epub
 
падключыць
слоўнікі

Шарль Пэро

Чубаты Рыкэ

Жыла сабе адна каралева, і нарадзіла яна такога брыдкага і выродлівага сына, што многія засумняваліся нават, ці чалавек гэта ўвогуле? Але чараўніца, якая прыехала на радзіны, супакоіла ўсіх і запэўніла, што хлопчык вырасце і будзе прывабны, бо ў яго будзе вельмі вялікі розум. Апроч гэтага яна сказала, што дзякуючы яе дару, ён здолее сам даць столькі ж розуму той, каго моцна пакахае. Усё гэта трошкі суцешыла бедную каралеву, якая вельмі журылася, што ў яе нарадзілася такое агіднае дзіця.

І праўда, ледзьве малое навучылася гаварыць, як адразу пачало казаць вельмі слушныя рэчы, і ўсе яго ўчынкі былі такія разважныя, што можна было толькі дзівіцца. Я забыўся, дарэчы, сказаць, што хлопчык нарадзіўся з невялічкім чубком, і таму яму далі мянушку - Чубаты Рыкэ, бо Рыкэ было прозвішча ў іх сям'і.

Праз сем ці восем гадоў у каралевы аднаго суседняга каралеўства нарадзіліся дзве дачкі. Першая была прыгажэйшая за сонейка, і каралева так гэтаму радавалася, што ўсе нават спалохаліся, каб ад вялікай радасці яна зусім не страціла розум. На радзіны да каралевы прыехала тая самая чараўніца, што была пры нараджэнні Рыкэ, і, каб трошкі паменшыць каралевіну радасць, сказала, што ў маленькай прынцэсы не будзе ані кропелькі розуму і што наколькі яна будзе прыгожая, настолькі ж і дурная. Гэтыя словы вельмі засмуцілі каралеву, але неўзабаве яна засмуцілася яшчэ больш, бо другая дачка, якую яна нарадзіла, была вельмі брыдкая.

- Не бядуйце, Вашамосць, - сказала ёй чараўніца. - У вашай дачкі будуць іншыя перавагі: яна будзе такая разумная, што ніхто не заўважыць, што ёй не стае прыгажосці.

- Дай божа, - адказала каралева. - Але ці няможна даць хоць бы крышачку розуму маёй старэйшай? Яна такая прыгожая!

- На жаль, Вашамосць, з розумам я ніяк не магу ёй дапамагчы, - сказала чараўніца, - але затое, што да яе прыгажосці, я здольная зрабіць усё. І каб вас задаволіць, я падару ёй здольнасць надзяляць прыгажосцю кожнага, хто ёй спадабаецца.

Час ішоў, прынцэсы раслі, і іх вартасці большалі разам з імі. Паўсюль ішла пагалоска пра хараство старэйшай ды розум малодшай. З часам, праўда, павялічваліся і заганы дзяўчат. Малодшая на вачах рабілася ўсё больш непрыгожая, а старэйшая ўсё болей дурнела. Калі ў яе што-небудзь пыталіся, яна ці маўчала ўвогуле, ці вярзла нейкую лухту. Апроч таго яна была такая няўклюда, што не магла расставіць на камінку нават чатыры статуэткі, каб адну не пабіць, а калі піла са шклянкі, дык заўсёды палавіну вылівала на сябе.

Хоць прыгажосць і вялікае шчасце для кожнай маладой дзяўчыны, але госці ўсё-такі больш любілі быць побач з малодшай, чым са старэйшаю. Спачатку, праўда, усе кідаліся да прыгажэйшай: паглядзець на яе, палюбавацца яе прыгажосцю, але хутка вярталіся да разумнейшай, бо з ёю было прыемна гутарыць пра сама розныя рэчы. І не дзіва, што не праходзіла і чвэрці гадзіны, як побач са старэйшай нікога ўжо не было, і ўсе збіраліся вакол малодшай. Старэйшая дачка хоць і была вельмі дурная, але добра заўважала гэта і не пашкадавала б усёй сваёй прыгажосці, каб мець хоць бы палову розуму сваёй малодшай сястры. Маці-каралева была жанчына разважная, але і яна часам не магла ўтрымацца, каб не папракнуць дачку за яе бязглуздасць. А беднай прынцэсе рабілася ад гэтага так горка, што яна ўжо, здавалася, гатовая была лепей памерці.

Аднойчы, калі прынцэса пайшла ў лес, каб там на самоце пабедаваць ад свайго няшчасця, да яе падышоў нейкі чалавек. Ён быў вельмі непрыгожы і брыдкі, хоць быў апрануты ў сама раскошныя строі. Гэта быў прынц Чубаты Рыкэ. Некалі ён убачыў прынцэсін партрэт і закахаўся ў яе без памяці. І тады ён вырашыў пакінуць бацькоўскае каралеўства і на свае вочы ўбачыць прынцэсу, каб пагутарыць з ёю. Узрадаваны, што сустрэў дзяўчыну адну, ён загаварыў з ёю з усёй пашанай і ветлівасцю, на якія толькі быў здольны. Але пасля звычайных лёстак, якія кажуць у такіх выпадках, прынц заўважыў, што твар у дзяўчыны вельмі журботны. І тады ён сказаў:

- Дарагая прынцэса, я не разумею, што можа засмучаць такую чароўную дзяўчыну, як вы - бо, хоць я і магу пахваліцца, што бачыў нямала прыгажунь, але я не бачыў ніводнай, чыя прыгажосць параўналася б з вашай.

- Пан вельмі ласкавы, - адказала прынцэса і змоўкла.

- Прыгажосць настолькі каштоўная рэч, - зноў сказаў Чубаты Рыкэ, - што здольная замяніць сабою ўсё астатняе. Таго, хто яе мае, нішто, на мой розум, засмучаць не можа.

- А мне, наадварот, хацелася б лепей быць такою брыдкаю, але і такою разумнаю, як вы, - адказала прынцэса, - чым такою як я - прыгожай і такою дурною.

- Але нішто, дарагая прынцэса, гэтак не сведчыць пра розум, як думка, што яго не стае. Розум якраз у тым і ёсць, што чым больш яго маеш, тым болей думаеш, што яго мала.

- Не ведаю, - адказала прынцэса. - Я ведаю толькі, што я вельмі дурная. Гэта мяне й гняце.

- Але, прынцэса, калі толькі гэта вас засмучае, то я магу лёгка пакласці канец вашым пакутам.

- Як? - запыталася прынцэса.

- У мяне ёсць дар, - адказаў Чубаты Рыкэ, - і дзякуючы гэтаму дару я магу надзяліць сама вялікім розумам тую, каго пакахаю болей за ўсіх. А таму, што болей за ўсіх я кахаю вас, то цяпер толькі ад вас усё і залежыць. Досыць вам пагадзіцца пайсці за мяне замуж, і вы адразу зробіцеся разумнаю.

Прынцэса вельмі сумелася, пачуўшы гэтыя словы, і нічога не змагла адказаць.

- Відаць, мая прапанова вас трошкі бянтэжыць, - сказаў Чубаты Рыкэ, - і гэта не дзіўна. Але, каб вы маглі ўсё добра ўзважыць, я даю вам цэлы год.

У прынцэсы быў такі малы розум, і ёй так карцела хутчэй паразумнець, што ёй здалося, што цэлы год чакаць яна не вытрывае ніколі, і яна адразу згадзілася на прынцаву прапанову. Не паспела яна паабяцаць, што налета, роўна праз год, выйдзе за Чубатага Рыкэ замуж, як адразу адчула сябе зусім іншаю - цяпер яна вельмі лёгка магла казаць усё, што хацела, і ў яе словах адчувалася разважнасць і натуральнасць. Яна адразу павяла з Чубатым Рыкз лёгкую і далікатную размову і з такім бляскам выявіла свае новыя здольнасці, што Чубаты Рыкэ ўжо быў падумаў, ці не даў ён прынцэсе болей розуму, чым пакінуў сабе.

Калі ж прынцэса вярнулася ў палац, прыдворныя не маглі зразумець, што здарылася і чым растлумачыць такую нечаканую і незвычайную змену, бо як раней усе смяяліся з прынцэсіных бязглуздых і недарэчных думак, так цяпер усіх здзіўлялі яе дасціпныя і разумныя разважанні. Усе так гэтаму ўзрадваліся, што і сказаць немагчыма. Толькі малодшая сястра была не вельмі радая: цяпер у яе не было ранейшае перавагі над старэйшай сястрой і побач з ёю яна выглядала толькі яшчэ больш непрыгожаю.

Кароль пачаў цяпер прыслухоўвацца да меркаванняў старэйшай дачкі і часам, нават, хадзіў да яе ў пакой, каб спытаць парады. Пагалоска пра гэтую перамену хутка абляцела ўсе суседнія каралеўствы. Адусюль пачалі з'язджацца маладыя прынцы, і ўсе стараліся дамагчыся прынцэсінага кахання, усе прасілі ў яе рукі. Але ніхто не здаваўся прынцэсе сапраўды разумным. Яна ўважліва слухала кожнага, але нікому нічога не абяцала. Але аднойчы прыехаў у палац прынц, які быў такі багаты, такі дужы, такі разумны і такі прыгожы, што прынцэса не змагла не зачаравацца ім. Бацька-кароль заўважыў гэта і сказаў, што пара ўжо ёй абраць сабе жаніха: няхай ім будзе той, каго яна сама назаве. Але ж чым чалавек разумнейшы, тым цяжэй яму рашыцца ў такой складанае справе. І таму, падзякаваўшы бацьку, прынцэса папрасіла даць ёй часу падумаць.

І вось, выправіўшыся неўзабаве на шпацыр, каб паразважаць у цішы, што ёй рабіць, яна выпадкова зайшла ў той самы лес, дзе некалі спаткала Чубатага Рыкэ. Яна ішла ў глыбокім задуменні - і раптам пачула пад нагамі нейкі шоргат, быццам нехта бегаў ды мітусіўся туды-сюды пад зямлёй. Прынцэса прыслухалася ўважлівей і пачула, як нечый голас сказаў: «Гэй, нясі сюды гэты рондаль». - «Ану, падай мне той саганок», - сказаў другі. «Падкінь дроў у вогнішча», - пачуўся трэці. У тую ж хвіліну зямля расчынілася, і прынцэса ўбачыла каля самых сваіх ног агромністую кухню, у якой было поўна кухараў, кухарчукоў і сама рознай абслугі, якая гатавала стравы на нейкі святочны банкет. З кухні выйшлі чалавек дваццаць ці трыццаць, усе ў лісіных шапках і з пожагамі ў руках. Яны паселі вакол вельмі доўгага стала, што стаяў пасярод лясных прысадаў, заспявалі хвацкую песню і пачалі шпігаваць мяса.

Прынцэса вельмі здзівілася і спытала, каму яны гатуюць усе гэтыя стравы.

- О, паненка, - адказаў ёй сама важны спаміж кухараў, - мы гатуем усё гэта нашаму прынцу - Чубатаму Рыкэ, заўтра ў яго вяселле.

Прынцэса здзівілася яшчэ больш, ды раптам прыгадала, што роўна год назад, у такі самы дзень паабяцала выйсці за прынца замуж. Успомніўшы гэта, яна ледзь не самлела. Яна ж зусім забылася на сваё абяцанне: калі яна давала яго, яна была такая дурнічка, што цяпер, набыўшы дзякуючы Чубатаму Рыкэ сапраўдны розум, нават не хацела ўспамінаць пра свае ранейшыя глупствы.

Яна пайшла па лесе далей, але не паспела ступіць і трыццаці крокаў, як перад ёй узнік Чубаты Рыкэ. Ён быў у раскошным адзенні і меў вельмі ўрачысты выгляд, па якім адразу можна было здагадацца, што ён рыхтуецца да вяселля.

- Бачыце, прынцэса, - сказаў ён, - я цвёрда трымаю сваё слова, і не сумняваюся, што вы таксама прыйшлі сюды, каб выканаць сваё абяцанне. Калі вы аддасцё мне вашу руку, вы зробіце мяне найшчаслівейшым чалавекам у свеце.

- Шчыра кажучы, - адказала прынцэса, - я нічога яшчэ не вырашыла і наўрад ці змагу прыняць рашэнне, якое вы ад мяне чакаеце.

- Вы вельмі здзіўляеце мяне, прынцэса, - ледзь не крыкнуў Чубаты Рыкэ.

- Ахвотна вам веру, - сказала прынцэса. - І мне, вядома, давялося б нялёгка, каб перада мною быў чалавек неразумны і грубы. Такі ўвесь час паўтараў бы адно: «Слова прынцэсы - закон, вы павінны выйсці за мяне замуж, бо вы абяцалі». Але ж я гутару з чалавекам разумным і выхаваным і ўпэўненая, што ён зразумее прычыну. Вы памятаеце, што нават калі я была дурнічка, я не магла адважыцца пайсці за вас замуж. Як жа, па-вашаму, я магу рашыцца на гэта цяпер, калі ў мяне ёсць розум? Вы самі мне яго падаравалі, і цяпер я зрабілася яшчэ болей патрабавальная да людзей. Не, прынцу, калі вы сапраўды хацелі са мной ажаніцца, то дарма пазбавілі мяне дурасці і навучылі разбірацца ва ўсім.

- Але ж, прынцэса, - сказаў Чубаты Рыкэ, - калі вы кажаце самі, што чалавек неразумны мог бы вас папракаць, што вы не трымаеце слова, то чаму, па-вашаму, таго ж самага не магу зрабіць я? Тым больш, што гаворка ідзе пра шчасце ўсяго майго жыцця! Ці ж справядліва, каб разумны чалавек меў меней правоў, чым неразумны? І ці можаце гэта казаць вы - тая, каму так хацелася быць разумнай, ды яшчэ цяпер, калі вы атрымалі столькі розуму? Але вернемся, з вашага дазволу, да галоўнага пытання. Скажыце, ці ёсць што-небудзь яшчэ, апроч маёй выродлівасці, што вам ува мне не падабаецца? Можа, вы незадаволены маім родам, розумам, характарам ці выхаваннем?

- Ані, - азвалася прынцэса, - усё гэта мне ў вас падабаецца.

- Значыць, я змагу быць шчаслівы, - сказаў Чубаты Рыкэ, - бо вы здольная зрабіць мяне найпрыгажэйшым юнаком у свеце.

- Але ж як я магу зрабіць гэта? - здзівілася прынцэса.

- Гэта здарыцца тады, калі вы пакахаеце мяне настолькі, што вам самой захочацца, каб гэта здарылася, - адказаў Чубаты Рыкэ. - І калі вы сумняваецеся ў гэтым, дык ведайце: тая самая чараўніца, што была пры маім нараджэнні і надзяліла мяне дарам зрабіць разумнай абраную мною дзяўчыну, надзяліла дарам і вас, каб вы маглі зрабіць прыгожым чалавека, якога вы пакахаеце.

- Калі гэта праўда, - сказала прынцэса, - то я ўсім сэрцам хачу, каб вы зрабіліся найпрыгажэйшым і найпрыемнейшым прынцам у свеце. І калі ў мяне ёсць такі дар, то я ўвесь яго аддаю вам.

І не паспела прынцэса прамовіць гэтых словаў, як раптам, у яе на вачах, Чубаты Рыкэ ператварыўся ў сама прыгожага юнака, якога ёй даводзілася бачыць. Праўда, людзі кажуць, што чараўніца тут была зусім ні пры чым і ўсё гэта здарылася дзякуючы каханню: прынцэса, маўляў, адзначыўшы сталасць характару свайго каханага, яго сціпласць і добрыя якасці яго душы, а таксама вялікі розум, проста перастала заўважаць яго брыдкае цела і непрыгожы твар. Горб здаваўся ёй цяпер проста невялікай сутуласцю, якая нават надавала прынцу трошкі важнасці, а яго кульгавасць яна лічыла за пацешную звычку крыху нахіляцца пры хадзе, і гэта яе нават зачароўвала. Яго вочы, хоць і былі касавурыя, але праз гэта здаваліся ёй толькі яшчэ болей бліскучымі, дый наогул мужаву касавурасць прынцэса лічыла за адзнаку незвычайнага кахання, а ў яго тоўстым чырвоным носе ёй бачылася нешта ваяўнічае і адважнае.

Як бы там ні было, прынцэса адразу паабяцала Рыкэ выйсці за яго замуж, калі на тое будзе дазвол ейнага бацькі-караля. Калі ж кароль даведаўся, як высока яго дачка шануе Чубатага Рыкэ, пра якога ён, зрэшты, і сам чуў, як пра прынца разумнага і кемлівага, ён з радасцю згадзіўся, каб той стаў яго зяцем. На другі дзень, як і меркаваў Чубаты Рыкэ, адбылося вяселле - балазе, ён загадзя паклапаціўся загадаць, каб усё было гатова.

 

Мараль

 

Відаць адразу - гэта казка не пустая,

Яна ў праўдзівасці з жыццём зраўнацца можа,

Бо ўсё ў тым, што кахаем мы - прыгожа,

І ўсё, што мы кахаем - розум мае.

 

Другая мараль

 

Рэч некаторую, бывае,

Прырода фарбамі такімі надзяляе,

Якіх мастацтву не стварыць ніколі.

Але і хараство нам не расчуліць сэрца,

Пакуль каханне да яго не дакранецца;

А ўжо кране разок - і гэтага даволі.

 

 

Каментары

 

Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.



Пераклад: Зьміцер Колас