epub
 
Падключыць
слоўнікі

Шарль Пэро

Малое Пальчанё

Жылі аднончы дрывасек з дрывасечыхай, і мелі яны сямёра дзяцей, ды ўсё хлопцаў. Старэйшаму было дзесяць гадоў, а малодшаму - сем. Хто-небудзь, напэўна, здзівіцца, што за такі кароткі час у дрывасека нарадзілася столькі дзяцей, але разгадка ў тым, што яго жонка добра ведала справу і штораз прыносіла яму не менш як двойню.

Людзі яны былі бедныя, і сямёра дзяцей для іх былі вялікім цяжарам, бо, вядома, малыя не ўмелі яшчэ зарабіць на хлеб. Засмучала бацькоў і тое, што меншы быў надта кволы і амаль увесь час маўчаў. Яны нават думалі, што ён крыху дурнаваты. Але за дурасць яны лічылі тое, што напраўду было адзнакай кемлівасці і развагі. Ростам хлопец быў такі маленькі, што калі нарадзіўся на свет, увогуле быў не большы за палец; таму і далі яму такую мянушку - Малое Пальчанё.

У сям'і з небаракі ўсе кпілі і, калі што здаралася, вінавацілі толькі яго. Але сярод братоў ён быў сама кемлівы і сама разумны: хоць гаварыў ён мала, затое слухаў шмат.

І вось настаў аднойчы вельмі цяжкі год, і быў такі вялікі голад, што бедныя бацькі вырашылі пазбавіцца ад сваіх дзяцей. Увечары, калі дзеці ўжо спалі, селі яны каля агню, і дрывасек з болем у сэрцы сказаў жонцы:

- Сама бачыш, не пракарміць нам нашых дзетак. Не змагу я глядзець, як яны пачнуць паміраць адно за адным з голаду. Вось я і вырашыў завесці іх заўтра ў лес ды там кінуць. Зрабіць гэта будзе няцяжка: як пачнуць яны дурэць ды забаўляцца, мы ціхутка ўцячом, і яны нічога не заўважаць.

- Ах! - крыкнула дрывасечыха. - Як ты можаш так казаць! Каб мы, сваімі рукамі, завялі ў лес ды кінулі нашых дзетак!

Дарма муж даводзіў, у якой галечы яны жывуць: жонка і слухаць яго не хацела. Хоць бедная, але ж яна была іхняя маці.

Але нарэшце, разважыўшы, як балюча будзе глядзець на бедных сыночкаў, калі яны пачнуць паміраць з голаду, кабета згадзілася з мужам і ў слязах пайшла спаць.

Усё, пра што яны гаманілі, падслухаў іх меншы сын, Малое Пальчанё. Лежачы ў ложку, ён пачуў, што бацькі гутараць пра нейкія справы і, ціхенька ўстаўшы, непрыкметна шмыгнуў пад услон, на якім сядзеў бацька. Потым гэтак жа непрыкметна ён зноў лёг у ложак, але не спаў ужо ўсю ноч, разважаючы, што рабіць.

Калі на двары пачало брацца на дзень, ён устаў, пабег да ручая і, назбіраўшы поўныя кішэні белых каменьчыкаў, вярнуўся дахаты.

Неўзабаве ўся сям'я выправілася ў дарогу. Малое Пальчанё нічога не сказаў сваім братам. Доўга яны ішлі ці не, але нарэшце зайшлі ў такі густы лес, што за дзесяць крокаў тут адзін аднаго не мог убачыць. Дрывасек пачаў сячы дровы, а дзеці збіралі галлё і складалі яго ў вязкі. Убачыўшы, што дзеці занятыя, бацька і маці неўпрыкмет адышлі ды кінуліся наўцёкі па маленькай сцяжынцы.

Калі дзеці заўважылі, што засталіся адны, яны з усяе сілы загаласілі. І толькі меншы брат, Малое Пальчанё, не плакаў: ён добра ведаў, як трэба вяртацца дадому: дарогай, пакуль яны ішлі, ён раскідваў белыя каменьчыкі, што нёс у кішэнях. Даўшы братам уволю пабедаваць, ён сказаў:

- Не бойцеся, браты. Бацька і маці кінулі нас, але я прывяду вас дадому. Хадземце за мной.

Браты пайшлі за ім, і Малое Пальчанё вывеў іх да бацькавай хаты па той самай дарозе, якою яны прыйшлі ў лес. Але хлопчыкі не адважыліся адразу ўвайсці. Яны сталі каля дзвярэй і пачалі прыслухоўвацца, пра што гамоняць бацькі.

Якраз тым часам, як дрывасек з дрывасечыхай вярнуліся з лесу, пан, якому належала вёска, прыслаў ім дзесяць экю. Ён так даўно быў ім вінен, што бедныя сяляне і не спадзяваліся ўжо, што ён іх аддасць. Але цяпер, калі яны ледзь не паміралі ад голаду, грошы ўратавалі ім жыццё. Дрывасек адразу паслаў жонку ў ятку, і яна, доўга не еўшы, накупіла мяса ажно ў тры разы болей, чым ім трэба было на дваіх. Калі яны добра падсілкаваліся, кабета сказала:

- Ах, божачкі! Дзе ж цяпер нашы бедныя дзеткі? Як бы яны добра паелі, у нас жа столькі яшчэ засталося! Гэта ты, Гіём, захацеў кінуць іх у лесе. А я казала табе: будзем потым пакутаваць. Ах, небаракі, што яны робяць цяпер у дрымучым лесе? Ах, вох, напэўна, іх ужо задралі ваўкі! І якім жа трэба быць жорсткім чалавекам, каб кінуць сваіх дзяцей!

Яна разоў дваццаць паўтарыла, што яны будуць пакутаваць і што яна гэта прадказвала, калі дрывасек нарэшце не сцярпеў і прыстрашыў жонку, што зараз паб'е, калі яна не змоўкне. Дрывасеку і так было цяжка на сэрцы, і ён, мабыць, сам дакараў сябе яшчэ болей, чым жонка, ды вельмі ўжо яна яму назаляла. У яго ж быў такі самы характар, як у большасці мужчын: ён вельмі любіў, калі жанчыны казалі слушна, але цярпець не мог, калі яны казалі слушна заўсёды.

А дрывасечыха толькі яшчэ мацней заплакала:

- Ах, божачка! Дзе ж гэта цяпер мае дзеткі, бедныя мае сыночкі!

Адзін раз яна крыкнула так гучна, што дзеці, якія стаялі каля дзвярэй, пачулі матчыны словы і разам загаласілі:

- Мы тут! Мы тут!

Маці кінулася да дзвярэй, адчыніла іх і моцна сціснула дзяцей у абдымках.

- Якая радасць, што вы зноў са мной, мілыя мае дзеткі! - сказала яна. - Вы ж, напэўна, стаміліся і вельмі галодныя. Ай-ай, П'еро, як ты ўпэцкаўся! Ану, хадзі, я цябе пачышчу.

П'еро быў старэйшы сын, і дрывасечыха любіла яго болей за іншых, таму што ён быў рыжы, як і маці.

Хлопчыкі селі да стала і пачалі ўплятаць з такім смакам, што бацька з маці нагледзецца не маглі. За вячэрай малыя расказалі бацькам, якога нацярпеліся ў лесе страху, і, расказваючы, увесь час перабівалі адно аднаго. Добрыя сяляне вельмі радаваліся, што іх дзеці зноў разам з імі, ды радасці гэтай хапіла роўна настолькі, на колькі хапіла дзесяці экю. А калі грошы скончыліся, бацькоў зноў апанаваў вялікі смутак, і яны вырашылі зноў завесці дзяцей у лес. Але каб не зрабіць памылкі другі раз, яны дамовіліся завесці іх яшчэ далей.

І ўсё ж, як ні сакрэтнічалі дрывасек з дрывасечыхай, а Малое Пальчанё, іх меншы сын, усё роўна ўсё пачуў і зноў прыдумаў, як яму выкруціцца. Рана раніцай ён устаў і хацеў быў пайсці на ручай па каменьчыкі, але нічога ў яго не выйшла: дзверы ў хаце былі зачыненыя аж на два павароты. Бедны хлопец не ведаў, што рабіць. Але за снеданнем, калі дрывасечыха дала сынам па лусце хлеба, ён вырашыў, і замест каменьчыкаў будзе кідаць паўсюль, дзе яны будуць ісці, хлебныя крошкі. З тым ён і схаваў свой кавалак у кішэню.

Бацька і маці завялі дзяцей у сама глухі і змрочны кут лесу, а самі - збочылі на кружную сцежку і ўцяклі. Але Малое Пальчанё гэта не надта засмуціла: хлопец думаў, што па хлебных крошках знайсці дарогу дадому будзе даволі лёгка. Але як ён здзівіўся, калі не знайшоў ніводнага драбочку! Усё падзяўблі лясныя птушкі.

Хлопчыкі зусім разгубіліся. Чым далей яны ішлі, тым болей блудзілі і яшчэ глыбей заходзілі ў лес. Ім здавалася, што з усіх бакоў выюць ваўкі, падкрадаючыся, каб іх з'есці. Ад страху яны маўчалі, як вады ў рот набраўшы, і баяліся нават павярнуць галаву. Раптам пайшоў моцны дождж, і малыя прамоклі аж да рубчыка. На кожным кроку яны слізгаліся, падалі ў гразь, уставалі ўсе перапэцканыя і не ведалі, куды дзець брудныя рукі.

Нарэшце Малое Пальчанё вырашыў узлезці на высокае дрэва і паглядзець, ці не відаць чаго-небудзь зверху. Ён зірнуў ва ўсе бакі і вельмі далёка, аж на самым ускрайку лесу заўважыў маленькі агеньчык. Гэта вельмі ўзрадавала яго. Ён хуценька злез з дрэва, але апынуўшыся зноў на зямлі, агеньчыка ўжо не бачыў. Гэта яго крыху засмуціла. І ўсё ж браты вырашылі пайсці ў тым кірунку, дзе, на іх думку, павінна была стаяць хатка, у якой гарэла святло. Доўга ці мала яны ішлі, ды нарэшце выйшлі на ўзлессе і тут зноў убачылі той самы агеньчык.

Яшчэ не раз яны хваляваліся, калі агеньчык раптам знікаў. А гэта здаралася кожны раз, як хлопчыкі спускаліся ў лагчыну, але неўзабаве яны падышлі да хаткі, за акном якой гарэла маленькая свечка.

Яны пастукаліся ў дзверы, і ім адчыніла кабета. Яна запыталася, што ім трэба і што яны тут робяць так позна. Малое Пальчанё сказаў, што яны бедныя дзеці, што яны заблудзіліся і ласкава просяць пусціць іх на ноч. Убачыўшы перад сабой такіх мілых дзетак, добрая жанчына заплакала.

- Ах, бедныя вы мае! - сказала яна. - Куды ж вы прыйшлі? Хіба вы не ведаеце, што тут жыве людаед, які есць дзяцей?

- А што ж нам рабіць, пані, - адказаў Малое Пальчанё, які, як і браты, аж калаціўся ад страху, - калі вы не згодзіцеся нас прытуліць, нас з'ядуць у лесе ваўкі. Дык хай ужо лепей нас з'есць людаед. Можа, вы папросіце яго, і ён пашкадуе нас?

Людаедава жонка падумала, што, можа, ёй сапраўды ўдасца схаваць дзяцей ад мужа да заўтрашняй раніцы, і ўпусціўшы іх у хату, пасадзіла грэцца каля агню, на якім людаеду на вячэру смажыўся і цэлы баран.

Калі яны крыху абагрэліся, у дзверы нехта моцна пагрукаў. Гэта вяртаўся людаед. Ягоная жонка адразу загадала хлопчыкам хутчэй лезці пад ложак, а сама пайшла адчыняць. Ледзь пераступіўшы парог, людаед спытаў, ці гатовая вячэра ды ці прынеслі віна і адразу сеў да стала. Баран, які вісеў над агнём, быў яшчэ ўвесь у крыві, але ад гэтага здаваўся людаеду яшчэ смачнейшым. Ён пачаў прынюхвацца то направа, то налева і раптам сказаў, што чуе чалавечы пах.

- Мусіць, гэта цялё, якое я толькі што разабрала, - адказала яму жонка.

- Ды якое цялё! Я кажу табе: пахне чалавечынай! - паўтарыў людаед і падазрона зірнуў на жонку. - Нешта тут не так...

З гэтымі словамі ён устаў з-за стала і пашыбаваў да ложка.

- Ага! - крыкнуў ён. - Дык вось як ты, шэльма, хацела мяне ашукаць! Не ведаю, чаму я цябе саму дагэтуль не з'еў! Тваё шчасце, што ты такая кашчавая ды старая. Але я рады, што тут такая добрая здабыча: будзе чым пачаставаць маіх прыяцеляў-людаедаў. Яны якраз павінны завітаць да мяне гэтымі днямі.

І ён аднаго за адным павыцягваў хлопцаў з-пад ложка. Напалоханыя дзеці ўкленчылі перад людаедам і пачалі прасіць у яго прабачэння, але гэта быў сама люты людаед на свеце. Ён нават не думаў літавацца і ўжо глытаў хлопчыкаў вачыма, вясёла кажучы жонцы, што з іх выйдзе смачнае рагу, калі яна прыгатуе добрую поліўку. Ён прынёс доўгі нож і пачаў яго вастрыць на вялізным брусе на вачах у бедных дзяцей. Потым, схапіўшы аднаго хлопца, ён ужо сабраўся яго зарэзаць, і тут жонка сказала яму:

- Што гэта вы надумаліся на ноч гледзячы? Ці ж заўтра часу не будзе?

- Сціхні! - адказаў людаед. - Калі я іх сёння запраўлю, дык заўтра яны будуць толькі смачнейшыя.

- Але ж у вас яшчэ столькі мяса, - сказала жонка, - і цяля, і два бараны, і палавіна парсючка!

- Ну, добра, - пагадзіўся людаед, - дай ім уволю паесці, каб не схуднелі, ды вядзі хутчэй спаць.

Добрая жанчына вельмі ўзрадавалася. Яна падала хлопчыкам смачную вячэру, але яны былі такія напалоханыя, што зусім не маглі есці. А людаед пачаў піць віно ды ўсё цешыўся, што яму цяпер ёсць чым пачаставаць сваіх сяброў.

Было ў людаеда сем маленькіх дачок. Усе яны былі таўсмаценькія ды чырванашчокія, бо, як і бацька, заўсёды елі свежае мяса. Але вочкі ў іх былі шэрыя, круглыя, насы кручкаватыя, а раты вялікія, з доўгімі, рэдкімі і вельмі вострымі зубамі. Нораў яны мелі яшчэ не надта злы, але часам ужо, здаралася, кусалі дзяцей, каб пасмактаць з іх кроў.

Дачок рана паклалі спаць, і ўсе яны ляжалі ў адным вялікім ложку, а на галаве ў кожнай была залатая карона. У пакоі быў яшчэ адзін такі самы ложак, і на ім людаедава жонка паклала спаць семярых хлопчыкаў, а сама пайшла ў спальню да мужа.

Малое Пальчанё ўбачыў, што на людаедавых дочках залатыя кароны, і, баючыся, каб людаед не перадумаў ды не прыйшоў зарэзаць яго з братамі пасярод ночы, ціхенька ўстаў, зняў з братоў начныя чапцы і надзеў іх на галовы людаедавым дочкам. А залатыя кароны надзеў на сябе і братоў, каб людаед у цемры ўсё пераблытаў і палічыў іх за сваіх дачок, а сваіх дачок - за хлопцаў, якіх збіраўся зарэзаць.

Усё ўрэшце так і выйшла: апоўначы людаед прачнуўся і пашкадаваў, што адклаў на заўтра тое, што мог бы зрабіць адразу. Ён жвава саскочыў з ложка і, схапіўшы вялізны нож, сказаў:

- Ану, паглядзім, што там робяць нашыя галубочкі. І не будзем болей адцягваць справы.

Навобмацак ён падняўся ў пакой да сваіх дачок і падышоў да ложка, на якім ляжалі хлопчыкі. З усіх братоў не спаў толькі Малое Пальчанё. Ён вельмі спалохаўся, калі людаед пачаў абмацваць яго галаву рукой. Але намацаўшы на хлопцах залатыя кароны, людаед падумаў, што гэта ягоныя дочкі, і сказаў:

- Ну і ну! Вось дык штуку я ледзь не ўпар! Відаць, сапраўды я выпіў учора лішку.

Потым ён падышоў да ложка, на якім ляжалі ягоныя дочкі, і, адчуўшы пад рукой начныя чапцы, крыкнуў:

- Ага! Вось вы дзе, шалапуты! Дык папрацуем жа ў ахвотку!

І з гэтымі словамі ён, не вагаючыся, парэзаў усіх дачок. Вельмі задаволены тым, што зрабіў, ён вярнуўся ў спальню і спакойна лёг спаць побач з жонкай.

Як толькі Малое Пальчанё пачуў, што людаед захроп, ён разбудзіў братоў і загадаў ім хутчэй апранацца і йсці за ім. Яны ціха спусціліся ў сад, пераскочылі цераз мураваную агароджу і кінуліся наўцёкі. Ад страху яны беглі ўсю ноч, самі не ведаючы куды.

А людаед прачнуўся раніцай і сказаў жонцы:

- Ідзі наверх ды прыбяры галубочкаў, што заляцелі да нас учора.

Людаедзіху вельмі здзівіла мужава дабрыня. Яна не здагадвалася, што ён меў на ўвазе, кажучы прыбраць гэтых хлопцаў. Яна думала, што ён загадвае добра ды чыста іх апрануць. Добрая кабета паднялася наверх і... аслупянела ад здзіўлення, убачыўшы, што сем яе дачушак ляжаць зарэзаныя ў крыві.

Канечне, яна адразу самлела, бо гэта першае, што робяць амаль усе жанчыны ў такіх выпадках. Тым часам людаед пачаў непакоіцца, чаму жонка, якой ён даручыў справу, так доўга корпаецца. І ён сам падняўся дапамагчы. Але як жа ён быў здзіўлены, калі ўбачыў такую жахлівую карціну!

- А што ж я нарабіў! - залямантаваў ён. - А гора мне, гора! Ну, паганцы! Вы мне заплаціце за гэта!

Ён плюхнуў жонцы ў твар цэлы збан халоднай вады і, калі яна ачулася, крыкнуў:

- Ану, цягні хутчэй мае сямімільныя боты, я павінен дагнаць гэтых шалахвостаў!

Ён кінуўся ў пагоню, але яшчэ доўга папабегаў ва ўсе бакі, пакуль натрапіў на сцяжыну, па якой ішлі бедныя хлопцы. Яны былі ўсяго за сто крокаў ад сваёй хаты, калі ўбачылі, як людаед бяжыць за імі, пераскокваючы з гары на гару і пераступаючы цераз рэчкі так лёгка, быццам гэта маленькія ручаінкі. На шчасце, зусім побач Малое Пальчанё заўважыў у скале пячору і загадаў братам схавацца. Потым ён залез туды сам і пачаў цікаваць, што будзе рабіць людаед. А людаед, дужа стаміўшыся ад доўгае беганіны (бо той, хто носіць сямімільныя боты, вельмі ад іх стамляецца), захацеў адпачыць. Выпадкова ён сеў якраз на тую самую скалу, пад якой схаваліся хлопчыкі.

Людаед вельмі знямогся і, як толькі сеў, амаль адразу заснуў. Ён так страшэнна захроп, што бедныя хлопцы спалохаліся не менш чым учора, калі ён узяў нож і хацеў іх зарэзаць. Меней за ўсіх напалохаўся Малое Пальчанё. Ён сказаў братам, каб яны, пакуль людаед моцна спіць, хуценька беглі дадому, а пра яго не турбаваліся. Яны паслухаліся яго і неўзабаве былі ўжо дома.

А Малое Пальчанё падкраўся да людаеда, ціхутка сцягнуў з яго боты і хуценька іх надзеў. Боты былі вельмі вялікія, з вельмі шырокімі халявамі. Але ж яны былі чарадзейныя, і таму маглі павялічвацца ці памяншацца залежна ад таго, хто іх надзяваў. І калі Малое Пальчанё нацягнуў іх сабе на ногі, яны зрабіліся яму ў самы раз, быццам былі на яго пашытыя. Тады ён пабег да людаедавай хаты і, убачыўшы людаедаву жонку, якая плакала над зарэзанымі дочкамі, сказаў:

- Ваш муж у страшнай небяспецы. Яго схапілі зладзеі, якія пакляліся, што заб'юць яго, калі ён не аддасць усё сваё срэбра і золата. Якраз калі яны падсунулі яму да горла нож, ён заўважыў мяне і папрасіў, каб я хутчэй бег да вас і расказаў пра ўсё, што з ім здарылася. Ён сказаў, каб вы аддалі мне ўсе каштоўнасці і каб нічога сабе не пакідалі, бо іначай яго заб'юць. Гэта трэба зрабіць як мага хутчэй. Таму ён і даў мне свае сямімільныя боты - каб я паспяшаўся і каб вы не падумалі, што я выдумляю.

Кабета вельмі напалохалася і адразу аддала Малому Пальчаню ўсё, што ў яе было. Яна шкадавала людаеда, бо хоць ён і еў маленькіх дзетак, але муж быў вельмі добры. Так Малое Пальчанё завалодаў усімі людаедавымі багаццямі і вярнуўся дадому, дзе яго ўсе чакалі і сустрэлі з вялікай радасцю.

Зрэшты, шмат хто не пагаджаецца з такім канцом гэтай гісторыі. Кажуць, што Малое Пальчанё ніколі не абкрадаў людаеда і што напраўду ён толькі і зрабіў, што зняў з яго сямімільныя боты, якія абуваў потым, толькі каб паганяцца за малымі дзецьмі. Людзі запэўніваюць, што гэта вядома ім з надзейных крыніц і нават ад самога дрывасека, бо яны бывалі ў яго ў хаце, дзе іх частавалі пітвом ды рознымі стравамі. Яны пераконваюць, што, абуўшы людаедавы боты, Малое Пальчанё пайшоў да караля, бо той вельмі непакоіўся за лёс свайго войска, якое паслаў на бітву за дзвесце міль. Кажуць, нібыта ён паабяцаў каралю, што яшчэ завідна прынясе звесткі пра войска, калі на тое будзе каралеўская воля. Кароль вельмі ўзрадаваўся і сказаў, што, калі Малое Пальчанё зробіць гэта, яму заплацяць вялікія грошы. Таго ж вечара Малое Пальчанё прынёс каралю навіны з фронту, і гэты ўчынак прынёс яму такую вядомасць, што цяпер ён мог зарабляць, колькі хацеў: кароль шчодра плаціў яму за тое, што ён насіў загады ягоным войскам, а незлічоныя паненкі не скупіліся на падарункі, каб хутчэй атрымаць вестку ад сваіх каханкаў. І трэба сказаць, што ад жанчын яму даставалася асабліва багата.

Часам, бывала, і некаторыя жонкі прасілі яго занесці ліст мужу. Але плацілі яны за гэта такую дробязь, што за яе і купіць нічога людскага не купіш. І таму Малое Пальчанё ўвогуле нават не лічыў гэта за заробак.

Працуючы пасланцам, Малое Пальчанё добра разбагацеў і, калі вяртаўся ў бацькаву хату, усе яму так радаваліся, што і сказаць немагчыма. Дзякуючы меншаму сыну ў сям'і нарэшце з'явіўся дастатак. Бацьку і братам Малое Пальчанё купіў неўзабаве тытулы ды чыны і добра ўладкаваў іх у жыцці. Дый на сябе Малое Пальчанё таксама не забыўся: ён знайшоў нявесту і, ажаніўшыся з ёю, пачаў жыць-пажываць дый гора не ведаў.

 

Мараль

 

Бадай, няма вялікага няшчасця,

Калі сыноў прыносіць жонка ў хату часта.

Каб толькі кожны быў прыгожы ды руплівы.

Але бяда, калі адзін - цяльпук:

Усе ўжо кпяць ды пазіраюць крыва...

А часам гэткі вось хлапчук

І робіць ўсю сям'ю шчаслівай.

 

 

Каментары

 

Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.



Пераклад: Зьміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com