдыходаў. Завылі маторы. Маленькія, вёрткія машыны з крайняй хуткасцю памчаліся па горных схілах.

А над гарою бязвоблачнае блакітнае неба. І ў ім віселі верталёты — сучасныя серабрыстыя стракозы з дзюралю. І голас іх гучнагаварыцеляў быў пранізлівы і трывожны, зусім не такі, як шалясценне празрыстых крылаў сапраўдных стракоз.

Паўтары гадзіны прайшлі. Яны былі бясконца доўгія і вокамгненныя, як уздых. Таму што трывога расцягвае час да бясконцасці і сціскае стагоддзі да секунды.

Завыла сірэна. Апошняя перад выбухам. Магчыма, гэтая злавесная птушка смерці — стары груган — крычала і плакала, прадракаючы бяду?..

Пошукавы атрад вярнуўся. Без вынікаў.

Начальнік, чырвоны, як вараны краб, расшпіліў каўнер кашулі.

— Можа, яна сама эвакуіравалася?.. Не чакаючы паўторнага запрашэння?.. Спадзяюся, ніхто з пасланых не застаўся на гары?

— Адзін... — сказаў нехта. — Але ён таксама вяртаецца...

З гары спускаўся інжынер. Нібы падганяючы яго, яшчэ раз заплакала сірэна. Звярынае выццё лягло непасільным грузам на чалавечыя плечы — пятнаццаць хвілін да выбуху. І яшчэ адзін крык — дзесяць хвілін да выбуху.

— Эге-ге! — крыкнуў начальнік. — Спяшайся! Давай хутчэй у сховішча! — потым ён угледзеўся ў твар маладога інжынера. — Што з табою?

Той плакаў.

— Ты бачыў яе? Знайшоў? — Начальнік схапіў яго за руку. — Кажы!

Малады інжынер апусціўся на падлогу. Халодны бетон. Шэрыя сцены сховішча. І слёзы на запаленых чырвоных вачах.

— Я знайшоў яе, — сказаў ён.

— Ну і?.. Чаму ты не прывёў яе? — спазма сціснула горла начальніку. — Яна ж цяпер не паспее! Ды як жа мы?! Знайсці чалавека і не вывезці?! Ты адкажаш за гэта!

Інжынер пакруціў галавой.

— Не атрымалася, нічога не атрымалася... Гара загіне, і яна разам з ёй...

— Эх, вы!.. Моладзь зялёная! — адзін майстар са злосцю плюнуў. — Не маглі ўгаварыць... Сілаю прывялі б. Па мордзе надавалі б, ці што, але прывялі... Людзі што скажуць...

Інжынер апусціў галаву.

— Яна... Я знайшоў яе амаль на вяршыні... У келлі. Маленькая-маленькая келля. З бамбукавых жэрдак... А вакол — лес. І кветкі ў агародчыку. Дзівосныя, такіх няма больш на свеце — проста ў келлі, з падлогі, б'е крыніца. Яна пачаставала мяне чаем. Пустэльніца, дачка гары, з тварам прыгожым і маладым, як кветка сакуры... Колькі ёй гадоў... Можа, дваццаць, а можа, трыццаць, але ўжо ніяк не болей... Яна сядзела каля маленькага століка для сутраў. Мы пілі чай...

— Які дурань! — прастагнаў начальнік. — Падумаць толькі — яны пілі чай! І гэта ў такі час!.. Мы тут павар'яцелі, а ён...

— Яна вельмі доўга жыла, — працягваў інжынер, не звяртаючы аніякай увагі на начальніка. — Вы чулі калі-небудзь легенду пра Хапяку-бікуні, пустэльніцу, якая пражыла васемсот гадоў на свеце. Вельмі старая легенда. Яна нарадзілася на поўначы Японіі... Маладая дзяўчына з'ела рыбу, але гэта была не рыба, а русалка. І русалка падарыла ёй сваю вечную маладосць. І яна назаўсёды засталася маладой і стала пустэльніцай.

— Ты што — звар'яцеў? — майстар паглядзеў на маладога інжынера з адкрытай насмешкай. — Ці не хочаш ты сказаць, што гэтая ненармальная і ёсць сястрыца Хапяку-бікуні? Трэба ж, вучоны, а верыць у падобнае глупства! Ды калі Хапяку і жыла калі-небудзь на свеце, то ўжо даўным-даўно памерла...

— Вы нелагічныя! — раздражнёна запярэчыў інжынер. — І калі не верыце ў Хапяку-бікуні, як жа вы можаце гаварыць, што яна памерла?.. Гэтая пустэльніца незвычайная жанчына. Яна расказвала мне пра падзеі пяцісотгадовай даўнасці так, быццам гэта было толькі ўчора. І намякнула, што яна і ёсць Хапяку-бікуні. Не верыце? А чаму? Хіба няма людзей, што вельмі доўга жывуць на свеце? Колькі хочаце прыкладаў, і не толькі ў Японіі, але і ва ўсім свеце. Якая, па сутнасці, розніца — сто гадоў пражыць ці васемсот...

— Добра, дапусцім, усё так і ёсць, — сказаў нехта. — Але калі яна пражыла так доўга, чаму б ёй яшчэ не пажыць? А цяпер, выходзіць, яна вырашыла памерці.

— Чаму? — малады інжынер на хвілінку змоўк. У яго апусціліся плечы. — Яна сказала чаму. Праўда, жыла яна доўга, і жыццё не было ёй цяжкае. Калі б ёй надакучыла, яна магла б у любы час пакончыць з сабою. Але... Бікуні сказала: «Жыццё маё было цяжкае, але не было цяжарам. Людзі знікалі. Усе мае мужчыны паміралі адзін за адным. Свет мяняўся. Але свет дагэтуль захоўваў мудрасць». А яшчэ яна сказала, што цяпер сама стала часткаю мінулага, бо не засталося на свеце нічога нязменнага і прырода памірае і не хоча больш клапаціцца пра сваіх сяброў. Навошта жыць, калі памяць вяне, як кветка восенню, і жывая плоць робіцца легендай?

— Так... — начальнік глыбакадумна хмыкнуў. — А час ідзе.

Малады інжынер уздрыгнуў і ўзняў галаву.

— Скажыце мне, хіба няма на свеце нічога такога прыгожага, што трэба было б захаваць? Ці так ужо патрэбна нам гэтая дарога? Што яна такое — бяздушная даніна часу звышхуткасных аўтамабіляў, уступка пасажырам, якія мерацца імгненна перанесціся з аднаго пункта ў другі... Заплюшчыш вочы — і няма поўдня, ты на поўначы... А далей што? Моднае ж старэе. Пройдзе дзесятак гадоў, і гэтая дзіўная дарога, цуд сучаснай тэхнікі, стане вельмі старой бабулькай. На яе ніхто і глянуць не захоча... Хіба нельга правесці дарогу ў абход гары?.. Горы ж гэта плоць прыроды, адна з яе частак, прыгожых і велічных. Нашы прадзеды любілі гэтую гару і прапрадзеды, прапрадзеды іх прапрадзедаў... Дык навошта ж, навошта? Што гэта — вартыя жалю ўступкі ЭВМ? Даніна прымітыўнай геаметрыі, якая не выносіць хвалістай лініі?..

Грымнуў выбух, і столь сховішча свінцовай хмарай навісла над людзьмі. Нехта войкнуў. Шэры вецер прайшоў над галовамі, быццам мора ўсхвалявалася недзе, быццам з чорнай бездані ўзняўся ўраган і заплакаў над чалавечым лёсам.

Гара разбухла, на імгненне павялічылася ў два разы і абвалілася ў бяздонне барвовага кіпячага катла.

І ў клубах дыму мільгануў марскі бераг, і калючы, узняты на дыбкі бурай, пясок, і край чорнага кімано, які мог паспрачацца сваёй чарнатой з горам навакольнага свету, і кончык белай хусткі, белай, як сон і забыццё. І пяшчотныя пялёсткі ружы, якая не вяне нават у непагадзь, мільганулі ў іх. Ці ружа была гэта ці раптоўны блік святла на шчацэ маладой дзяўчыны — хто ведае?..

А экскаватары ўжо ўгрызаліся ў мёртвае цела зямлі, і вежавыя краны ўзнімалі над ім свае халодныя сталёвыя іклы.



Пераклад: Ірэна Дабрыян