epub
 
Падключыць
слоўнікі

Шарль Пэро

Сіняя Барада

Жыў сабе аднаго разу вельмі багаты чалавек, і былі ў яго дзівосныя палацы ў горадзе і ў вёсцы, і залаты і срэбны посуд, і мэбля ў карунках, і залачоныя карэты. Але была, на няшчасце, у гэтага чалавека сіняя барада. І такі яна давала яму брыдкі і страшны выгляд, што ўсе дзяўчаты і кабеты, як толькі ўбачаць яго, адразу ўцякалі. А ў адной знатнай пані, ягонай суседкі, былі дзве дачкі - красуні, якіх свет не бачыў. Вось і папрасіў ён гэтую паню аддаць адну дачку за яго замуж, а якую - даў самой выбіраць. Але ніводная дачка не згаджалася быць яму жонкай. Толькі перакідвалі яго адна адной, ды ніяк не адважваліся пайсці замуж за чалавека, у якога была сіняя барада. А яшчэ ім вельмі было непрыемна, што ён ужо не раз быў жанаты, а што сталася з тымі жанчынамі - ніхто не ведаў.

Каб дзяўчаты маглі пазнаёміцца з ім трошкі лепей, запрасіў іх Сіняя Барада, разам з маці і трыма-чатырма сяброўкамі ды некалькімі хлопцамі з суседзяў, у адзін свой загарадны маёнтак, дзе гасцявалі яны цэлы тыдзень. Увесь час госці толькі гулялі ці хадзілі на шпацыр, палявалі ці лавілі рыбу, ладзілі скокі, строілі банкеты ды балі. Пра сон ніхто і не думаў, і ўсе ночы госці пацяшаліся, выдумляючы розныя штукі ды жарты. Усё было так добра, што малодшай дачцэ пачало нават здавацца, быццам барада ў гаспадара не такая ўжо сіняя, дый сам ён - чалавек вельмі прыстойны. І вось па вяртанні ў горад яны адразу згулялі вяселле.

Месяцам пазней сказаў Сіняя Барада сваёй жонцы, што трэба яму па адной важнай справе без адкладу ехаць у вёску - тыдняў, прынамсі, на шэсць. І папрасіў яе не вельмі журыцца, а знайсці якую забаву: няхай, сказаў, калі захоча, пакліча сябровак, можа, паедзе з імі за горад, а галоўнае, дзе б ні была, няхай не забывае як след есці ды піці.

- А гэта вось табе ключы, - дадаў ён. - Гэтыя да дзвюх галоўных камораў, гэтыя - да залатога і срэбнага посуду, што ставяць на стол толькі на святы, гэтыя - да куфраў з залатымі і срэбнымі манетамі, гэтыя - да скрыняў з каштоўным каменнем, а гэтым можна адчыніць усе пакоі ў палацы. І вось яшчэ маленькі ключык - да каморкі на ніжнім паверсе, у самым канцы вялікага калідора. Можаш хадзіць паўсюль, усё адчыняць, але ў гэтую каморку ўваходзіць я строга забараняю. Забараняю так, што калі гэта здарыцца, ты павінна любой бяды чакаць ад майго гневу.

Жонка паабяцала выконваць усё, як было загадана, а Сіняя Барада пацалаваў яе, сеў у карэту і пакаціў.

Суседкі і сяброўкі вырашылі не чакаць, пакуль маладая гаспадыня запросіць іх у госці, а ўсе прыйшлі самі - так ім карцела паглядзець на багацці, якіх у яе, па чутках, быў повен дом. Пры мужы яны баяліся да яе прыходзіць, бо іх вельмі палохала яго сіняя барада. А цяпер усе адразу кінуліся аглядаць пакоі, каморы ды гардэробы, і чым далей, тым болей захапляліся іх хараством і багаццем. Калі ж яны зайшлі ў кладоўкі, іх захапленню зусім не стала ні краю ні берагу - чаго там толькі не было: і раскошныя дываны, і пышныя ложкі, і канапы, і шафы, і столікі, і сталы, і люстры, у якіх можна бачыць сябе з галавы да пят, - адны ў каляровых шкляных рамах, другія ў срэбных, трэція ў залачоных, і ўсе такія дзівосныя і такія прыгожыя, што такіх у жыцці ніхто ніколі не бачыў. Суседкі і сяброўкі безупынку хвалілі маладую гаспадыню і вельмі зайздросцілі яе шчасцю. А дзяўчыну зусім не цешылі ўсе гэтыя скарбы: ёй рупіла хутчэй пайсці і адчыніць каморку ўнізе, у канцы калідора.

Цікаўнасць настолькі апанавала яе, што яна і не падумала, як няветліва кідаць гасцей адных, і цішком пабегла ўніз па маленькай патаемнай лесвіцы ды так спяшалася, што ледзь галаву сабе не скруціла. Каля дзвярэй у каморку яна спынілася і раптам успомніла, што муж забараніў у яе ўваходзіць. «Ах! - падумала яна. - Будзе мне ліханька, што я не паслухалася.» Але спакуса была такая вялікая, што дзяўчына не магла ўжо яе адолець: яна ўзяла ключык і дрыготкай рукой адчыніла дзверы ў каморку.

Спачатку яна нічога не ўбачыла: у каморцы было цёмна, вокны былі зачыненыя. Але праз хвіліну яна заўважыла, што ўся падлога заліта спечанаю крывёй і ў гэтай крыві адбіваюцца целы нежывых кабет, прыкутых уздоўж муроў, - гэта былі жанчыны, з якімі Сіняя Барада спачатку жаніўся, а потым забіваў адну за адной. Яна ледзь не памерла ад жаху, і ключык, які яна ўжо выняла, выпаў у яе з рукі.

Калі ж яна нарэшце апамяталася, яна падняла ключык, зачыніла дзверы і паднялася да сябе ў пакой, каб трошкі ачуцца. Але яна была такая перапалоханая, што супакоіцца ёй ніяк не ўдавалася.

Раптам яна заўважыла, што ключык запэцкаўся ў крыві. Яна паспрабавала яго абцерці - і раз, і другі, і трэці, але кроў не адставала. Яна яго і мыла, і нават церла пяском і жвірам, а кроў усё роўна заставалася. Ключык быў чарадзейны, і адчысціць яго было немагчыма: абатрэш кроў з аднаго боку, а яна выступае з другога.

Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкі Сіняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў ліст, у якім яму паведамлялі, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсімі спосабамі старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.

Назаўтра ён папрасіў у жонкі ключы. І калі яна іх аддавала, рукі ў яе так калаціліся, што Сіняя Барада адразу здагадаўся пра ўсё, што здарылася.

- Чаму гэта, - спытаў ён, - разам з іншымі няма ключыка да каморкі?

- Я, напэўна, пакінула яго наверсе, у сябе ў пакоі на стале, - адказала яна.

- Прынясі мне яго, - сказаў Сіняя Барада, - і хутчэй.

Пасля розных адцяжак ды адгаворак, ключык давялося такі аддаваць. Сіняя Барада агледзеў яго і сказаў:

- Адкуль гэта на ключы кроў?

- Не ведаю, - адказала няшчасная жанчына і спалатнела як нежывая.

- Ты не ведаеш?! - перапытаў Сіняя Барада. - Ну, дык я ведаю! Ты хацела ўвайсці ў каморку! Што ж, добра. Ты ўвойдзеш туды - і зоймеш сваё месца побач з іншымі жанчынамі, якіх ты там бачыла.

Яна кінулася мужу ў ногі, пачала плакаць, прасіць прабачэння і, па ўсім відаць, шчыра раскайвалася, што была такая непаслухмяная. Здаецца, нават камень расчуліўся б ад маленняў такой прыгажуні. Але ў Сіняе Барады сэрца было чарсцвейшае за камень.

- Ты павінна памерці, - прамовіў ён, - і зараз жа!

- Калі ўжо я павінна памерці, - сказала жонка, гледзячы на яго вачыма, поўнымі слёз, - дык дай мне хоць трошкі часу памаліцца Богу.

- Даю табе паўчвэрткі гадзіны, - адказаў Сіняя Барада, - і ні хвіліны болей.

Калі ён пайшоў і бедная жанчына засталася адна, яна паклікала сваю сястру і сказала ёй:

- Сястра мая Ганна (а так яе звалі), прашу цябе, падыміся на вежу ды паглядзі, ці не едуць нашыя браты, яны абяцалі сёння завітаць да мяне ў госці. Калі іх убачыш, дай ім знак, каб яны паспяшаліся.

Сястра Ганна паднялася на вежу, а нябога ў вялікім смутку час ад часу гукала яе:

- Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

А сястра Ганна адказвала:

- Не відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.

Тым часам Сіняя Барада схапіў вялізны нож і крыкнуў на ўсё горла:

- Ану, спускайся хутчэй, ці зараз я сам да цябе падымуся!

- Зараз, зараз, калі ласка, яшчэ хвілінку, - адказала жонка і зноўку ледзь чутна гукнула:

- Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

А сястра Ганна адказвала:

- Не відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.

- Ану, спускайся хутчэй, - крыкнуў Сіняя Барада, - ці зараз я сам да цябе падымуся!

- Ужо іду, - адказала жонка, а сама зноў гукнула сястру. - Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

- Бачу, бачу! - адказала сястра Ганна. - Вялізны слуп пылу! Ён набліжаецца да нас...

- Ці не нашыя гэта браты?

- Ах, сястра мая, на жаль, не, гэта статак бараноў...

- Ці спусцішся ты нарэшце? - крыкнуў Сіняя Барада.

- Яшчэ адну хвілінку, - адказала жонка і зноў гукнула сястру. - Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

- Бачу, - адказала тая, - два коннікі скачуць сюды, але яны яшчэ вельмі далёка.

І праз хвіліну дадала:

- Дзякуй Богу, гэта нашыя браты! Зараз я дам ім знак, каб яны паспяшаліся.

Тут Сіняя Барада закрычаў так моцна, што ўвесь палац скалануўся. Нябога выйшла да мужа і ў слязах, з раскудлачанымі валасамі, кінулася яму ў ногі.

- Усё дарма, - сказаў Сіняя Барада. - Настаў твой смяротны час!

Ён ухапіў яе адной рукою за валасы, другой падняў свой страшны кухонны нож і ўжо мерыўся быў адсячы ёй галаву... Бедная кабета зірнула на мужа змярцвелымі вачыма і апошні раз папрасіла:

- Дай мне яшчэ хоць адно імгненне.

- Не, не! - адказаў ён. - Бог за цябе памоліцца.

Ён падняў руку і...

У гэтую хвіліну пачуўся такі моцны грукат у браму, што ад нечаканасці Сіняя Барада спыніўся. Брама не вытрымала, расчынілася, і на двор уляцелі два коннікі. Яны адразу выхапілі шпагі і кінуліся да Сіняе Барады.

Убачыўшы братоў сваёй жонкі - а з іх адзін быў драгун, а другі мушкецёр - Сіняя Барада кінуўся наўцёкі. Але браты дагналі яго раней, чым ён паспеў узбегчы на ганак. Яны працялі яго наскрозь шпагамі і кінулі паміраць. Бедная жонка Сіняе Барады была і сама ледзь жывая, у яе не было сілы нават падняцца і абняць сваіх ратаўнікоў.

Сталася так, што ў Сіняе Барады зусім не было спадкаемцаў, і ўсе яго скарбы засталіся ягонай жонцы. Адну частку мужавага багацця яна выкарыстала, каб выдаць сястру Ганну за маладога пана, які быў даўно ў яе закаханы; на другую - купіла братам капітанскія чыны, а за астатняе - сама згуляла вяселле з вельмі сумленным і добрым чалавекам, з якім хутка забылася на ўсё гора, што ёй давялося перажыць з Сіняю Барадой.

 

Мараль

 

Жанчын цікаўнасць часта спакушае,

Але нярэдка іх раскаянне чакае.

І прыкладаў таму - нямала кожны дзень.

Такі капрыз - нікчэмная патрэба:

Яго здаволіш - і знікае ён, як цень,

А вось плаціць пасля занадта доўга трэба.

 

Другая мараль

 

Жыцця не трэба ведаць дасканала

І розум не вялікі трэба мець,

Каб, прачытаўшы казку, зразумець,

Што так, бадай, спрадвеку не бывала.

Хто бачыў дзе мужоў такіх жахлівых,

Што патрабуюць ад жанчын таго, што немажліва?

Хай і раўнівы муж - таго не бачна звонку,

Бо ён заўжды імкнецца ўлашчыць сваю жонку.

І ўжо якая б ні была ў мужа барада,

Сказаць не проста, хто ў сям'і сапраўдны гаспадар.

 

 

Каментары

 

Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.



Пераклад: Зьміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com