epub
 
падключыць
слоўнікі

Шарль Пэро

Чараўніца

Жыла сабе раз удава, і былі ў яе дзве дачкі. Старэйшая і з характару, і з твару была вельмі падобная да маці, - такая падобная, што людзі, убачыўшы іх разам, не маглі адрозніць, дзе адна, а дзе другая. Абедзве яны былі такія агідныя і такія фанабэрыстыя, што жыць з імі было немагчыма. А вось меншая дачка сваёй дабрынёй і сумленнасцю была чысты бацька. І апроч таго яна была такая прыгожая, што другой такой не было нідзе ў свеце. Ды ўсё ж, вядома, падобнага да сябе любяць болей, і таму ўдава вельмі любіла старэйшую дачку і трываць не магла малодшай. Яна прымушала яе есці толькі на кухні і ўвесь час давала ёй якую-небудзь цяжкую працу.

Абавязкам беднай дзяўчыны было двойчы на дзень хадзіць па ваду аж за дзве вярсты ад дома, і кожны раз яна павінна была прынесці вялізны збан, поўны да берагоў. І вось аднаго разу, калі яна была ля крыніцы, да яе падышла бедная кабета і папрасіла напіцца.

- Зараз, зараз, цётачка, - сказала прыгожая дзяўчына.

Яна хуценька спаласнула збан, наліла ў яго вады з найчысцейшага месца ў крыніцы і падала яго кабеце. Каб той зручней было піць, дзяўчына ўвесь час яго падтрымлівала. Напіўшыся, кабета сказала:

- Ты такая прыгожая, такая добрая і такая ветлівая, што я хачу зрабіць табе падарунак (а гэта была чараўніца, якая наўмысна абярнулася беднай сялянкай, каб пабачыць, якое сумленне ў гэтай дзяўчыны).

- Я вырашыла надзяліць цябе дарам, - сказала чараўніца. - Дзякуючы яму пры кожным слове, якое ты вымавіш, з рота ў цябе будзе выпадаць кветка або каштоўны камень.

Неўзабаве дзяўчына вярнулася дадому. Маці адразу накінулася на яе сварыцца, што яна так доўга хадзіла па ваду.

- Калі ласка, мама, даруйце, што я так спазнілася, - сказала бедная дзяўчына.

І пры гэтых словах з рота ў яе ўпалі дзве ружы, дзве перліны і два вялікія дыяменты.

- Што такое? - крыкнула маці, вельмі здзівіўшыся. - Па-мойму, у яе з рота выпалі дзве перліны і два дыяменты?! Адкуль гэта ў цябе, дачушка мая? (Гэта быў першы раз, калі яна назвала яе дачушкай.)

Бедная дзяўчына шчыра распавяла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася, і насыпала пры гэтым безліч дыяментаў.

- Вось табе маеш! - сказала маці. - Трэба будзе паслаць туды і маю старэйшую. Чуеш, Фаншона? Пабач, што падае ў тваёй сястры з рота, калі яна гаворыць! Хочаш мець такі дар? Тады бяры збанок, ды схадзі па ваду да крыніцы, а калі якая-небудзь бедная кабета папросіць у цябе напіцца, налі ёй у збанок вады ды напаі.

- Яшчэ чаго! - груба адказала Фаншона. - Ніколі такога не будзе, каб я пайшла на крыніцу!

- А я кажу, што пойдзеш, - паўтарыла маці, - і зараз жа.

Давялося такі старэйшай дачцэ ісці, хоць яна ўвесь час незадаволена бурчала. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, які быў у хаце. І вось, ледзь яна паспела падысці да крыніцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая пані. Гэта была тая самая чараўніца, якая раней гутарыла з яе сястрой, а цяпер абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькі гэтая дзяўчына можа быць несумленная. Яна падышла да старэйшай сястры і папрасіла ў яе напіцца.

- Яшчэ чаго! - груба крыкнула чараўніцы фанабэрыстая дзяўчына. - Што я сюды прыйшла вам ваду падаваць?! Ці вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб вы з яго тут пілі! Вось што я вам скажу: піце проста з крыніцы, калі вам так хочацца.

- Вы вельмі няветлівая, - адказала чараўніца, але на твары ў яе не выявілася ніякага гневу. - Ну што ж, калі вы такая грубая, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскокваць гадзіна ці рапуха.

Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, маці закрычала:

- Ну што, дачушка мая?

- А нічога, мая матухна.., - адказала грубіянка, і з рота ў яе выскачылі дзве рапухі і дзве гадзіны.

- О неба! - крыкнула маці. - Што я бачу? Усё гэта з-за тваёй сястрыцы! Ну, яна ўжо мне заплаціць!

І яна пабегла па малодшую дачку, каб яе набіць. Але бедная дзяўчына ўцякла і схавалася ў лесе.

Там яе і спаткаў сын караля, які вяртаўся з палявання. Ён заўважыў, якая яна прыгожая, і спытаўся, чаму яна тут адна і чаго плача.

- О, пане! - адказала дзяўчына. - Маці выгнала мяне з хаты.

Убачыўшы, што з рота ў яе выпалі шэсць перлаў і столькі ж дыяментаў, сын караля вельмі здзівіўся і спытаў, як у яе гэта выходзіць. І дзяўчына расказала гісторыю, якая з ёй здарылася. Пачуўшы гэта, сын караля вельмі ў яе закахаўся і падумаў, што такі дар варты ўсяго, што могуць даць у пасаг за любой прынцэсай. Ён прывёз дзяўчыну ў палац да свайго бацькі-караля, і там яны пажаніліся.

Што ж да яе сястры, дык тая хутка ўжо так усім абрыдла, што родная маці не вытрывала ды выгнала яе з хаты. Нябога доўга тулялася сям і там, але так і не знайшла нікога, хто б яе прытуліў. Так яна і памерла адна ў нейкім глухім лясным закутку.

 

Мараль

 

Дыяменты і аздобы

Вабяць моцна ўсіх людзей,

Але ветлівыя словы

Больш маюць сілы і каштуюць даражэй.

 

Другая мараль

 

Няпроста дагаджаць усім

І далікатным быць заўсёды,

Ды ўрэшце ўсё вянчае ўзнагарода -

Якраз тады, як пра яе не думаеш зусім.

 

 

Каментары

 

Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.



Пераклад: Зьміцер Колас