epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Спатканьне

На музыках у Сяржанаўскай фабрыцы Колька танцаваў зь дзяўчынаю, у якое былі каштанаватыя валасы, гарачыя ды рухавыя. Яны казыталі яму ў шчаку. Калі закончваўся танец, ён не адыходзіўся зь ёю ўбок, пад сьцяну, але стаяў пасярэдзіне залі, ля калянады. Усё ўглядаўся ў яе, такую задаволеную ды вёрткую.

Упачатку каторагасьці танца падыйшоў быў да яе пры Кольку нейкі франт з вусікамі, сьмешны. Той хацеў згуляць зь ёю, адбіць! Колька не пусьціў дзяўчыны, нагрубіяніў яму; запацелаю рукою прыціскаў яе да сябе. Яна не баранілася, мяккая ды лягавітая, адчуваў гэта...

Завёў дзяўчыну ў буфэт, дзе пілі вэрмут, потым пярцоўку й зноў вэрмут. Кольку стала нядобра (ад нэрваў, ці што?). Ён адлучыўся ад яе на так званую хвілінку. У калідоры-ж - наткнуўся на таго франта й яшчэ двух зь ім. Пакуль пасьпеў уявіць сабе, што гэта значыць, дастаў кулаком паміж вачэй, ажно галава здранцьвела, але ня ўпаў. Гэта выратавала яго. Пры чым, на шчасьце, калідор аказаўся вузкім, і Колька, упёршыся плячыма ў сьцяну, адбіваўся ім рукамі й нагамі, біўся й біўся, і яго лупілі. Не працягнулася гэта доўга; на сэнсацыю зьбегся натоўп, і Колька ня столькі ўбачыў, як раптам адчуў, што тых, якія былі накінуліся на яго, ужо няма, зьніклі. Адарваны каўнер кашулі ён прыкрыў сабе летнікам, забраў з буфэту дзяўчыну, вывеў яе на вуліцу, падхапіў таксі й, падпітую, завёз у сваю кавалерскую кватэрку.

У яе было ня тое што белае, а па-скульптурнаму зграбнае цела. Пад раніцу яна расплакалася. Ёй моцна хацелася замуж!

Сустракаліся потым часта. Колька, аднак-жа, болей не вадзіў яе да сябе. Хадзілі ў кіно або тэатр, на музыкі ў лепшых клюбах і на дансінгі. Цалаваліся да бяспамяці, ад гэтага яе ня браў плач. А досьвіткам, нагуляўшыся да дуру, беглі па пустой у такую рань вуліцы ды рагатліва цешыліся сабою. На яе імяніны ён купіў ёй лякерыцы (іх рэдка прадавалі тады ў Беластоку).

Колька запрасіў дзяўчыну да бацькоў у вёсцы. Яна, вясёлая, надта спадабалася ім. Было велікоднае сьвята вясны. Разам ужо паабяцалі старым прыехаць да іх улетку, пабыць цэлы месяц, дапамагчы ў жніво.

Вярнуўшыся ў Беласток, Колька застудзіўся, захварэў на запаленьне лёгкіх. Прычапіліся да яго й іншыя хваробы - давялося зьлегчы ў шпіталь. Праваляўся там, сам таго не спадзяваючыся, нешта два месяцы. Калі-ж, урэшце, выпісалі яго дамоў, быў пачатак ліпеня й сіне-сіняе неба над горадам. Колька пабрыў у блізкі парк, каб праветрыцца ды параздумваць аб дзяўчыне. (Яна ўсяго два разы адпісала яму, у другі - кораценька і ў суцяшальным тоне, усё роўна бы маці...)

Чуўся надзвычай лёгка, можна-б сказаць: наднатуральна добра! Прахадзіў там паўдня; наведаўся ў летні бар, у якім з апэтытам зьеў колькі бутэрбродаў і выпіў кухаль піва. Потым пайшоў далёка, туды, дзе за паркам пачыналіся лес і ўстаялая цішыня. Ён чакаў вечара, калі дзяўчына прыйдзе на спатканьне зь ім; учора са шпіталя паслаў ёй пісямко, у якім напісаў быў - усё, усё, усё!

Праходжваў між соснаў і пад восьмую тую гадзіну ён напрасткі накіраваўся да выбранае ім дзеля сустрэчы ліпавае алеі. І зусім нечакана надыйшоў на яе - ляжала пад кустом дзікае ружы й з тым франтам, панадна разголеная. Той схапіўся першым, угледзеўся ў Кольку, пазнаў яго й па-мужчынску засьмяяўся. Колька таксама неяк засьмяяўся, і абодва яны разыйшліся прэч. А яна неўпапад апраналася, аж зьвечарэла на дварэ.

І настала ноч.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая