Шарль Пэро

Кот у ботах

Памёр адзін млынар і пакінуў сваім тром сынам толькі млын, асла ды ката. Спадчыну дзялілі нядоўга; нават суддзю з падсудкам не клікалі, бо з гэтымі, вядома, нічога не засталося б ад такога небагатага набытку. Старэйшы брат узяў сабе млын, сярэдні - асла, а малодшаму дастаўся кот.

Вельмі смуткаваў малодшы брат, што выпаў яму такі горкі лёс.

- Добра маім братам, - казаў ён. - Калі будуць жыць разам, дык і на хлеб змогуць сабе зарабіць. А я - з'ем свайго ката, зраблю з яго скуры рукавіцы, а потым - хоць ты з голаду пухні.

Пачуў Кот гэтыя словы, але выгляду не падаў. І сказаў такім разважным і сур'ёзным голасам:

- Не журыцеся, мой гаспадару, дайце мне лепей якую торбу ды купіце боты - каб мне было ў чым лазіць па кустах. А тады ўбачыце, што не такая ўжо благая вам выпала доля, як здаецца.

Хлопец, вядома, не даў Катовым словам вялікае веры. Але й не збезнадзеіўся, бо хто яго ведае, можа, і праўда, Кот дасць яму якое рады ў няшчасці. Хлопец часта бачыў, як спрытна Кот лавіў пацукоў і мышэй: то павісаў на адных лапах, то хаваўся ў муцэ ды прыкідваўся мёртвым.

Неўзабаве Кот атрымаў усё, чаго прасіў. Ён адразу хвацка нацягнуў боты, закінуў за плечы торбу і, узяўшы яе абедзвюма пярэднімі лапамі за матуз, рушыў у лес, дзе вадзілася многа трусоў. У торбу ён насыпаў вотруб'я, заечай капусты, а сам лёг на зямлі і, удаўшыся за мёртвага, пачаў чакаць, калі якое трусяня, не надта яшчэ абазнанае ва ўсякіх хітрасцях свету, залезе ў торбу, каб пачаставацца пакладзенымі туды ласункамі.

І толькі паспеў ён легчы, як адразу з радасцю ўбачыў, што нейкае легкадумнае трусяня ўжо капошыцца ў торбе. Кот, не марудзячы, зашморгнуў матуз, схапіў труса і бязлітасна яго забіў.

Горды здабычай, ён рушыў да караля і папрасіў мовіць перад ім слова. Ката пусцілі ў пакоі Яго Вялікасці. Увайшоўшы, Кот нізка пакланіўся каралю і сказаў:

- Вашамосць, гэтага труса мне даручыў паднесці вам ад свайго імя пан маркіз дэ Карабас (такое імя яму ўздумалася даць свайму гаспадару).

- Ну што ж, - адказаў кароль, - скажы свайму гаспадару, што я яму дзякую і вельмі рады яго падарунку.

Другі раз Кот схаваўся ў жыце і зноў разгарнуў сваю торбу, а калі ў яго ўлезлі дзве курапаткі, зацягнуў матуз і злавіў абедзвюх. Потым, як і труса, ён занёс курапатак да караля. Кароль прыняў падарунак ізноў з вялікім задавальненнем і загадаў даць Кату гасцінца.

Так два ці тры месяцы Кот насіў каралю дзічыну, упаляваную нібыта яго гаспадаром. І аднойчы даведаўся, што кароль са сваёю дачкой, найпрыгажэйшаю прынцэсаю ў свеце, збіраецца выправіцца на шпацыр па беразе рэчкі. Вось і кажа ён свайму гаспадару:

- Калі вы паслухаецеся маёй парады, дык будзеце шчаслівы да канца сваіх дзён. А дзеля гэтага вам трэба зрабіць адно: пайсці да рэчкі і там, дзе я пакажу, залезці ў ваду. Усё астатняе я зраблю сам.

Маркіз дэ Карабас паслухаўся Ката і зрабіў усё, як той яму нараіў, хоць, праўду кажучы, зусім не разумеў, навошта ўсё гэта трэба.

І вось сядзіць ён у вадзе, а побач якраз праязджае кароль. Тут Кот як закрычыць:

- Ратуйце! Ратуйце! Маркіз дэ Карабас топіцца!

Пачуўшы гэтыя крыкі, кароль высунуў галаву з карэты і, пазнаўшы Ката, які столькі разоў насіў яму дзічыну, адразу загадаў сваёй варце хутчэй бегчы і дапамагчы маркізу дэ Карабасу.

Пакуль небараку маркіза выцягвалі з рэчкі, Кот падышоў да карэты і сказаў каралю, што калі яго гаспадар купаўся, нечакана з'явіліся злодзеі і ўкралі ўсё яго адзенне, хоць ён, Кот, крычаў на ўсю сілу: «Трымай іх! Трымай злодзеяў!» (Адзенне ж хітрун схаваў пад вялікім каменем.)

Кароль адразу загадаў служкам пры сваім гардэробе паехаць і прывезці пану маркізу дэ Карабасу адзін з найлепшых сваіх гарнітураў. Калі маркіз апрануўся, кароль сустрэў яго вельмі ласкава. А таму, што прыгожае адзенне, якое маркізу прывезлі, вельмі яму пасавала (а ён і сам з сябе быў хлопец ладны ды зграбны), то каралеўская дачка адразу яго ўпадабала. І варта было маркізу дэ Карабасу два-тры разы зірнуць на каралеўну з пашанай і трошкі з пяшчотай, як яна закахалася ў яго без памяці.

Кароль запрасіў маркіза ў карэту, і далей яны паехалі разам. Кот вельмі радаваўся, што яго планы пачынаюць спраўджвацца. Ён пабег наперад і, убачыўшы на сенажаці сялян, якія касілі траву, сказаў ім:

- Гэй, людзі добрыя, касцы! Ведайце: калі вы не скажаце каралю, што гэтая сенажаць належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!

Кароль сапраўды спытаў у касцоў, чыю гэта сенажаць яны косяць?

- Маркіза дэ Карабаса, - адказалі яны ўсе хорам, бо Катова пагроза вельмі іх напалохала.

- У вас добрыя землі, - сказаў кароль маркізу дэ Карабасу.

- Але, Ваша Вялікасць, - адказаў маркіз. - Гэтая сенажаць кожны год дае багаты прыбытак.

А Кот усё бег наперадзе. І калі напаткаў жняцоў, сказаў ім:

- Гэй, людзі добрыя, жняцы! Ведайце: калі вы не скажаце, што ўсё гэтае жыта належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!

Кароль, які праязджаў хвілінай пазней, захацеў даведацца, чыё гэта жыта расце ўздоўж дарогі?

- Маркіза дэ Карабаса, - адказалі жняцы.

І кароль зноў парадаваўся такому адказу разам з маркізам.

А Кот усё бег наперадзе карэты і ўсім, каго ні сустракаў, паўтараў тое самае. Кароль быў вельмі ўражаны вялікім багаццем маркіза дэ Карабаса.

Нарэшце Кот прыбег у раскошны замак, дзе гаспадаром быў Людаед, найбагацейшы з усіх людаедаў у свеце, бо ўсе землі, па якіх праязджаў кароль, былі пад уладаю гэтага замка.

Кот, які загадзя паклапаціўся праведаць, хто такі гэты Людаед і што ён умее рабіць, папрасіў дазволу пагутарыць з ім. Ён сказаў, што не мог прайсці міма замка і не выказаць яго гаспадару пашаны.

Людаед прыняў яго так ветліва, як толькі можа прыняць людаед, і запрасіў садзіцца.

- Мяне запэўнівалі, - раптам сказаў яму Кот, - што вы нібыта здольны ператварацца ва ўсякіх жывёл, што вы можаце зрабіцца, напрыклад, ільвом ці сланом.

- Гэта праўда, - грубым голасам адказаў Людаед. - І каб ты мог сам убачыць і болей не сумняваўся, я зараз на тваіх вачах абярнуся ў ільва.

Кот так напалохаўся, убачыўшы перад сабой ільва, што стрымгалоў ускараскаўся аж на самы дах, хоць зрабіць гэта было цяжка, дый небяспечна, бо хадзіць у ботах па гонце вельмі нязручна.

Праз хвілінку, калі Людаед набыў свой ранейшы выгляд, Кот спусціўся з даху і прызнаўся, што леў нагнаў на яго добрага страху.

- А яшчэ мне бажыліся, - сказаў Кот, - ды ў гэта я ўжо зусім не веру, быццам вы ўмееце абарочвацца ў сама драбнюткіх звяркоў, і можаце абярнуцца, напрыклад, у пацука ці ў мыш. Але мне, прызнаюся, здаецца, што гэта абсалютна немагчыма.

- Немагчыма? - зароў Людаед. - Зараз пабачыш.

І ў тое ж імгненне ён ператварыўся ў мыш, якая забегала па падлозе. Толькі Кот яе ўбачыў, як адразу кінуўся на яе і з'еў.

Тымчасам побач якраз праязджаў кароль. Ён заўважыў раскошны людаедаў замак і захацеў паглядзець яго зблізу.

Кот пачуў грукат карэты, якая ехала па пад'ёмным мосце, выбег насустрач і сказаў каралю:

- Сардэчна запрашаем Вашу Вялікасць у замак маркіза дэ Карабаса!

- Няўжо, пане маркізе?! - крыкнуў кароль. - І гэты замак таксама ваш? Хіба можа быць штось прыгажэйшае за гэты двор і будынкі?! Калі дазволіце, хацелася б зірнуць і на вашыя пакоі.

Маркіз падаў маладой прынцэсе руку, і следам за каралём, які йшоў наперадзе, яны ўвайшлі ў вялікую залу. Там стаяў стол з дзівоснымі стравамі, прыгатаванымі Людаедам сваім сябрам, якія меліся завітаць да яго ў той самы дзень, але не адважыліся, ўбачыўшы, што ў замак прыехаў кароль.

Кароль быў зачараваны знатнасцю маркіза дэ Карабаса, а яго дачка ад кахання ледзь зусім не страціла розум. І вось, убачыўшы, што маркіз валодае такім вялікім багаццем, кароль праглынуў пяць ці шэсць кубкаў запар і прамовіў:

- А ці не хочаце вы, пане маркізе, быць мне зяцем?

З нізкім паклонам маркіз падзякаваў каралю за такі вялікі гонар і таго ж дня ажаніўся з прынцэсай. А Кот зажыў вялікім панам і болей ужо не лавіў мышэй. Хіба што зрэдку - дзеля забавы.

 

Мараль

 

Якія б ні былі выгоды

У тым, што ў спадчыну заўсёды

Сынам ад бацькі застаецца ўвесь пажытак,

Хай помняць маладыя людзі,

Што кемлівасць заўсёды будзе

Каштоўнейшая за любы прыбытак.

 

Другая мараль

 

З таго, што малады млынар

Ад мілае прынцэсы ў дар

Змог атрымаць і сэрца, і руку,

Зрабіць выснову досыць проста:

Пытанні вопраткі і ўзросту

Ў каханні маюць не маленькую вагу.

 

 

Каментары

 

Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.



Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com