epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Несур'ёзны лёс Пятра

У надзвычайна гарачае лета Пятро купіў дарагую кватэру ў месцы аддаленым ад магістральнай артэрыі; у квартале, што на ўзвышшы з агародчыкамі. За трыста мільёнаў.

Паназапрошваў у госьці новых знаёмых, паказваючы ім усе пяць пакояў. Бабы смакавалі французскія каньякі, а мужыкі пілі шатляндзкую віскі зь лёдам. Тэлевізараў стаяла тры: у гасьцёўні, у дзіцячым, у бібліятэцы (там яшчэ й падручны камп'ютэр). Для кока-колі, фруктавых сокаў і мінэральных водаў быў асобны халадзільнік накшталт шафы на двое дзьвярэй з дубападобным фарнірам. Кліматызацыя навейвала пахі акацыі (варыянт з ружамі чамусьці блякіраваўся час ад часу).

Напіўшыся, Пятро цягаў мужчынаў - менавіта - у бібліятэку, у якой, замкнуўшыся, глядзелі яны відэакасэты з Капэнгагэну, з рогатам запыняючы кадры з жарабцоўскімі сцэнамі. Ягоная Ліда - тым часам - хвалілася перад знаёмкамі аўтаматызаванай кухняю, ванным пакоем з херувімкамі на кахліках і, урэшце, моднымі фасонамі.

Пятра трымаліся грошы. Будучы сялянскай натуры, ён імі не раскідаўся. З пасадамі ўпачатку ня надта яму шанцавала, як ні круціўся. Думаў быў нават прыжаніцца з дырэкцыйнай харашухаю з сакратарыяту, з гэтай вечнай паненкаю з разбэшчаным падросткам. Але, разьвязка сама зьявілася: у вярхох былі заклубавалі, каб зьняць старога шэфа, і Пятро - баржджэй ад перапуду - узяў ягоны бок. Досыць трапна, аднак, прадчуўшы, што няпроста выкарчоўваецца гадамі ўрослае... І што пакуль тое будзе, ён прасунецца за час блаславёны дастаткова высока, каб не памачыцца ў наступны водаварот.

Брыняў задаволенасьцю, што спрытна ўхапіўся такі за нагоду.

Пятро, аднак, прайграў горш, чым выйграў. У вадзін месяц паабсыпаліся дабрадзеі, усе да апошняга, а прышлыя ўзялі й турнулі яго дакладна назад. Ня быў яшчэ стары, каб зноў ня выбрацца наверх. Але, на сваю бяду, нарадзіўся ён у несур'ёзным месцы Эўропы. Каб так у Швэцыі, быў-бы сёньня генэральным дырэктарам...

Кватэру давялося збыць ды перабрацца ў слабенькую; маладая жонка пасучыла за лепшым фраерам...

У самае благое папаўся Пятро на тыдзень да Новага году: за даўгі ў сьвежым бізнэсе супражнік нацкаваў на яго бандытаў, якія адбілі яму ныркі, аглушылі на правае вуха!

Стаў інвалідам.

Цяпер шмат ён разумее, а яшчэ больш чытае. Калі пойдзе на шпацыр, не бывае так, каб не пастаяў на ўзгорку й не паглядзеў адтуль у шырокія вокны тае кватэры... Зьдзіўляецца самому сабе: калі няма чаго жыць, тады наймацней і хочацца!


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая