epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Вяртаньне Мардаціка

Чаго трэба Мардаціку? Грошай! Ня меў ён іх, пакуль быў на гаспадарцы. Трудзягам мала плацяць. Колькі таго заробку за кормніка? Або на збожжы?

- Вёска не прападала, бо не было куды ёй падзецца, - казаў Мардацік за чаркаю ў Вялікдзень. І меў рацыю, хоць не сушыў галавы думкамі. Дзівіўся ён калісьці, чаму позна настаў камунізм, у які няма багатых і ніхто не сядзіць бяз хлеба. Мардаціку спадабалася такая палітыка; паздаравеў, бо пабачыў, што заробленасьць ня скончыцца дабром - ні яму, ні дружыне.

- Ты поля й хлява не трымайся, - сказаў Мардацік сыну, яшчэ пры Сталіне. - Шукай месца на фабрыцы.

А малады як малады: абы лягчэй зажыць. Гэтак яно, дарэчы, і сталася. Аднак, асталяваўшыся ў горадзе, выглядваў падмогі з хаты. Прыязджаў на жніво, а бывала, і ўвосень - намахацца цэпам. Цягавіты хлопец.

- Сястру забяры, - агледзеўся Мардацік. Дачка брыняла, й мог да яе дурань які пасватацца. - Лепшы замуж там за галышом, чымсь тут за кулаком.

У брата яна доўга не набыла: яе ўзяў шкляны гутнік. Мужчына зь яго бойкі, каб ня тыя ўсё кепікі ягоныя з мужыкоў... Прыкусіў пралетар свой язык, калі запаўцеў аўта купіць (Мардацік папродаў каровы; баба ўжо ня мела сілы даіць іх).

Збыўшы каня, ажанілі сына. Беластоцкі цесьць яго запатрабаваў трохпакаёвую кватэру з тэлефонам (Мардацік парэзаў авечкі, дапрадаўшы сенакос на Козіцы і дзедаў ельнік у Верхлесе).

Прыходзілі купцы й на хату з будынкамі.

- А нашто вам?! - не стрымаўся Мардацік, спалохаўшыся самога сябе.

- Нашым панскім дзецям на дачу будзе, - адказалі яму, паправіўшы нязвычныя ім гальштукі на загарэлых пад бульбяную кашу шыях.

Мардацік пагаліўся, бы на сьмерць; прыстрыг сабе кучму, дастаў з куфра шлюбны касьцюм і, пакінуўшы старую хварэць у пасьцелі, падаўся ў дарогу: да сына, а потым і да дачкі. Яны, усё роўна як чакалі яго, загаварылі ў вадзін голас:

- Прадавайце, тату!

- Не адразу, можа...

- Каму потым спатрэбіцца тое?! - заенчылі.

- А дзе-ж жыцьму з маткаю?

- Да нас перабірайцеся!

Мардацік пахаладзеў. Так і падумаў: узяць за купчую, то яны возьмуць, нават і пасварацца, а сам ён з бабкаю служкамі ў іх прымосьцяцца. Унукаў гушкаць, па-польску «пшэкаць» ня ўмеючы (бо-ж не зь беларускай мовы хлеб есьць Беласток).

Варочаўся Мардацік у вёску, як на суд рыхтуючыся, які не адбываўся. Ня выйграе яго. Дзеці не спрыяюць бацьком? А ці павінны яны, маючы перад сабою ўсё доўгае жыцьцё? Ідучы ад аўтобусавага прыстанку сьцежкаю ў жаваранкавых жытох, біўся ён зь недарэчным успамінам пра квактуху, якая, выседзеўшы качанятаў, утапілася ў лужку за выганам, калі тыя падрасьлі й палезьлі плаваць...

Мардацік запыніўся як укопаны.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая