Шандар Пецёфі

Патрыятычная песня

Я сэрцам і душою твой,

Мая краіна!

Бо прысягнуў табе адной

Любоўю сына.

 

Мая душа — прасветлы храм,

Яснота неба.

Я за цябе яе аддам,

 

А калі трэба,

Няхай з грудзей юначых кроў

Струменем хлыне,

Каб шчасце вечнае было

Маёй Айчыне.

 

Я назаўсёды прысягаў

Высокай мэце,

Бо толькі ты адна ў мяне

На гэтым свеце.

 

Я друг і следам за табой

Усюды крочу,

Не так, як цень, а ў ясны дзень

I цёмнай ноччу.

 

I ўжо калі гусцее змрок

I дзень канае,

Расце ў душы мой горкі сум,

Любімы краю.

 

Я да тваіх іду сыноў,

I песняй роднай

Мы молімся, каб ты заўжды

Была свабоднай.



Пераклад: Мікола Хведаровіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com