epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Росквіт і ўпадак Бядоціка

Бацькі Марка Бядоціка былі з тых беларусаў, якія мала ня цэлымі вёскамі перабраліся ў пасьляваенныя гарады. Лічылі гэта яны шчаснай доляй, пра што неяк абавязкова гаварылі, асабліва ў нядзелі за абедам. Марк нарадзіўся ўжо ў іхняй гарадзкой кватэры, і тыя размовы ён ад малога чуў. Слухаў іх, як байку, да якой усё дадаюць і дадаюць. Гадаваны на паночка, Марчык рана завёўся з паненкамі, сьцяміўшы, натуральна, што яму лепей будзе маўчаць пра сваіх бацькоў. Мацерка рабілася служанкаю яму, а бацюль у нечым нагадваў сабою знаходлівага арандатара. Яны чамусьці даволі раптоўна паўміралі, адно за адным, напакідаўшы прыстойныя запасы ўсяго й грошай.

Такія, як Марк Бядоцік, жэняцца не ад каханьня. Стаўшы на работу, ён проста зьнюхаўся са сваёй начальніцай. Зь ёю былі яму зноў усё пірагі.

Рэне Выдрыцкай - пра яе гэта тут - Марк як-бы зь нябёсаў зыйшоў! У навагодні баль яна адкрыла маладзіку рай жыцьця з жанчынай прыгожай і культурнай, а прытым і зь вельмі заможнай. Ёй якраз дарэчы быў такі, а яму - менавіта такая. Што й казаць, кар'еру Рэна мела, дабіўшыся яе самым лёгкім інтэлігэнтнай лялечцы спосабам, ды напасьледак займела, во, маладзюсенькага мужа сабе. Абое - Рэна й Марк - добра выйшлі на гэтым: замужняя каханка заўсёды нарасхват - гэта залаты інтарэс і ёй і яе мужу, калі яны па службе ў вадным месцы. Дзяцей яна не магла мець, што было дадатковым плюсам. А ён нават і не заўважыў яе бязьдзетнасьці, і жылі яны звычайна, як падкі на бабаў хахаль з круцеляватай модніцай. На ўсенька хапала ім, і ў Парыж або ў Лёндан зьезьдзіць.

Сьмерць дырэктара фірмы выклікала радасьць у Рэны! На яго месца прыслалі хвацкага шанцоўніка, які неўзабаве зрабіў Рэну сваім намесьнікам. Але на гэтым і скончыліся яе ўдачы. Далей жыць трэба было нажытым, і тады яна як жанчына першай адчула дзіўную, пакуль што незразумелую ёй самоту. Усё роўна што вяртаючыся зь непраўдападобна доўгага, гадамі музыканячага карнавалу.

Нечакана прыехаўшы дамоў з паказухі ў варшаўскім міністэрстве, - яна ўгдедзела разаспаную шаснастоўку з Маркам у пасьцелі. Раней Рэна сапраўды паводзіла сябе, бы дама, якой такая сытуацыя ня можа быць найважнейшай. Цяпер-жа, хоць і сама ня лепшая, накінулася на дзеўчанё зь імпэтам мужычкі, а Марк, паказаўшы сябе патомным хамутом, даў драпака.

Рэна Выдрыцкая разьвялася з Маркам Бядоцікам. Маёмасьць суд прысудзіў па палове, прызнаючы за ёю кватэру.

Ён пайшоў з добрай работы, новай не падшукаў сабе, зьвязаўся з прастытуткамі, і спаліла яго гарэлка. А яна дажыла да глыбокай старасьці.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая