epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Ад імя пакалення

Івану Навуменку, пісьменніку, належыць адно з пачэсных месц у сучаснай беларускай літаратуры. Выступіўшы з апавяданнямі і нарысамі ў 50-х і на пачатку 60-х гадоў, ён адразу заявіў сябе таленавіта, як выразнік думак і спадзяванняў свайго пакалення — юнакоў і дзяўчат трыццатых гадоў, мары і планы якіх перакрэсліла вайна. Яму, як і яго героям, у навальнічным 41-м споўнілася семнаццаць. Толькі што закончана сярэдняя школа. Акрылены марамі і летуценямі аб будучыні, гарачым жаданнем служыць Айчыне, хлопец збіраецца на ўступныя экзамены ў інстытут. Але на мірныя савецкія гарады і вёскі пасыпаліся фашысцкія бомбы, самалёты з чорнымі крыжамі і свастыкай свінцом палівалі дарогі, па якіх хлынулі бежанцы на ўсход. Неўзабаве ў роднае мястэчка Васілевічы прыйшлі фашысты. Настала цёмная ноч акупацыі. Камсамолец Іван Навуменка ў ліку блізкіх школьных сяброў смела становіцца на шлях падпольнай барацьбы з ненавісным ворагам. У гэтым змаганні, на вайне пад стрэхамі гартуюцца характары, праяўляюцца лепшыя душэўныя якасці звычайных хлопцаў і дзяўчат — жыхароў невялікага палескага мястэчка, юных падпольшчыкаў.

У апавяданні «Семнаццатай вясной», якое надрукавана ў 1956 годзе і дало назву першаму невялікаму зборніку, што выйшаў з друку праз год, пісьменнік вызначае кірунак сваіх творчых пошукаў. Героі апавядання — яго равеснікі, для якіх пастаў зорны час, сур’ёзны экзамен на сталасць, на жыццёвыя выпрабаванні.

Аўтару не трэба было выдумваць сваіх герояў, ён іх добра ведаў. Памяць назаўсёды зберагла, захавала ўсё выпакутаванае і перажытае ў юнацтве. Гэта і вызначыла змест, атмасферу і танальнасць першай кніжкі, пазначанай пісьменніцкай індывідуальнасцю.

Назапашана багата жыццёвага, фактычнага матэрыялу, але І. Навуменка не адразу ўзяўся за апавяданні і аповесці. Журналіст, карэспандэнт абласной газеты «Бальшавік Палесся», а затым — «Звязды», Іван Навуменка хадзіў і ездзіў па вёсках роднага краю, сустракаўся з многімі цікавымі людзьмі, былымі франтавікамі і партызанамі, якія, заваяваўшы перамогу, сталі хлебаробамі і будаўнікамі. Яны склалі жывую тканіну твораў, увайшлі ў змест са сваімі радасцямі і турботамі — жывыя людзі з жывымі чалавечымі пачуццямі і перажываннямі.

Самыя першыя апавяданні І. Навуменкі былі заўважаны чытачом, звярнулі ўвагу крытыкі. Мабыць, сакрэт хуткага прызнання твораў І. Навуменкі не толькі ў своеасаблівай, афарбаванай паэтычнасцю, мяккім лірызмам і дасціпным, цёплым гумарам манеры пісьма, але і ў тым, што аўтар прынёс сваю тэматыку, свой свет, узняўшы новыя, бадай некранутыя дагэтуль пласты ў тагачаснай беларускай прозе.

Івана Навуменку як мастака вызначае яркая вобразнасць, непадробная знітаванасць, злітнасць са сваімі героямі, летуценнікамі і рамантыкамі, адкрытымі ў сваёй прастаце, непасрэднасці і шчырасці. Іх мы бачым у наступных кніжках — «Хлопцы-равеснікі», «Верасы на выжарынах», «Таполі юнацтва», пасталелымі, духоўна пабагацелымі. Гэта, можна сказаць, рэалістычна-канкрэтны і адметны ў сваёй непаўторнасці рамантызаваны вобраз юнацтва, якое гартавалася ў гарніле вайны і з гонарам вытрымала яе выпрабаванні. Юнацкія мары і парыванні, захапленні, першае каханне як бы акрыляюць, асвятляюць раніцу жыцця — дарогу герояў да подзвігу. Узмужненне, гартаванне характару — галоўнае, што прыцягвае пісьменніка і вызначае праблематыку. У кожным са сваіх герояў аўтар знаходзіць штосьці адметнае, прывабнае, выяўляе свежыя, яркія дэталі і штрыхі, якія дапамагаюць стварыць яркі і праўдзівы партрэт пакалення, загартаванага ў падполлі і на фронце.

Ад твора да твора расце майстэрства пісьменніка, не звужаецца, а, наадварот, пашыраецца кола творчых пошукаў і моўнага жывапісу. Наглядны таму прыклад. У кнізе «Таполі юнацтва» (1966) тыя ж будні местачковага жыцця, але бачна, як яны ўскладняюцца; аўтар усё смялей выкіроўвае герояў на канфлікты і супярэчнасці, не абыходзіць цяжкасцей і выпрабаванняў, якія стаяць на іх нязведаным шляху. За кнігу «Таполі юнацтва» І. Навуменку прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі.

Вернасць абранай тэме, адданасць памяці аб мужнасці і гераізме свайго пакалення назаўсёды засталася для пісьменніка свяшчэннай крыніцай творчага абавязку і натхнення. Боль народны — і яго боль, і суровая памяць.

Пісьменніка хвалюе і сучасная тэма. Напісана нямала апавяданняў, нарысы, якія вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю і заглыбленнем у жыццё герояў. Ужо ў аповесцях «У бары на світанні», «Бульба», «Замяць жаўталісця» праявілася мастакоўскае ўменне аўтара факт рэальнага жыцця зрабіць фактам літаратуры. Мы ведаем, што аснова і гэтых твораў амаль што дакументальная, але па-мастацку пераплаўленая і прапушчаная праз сэрца аўтара. Аповесці закранаюць праблемы, якія і сёння хвалююць чытача.

Удача спадарожнічала Івану Навуменку і тады, калі пачаў пісаць для дзяцей. «Вайна каля Цітавай копанкі» — аповесць, якая вытрымала не адно выданне і перакладзеная, як і многія яго творы, на рускую і іншыя мовы народаў краіны. У шэрагу лепшых набыткаў яна стала любімым творам нашай дзетвары.

Апавяданні з’явіліся для пісьменніка подступам і разведкай для стварэння буйных, маштабных твораў аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэта вядомыя раманы «Сасна пры дарозе» (1962) і «Вецер у соснах» (1967) з задуманай трылогіі.

У рамане «Сасна пры дарозе» аўтар узбагаціў і акумуляваў, заглыбляючыся ў падзеі таго часу, усё лепшае, што было дасягнута ў жанры апавядання, асабліва вобразнасць і псіхалагізм, больш прадумана выяўлены і раскрыты жыццёвыя калізіі і варункі, аб’ёмна, па-мастацку выпісаны характары, ускладніліся ўзаемаадносіны і сувязі паміж героямі. Лірычная плынь злілася з эпічнай, ярчэй высвечаны душэўны стан і пачуцці герояў; пашырыліся абсягі жыццёвых з’яў і падзей. У творах шырокая і шматгалосая, можна сказаць, панарамная карціна народнай барацьбы супраціўлення захопнікам.

Праўдзіва і па-мастацку выразна і моцна адлюстраваны ў раманах станаўленне і развіццё партызанскага руху на Палессі. Народнае супраціўленне пад таленавітым пяром паўстае як магутная баявая і маральная сіла, выспеленая народным гневам і нянавісцю да ворагаў-акупантаў, чорныя справы якіх адчувае на сабе не адно пасляваеннае пакаленне.

Як і ў ранніх творах, пісьменнік належнае аддае моладзі, піша пра яе праўдзіва, усхвалявана, з рамантычнай захопленасцю і любасцю. Поплеч з маладымі дзейнічаюць і людзі сталыя, з жыццёвым вопытам і вытрымкай, адметнымі, самабытнымі характарамі. Дакладна і трапна акрэслены і вобразы здраднікаў-паліцаяў і карнікаў. Між іх — тып «фольксдойча» Аўгуста Крамера — адкрыццё пісьменніка; лёс і эвалюцыя Крамера прасочваецца тонка, з глыбокім веданнем чалавечай псіхалогіі.

Нягледзячы на тое, што пра партызанскі рух на Беларусі напісана нямала, Іван Навуменка сказаў сваё важкае слова, здолеў праўдзіва і пераканаўча выявіць вытокі і даследаваць усе складанасці барацьбы ў тыле ворага, стварыў яркія вобразы партызанскіх важакоў і кіраўнікоў падполля.

Паспяхова завершана аўтарская задума аб стварэнні цыкла твораў аб партызанах і падпольшчыках на Палессі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Чытачы змаглі пазнаёміцца і з трэцім, заключным раманам трылогіі — «Сорак трэці», які быў надрукаваны ў часопісе «Маладосць». Асобнай кнігай раман выйшаў з друку ў 1974 годзе.

— У новым рамане,— дзяліўся думкамі Іван Якаўлевіч — расказваецца пра ўсенародны партызанскі рух, які дасягнуў асаблівага размаху ў памятным 1943 годзе. Месца дзеяння — Прыдняпроўска-Прыпяцкае Палессе. Чытач зноў сустрэнецца з героямі, якіх ведае з папярэдніх раманаў: падпольшчыкамі Міцем Птахам, Іванам Лобікам, Міколам Цябутам, настаўніцай Мар’яй Іванаўнай. Большае мастацкае жыццё набылі вобразы камандзіраў злучэнняў Лаўрыновіча і Волаха, камандзіра групы дэсантнікаў Мазурэнкі, камбрыга Вакуленкі. У рамане дзейнічаюць і зусім новыя героі...

У апошнія гады Іван Навуменка напісаў новыя цікавыя творы: раманы «Смутак белых начэй» — пра баявыя падзеі на Ленінградскім фронце; «Летуценнік» — вяртанне ў свет юнацкіх мар і летуценняў, асэнсаванне шляху, якім крочыў чалавек з нізоў да вышыняў духоўнага развіцця і росту.

Іван Навуменка вядомы чытачу і як аўтар арыгінальных і грунтоўных даследаванняў па беларускай літаратуры. Яго пяру належаць кнігі па літаратуразнаўству «З глыбінь жыцця», «Янка Купала. Духоўны воблік героя», «Якуб Колас. Духоўны воблік героя». Доўгі час пісьменнік выкладаў беларускую літаратуру ў Белдзяржуніверсітэце імя У. І. Леніна, кіраваў кафедрай. Ён мае вучоную ступень доктара філалагічных навук, прафесар, акадэмік АН БССР. Яму прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР.

За кнігі «Янка Купала. Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» І. Я. Навуменка ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа.

І. Я. Навуменка з 1973 года — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Цяпер І. Я. Навуменка віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, выбраны старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Поспехі ў літаратуры і актыўная грамадская і навуковая дзейнасць Івана Навуменкі адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Творчасць Івана Навуменкі — адметная з’ява на ніве сучаснай савецкай літаратуры, самабытны талент пісьменніка ў зеніце росквіту і заслужанай славы.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан