epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Шчасьце Вусатай

Мужчынаватая Манька, празываная Вусатаю, на дзіва мела хабеля. Прыбіўся да яе, ваеннай удавы, калесьнік з-пад Бераставіцы, які ўцёк ад «калхозаў» сюды, пад Польшчу. Спачатку ён трохі быў хаваўся на вышках у хляве, баючыся, што возьмуць і прыйдуць па яго ўночы савецкія пагранічнікі з блізкай адсюль заставы, пакуль не ўсталявалася польская служба за стадоламі ад Кабыліных гораў.

Гэтага вашая яна вылюдзіла на чалавека, абшыла й абула. Ён, можа, усё роўна пыльнуў-бы ад яе на Прусы, каб ня тыя чуткі, што Амэрыка з Англіяй прыбіраюцца даканаць і Сталіна. Начэкваючы свабоды, калесьнік потайкам падзарабляў, калі ў каго рассохся воз. І малацьбіт зь яго выдаўся няблагі; да відна, бывала, паўкапы абходае (сьнедаў ды абедаў сьпехам, усё пазіраючы чуйна ў вокны).

Наўцякала больш такіх, ажно бальшавікі з'аралі граніцу ды загарадзілі калючым дротам, а яшчэ панаставілі ў травах і ў маладнякох самапальных ракетніцаў (напорвалася на іх зьвяр'ё). Тады Вусатай хоць адзін раз спадабалася савецкая ўлада, за што хабель абазваў яе камісарам у спадніцы... Яна, перадумаўшы ўсё як сьлед, хітра спаліла хату і ўзяла за яе страхоўку, за якую купіла нават новую. Гэтакі шанц папаўся ёй у валачашчых рэпатрыянтаў ад Горадні, што, папісаўшыся там палякамі й дастаўшы тут скарбовыя гаспадаркі, распрадаваліся й бегма пераяжджалі на землі, што адыйшлі ад Нямеччыны.

Хабель абціх і працаваў ад раньня да зьмярканьня. А неяк у зазімак паехаў ён у лес па дровы й столькі яго пабачылі: конь вярнуўся сам, валакучы паламаныя аглоблі. Казалі лясуны, што якісьці мужык павесіўся на Шырокай трыбе за Сасновікам, але гэта была няпраўда (толькі фуру сваю з мэтрамі пакінутую ўпаткала ў тым баку Манька зь людзьмі). Як ні шукалі, не знайшлі чалавека: прапаў, бы ў багну кануўшы! Пасьля ўжо перагаворвалі ёй - нехта са спэкулянтаў пазнаў яе хабеля, як той ішоў з чысьценькай немкаю ў эшалён, што адпраўлялі з гданьскага вакзалу кудысьці за Одру...

Манька Вусатая нарадзіла ад яго дачку, якую выгадавала на порсткую паненку, й шчасьліва аддала яе замуж за разьніка ў Саколцы.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая