epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Адрасы дарог сваіх

Гэтыя занатоўкі і накіды з блакнотаў і запісных кніжак часткова расшыфраваныя — па іх пісаліся нарысы і замалёўкі. А большасць засталіся як след карэспандэнцкіх дарог. Памяць вандровак.

 

 

28.7.1945.

Вяртанне. Мы, салдаты, едзем з Германіі дадому. З Перамогай. Уранні скончыліся дарогі Польшчы. Вось і родная зямля...

Граніцу пераехалі зусім блізка ля ракі Заходні Буг перад Брэстам. Нешырокая, ледзь блішчыць у лазняках ціхая рэчка, у засені даўганосых вербалозаў.

Арка. Паласаты слуп. Надпіс: «СССР». Плакаты. Партрэты У. І. Леніна і І. В. Сталіна, маршалаў Г. К. Жукава, К. К. Ракасоўскага.

На гэтым беразе два салдаты — пагранічнікі. Адзін ад другога крокаў на дзесяць. Вартавыя Радзімы.

Была сёмая гадзіна раніцы.

А дзевятай — спыніліся ў Кобрыне.

У той жа дзень быў «перакур» на шашы, паблізу ад чыгункі. Вакол — жытнёвае поле. Востра пахне збажына. Дзве вясковыя кабеты з сярпамі на плячах спыніліся ля дарогі, з-пад рукі глядзяць на нашы грузавікі, і мы ім махалі рукамі. Хацелася іх абдымаць — такія яны родныя, мілыя.

У зыбкім мроіве зялёны пагорак. Насып. Ля каляі салдат — шапка з сінім верхам, штык карабіна...

— Што гэта за пост такі? — пытаемся ў салдата.

Ён сцішана кажа:

— Будзе ехаць цягніком з Масквы ў Берлін, на сустрэчу з саюзнікамі, І. В. Сталін...

 

Барань, Аршанскі раён, 18.8.1946.

Мірнае жніво. Чароўныя мясціны ёсць на Аршаншчыне. Узгоркавыя палі, пералескі. У блакіце даляў — сінія лясы. У зеляніне — новыя хаты золатам адліваюць на сонцы. Велічны Дняпро аздабляе тутэйшыя палі і лугі. Срэбнымі ніткамі цягнуцца да яго безыменныя рачулкі. Дзве такія рачулкі апаясваюць вёску Барань, утвараючы зялёны астравок. За гародамі — паплавы, з лазнякамі і аерам, а далей амфітэатрам — пагоркі, пагоркі.

Калгас «Авангард». Заціхла вуліца — усе дарослыя на полі. Рахункавод Давыд Шашкоў расказвае: «Заканчваем здачу збожжа дзяржаве. Наш план — 21,5 тоны. Як быў ураджай да вайны, то гэта зусім малы план».

Калгаснікі атрымліваюць аванс — жыта і пшаніцу. На працадні.

Маладзёжная брыгада (яе ўзначальвае былы франтавік Андрэй Папкоў) на малацьбе працуе і ноччу. Для маладых — начная малацьба — вясёлая работа.

 

Пінкавічы, 25.9.1946.

Там, дзе Якуб Колас працаваў настаўнікам. У вёсцы Пінкавічы, кіламетраў дзевяць ад Пінска, купчастыя сады. Вербы, клёны — ля хат, усцяж вуліцы. Дарога зацярушана жоўтым лісцем, свежай кастрыцаю. Яна незвычайна пахне, як вымытая льняная сарочка на марозе.

На гародах, бы залатыя шаломы, сцірты. З усхліпам вуркоча малатарня.

Абоз з хлебам — для дзяржавы. На пярэдняй падводзе — камсамолка Марыя Карунчык, арганізатар абоза. Здаюць звыш плана 15 тон.

Вечар. Гутарка ў доме Фамы Пятровіча Бязручкі.

— У нашай хаце,— расказвае сівабароды гаспадар,— не раз гасцяваў Якуб Колас. Наша школа во недалёчка была. Мы, так сказаць, сябравалі. Ён любіў гутарыць з намі, мужчынамі. За гэта, мусіць, яму і даставалася ад начальства — паліцыя за ім сачыла. Хор з вясковых хлопцаў і дзяўчат ён стварыў, гутарыў з сялянамі, памагаў нам добрым, спагадлівым словам...

...Памятаюць Якуба Коласа і стары Супрон Капко, і былыя вучні Мікіта Козіч, і Мікалай Палавец.

 

Мазыр-Тураў, 14.6.1948.

На параходзе. Чэрвеньскім надвячоркам параход «Чырвонаармеец» адчаліў з прыстані і, развярнуўшыся, пайшоў насустрач цячэнню Прыпяці. Рака ўжо ўвайшла ў берагі, але хвалі яе плешчуцца ў ледзь прыкметных лазняках; далей, у плёсах, прывідамі чарнеюць асілкі-дубы.

Неба і рака мяняюцца ўвачавідкі. Пачарнеў лес на даляглядзе. Сонца раптоўна знікла за дубамі, і вада і параход нагадвалі спачатку чыстае золата, а пасля зрабілася ўсё чырвонае. Параход віхляў па рацэ, відаць, капітан баяўся, каб не наскочыць на мель. А берагі вакол высокія, як абрушаныя горы...

— Глядзі, круцізна якая! — чуецца на палубе.

— Ого, брат, Прыпяць — мудрая рака,— кажа загарэлы хлопец у выцвілай гімнасцёрцы.— Яна нібы ўцякала ад некага, што ні крок, то паваротка...

...Увечары ўліў густы, цёплы дождж. Буйныя кроплі секлі па абшыўцы парахода, скакалі па палубе, і сюды, у салончык, даносіліся цяжкія, глухія ўсхліпы ракі, нібы нехта шаптаўся ў разбуджаных чаротах...

Ноч брала сваё. То тут, то там чулася храпенне — пад аднастайны пошум дажджу смачна спалася.

У Петрыкаве доўга стаяў параход.

У салон набіліся скопам хлопцы і дзяўчаты, і адразу ўсё вакол заварушылася, загаманіла:

— Не бядуй, Маня!..

— Дзеўкі, сюды, тут месца е...

— Ай, адчапіса ты, Коля...

Хлопцы і дзяўчаты гэтыя едуць па накіраванню камсамола на будаўніцтва вузкакалейкі Тураў — Лельчыцы.

 

Вілейка, 20.10.1949.

Новыя калгасы. У вёсцы Бароўцы арганізатарамі калгаса сталі камсамольцы — 17 чалавек. Першым заяву падаў Іван Клімовіч (сакратар камсамольскай арганізацыі). Ён на камсамольскім сходзе сказаў: «Жыць так далей нельга. Наша зямля неўрадлівая, зрэзана межамі. Ад спрадвечнай беднасці ёсць адно збавенне — калгас. Са згоды сваёй сям’і падпісваю заяву...» Услед за сакратаром заявы падалі камсамольцы Рыгор Капцюх і Зоня Бяроза.

Калгасу прысвоена імя ХІ з’езда ВЛКСМ. Пад вясну ўступілі ў калгас 67 сем’яў.

Па прыкладу Бароўцаў на шлях калектыўнага жыцця сталі сяляне суседняй вёскі Урэчча. Аднымі з першых — сем’і камсамольцаў. Назвалі сельскагаспадарчую арцель «Маладая гвардыя». Першаму маладому калгасу — хутка год, а яго суседу — паўгода. Створаны камсамольскія звенні высокага ўраджаю.

 

Чэрвень, 20.4.1950.

Расказ упаўнаважанага ў вёсцы.

— Было гэта адразу пасля вайны. Лясная вёска. Невялікая. Як хутарок. Зайшлі да аднаго гаспадара. У хаце цёмна, як у ёўні. Дзеці зіркаюць вачанятамі з запечка. Каля печы тупае гаспадыня. Сам гаспадар зарослы — твар у густой шчэці,— пахмуры, злосна глядзіць спадылба.

Мы звяртаемся да яго:

— Іван Сідаравіч, чаму на работу не ідзяце? Людзі ж працуюць, а вы зусім адцураліся ад калгаса...

Гаспадар паглядзеў на нас нядобра, патрубіў носам, у вачах заскакалі зелянкавыя іскрынкі:

— Ну і дзівакі ж вы, начальнікі. Не ведаеце хіба?..

— Чаму ўсё ж?..

— Як бо самі не знаеце. Мне ж там трэба працаваць, сілу траціць. Найперш трэба чыгунок бульбы з’есці. А ў мяне яе мала... А зарабіць, як ведаеце, я нічога не зараблю. Вось і памяркуйце самі, як тут быць. Вы ж людзі з розумам, з галавою, канечне...

— А ўсё ж, Сідаравіч, гэтая ваша філасофія — лайдачая. На працу пойдзеце, то і бульба і да бульбы нешта будзе...

Сідаравіч сумеўся, апусціў галаву.

— Хопіць табе ўжо, гора маё няшчаснае,— загрымела качэргамі жонка.— Збірайся на работу!..

 

Ваўкавыск, 23.8.1955.

Інструктар райкома камсамола Андрэй Калечыц. Актывіст, скончыў сярэднюю школу ў Ваўкавыску. Бацька яго — чыгуначнік, маці — калгасніца. Андрэй расказвае пра свае першыя крокі: «Прыеду я ў калгас. Да прыкладу, сход падрыхтаваць. Якія пытанні сёння галоўныя? Раімся з камсамольскім сакратаром, потым ідзём да парторга, ён і памагае нам».

У зоне А. Калечыца — ва ўсіх калгасах створаны камсамольскія арганізацыі. Інструктара сустракаюць як друга і дарадчыка. Інструктар на правільным шляху: «Каб вучыць другіх, трэба шмат ведаць самому».

 

Смаргонь, 20.10.1955.

Залескія вечарынкі. Залескі сельскі клуб, якім кіруе энтузіяст сваёй справы Уладзімір Сурмач, добра наладзіў мастацкую самадзейнасць. У хоры багата вясковых дзяўчат, ёсць і жанчыны. Звеннявая Вера Алешка, калгасніцы Галіна Арочка і Ганна Мейсак, настаўніца Зося Ліс, яе муж камбайнёр Якаў Дудко, чыгуначніцы Алена Нагель і Марыя Яблонская — актывісты мастацкага калектыву. Кіруе камсамолка Іра Дудко. Вельмі хваляць баяністаў, іх два — Мікола Баран і Іван Навумчык. Гэта ад іх пайшла ў свет песня «Ой, ляцелі гусі з броду», якую тут апрацавалі і пачалі спяваць са сцэны.

Калі мы гутарылі з Ул. Сурмачом, то ён прызнаўся, што любіць паэзію, і нечакана прачытаў на памяць:

«...Н не знать, что от счастья и славы

Безнадежно дряхлеют сердца».

«Хто гэта напісаў?» — спытаўся ён. Я сказаў, што не помню, а ён пераможна прамовіў: «Аляксандр Блок».

 

Мазыр, 22.1.1956.

Кімберава (каля Мазыра), дзіцячы дом. «Дом над Прыпяццю» (для загалоўка). Дырэктар — добры агранізатар— Ірына Аляксандраўна Пушкарчук. У дзіцячым доме — сталярня, швейная майстэрня. Гурткі юннатаў, юных жывёлаводаў. Ёсць удзельнікі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Кіруе гуртком юннатаў былая выхаванка Ніна Міхайлаўна Бандарэнка. Медалі на выстаўцы атрымалі Галя Галіцкая, Сцяпан Драка, Каця Шаўчэнка, Іван Мінін.

У дзетдоме ўдзяляецца вялікая ўвага музычнаму выхаванню (баян, скрыпка, піяніна). Адзін з лепшых танцораў Коля Трубяцкой («Князь») — цыганок. У дзетдоме быў і Варанцоў («Граф»). Цяпер у яго знайшлася маці, забрала дадому.

«Князь» Трубяцкой, кучаравы, з агністымі цёмнымі вачанятамі хлопчык-прыгажун, гаворыць: «Можа, буду будаўніком, як падрасту, можа, настаўнікам стану...»

 

Нароўля, 18.2.1956.

Карпаўна. У гарадку Нароўля, па вул. Камуністычнай, № 21, жыве настаўніца хіміі Аляксандра Карпаўна Дзямідчык, былая партызанка-разведчыца з атрада Героя Савецкага Саюза Каўпака.

Як пачалася вайна, А. К. Дзямідчык жыла ў в. Махаеды. Яна стала партызанскай сувязной. Вясной 1943 года пайшла ў атрад, была разведчыцай. Па заданню партызан хадзіла ў Хойнікі, за 30 кіламетраў, дзе стаяла славацкая часць, з пісьмом да падпалкоўніка Іозефа Гусара. Дабілася з ім сустрэчы.

— Што вам трэба ад мяне? — спытаў падпалкоўнік.

— Зрабіце так, як робяць лепшыя сыны вашай радзімы,— і Карпаўна падала падпалкоўніку пісьмо ад партызан.

— А вы ведаеце, што я вас за гэта расстраляю?

— Ведала яшчэ тады, калі атрымала заданне аднесці вам пісьмо.

...Карпаўна выканала яшчэ не адно баявое заданне. Прайшла тысячу кіламетраў, удзельнічала ў многіх баях.

У школе, дзе Аляксандра Карпаўна дырэктарам ужо больш дзесяці гадоў, рыхтуецца дастойная змена бацькам: растуць будучыя паляводы, механізатары, жывёлаводы. Пяцьдзесят юнакоў і дзяўчат займаюцца ў тэхнічных гуртках.

 

Скідэль, 24.7.1956.

Канікулы ў Зарэччы. Вёска ўся як прапахла агурэчнікам і кропам.

— Як ідуць канікулы?

— Дапамагаем калгасу...

У школе расказалі, што на лета створана брыгада старшакласнікаў. Перад гэтым на занятках вучні знаёміліся з машынамі — трактарамі, аўтамабілем, вучыліся вадзіць камбайн.

 

Гарадзішча, 27.3.1956.

Кісялі, Вялікае сяло, Станкевічы... Гэта калгас «Прагрэс».

Камсамольцы садзяць сады, азеляняюць вуліцы, дарогі.

Адзін дзядзька свае адносіны да гэтай справы выказаў так: «Канечне, мы стараемся, робім усё, каб жылося лепей заўтра, для будучыні. З году ў год чакаем гэтага лепшага. Можа, і не дачакаемся. Веру, што дачакаемся». І дадаў: «Запішыце маё прозвішча — Якуб Дубешка».

 

17.12.1956.

Сустрэча былых выпускнікоў першай школы-камуны. Нараду адкрыў міністр асветы БССР І. М. Ільюшын. Выступалі:

Гутараў І. В. «...Гэта была не толькі рамантыка, паэзія. Гэта была добрая, карысная справа».

Ляпяшынская В. П. «...Помню, як у школу, якую арганізаваў мой бацька Панцеляймон Мікалаевіч у Літвінавічах, прыйшоў хлапчук гадоў сямі ў доўгім салдацкім шынялі і сказаў: «Я хачу вучыцца». А бацька ўзяў яго на рукі і сказаў: «Сябры, а можа, гэта будучы Ленін!..»

Яшчэ такі эпізод. Калі гэтыя беспрытульныя і вясковыя хлапчукі селі за стол у сваёй школьнай сталоўцы, адзін бойкі хлапчук узяў у рукі лыжку, акінуў позіркам вучняў і крыкнуў: «Браткі! Ды гэта ж у нас камуна!» І ўсе закрычалі: «Ура!»

А перад гэтым нам гаварылі ў Літвінавічах: «Убірайцеся, інакш мы вас пазабіваем, а школу спалім». Настаўнікі з вінтоўкамі хадзілі вакол нашых двух будынкаў кожную ноч».

Пра гэта і расказваў А. С. Дубкоў — дацэнт Маскоўскага медінстытута.

— Быў у нас, у Лемені,— сказаў у сваім выступленні кампазітар І. І. Любан,— конюх. Ён заўсёды стараўся быць інтэлігентным чалавекам. Ён запомніўся мне фразай: «Этот вопрос надо отрегулировать...» За нядобрасумленнасць мы праз год яго самога «отрегулировали»...

 

Іванаўскі раён, 27.4.1957.

Над Ясельдай. Вялікае сяло Моладава.

Тут актывісты абарончай работы — камсамольцы. Між іх — Васіль Палійчук, Васіль Алейнік, Максім Міранюк, Іван Шыкель, Барыс Дарагакупец (сакратар камсамольскай арганізацыі), Фёдар Кулікоўскі...

Праводзяцца спаборніцтвы плыўцоў, матагонкі, паходы. Былі экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць, у Кобрынскі музей Суворава.

 

Браслаў, 14.5.1957.

Феакцістаўна — старшыня. Калгас імя Панамарэнкі (в. Баруны). Ульяна Феакцістаўна Крышталевіч старшынёй працуе з 22 красавіка 1955 г. «Людзі тыя ж, а справы змяніліся, працуюць людзі па-новаму,— гаворыць брыгадзір Іван Хралан.— Бо старшыня — лёгкая на пад’ём. Сапраўдная бальшавіцкая чэснасць — галоўная якасць старшыні. Яна маладая, але называем мы яе ўсе — Феакцістаўна...»

А адна жанчына сказала (таксама пра старшыню Ульяну Крышталевіч): «От добра, што ты не хочаш спаць. А мы, старыя, дык плюшчымся і плюшчымся ўсё...»

— Было спачатку,— кажа Ульяна Феакцістаўна,— не ішлі на работу. Скажам, ёсць чалавек у нас, Альфонс Іосіфавіч — усё хварэў, увільваў ад нарадаў, амаль штодня ездзіў у раён па даведкі ад урача, а цяпер сам просіцца: «Брыгадзір, што абмінаеш маю хату, нешта работы мне не даеш...»

Хутары ж пачалі ссяляцца. Запланаваны новы пасёлак — цэнтр калгаса. У. Крышталевіч гаворыць: «Прыязджайце гадоў праз пяць — не пазнаеце Баруны»,— яна паказвае месца, дзе будуць новыя вуліцы, калгасныя пабудовы. Яшчэ трэба ссяліць 140 сем’яў з хутароў.

Жыццёвыя дробязі. Ляснік М. І. Губанаў скардзіцца, што цягнуць з лесу жэрдзе — на громаадводы... «Правільна,— кажа старшыня,— нават пажадана, каб у вёсцы было 5—6 громаадводаў. Трэба!» Максім Іванавіч — ляснік, малога росту чалавек, бародка клінком, светлыя жывыя вочкі,— не згаджаецца: «Гэтак увесь лясок лясне!..» Старшыня настойвае: «Паставіць громаадводы за кошт калгаса».

Бацька Ульяны — Феакціст Каралінскі (гэта па мужу яна Крышталевіч) за панамі рабіў дранку, шчапу. Сям’я жыла бедна. Бацька — падпольшчык. Рабілі ўсе на кулака Брэля ў вёсцы Зачарэўе (пад Міёрамі).

Ульяна Феакцістаўна — партызанка. З 1942 г.— сувязная партызанскага атрада імя Жданава. З зімы 1943 года — партызанка атрада імя Катоўскага. Ёй прапаноўвалі — поварам на кухні. Яна сказала: «Толькі туды, дзе ваююць». Ваявала ў падрыўной групе. Удзельнічала ў баявых аперацыях, у падрыве эшалонаў. Узнагарода — медаль «За адвагу».

Хадзіла ў разведку. Сярод белага дня, вясною, з букетам чаромхі прабілася навідавоку ў немцаў і паліцаяў у вёску Стара-Рагава (на мяжы з Латвіяй) да сувязнога-чыгуначніка. А ў букеце — граната з запалам.

Ульяна Крышталевіч — сакратар райкома камсамола, потым намеснік старшыні райвыканкома, старшыня раённай планавай камісіі. Узнагароды — ордэн Леніна, медаль «За працоўную адзнаку».

 

* * *

Ульяна Феакцістаўна Крышталевіч доўгі час працавала першым сакратаром Міёрскага райкома партыі. Яна — Герой Сацыялістычнай Працы.

 

Шуміліна, 15.9.1957.

Обальскія падпольшчыкі. У Обалі па прапанове камісара партызанскага атрада імя Варашылава Б. Маркіянава з 1942 года дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя. Кіраўніком яе была Фруза Зянькова, камсамолка з вёскі Ушалы. Фруза пазнаёмілася з Марыяй Дзяменцевай (ёй тады было 16 гадоў, камсамолка) з в. Масцішча. Неўзабаве прынялі ў арганізацыю Ул. Езавітава— в. Зуі. Збіраліся ля Ушалаўскага маяка. Лясок. Тады прынялі Ілью Езавітава, Марыю Лузгіну, Ніну Азоліну... У імшарах падпольшчыкі прынялі партызанскую прысягу ля кастра.

Баявыя справы. Ф. Зянькова прынесла ў бітончыку для малака тры міны «МЗД». Ніна Азоліна мелася падарваць вадакачку ў Обалі, на станцыі. Уладзімір Езавітаў здабыў радыёпрыёмнік, прымаў савецкія зводкі. Ул. Езавітаў прабраўся да машыны, падклаў міну зондэркаменданту, які прыехаў з Віцебска ў Обаль. У 1943 годзе — узрыў ільнозавода (Ілья Езавітаў, Зіна Лузгіна, Ніна Азоліна і інш.). Мікалай Аляксееў (працаваў на станцыі) падклаў міну пад цыстэрну з гаручым.

26 жніўня 1943 г. гітлераўцы акружылі Обаль, Зуі, Ушалы, Масцішча — схапілі большасць падпольшчыкаў. 5 лістапада 1943 г. у Полацку фашысты расстралялі юных падпольшчыкаў (у іх ліку і юная ленінградская школьніца Зіна Партнова. На допыце схапіла рэвальвер са стала і забіла капітана Краўзе). Разам з юнымі героямі была расстраляна і маці Фрузы — Марфа Аляксандраўна.

На сустрэчу з камсамольцамі-падпольшчыкамі часта хадзіла Наталля Герман (сакратар падпольнага райкома камсамола. Жыве ў Шуміліне).

 

* * *

Ф. С. Зянькова — Герой Савецкага Саюза. Жыла і працавала ў Віцебску. Памерла ў 1985 годзе.

Званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена і Зіне Партновай (пасмяротна).

 

10.1.1958.

Рыбіцкая трагедыя. З расказа партызана 3-й Мінскай партызанскай брыгады Хведара Бачылы (узнагароджаны ордэнам Леніна). «Калі партызаны 17 студзеня 1943 г. напалі на гарнізон у Дукоры, спалілі там казарму, перабілі немцаў і паліцэйскіх, пасля немцы лютавалі ў навакольных вёсках, асабліва паблізу чыгункі. Той зімою расстралялі партызанскую сям’ю — Фёдара Сачка з Зазеркі. А вёску Рыбцы спалілі дашчэнту. 260 жыхароў спалілі, па-зверску расстрэльвалі, забівалі. Не шкадавалі ні старых, ні дзяцей. Да партызан прыбегла адна жанчына з Рыбцоў — Моця Каспяровіч, якой пашчасціла ўратавацца.

Яна расказала, што як заскочылі да яе ў хату карнікі, трымала на руках дзіця. Карнік адразу з аўтамата даў чаргу. Яна ўпала з дзіцем, а другое — сямігадовы хлопчык быў пры ёй, таксама быў скошаны кулямі. Другі кінуўся да печы — там была бабуля, яе таксама забілі. І ўжо загарэлася хата. Ачнуўшыся, Моця вынесла мёртвых дзяцей з пажару, старую маці. На гародзе разгрэбла лапатай снег і прысыпала мёртвых... А сама, не памятаючы нічога, пабегла далей, ад пажару. Апамяталася ўжо ў лесе, уся была ў крыві...

— Моця Каспяровіч бадай адна выжыла з рыбіцкай той трагедыі. Жывая сведка таго, што тварылі тады, зімою 1943 года, немцы на Рудзеншчыне. Потым, калі мяне параніла,— закончыў Хведар Бачыла,— яна і мяне даглядала, лячыла...»

 

Любань, 7.2.1958.

З мінулага. Першы сакратар Любанскага райкома партыі Ц. Д. Анісімаў (адзін з арганізатараў камуны імя ЧБВА) расказвае: «Уся зямля, дзе паляшук здабываў сабе хлеб,— гэта пасчаныя астраўкі, выспачкі сярод дрыгвяністых балот. Вёскі былі невялікія, бедныя, курныя хаткі. Вакол камуны былі: Кузьмічы, Сярэдзібор, Убібацкі, Гарадзяцічы, Загалле...

...У 1927 г. у Вялікіх Гарадзяцічах паявілася аўтамашына. Сяляне парашылі ёй выкалаць вочы: ноччу разбілі фары, і калі раніцай яна ўсё ж пайшла, кінуліся на калені і пачалі маліцца...

...Палешукі думалі, што соль расце на астраўках, і рассыпалі яе там, каб расла».

 

Чэрыкаў, 3.11.1958.

Сямейная рэліквія. Расказвае стары Аніс Мохаў з-пад Слаўгарада, з вёскі Прудок. З самаробным чамаданам дзед Аніс выправіў у свет пяцярых сыноў і чатырох дачок. Як збяруцца яны, бывае, праўда, рэдка, то тут і настаўнік, і ўрач, і інжынер, і афіцэр, і механізатар... Тады стары Аніс уносіць з вышак парэпаны, абшмараваны куфэрак — самаробны, з габляваных шалёвак, на ім яшчэ свае работы металічныя навугольнічкі, і хітра жмурыцца, усміхаецца.

— Во, глядзіце, начальнікі,— кажа з нейкім намёкам дзед Аніс да сваіх мужчын.— Ета ваш скарб... У ім, у етым чумайдане, ваша ўсё багацце...

Успамінае стары, як яго самы меншы — Віктар збіраўся ў Магілёў пасля заканчэння школы-дзесяцігодкі. Усё касавурыўся на бацьку, калі той унёс у хату запыленую і прапахлую вільгаццю скрыначку. Бацька адразу разгадаў, чаму сын спахмурнеў.

— Ага, ты не хочаш, відно, і вучыцца, калі саромеешся бацькавага дарунка. Тады не паедзеш, калі ты етакі порсткі. Не паедзеш, будзеш, як усе добрыя людзі, у сваёй вёсцы, на бацькавым карані!..

...Як там ні было, але Віктар застаўся ў Прудку, быў спачатку за прычэпшчыка ў аднаго старога трактарыста, тады павучыўся на курсах і ўжо колькі год, як змяніў свайго настаўніка, і жыве, дай божа, не горш, як яго браты і сёстры, што параз’язджаліся па вялікіх і малых гарадах. Як збяруцца, то яшчэ і зайздросцяць Віктару-хлебніку, як яго называе дзед Аніс.

 

Краснаполле, 29.3.1959.

Землякі. У рэдакцыі раённай газеты «Чырвоны сцяг». Прачытаў новы верш А. Пысіна, прысвечаны землякам.

 

Магілёўскі наш край... Мілы кут.

Гмахі фабрык. Дарогі лясныя.

Беларусь... І вось побач жа тут,

За Дняпром, наша маці — Расія.

 

Яшчэ некалькі прозвішчаў краснапальчан: Аляксандр Грубэ — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, скульптар;

Апанас Шамянкоў — генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза, удзельнік баёў за Віслу;

Майсей Вертліб — начальнік Краснапольскай міліцыі, упанаўважаны Гомельскага губчэка ў гады грамадзянскай вайны, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга;

Пётр Верам’ёў — баец Першай Коннай арміі, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга;

Якаў Зевін — адзін з 26-ці бакінскіх камісараў;

Міхаіл Курака — выдатны вучоны, славуты доменшчык Расіі;

Мікола Ткачоў — пісьменнік;

Сяргей Анісаў — журналіст, удзельнік рэвалюцыйнага падполля ў Заходняй Беларусі;

Васіль Шашалевіч — драматург, аўтар п’ес «Воўчыя ночы», «Сімфонія гневу»;

Антон Зорскі — вядомы журналіст 30-х гадоў;

Ніна Зорская — кінаактрыса;

Марыя Пахоменка — вядомая спявачка;

Ісак Чэчыкаў — калгаснік з вёскі Казельская Буда, які ў сакавіку 1944 года ўнёс 25 000 рублёў на будаўніцтва танкавай калоны «Калгаснік Магілёўшчыны»...

 

Маладзечна, 23.12.59.

Заскавічы. Калгас «Светлы шлях». Сустрэча з маладым старшынёй калгаса Уладзімірам Калачыкам. Нядаўна працаваў у райкоме камсамола. Вучыцца ў сельскагаспадарчай акадэміі.

— Зямля тутэйшая благая,— расказвае Уладзімір Міхайлавіч.— Усюды — і ў Заскавічах, і ў Мароськах, і ў Турцы-Баярах — пясочак, падзолы... Хмызнякі, каменне. Людзі жылі бедна, не мелі як дацягнуць да новага хлеба. Цяпер, пры калгасным ладзе, узяліся за ўраджайнасць. Далі зямлі ўгнаенні, агратэхніку, і яна стала сялянскай карміцелькаю, і людзі акрыялі, адчулі радасць ад працы на зямлі...

Ураджайнасць збожжа—17—18 цэнтнераў, ільнавалакна і семя — 4,5 цэнтнераў, бульбы — 100 цэнтнераў.

Праводзіцца шырока падсеў траў, лубіну.

На рашаючыя ўчасткі вытворчасці ставяцца камсамольцы — маладая сіла, будучыня вёскі.

Монід Пятро — брыгадзір, Бобрык Ірына — звеннявая, Антаніна Сырай, Ксеня Бельская — даяркі, Якаў Сырай, Генадзь Рак — трактарысты.

Да новага года ва ўсіх сямі паселішчах калгаса загарыцца электрыка. Лінія амаль што гатова!

— Вось на гэтым месцы будзем будаваць клуб,— радуецца малады старшыня.— Тут — новы цэнтр будзе. За два гады сселім усе хутары.

У Заскавічах засталася яшчэ аднаасобніца — бабка Бачыха.

 

* * *

Калгас «Светлы шлях» — адна з лепшых гаспадарак у рэспубліцы. Яе старшыня У. М. Калачык — Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.

 

Хойнікі, 18.5.1960.

Грушавая замець. Старыя, у два абхваты грушы з бела-ружовымі шапкамі над стрэхамі хат і дамоў. Іх многа, амаль на кожнай сядзібе на цэнтральнай вуліцы з рыпучымі драўлянымі тратуарамі. Пялёсткі грушавага цвету скрозь бялеюць — і па тратуары, і ў паветры. Стаіць ап'яняючы водар... Усе стрэхі зацярушаны пялёсткамі, як снегам.

Дзіўна, а коні пудзяцца пры сустрэчы з аўтамашынамі ў гарадку.

 

Кіраўскі раён, 9—15.3.1961.

Калгас «Рассвет». На ганку блакітнага дамка — кантора праўлення — мы сустрэлі старшыню — Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы Кірылу Пракопавіча Арлоўскага. У чорным кажуху наросхрыст, з-пад кажуха — каўнер цёмнай касавароткі; шапка-вушанка набакір, на нагах валёнкі. Мы прыехалі з мастаком Янкам Раманоўскі, які ўвосень адпачываў разам з Кірылам Пракопавічам у Цхалтуба, і той запрасіў пагасціць.

Павітаўшыся, старшыня павёў нас у пакой, дзе за перагародкай працавалі рахункавыя работнікі. Да аднаго з іх звярнуўся, каб выпісаў нам прадукты, і пажартаваў:

— Гэта наш галоўны Іван Фаміч Бяляўскі. Ашчадны чалавек: капейку калгасную дарма не растраціць...

...Мы пасяліліся ў яшчэ неабжытай калгаснай гасцініцы і жылі цэлы тыдзень і мелі мажлівасць пазнаёміцца з гаспадаркай і людзьмі «Рассвета». Прысутнічалі на тых ранішніх нарадах, якія Арлоўскі праводзіў кожны дзень а шостай гадзіне раніцы, завёўшы іх з першага года старшынёўства.

Былі на фермах. У калгасе — 470 кароў. Пародзістыя — кастрамічкі. На адкорме 1360 бычкоў. Надой на кожную карову за 1960 год склаў 3115 кг. Абавязацельства на 1961 год — 3500 кг.

Тут многія пасля школы ідуць на працу ў жывёлагадоўлю, на паляводства. Валя Юшкевіч, напрыклад, ужо адна з лепшых даглядчыц свіней. Вучаніца Героя Сацыялістычнай Працы Хрысціны Міхалёвай, якая атрымала ў 1960 годзе ад кожнае свінаматкі па 28 парасят. У Хрысціны ёсць яшчэ адна маладая напарніца, нядаўняя выпускніца сярэдняй школы — Галя Русанава. Працуе самастойна.

Быў справаздачна-выбарчы сход. К. П. Арлоўскага выбіралі старшынёю ў 17-ты раз.

— Пісьмовага даклада няма,— сказаў Кірыла Пракопавіч, падышоў да трыбуны ў святочным гарнітуры, пры ўзнагародах. Зала была поўная людзей, яблыку не ўпасці.— Дазвольце адчытацца сваімі словамі. Сямігодку мы сваю выканаем за чатыры гады. Гэты год быў у нас годам вялікага росту гаспадаркі, усіх яе галін...

Расказваючы пра поспехі і здабыткі справаздачнага года, К. П. Арлоўскі зазначыў:

— Дагэтуль у нас не было ясляў. Гэта ж ганьба. Трэба адкрыць. Трэба, каб была і добрая сталоўка. І клуб каб лепшы быў. Мы пабагацелі, таму і жыць павінны культурна...

Сакратар парткома А. А. Нікіценка выступіў у спрэчках:

— Яшчэ ў нас не ўведзена механічнае даенне. Трэба хутчэй укараняць механізацыю. Проста з нас будуць смяяцца, дазнаўшыся, што ў «Рассвеце» кароў дояць рукамі.

Выступіў на сходзе пастух М. Юшкевіч.

— Усяму свету вядомы наш калгас,— сказаў ён.— А і ў нас ёсць, як той казаў, яшчэ недахопы. Я пра тое, што брыгадзіры, члены праўлення толькі ходзяць за старшынёй, слухаюць, што ён ім скажа, а самі не варушацца, не праяўляюцца як гаспадары на сваім месцы...

Калі зацвярджалі новы каштарыс, які прапанаваў галоўбух, І. Ф. Бяляўскі, пачуліся галасы з месца:

— Зацвердзіць!

— Праца калгасніка — аснова ўсяго!..

На вуліцы ў Мышкавічах — цэнтры «Рассвета» — мы прачыталі такія заклікі: «Колхозннк, вперед иди! Огни коммунизма горят впереди». «Рассветовцы, учитесь работать и жить по-коммунистически!»

Казалі, што лозунгі і заклікі любіў прыдумваць сам Арлоўскі.

 

Ляўкі, Аршанскі раён, 17.5.1962.

Помнік над Дняпром. Як і да вайны, цяпер па беразе Дняпра, на пагорку, дзе была Купалава дача, буяе арэшнік, буйна цвіце ўвесну чаромха.

Унізе, адсюль чуваць, плешчуцца хвалі Дняпра.

За Дняпром, на даляглядзе, чарнее лес...

...Упершыню на Аршаншчыну Купала прыехаў у 1935 годзе. Пазнаёміўся з калгаснікамі калгаса імя Х з'езда Саветаў (4-я брыгада калгаса імя К. Маркса. Цяпер — калгас імя Я. Купалы).

Калгаснікі з Ляўкоў расказваюць:

«У нашай вёсцы бадай не знойдзеш ніводнае хаты, у якой не пабываў Я. Купала. Ён заходзіў проста, як да сваіх добрых знаёмых і суседзяў, і яны сустракалі яго як жаданага госця».

Купалу добра памятаюць: Вайцахоўскі Андрэй Лаўрэнавіч (тады быў за старшыню ў Ляўках), Кандрацьеў Міхаіл Малахавіч — звеннявы па кукурузе; Вялічка Уладзімір Сцяпанавіч (цяпершні старшыня калгаса імя Я. Купалы) — сын ляўкоўскага ляснога майстра, які часта бываў у Купалы...

Назвалі яшчэ многіх. Сямён Максімавіч Баразноў (88 гадоў). Стары расказвае: «Мяне Янка любіў, бо я добра рабіў. Як яму нада што, бочку якую прывезці ці што іншае. Бывала, як прыйдзеш, ён і гаворыць да свае жонкі: «Уладзя, сыраквашы нясі». Як стрэнецца, папяросу дасць. Падход да людзей меў: са старым — стары, з малым — малы. Як забача, калі ідзеш, адразу: «Баразноў, зайдзі...»

З людзьмі харошы быў, анягож!..»

Міхаіл Малахавіч Кандрацьеў (1894) да вайны быў брыгадзірам: «Купала на поле прыходзіў. З людзьмі бяседы вёў. Вершы чытаў нам. Грошай даў на гулянку, але не справілі мы тое гульбішча — вайна нахапілася. Збіраўся млын зрабіць нам у стаўку, на возеры, дарогу забрукаваць з Ляўкоў у Копысь...»

Кацярына Міхайлава — звеннявая па льну: «Янка Купала сільна дзяцей любіў. Вазіў падшыванцаў, нас, тады. Мы збяромся пад ліпай і чакаем, ці скора прыйдзе дзядзька Купала. Кніжкі даваў. У дзіцячы садзік даў бібліятэчку. А цяпер во ўжо як урэмя праскочыла, і ў мяне дзеці павырасталі: сын Уладзя на цаліне, як камсамолец, паехаў па пуцёўцы. Трактарыст пахвальны. Піша пісьмы адтуль, хваліцца, што добра яму. Дачка Люба, сын другі — Мікола, вучацца».

Аўдотка Чаркесава, калгасніца: «Бачыла я часта Купалу. Дзяцей частаваў цукеркамі. І яны здалёку крычалі, пляскалі ў ладкі: ідзе Купала! Мой бацька быў за конюха, і яны часта з Купалам страчаліся. Гаварылі. Было, калі бацька скажа што-небудзь смешнае, Купала адразу дастане кніжачку з кішэні і запіша, прыгаворваючы: «Вось гэта знаходка, малайчына, Аўдакіме!»

Вайцахоўскі Андрэй Лаўрэнавіч — пад той час старшыня калгаса: «Амаль кожны дзень Купала ўлетку прыходзіў на гарод. Курыць — усіх частуе папяросамі. Выступаў пад ліпамі, пры ўручэнні калгасу акта на карыстанне зямлёю. Былі і мы, калгаснікі, у яго ў гасцях. Купала чытаў вершы. Выступаў у нас на сходах. І пра калгасы, і пра дзяцей, і пра лётчыкаў... Як бы падслухаў нашы песні...»

Сямён Іванавіч Яфрэмаў — былы аб'ездчык: «Сустрэчы з Купалам нам заўсёды прыносілі радасць. Як бы якое свята было ў нас, калі з ім сустракаліся...»

Таццяна Іванаўна Шчамялёва, калгасніца: «Вельмі рана ўставаў Купала. На ўсходзе сонца ён ужо з кавенькай у праходку кіруецца. Калі стрэнецца, спыніцца, дасць дзень добры і пойдзе сабе ціха. Ветлівы быў дужа. К гэтаму часу ля кузні збіраюцца людзі на нарад, і ён туды ж рупіцца хутчэй...»

 

Літвінавічы, Кармянскі раён, 12.9.1962.

«Хвядос-герой». У Літвінавічах, дзе жыў друг і саратнік У. І. Леніна, член КПСС з 1898 года Панцеляймон Мікалаевіч Лепяшынскі і ў 1918 годзе арганізаваў тут доследна-паказальную працоўную школу-камуну, ёсць жывыя сведкі тых далёкіх падзей. Адзін з іх — Фадзей Кандратавіч Ігнаценка. Яго ў вёсцы называюць «Хвядос-герой». Ён, адзін з шасці сыноў літвінавіцкага бедняка, у якога было менш за паўнадзела зямлі — пясок і балота,— памятае, як у Літвінавічы прыехаў з сябрамі-аднадумцамі «дзядзька Панцей» і пачаў ладзіць новую школу. Туды пайшоў вучыцца меншы брат — Ларка Ігнаценка.

«Хвядос-герой» — вясёлы, зычлівы чалавек. Быў тры гады на вайне, не мала зведаў акопаў і бліндажоў. Вярнуўся ў 1944 годзе дамоў паранены. Праўленне даручыла яму, заслужанаму франтавіку, ахову калгаснага дабра. За строгасць і далі яму мянушку — герой. «Глядзі, які герой мне знайшоўся!» — крыкне хто-небудзь, уджалены вострым Хвядосавым словам. «А што ж,— распрамляе плечы Хвядос, блісне калючымі вачамі: — Я ваяваў, дак і герой... Не тое, што хто-небудзь!»

Усё Зарэчча — гектараў чатырыста з «гакам» за Сожам — пад наглядам Хвядоса-героя. Ад вясны, калі запускаюцца лугі, і аж да калядных маразоў, пакуль на ферму не падвязуць апошнія стагі, Хвядос за ракою — на вахце.

Сёння ў яго быў намер — памагчы стагавальшчыкам. Няўпраўка. Зацягнулася ўлетку непагадзь. Жаўталісцем зацерусіліся вуліцы. Туманы збіраюцца ў Зарэччы, а травы яшчэ стаяць. Пераспелі травы. Вада стаяла — не падступіцца.

— Далібог, не памятаю, каб такое было лета,— прыпальваючы самакрутку, кажа Фадзей Кандратавіч.— З вясны лілі дажджы. Сож выйшаў з берагоў. У самую касьбу — зноў дажджы. Стагі плылі па рацэ, не раўнуючы, як плыты...»

 

9.6.1963.

Ненапісаны нарыс. У пасёлку саўгаса «Любанскі» жыве былы франтавік, трактарыст з даваеннага часу Фёдар Мікалаевіч Станкевіч — Герой Сацыялістычнай Працы.

У яго — пяць сыноў. Тры — трактарысты.

Званне Героя Ф. М. Станкевіч атрымаў у 1950 годзе — «За выключныя заслугі перад дзяржавай, якія выявіліся ў забеспячэнні атрымання ў 1949 годзе ўраджаю збожжа 32,1 ц з гектара... »

Ф. М. Станкевіч дамоў вярнуўся з вайны ў 1945-м, 1 жніўня. З-пад Кёнігсберга. Сям’я жыла ў зямлянцы. Хату паставілі ў 1947-м. Паехаў на вайну на трактары ў 1941-м. Адступалі да Мажайска. Там — першы бой. Трактарамі цягнулі гарматы. Артбрыгада 144 РГКЧА. Узнагарода — медаль «За адвагу». На фронце ўступіў у члены партыі.

Маці сыноў-трактарыстаў — партызанка. Пякла хлеб для партызан з брыгады Розава і насіла з Жалаў у лес.

 

Свіслач, 25.9.1963.

Калгас «Бальшавік» (вёска Карпаўцы). Старшыня калгаса Раман Алізаровіч. Аграном, былы камсамольскі работнік.

Уводзіцца смела новае, перадавое. Спецыялізацыя. Вытворчыя ўчасткі, звенні канчатковай прадукцыі. Хімізацыя.

...Камуніст Мікалай Іванавіч Салаўёў («Прымак») — першы даяр на Гродзеншчыне. Скончыў курсы механічнага даення. Група 17 кароў. Надоі па 4500—5000 кг на карову. Як Мікалай Іванавіч глядзіць на тое, каб мужчыны браліся за механічнае даенне? Ён адказвае: «Каб сур’ёзна, то быў бы парадак».

 

Тураў, 15.10.1963.

У глыбі Палесся. У краязнаўчым музеі стары экскурсавод сказаў:

— Я — абарыген. Жыву ўсё жыццё тут. І шкада, што Тураў страціў свой тытул — райцэнтра.

...А хор у Тураве слаўны. Я прысутнічаў на спеўках, на рэпетыцыі.

— Вы ж можаце, дзяўчаты. Больш натхнення! — гаварыў кіраўнік хору Мікалай Трафімавіч Бяспалаў і сам натхнёна выводзіць: «Між Дняпром і Сожам...»

Хораша выконваюцца беларускія народныя песні, такія, як «Бычок», «Ой, дубе, мой дубе», «Ой, у лузе, пры дарозе», «Ой, дык і жонка мая», «А я ў печы не паліла», «Цячэ вада каламутна».

Калектыў выязджае ў блізкія і далёкія вёскі. Аж у Слабаду ездзілі, за 40 км (пад Лельчыцы).

За год далі 28 канцэртаў.

Многія песні запісаны ад тураўчан, а некаторыя створаны і ў хоры. За Туравам ёсць Малышава — песенная вёска. Адтуль прывезлі песні «Мароз», «Вылятала галубачка»; ад жанчыны з Турава Марыі Гром Бяспалаў запісаў дзве песні: «Зайшло сонца за ваконца» і «Цераз рэчку кладка».

 

Клічаў, 24.6.1964.

«Дзядзя Пеця». У зялёным дашчаным доміку з кветкамі па самыя вокны жыве «дзядзя Пеця» — Пятро Мацвеевіч Віктарчык, які ў гады Вялікай Айчыннай быў камісарам партызанскага атрада № 277, сакратаром падпольнага Клічаўскага райкома КП(б)Б.

— У Клічаве,— расказваў «дзядзя Пеця», узрушаны і ўсцешаны, што яго наведалі госці,— тады, як адбываліся тут партызанскія баі, ацалелі тры дамы, а то ўсё, куды ні кінеш вокам,— зямлянкі, папялішчы... А людзей колькі пагінула — не злічыш. І мая сям'я загінула, у брацкай магіле ляжаць сямёра дзяцей і жонка. Большанькай, Верцы, было васемнаццаць, сынку Валодзьку — два годзікі. Іх расстралялі ў гаражы 23 лютага 1942 года. Тады забілі больш ста чалавек...

Сівы, як голуб, «дзядзя Пеця» маўкліва сціскае вузлаватымі пальцамі саламяны капялюш; нешта яму перасела ў горле — маўчыць.

Маўчым і мы з Сямёнам Чырэшкіным, фотакарэспандэнтам, не адважваемся чапаць роспытамі гэтага чалавека з легенды.

...Пасля таго партызанскага наступлення на Клічаў у красавіку 1943 года ноччу, у якім бралі ўдзел 208-я і 277-я партызанскія брыгады, двойчы прылятаў у клічаўскую зону самалёт з Вялікай зямлі. У другі раз, 17 ліпеня, «Дуглас» прывёз партызанам урадавыя ўзнагароды. П. М. Віктарчык атрымаў ордэн Леніна.

...І вось «дзядзя Пеця» ціха, як сам з сабою, размаўляе: «Больш пяці дзён ляжалі забітыя, занесеныя снегам, адубелыя. Перад маімі вачамі ўсё стаяць мае дзіцяткі, жонка. Я ўраз пасівеў, і ўсе сталі мяне называць «дзядзя Пеця».

 

Добруш, 15.7.1964.

Людзі легенд. У горадзе жывуць сціплыя людзі — рабочыя, служачыя, пенсіянеры — удзельнікі партыйна-камсамольскага падполля ў час Вялікай Айчыннай вайны.

У тыя вогненныя гады ў Добрушы дзейнічала некалькі падпольных камсамольска-маладзёжных груп, якія правялі не адну баявую аперацыю пад кіраўніцтвам партызан. Адзін з іх, Анатоль Кулікаў, расказваў, як падпольшчыкі падклалі міну ў доме бургамістра горада Собалева, і толькі выпадкова бургамістр уратаваўся тады, калі яго дом узляцеў у паветра.

А напад на начальніка паліцыі Казлоўскага адбыўся, калі ён мыўся ў лазні. «Галоўны паліцай» выскачыў з лазні як маці нарадзіла і атрымаў партызанскі гасцінец. Партызаны разам з падпольшчыкамі падарвалі вадакачку, ільнозавод, электрастанцыю, варожы склад.

 

Барысаў, 17.5.1966.

Чараўнікі жывуць у Лошніцы. Бальніца. Участковая. Галоўурач Марат Сцяпанавіч Ліхачоў. Бацькі жывуць у Мінску (на Ленінскім праспекце). Дзесяць гадоў у Лошніцы. З ім маладыя выпускнікі Мінскага медыцынскага інстытута: Людміла Чарнуха, Іван Бельскі, Эма Ржэцкая. Пабудавалі новую бальніцу. Марат называе — мая бальнічка. Хірург. Робіць аперацыі. І складаныя. Ліхачоў сваім настаўнікам лічыць галоўурача 1-й бальніцы ў Барысаве Барыса Мікалаевіча Мардвінава.

Мы былі ў Б. М. Мардвінава. Пра Марата Сцяпанавіча ён сказаў:

— А за Марата я падпішуся крывёю. Гэта, лічыце, мой сын. З тых, кім я ганаруся, каму з гонарам перадам маю любімую хірургію. І ў партыю яго прымем. У партыі ён будзе. Гэта, напішыце, сказаў бацька!..

Бальніца, якой кіруе М. Ліхачоў, абслугоўвае 8 тысяч насельніцтва. Стацыянар на 75 ложкаў. Новае абсталяванне хірургічнага кабінета. Тэрапеўтычнае аддзяленне.

Кніга водгукаў поўная ўдзячных запісаў: «Доктар заўсёды, у любую хвіліну з'явіцца на выклік хворага», «З боку ўрачоў і медсясцёр самыя чулыя адносіны да хворага». «Дзякую медсястры Шутко В. М. за ўвагу, за яе цёплую ўсмешку...»

Як жывецца сёння інтэлігенту ў вёсцы? Гэта тэма ўзнікла, бо некаторыя медыкі скардзяцца на сум, на адзіноту.

Марат Сцяпанавіч, іранізуючы, прыгадвае чэхаўскага Іёныча, якому было сумна, бо ён быў адзінокі, жыццё яго праходзіла цьмяна, без уражанняў.

— Нам, сучасным медыкам,— усміхаецца Марат Сцяпанавіч,— сумаваць няма калі. У дзейнага чалавека — сваё захапленне, любімая справа. І сумаваць не даводзіцца, няма на самоту часу. Гэта гультаю няма куды час падзець. Звычайна такія людзі не развіваюцца, не растуць...

 

Клімавічы, 8.5.1968.

Героі аднаго раёна. За мужнасць і адвагу ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны многія клімаўчане — франтавікі і партызаны — узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сямёра атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза. Між іх Адам Петушкоў — былы настаўнік Бірулеўскай пачатковай школы. Мы разам з Адамам Захаравічам пачыналі настаўнічаць на Краснапольшчыне.

 

Быхаў, 8.6.1968.

Зялёныя помнікі. 13 лістапада 1918 года ў вызвалены ад немцаў Быхаў уваходзілі партызанскія атрады. З боку вёскі Студзёнка ішлі чырвоныя сцяганосцы. Нехта прапанаваў на тым месцы, дзе стаялі сцяганосцы, пасадзіць дрэўцы. Так у Быхаве нарадзіўся першы зялёны помнік.

У гонар першай пяцігодкі — алея Міжнароднага юнацкага дня.

Воіны пераможцы ў 1945 годзе заклалі парк Перамогі.

У год Сусветнага фестывалю моладзі ў Маскве закладзены сквер Дружбы.

Алея Касманаўтаў.

У дзень святкавання 20-годдзя Перамогі — парк.

Вядомаму снайперу Герою Савецкага Саюза Ф. Смалячкову — помнік на ўзлессі. Сосны і елкі акаймляюць граніт.

Сквер каля новай школы — помнік Марату Казею.

У Быхаўскіх лясах зроблены здымак, які абышоў усе газеты краіны. На зялёнай, сонечнай палянцы прыгажуня-бярозка праткнула нямецкую каску. Яе ніхто не садзіў. Яна сама прабілася праз іржу варожага металу. Яна сама — апафеоз міру.

У кожнай вёсцы выраслі ў пасляваенныя гады зялёныя помнікі — алеі і паркі ў гонар землякоў, што змагаліся за родную Савецкую ўладу.

 

Нясвіж, 4.9.1968.

Роднае поле. Калгас «Радзіма» (старшыня Цюрын Аляксандр Міхайлавіч). 96 членаў ВЛКСМ, 27 камсамольцаў — у жывёлагадоўлі, 20 — механізатары, 28 — паляводы.

Партыйная арганізацыя, праўленне смела ідзе на вылучэнне моладзі на адказныя ўчасткі. 11 чалавек — брыгадзіры, звеннявыя, загадчыкі фермаў.

Спланавана месца для новага калгаснага пасёлка.

Вуліцы. Быткамбінат. Школа. Дзіцячы сад.

Размова ў калгаснай канторы (яна ў новым Доме культуры).

— Я раней не ведаў,— гаворыць галоўбух Бернард Зізіка,— што гэта такое водпуск. Можа, пасадзіць бульбу папросішся на дзень-два — от і ўвесь водпуск. А цяпер, калі ласка, адпрацаваў год і 24 дні адпачынку — палучай!..

Зізіка круціць ручку арыфмометра.

...Старшыня калгаса ўручае яшчэ аднаму з вясковых юнакоў, Івану Петрашу, пасведчанне аб сканчэнні курсаў трактарыстаў і яму на дарогу гаворыць:

— Мы ўсе нясём адказнасць за сельскую гаспадарку, нам рухаць яе далей. І важна, каб у кожнага з нас мацнела пачуццё гаспадара зямлі.

 

Лагойск, 25.10.1969.

Першая трактарыстка. Жыве ў саўгасе «Гайна» Ганна Іосіфаўна Рыбчык (нарадзілася ў 1913 г.). Узнагароджана ордэнам Леніна. Курсы трактарыстаў скончыла ў 1939 годзе. Была яшчэ адна дзяўчына — Леакадзія Пяркоўская. Працавала год. Са Слабады былі яшчэ дзве дзяўчыны — Алеся Барэйка і Стэпа Давыдовіч. Бывала, сустрэнуцца і дзівяцца: «Няўжо табе, Анця, не надакучыла пэцкацца?..» Увесь час і маці дакарала: «Во дурніца. Усе дзеўкі гуляюць, а ты мажашся...»

«Канечне, і так урабляцца,— прызнаецца цётка Ганна,— не кожны згодзіцца, як я ўраблялася. Але скажу шчыра, не шкадую...»

Як пачалася вайна, Ганна Рыбчык прыгнала свой трактар на сядзібу, у Янушкавічы — там яго і прыхавалі. А пасля вызвалення адразу пайшла ў МТС. «Самі першыя трактары збіралі па вінціку, па гайцы».

Рабіла цётка Ганна да 1956 г. на трактары «ХТЗ». «За рулём адна. Дзень і ноч». У 1957 г. — новы трактар «МТЗ-2». Тады «МТЗ-50». На гэтым — пяць гадоў. Перадала трактар камсамольцу Ул. Шыху.

У Г. І. Рыбчык — медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне», Ганаровая Грамата Вярхоўнага Савета БССР. Ордэн Леніна.

Г. І. Рыбчык у 1958 годзе выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

33 гады за рулём трактара!

Цётка Ганна — на пенсіі. Яна кажа: «Цяпер трохі прывыкла. А першыя месяцы ўсё рупіла... Але без работы не магу. Прыйдзе брыгадзір, скажа: памажы, Іосіфаўна, і я іду з ахвотай. І ўвесну, і цяпер, увосень, на ўборку...»

 

Шклоў, 27.7.1971.

Старшыні-суседзі. У вёсцы Славені — цэнтр калгаса імя Кірава — старшынёю працуе былы кінамеханік, украінец Васіль Гаўрылавіч Пархоменка. Землі калгаса імя Кірава суседнічаюць з палямі аршанскага калгаса імя Янкі Купалы (цэнтр у вёсцы Зубава). Тут старшынёю аграном, беларус Уладзімір Сцяпанавіч Вялічка. Старшыні-суседзі часта сустракаюцца, маюць цесны кантакт у гаспадарчых справах, дзеляцца вопытам, бываюць адзін у аднаго ў гасцях.

У адзін год за поспехі ў гаспадарцы, за ўмелае кіраўніцтва яны атрымалі ўрадавыя ўзнагароды: В. Г. Пархоменка — званне Героя Сацыялістычнай Працы, У. С. Вялічка — ордэн Леніна.

 

Орша, 8.9.1971.

Трэцяя чарга. Аршанскі льнокамбінат. На праспекце Тэкстыльшчыкаў, недалёка ад камбіната, пахі нейкія своеасаблівыя. Як пахне ўсё адно свежая, з холаду, палатняная сарочка.

Пах лёну — цёплы пах жыцця...

Слёзы і песня — гэта тое, чым быў для нашых мацярок некалі лён. Боль і радасць жаночая.

...На камбінаце — 10 тысяч рабочых. 4 тысячы камсамольцаў.

Трэцяя чарга — ударная будоўля. Камсамольцы Аршаншчыны — яе шэфы, адпрацавалі ўжо 15 тысяч рабочых дзён.

Будзе выпускаць 3 мільёны кв. метраў тонкавалакністых тканін.

Трэцяя чарга ўвойдзе ў эксплуатацыю ў 1972 годзе (чацвёрты квартал). І будзе даваць краіне 300 тысяч метраў аднаго толькі бацісту.

 

Місхор, 16.10.1972.

Партызан з Суража. (Яго прозвішча Арлоўскі). Усю зіму лячыў свайго камісара Мікалая Іванавіча Шарснёва (ён працуе ў Віцебску ў калегіі адвакатаў). Гэты партызан перажыў вялікую трагедыю: на яго вачах забілі жонку і траіх дзяцей.

Пасля вайны Арлоўскі працаваў старшынёю калгаса. Памёр ён раптоўна. З ім быў сабака (аўчарка). Гаспадар ніколі не расставаўся з ім.

Старшыня памёр ноччу, і сабака стаяў над ім, нікога не падпускаючы, два дні. Толькі сын Арлоўскага, хлопчык год пяці, сяк-так адцягнуў сабаку, і чалавека змаглі пахаваць.

Сабака ішоў услед за труною і застаўся на магіле. Сядзеў дзён пяць-шэсць, не ўзяў ежы, якую яму хлапчукі прыносілі на могілкі.

На магіле гаспадара і сканаў.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан